Мэфіста

Раман адной кар'еры

Ман Клаўс


V. Сужэнец

Напрыканцы жніўня маладая пара разам з Нікалетай фон Нібур выправілася ў Гамбург. У віле ўдавы консула Мёнкебэрга Гендрык зняў увесь першы паверх, дзе былі тры пакоі, маленькая кухня і ванная. Каб абставіць гэтыя вялікія ўтульныя пакоі, купілі мэблю, і гэтыя салідныя выдаткі давялося ўзяць на сябе тайнаму радцу Брукнеру.

Нікалета захацела жыць у гатэлі.

-- Не пераношy мяшчанскага духу ў доме гэтай Мёнкебэрг! -- заявіла яна горда і нервова.

Барбара прымірэнча сказала, што консуліха па-свойму мілая і дэкаратыўная асоба.

-- У кожным разе, я ладжу з ёю выдатна, -- дадала яна.

Фраў Мёнкебэрг падарыла ёй на ўлазіны двух кацянят -- чорнага і белага, і як магла, старалася дагадзіць ім.

-- Я вельмі радая, дзіця маё, бачыць вас у сябе, -- бажылася пажылая дама новай жыліцы. -- Мы ж людзі аднаго кола.

Фраў консуліха, дачка універсітэцкага прафесара, у маладосці ведала Брукнера, калі той яшчэ быў прыват-дацэнтам у Гайдэльбэргу. Яна запрашала Барбару да сябе ўгору на гарбатy.

Нікалета змрочна кпіла з таго, што Барбара прымае гэтыя запрашэнні. Яна ж, у сваю чаргу, прымала ў сябе ў гатэлі акрабатаў з вар'етэ, танцоўшчыкаў і какотак -- Гендрык дрыжаў ад думкі, што ў гэтую арыгінальную кампанію магла з недарэчнай, але зусім не выключанай выпадковасці трапіць і Джульета, прынцэса Тэбаб. З якою радасцю прыняла б у сябе фройляйн фон Нібур Чорную Венеру! Яна ж надта ганарылася сваім снабізмам.

-- Людзі, якіх мой бацька палічыў бы вартымі сваёй дружбы, неблагія і мне, -- казала яна, высока падняўшы галаву, кожнаму, хто згаджаўся выслухаць гэтыя тырады.

Зрэшты, нельга адмаўляць, што гэтым часам Нікалета была ў бліскучай форме. Усё ў ёй, здавалася, напружылася, напялося; усё ў ёй ззяла, спакушала, іскрылася, быццам яна была зараджана электрычнасцю. Яшчэ пераможней, чым звычайна, яна насіла адважную юную галаву з пукатым лобам, вялікім сагнутым носам, яркімі вуснамі, бліскучымі зубамі. Большасць мужчын з трупы Мастацкага тэатра ўжо па вушы ў яе закахаліся. Моц лаялася і плакала, бо Петэрсэн зноў не валодаў сабою і рассупоніўся -- ён не мог адмовіць сабе ў прыемнасці запрасіць Нікалету на неверагодна дарагую вячэру ў гатэль "Атлантык". Прычына на дрэнны настрой была і ў Морэнвіц, якая прывыкла служыць распрыгожаму Банэці эрзацам непрыступнай маленькай Ангелікі, а цяпер яе інфернальная абаяльнасць выціснулася больш вострай, сапраўднай і моцнай чароўнасцю гэтай Нікалеты. І што сэнсу ў тым, што памкнёная да мэтаў Рахэль мазала губы ў чорна-фіялетавы колер, ужо нічога не пакінула ад сваіх брывоў і курыла даўжэзныя цыгарэты "Вірджынія", хоць ад іх ёй млосна рабілася? Нікалета пырскала кашэчымі вачыма і гіпнатычна ўводзіла ў кожнага перакананнасць, быццам у яе цудоўныя ногі -- як тыя індыйскія казачнны гіпнатызёры, якім удаецца пераканаць зачараваных слухачоў, што яны перанесеныя туды, дзе паветра сіняе, дзе растуць пальмы і па дрэвах скачуць жывыя малпы.

Хоць Оскар Х. Кроге, па сутнасці, трываць не мог фройляйн фон Нібур, ён па настойлівай парадзе свайго сябра Шміца, які сцвярджаў, што публіцы "такое" падабаецца, прапанаваў ёй галоўную ролю ў першай восеньскай прэм'еры: у французскім баевіку Нікалета іграла трагічную даму з паўсвету, якую ў канцы трэцяга акта забівае адзін яе любоўнік. Маладога забойцу меўся іграць Банэці, чый твар, на якім была пыха і агіда, выдатна пасаваў да ролі. Суцянёра са знешнасцю віднага гера, а, па сутнасці, гнюснага тыпа іграў Гёфген. А фраў фон Гэрцфэльд, якая пераклала і апрацавала п'есу, была за рэжысёра.

-- У гэтай п'есцы вы будзеце мець большы поспех, чым у "Кнорке", -- прарочыла яна Нікалеце, якою па-мацярынску апекавалася з таго часу, як пачала раўнаваць Гендрыка.

-- Па сутнасці, і я так думаю, -- холадна адрэзала Нікалета. -- Гамбург яшчэ не ведаў такога поспеху.

-- Цьху-цьху, каб не сурочыць. Але я пэўны, мы пакажам п'есу сама мала трыццаць разоў падрад, -- выскаляўся Шміц, прымхліва пастукваючы па дрэве.

Калі заслона ўпала, у зале паднялася бура, Нібур выклікалі і выклікалі -- публіка хацела на біс яшчэ раз паглядзець сцэну смерці. Яно і праўда, крыкі і жэсты Нікалеты, калі Рольф Банэці падняў на яе рэвальвер, ашаламлялі. Грыміць стрэл, трагічная куртызанка падае, выкручваецца ўсім целам, крычыць, гаворыць даўжэзны маналог, асыпаючы раўнівага каханка ў прыватнасці і ўсіх мужчын наогул самымі горкімі і пераканаўчымі папрокамі; яна моліцца; зноў крычыць; канае.

На раніцу прэса хорам хваліла Нікалету. Усе газеты пагаджаліся, што гэта велізарнае, неверагоднае дасягненне. "Нікалета фон Нібур на парозе вялікай кар'еры!" -- загаловак на першай паласе дзённай і самай папулярнай гамбургскай газеты. Такі самы змест быў і ў рэцэнзіях, дасланых у берлінскія газеты. Каля касы Мастацкага з раніцы выцягнyліся даўжэзныя чэргі, якіх Гамбург не бачыў yжо каторы год. На наступныя пяць паказаў эфектнай драмы пра прастытутку ўсе білеты былі распрададзеныя ўмомант.

А Нікалета ў дзень прэм'еры атрымала такую тэлеграму ад Мардэра:

"Патрабую каб ты неадкладна прыехала крп забараняю табе прастытуявацца на памосце крп маё мужчынскае самалюбства пратэстуе супроць твайго прыніжэння крп дысцыплінаваная жанчына абавязана безумоўна падпарадкоўвацца геніяльнаму мужчыну які намераны падняць яе да сябе крп чакаю цябе заўтра на вакзале крп у гэтай рашаючай сітуацыі тваё непаслушэнства пад любой адгаворкай будзе мець наступствам разрыў са мною -- сусветным сумленнем кск Тэафіл."

Нікалета ўладарным жэстам адпусціла некалькіх танцоўшчыц, якія зайшлі да яе павіншаваць з поспехам. Яна патэлефанавала Гёфгену і скупа растлумачыла яму, што праз гадзіну ад'язджае ў Паўднёвую Германію. Гендрык спытаўся, ці трэба разумець гэта за жарт, ці не звар'яцела яна. Яна суха патлумачыла: ні тое, ні другое. Проста яна адмаўляецца ад ангажэментy і наогул ад артыстычнай кар'еры. Ролю ў французскай п'есе пра прастытутку можна перадаць любой іншай актрысе. Рахэль Морэнвіц напэўна ведае яе напамяць. А ёй, Нікалеце, у свеце важна толькі адно: каханне Тэафіла Мардэра.

Ад жаху ў Гендрыка аж голас прапаў, ён прамармытаў:

-- Ты захварэла. Я зараз прыеду да цябе на таксі.

Праз дзесяць хвілін яны з Барбарай ужо стаялі ў пакоі Нікалеты, якая пакавала чамаданы.

Высакародны, нервовы твар Барбары пабялеў, як сцяна, да якое яна прыхілілася. Барбара маўчала; Нікалета маўчала; Гендрык гаварыў. Спачатку ён кпіў, пасля перайшоў да мальбы, нарэшце пачаў пагражаць і шалець.

-- У цябе ж кантракт! Ты будзеш плаціць няўстойку.

Нікалета ціха, але з уласцівай ёй выразнасцю адрэзала:

-- Наўрад ці ў гера Кроге будзе ахвота ўвязвацца ў працэс з Тэафілам Мардэрам за правы на маю пярсону.

Гендрык пачаў заклікаць яе да розуму:

-- Твая кар'ера пойдзе на глум. Ніводзін тэатр у свеце цябе ўжо не ангажыруе.

А яна на гэта:

-- Я ўжо сказала, што з найвялікшай радасцю адмаўляюся ад кар'еры. Тое, што я атрымліваю ўзамен, у тысячу разоў каштоўней, значней і цудоўней.

Голас яе ўжо страціў рэзкасць. Хутчэй ён зрабіўся меладычным ад стрыманай радасці. Гендрык не мог схаваць, як ён уражаны. Гэтая дзяўчына рабілася ўсё больш загадкавай. Няўжо існуюць жарсці, каб так забіралі ўсяго чалавека цалкам, што ён аж ахвяруе кар'ерай, якая абяцае так многа? Гендрыку не хапала фантазіі ўявіць сабе пачуцці, да якіх не дарасло ягонае сэрца. Жарсці, якія ён ведаў, заўсёды былі на карысць ягонай кар'еры. Ён ніколі не дазваляў ім шкодзіць кар'еры, а тым больш, барані божа, ламаць яе.

