Мэфіста

Раман адной кар'еры

Ман Клаўс


ІІІ. „Кнорке”

Сезон быў у поўным разгары, неблагі сезон для Гамбургскага мастацкага тэатра. Оскар Х. Кроге не меў ні каліва рацыі, кажучы, што тысяча марак у месяц Гёфгену -- пераплата. Без гэтага актора і рэжысёра тэатр аніяк не мог бы абысціся; ён цягнуў на сабе няма ладy колькі ўсяго, быў нястомны і вынаходлівы. Ён іграў усё: ролі маладых і старых; не толькі Міклас меў прычыны зайздросціць яму, але і Петэрсэн, і нават Ота Ульрыхс; але гэты быў заняты больш важнымі рэчамі і не дужа сур'ёзна прымаў тэатральную буднасць. Гёфген заваяваў дзіцячыя сэрцы як дасціпны і прыгожы прынц на паказах каляднай казкі; дамы лічылі яго забойным у французскіх лёгка-гутарковых п'есах і камедыях Оскара Уайльда; літаратурная гамбургская публіка дыспутавала пра яго поспех у "Вясновым абуджэнні", пра ролю адваката ў стрынбергаўскіх "Мроях", ролю Леанса ў бюхнераўскім "Леанс і Лена". Ён умеў быць элегантным, але і трагічным. У яго была сцярвозная ўсмешка, але ж і пакутніцкая складка над скронямі. Ён зачароўваў іскрыстай дасціпнасцю, ён імпанаваў уладарна паднятым падбародкам, рэзкім камандным тонам і ганарыста-нервовым жэстам; ён кранаў сваім пакорлівым, бездапаможна блукаючым позіркам, пяшчотнай, незямной разгубленасцю. Ён быў дабрадушны і подлы, пыхлівы і пяшчотны, агрэсіўны і прыгнечаны -- рыхтык, як таго вымагаў рэпертуар. У шылераўскім "Падступстве і каханні" ён іграў папераменна то маёра Фердынанда, то сакратара Вурма -- экзальтаванага палюбоўніка і гнюснага інтрыгана, -- пры тым, яму не было ніякай патрэбы так какетліва падкрэсліваць сваю здольнасць да пераўвасаблення, у ёй і без таго ніхто не сумняваўся. Раніцай да абедy рэпетыравалі "Гамлета", а папалудні фарс "Міцэ ўмее ўсё". Прэм'ера фарса адбылася пад Каляды і мела вялікі поспех; Шміц мог радавацца; а з прычыны "Гамлета" разбушаваўся Кроге, які ўжо на генеральнай рэпетыцыі хацеў забараніць прэм'еру.

-- Я не пацярплю ў сваім доме такога свінства! -- абураўся стары паборца інтэлектуальнага тэатра. -- "Гамлета" не ставяць так між іншым, як дзяжурны спектаклік! Гэта -- "Гамлет"!

Але Гёфген даў рады і Гамлетy. Ён вельмі ўражваў чорным, зашпіленым на ўсе гузікі касцюмам, загадкавай касавурасцю і бледным, пакутніцкім тварам, і раніцай гамбургская прэса ў адзін голас пісала, што гэтая роля -- вельмі цікавае дасягненне, хай, можа, і не дасканала адшліфаваная, хай крыху недапрацаваная, хай многае ў ёй трымаецца на імправізацыі, затое колькі ў ёй душаўгрызлівых момантаў. Ангеліцы Зіберт далі Афелію, і на кожнай рэпетыцыі яна ўся літаральна прамакала ад слёз; ад гэтых слёз на прэм'еры яна ледзьве на нагах стаяла. Зрэшты, некаторыя знаўцы лічылі, што ў гэтым сумніўным спектаклі яна была самая лепшая.

Гёфген працаваў па шаснаццаць гадзін у суткі, і кожны тыдзень у яго быў сама мала адзін нервовы зрыў. Крызісы кожнага разу былі вельмі моцныя і прымалі самыя розныя формы. Аднаго разу Гёфген упаў на падлогу і моўчкі калаціўся ў прыпадку. Другога разу ён заставаўся на нагах, але крычаў дзікім голасам хвілін пяць бесперастанку. А яшчэ аднаго разу на рэпетыцыі раптам, на страх усім, прамармытаў, што не можа расціснуць сківіцы, што ў яго курчы, што можа толькі мармытаць. Перад вечаровым паказам спектакля, у грымёрнай, ён прымусіў Бёка, які ўсё яшчэ не атрымаў сваіх сямі з палавінаю марак, масірваць яму ніжнюю палавіну твару, стагнаў і нешта трызніў са сціснутымі зубамі. А праз чвэрць гадзіны ўжо быў на сцэне, артыкуляцыя была бездакорна свабодная, як ніколі, ён быў спрытны, прамяніўся і меў поспех.

Таго дня, як яго выхлястала прынцэса Тэбаб, ён плакаў, крычаў і тузаўся адначасова -- гэта быў жахлівы прыстyп. Усе акторы спалохана абступілі яго, чаго толькі ўжо не пабачылі яны ў жыцці -- нарэшце фраў фон Гэрцфэльд абліла шаляніцу вадой. Джульета, шчыра кажучы, рэдка калі давала свайму сябру повад на такую роспач, звычайна яна з'яўлялася ў ягонай кватэры ў дакладна вызначаны час і рабіла менавіта тое, чаго ён ад яе чакаў. Паздаравелы, пасвяжэлы, яшчэ больш вынаходлівы, яшчэ больш уладарны, вынослівы, цягавіты, ён расставаўся са сваёй каханай. Ён казаў Джульеце, што кахае яе, што сэнс яго жыцця ў ёй. Часам і сам верыў у тое, што казаў. Ці ж не развітваўся ён ля ног сваёй Чорнай Венеры са сваёй ганарыстасцю, хіба не таптаў перд ёю сваю фанабэрыю? Ці ж гэта не каханне? Бывала, ён ноччу задумваўся над гэтым, вяртаючыся з "Г. М.". Тады казаў сабе: так, так, я кахаю яе, гэта ясна. І чуў у сабе глыбінны голас: навошта ты сам сябе ашукваеш? Але яму ўдавалася заглушыць гэты голас. А самы глыбокі голас маўчаў. І Гендрык верыў, што ён здольны на каханне.

