Мэфіста

Раман адной кар'еры

Ман Клаўс


ІV. Барбара

Барбара доўга не магла апамятацца ад здзіўлення пасля прыгоды, да якой ні яе сэрца, ні думкі не былі гатовыя і вынікі якое, здавалася, нельга было ўбачыць наперад. Як яна дайшла да гэтага? Як такое магло здарыцца? Што яна ўзяла на сябе? Ці ж не адчувала яна такога глыбокага кантакту з гэтым шматзначным і ўвішным, у найвышэйшай ступені таленавітым, часам кранальным, часам мала не агідным чалавекам -- з гэтым камедыянтам Гендрыкам Гёфгенам?

Барбару амаль немагчыма было спакусіць, нават самыя выпрабаваныя хітрыя штyкі не краналі яе. Але тым больш пэўна абуджаліся спагада і педагагічная спакyса памагчы. Гендрыкава вопытнасць і хітрына адразу гэта выявілі. З таго першага вечара, калі ён у пераканаўчым кантрасце з Мардэравай шумнай бравадай разыгрываў ціхую вытанчанасць, пры Барбары ён мудра і абачліва адмовіўся ад выяўленчага мастацтва ў паводзінах. Яны гаварылі толькі пра рэчы сур'ёзныя і душапарыўныя: пра яго этычна-палітычныя погляды, пра яго самотную маладосць, пра цяжкія чары яго мастацтва; але ў самую рашучую хвіліну ён паказаў дзяўчыне заплаканы, аслеплы ад душэўных пакутаў твар, і ўсё, што ён мог бы яшчэ сказаць ёй, абярнуў у лепятанне.

Барбара прывыкла, што ў неспакойныя хвіліны душэўных замяшанняў сябры звярталіся па дапамогу да яе. Не толькі Нікалета з яе блытанымі споведзямі бывала ў яе, заходзілі і маладыя людзі і нават пажылыя бацькавы сябры, калі ім была патрэбная суцешніца. Яна ўмела разбірацца ў болесцях іншых, а вось сабе з маладых гадоў забараніла любыя болі, забараніла прымаць занадта блізка да сэрца сваю бязраднасць альбо жаліцца каму б тое ні было. Таму ўсе думалі, што няма нічога такога, што магло б парушыць яе душэўную раўнавагу. Усе Барбарыны сябры лічылі яе роўным, энергічным, разумным, усебакова таленавітым, мяккім, сталым і ўпэўненым у сабе чалавекам. Магчыма, з усіў блізкіх да яе людзей толькі адзін ведаў пра яе хістанні, паняверкі, пра яе меланхалічную любасць да мінулага, пра яе страх перад будучым: стары Брукнер ведаў сваё любаснае дзіця.

Таму ў ягоным лісце, які ён ёй напісаў, атрымаўшы вестку пра заручыны, была не толькі туга, бо яна збіраецца пакінуць бацькоўскі дом, але і трывога. Ці ўсё яна як след абдумала, ці ўсё рыхтык разлічыла? -- хацелася ведаць бацьку. І Барбару напалохала засцярожлівая сур'ёзнасць пытання. А і тое, праўда, ці ўсё яна як след прадумала і разлічыла? Кожная яе парада сябрам была вынікам доўгіх развагаў, карпатлівага роздyмy. Але яна легкадумна не ўважала на падзеі ў сваім жыцці. Часам крыху палохалася, але ёй ніколі не даводзілася абараняцца ад падзей альбо ўхіляцца ад іх: не дазвалялі цікаўнасць і гонар. Са скептычнай усмешкай яна адважна чакала, не заўсёды спадзеючыся на лепшае для сябе, чакала, што будзе, чым скончыцца. Усміхаючыся, яна глядзела на свайго дзіўнага Гендрыка з яго тэмпераментнай рыторыкай, які патрабаваў, каб яна іграла для яго ролю добрага анёла. Можа, і варта было б, можа, у гэтым яе абавязак, можа, у ім ёсць элітнае зерне і ёй, менавіта ёй, наканавана абараняць яго? І Барбара не супраціўлялася, -- хай бyдзе што бyдзе. Куды больш, чым неспадзяваны паварот у яе лёсе, яе турбавала Нікалета, якая пруцянела ад Мардэра.

Зрэшты, падзеі раскручваліся імкліва. Гендрык прыспешваў: вяселле трэба згуляць яшчэ летам. Нікалета падагравала яго нясцерп.

-- Калі ўжо вы рашылі, дарагія, -- казала яна так, быццам катэгарычна асуджае ўсё, што паміж імі, але не паказвае выгляду, раз ужо ніякай вам рады не дасі, -- калі ўжо вы рашылі пабрацца, -- сказала яна, старанна акцэнтуючы націскі, -- тады ўжо хай хоць баржджэй. Каб цяглыя заручыны маладых не замyчылі!

Вяселле прызначылі на сярэдзіну чэрвеня. Барбара паехала дамоў: маса спраў і клопату. Тым часам Нікалета і Гендрык гастралявалі з камедыяй усяго на дзве ролі па балтыйскіх курортах. Барбары давялося часта заказваць дарагія перагаворы па тэлефоне, пакуль не дабілася, каб ёй прыслалі паперы, патрэбныя для рэгістрацыі шлюбу. За два дні да вяселля прыехала Нікалета -- неабыякая падзея ў жыцці маленькага універсітэцкага гарадка, дзе жылі Брукнеры. Праз дзень прыехаў Гендрык, які заязджаў у Гамбург па новы фрак. Першае, што ён паведаміў Барбары яшчэ на пероне, гэта што фрак неапісальна прыгожы, але на жаль яшчэ не аплачаны. Ён многа і нервова смяяўся. Ён загарэў, на ім быў вельмі светлы, крыху шчыльны летні гарнітур, ружовая кашуля і мяккі срабрыста-шэры капялюш. Смех рабіўся ўсё больш сутаргавы, чым бліжэй пад'язджалі да вілы Брукнера. Барбары нават здалося, што ён пабойваецца знаёмства з яе бацькам.

Тайны радца выглядаў маладую пару каля дзвярэй дома, у садзе. Ён павітаўся з Гендрыкам такім глыбокім і ўрачыстым паклонам, што ў гэтым можна было западозрыць іронію. Але ён не пакепваў. Твар заставаўся сур'ёзны. Форма галавы была такая высакародная, а твар такі тонкі, што аж страшна рабілася. Лоб у маршчынах, доўгі сагнуты нос і шчокі, здавалася, былі з каштоўнай цёмнай слановай касці. Прамежак паміж носам і ротам быў вялікі, яго запаўнялі сівыя вусы. Магчыма, гэты непрапарцыянальны прамежак паміж верхняй губай і носам якраз і надаваў твару крыху ненатуральны выгляд, скажаў яго, быццам у крывым люстры ці на малюнку мастака-прымітывіста. Кідаўся ў вочы таксама і даўжманы падбародак, у барадзе. Спачатку складвалася ўражанне, што тайны радца носіць доўгую бараду, але насамрэч сівая барада была не даўжэйшая за сам падбародак. А падабенства з эспаньёлкай было ад таго, што сам падбародак быў незвычайна доўгі.

На гэтым твары, якому адухоўлены ўзрост надаваў адмысловы шарм, які і палохаў і выклікаў жаль, наймацней уражвалі вочы: яны былі таго глыбокага, мяккага, з пераходам у чарнату цёмнасіняга колеру, які быў вельмі добра вядомы Гендрыку: акурат Барбарыны вочы. Толькі над замроенымі і добрымі вачамі бацькі навісалі цяжкія павекі, і пагляд у яго быў як бы прымглёны, тым часам як дачка глядзела адкрыта і ясна.

-- Мой дарагі гер Гёфген, -- сказаў тайны радца, -- я рады пазнаёміцца з вамі. Дазвольце мне спадзявацца, што ваша падарожжа было прыемнае.