-- І ўсё дзеля гэтага нахабнага прарока, -- сказаў ён нарэшце.

Нікалета выпрасталася, падняла нос і прашыпела:

-- Забараняю табе гаварыць такім тонам пра самага вялікага з усіх, хто сёння жыве на зямлі, пра майго жаніха.

Гендрык стомлена ўсміхнуўся і выцер пот з твару.

-- Ну што ж, -- сказаў ён, -- давядзецца пра ўсё паведаміць небараку Кроге.

Пакуль ён тэлефанаваў у Мастацкі тэатр, Барбара першы раз загаварыла, і голас яе быццам прабіваўся праз флёр жалобы.

-- Значыцца, ты збіраешся за яго замуж? -- спыталася Барбара.

-- Дзіва што, калі толькі ён мяне такyю возьме! -- злавесна вясёла, не глянуўшы на сяброўку, адрэзала Нікалета.

Барбара сказала:

-- Ён на трыццаць гадоў за цябе старэйшы. Ён табе за бацьку можа быць.

-- А і тое праўда, -- сказала Нікалета, і ў яе прыгожых вачах успыхнула полымя вар'яцтва. -- Ён мне ўсё адно, што бацька. У ім я зноў знайшла страчанага. Як усё адно праз нейкі цуд аднавіліся ранейшыя повязі.

Барбара заклінала:

-- Ён жа хворы чалавек.

Нікалета горда ўзняла галаву і адказала:

-- Гэта высокая хвароба генія.

Барбара толькі застагнала ў адказ:

-- О Божа, о Божа мой, -- і засланіла твар рукамі.

Калі праз чвэрць гадзіны ўвайшлі Оскар Х. Кроге, дырэктар Шміц і фраў фон Гэрцфэльд, Нікалета ўжо спакавала ўсе свае кyфэркі і стаяла ў вестыбюлі гатэля, чакаючы машыну, каб ехаць на вакзал.

Шміц, які раптоўна страціў мяккасць у голасе, дзіка крычаў, пагражаючы паліцыяй і арыштам; Оскар Х. Кроге шыпеў, як стары кот, а Нікалета адбівалася, як драпежня птушка. Фраў фон Гэрцфэльд спрабавала апеляваць да яе розуму, але пранозлівая пагарда і ледзяны пафас Нікалеты змусілі яе замоўкнуць. Усе гаварылі наперабой: Шміц скардзіўся, што ўсе білеты прададзены, Кроге гаварыў пра недахоп мастакоўскай адказнасці і чалавечай прыстойнасці, а Гэрцфэльд ахарактарызавала паводзіны Нікалеты як пошлую істэрыку, дарэчную, бадай, ва ўзросце палавога сталення. Барбара непрыкметна пакінула гатэль. Нікалета з'ехала, не развітаўшыся з ёю.

Раптоўны ад'езд Нікалеты прычыніў Барбары не толькі боль. Ёй зрабілася і лягчэй. Паведамленне пра "ціхае, без шырокай агалоскі шлюбаванне" Нікалеты з Тэафілам Мардэрам яе не вельмі ўсхвалявала. "Няшчасная Нікалета" -- вось, бадай што, і ўсё, што яна падумала. Сэрца яе ўжо спакваля прымірылася са стратай спрэчнай радасці, якую ёй давала гэтая дружба, якая столькі гадоў перапаўняла, сагравала і мучыла яе. Барбара ўжо не звязвала сябе з Нікалетай у думках пра будучыню. Аднак яна ўсё ж любіла ўспамінаць іх агульнае мінулае і перабіраць у памяці этапы прывязанасці, якая нарадзілася так незвычайна і развівалася па такіх дзіўных законах.

Вілі фон Нібур, бацька, які пражыў вельмі неспакойнае, хоць, магчыма, і не такое авантурнае жыццё, як сабе ўяўляла ягоная дачка, ніколі асабліва Нікалетай і не займаўся. Калі ён памёр у Кітаі, дзяўчынцы было ўсяго трынаццаць гадоў. Пад гэты час яе якраз са скандалам выгналі з інтэрната ў Лазане. Нібур, ведаючы ўжо, што жыць яму засталося нядоўга, напісаў з Шанхая Брукнеру, з якім сябраваў у часы студэнцтва: "Паклапаціся пра дзіця!" Тайны радца рашыў узяць дзяўчынку да сябе ў дом на некалькі тыдняў, пакуль не знойдзе іншага інтэрната альбо іншай магчымасці прыладзіць яе. Так Нікалета паявілася ў доме Брукнера -- велічна-сур'ёзнае, разумнае і ўпарцістае юнае стварэнне з вялікім гарбатым носам, кашэчымі вачамі, худым і пругкім целам і гордай, пераможнай пасадкай галавы. Тайнага радцу ўсё палохала ў гэтай новай госці: спакуслівы і пагрозлівы позірк, занадта выразная мова, амаль застрашлівая халодная выхаванасць. Назіраць цэлымі днямі за дзіўнай дачкою цікавага сябра было пацешна, прыемна, але і пакутліва.

Яго здзівіла і тое, як моцна Барбара прыкіпела да Нікалеты, але ён гэтаму не заважаў. Што прывабіла яго любімае дзіця ў чужой, рэзкай і дзіўнай дзяўчынцы? Можа, гэта закон прыцягнення супрацьлеглых полюсаў? Тым не меней бацьку трывожыла гэтая дружба, і ён увесь час думаў, як пазбыцца Нікалеты. Яе паслалі ў пансіён на французскай Рыўеры. Але і там неўзабаве выбухнуў скандал, і Нікалета вярнулася ў брукнераўскую вілу. Гэтая гульня паўтаралася часта. Ад безлічы прыгодаў маладога, бурлівага і бяздумнага жыцця яна заўсёды адпачывала ў Барбары, Барбара заўсёды чакала яе і адчыняла ёй дзверы, калі б яна ні пастукалася. Тайны радца ўсё бачыў, здзіўляўся, магчыма, засмучаўся, але цярпеў. Зрэшты, ён меў магчымасць пераканацца, што яго прыгожая разумная дачка, беручы такі гарачы ўдзел у дзіўным жыцці сяброўкі, зусім не запускала сваё жыццё. Яна займалася, гуляючы, ці сур'ёзна, тысячай розных рэчаў. У яе былі сябры, з капрызамі і клопатамі якіх яна насілася. Яна бывала легкадyмнай і задуменнай, то амазонкай, то сястрой міласэрнасці, халоднай і добрай, напышлівай і заўсёды гатовай да пяшчотаў, якія, аднак, не пераходзілі пэўнай мяжы. Так жыла Барбара, і, відаць, была свая прычына, што чаканне Нікалеты, гатоўнасць у любы момант прыняць яе, магчыма, надавала яе жыццю той таемны сэнс, даць яму той загадкавы цэнтр, якога ёй якраз і бракавала.

Раней Нікалета заўсёды вярталася. Барбара адчувала, што гэтым разам яна не вернецца. Гэтым разам здарылася нешта рашучае, канчатковае. У Тэафіле Мардэры Нікалета знайшла чалавека, роўнага яе бацьку -- альбо таму легендарнаму вобразу, які яна сабе стварыла замест бацькі. Цяпер ёй Барбара не патрэбная. Зноў знойдзенаму бацьку, новаму каханаму яна з уласцівым ёй драматычным бляскам даверыла сваё жыццё. Нікалета, якая так высока насіла галаву, але ўсё ж прагнула, каб ёю памыкалі, падпарадкавалася неацуглянай, бязмежнай волі. Што ж заставалася Барбары? Надта гордая, каб навязвацца, надта ганарыстая, каб скардзіцца, яна захавала ясны, радасны твар. "Бедная Нікалета, -- думала яна. -- Цяпер табе прыйдзецца выкручвацца самой. Нялёгкае будзе ў цябе жыццё, бедная Нікалета".

Зрэшты, Барбары не было калі доўга раздумваць пра сваю сяброўку Нікалету; яе ўласны лёс, новыя будні ў чужым горадзе з чужым мужчынам займалі і час і думкі. Трэба было прывыкаць да жыцця разам з Гендрыкам Гёфгенам. Ці навучыцца яна пакрысе кахаць гэтага чалавека, чыім патэтычным дамогам -- ці тое з цікаўнасці, ці ад спагады -- яна паддалася? Але перш чым пытацца ў самой сябе пра гэта, трэба паспрабаваць знайсці адказ на другое пытанне -- самае выршальнае, як ёй здавалася, -- а менавіта: ці кахае яе сам Гендрык, ды і ці кахаў наогул калі-небудзь? Барбара, скептычная дзякуючы свайму прыроднаму розумy і вопыту ў людскіх справах, цяпер сумнявалася ў шчырасці пачуццяў, якія Гендрык выказваў -- а можа, разыгрываў ролю закаханага -- у першыя тыдні знаёмства. "Мяне ашукалі,-- часта цяпер думала Барбара. -- Я далася на ашуку камедыянту. Яму здалося выгадным дзеля кар'еры ажаніцца са мною, каб нехта быў пад бокам. Але ён ніколі мяне не кахаў. Можа, ён наогул не ўмее кахаць..."

Гонар, выхаванасць і спагада не давалі ёй паказаць сваю крыўду, сваё расчараванне. Але Гендрык быў дастаткова датклівы, каб адчуць тое, што яна хавала хутчэй з пагарды, чым з дабрыні. А яна, разумная, не заўважала, што ён пакутуе.

Ён пакутаваў болесна, не могучы даказаць свае пачуцці да Барбары, пакутаваў ад сваёй фізічнай непаўнавартасці, якая самым ганебным і гратэсковым чынам часта праяўлялася. Ён стагнаў ад сваёй паразы; бо ўздым пачуццяў, сардэчны пажар былі ў ім шчырыя альбо, прынамсі, амаль шчырыя -- шчырыя да самай даступнай яму меры. "Мацней і чысцей, чым у тыя вясновыя дні пасля прэм'еры "Кнорке", я ўжо ніколі не змагу кахаць, -- думаў Гендрык. -- Калі і гэтым разам я аканфужуся, тады я чалавек прапашчы. І значыцца, усё жыццё буду прабаўляцца дзяўчаткамі, накшталт Джульеты..."