Маленькая Ангеліка пакутавала, Гёфгену гэта мала абыходзіла. Фраў фон Гэрцфэльд пакутавала, а ён карміў яе інтэлектуальнымі размовамі. Рольф Банэці пакутаваў па маленькай Ангеліцы, недаступнай яму, нягледзячы на яго самыя палкія залёты, і малады, прыгожы залётнік мусіў суцяшацца Рахэлью Морэнвіц, што ён рабіў супроць сваёй волі, з агідай, і маска грэблівасці не сыходзіла з яго твару. Ганс Міклас ненавідзеў, ён галадаў, калі Эфой не карміла яго бутэрбродамі, разам са сваімі палітычнымі аднадумцамі лаяў марксістаў, бэсціў яўрэяў і яўрэйскіх падсёрбачаў; упарта трэніраваўся, іграў другарадныя ролі, а пад скулякамі залеглі яшчэ больш чорныя цені.

Са сваімі палітычнымі аднадумцамі ці мала часу бавіў і Ота Ульрыхс. Менавіта перад імі яму было непрыемна, што адкрыццё рэвалюцыйнага тэатра ўвесь час адкладвалася. Штотыдня Гёфген прыдумваў новую адчэпку. Часта пасля рэпетыцыі Ульрыхс адводзіў сябра ўбок і літаральна ўмольваў:

-- Гендрык! Калі ж мы пачнём?

У адказ Гендрык палка і натхнёна гаварыў пра заняпад капіталізму, пра тэатр як прыладу палітыкі, пра неабходнасць моцнага, вострага мастацка-палітычнага ўздзеяння тэатра на масы і пад канец абяцаў адразу ж пасля прэм'еры "Міцэ ўмее ўсё" пачаць рэпетыцыі для рэвалюцыйнага тэатра.

Але вось прайшла дужа настраёвая калядная прэм'ера, прайшлі іншыя прэм'еры, сезон ўжо блізіўся да канца, амаль ужо канчаўся, а рэвалюцыйны тэатр існаваў толькі на шыкарнай паперы, на якой Гёфген вёў перапіску, урачыстую і вельмі шырокую, са славутымі аўтарамі сацыялістычнага толку. І вось аднаго разу, калі Ота Ульрыхс зноў учапіўся ў яго са сваімі ўгаворамі, Гендрык адказаў яму, што ў гэтым сезоне, на яго вялікі жаль, з прычын проста фатальных ужо нічога не выйдзе: на жаль, давядзецца патрываць да восені. Твар Ульрыхса адразу азмрочыўся. Але Гендрык паклаў руку на плячо сябра і аднадумца і загаварыў тым неадольным для супраціву голасам, які спярша спяваў, трымцеў, а потым мацнеў і звінеў меддзю, бо Гёфген бічаваў маральны распад буржуазіі і славіў міжнародную салідарнасць пралетарыяту. Ульрыхс здаўся.

Развіталіся з доўгім поціскам.

Тады якраз рыхтавалася апошняя навінка сезону: у камедыі Тэафіла Мардэра "Кнорке" Генрык Гёфген быў на галоўнай ролі. Гэтая грамадска- драматычная п'еса Мардэра мела вялікі поспех. Усе знаўцы хвалілі індывідуальна адточаную форму п'есы, яе беспамылковую сцэнічнасць, пераканаўчасць і духоўна-бязлітасную вастрыню. На прэм'еру "Кнорке" збіраліся прыехаць крытыкі з Берліна. Зрэшты, на прэм'еру з халадком у сэрцы чакалі і самаго аўтара, бо неаспрэчная высокая аўтарытэтнасць ацэнкі Мардэрам самаго сябе была ўсім гэтак сама ж вядомая, як і ягонае нахабства і схільнасць да беспрычынных, гучных і зацяжных скандалаў.

Але пры ўсім страху Гёфген радаваўся будучаму прыезду славутага драматурга. Ён амаль не сумняваўся, што гэты празарлівец і вопытны знаўца высока ацэніць ягонае выканаўчае майстэрства. "Я павінен быць на вышыні ў "Кнорке"! -- прысягнуў сабе Гендрык.

Каб цалкам аддацца ролі, ён перадаў рэжысуру дырэктару Кроге, вялікаму спецыялісту ў камедыях Тэафіла Мардэра.

"Кнорке" належаў да цыклу сатырычных п'ес, якія высмейвалі нямецкую буржуазію часоў Вільгельма ІІ. Герой камедыі быў выскачка, які з дапамогай цынічна заробленых грошай і ардынарнага, нізкага, пыхлівага розуму заваёўвае сабе ўладу і ўплывы ў высокіх колах. Кнорке быў суцэльны гратэск, але і імпазантны. Ён -- абсалютна новы тып буржуазнага парвеню -- вельмі жыццеўстойлівага, далёкага ад высокай маральнасці. Гёфген дужа надаваўся на поспех у гэтай ролі. Ён умеў перадаць жорсткасць, рэзкасць, а часам і мала не мілую безабароннасць. Ён унёс у ролю і нясмелую, спярша сляпyчую велічнасць гранда, якая праяўлялася ў паставе і рухах, жэстах, і вульгарную, спрытную дэмагогію мярзотніка, гатовага на ўсё, каб выцерабіцца ў людзі, і бледнае, застылае, амаль гераічнае аблічча, і нават жудасць у вачах, калі ён бачыць свой узлёт, які сапраўды каркаломны і можа закончыцца менавіта зламаным каркам. Несумненна, у гэтай ролі Гёфген будзе сенсацыяй.