Ягоная вымаўка была выразная, але зусім не нагадвала дэманічнай акцэнтацыі, якую практыкавала ў сабе Нікалета. З любаснай акуратнасцю тайны радца выгаворваў словы, быццам ягонае пачуццё справядлівасці не магло дапусціць занядбання хоць аднаго складу, нават з тымі канцавымі і нязначнымі складамі, на якія звычайна рукой махаюць, ён абыходзіўся ашчадліва і шаноўна.

Гендрык сумеўся. Перш чым адважыцца на святочны выраз твару, ён яшчэ крыху паўсміхаўся, бяссэнсава, прыкладна як тады, калі вітаўся з Дорай Марцін у "Г. М.". Барбара неспакойна паглядвала на яго, але на тайнага радцу такія дзіўныя паводзіны, відаць, зусім не зрабілі ўражання. Ён заставаўся бездакорна карэктны і прыязны. З ласкавай цырымоннасцю ён запрасіў маладых людзей у дом. Барбары, якая хацела прапусціць яго наперад, сказаў:

-- Ідзі першая, дзіця маё, і пакажы твайму сябру, дзе яму пакласці гэты прыгожы капялюш.

У пярэднім пакоі панаваў прыценены халадок. Пачціва ўдыхаў Гендрык пах памяшкання: водар кветак, якія стаялі на сталах і на каміне, змешваўся з тым далікатным і сур'ёзным пахам, які ішоў ад кніг. Бібліятэка запаўняла ўсе сцены да столі.

Гендрыка павялі праз пакоі. Ён напускаў на сябе, нешта балбатаў, каб паказаць, што імпазантнасць памяшкання яго ані не бянтэжыць. Зрэшты, амаль нічога ён і не заўважаў. Так толькі сякія-такія дэталі кідаліся ў вочы: вялікі страшны сабака, ён зарычаў і падняўся, Барбара пагладзіла яго, і сабака адышоў, важна і салідна; партрэт нябожчыцы-маці, якая ласкава глядзела з-пад высокай старамоднай прычоскі; пажылая пакаёўка ці ахмістрыня -- маленькая, дабрадушная і гаваркая -- у неверагодна доўгім накрухмаленым фартуху. Яна прысела ў рэверансе перад жаніхом маладое гаспадынькі, потым доўга і шчыра ціснула яму руку і адразу ж пасля гэтага завяла з Барбарай нyдную гаворку пра хатнія справы. Гендрык здзівіўся, як добра разбіралася Барбара ў кухонных справах і ў садоўніцтве. Зрэшты, яму здалося дзіўным, што старая прыслуга хоць і называе Барбару "ласкавай паненкай", але гаворыць з ёю на "ты".

І вось у гэтых панскіх харомах, засланых цудоўнымі дыванамі, увешаных кілімамі і карцінамі, застаўленых бронзай, жыла-пажывала Барбара; тут прайшла яе маладая краснасць. Гэтыя кнігі яна чытала; у гэтым садзе прымала сяброў. Ахаванае пяшчотнаю любоўю бацькі, прайшло яе дзяцінства, чыстае, запоўненае гульнямі, тайныя правілы якіх былі вядомыя толькі ёй, прайшлі і дзявочыя гады. Апрача кранальнай пяшчоты, безмаль багавейнай, Гендрык адчуў раптам, не рашаючыся прызнацца ў гэтым нават самаму сабе, наплыў зайздрасці. Неадчэпнай пакутай засела думка, што заўтра ў гэтыя пакоі яму давядзецца ўвесці сваю маці Бэлу і сястру Ёзі. Ён загадзя, ужо цяпер, саромеўся іх мяшчанскасці. Шчасце яшчэ, што не зможа прыехаць бацька Кёбес.

Стол накрылі на тэрасе. Гендрык быў у захапленні ад прыгажосці саду, градаў, дрэў і сцежак. Тайны радца паказаў на статую Гермеса, які схаваў у кучаравай бярозавай лістоце статную худзізнy памкнёнага ўгору, гатовага да палёту маладога цела. Гэтым выдатным творам мастацтва, здавалася, гаспадар асабліва ганарыўся.

-- Так, так, ён прыгожы, мой Гермес, -- сказаў ён, і ў яго ўсмешцы прамільгнула нешта падобнае на ўхмылку. -- Кожны дзень я нанава радуюся, што ён мой і што так добра ўпісваецца ў мой бярэзнік.

Вядома, ён радаваўся і таму, што меў многа добрага віна і розных напояў; наліваў сабе ў меру, але даволіўся ўсім па чарзе і ўсё пахвальваў.

-- Люблю маліну, -- задаволена, калі падалі дэсерт. -- Добра. Адпавядае пары года і пахне прыемна.

Настрой, які ішоў ад яго, быў дзіўнай сумессю дамавітай урачыстасці і ўтульнасці, недаступнай халоднасці і зычлівай дагоды. Здаецца, зяць яму спадабаўся. Ён выказваў яму цёплую прыхільнасць, магчыма, не зусім свабодную ад іроніі. Ягоная ўсмешка нібы казала: "Такія тыпы, як ты, дарагі мой, таксама патрэбныя на гэтым свеце. Не скажу, каб мне не было пацешна назіраць за імі, прынамсі, нуда не заесць. Праўда, ні ў калысцы мне пра тое не спявалі, ні сам я сасніць і ўзычыць сабе такога не мог, каб піжон накшталт цябе ў асобе майго зяця застольнічаў поплеч са мною. Але я прывык прымаць рэчы такімі, якія яны ёсць, трэба ўмець бачыць у феноменах лепшыя і смешныя бакі, а зрэшты, мая Барбара, відаць, мела свае разумна ўзважаныя рэзоны ісці за цябе..."

Гендрыку здалося, што ў яго ёсць шанцы на поспех. Далей ужо ён не мог адкладваць спакyсy спадабацца, чаго б там таго ні было, не мог не пайсці выпрабаванай дарогай -- страляць вачыма. Адкінуўшы галаву назад, шматзначна і пераможна ўсміхаючыся, ён зноў надаў вачам падабенства з каштоўнымі камянямі, і, яно яму далося, -- тайны радца быў зачараваны гэтым позіркам. Пажылы чалавек застаўся ўважлівы і захаваў усмешку на твары, калі яго зяць Гёфген пачаў у завучаных словах эфектна выкладаць свае светапогляды, пры чым знаходзіў самыя забойчыя фармyлёўкі для эксплуатарскага цынізму буржуазіі і блюзнерчага шаленства нацыяналістаў. Стары не перабіваў яго ўзнёслай дэкламацыі. Толькі адзін раз падняў худую чырвоную руку, каб уставіць:

-- Вы з такой пагардай гаворыце пра буржуазію, дарагі пане Гёфген. Але я таксама буржуа. Праўда, не нацыяналіст і, спадзяюся, не эксплуататар, -- прыязна сказаў ён.

Гендрык, твар якога над ружовай сарочкай расчырванеўся ад жвавай гутаркі і віна, нешта прамармытаў, што, бач, існуе надбуржуазны тып людзей, якіх умеюць цаніць прыхільнікі ідэй камунізму, што вялікая спадчына буржуазных рэвалюцый і ліберлізму застанецца навечна ў пафасе бальшавізму, і гэтак далей, з самымі прымірэнчымі запэўніваннямі.

Тайны радца рухам рукі і ўсмешкай спыніў гэты паток красамоўства. Але потым, быццам сапраўды хацеў пераканаць Гёфгена ў сваёй палітычнай непрадузятасці, ва ўласцівай яму спаважнай, узважанай, велягурыста грунтоўнай і пераканаўчай манеры расказаў пра тыя значныя ўражанні, якія ён атрымаў ад свайго падарожжа па Савецкім Саюзе.

-- Кожны аб'ектыўны назіральнік павінен прызнаць, і ўсе мы павінны звыкнуцца з думкай, што там нараджаецца новая форма чалавечага суіснавання, -- павольна сказаў ён і паглядзеў блакітным позіркам удалеч, быццам бачыў там вялікія падзеі ў той краіне. І строгім голасам дадаў: -- Гэты факт могуць аспрэчваць толькі дурні альбо ашуканцы.

Але тут жа адразу перамяніў тон.