Але самабічаванне, якое б шчырае і горкае яно ні было, амаль ува ўсіх людзей з пэўнага моманту пераходзіць у самаапраўданне; і неўзабаве ён пачаў унутрана збіраць аргументы, якія мог бы ўжыць супроць Барбары і якімі мог бы апраўдацца перад сабою. Бо калі разважаць справядліва: ці ж Барбара не халодная, ці ж не яе пыхлівая халоднасць спаралізавала ўзнёсласць ягоных пачуццяў? І ці не занадта занеслася Барбара са сваім радавітым паходжаннем, са сваім тонкім інтэлектам? Ці ж не насмешка і халодная пагарда ў яе выпрабавальных позірках, якімі яна апошнім часам так часта акідае яго? Гендрык ужо пачаў баяцца гэтых вачэй, якія яшчэ зусім нядаўна здаваліся яму самымі прыгожымі на свеце. Нават у самых раўнадушных і неістотных Барбарыных заўвагах яму яго самалюбства і пакрыўджаны гонар падазравалі нейкі іншы, зневажальны падтэкст. Звычкі Барбары і ціхая спакойнасць, з якою яна заставалася ім верная, нервавалі яго, абражалі і выводзілі з раўнавагі настолькі, што сам ён нават у добрыя хвіліны разумеў неразумнасць сваёй крыўды.

Да першага снедання Барбара рабіла выезды вярхом і каля дзявятай яўлялася ў сталовую і ўносіла з вуліцы водар і подых свежай раніцы. А Гендрык сядзеў, уткнуўшы твар у далоні, стомлены, пануры, у халаце, усё больш і больш патрапаны, і вельмі бледны. У гэты час, так рана, ён яшчэ не быў здольны ні на сцярвозную ўсмешку, ні на спакушальнае блісканне вачыма. Гендрык пазяхаў.

-- Здаецца, ты ўсё яшчэ спіш! -- весела гаварыла Барбара і вылівала ў келіх яйцо. Бо яна прывыкла так есці з раніцы сырыя яйцы: у вінным келіху, з соллю і перцам, з вострым англійскім соўсам, таматным сокам і крыху алею. Гендрык рэзка адказваў:

-- Я даўно ўжо прачнуўся і нават папрацаваў -- напрыклад ужо сазваніўся з бакалейшчыкам, там непакояцца наконт нашага доўгу. Даруй, што з раніцы я не прамянюся свежасцю. Калі б я штораніцы ездзіў вярхом, як ты, я, напэўна, глядзеўся б больш прывабна. Але баюся, што нават ты не здольная прывучыць мяне да такой элегантнасці. Я надта стары, каб выпраўляцца. Да таго ж у колах, да якіх я належу, не прынята займацца такім панскім спортам.

Барбара, якой не хацелася псаваць сабе настрой, старалася ўспрымаць ягоныя словы з гуморам.

-- Табе на дзіва ўдаецца гэты тон, -- смяялася яна. -- Падумаць можна, што ты гэта сур'ёзна.

Гендрык злосна маўчаў. Каб дадаць сабе рашучасці, ён уставаў і ўстаўляў у вока манокль.

Але Барбара тут жа зноў яго крыўдзіла, хоць яўна не наўмысна. Са смакам з'ядаючы яйцо з келіха, яна казала:

-- Паспрабуй есці яйцо так. Мне здаецца, што есці яйцо без прыправаў проста нудна.

Пасля паўзы Гендрык пытаўся ветліва, але ўнутрана сумеўшыся ад раздражнення:

-- Ці можна скіраваць тваю ўвагу на адну рэч, дарагая?

Яна адказвала:

-- Але ж ну вядома.

І тады Гендрык, барабанячы пальцамі па стале, высока падымаў падбародак і сціскаў губы, адразу робячыся падобным на гувернантку.

-- Твая наіўная і прэтэнцыёзная манера, -- казаў ён павольна, -- здзіўляцца альбо насміхацца, калі іншы робіць нешта не так, як прынята ў доме ў твайго бацькі альбо ў бабулі, здзівіла б, а можа, і адпрэчыла любога, хто не настолькі вывучыў цябе, як я.

Вочы ў Барбары, якія толькі што свяціліся радасцю, рабіліся задуменнымі і выпрабавальнымі. Пасля паўзы яна ціха цікавілася:

-- Чаму ты раптам загаварыў пра гэта?

Ён адказваў, усё яшчэ строга барабанячы пальцамі па стале:

-- Усюды прынята есці яйцо са шкарлупы і з соллю. На віле ў Брукнера яйцо ядуць з келіха з шасцю рознымі прыправамі. Напэўна, гэта вельмі арыгінальна. Але я не бачу прычыны смяяцца з чалавека, які непрывычны да такой арыгінальнасці.

Барбара маўчала, здзіўлена пахістваючы галавою, і ўставала. Ён глядзеў ёй услед, калі яна сваёй нядбалай паходкай, крыху падвалакаючы ногі, павольна рухалася па пакоі. Раптам яму прыходзіла ў галаву: "Дзіўна, на ёй высокія боцікі, якія мне так падабаюцца, але на яе нагах яны мяне не ўражваюць так, як мне трэба. На ёй боцікі -- гэта проста частка спартыўнага касцюма. На Джульеце яны -- нешта зусім іншае..."

Думаючы пры Барбары пра Джульету, ён адчуваў злосную задаволенасць і помсту за ўсе крыўды.

"Ездзі сабе вярхом, -- думаў ён з'едліва, -- рабі сабе кактэйлі з яец! А ты вось і не ведаеш, каго я сёння сустрэну перад рэпетыцыяй!"

І пакуль Барбара горда і моўчкі пакідала пакой, ён адчуваў перамогу мужа, які ашуквае сваю жонку і ганарыцца тым, што робіць гэта так спрытна.

Ужо праз тыдзень пасля вяртання Гендрык зноў сустрэўся са сваёй Чорнай Венерай. Яна чакала яго ўвечары каля тэатра. З якім трапятаннем, з якім жахам ён уздрыгнуў, калі з падваротні яго гукнуў сіплы, такі знаёмы голас:

-- Гайнц!

Імя, якога ён саромеўся, ад якога адмовіўся... Але было соладка да жудасці пачуць яго з вуснаў негрыцянкі. Тым не меней ён прымусіў сябе груба яе абарваць:

-- Што ты сабе дазваляеш? Ты за мной сачыла?

У адказ яна пакепліва махнула прыгожай моцнай рукой:

-- Ша-ша, радасць мая! Будзеш выдурнівацца, я прыйду ў тэатр і нараблю скандалу!

Яму не дапамагло цыканне.

-- Ты рашыла мяне шантажаваць?

Яна выскалілася:

-- А то ж бо не!

І заблішчалі яе зубы і вочы.

Яе шырокая ўсмешка была настолькі подлая, што яму страшна зрабілася, ён адчуў, што супроцьстаяць ёй немагчыма. Ён заштурхнуў Джульету ў пад'езд, баючыся, што нехта можа прайсці міма і ўбачыць яго ў такой кампаніі. Так, прынцэса Тэбаб выглядла не вельмі прэзентабельна. Фетравая шапачка, глыбока насунутая на лоб, заношаны цесны жакецік былі таго самага ярка-зялёнага колеру, што і высокія бліскучыя боцікі. Вакол шыі боўталася боа з брудных раскашлачаных белых пёраў. Над гэтым жалю вартым уборам цямнеў шырокі твар з тоўстымі абветранымі губамі і сплюснyтым носам.

-- Колькі табе? -- рэзка спытаўся ён. -- У мяне самаго цяпер няма грошай...

Яна адказала амаль шальмавата:

-- Грашыма не адкупішся, малпачка ты мая цукровая. Ты павінен бываць у мяне.

-- Што гэта табе ў глузды ўбілася? -- прамармытаў ён дрыготкімі губмі. -- Я жанаты...

Але яна строга абарвала яго:

-- Не мялі лухты, баран. Спадарыня жонка не можа табе даць таго, што табе зараз трэба. Я назірала за ёю, тваёю Барбарай.

(Адкуль яна ведала яе імя? Нявінная акалічнасць -- што яна ведала яе імя, напоўніла Гендрыка асаблівым страхам.)

-- Не з яе пер'ечкам за высцігі брацца, -- дадала прынцэса Тэбаб, дзіка зіркаючы.

У Гендрыка ад страху на лобе выступіў халодны пот, калі ён падумаў, што чарнамазіна аблае Барбару, дачку Брукнера, "качкай-нязграбай". Але Джульета яўна не схілялася да працягу гэтай тэарэтычнай гутаркі. Грозным тонам, які патрабаваў неадкладнага адказу, яна сказала:

-- Дык калі ж ты прыйдзеш да мяне?

У пакойчыку пад дахам, шэрым і зусім пустым, упрыгожаным толькі рэпрадукцыяй рафаэлеўскай мадонны, якая толькі падкрэслівала галечу і нэндзy, зноў пачаліся страшныя экзэрсісы, якія раней выконваліся на фоне дэкарацый буржуазнага пакоя ў кватэры консуліхі Мёнкебэрг. Малады сужэнец зноў дыхаў чужым, але і родным пахам, настоеным на самых танных парфумах, змешаным з дыханнем джунгляў. Ён зноў слухаўся грубага гаўклівага голасу, хлапкоў, рытмічнага прытопу настаўніцы. Тут ён зноў дэкламаваў французскія вершы, калі, стогнучы ад стомы, падаў на цвёрдыя нары, якія служылі ложкам дачцэ правадыра. Але цяпер гэтыя змрочныя ігрышчы, якім Гёфген, як і раней, аддаваўся двойчы на тыдзень, прыводзілі да новай, агіднай кульмінацыі, якой раней не бывала. Калі ўсё канчалася і фройляйн Джульета пакідала свайго задаволенага і змардаванага вучня ў спакоі, Гендрык у гэтай каморцы, перад гэтай жанчынай заводзіў гаворку пра сваю жонку Барбару.