Яго партнёрка, спадарожніца ў жыцці Кнорке, не менш бессаромная за яго самога, але слабейшая толькі таму, што кахае, што кахае Кнорке, -- яго партнёрку ў геніяльнай камедыі іграла маладая дзяўчына, якую Тэафіл Мардэр энергічна, амаль нават гнеўна прапіхваў у назойлівых пісьмах. У Нікалеты фон Нібур было яшчэ даволі мала практычнага тэатральнага вопыту -- яна выступала рэдка і толькі ў малых гарадках, -- але была істотай самаўпэўненай, умела амаль у страх увагнаць. У рэзкім тоне Мардэр пагражаў няшчаснаму Оскару Х. Кроге самым жахлівым скандалам, калі дырэкцыя Мастацкага тэатра не ангажыруе фон Нібур на галоўную гераіню. Застрашаны і збязволены грозным драматургам Кроге запрасіў Нікалету дзеля пробы выступіць у "Кнорке". Яна прыехала з гарой чамаданаў з чырвонай лакіраванай скуры, у шыракаполым мужчынскім капелюшы і вогненна-чырвоным плашчы, гарбаносая, з бліскучымі кашэчымі вачыма, прыгожа-высакалобая. Усе ў "Г. М." адразу заўважылі, што яна была -- асоба: Моц зазначыла гэта багавейна ўсхваляваным голасам, ніхто не адважваўся пярэчыць ёй, нават Рахэль Морэнвіц, хоць гэтая і была незадаволеная прыездам новенькай, бо і Нікалета была таксама юная дэманічная дама і, каб даказаць гэта свету, ёй не патрэбен быў ні манокль, ні доўгі муштук.

Рольф Банэці і Петэрсэн дыспутвалі, ці можна назваць Нікалету прыгожай. Энтузіяст Петэрсэн лічыў, што яна "проста асляпляльная"; асцярожлівы знаўца Банэці абмежаваўся акрэсленнем -- "цікавая".

-- Пра прыгажосць і гаворкі быць не можа пры такім носе!! -- нядбала сказаў ён.

-- Затое якія вочы, цудоўныя! -- захапляўся Петэрсэн, азіраючыся навакол, ці не было паблізу Моц. -- А як трымаецца! Проста велічна, можна сказаць!

Нікалета прайшла за вокнамі пад руку з Гёфгенам, усе гэта заўважылі. Яе галава з ганарыстым носам, бліскучым паглядам і высокім лобам была падобная на галву юнака эпохі Адраджэння; гэта з сумнай пранікнёнасцю адзначыла сабе фраў фон Гэрцфэльд, якая раўніва назірала за парай. Нікалета трымалася роўна і проста. Ярка нафарбаваныя тонкія губы рэзка і дакладна артыкулявалі, кожная фраза звінела акуратна і выразна; галосныя яна вымаўляла неяк далёка наперад, і яны гучалі бліскуча і гладка, не прападаў ніводзін зычны, і нават самыя неістотныя службовыя словы неслі з сабою трыумф маўленчай тэхнікі.

Па ролі Нікалета з дэманічнай вынаходлівасцю павінна была падкрэсліваць, якая яна самалюбная, а калі трэба, дык yздольніцца і на інтрыгу.

-- Вядома, мой мілы! -- гаварыла яна Гёфгену, з якім пазнаёмілася толькі некалькі гадзін таму назад. -- Усе ж мы хочам наперад. І тут патрэбныя локці.

Гендрык, які скоса з цікаўнасцю разглядваў яе, думаў -- кажа яна шчыра, ці гэта толькі поза. Цяжка было вызначыць. Магчыма, гэты адкрыты цынізм -- проста маска, за якою крыецца зусім іншы твар, і хто ведае, які ў гэтага другога, схаванага, твару нос і які рот, і ці ёсць у ім нешта агульнае з гэтай на паказ ганарыстай маскай? Гендрык не мог прызнацца сабе, што жанчына поруч з ім зрабіла на яго ўражанне. Несумненна, яна была першая пасля Джульеты, для якое ў яго знайшоўся дапытлівы, зацікаўлены погляд. Яшчэ таго ж самага дня ён паспавядаўся ў гэтым Чорнай Венеры, якая страшэнна набіла яго, і гэтым разам не рытуальна дзеля гульні, а з палкай жарсцю -- прынцэса Тэбаб угневалася. Гендрык пакутаваў, з асалодаю стагнаў і ў канцы прызнаўся сваёй прынцэсе, што яна застанецца яго адзінай валадаркай і каханай. Але калі ён зноў убачыў Нікалету, яго зноў зачаравалі яе рэзкая манера гаварыць, яе бліскучы пранізлівы позірк і ганарыстая пастава.

Ногі ў яе не тое каб былі прыгожыя, хутчэй крыху таўсманыя, але яна прэзентавала іх у чорных шаўковых панчохах y такой пераможнай манеры, што катэгарычна адпадала ўсякае сумненне ў іх прыгажосці -- акyрат як сам Гендрык умеў падаць свае грубаватыя рукі так, як калі б яны былі тонкія і высакародныя. Нікалета закідвала нагу на нагу, глядзела пранізлівым позіркам, загадкава ўсміхалася і падцягвала спадніцу вышэй калена. Гендрык, зразумела, адразу раскусіў яе манеўр, але менавіта гэта і прывяло яго ў захапленне. Зрэшты, як яму лёгка было ўявіць сабе на гэтых каленях, якія заўважыў і ацаніў такі тонкі знаўца, як Банэці, зялёныя боцікі, -- гэтая акалічнасць рабіла Нікалету яшчэ больш панаднай. Гендрык адкідваў бледны твар і пажадліва круціў брыльянтавымі вачыма. Нікалета яму падабалася.

Спадабалася яму і тое, што яна дакладна і шчыра расказала пра сваё паходжанне. Яму імпанавала ўсё эксцэнтрычнае, авантурна-сумніўнае, бо і сам ён быў са звычайнага мяшчанства. Нікалета прызналася, што не ведае сваіх бацькоў.