Папрасіў, каб яму пасунулі міску з малінай, і з хітраватай усмешкай, схіліўшы галаву набок, сказаў:

-- Зразумейце мяне правільна, дарагі гер Гёфген, натуральна, свет гэты мне чужы, нават, баюся, занадта чужы, але ж хіба гэта павінна азначаць, што я адмаўляю яго вялікую будучыню?

І ён кіўнуў Барбары, якая падавала яму вяршкі. Гендрык быў рады, што можна зноў гаварыць. Здавалася, яго не дужа цікавілі падрабязнасці пра Савецкі Саюз. Затое ён палка загаварыў пра рэвалюцыйны тэатр і пра ганенні рэакцыі, якія выпалі яму ў Гамбургу. Ён стаў рэзкі, фашыстаў называў то "звярамі", то д'ябламі", то "ідыётамі" і гнеўна бічаваў тых інтэлігентаў, якія з прычыны гнюсотнага прыстасаванства патураюць ваяўнічаму нацыяналізму.

-- Іх усіх трэба перавешаць! -- усклікнуў Гендрык, нават па стале стукнуў.

Тайны радца прымірэнча зазначыў:

-- Так, так, непрыемнасці былі і ў мяне.

Гэтай заўвагай ён намякаў на вядомыя скандальнасці: бурныя сцэны, якія яму ладзілі студэнты-нацыяналісты, на гнюсныя нападкі рэакцыйнай прэсы.

Пасля трапезы пажылы гаспадар папрасіў актора Гёфгена паказаць што-небудзь з яго рэпертуару. Гендрык, зусім да таго не падрыхтаваны, доўга ўпіраўся. Але тайнаму радцу хацелася пазабавіцца: калі ўжо яго дачка выйшла замуж за камедыянта ў ружовай кашулі і з маноклем, дык ён, бацька, прынамсі, спадзяецца на прадстаўленне. І давялося Гендрыку дэкламаваць у гасцёўні вершы Рыльке. Нават пажылая ахмістрыня і сабака прыйшлі паслухаць яго. Да маленькай аўдыторыі далучылася таксама і Нікалета, якая не абедала з імі і якую тайны радца прывітаў з іранічнай цырымонлівасцю. Гендрык вельмі стараўся, пусціў у ход усе сродкі, зрабіў сваю справу вельмі добра і заслужыў апладысменты. Калі ён закончыў выступ урыўкам з "Карнэта", тайны радца не без хвалявання паціснуў яму руку, а Нікалета, узорна артыкулюючы, пахваліла яго "выдатную вымаўку".

На другі дзень прымалі абедзвюх дам Гёфген -- маці і дачку. Гендрык сказаў Барбары, чакаючы іх на пероне:

-- Сама ўбачыш: Ёзі кінецца мне на шыю і раскажа, што зноў заручылася. Гэта жахліва -- яна заручаецца сама мала раз кожных паўгода, і з кім, абы з кім! Мы заўсёды радуемся, калі ўсё канчаецца разрывам. Мінулага разу гэта ледзь не скончылася смерцю бацькі. Жаніх быў аўтагоншчык, ён узяў бацьку з сабой у машыну, і паездка завяршылася ў яры. Аўтагоншчык, дзякаваць богу, сканаў, а бацька толькі нагy выкрyціў. Вядома, ён вельмі шкадуе, што не можа быць сёння з намі.

Усё было, як і прадказаў Гендрык: сястра Ёзі у яркай жоўтай летняй сукенцы ў чырвоныя кветкі, выпырхнула з вагона, пакуль маці корпалася з чамаданамі ў купэ, кінулася брату на шыю і бурна запатрабавала, каб ён павіншаваў яе. Гэтым разам гаворка ішла пра некагась, хто працаваў на кёльнскім радыё.

-- Я змагу спяваць перад мікрафонам! -- радавалася Ёзі. -- Ён казаў, што я вельмі здольная. Увосень мы пажэнімся, ты шчаслівы, Гайні? Гендрык! -- паправілася яна вінавата. -- Ты таксама шчаслівы? -- Гёфген строс яе, як настырлівага сабачку, і паспяшаўся насустрач маці, якая ў акно гyкнyла насільшчыка. Ёзі тым часам расцалавала Барбару ў абедзьве шчокі.

-- Як я радая пазнаёміцца з табою, -- трашчала яна. -- Канечне, мы павінны перайсці на "ты". "Вы" было б занадта крута для нявестак. Вой, я такая радая, што Гендрык нарэшце жэніцца, дагэтуль толькі я заручалася! Гендрык напэўна расказваў табе, як яно блага скончылася мінулага разу. Татава нага дагэтуль у гіпсе. А вось y Канстанціна сапраўды выдатнае становішча на радыё. Мы ў кастрычніку пабяромся! А ты цудоўна глядзішся, Барбара, і адкуль у цябе гэтая сукенка, напэўна сапраўдная парыжская мадэль!

Гендрык падвёў да Барбары маці, і яго твар заззяў, калі яна працягнула дзяўчыне абедзьве рукі.

-- Мілае, мілае дзіця, -- сказала фраў Гёфген, і вочы яе павільготнелі.

Гендрык усміхнуўся пяшчотна і горда. Ён любіў сваю маці. -- Барбара зразумела гэта і ўзрадавалася. Праўда, часам ён саромеўся за яе, яна была недастаткова далікатная, ён саромеўся яе вульгарных манераў. Але тым не маней ён любіў яе: гэта адразу было відаць па яго вясёлым выглядзе і па тым, як ён прыціснуў яе руку да сваёй.

Якія яны былі падобныя, маці і сын! Ад фраў Бэлы Гендрык успадкаваў доўгі, роўны, крыху мясісты нос з рухавымі ноздрамі, мяккі і пачуццёвы рот; моцны высакародны падбародак з характэрнай ямкай; вялікія шэра-зялёныя вочы; ускінутыя светлыя бровы. Толькі ўсё гэта ў прастадушнай дамы было без ніякіх прэтэнзій, больш сціпла, чым у сына: у яе абліччы не адчувалася нічога дэманічнага. Вочы ў яе не ззялі, на вусны не прасілася ні сцярвозна-спакуслівая, ні пяшчотна-жаласная ўсмешка. Фраў Бэла была энергічная, дабрадушная, выдатна захаваная жанчына пяцідзесяці з нечым гадоў, са свежым сімпатычным тварам, прыемнымі пышнымі грудзьмі, светлай завіўкай пад саламяным капелюшыкам з кветкамі і канапацінкамі на носе. У яе не было прычыны лічыць сябе старою і адмаўляцца ад радасцяў жыцця.

-- Часам хочацца развеяцца, -- сказала яна рашуча. Потым збянтэжылася і пачала нешта балбатаць пра дабрачыннае свята, на якім было так весела. Дамы з Кёльна выстаўлялі на продаж для сіротак асвяжальныя напоі, кветкі і творы мастацтва, лічылася ганаровым браць у гэтым удзел, і таму фраў Гёфген без ваганняў узяла на сябе ролю прадаўшчыцы шампанскага: за шклянку шампанскага яна брала пяць марак -- дарагавата, але ж гэта было на карысць і дабро сіроткам. Але пасля папаўзлі агідныя плёткі: гнюсныя людзі дайшлі да такога нахабства, што сцвярджалі, быццам фраў Бэла гандлявала шампанскім не з гуманнасці, а выручала грошы фірме, якая пастаўляла шампанскае, дзе яна, фраў Бэла, служыла, і мала таго, быццам яна далася пацалаваць сябе -- можаце сабе ўявіць! дазволіла сябе пацалаваць, ды яшчэ ў грудзі!

Маці паведаміла гэта Гёфгену з праведным абурэннем. Яны ехалі ў адкрытай машыне па летнім горадзе.