Тое, што ён крыў ад сціпла-выпрабавальнай і раўніва-напружанай цікаўнасці сваёй прыяцелькі Геды фон Гэрцфэльд, тое, што ён крыў ад сяброўскай цікаўнасці свайго аднадумцы Ота Ульрыхса, у тым якраз ён і прызнаваўся Чорнай Венеры, якая адна і толькі адна магла зваць яго Гайнцам: ён спавядаўся ёй, як пакутаваў праз Барбару, з ёй і толькі з ёю ён прымушаў сябе быць шчырым. Ён нічога не хаваў ад яе, нават сваёй ганьбы. Калі фройляйн Мартэнс даведалася пра ягонае фіяска ў ложку, пра яго мужчынскую ганьбу, яна рагатала доўга, груба, ад шчырай душы. Гендрык курчыўся ад гэтага рогату, ён быў яму страшнейшы за самыя страшныя лупцоўкі. А дачка правадыра выскалялася:

-- Ну, калі гэта так, салодзенькі мой, калі яно і праўда ўсё так, дык не чакай ад сваёй красуні нейкай там павагі.

Ён расказаў ёй пра ранішнія Барбарыны "канкуры", якія яму здаваліся выклікам; ён скардзіўся на ганарыстыя экстравагантнасці.

-- Робіць сабе кактэйлі з сырых яец з дзесяццю вострымі соўсамі і глядзіць на мяне зверху ўніз толькі таму, што я сваё яйцо ем, як звычайны смяротны, з талеркі. Усё ў маёй кватэры павінна быць такое, як у доме яе бацькі і бабулі. Яна нават забараніла мне ўзяць слугою майго маленькага Бёка. Такі мілы і такі мне верны, з ім бы яна не магла згаварыцца супроць мяне. Але не -- ці ж бо яна вытрывае ў доме такога чалавека? Вось яна і прыдумляе розныя зачэпкі і божыцца, што маленькі Бёк не можа трымаць у доме парадку, а сама ж яго нават на вочы не бачыла! Ён столькі гадоў мой касцюмер, і я магу прысягнуць, што парадак ён трымае ідэальны. І вось мы ўзялі нейкую апоўзлую старэчу, якая дваццаць гадоў служыла ў генераліхі, каб толькі нічога не мяняць у жыцці дачкі тайнага радцы.

Усё гэта Чорная Венера выслухоўвала з вялікай цярплівасцю, яна прыняла да ведаму, што Барбара круціцца ў прыстойных гамбургскіх колах ("у тайных саветнікаў і дырэктароў банкаў", -- з нянавісцю сказаў Гендрык), куды яго, актора Гёфгена і на парог не пускалі, альбо запрашалі Барбару "з мужам". Ад такога пыніжэння ён адмаўляўся. Барбара наведвала месцы, якія былі яму чужыя альбо варожыя, -- універсітэты, салоны. Яна бясконца пісала і атрымлівала пісьмы, а Гендрык нават не ведаў, з кім гэта яна ў такіх цесных стасунках. На ўсё гэта ён горка скардзіўся сваёй Чорнай Венеры. Ён пытаўся ў Джульеты, што яна думае, ці няма ў тых лістах, якія Барбара пасылае бацьку, генералісе альбо падазронаму сябру маладосці Себасцьяну, чаго-небудзь абразлівага для яго, Гендрыка. Прынцэса Тэбаб не магла яго супакоіць на гэты конт.

-- А напэўна ж яна здзекуецца з мяне! -- усклікнуў Гендрык. -- Калі б сумленне ў яе было чыстае, яна паказала б мне хоць адзін з тых лістоў. А яна ніколі нічога не паказвае.

Гэта асабліва мучыла Гендрыка і асабліва яго прыніжала -- ён жа колькі бо разоў паказваў Барбары лісты, якія атрымліваў ад маці, фраў Бэлы.

-- Але годзе, больш яна не ўбачыць ніводнага, -- заявіў ён чорнай дачцэ правадыра. -- Навошта мне расхінаць перад ёю ўсю душу, калі ў яе ад мяне спрэс адны тайны? У дадатак ёй хапае нахабства смяяцца з пісьмаў маёй маці.

І сапраўды, Барбара смяялася ад душы, калі Гендрык паказаў ёй пісьмо, у якім фраў Гёфген паведамляла, як закончыліся апошнія заручыны Ёзі. "Мы ўсе вельмі радыя, што ўсё закончылася так удала", -- пісала бедная маці. І тут Барбара доўга смяялася. Зрэшты, Гендрык і сам павесяліўся: у той час ён таксама лічыў гэтае месца ў матчыным пісьме вельмі смешным. Крыўда прыйшла пазней, калі ён усё прыгадаў, спавядаючыся Чорнай Венеры.

-- У яе сям'і ўсё святое! -- усклікнуў ён. -- Пра фраў генераліху і яе ларнетку слова жывога не скажы. А з маёй маці можна смяяцца колькі ўлезе.

Такімі скаргамі і ламентацыямі канчаліся візіты ў паддашак Джульеты. Перш чым пакласці на начны столік пяць марак і пайсці, ён казаў сваёй прынцэсе, што кахае яе куды, куды больш, чым Барбару.

-- Гэта няпраўда, -- адказвала Джульета спакойным і глыбокім голасам. -- Зноў хлусня.

На гэта Гендрык усміхаўся шматзначна, хваравіта, пакепліва, крыху прасветлена.

-- Хлусня? -- перапытваў ён ціха. І потым светлым голасам з паднятым падбародкам: -- Ну, мне пара ў тэатр...

Рэпетыцыі новай пастаноўкі "Снy ў летнюю ноч", у якой Гендрык іграў караля эльфаў Аберона, і падрыхтоўка да вялікага рэвю былі яму важней і хвалявалі куды больш, чым складанае, але пустое пытанне, каго ён кахае больш -- Барбару ці Джульету.

-- Наш брат не мае права ўхіляцца ад працы дзеля прыватных спраў, -- тлумачыў ён сваёй прыяцельцы Гедзе. -- Бо мы ж такі, зрэшты, найперш -- мастакі, -- казаў ён, і твар яго набываў складаны горда-пераможны, пакутніцкі выраз.

Барбара, якая праводзіла дні ў спорце, чытанні, маляванні і пісьмах, альбо на выстаўках, альбо ў універсітэце, часам вечарамі заходзіла ў тэатр па Гендрыка. Бывала, яны праводзілі гадзінку ў грымёрнай альбо ў "Г. М.", -- праўда, Гендрык не вельмі любіў гэта. Падазраючы, што жонка будзе падбіваць супроць яго калегаў, ён усяляк перашкаджаў кантактам паміж ёю і трупай. Марна спрабавала Барбара зрабіць накіды дэкарацый для адной зімовай прэм'еры. Гендрык шмат разоў абяцаўся ёй перагаварыць з тэатральнай дырэкцыяй, дабіцца заказу, і кожнага разу прыходзіў з адказам, што дырэктары Шміц і Кроге зусім не супроць такой ідэі, але што ўсё рушыцца ад супраціўлення фраў фон Гэрцфэльд.

І гэта не было высмактана з пальца. Геда і насамрэч рабілася нязноснай і змрочнай, як толькі гаворка заходзіла пра Барбару. Палкая рэўнасць рабіла разумную жанчыну злоснай і несправядлівай. Яна не магла дараваць "гэтай" Барбары, што Гендрык ажаніўся з ёю. Наўрад ці фраў фон Гэрцфэльд была настолькі пахапная, каб мець нейкія сур'ёзныя віды на Гендрыка. Яна ведала пра дзіўныя густы любага ёй чалавека, яна была прысвечана ў змрочную таямніцу ягоных узаемінаў з прынцэсай Тэбаб. Роля, якою яна мусіла задавольвацца -- і шмат гадоў задавольвалася -- была роля сястры і даверніцы. І раптам менавіта гэтую ролю ў яе аспрэчвае Барбара. Геда цешыла сябе тым, што суперніца грае ролю недасканала... Гендрык не гаварыў пра гэта адкрыта і ясна, але абвостраны інстынкт раўнівіцы і без таго адгадваў усё сам: фраў фон Гэрцфэльд ведала, што тут крыецца, -- дачка тайнага радцы занадта патрабавальная. Трэба забыць пра сябе, адмовіцца ад сябе, каб сужыцца з Гендрыкам Гёфгенам. Бо такі чалавек, як ён, найперш думае пра сябе. А Барбара патрабавала ад яго занадта шмат. Яна прэтэндавала на шчасце. З гэтага фраў фон Гэрцфэльд толькі пагардліва пасмейвалася. Чаго ж не разумее фанабэрыстая Барбара? Адзінае шчасце, якое можа даць мужчына тыпу Гендрыка Гёфгена,-- гэта яго хвалюючая прысутнасць, яго чароўная блізкасць...

Нешта падобнае адчувала і маленькая Ангеліка, але мілае і пяшчотнае стварэнне ў адрозненне ад ужо прыстарэлай Гэрцфэльд здолела цалкам аддацца волі лёсу. Маленькая Зіберт пакутавала, але не ненавідзела. Жонку Гёфгена Барбару яна прыняла з нясмелым шанаваннем. Калі тая, якой яна зайздросціла, аднаго разy ўпусціла з рук хусцінку, Ангеліка хуценька нагнyалася падняць. Барбара не без подзіву падзякавала, а маленькая Зіберт пачырванела, бездапаможна ўсміхалася і спалохана мружыла блізарукія вочы.