-- Мой тата быў авантурыст, -- весела і горда, высока падняўшы галаву, заявіла яна. -- Мама была маленькая танцорка ў Парыжскай оперы і, як я чула, вельмі дурная, але, кажуць, у яе былі боскія ногі.

Яна з выклікам зірнула на свае, якія падавала як нябесна прыгожыя.

-- Тата быў геній. Ён умеў пажыць на шырокі росхрыст душы. Памёр у Кітаі, пакінуўшы там семнаццаць чайных домікаў і велізарныя пазычкі. Адзіная памяць у мяне пра яго -- люлька курыць опіум.

У сваім нумары ў гатэлі яна паказала Гендрыку гэту рэліквію. З карэктнасцю, за якой праглядвалася суцэльная чартаўшчына, яна спыталася, хоча ён чаю ці кавы. Заказ яна перадала па тэлефоне кельнеру ў тоне жорсткага, бязлітаснага прысуду. Пасля пачала падрабязна расказваць пра гады сваёй маладосці.

-- Вучылася я мала, -- сказала яна. -- Але я ўмею хадзіць на руках, бегаць па шары, які коціцца, і крычаць савою.

Букваром ёй быў варты пахвалы часопіс "La Vie Parisienne" -- "парыжскае жыццё". Гадавалася яна то ў французскіх пансіёнах, адкуль яе часта выкідалі за дзікія выбрыкі, то ў доме тайнага радцы Брукнера, якога яна называла юнацім сябрам свайго бацькі.

Пра тайнага радцу Брукнера Гендрык ужо чуў. Творы гэтага гісторыка былі славутыя; зрэшты, Гендрык іх не чытаў. Затое ён ведаў, што грамадскае становішча тайнага радцы было гэтак жа важкае, як і незвычайнае. Даследчык і мысляр быў не толькі адной з самых прэзентабельных і найбольш абгаворваных постацяў у нямецкім і еўрапейскім акадэмічна-літаратурным свеце; яму прыпісвалі таксама і інтымныя сувязі ў палітычных колах. Вядомая была яго дружба з адным сацыял-дэмакратычным міністрам; з другога боку, у яго былі сувязі і з рэйхсверам: яго нябожчыца-жонка была дачкою генерала. Шмат зачэпак для каментараў спрычыніла паездка тайнага радцы па Расіі, дзе ён прачытаў цыкл лекцый. Тады нацыяналісты арганізавалі яго цкаванне ў друку. З таго часу многія пачалі абурана гаварыць, што гістарычныя погляды Брукнера падупалі марксісцкаму ўплыву. Здаралася, студэнты ладзілі яму абструкцыі, калі ён падымаўся на кафедру. Але яго сусветна вядомае імя і спакойная, упэўненая вытрымка суцішала бунтароў. З усіх скандалаў тайны радца выходзіў пераможцам. Ён заставаўся недатыкальным.

-- Дзівосны стары, -- гаварыла пра яго Нікалета. -- Ён і ў людзях разбіраецца. Ён, напрыклад, вельмі быў прывязаны да таты. А мне дазваляў усё, што б я ні вычварала, а я, у сваю чаргу, была цярплівая да яго тонкага занудства.

Найлепшай сяброўкай Нікалеты, можна сказаць -- сястрой, была Барбара, Брукнерава дачка.

-- Яна такая мілая! І такая добрая! -- Позірк у Нікалеты памякчэў, калі яна вымаўляла гэтыя словы, хоць і тут яна не забылася пра выразную, звонкую артыкуляцыю.

На прэм'еру "Кнорке" чакалі не толькі Тэафіла Мардэра, але і Барбару.

-- Мне вельмі цікава, як ты яе прымеш, ці спадабаецца, -- сказала яна Гендрыку. -- Можа, яна табе і не вельмі прыйдзецца. Але будзь з ёю пяшчотны, дзеля мяне. Яна крышку нясмелая, -- сказала Нікалета, акцэнтуючы галосныя.

У дзень вялікай прэм'еры прыбыла Барбара Брукнер. Мардэр прыехаў толькі падвечар, берлінскім экспрэсам. Гёфген пазнаёміўся з Барбарай перад самым прадстаўленнем, калі піў у кавярні каньяк. Нікалета звонка праартыкулявала:

-- Гэта мая самая любімая сяброўка, Барбара Брукнер, -- і зрабіла цырымонны жэст пад чорнай крухмальна-плісіраванай накідкай.

Гендрык быў занадта ўсхваляваны, каб уважлівей прыгледзецца да дзяўчыны. Ён кульнуў у сябе каньяк і знік. У грымёрнай ён знайшоў два вялікія букеты -- белы бэз ад Ангелікі Зіберт і чайныя ружы ад Гэрцфэльд. Каб улесціць нябёсы добрым учынкам, Гёфген шырокім жэстам даў маленькаму Бёку, які заўсёды прыходзіў на прэм'еры заплаканы, пяць марак, што, зрэшты, не пагашала пазычаных сямі з палавінаю марак.

Прэм'ера камедыі "Кнорке" прайшла бліскуча: з'едлівыя дасціпныя шпількі з дакладнага прыцэлу цалялі куды трэба, абрывістыя дыялогі казыталі нервы, раз пораз выклікаючы ў зале смех, то спалоханы, то шчаслівы, але больш за ўсё захапляла дакладная, грацыёзная, бліскучая сыгранасць Гёфгена з новай зоркай -- Нікалетай фон Нібур, якая "гастралявала па ангажэменце". Пасля другога акта абое выканаўцы галоўных роляў доўга выходзілі на апладысменты ўсхваляванай залы. У антракце да Гёфгена явіўся сам Тэафіл Мардэр, Нікалета была з ім.

Неспакойны, але празорлівы позірк Мардэра прабегся па ўсіх прадметах у грымёрнай і спыніўся на Гендрыку, які знясілена сядзеў перад люстрам. Нікалета засталася каля двярэй, пачціва прымоўклая. Пасля доўгай паўзы Мардэр сказаў начальніцкім голасам.

-- А вы тыпаж урвікавалка!