Ад гневу твар яе пачырванеў, яна выцірала пот з лоба і крычала:

-- Гэта ж прорва гнюсоты! Я здала ўсё да апошняга пфеніга, а зарабіла больш, чым іншыя дамы -- нават падзяку ад прыюта мела. Праўда, адзін нейкі хацеў пацалаваць мяне ў руку, але я кажу яму: адчапіцеся, кажу, неразумны вы чалавек, кажу яму, пакіньце гэта! -- і дала б яму поўху, калі б ён адразу не перапрасіўся. Людзі ж такія злыя, паводзься беззаганна -- усё адно распусцяць пра цябе якую-небудзь агіднасць. Але цяпер у іх адпадзе ахвота языкамі перакладаць, цяпер ты заткнеш ім рот, га, Гендрык?

І фраў Бэла кінула горды пагляд спачатку на сына, пасля на Барбару. Гендрык пакутаваў ад наіўнай бестактоўнасці маці. Ён чырванеў, кусаў губы і нарэшце з гора пачаў распісваць прыгажосці вуліцы, па якой яны ехалі.

Тайны радца прыняў дам каля весніц з такой самай вясёлай урачыстасцю, як і за дзень да таго Гендрыка. Барбара правяла Бэлу і Ёзі наверх памыць рукі і прыпудрыць насы. Праз гадзіну на дзвюх машынах паехалі ў бюро рэгістрацыі шлюбаў. У машыне Брукнера, апрача маладога з маладою, сядзелі фраў Гёфген і сам тайны радца. За імі ў таксі ехалі Нікалета, Ёзі, старая ахмістрыня і сябар маладосці Барбары Себасцьян, чыя прысутнасць крыху здзівіла Гендрыка.

Афіцыйная цырымонія не задоўжылася. Нікалета і тайны радца былі за сведкаў. Усе былі крыху ўсхваляваныя, фраў Бэла і маленькая ахмістрыня нават прыплакнулі, а Ёзі нервова смяялася. Гендрык адказваў на пытанні чыноўніка прыглушаным голасам, вочы яго касавурылі. Барбара не зводзіла позірку з чалавека, які стаяў побач з ёю і ўжо лічыўся яе мужам. Пайшлі пажаданні шчасця, цалункі. Усім на здзіўленне Нікалета ясным голасам па-прасіла ў фраў Бэлы дазволу называць яе "цёць-Бэлай", і калі тая згадзілася, з несамавітай карэктнасцю пацалавала яе ў руку. Раскошная дзяўчына была сёння асабліва бліскучая і аж звінела ад весялосці. Яна трымался вельмі проста ў белай, цвёрдай, як браня, ільняной сукенцы з шырокім ярка-чырвоным лакіраваным поясам.

-- Я радая, мая мілая, што ўсё так добра зладзілася, -- крыху бесталкова, хоць і ясна сказала яна Барбары. Яе прыгожыя кашэчыя вочы ззялі. Яна адвяла фройляйн Ёзі ўбок, каб параіць ёй новы выдатны сродак ад канапацінак, які, як яна нечакана зманіла, яе бацька прыдумаў і ўвёў ва ўжытак на ўсім Далёкім Усходзе.

-- Вы маглі б ім скарыстацца, дарагая фройляйн! -- з пагрозай у голасе сказала Нікалета; з нейкага незразумелага капрызу яна пажадала перайсці на "ты" з фраў Бэлай, але не з Ёзі. -- У вас жа носік зусім сапсаваны. -- Пры гэтым яна вельмі строга агледзела канапаціны, якія не толькі абсыпалі ўвесь какетліва задзёрты кірпаты носік, але, хоць і не дужа густа, частку шчок і лоба: менавіта так спіралевідныя туманнасці ці малочныя шляхі космасу на ўскраінах робяцца больш рэдкімі і празрыстымі.

-- Я і сама ведаю, -- сказала Ёзі прысаромлена. -- Летам проста спасу няма. Але Канстанціну падабаецца, -- дадала яна, суцешаная, і адразу перайшла да расказу пра добрае становішча яе жаніха на кёльнскім радыё.

Барбарына бабуля, генераліха, паявілася толькі на ленч. Адным з прынцыпаў старой дамы было ніколі не карыстацца аўтамабілем; дзесяць кіламетраў паміж яе маёнтачкам і Брукнеравай вілай яна адольвала ў старамоднай калясцы і заўсёды спазнялася на ўсякія сямейныя святы. Прыгожым, вельмі зычным голасам шырокага дыяпазону -- ад густога басу да вярхоўяў дысканту -- яна бедавала, што спазнілася на саму цырымонію.

-- Ну, і які ж вы з сябе, мой дарагі новы ўнучак, -- сказала вясёлая бабулька, фіксуючы Гендрыка ў ларнетку, якая вісела на доўгім срэбраным, упрыгожаным каштоўнымі камянямі ланцужку ў яе на грудзях. Агляд працягваўся доўга. Гендрык аж сумеўся, не ведаючы, куды сябе падзець. Зрэшты, старой Гендрык, здаецца, спадабаўся. Апусціўшы нарэшце ларетку, генераліха срабрыста засмяялася.

-- Няблага, няблага, -- канстатавала яна, узяўшыся ў бокі і весела кіўнуўшы Гендрыку. На яе белым напудраным твары яркія і рухавыя вочы гаварылі яшчэ больш красамоўна, разумней, мацней і больш пераканаўча, чым вусны.

Такой дзівоснай старой дамы за ўсё сваё жыццё Гендрык не сустракаў. Генераліха куды як спадабалася яму. У яе была знешнасць арыстакраткі ХVІІІ стагоддзя: высакамерны, разумны, вясёлы і строгі твар ахінала сівая прычоска, прыкрываючы вушы цвёрдымі валікамі. Здавалася, на патыліцы ў яе павінна быць каса. Дзіўна і крыху расчароўвала, што яе не было. У жамчужна шэрым летнім касцюме з карункавым рушам каля шыі і на апусцах яна выглядала па-ваеннаму статна. Шырокае калье выдатнага старога вырабу з матавага срэбра і блакітных камянёў, у тон камяням на ланцужку ларнета, ад рушу да самага падбародка хавала шыю і было падобна на высокі каўнер мундзіра.

У кожнай кампаніі, куды яна ўваходзіла, генераліха кіравала, да іншага яна і не прывыкла. У канцы ХІХ стагоддзя яна лічылася адной з самых прыгожых жанчын нямецкага свету. Нават у першыя два дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя шмат гаварылі пра яе прыгажосць, і ўсе вялікія мастакі эпохі пісалі яе партрэты. У яе салоне прынцы і генералы сустракаліся з паэтамі, кампазітарамі і мастакамі. Шмат гадоў падрад у Мюнхене і Берліне пра розум і арыгінальнасць генераліхі гаварылася амаль столькі ж, колькі і пра яе прыгажосць. А як што яе муж -- памёр ён некалькі гадоў назад -- карыстаўся ласкай у самых высокіх колах і, дарэчы, да таго ж быў багаты, ёй даравалі погляды, перакананні і манеры, якія на іншую накінулі б папрокі за эксцэнтрызм і нават непрыстойнасць. Самому кайзеру кінулася ў вочы яе прыгажосць. Таму яна ўжо ў 1900-м змагла выступіць за жаночае раўнапраўе. Яна напамяць ведала "Заратустру" і часта дэкламавала з яго ўрыўкі, на непрыемнае здзіўленне арыстакратычных гасцей, якія лічылі гэты твор сацыялістычным. Яна ведала Франца Ліста і Рыхарда Вагнера. Яна перапісвалася з Генрыкам Ібсэнам і Б'ёрнст'ерyе Б'ёрнсанам. Здаецца, яна ж была і супроць смяротнага пакарання. Ёй даравалі яе вобраз думак, у якім дзёрзкая нядбаласць вельмі дзівосна спалучалася з гордай годнасцю.