Адносіны Барбары з безнадзейна закаханымі ў яе мужа фраў фон Гэрцфэльд і Ангелікай былі заблытаныя і цяжкія, але тым шчыршыя былі яны з астатнімі дамамі трупы. З Моц яна мела звычку падрабязна абгаворваць цэны на прадукты, краўцоў і хібы мужчын наогул і характарнага актора Петэрсана ў прыватнасці. Барбара ўмела так міла выслухоўваць словацечывы прастадушнай, тэмпераментнай жанчыны, што Моц прыйшла да высновы, якую яна ахвоча выказвала, што маладая фраў Гёфген "класная баба". Гэтае меркаванне падзяляла і Морэнвіц: Барбара нават не мазалася і наогул ані не прэтэндавала на "інфернальнасць", а тым самым ніяк не магла быць канкурэнткай адстаўленай Рахэлі.

І Петэрсэн і Рольф Банэці называлі маладую жонку Гёфгена "сваім хлопцам"; тата Ганзэман буркліва дабразычыў ёй, бо яна спраўна плаціла за ежу; швейцар Кнур вітаў яе па-вайсковаму, бо ведаў, што яна дачка тайнага радцы; дырэктары Шміц і Кроге часта гутарылі з ёю. Шміц спачатку абмяжоўваўся паблажлівымі какетлівымі жартамі, але неўзабаве зразумеў яе разумную і дзейсную цікавасць да фінансавых клопатаў тэатра і ўжо ўцягваў яе ў працяглыя размовы на гэтую заўсёды актуальную, вечна трывожную тэму. Оскар Х. Кроге, са свайго боку, адкрыў ёй сваю скруху пра сумніўны рэпертуар Мастацкага тэатра. Стары паборца інтэлектуальнага тэатра, ён быў сведкам таго, як у ягонай установе скетчы і аперэты пачалі выціскаць сур'ёзныя рэчы. Віна тут клалася не толькі на Шміца, які пра ўсё павінен быў меркаваць з пазіцый касавага збору. За зніжэнне літаратурнага ўзроўню быў адказны таксама і Гёфген, як парадаксальна гэта ні магло здацца. Ён гаварыў пра рэвалюцыйны тэатр, а сам ставіў дурныя п'ескі на забаву публіцы. Рэвалюцыйны тэатр -- так і не адчынены -- апраўдаў бы пастаноўку баевікоў. Кроге, нягледзячы на сваё прынцыповае непрыняцце камунізму, зайшоў аж так далёка, што ўжо актыўна выступаў за неадкладнае адкрыццё запланаванай студыі, якая разам з рэвалюцыйным духам унесла б у тэатр свежы струмень сапраўднага мастацтва. А Гендрык, выдалікачваючыся ў красамоўстве, сцвярджаў, што спачатку трэба абсалютна заручыцца любоўю публікі і прэсы на пастаноўках рэчаў лёгкіх і даступных, а ўжо толькі тады замахвацца на стварэнне рэвалюцыйнага тэатра. Магчыма, што Ота Ульрыхс, такі ж самы цярплівы, як і поўны энтузіязму, і верыў гэтым довадам свайго добрага сябра. Але Барбара была больш скептычная.

Яна любіла гутарыць з Ульрыхсам. Ёй падабалася безумоўнасць і прастата ягонага мыслення. Сама яна больш схілялася да сумненняў. Зрэшты, яна запэўнівала, што нічога не разумее ў палітыцы, і ў гэтым Гендрык яе падтрымліваў.

-- Ты не маеш аніякага ўяўлення, наколькі ўсё гэта сур'ёзна, -- казаў ён ёй, накідаючы на сябе маску старой тыранічнай гувернанткі. -- Ты да ўсяго падыходзіш з пазіцый гульні, з халоднай цікаўнасцю. Вера ў рэвалюцыю для цябе толькі пацешны псіхалагічны феномен. А для нас гэта святая святых.

Так гаварыў Гендрык. Ота Ульрыхс, які добрую палавіну жыцця і даходаў аддаў палітычнай працы, здаваўся менш строгім. Ён па-бацькоўску прывячаў Барбару, але заўсёды прыязна.

-- Вы прыйдзеце да нас, Барбара, я ведаю, -- казаў ён упэўнена. -- Вы ж ужо цяпер ведаеце, што з намі праўда і будучыня. Вы толькі крышачку баіцеся прызнацца ў гэтым самой сабе і зрабіць адпаведныя высновы.

-- Можа, я і праўда проста крышку баюся, -- усміхалася Барбара.

А тым часам яна не магла ўдосыць наздзіўляцца з той дабрадушнай цярплівасці, з якою ён ставіўся да Гёфгена, які так марудзіў з рэвалюцыйным тэатрам. Яна прыспешвала Гёфгена, настойвала хутчэй адкрыць тэатр, зрэшты, яна мела на тое свае асабістыя, эгаістычныя падставы: ёй хацелася зрабіць эскізы дэкарацый для першай пастаноўкі з рэвалюцыйнага цыклу.

-- Яно, канечне, так -- справа гэта не мая, -- ледзь не кожнага дня даводзіла яна Гендрыку, -- у мяне вера ў сусветную рэвалюцыі не святая святых, але мне сорамна за цябе, Гендрык. Калі ты сур'ёзна не возьмешся за справу, ты проста паставіш сябе ў смешнае становішча.

Пасля такіх заўвагаў твар у Гендрыка бляднеў, рабіўся непранікальным. І вочы яго пачыналі касавурыцца ўжо не з какецтва, а ад раздражнення.

Ён звысака адказваў:

-- Дылетанцкая балбатня. Твая цемната ў пытаннях рэвалюцыйнай тактыкі абсалютная.

Яго рэвалюцыйная тактыка заключыалася ў тым, што ён штодня прыдумваў ўсё новыя і новыя выкруткі, каб толькі адцягнуць рэпетыцыі для рэвалюцыйнага тэатра. Але каб хоць што-небудзь зрабіць для рэвалюцыі, ён неспадзявана рашыў выступіць з дакладам на тэму "Пра сучасны тэатр і яго маральную адказнасць". Кроге, які ўсё больш натхняўся гэтай тэмай, аддаў Гёфгену памяшканне Мастацкага тэатра на нядзельную раніцу. Даклад Гёфгена быў складзены часткова са слоў поўнага этузіязму дырэктара, часткова са слоў Ота Ульрыхса і зрабіў даволі моцнае ўражанне: гэта была патэтычная прамова, якая нікога ні да чога не абавязвала, у якой як ліберальна, так і па-марксісцкy настроеныя маладыя людзі з залы знайшлі шмат фраз і выразаў, якія ім вельмі спадабаліся. У канцы ўсе запляскалі, і амаль усе былі перакананыя ў сумленнасці мастацка-палітычных памкненняў Гендрыка. На другі дзень пра гэта падрабязна пісалі ў газетах. Такіх водгукаў якраз і чакаў Гендрык Гёфген.

-- Цяпер сітуацыя выспела, пара дзейнічаць, -- заявіў ён, па-змоўніцку пераглянуўшыся з Ульрыхсам.

Выбралі п'есу для прэм'еры ў рэвалюцыйным тэатры. Праўда, гэта была не тая радыкальная п'еса, якую выбралі і збіраліся рэпетыраваць летась. У апошні момант Гендрык з тактычных меркаванняў спыніўся на п'есе з эпохі вайны ў трох актах -- пра жахі зімы 1917 года ў адным буйным нямецкім горадзе. П'еса мела расплывісты пацыфісцкі характар, у ёй не было яўна сацыялістычных ідэй. Барбара зрабіла эскізы дэкарацый: бедны пакоік, шэрая вуліца з чэргамі па хлеб. Ота Ульрыхсу і Гедзе фон Гэрцфэльд далі галоўныя ролі.

Гёфген-рэжысёр працаваў на першай рэпетыцыі з шалёным натхненнем. Калі ён са стрыманым пафасам дэкламаваў даўжэзную абвінаваўчую прамову, якую павінна была сказаць у канцы трэцяга акта фраў фон Гэрцфэльд у ролі трагічнай маці, Ота Ульрыхс крадком выціраў слёзы і нават Барбару прабрала. Але да другой рэпетыцыі Гендрык асіп на глебе нарваў. На трэцюю прыйшоў накульгам. У яго раптам зацякло правае калена, ён скардзіўся, што не можа яго разагнуць. І нарэшце, на чацвёртую рэпетыцыю явіўся з такім бледным і злосным тварам, што ўвагнаў усіх у страх і, як выявілася, не без падставаў, бо быў у самым агідным настоі, абазваў фраў фон Гэрцфэльд дурніцай, а суфлёрцы Эфой прыгразіў неадкладным звальненнем.

-- Вы сабатуеце, -- крычаў ён на яе. -- Думаеце, я не ведаю чаму? Магчыма, партыйныя сябры гера Мікласа далі вам такое заданне! Але мы пакладзём гэтаму канец, знойдзем на вас управу, дамо рады і вамі, і вашаму спадару Мікласу, і вашаму чыстаплюю геру Кнуру і ўсёй вашай выклятай хэўры, гэта ўжо паверце мне на слова!

І Эфой не дапамаглі ні горкія слёзы, ні божбы, што ні ў чым такім яна не вінаватая.

Пасля гэтай рэпетыцыі, якая пакінула ва ўсіх самыя непрыемныя ўспаміны, Гёфгена паклалі ў пасцель з жаўтухай. Два тыдні ён не паяўляўся ў тэатры. Ульрыхс, Банэці і Ганс Міклас падзялілі паміж сабою ягоныя ролі. Пасля выздараўлення ён паявіўся, слабы, змораны, і яго брыліянтавыя вочы пацьмянелі і пажаўцелі. Адкрыццё рэвалюцыйнага тэатра адклалі на няпэўны час: урач катэгарычна забараніў Гендрыку Гёфгену браць на сябе якую б там ні было нагрузку, акрамя бягучай і неадкладнай.