Яго вочы, якія ўмомант схоплівалі ўсё, неадрыўна глядзелі на прыгожа нагрыміраваны твар Гендрыка.

-- Вам спадабалася, гер Мардэр? -- Гёфген спрабаваў зачараваць сатырыка алмазным позіркам і вабнай усмешкай.

Але Тэафіл сказаў:

-- Ну так, гер... -- і бессаромна дадаў: -- Ну так, гер... як вас там, зусім забыў імя?

Гэтым разам Гендрык трошкі пакрыўдзіўся. Тым не меней ён назваўся напеўна-прывабным голасам. На гэта Мардэр адгукнуўся:

-- Гендрык, Гендрык -- вельмі пацешнае імя, мушу прызнацца, павінен сказаць -- вельмі смешнае! -- Гэта прагучала так пагардліва, што ў Гёфгена мароз прабег па скуры. Але раптам пісьменнік з нейкай застрашлівай весялосцю ўсклікнуў: -- Гендрык! Чаму Гендрык? Канечне ж, вас завуць проста Гайнц! Завуць яго Гайнцам, а ён сябе называе Гендрыкам! Ха-ха-ха, далібог, няблага!

Ён рагатаў залівіста, доўга, ад шчырага сэрца; Гёфген, уражаны гэтай злосна-прарочай празарлівасцю, пабялеў і ўздрыгнуў пад ружовай маскай. Нікалета не ўмешвалася, толькі весела пераводзіла кашэчыя вочы з аднаго на другога. Тэафіл зноў пасур'ёзнеў, быццам задумаўся, і пачаў варушыць блакітнымі губамі пад чорнымі вусікамі. Гэтая гульня вуснаў неяк злавесна нагадвала смактанне раслін, якія пажыраюць жывёл, альбо рыб, калі хапаюць здабычу. У заключэнне Мардэр сказаў:

-- А вы тыпаж урвікавалка. Моцны талент -- носам чую, у мяне вельмі тонкі нюх. Пагамонім яшчэ! Павячэраем пасля, разам! Пайшлі, дзіця!

Ён узяў Нікалету пад руку і пакінуў грымёрную. Гёфген застаўся ў поўнай разгубленасці.

Цалкам авалодаў сабою, толькі калі ўжо стаяў на сцэне ў агнях рампы. Затое ў трэцім акце па смеласці ўзлёту пераўзышоў усё, што калі-колечы паказваў са сцэны. Публіка аж стагнала. Калі ўпала заслона, Нікалета, асыпаная кветкамі, кінулася Гёфгену на грудзі і сказала:

-- Тэафіл зноў знайшоў самае дакладнае слова -- ты сапраўды тыпаж!

Падышоў Кроге, прамармытаў нешта прыемнае. Запэўніў фройляйн фон Нібур, што меў бы вялікую асалоду працягваць з ёю сумесную працу, што хацеў бы, каб заўтра яна зайшла ў бюро абмеркаваць умовы. Нікалета тут жа накінула сваю падступна-карэктную маску, цырымонна пакланілася і ў дакладных словах выказала сваё задавальненне з прычыны рашэння дырэктара.

Тэафіл Мардэр запрасіў абедзвюх маладых дам і актора Гёфгена ў вельмі дарагі, хутчэй буржуазны салідны, чым модны рэстаран. Гендрык там яшчэ ні разу не быў, і гэта сталася Мардэру зачэпкай рэзка заявіць, што гэты рэстаран -- адзіная "будка" ў Гамбургу, дзе на стол падаюць смачнае -- салідны кошт, затое добры стары стыль, а ва ўсіх жа астатніх месцах, калі верыць драматургу, -- падаюць толькі ёлкі тлушч і смярдзючую смажаніну, а тут бывае высокае выбранае спадарства, якое ведае смак жыцця; тут і вінны склеп неблагі.

Сапраўды, на абшытых карычневымі панелямі сценах віселі карціны з паляўнічага жыцця і прыгожыя кілімы, а за столікамі сядзелі толькі пажылыя геры з выглядам мільянераў. Яшчэ больш годнасна, вядома, выглядаў обер-кельнер; у рышпекце, з якім ён прыняў заказ Тэафіла, можна было разгледзець нейкую долю іроніі. Мардэр прапанаваў пачаць з лангустаў.

-- Што вы на гэта скажаце, мой добры Генрык? -- спытаўся ён у Гёфгена з той хітрай карэктнасцю, якой Нікалета, відаць, навучылася ад яго.

Гендрык не ведаў, што адказаць. Зрэшты, ён пачуваўся крыху няўпэўнена і скавана ў гэтым рэстаране для саліднага спадарства. Яму нават здалося, што обер-кельнер пагардліва прыгледзеўся да яго смокінга, на якім у некалькіх месцах паблісквалі тлустыя плямы. Пад выпрабавальным позіркам выпешчанага афіцыянта Гендрык на нейкі момант, але вельмі імпэтна адчуў сваю рэвалюцыйную сутнасць. "Не месца мне ў гэтым рэстаране для капіталістычных эксплуататараў", -- падумаў ён злосна, калі яму налівалі белае віно. Цяпер ён ужо дакараў сябе за тое, што адцягваў з адкрыццём рэвалюцыйнага тэатра. Але Мардэр яго расчараваў. Гэты бязлітасны прадбачлівы і небяспечны крытык буржуазнага грамадства паказаў сябе, калі прыгледзецца да яго бліжэй, вось так супраць-насупраць, панком з даволі сумніўнымі рэакцыйнымі схільнасцямі. У яго бурклівы, начальніцкі голас, падступны позірк, на ім занадта бездакорна пашыты цёмны гарнітур з залішне старанна падабраным гальштукам, а што да лангустаў, якіх толькі што падалі на стол, дык ён з фатальным веданнем выбірае самыя лепшыя. І ў яго ж ці не шмат чаго агульнага з тымі персанажамі, з якіх ён здзекуецца ў сваіх п'есах? Вось ён нахвальвае добрыя старыя часы, калі ён быў малады, -- дзе ж тут з тым часам, хоць бы ў адным пункце, дараўнаецца новы, пусты і бездухоўны! А сам між тым не зводзіць халодных, неспакойных, прагных вачэй з Нікалеты, якая, сваім цягам, тонка згінае не толькі губы, але і ўсё цела ў металічнай бліскучай вячэрняй сукенцы. Барбара ціха сядзела побач. Гендрык, якога гідзіў правакацыйны флірт Нікалеты з Мардэрам, нарэшце перанёс увагу на Барбару. І заўважыў: яе позірк выпрабавальна скіраваны на яго. Гендрык Гёфген сумеўся.