Генераліха зрабіла на Гендрыка ўражанне куды большае, чым тайны радца. Толькі цяпер ён па-сапраўднаму зразумеў, у які бліскучы свет уступіў. Яго добрая маці Бэла, відаць, мела рацыю, толькі не трэба было так бестактоўна намякаць на гэта: перад абліччам такога сваяцтва у абываталяў горада Кёльна адпадзе ахвота да гнюсных паклёпаў і плётак пра нібыта заняпад сямейства Гёфгенаў. Барбара яшчэ больш паднялася ў яго вачах, калі ён убачыў, якія блізкія адносіны ў яе з яе светлазарнай бабуляй. Барбара ўсе канікулы і да таго ж мала не кожную нядзелю бавіла ў маёнтку генераліхі -- Гендрык успомніў, што і раней чуў пра гэта. Непараўнаная старая дама чытала сваёй унучцы Дзікенса і Талстога -- захапленнем ў старое было -- чытаць уголас, і чытала яна вельмі выразна, -- апрача таго, яны разам ездзілі вярхом па маёнтку, які Гендрыку ўяўляўся вельмі арыстакратычным, накшталт англійскага парку, да таго ж рамантычнага, -- лес, пранізаны срабрыстымі рачулкамі, пагоркі, даліны, цясніны і выдатныя краявіды. І зноў, калі Гендрык думаў пра бліскучае дзяцінства Барбары, да захаплення дамешвалася пачуццё зайздрасці. Бесклапотная маладосць, вытанчаная культура і амаль абсалютная свабода... Побыт бацькоўскай вілы; святочны адпачынак у маёнтку такой княскай дамы, які праз сваю рэгулярнасць зрабіўся амаль руцінай. Ці ж мог Гендрык прытупіць у сабе пачуццё горычы, параўноўваючы яе дзяцінства са сваім?

Бо ў Кёльне, у бацькі Кёбеса, цяпер прыкаванага праз зламаную нагу да ложка, не было ні парку, ні залаў, засланых дыванамі, ні бібліятэкі, ні карцін; наадварот, там былі пыльныя пакойчыкі, у якіх Бэла і Ёзі кіпуча шуравалі, калі прыходзілі госці, але кіслі і апускаліся, як толькі заставаліся адны. Бацька Кёбес не вылазіў з даўгоў і скардзіўся на людскую подласць, калі на яго націскалі крэдыторы. Але яшчэ пакутлівей за хандру былі яго прыступы дабрадушнасці ў святы, а тое і зусім без ніякай прычыны. Тады гатавалі "пуншэц", і тата Кёбес запрашаў усіх спяваць разам з ім канон. Малады Гендрык, праўда, аднекваўся. Бледны і змрочны, сядзеў ён у сваім куце, і адзінай яго думкай было: "Мне трэба вырвацца з гэтага асяроддзя, трэба пакінуць яго як мага хyтчэй..."

"Добра Барбары, -- думаў ён цяпер, гутарачы з генераліхай. -- Перад ёю былі адкрытыя ўсе дарогі. Яна тыповае дзіця буйнога капіталу. Як здзівілі б яе чорныя бакі жыцця, якія зведаў я. Усё, чаго я даб'юся, і чаго ўжо дабіўся, -- усё гэта я сам, сам, дзякуючы сваім намогам". Не без з'едлівасці ён сказаў сваёй маладой жонцы, калі яна падвяла яго да стала, заваленага віншавальнымі тэлеграмамі і падарункамі:

-- Тэлеграмы, вядома, усе табе. Мяне няма камy віншаваць.

Барбара засмяялася, як падалося яму, даволі пагардліва і нават самазадаволена:

-- Наадварот, Гендрык. Многія павіншавалі аднаго цябе, напрыклад, Мардэр.

З вялікага стоса пісьмаў, паштовак і дэпешаў яна выбрала тыя, што былі адрасаваныя Гендрыку. Апрача Тэафіла Мардэра, чыё віншаванне было складзена ў шматзначна-карэктных, яўна пагардлівых выразах, ляжалі віншаванні ад маленькай Ангелікі Зіберт, дырэктараў Шміца і Кроге, Геды фон Гэрцфэльд і -- ён жахнуўся -- ад Джульеты. Адкуль яна даведалася адрас, дату? Гендрык пабялеў, змяў тэлеграму. Каб адцягнуць увагу, ён пачаў іранічна-ўзнёсла захапляцца падарункамі, якія атрымала Барбара: парцалян і срэбра, крышталь, кнігі, акрасы, любоўна і старанна выбраныя сябрамі і родзічамі.

-- І што ж нам з усім гэтым рабіць? -- спытала Барбара, бездапаможна азіраючы раскладзеныя на стале даброты. Гендрык думаў пра тое, як элегантна глядзеліся б усе гэтыя штучкі ў ягоным гамбургскім пакоі. Але нічога не сказаў, усміхнуўся і паціснуў плячыма.

Падышоў малады чалавек, прысутнасць якога крыху непакоіла Гендрыка, -- Себасцьян. Ён гаварыў з Барбарай таропка, на нейкім цяжка зразумелым, багатым інтымнымі намёкамі жаргоне. Гендрык толькі з вялікай цяжкасцю ўлоўліваў сутнасць. Сам сабе зазначыў, што гэты хлопец, якога Барбара называе сябрам маладосці, пра якога кажа, што ён піша цудоўныя вершы і разумныя артыкулы, яму вой які несімпатычны. "Ён фанабэрысты і нязносны!" -- думаў Гендрык, сумеўшыся ў прысутнасці Себасцьяна, хоць той быў з ім вельмі ветлівы. Але менавіта гэтая прыязная ветлівасць, якая ні да чога не абавязвала, абражала яго. Попельна-светлыя валасы Себасцьяна густа ападалі на лоб; у яго былі чыстыя, крыху стомленыя рысы, доўгі нос, а вочы шэрыя, прымглёныя. "Мабыць, яго бацька таксама які-небудзь прафесар чагось там, ці нешта такое падобнае, -- рашыў сабе Гендрык. -- Спешчанае, дасціпнае дзіцятка, менавіта з такіх, што псуюць маладых дзяўчатак, такіх, як Барбара".

Пасля застолля сядзелі разам у скляпку: на тэрасе было ўжо гарачавата. Фраў Бэла палічыла мусовым пагаварыць пра літаратуру. Яна расказала, што ў цягніку прачытала нешта страшна мілае, што літаральна ўразіла яе, -- як гэта яго, прозвішча аўтара, "ну, вось гэтага рускага, вялікага! Самага вялікага іхняга!" -- усклікала нябога, уся ў пакуце.

-- І як гэта я забыла прозвішча, гэта ж мой любімы пісьменнік!

Нікалета спыталася, ці не пра Талстога яна.

-- Ну так, -- Талстой! -- радасна пацвердзіла фраў Бэла. -- Я ж і кажу -- самы вялікі! Гэта была нейкая яго зусім новая рэч...

Неўзабаве высветлілася, што гэтыя захапленні ў маці Гёфгена выклікала апавяданне Дастаеўскага. Гендрык пачырванеў, як печаны рак. Каб змяніць тэму размовы і даказаць пыхліваму колу, што ў цяжкія моманты ён не здрадзіць сваёй маці, ён пачаў дэманстрацыйна гутарыць толькі з ёю і з вясёлым смехам перабіраў розныя пацешныя прыгоды са свайго мінулага. Як забаўна было, калі маці з сынам на масленіцу зладзілі маскарад і напалохалі бацьку Кёбеса! Фраў Бэла пераапранулася ў пашу, а маленькі Гендрык, якога тады звалі Гайнцам (але цяпер гэта не згадвалася), -- у баядэру. Усё перавярнулі дагары нагамі. Тата Кёбес не верыў сваім вачам, калі явіўся дадому.

-- Мама першая зразумела, што маё пакліканне -- тэатр, -- сказаў Гендрык, любоўна зірнуўшы на маці. -- Тата доўга не хацеў пра гэта нічога чуць.

Потым ён расказаў гісторыю, як пачыналася яго тэатральная кар'ера. Гэта было яшчэ ў ваенныя часы, у 1917 годзе, і Гендрыку толькі што споўнілася васемнаццаць, калі ён на абрыўку газеты знайшоў аб'яву, з якое вынікала, што франтавы тэатр на акупаванай тэрыторыі ў Бельгіі шукае маладых артыстаў.