Прынамсі, для аднаго члена трупы Мастацкага тэатра такое развіццё падзей было ў радасць: Ганс Міклас ззяў, трыумфаваў. Ён жа з самага пачатку ведаў, што ўся гэтая гісторыя з так званым рэвалюцыйным тэатрам была чыстая хімера -- пра гэта ён заявіў уголас у "Г. М.", і дакорлівыя позіркі фраў фон Гэрцфэльд не маглі ўтрымаць яго ад шматразовага паўтору гэтых слоў. Яго ўпарцісты твар, здавалася, прасвятліўся ад той прыемнасці, якую ён атрымаў ад фіяска рэвалюцыйнага тэатра. Цэлы дзень ён быў у гуморы, насвістваў і спяваў, чорныя ўпадзіны на шчоках прапалі, ён перастаў кашляць і нават частаваў Эфой гарэлкай. Такога яшчэ ні разу не здаралася, і добрая жанчына сказала:

-- Хлопча, хлопча, сёння ты зусім спанталычыўся.

Вядома, прыемны інцыдэнт мог палепшыць настрой юнаму Мікласу толькі мімалётна, ненадоўга. Ужо на другі дзень твар яго зноў зрабіўся злосным і замкнёным, зноў пазначыліся ўпадзіны на шчоках, кашаль зноў выклікаў трывогу.

"Як ён усіх нас ненавідзіць, -- думала Барбара, назіраючы за ім. Яе не пакідала абыякавай змрочная абаяльнасць нявыхаванага юнака. Густая, непаслухмяная чупрына над светлым лобам, цёмныя кругі вакол задзірыстых вачэй і ўпарты, хваравіта-яркі рот былі ёй мілейшыя за стомленую мітусню на твары ў прыгожага Банэці. У вузкай, статнай постаці маладога Мікласа -- у гэтым натрэніраваным, гнуткім і славалюбнм целе -- было нешта такое, што кранала Барбару. Таму яна часам спрабавала ўцягнуць яго ў размову. Спачатку ён адказваў жонцы ненавіснага яму начальніка азлобленым недаверам. Але спакваля Барбары ўдалося заваяваць яго прыхільнасць. Часам яна запрашала яго на куфаль піва і бутэрброд у "Г. М." -- такія праявы ўвагі Ганс Міклас умеў цаніць. І калі Барбара злавалася на Гендрыка, ёй было асабліва прыемна забаўляць гутаркай гэтага злоснага хлапчука.

-- А ці не хацелася б вам правесці са мною вечар з'едлівасці? -- прапаноўвала яна тады.

І ён адразу згаджаўся. Ён заўсёды згаджаўся на "вечары з'едлівасці", асабліва калі яго частавалі півам і мясам.

З цікаўнасцю, да якое дамешвалася немалая доля жаху, слухала Барбара Мікласа, які расказваў, як ён любіў і ненавідзеў. Ніколі яна не сядзела за адным сталом з чалавекам, які трымаўся б такіх думак і поглядаў, якія гэты хлопчык адстойваў з такім фанатызмам. Ёй было ясна, што ён пагарджаў усім тым, ненавідзеў усё тое, што ёй самой, яе бацьку і яе сябрам было дарагое, без чаго яны не маглі жыць. Што ён меў на ўвазе, калі з такім шалам нападаў на "пракляты лібералізм" альбо высмейваў "пэўныя жыдоўскія і зжыдзелыя колы", якія, на яго думку, разбурылі нямецкую культуру? "Так, ён мае на ўвазе ўсё тое, што я заўсёды любіла, у што заўсёды верыла, -- думала Барбара. -- Ён мае на ўвазе свабоду, калі гаворыць пра "жыдоўскую свалату"". І яна спалохалася да глыбіні душы. Тым не меней цікаўнасць прымусіла яе не спыняць размовы, якая, на яе думку, насіла проста неверагоны характар. Ёй здавалася, што з цывілізаванага свету, у якім яна прывыкла жыць, яна пераносіцца ў зусім іншы, чужы і дзікі. Чым натхнялася такая загадкавая істота, як Ганс Міклас? Якія ідэі і ідэалы распальвалі яго разбуральны пал? Ён марыў пра "свабодную ад яўрэяў" нямецкую культуру, і Барбара здзіўлена ківала галавой. Калі ж яе дзіўны субяседнік пачаў тлумачыць ёй, што "ганебны Версальскі дагавор павінен быць разарваны", а германская нацыя павінна зноў стаць "абароназдольнай", вочы ў яго блішчалі, і лоб яго, здавалася, таксама прамяніўся.

-- Наш фюрэр верне народу гонар! -- усклікаў ён. І голас яго гучаў сіпла. Ён пераможна ўстрасаў чупрынай. -- Мы не можам далей цярпець ганьбу рэспублікі, якою пагарджае ўвесь свет. Мы хочам вярнуць наш гонар -- гэтага патрабуе кожны сумленны немец, а сумленныя немцы ёсць усюды, нават тут, нават у гэтым бальшавіцкім тэатры. Вы паслухалі б, як гаворыць гер Кнур, калі можа не баяцца, што яго падслухоўваюць. Ён трох сыноў страціў на вайне, але ён кажа, што гэта не так страшна, куды страшней, што Германія страціла свой гонар, -- і яго верне нам наш фюрэр -- толькі фюрэр!

Барбара думала: чаму яго так хвалюе нямецкі гонар? І што ён разумее пад гэтым туманным паняццем? Няўжо яму сапраўды так трэба, каб Германія зноў мела танкі і падводныя лодкі? Лепей паклапаціўся б, як яму пазбыцца гэтага страшнага кашлю, як заваяваць поспех у прыстойнай ролі і зарабляць больш, каб кожны дзень наядацца ўнасыць? Яўна ён недаядае і занадта многа трэніруецца, ён зусім змардаваны. Яна спыталася ў яго, ці не хоча ён яшчэ хлеба з шынкай. А ён захоплена вёў сваё:

-- Прыйдзе дзень! І наш рух пераможа!

Такую натхнёную ўпэўненасць Барбара зусім нядаўна чула з вyснаў другога -- з вуcнаў Ота Ульрыхса. Пярэчыць яму яна не адважвалася -- яе моцна ўразіла яго палкая вера ў чалавечы розум. Але Гансу Мікласу яна сказала:

-- Калі Германія на самай справе калі-небудзь стане такою, пра якую марыце вы і вашыя сябры, мне такая Германія не патрэбна. Я пакіну яе,-- заявіла Барбара і ўсміхнулася Мікласу задуменна, але не варожа.

Ён засвяціўся:

-- Я ў гэта веру! Вельмі многія з'едуць, калі толькі мы іх выпусцім, а не засадзім у турмы! Тады мы будзем гаспадарамі! Тады нарэшце ў Германіі зноў возьмуць слова немцы!

Ускyдлачанымі валасамі і разгарачанымі вачыма ён быў падобны на радаснага шаснаццацігадовага хлопчыка -- Барбара не магла не прызнацца сабе, што ён ёй падабаецца, хоць кожнае сказанае ім слова было ёй чужое і варожае. Красамоўна, блытаючыся, але з неаслабным напорам ён паўтараў ёй, што ідэал, за які ён змагаецца, у самым глыбокім сэнсе слова рэвалюцыйны ідэал.

-- Калі настане дзень і наш фюрэр возьме ўладу ў свае рукі, тады настане канец капіталізму і панаванню бюракратаў, з ліхвярствам будзе пакончана, лопнуць банкі і біржы, якія смокчуць кроў з народа, -- і ніхто па іх плакаць не будзе!

Барбара пацікавілася, чаму Міклас не хоча ісці разам з камуністамі, калі ён, як і яны, супроць капіталізму, і Міклас пачаў ёй уталкоўваць, як школьнік, які вывучыў урок напамяць:

-- Бо камуністы не ведаюць, што такое любоў да радзімы, а інтэрнацыяналісты яны таму, што аблытаны рускімі яўрэямі. Яны ўяўлення не маюць пра ідэалы, усе ж марксісты думаюць, што галоўнае -- гэта грошы. Мы імкнёмся да сваёй уласнай рэвалюцыі -- нашай, нямецкай, ідэальнай, а не той, якою кіруюць масоны альбо сіёнскія мудрацы!

Тут Барбара звярнула ўвагу юнака на тое, што ягоны "фюрэр", які збіраецца адмяніць капіталізм, атрымлівае шмат грошай ад цяжкай прамысловасці і ад буйных землеўладальнікаў, але Міклас злосна і рэзка адкінуў гэтыя абвінавачванні, як "тыпова жыдоўскае падбухторванне". У такім духу яны дыспутавалі да глыбокай ночы. Барбара іранічна і з цікаўнасцю выслухоўвала ўпарцістага хлопца і спрабавала навесці яго на розум. А ён з настырнасцю дзіцяці заўзята адстойваў крыважэрную веру ў чысціню расы, y ліквідацыю ліхвярства і разважаў пра ідэальную рэвалюцыю. Суфлёрка Эфой, якая раўніва назірала з кута за гэтай парай, шапнула швейцару Кнуру:

-- Фраў Гёфген нешта ж бо квапіцца на майго хлопца -- гэтага толькі бракавала. Фраў Гёфген хоча яго адбіць...

І ў тую ж самую ноч Эфой ўчыніла Гансу Мікласу скандал. А ў Барбары была непрыемная сцэна з Гендрыкам. Гёфген бушаваў. Але не ад "дробнабуржуазнай рэўнасці" -- ён гэта падкрэсліў. Наадварот, з чыста палітычных прычынаў.

-- Як ты толькі магла цэлы вечар сядзець за адным сталом з вулічным мярзотнікам -- нацыянал-сацыялістам! -- крычаў ён і дрыжаў ад злосці.

Барбара адказвала, што, на яе думку, юны Міклас не мярзотнік. Гендрык рашуча адрэзаў:

-- Усе нацысты мярзотнікі. І гутарыць з такім тыпам -- усё роўна што выкачацца ў брудзе. Шкада, што ты зразумець гэтага не хочаш. Цябе сапсавалі ліберальныя заскокі твайго сямейства. У цябе няма перакананняў, адна распешчанасць і дзіцячая цікаўнасць!