У глыбіні сэрца ён спалохаўся таго, што ўбачыў у Барбары Брукнер павабнасць, якое не заўважаў у іншых жанчынах. Ён сустракаў шмат жанчын, але такой -- ніколі. Разглядваючы яе, ён у думках прыгадваў у вельмі дакладнай паслядоўнасці, як калі б трэба было падвесці рысу пад доўгім і брудным мінулым, усіх жанчын, з якімі калі-колечы меў дачыненні. Ён як бы зладзіў ім агледзіны, усіх успомніў, каб усіх выбракаваць: моцных і крамяных дзевак з Рэйна, якія без лішніх цырымоній і ламання ўвялі яго ў грубую рэальнасць любові, сталых, але яшчэ даволі статных прыяцелек яго маці Бэлы; маладых, але не дужа пяшчотлівых прыяцелек сястры Ёзі; спрактыкаваных берлінскіх вулічных красунь і не менш дзелавітых шлюх з правінцыі, якія рабілі яму тыя самыя адмысловыя паслугі, якіх ён ад іх патрабаваў, такім спосабам адбіваючы сабе смак на менш вострыя, больш звычайныя асалоды; заўсёды гатовых да паслуг актрыс, якім ён, аднак, дарыў такі гонар толькі ў самых рэдкіх выпадках, а часцей змушаў дастаткавацца яго капрызнай, чароўна жорсткай дружбай; і мноства аматарак, то па-дзявочы нясмелых, то патэтычна-томных, то іранічна-разумных. Яны яшчэ раз паўсталі перад ім у сваіх абліччах і постацях, каб адразу адступіць, знікнуць, растаць перад толькі што адкрытай, ні на што не падобнай вабнасцю Барбары. Нават Нікалета, цікавая дачка авантурыста і чароўная субяседніца з усёй яе карэктнасцю і сапсаванасцю цяпер -- амаль камічны персанаж. Гендрык ахвяраваў ёю, яго цікавасць да яе патухла, а чым толькі ён не ахвяраваў бы ў гэта зараджанае лёсам, вызначальнае, салодкае імгненне? Ці не было гэта першай вялікай здрадай Джульеце, любаснай каханцы, якую ён сам называў сэнсам свайго жыцця і вялікай сілай, што ўзнаўляла і апладняла ягоныя сілы? З Нікалетай, на нагах якое можна было ўявіць сабе зялёныя боцікі, ён ніколі не змог бы ашукаць Джульету. У самым крайнім разе яна магла б стацца эрзацам Чорнай Венеры, але, вядома, не яе суперніцай. Суперніца сядзела тут. Яна выпрабавальна разглядвала Гендрыка, калі ён, у сваю чаргу, пачаў разглядваць яе, -- не завабна скасавурыўшыся, не загадкава бліскаючы вачыма, а з сапраўдным хваляваннем, якое робіць чалавека бездапаможным. Яна апусціла вочы і адвярнулася.

Яе вельмі просценькая чорная сукенка, па якой знаўца мог бы вызначыць яе паходжанне ад сціплай хатняй краўчыхі, з белым, як у школьніцы, крухмальным каўнерыкам, пакідала адкрытаю шыю і худыя рукі. Далікатны і дакладна акрэслены авал твару быў бледны; шыя і рукі смуглыя з залацістым адлівам, як спелы і далікатны колер крамяных, напоеных водарам доўгага лета яблыкаў. Гендрык напружана намагаўся ўспомніць, што яму нагадвае гэты каштоўны колер, што ўразіў яго яшчэ больш, чым твар Барбары. І раптам узгадаліся жаночыя партрэты Леанарда, ён нават крыху расчуліўся, што тут, у цішыні, пакуль Мардэр выстаўляецца са сваім веданнем старадаўняй французскай кухні, ён сам маўчыць і думае пра такія тонкія і ўзвышаныя прадметы; так, акyрат на сакавіты, далікатны і пры тым чулліва-ўспрымальны колер плоці на жаночых партрэтах Леанарда быў падобны колер яе скуры. Быў гэты колер у яго і на некаторых партрэтах юнакоў, там, дзе іх голыя мілыя рукі прыценены. Толькі юнакі і мадонны на палотнах старадаўніх майстроў маглі дараўнацца з ёю прыгажосцю.

Аблічча Барбары Брукнер прымусіла захопленага Гендрыка успомніць пра юнакоў і мадоннаў. Ідэальныя юнакі вырозніваліся такой самай цудоўнай худзізнай; а ў мадоннаў быў такі твар. Так яны расплюшчвалі вочы, менавіта так, як Барбара цяпер: вочы пад доўгімі, чорнымі і нерухомымі, але зусім натуральнымі вейкамі; вочы сакавітага сіняга з чорным адлівам колеру. Вось такія вочы былі ў Барбары Брукнер, і глядзелі яны вельмі сур'ёзна, выпрабавальна, з сяброўскай цікаўнасцю, часам крыху гyлліва. І наогул гэты высакародны твар быў не без гарэзлівых рысаў: зусім не скрушлівы і не загадны твар мадонны, а хутчэй хітраваты. Даволі вялікі, вільготны рот усміхаўся летуценна, але і не без пяшчотнай хітравацінкі. І ўжо амаль зусім дзёрзкім здавалася, што кукла пышных попельных валасоў сядзела на патыліцы крыху коса. Прадзела ж было праведзена рыхтык пасярэдзіне.