-- Але ў якім месцы я знайшоў гэты лёсавызначальны абрывак газеты, -- сказаў Гендрык, -- я не магу вам сказаць... -- Усе зарагаталі, ён зрабіў выгляд, што яму страх як няёмка, і, закрыўшы твар рукамі, cказаў: -- Ну так, так, баюся, вы адгадалі...

-- У клазеце! -- трыумфальна ўсклікнула генераліха, і рогат яе закалыхаўся ад глыбокага басу да срабрыстых вышыняў.

Пакуль агульная весялосць усё больш закіпала, Гендрык перайшоў да прыгодаў з жыцця вандроўнага тэатра, дзе яму даводзілася іграць ролі бацькоў. Цяпер ён мог, не саромеючыся, весела, запусціць увесь свой выпрабаваны рэпертуар і зноў ззяць: бо ў гэтых колах ніхто такіх сюжэтаў не ведаў. Толькі Барбара часткова іх ведала і таму здзіўлена і нават з нейкай агідай назірала за апавядальнікам.

Увечары прыйшло некалькі сяброў, і Гендрык здолеў надзець неаплачаны фрак, які дзівосна яму пасаваў. Пасля смажаніны тайны радца пастукаў відэльцам па келіху з шампанскім і сказаў прамову. Ён звярнуўся з вітаннем да ўсіх прысутных і найперш да маці Гендрыка і яго сястры -- прычым фраў Бэлу ён з жартаўлівай ветлівасцю называў "яшчэ адной маладой фраў Гёфген", -- а пасля перайшоў да праблемаў шлюбу і асобы і, у прыватнсці, да заслугаў перад мастацтвам свайго новага зяця. Тайнаму радцу, які старанна і спрытна падбіраў словы, удалося акрэсліць артыста Гёфгена як нейкага казачнага прынца, які ўдзень здаецца непрыкметным, а ўвечары ўмее магічна пераўвасабляцца.

-- Вось ён! -- усклікнуў Брукнер і доўгім вузкім пальцам паказаў на Гендрыка, які адразу злёгку пачырванеў. -- Вось ён сядзіць, падзівіцеся на яго! Ён здаецца статным маладым чалавекам -- вядома, ён вельмі салідна глядзіцца ў сваім выдатна скроеным фраку, але тым не меней ён адносна непрыкметны. Непрыкметны менавіта ў параўнанні з той складанай чароўнай постаццю, якая ўвечары ў святле рампы рухаецца па сцэне. Тады ён ззяе, тады перад ім не ўстаяць!

Натхнёны тэмай, вучоны параўнаў артыста Гёфгена, хоць ні разу не бачыў яго на сцэне, а ведаў толькі як чытальніка вершаў Рыльке, са светляком, які ўдзень сціпла крыецца, каб тым больш ярка пераўтварацца начамі. Тут Нікалета зарагатала, а генераліха задзынькатала ланцужком ларнета.

У завяршэнне прамовы тайны радца падняў тост у гонар маладой пары. Гендрык пацалаваў Барбару ў руку.

-- Якая ты прыгожая! -- сказаў ён і душэўна ёй усміхнуўся.

На Барбары была сукенка з цяжкага жаўтлявага шоўку. Нікалета яе раскрытыкавала, даказвала, што сукенка нямодная, надуманая, што адразу відаць рука хатняй краўчыхі. Але ніхто не мог аспрэчыць, што сукенка ёй вельмі да твару. Над шырокім каўняром са старадаўніх карункаў -- адзін з вясельных дарункаў генераліхі -- кранальна і статна падымалася загарэлая шыя. Усмешка, якою яна адказала Гендрыку, была крыху рассеяная. І на каго скіраваны гэты яе чорна-блакітны, мяккі, выпрабавальны, крыху заклапочаны позірк? У кожным разе не на яго, Гендрыка. Збіты спанталыку ён азірнуўся. І ўбачыў Себасцьяна, сябра Барбары: нехлямяжы, з паніклымі плячмі, выцягнуўшы наперад галаву, стаяў ён за некалькі крокаў ад маладых. Твар y яго быў азмрочаны, на ім чыталася насцярожаная чуласць. Ён неяк дзіўна перабіраў пальцамі абедзвюх рук, быццам іграў на раялі. Што гэта? Можа, падае Барбары таемныя знакі, толькі ім дваім зразумелыя? І да чаго ён прыслухоўваецца, працмыга? І чаму такая туга на ягоным твары? Можа, ён кахае Барбару? Ну, вядома ж, ён кахае Барбару. Мабыць, хацеў ажаніцца з ёю. Можа, калісьці даўным-даўно яны па-дзіцячы заручыліся? "А я яму ўсё сапсаваў!, -- падумаў Гендрык, не ведаючы, радавацца, а ці не. -- Як ён, мабыць, ненавідзіць мяне!" Ён адвярнуўся ад Себасцьяна і паглядзеў на іншых гасцей -- сяброў славутага дома. І знайшоў раптам, што ва ўсіх былі сумныя твары. Гендрык не запомніў імёнаў, калі яму прадстаўлялі гасцей, але ясна, гэта былі прафесары, пісьменнікі, славутыя ўрачы. Некалькі маладых людзей, як яму здалося, былі містычна падобныя на Себасцьяна. Дзяўчаты ў вячэрніх туалетах здаваліся выстраенымі ў маскарадныя касцюмы, як калі б яны звычайна насілі шэрыя штаны з фланэлі, белая халаты, як лабаранты, альбо зялёныя фартухі садоўнікаў. У позірках, скіраваных на яго, Гендрыку мроілася зайздрасць, замешаная на пагардзе. Няўжо яны ўсе аж так любяць Барбару? І ён ва ўсіх адабраў яе? Значыцца, з ім, хто ўварваўся ў іхняе жыццё падазроным тыпам, сядаюць за адзін стол толькі дзеля загадкавага і, відаць, мімалётнага капрызу Барбары? Абгаворвалі процьму нейтральных рэчаў: новую кнігу, новую тэатральную пастаноўку, палітычнае становішча, якое ўсіх непакоіла. А Гендрык думаў, што ўсе занятыя толкі ім адным. Гавораць толькі пра яго, смяюцца толькі з яго...

Яму хацелася схавацца, так раптам брыдка яму зрабілася. Тайны радца проста рашыў паздзекавацца з яго ў сваёй прамове. І тут раптам усё, што ён перажыў сёння, здалося яму варожым, пакеплівым і прыніжальным. І смешная іранічная зычлівасць тайнага радцы, яшчэ зусім нядаўна прыемная яму, па сутнасці больш крыўдзіць і абражае, чым любая суровасць і адкрытая пыха... Цяпер толькі Гендрыку зрабілася ясна, колькі пагарды і здзеку і ў вясёлай бесцырымоннасці генераліхі. Праўда, яна імпазантная, яна сапраўдная гранд-дама і выглядае шыкоўна, вось хоць бы і цяпер, калі велічнай паходкай, басклапотна пазвякваючы ланцужком ларнета, набліжаецца да маладых, уся ў белым, на шыі ў тры рады шнурок вялікіх, з матавым адлівам жамчужын, Калі за абедам у сваім чорным касцюме яна нагадвала маркізу ХVІІІ стагоддзя, дык цяпер у белай сукні, упрыгожанай каштоўнымі камянямі, была больш падобная на Папу Рымскага. Велічнасць манераў і паставы кантраставала са смелай нязмушанасцю яе слоў.

-- Мне трэба чокнуцца са светляком і з маёй бyбачкай Барбарай! -- усклікнула яна. І памахала келіхам з шампанскім.

З другога кута да іх падышла Нікалета, таксама з келіхам. Яна бліскала вачыма, а ярка нафарбаваныя губы тонка крывіліся.

-- За здароўе маладых! -- усклікнула генераліха.

-- За ваша здароўе! -- усклікнула Нікалета.