Барбара ціха сказала:

-- Так, прызнаюся, мне крыху шкада гэтага хлопца, і ён мяне крыху цікавіць. Ён хворы, славалюбны, ён недаядае. Вы дрэнна яго трактуеце -- ты, твая прыяцелька Гэрцфэльд і ўсе астатнія. Ён шукае, за што зачапіцца, як падняцца. Вось і дайшоў да гэтага вар'яцтва, якое ганарыста называе светапоглядам...

Гендрык пагардліва гмыкнуў.

-- Як ты носішся з гэтай вашывай нікчэмнасцю! Мы, бачыце, дрэнна яго трактуем! Выдатна! Ну і ну! А ты падумала, як ён і ягоныя сябрукі патрактуюць нас, калі гэты зброд дарвецца да ўлады?!

Прагнуўшыся наперад і падбочыўшыся, ён шпурнуў ёй у твар гэта пытанне.

Барбара адказала з расстаноўкай, не гледзячы на яго:

-- Божа барані, каб такія вар'яты дарваліся да ўлады. Я тады не магла б жыць у гэтай краіне.

Яна здрыганулася, быццам адчуўшы мярзотны подых жорсткасці і маны, якая запануе ў Германіі, калі да ўлады прыйдуць нацысты.

-- Гэта падонкі, -- сказала яна. -- Падонкі рвуцца да ўлады.

-- А сама сядзіш з такім падонкам за адным сталом і языком перакладаеш!

Гендрык шпаркім крокам пераможна хадзіў па пакоі.

-- Вось вам ваша хвалёная буржуазная талерантнасць! Мyсова ім трэба высакародна спачуваць смяротнаму ворагу -- слушней кажучы, таму, каго сёння яшчэ называюць смяротным ворагам. Я спадзяюся, мая драгая, што ты з яшчэ большай спагадай паставішся да падонкаў, калі яны бyдyць ва ўладзе! Ты і ў фашысцкім тэроры здолееш знайсці цікавыя аспекты. Ваш лібералізм навучыць вас мірыцца і з нацыяналістычнай дыктатурай. І толькі мы, ваяўнічыя рэвалюцыянеры, ім ворагі па крэс жыцця, толькі мы не пусцім іх да ўлады.

Ганарыста, як певень, ён хадзіў па пакоі, касавурачыся і задраўшы падбародак. Барбара стаяла нерухома. Калі б Гендрык зірнуў на яе ў гэты момант, яго спалохаў бы яе пабялелы твар.

-- Значыцца, ты лічыш, што я прымірылася б, -- сказала яна амаль без голасу. -- Ты лічыш, што я прымірылася б -- прымірылася б са смяротным ворагам...

Праз некалькі дзён паміж Гендрыкам і Мікласам адбылося сутычка, якая закончылася тым, што Гёфген дамогся ад дырэкцыі Гамбургскага мастацкага тэатра неакладнага звальнення маладога актора. Зачэпка да катастрофы, якая закончылася перамогай Гёфгена, а для Ганса стала фатальнай і пагібельнай, на першы погляд была бяскрыўдная.

Гендрык быў таго вечара ў выдатным настроі, шальмец пад'юджваў яго, ён аж шумаваў рэйнскай весялосцю і здзіўляў калегаў бясконцымі выбрыкамі і жартамі. Ён выдумаў пацешную, бліскучую гульню. Як што ў газетах ён чытаў толькі тэатральную хроніку і цікавіўся толькі тым, што тычылася тэатра, ён ведаў склад усіх труп нямецкіх драматычных, оперных тэатраў і аперэт. Добра трэніраваная памяць фіксавала імя другой альтысткі ў Кёнігсбергу і часовай выканаўцы роляў "салонных дам" у Гале. Было многа рогату, калі Гендрык даў сябе праэкзаменаваць у гэтым своеасаблівым прадмеце. Ён адказваў без запінкі, калі ў яго пыталіся:

-- Хто малады любоўнік у Гальбертштаце?

Альбо:

-- Дзе сёння іграе фраў Цюкгайм-Геверніц?

-- У Гайдэльбергу, іграе старых камічных баб, -- кідаў Гёфген, як нешта такое, што разумелася само сабой.

Скандал з Мікласам пачаўся з таго, што нехта спытаўся:

-- А ну ж бо, хто першая інжэню ў гарадскім тэатры ў Ене?

Гендрык адказаў:

-- А, адна дурная карова. Яе завуць Лота Ліндэнталь.

Тут у гаворку ўмяшаўся Міклас, які да гэтага стаяў збоку, не берyчы ўдзелу ў агульнай забаве.

-- Чаму гэта Лота Ліндэнталь дурная карова?

Гендрык холадна адрэзаў:

-- Не ведаю, чаму яна такая, але яна такая.

І Міклас ціхім, хрыплым голасам:

-- Тады я патлумачу вам, гер Гёфген, чаму вам хочацца абразіць менавіта гэтую даму: бо вам дакладна вядома, што яна сяброўка аднаго з нашых нацыянал-сацыялісцкіх правадыроў, менавіта нашага героя-лётчыка...

Тут Гёфген, барабанячы пальцамі па стале, і чый твар скамянеў ад пыхліваай пагарды, перапыніў яго:

-- Мяне мала цікавяць імёны і тытулы хахаляў фройляйн Ліндэнталь, -- сказаў ён, не ўдастойваючы Мікласа нават позіркy. -- Зрэшты, тут можна было б скласці даўжэзны спіс. Фройляйн Ліндэнталь забаўляецца не толькі з ваенным лётчыкам.

Міклас сціснуў кулакі і апусціў галаву ў баявой пазіцыі вулічнага падшыванца, гатовага кінуцца на праціўніка. Светлыя вочы пад люта насупленым лобам, здавалася, аслеплі ад шаленства.

-- Асцеражыцеся, -- прашыпеў ён, задыхаючыся, і ўсе спалохаліся ягонай дзёрзкасці. -- Я не пацярплю, каб публічна зневажалі даму толькі за тое, што яна член нацыянал-сацыялісцкай нямецкай рабочай партыі і сяброўка нямецкага героя! Я не пацярплю!

-- Ён не пацерпіць! -- паўтарыў Гендрык і ўсміхнуўся д'ябальскай усмешкай. -- Ай - ай, -- дадаў ён з'едліва.

Тут Міклас і сапраўды накінуўся б на Гёфгена, але Ота Ульрыхс з усіх сіл стрымаў яго за плечы.

-- Ды ты п'яны! -- закрычаў Ульрыхс, трасучы Мікласа.

Той выціснуў:

-- Я не п'яны! Проста я адзін y гэтым памяшканні, у каго яшчэ засталося пачуццё гонару. У гэтым зжыдзелым асяроддзі ніхто нічога кепскага не бачыць у тым, што зневажаюць даму!

-- Годзе! -- гэты металічны крык належаў Гёфгену. Ён стаяў выпрастаўшыся на ўвесь рост. Усе глядзелі на яго. Ён гаварыў з пагрозлівай няспешнасцю: -- Веру, мой мілы, што вы не п'яны. І вы не можаце спаслацца на абставіны, вам больш не давядзецца пакутаваць у гэтым "зжыдзелым асяроддзі" -- ужо дайце мне веры.

І Гёфген выйшаў цвёрдым крокам.

-- Вой, проста мароз па скуры, -- прашаптала Моц у міладайнай цішыні.

Але што гэта? З якога кута пачуўся ціхі плач? Сyфлёрка Эфой упала ўсім сваім цяжкім целам на стол, і слёзы закапалі проста на абрус.

Кроге, якога не было пры скандальнай сцэне ў "Г. М.", з сумненнем сустрэў патрабаванне Гёфгена неадкладна звольніць маладога актора. Фраў фон Гэрцфэльд і Гендрык аб'ядналі свае намаганні ў красамоўстве, каб разбіць яго спасылкі на юрыдычны, палітычны і чалавечы бакі справы. Дырэктар заклапочана хітаў кашэчым тварам, збіраў лоб у складкі, нервова хадзіў узад-уперад па пакоі і мармытаў:

-- Вядома, вы маеце рацыю, я прызнаю... Паводзіны гэтага хлопца нецярпімыя... Але ўсё-такі як жа гэта так... Хворага чалавека, без сродкаў, вось так узяць і выкінуць на вуліцу...

Гендрык і Геда гарачыліся і даказвалі, што такая нерашучасць, гэтая схільнасць да кампрамісаў падобная на маладушнасць і баязлівасць урадавых партый Веймарскай рэспублікі ў адносінах да бессаромнага фашысцкага тэрору.

-- Мы павінны паказаць бандзе гэтых забойцаў, што ім не ўсё дазволена.

Гендрык грукнуў кулаком па стале.

Здавалася, Кроге ўжо паддаўся довадам сваіх супрацоўнікаў, але Міклас, усім на здзіўленне, здабыў нечаканага хадайніка, гэта быў Ота Ульрыхс, які раптам далажыў пра сябе і прасіў дазволу ўзяць удзел у размове.

-- Заклінаю вас, не рабіце гэтага! -- крычаў ён. -- Хлопцу даволі і той кары, калі мы яго не ангажуем на наступны сезон. Учора ўвечары ён проста ляпнуў лішняе па дурасці. Ну, нервы здалі, з кожным бывае.

-- Дзіву даюся, -- сказаў Гендрык і кінуў праз манокль пакаральны позірк на свайго сябра Ота. -- Дзіву даюся, што ты, менавіта ты чаўпеш такое.

Ульрыхс сярдзіта адмахнуўся.

-- Ну добра, -- сказаў ён, -- адкінем убок меркаванні гуманнасці. Ясна, мне шкада небаракі -- такі кашаль, такія запалыя шчокі. Але толькі з асабістых меркаванняў я б за яго не заступаўся -- ты мяне добра ведаеш, Гендрык. Не, у першую чаргу ў мяне меркаванні палітычныя. Не трэба ствараць пакутнікаў. Менавіта сёння, пры цяперашняй палітычнай сітуацыі, абсалютна няправільна...

Тут Гендрык падняўся.