-- Чаго вы так гледзіце? спыталася нарэшце Барбара, бо зачараваны Гендрык не зводзіў з яе вачэй.

-- А што, нельга? -- ціха адпытаўся ён.

Яна сказала з развязным какецтвам, за якім крылася збянтэжанасць:

-- Ну, калі гэта вам у ахвоту...

Гендрык зразумеў: яе голас дае такую самую асалоду вуху, як колер скуры -- воку. Здавалася, што і голас у яе таксама сакавітага, спелага і далікатнага тону. І ў ім бляск, і ў ім каштоўны цёмны адліў. Гендрык услухоўваўся ў голас з тым самазабыццём, з якім хвіліну назад углядваўся. Каб яна гаварыла і гаварыла, ён задаваў і задаваў пытанні. Яму хацелася даведацца, ці надоўга яна збіраецца застацца ў Гамбургу. Яна адказала неяк нязграбна, што выдавала недахоп прывычкі, пацягваючы цыгарэту:

-- Пакуль Нікалета будзе тут іграць. Усё залежыць ад поспеху "Кнорке".

-- Вось калі мяне радуе, што публіка сёння так доўга апладыравала! -- сказаў Гендрык. -- Думаю, прэса таксама будзе добрая.

Ён зацікавіўся яе заняткамі. Нікалета згадала была, што Барбара наведвае універсітэт. Казала нешта пра сацыялагічныя, гістарычныя семінары.

-- Але я займаюся ўсім гэтым даволі нерэгулярна, -- сказала яна рассеяна і крыху насмешліва. І пры гэтым аблакацілася на стол і тварам на вузкія смуглыя рукі.

Непрычэпісты назіральнік збоку, якім быў у гэты момант Гендрык, назваў бы яе рухі, такія мілыя, кранальныя і сарамяжлівыя, амаль нязграбнымі і няўклюднымі. Скаванасць выдавала ў ёй правінцыялку, не надта свецкую прафесарскую дачку, і гэтая скаванасць кантраставала з разумным і вясёлым, адкрытым позіркам. У ёй была няўпэўненасць чалавека, якога ў вельмі цесным коле моцна любяць і песцяць, а па-за гэтым колам ён схільны перажываць ад комплексу непаўнавартасці. А пры Нікалеце Барбара, відаць, прывыкла быць на другіх ролях. Таму яна ўзрадавалася і крыху развесялілася, што гэты дзіўнаваты актор Гендрык Гёфген так дэманстрацыйна аддаў перавагу ёй, і яна не без прыемнасці павяла з ім гутарку далей.

-- А ўвогуле я чым толькі не займаюся, -- сказала яна задуменна. -- А наогул я малюю... Шмат займаюся тэатральнымі дэкарацыямі.

Гэта было для Гендрыка ключавое слова. Цяпер ён павёў размову больш жыва. Натхніўшыся, з гарачым румянцам, ён гаварыў пра пераўтварэнні дэкаратыўнага стылю, пра ўсё тое, што ў гэтай вобласці застаецца яшчэ адкрыць альбо абнавіць, палепшыць. Барбара слухала, адказвала, глядзела выпрабавальна, усміхалася, рабіла нейкія незразумелыя рухі рукамі, голас яе гучаў шальмавата-рассеяна, і яна выказвала разумныя, прадуманыя меркаванні.

Гендрык і Барбара гаварылі ціха, захоплена, не без пэўнага інтыму. Нікалета і Мардэр тым часам спакушальна іскрылі вачыма, пусціўшы ў ход усё сваё майстэрства. Прыгожыя драпежныя вочы Нікалеты ззялі яшчэ больш, чым звычайна, выразнасць яе вымаўлення набыла трыумфальны характар. Паміж ярка нафарбаванымі губамі, калі яна смяялася і гаварыла, блішчалі маленькія вострыя зубы. Мардэр, са свайго боку, фантаніраваў інтэлектуальнымі феерверкамі. Яго рухавы, дрыготлівы рот, які рабіў нездаровае ўражанне сваёй блакітнаватасцю, амаль не закрываўся. Праўда, у Мардэра была звычка з вялікім напорам паўтараць адно і тое самае. Найперш ён палка настойваў, што цяперашні час, самым непрадузятым і прызнаным суддзёй якога ён лічыў сябе, -- самы паскудны, самы безнадзейны з усіх часоў. Няма цяпер духоўнага руху, няма агульных тэндэнцый. Але найперш гэтаму часу бракуе асобаў. Ён, Мардэр, -- адзіная асоба на ўвесь свет, і яго недаацэньваюць. Бянтэжыла толькі, што назіральнік і суддзя еўрапейскай пагібелі не супрацьпастаўляў гэтай запрапалай цяпершчыне будучыні, якую варта любіць і дзеля якое варта было б ненавідзець сучаснае. Наадварот, прыніжаючы сучаснае, ён расхвальваў мінулае, якое менавіта ён якраз і бачыў наскрозь, з якога ён і кпіў і якое так геніяльна растрыбушыў у сваіх п'есах. Разгарачаная Нікалета з нічога не здзіўлялася. Інакш ёй магло б здацца незразумелым, што менавіта чалавек, які называў сам сябе класічным сатырыкам буржуанай эпохі, цяпер да нябёсаў узносіў афіцэрства старой германскай арміі і рэйнскіх прамыслоўцаў і бачыў у іх ідэал беспахібнай дысцыпліны і асабістай адвагі. Стары пакепнік і перасмешнік, чый духоўна бесхрыбетны радыкалізм споўз і перарадзіўся ў нешта рэакцыйнае, пяяў славу фізічным і маральным якасцям прускіх генералаў і раздражнёным голасам унтэра здзекаваўся з трухлай мяккацеласці цяперашняга пакалення.