Гендрык чокнуўся спачатку з велікакняскай бабуляй. Потым з Нікалетай, дзяўчынай, якую занесла ў гэтыя колы такая самая незвычайная доля, як і ягоная. Гэтую дзівосную, каго з цікаўнасці і паблажлівасці трывалі тайны радца і фанабэрыстая генераліха, ахоўвала глыбокая Барбарына любоў. У гэты момант Гендрык ясна адчуў блізкасць -- нешта накшталт братавай сімпатыі да Нікалеты. Ён зразумеў: яны роўныя. Праўда, бацька яе быў літаратар і авантурыст, які зачароўваў багему на пераломе стагоддзяў жыццяздольнасцю і цынічным розумам, тым часам як мяшчанская несаліднасць таты Кёбеса не магла зачараваць нікога і толькі выклікала нянавісць крэдытораў. Але сярод усіх гэтых адукаваных, багатых (праўда, большасць прысутных зусім не былі багатыя, але Гендрык усіх іх лічыў страшна багатымі), сярод самаўпэўненых, іранічных, дасціпных людзей, з якімі Барбара была свая, абое яны з Нікалетай гралі адну ролю, ролю белых варон. І абаім у глыбіні душы хацелася скарыстаць гэтыя колы дзеля свайго ўзвышэння, а потым, узнёсшыся, парахавацца з ўсімі разам.

-- За ваша здароўе! -- адказаў Гендрык. Яго келіх, ціха пазвоньваючы, сутыкнуўся з Нікалеціным.

Барбара смяялася і нешта балабоніла, абыходзячы стол, і падышла тым часам да свайго бацькі. Яна моўчкі абвіла рукамі яго за шыю і пацалавала.

Нікалета, якая суправаджала маладую пару ў невялікім вясельным падарожжы, параіла выдатны гатэль на беразе аднаго верхнебаварскага азярца. Барбара была тут вельмі шчаслівая: яна любіла гэтыя мясціны, тутэйшыя пагоркі, лясы, лугі і воды, такія просценькія і ўсё ж не без рамантычнага хараства, нешта гераічнае і смелае ўспрымалася ў іх як стыхія, як далейшая магчымасць. У ветранае надвор'е здавалася, быццам горы зусім блізенька, а пры захадзе сонца іх вострыя вяршыні і аснежаныя схілы здаваліся крывавымі. Але яшчэ прыгажэйшымі здаваліся Барбары гэтыя горы за гадзіну да змяркання, калі яны бляднелі ў ільдзяным спакоі, быццам створаныя з крохкай, каштоўнай субстанцыі -- не са шкла, металу альбо каменя, а з чагосьці зусім яшчэ нябачанага.

Гендрык не ўспрымаў прыгажосці і велічы мясцовасці. Атмасфера элегантнага гатэля непакоіла і мітрэнжыла яго. Ён паводзіў сябе з кельнерамі недаверліва і раздражнёна. Казаў, што яго яны абслугоўваюць горш, чым астатніх, і папракаў Барбару, што яна прымушае яго жыць не па сродках. З другога боку, яму была прыемная выбранасць публікі, што насяляла гатэль.

-- Апрача нас тут амаль толькі адны англічане! -- задаволена канстатаваў ён.

Нягледзячы на нервознасць Гендрыка, перажылі яны тут і вясёлыя гадзіны. З раніцы ўсе трое ляжалі на дашчаных мастках, якія далёка заходзілі ў блакітную ваду, да якіх удзень прычальваў маленькі, белы з золатам, пацешны параходзік. Нікалета займалася гімнастыкай і трэніравалася. Яна скакала цераз вяроўку, хадзіла на руках, выгіналася, аж даставала лобам да зямлі, а Барбара ляніва выгравалася на сонейку. Затое падчас купання Барбара давала сто ачкоў форы спрытнай Нікалеце: Барбара хутчэй і даўжэй плавала. Што да Гендрыка, дык ён увогуле не прыдаваўся на ніякія спартыўныя высцігі. Ён крычаў, толькі ступіўшы ў халодную ваду, і толькі пасля доўгіх угавораў і кпінаў Барбара прымушала яго зрабіць некалькі плавальных рухаў. Не заходзячы на глыбокае, Гендрык моршчыўся і пакутаваў у небяспечнай стыхіі. Барбара весела назірала за ім. Аднаго разу крыкнула яму:

-- Проста смешна, які ты падобны на маці, асабліва калі плаваеш. Божухны, у цябе ж рыхтык яе твар!

Гендрык ад смеху не мог ужо грэбці рукамі і так наглытаўся вады, што, каб крыхy -- yтапіўся б. Затое як бліскуча ён паказаў сябе ўвечары на танцах! Усе госці і нават кельнеры прыйшлі ў захапленне, калі ён павёў у танга Нікалету, а пасля Барбару. Ніхто больш не ўмеў так грацыёзна і велічна рухацца.

Гэта быў сапраўдны канцэрт. Усе пляскалі, калі Гендрык закончыў. Ён раскланьваўся, усміхаўся, быццам на сцэне. Калі ён адчуваў сябе часткай публікі, чалавекам сярод людзей, прыходзіла нясмеласць, яму рабілася не па сабе. Упэўненасць вярталася, yпэўненасць пераможцы, калі меў магчымасць аддзяліцца ад публікі, уступіць у палосу яркага святла і ззяць. Па-сапраўднаму бяспечна было толькі на ўзвышэнні, сам-насам з натоўпам, які існаваў толькі дзеля таго, каб схіляцца перад ім, артыстам, захапляцца ім, апладыраваць ямy.

Аднаго разу неяк выявілася, што на беразе возера, прыгажосць якога так горача расхвальвала Нікалета, стаіць віла Тэафіла Мардэра. Барбара прыціхла, і вочы ў яе пацямнелі ад задумлівасці, калі яна даведалася пра гэта. Спачатку яна адмовілася наведаць сатырыка. Але нарэшце дазволіла Нікалеце ўгаварыць сябе і згадзілася паўдзельнічаць у экскурсіі. Возера пераехалі на белым з золатам параходзіку, які так часта бачылі каля масткоў. Надвор'е было цудоўнае; лёгкі свежы ветрык варушыў сінюю, як неба ваду. Чым больш весялела Нікалета, тым больш цішэла Барбара.

Тэафіл Мардэр чакаў гасцей на беразе. Ён быў у спартовым касцюме ў буйную клетку з шырокімі штанамі-гольф і ў белым трапічным шлеме, які глядзеўся на ім вельмі дзіўна. Гаворачы, ён не вымаў з рота кароткай англійскай люлькі. Калі Нікалета спыталася ў яго, з якіх гэта давён ён курыць люльку, той у адказ толькі рассеяна ўсміхнуўся.

-- Новы чалавек -- новыя звычкі. У мяне пераўтварэнні. Кожнай раніцы я палохаюся. Прачынаюся, і я ўжо не той, якім заснуў звечара. Мой розум мацнее за ноч. У сне мне ўдаюцца неверагодныя адкрыцці. Таму я так многа сплю: не менш чатырнаццаці гадзін.

Гэта паведамленне, якое наўрад ці было здольнае зняць неспакой ад трапічнага шлема, было аздоблена шчырым бляяннем -- смяшком. Але потым Тэафіл паводзіўся ўжо прыстойна. З Гендрыкам і Нікалетай ён быў элегантна ласкавы, а Барбары, здалося, проста не заўважаў.

Пасля таго як яны перакусілі ў вялікай, светлай і элегантнай сталовай, ашаляванай панелямі нефарбаванага дрэва, Тэафіл абняў Гёфгена за плячо і адвёў яго ўбок.

-- Ну вось, між намі, мужчынамі, -- сказаў драматург, палымнеючы вачыма і цмокаючы сінімі губамі. -- Вы задаволеныя вашым эксперыментам?

-- Якім эксперыментам? -- пацікавіўся Гендрык.

Адказам быў рогат. Тэафіл яшчэ мацней зацмокаў прагным ротам.

-- Як якім? Ну ясна ж, вашай жаніцьбай! -- прашаптаў ён сіпла. -- Вы тыпус што трэба. Гэта ж кінуцца ў такое! З гэтай дачкою тайнага радцы ўправіцца нялёгка. Я спрабаваў, -- прызнаўся ён, і вочы яго злосна звузіліся. -- Яна вам радасці не прынясе, дарагі мой. Яна ж – качка-нязграба, паверце мне, самаму дасведчанаму знаўцу нашага часу, -- яна качка.