-- Даруй, што перапыняю, -- сказаў ён са знішчальнай ветлівасцю. -- Але мне ўяўляецца бессэнсоўнай гэтая цікавая тэарэтычная дыскусія. Выпадак вельмі просты: вам трэба выбраць паміж мною і герам Гансам Мікласам. Калі ён застанецца ў тэатры, сыду я.

Гэтыя словы ён вымавіў з той ганарыстай, падкрэсленай прастатой, якая не давала магчымасці сумнявацца ў яго рашучасці. Ён стаяў каля стала, нахіліўшыся наперад і абапіраючыся на рукі. Вочы ён апусціў, быццам сціпла не хацеў выпрабоўваць на прысутных сілы свайго позірку.

Ад страшных слоў Гендрыка ўсе ўздрыгнулі. Кроге закусіў губy. Фраў фон Гэрцфэльд не магла ўтрымацца і прыклала руку да сэрца. Дырэктар Шміц збялеў: ён адчуў млосць ад адной толькі думкі, што Мастацкі тэатр можа застацца без незаменнага Гёфгена, ды яшчэ адразу пасля таго, як страціў цудоўную Нікалету фон Нібур.

-- Не гаварыце глупства, -- прашаптаў таўстун Кроге і ацёр пот з лоба. І дадаў нечакана мяккім, прыемным голасам: -- Можаце супакоіцца -- хлопец вылеціць...

І Міклас вылецеў -- Кроге толькі з вялікай цяжкасцю і дзякуючы руплівасці Ульрыхса дабіўся, каб звольнены малады актор атрымаў ганарар за два месяцы наперад. Ніхто не ведаў, куды з'ехаў Міклас, нават бедная Эфой яго больш не бачыла. Пасля таго непрыемнага інцыдэнту ён сышоў, ляпнуўшы дзвярыма, і больш не паяўляўся ў Мастацкім тэатры. І вось ён знік зусім.

Міклас, ахвяра сваёй дзіцячай запальчывасці, палкіх і пачварных перакананняў, знік. Гендрык Гёфген знішчыў неакілзанага супраціўца, прыбраў з дарогі ўпартага: гэта быў трыумф, ім захапляліся ўсе сябры Мастацкага тэатра, ад Моц да Бёка. Камуністы -- рабочыя сцэны -- у сваёй сталовай хвалілі ягоную энергію і прынцыповасць. Швейцар Кнур хадзіў са змрочным тварам, але не адважваўся сказаць ні слова і старанней звычайнага хаваў фашысцкі знак пад штрыфелем пінжака. Праўда, калі Гёфген прыходзіў у тэатр, на яго са змроку швейцарскай глядзелі страшныя вочы, у якіх можна было прачытаць: "Пачакай, пракляты бальшавік, прыйдзе і на цябе ўправа! Наш фюрэр і збаўца ўжо ў дарозе! І вялікі дзень месіі блізка!" Гендрык жахаўся, рабіў каменны, непранікальны твар і праходзіў міма, не вітаючыся.

Ніхто не мог засумнявацца, што ён робіць надвор'е: ён валадарыў у "Г. М.", у канцылярыі, на сцэне. Яго ганарар павысіўся да тысячы пяцісот марак. Гендрыку ўжо не давялося рабіць сабе клопату і бураю ўрывацца ў кабінет дырэктара Шміца, строіць з сябе гарэзлівае дзіця і падражнівацца; ён выбіў падвышку стрымана, без лішніх слоў. З Кроге і Гэрцфэльд ён абыходзіўся амаль як з падначаленымі, маленькай Зіберт, здавалася, зусім не заўважаў, а да таварыскага тону, пакінутага для Ота Ульрыхса, дадалася нотка панібрацкай, крыху паблажлівай неахайнасці.

І толькі аднаго чалавека яму не ўдалося пераканаць, задобрыць і зачараваць. Недавер, з якім глядзела на Гендрыка Барбара, пасля гісторыі з Мікласам, толькі паглыбіўся і абвастрыўся. Але ён не трываў, каб побач з ім доўга быў чалавек, які не захапляўся б ім, не верыў бы ў яго. Яны з Барбарай за зіму зусім аддаліліся адно ад аднаго. І Гендрык з новым імпэтам узяў разбег, каб цалкам адолець гэтую адчужанасць. Ці не самалюбства прымушала яго так рупліва адваёўваць Барбару? Ці не дамяшалася якое новае пачуццё? Чаму ён зноў заклікаў на дапамогу ўвесь свой дар спакушэння, каб скарыць яе? Ён называў яе сваім "добрым анёлам". Але гэты добры анёл зрабіўся дакорам нячыстага сумлення. Ціхая незадаволенасць Барбары азмрочвала ўсе яго перамогі. Каб спакойна цешыцца з перамогаў, трэба было ацерці гэты цень, і Гендрык заваёўваў Барбару амаль з такім самым запалам, як і ў першыя тыдні іх адносінаў. Ён ужо не дазваляў сабе распускацца пры ёй. Не, цяпер у яго заўсёды гатовыя і жарты, і досціпы, і сур'ёзныя словы.

Каб яна часцей бачыла яго ў хвіліны самых яркіх праяваў яго магутнасці, ён пачаў часта запрашаць яе на рэпетыцыі.

-- Ты ж даеш такія каштоўныя парады, -- гаварыў ён жаласным, слухмяным голасамі апускаў павекі над мігатлівым позіркам.

Аднаго разу, калі Гендрык кіраваў прымеркай касцюмаў для сваёй новай апрацоўкі адной афенбахаўскай аперэты, Барбара ціха ўвайшла ў глядзельную залу і села ў апошнім радзе цёмнага партэра. На сцэне стаялі танцоўшчыцы, выкідвалі ногі і выкрыквалі прыпеў нейкага шансона. Перад іх беззаганна выцягнутым фронтам скакала маленькая Зіберт -- Амур: са смешнымі крылцамі на голых плечыках, са стралой і лукам на шыі і чырвоным носам на бледным перапалоханым і прыгожым тварыку.

"Якую нявыйгрышную ролю прыдумаў ёй Гендрык, -- уздыхнула сама сабе Барбара. -- Меланхалічны Амур". І яна адчувала нешта накшталт шкадавання і спачування беднай Ангеліцы, якая дрыгала ножкамі і скакала па сцэне. Можа, Барбара ў гэты момант зразумела, што гэтым жаласным і спалоханым выразам твару Ангеліка абавязана Гендрыку.

Гёфген стаяў у позе тырана, раскінуўшы рукі, у правым куце сцэны і кіраваў усімі. Ён тупаў нагамі ў адпаведнасці з рытмам аркестра, яго бледны твар скараў рашучасцю.

-- Стоп! Стоп! Стоп! -- бушаваў ён, і, калі аркестр нечакана аціх, Барбара спалохалася амаль гэтак сама, як застылыя на памосце дзяўчаты з кардэбалета, як маленькая Ангеліка, якая змагалася са слязьмі.

А рэжысёр выскачыў на сярэдзіну сцэны.

-- У вас свінец у нагах! -- закрычаў ён на дзяўчат, і тыя сумна звесілі галовы, як кветкі пад парывам ледзянога ветру.

-- Вам не Афенбаха танцаваць, а жалобны марш!

Ён загадна кіўнуў дырыжору і, калі той зноў махнуў палачкай, пачаў танцаваць сам. Не, гэта ўжо быў не лысы герык у шэрым, крыху паношаным будзенным касцюме! Якое бессаромнае, хвалюючае ператварэнне! Сярод белага дня! Ужо ці не Дыяніс гэта, бог віна, у экстазе выкідвае рукі і ногі. Барбара глядзела на яго ашаломленая. Вось жа толькі што Гендрык Гёфген быў палкаводцам -- раздражнёны, фанабэрысты, няўмольны, стаяў ён перад сваім войскам -- перад дзяўчатамі з кардэбалета. І раптам, без усякага пераходу, аддаўся вакхічнаму шалу. Канвульсіі прабягалі па бледным твары, брыльянтавыя вочы закаціліся, з губоў ляцелі жарасныя хрыплыя стогны. Танцаваў ён бліскуча, дзяўчаты з захапленнем глядзелі на беззаганную тэхніку рэжысёра, сама прынцэса Тэбаб не нарадавалася б, гледзячы на яго.

"Адкуль гэта ў яго? -- думала Барбара. -- І што ён цяпер адчувае? І ці адчувае што-небудзь наогул? Альбо проста дэманструе дзяўчатам, як трэба падкідаць ногі?"

Тут шалёныя практыкаванні Гендрыка былі спынены. Малады чалавек з канцылярыі асцярожна прайшоў па партэры і падняўся на сцэну. Ён мякка дакрануўся да пляча натхнёнага рэжысёра і шапнуў, што гер Гёфген павінен прабачыць за турботу, але дырэктар Шміц просіць гера Гёфгена паглядзець эскіз афішы да прэм'еры аперэты, яго трэба неадкладна адправіць у друкарню. Гендрык даў знак музыцы спыніцца, ён ужо стаяў у вольнай позе, уставіў у вока манокль: ніхто б веры не даў, што гэты гер, які крытычным вокам азіраў нейкую паперыну, дзве хвіліны таму назад тросся ў дыянісійскім трансе. Але раптам ён згамтаў паперу і крыкнуў незадаволеным, рыпучым голасам:

-- Усё трэба перабраць нанава! Нечувана! Зноў імя перакруцілі! Няўжо нельга дабіцца, каб мяне называлі правільна? Я вам не Генрык!

І раз'юшана шпурнуў паперу на падлогу.

-- Мяне завуць Гендрык, запомніце нарэшце: Гендрык Гёфген!

Малады чалавек з канцылярыі ўнурыў галаву і прамармытаў нешта наконт новага наборшчыка, праз неабазнанасць якога і атрымалася недаравальная памылка. Дзяўчаты нішчачкам захіхікалі, быццам пяшчотна зазвінелі званочкі. Гендрык выцягнуўся на ўвесь рост, і срабрысты перазвон адразу аціх пад яго грозным позіркам.