Гендрыка так уразіла гэтае слова, што ў яго з вока выпаў манокль, Тым часам Мардэр весела тыцнуў яму ў жывот.

-- А, нічога, не крыўдуйце! -- усклікнуў ён, раптам здабыўшы выдатны настрой. -- Можа, у вас што-небудзь і склеіцца, хто яго ведае... Вы ж яшчэ той тыпус...

Пасля абеду ён увесь час скардзіўся на татальную адсутнасць дысцыпліны, што так смутна афарбоўвае эпоху. Пры гэтым ён не стамляўся бясконца паўтараць свае выпрабаваныя формyлы, yвесь час вёў сваё:

-- Ні адной асобы! Толькі я адзін. Як ні азіраюся вакол! На цэлы свет толькі адзін я!

Ён запальчыва параўноўваў сябе з некаторымі вялікімі людзьмі мінулага, а менавіта з Гёльдэрлінам і Аляксандрам Вялікім. Потым пачаў раздражнёна хваліць "добры стары час", калі ён быў малады, і ў гэтай сувязі перайшоў да тайнага радцы Брукнера.

-- Каласальны зануда, гэты стары, -- казаў Тэафіл. -- Але ўсё-такі салідная старая школа, не шарлатан. Усё-такі ён варты павагі. А далей -- горш. Наш час нараджае толькі крэтынаў і злачынцаў.

Потым ён павёў маладых людзей -- Нікалету, Барбару і Гендрыка -- у сваю бібліятэку, у якой было некалькі тысяч тамоў, і зажадаў, каб яны спачатку "крыху падвучыліся".

-- Вы ж нічога не ведаеце! -- закрычаў нечакана. -- Татальная непісьменнасць, здзічэласць! Хоць ты крэч крычы! Знечалавечанае пакаленне. А таму ўсеагульная еўрапейская катастрофа непазбежная, а з вышэйшага пункту сузірання -- цалкам заслужаная!

Калі ён пачаў правяраць, ці ведае Гендрык спражэнне няправільных грэчаскіх дзеясловаў, Барбара рашыла, што пара адкланьвацца.

Па дарозе дамоў, на параходзе, Нікалета заявіла, што яе авантурыст бацька, мусіць, быў такі самы, як Тэафіл Мардэр.

-- У мяне не захавалася ніводнага яго партрэта, -- сказала яна, задуменна гледзячы на ваду, ужо без сонечных блікаў, жамчужна-шэрую і ўжо прыспакоеную сутоннем. -- Ані аднюткага -- толькі люлька для опіуму. Але ж напэўна ў яго было шмат чаго агульнага з Тэафілам. Я адчуваю. Таму я адчуваю з Мардэрам такое сваяцтва.

Пасля маленькай паўзы Барбара сказала:

-- Я ўпэўная, што твой бацька быў куды мілейшы за гэтага Мардэра. Мардэр, згадзіся, не зусім прыемны.

Нікалета злосна, весела зірнула на яе кашэчымі вачыма і ціхенька ўсміхнулася.

Нікалета цяпер ледзь не кожнага дня ездзіла на той бераг, дзе была віла Мардэра. Яна ад'язджала аполудні і вярталася звычайна ўначы. Барбара рабілася ўсё больш ціхая і задуменная, асабліва ў тыя нядоўгія гадзіны, якія праводзіла з Нікалетай.

Зрэшты, неразумны і ўпарты флірт Нікалеты з Тэафілам быў не адзінай прычынай, якая прымушала Барбару задумвацца. Калі яна ўначы ляжала адна ў ложку -- а яна ляжала адна, -- яна прыслухоўвалася да сябе, спрабуючы зразумець, ці лягчэй ёй ці цяжэй ад дзіўных, крыху нават ганебных паводзінаў Гендрыка, якія можна было ахарактарызаваць як асечку. Так, ёй было лягчэй, але і горш...

Пакоі Барбары і Гендрыка злучалі дзверы. Познім часам Гендрык звычайна заходзіў да жонкі, карцінна апрануўшыся ва ўжо крыху патрапаны раскошны халат. Адкінуўшы галаву, прыкрываючы павекамі мігатлівы касы позірк, ён спяшаўся да Барбары і запэўніваў яе пявучым голасам, што ён так рады, такі ўдзячны ёй і што яна назаўсёды сэнс яго жыцця. Ён абдымаў яе, але неяк вокаўзам і, трымаючы яе ў абдымках, бляднеў. Ён пакутаваў, ён тросся, пот выступаў у яго на лобе. Сорам і злосць напаўнялі яго вочы слязьмі.

Ён не быў гатовы да такога фіяска. Ён думаў, што кахае Барбару, ды, зрэшты, і кахаў яе. Магчыма, яго сапсавала дружба з прынцэсай Тэбаб? Ах, ён ніяк не мог уявіць зялёных боцікаў на прыгожых ножках Барбары. Марныя забегі абярталіся пакутай. У вачах Барбары, у якіх было толькі маўклівае і крыху здзіўленае пытлівай плягай, ён чытаў дакор і пагарду. І ён балбатаў, балбатаў ўсё, што на язык навернецца. Гэта яго крыху бадзёрыла, ён бегаў па пакоі, тросся ад нервовага смеху.

-- А ў цябе таксама ёсць такія брыдкія ўспаміны, як у мяне? -- пытаўся ён у Барбары, якая нерухома ляжала ў ложку і сачыла за ім. -- Ведаеш, такія, што ад іх кідае то ў жар, то ў холад!

Прыхіліўшыся да яе пасцелі, ліхаманкава, з нездаровым румянцам на шчоках, зноў калоцячыся ад смеху, ён пачынаў:

-- Мне было, мусіць, гадоў адзінаццаць альбо дванаццаць, калі я пачаў спяваць у хоры хлопчыкаў нашай гімназіі. Мне гэта давала вялікую радасць, і я, здаецца, уявіў сабе, што спяваю лепш за ўсіх. Але вось менавіта сюды і ўкліньваецца той жудасны, брыдкі ўспамін, вось паслухай, у пераказе гэта не так страшна. Наш дзіцячы хор павінен быў з нагоды нечайгась вяселля удзельнічаць у царкоўных урачыстасцях. Гэта была вялікая справа, усе страшна хваляваліся. А мне собіла выставіцца асабліва. Калі прыйшла чарга спяваць нашаму хору, мне прыйшла ў галаву агідная ідэя ўзяць актаваю вышэй за ўсіх. Я вельмі ганарыўся сваім сапрана і рашыў, што мой звонкі голас пад скляпеннем храма прагучыць небывала эфектна. Я натужыўся і заспяваў, і тады настаўнік спеваў, які дырыжыраваў хорам, паглядзеў на мяне хутчэй з агідай, чым з дакорам, і сказаў: "Замоўкні!" Ты разумееш, Барбара? -- усклікнуў Гендрык, закрываючы далонямі чырвоны твар. -- Разумееш, як гэта жахліва! Зусім суха, зусім ціха ён сказаў мне: "Замоўкні!". А я ж уявіў сябе дарма што не пераможным арханёлам!

Гендрык замоўк. І пасля доўгай паўзы сказаў:

-- Згадаеш такое, і як усё адно ў пекла спускаешся. -- І недаверліва спытаў: -- А ў цябе няма такіх успамінаў, Барбара?

Не, у Барбары такіх успамінаў не было. І Гендрык адчуў раздражнёнасць, мала не злосць.

-- Вось, менавіта! -- усклікнуў ён, і ўваччy ў яго ўспыхнуў злы агонь. -- Вось менавіта! Табе ў жыцці не даводзілася па-сапраўднаму саромецца. А са мною гэта здаралася часта. Тое здарэнне было толькі першае. Мне часта бывала так сорамна, я так пакутаваў, быццам мяне чэрці смажаць на патэльні. Ты разумееш, Барбара? Можаш ты мяне зразумець?