-- Ні пароды! Ні дысцыпліны! -- грымеў ён так голасна і злосна, што пажылое герства за чырвоным ротвейнам здзіўлена павярнула галовы. -- Жанчыны -- і тыя выйшлі з-пад дысцыпліны! -- крычаў ашалелы Мардэр. -- Нічога не валакуць у каханні, з аддачы зрабілі гешэфт, яны такія ж плоскія і вульгарныя, як і мужчыны. -- На гэтым месцы Нікалета засмяялася з такім выклікам, што Мардэр галантна дадаў: -- Ёсць, вядома, і выключэнні!

І зноў пачаў аплёўваць. На яго думку, нямецкія мужчыны начыста страцілі ўсякае паняцце пра парадак і паважлівасць з таго часу, як адменена ўсеагульная вайсковая абавязанасць. Сёння праз гэтую трухлявую дэмакратыю ўсё зрабілася мішурой, падробкай, падманам, рэкламным штyкарствам.

-- Калі б гэта не было так, -- з горыччу пытаў Мардэр, -- ці ж не быў бы я першым чалавекам у дзяржаве? Хіба ж звышчалавечая сіла і здольнасць майго мозгу не пакліканы вырашаць самыя істотныя праблемы грамадскага жыцця, а тым часам сёння, калі страчаны ўсе стымулы і маштабы правільнага разумення, мой голас, хай сабе і ледзь чутны, зрабіўся голасам нячыстага сумлення грамадства!

Вочы яго палалі, худы твар, які бледнасцю кантраставаў з чорнымі вусамі, сказіўся. Каб супакоіць яго, Нікалета нагадала яму, што ніводзін сучасны драматург не ставіцца сёння так часта, як ён. Ён злёгку ўлешчана ўсміхнуўся, але ўжо праз некалькі хвілін зноў азмрочыўся. І раптам закрычаў на Гендрыка Гёфгена, які заглыбіўся ў задушэўную гутарку з Барбарай:

-- А вы служылі, мілы пане?

Гендрык, збіты спанталыку і абураны такім пагрозлівым зваротам, павярнуў да яго даволі разгублены твар. Мардэр грымеў:

-- Адказвайце, мой пане!

Натужліва ўсміхаючыся, мой пан адказаў:

-- Не, вядома, не... Дзякуй богу, не!...

І Мардэр пераможна зарагатаў:

-- Вось вам і на! Ніякай дысцыпліны! Дзе тут асоба! Альбо ж вы мне скажаце, што ў вас ёсць дысцыпліна? Альбо, можа, вы асоба? Усё суцэльная мура, усё эрзац, чыстае плябейства і смердзь, куды вокам ні кінь, кyды ні плюнь!

Гэта ўжо было бессаромнае нахабства; Гендрык і сам не ведаў, як яму рэагаваць. Ён адчуваў, што закіпае; але дзеля дам, а яшчэ і таму, што яму імпанавала слава Мардэра, ён рашыў ухіліцца ад скандалу. Да таго ж яму падалося, што ў пісьменніка нешта з нервамі. Але як дзівосна і непазнавальна перамяніўся Мардэр -- голас набыў злавесна прыглушаны тон, вочы зрабіліся прарочымі:

-- Усё гэта скончыцца жахліва. -- Ён прашаптаў гэта, але ў якія далячыні, у якія глыбіні заглянулі цяпер ягоныя вочы, што так адразу набылі такую пранікнёнасць? -- Здарыцца самае страшэннае, папомніце маё слова, дзеткі, калі гэта здарыцца, я гэта прадбачыў, наперад адгадаў. Наш час гніе, ён смярдзіць. Успомніце мяне -- я ўнюхаў гэта загадзя. Мяне круці не круці -- не абкруціш! Я прадчуваю катастрофу, яна блізіцца. Яна будзе беспрэцэдэнтная. Яна праглыне ўсіх і ўсё, і нікога не будзе шкада, апрача мяне. Усё, што сёння стаіць, рассыплецца ўшчэнт. Усё прагніло. Я ўсё абмацаў, усё праверыў і пракляў. Калі ўсё грымнецца, пахавае і нас пад сабою. Мне і вас шкада, дзеткі, бо вы не зможаце пражыць ваша жыццё. А я пражыў прыгожае, цудоўнае жыццё.

Тэафілу Мардэру было пяцьдзесят. Ён быў тры разы жанаты. Яго ненавідзелі і высмейвалі, ён зведаў поспех, славу і багацце.

Ён змоўк і цяжка дыхаў, астатнія за сталом таксама не азваліся ні гукам. Нікалета, Барбара і Гендрык апусцілі вочы.

Раптам настрой у Мардэра зноў крута перамяніўся. Ён разліваў чырвонае віно і зрабіўся нязбыт галантны. Гёфгена, якога ён толькі што зняважыў, цяпер абсыпаў кампліментамі за яго ігру.

-- Я, канечне, разумею, -- сказаў ён, як добры патрон, -- яно й не дзіва, роля ж бліскучая, дыялог бясконца дасціпны. Але гэтыя няшчасныя, што сёння называюць сябе акторамі, настолькі бяздарныя, што нават у маіх п'есах ім удаецца быць бяскрылымі і нуднымі. А вы, Гёфген, прынамсі, хоць нешта петрыце ў тэатры. Сярод сляпых вы мне здаяцеся аднавокім. Ваша здароўе! -- І ён падняў чарку. -- Здаецца, вы няблага станцаваліся з нашай Барбарай, -- весела дадаў ён.

Барбара сур'ёзна падняла вочы, зірнула на яго з'едлівую ўхмылку. Гендрык памарудзіў, перш чым чокнуцца з Тэафілам: задзірысты тон драматурга, што да Барбары, ён прыняў як недарэчнасць. Здавалася, Мардэр, які гучна хваліўся не толькі сваімі ведамі ў вінах і соўсах, але і беспамылковым нюхам на жанчын, гэтым разам зусім не заўважае Барбару. Ён глядзеў толькі на Нікалету, а тая ўсяляк пазбягала пяшчотных і заклапочаных позіркаў Барбары.

Мардэр заказаў шампанскага да салодкага, толькі што прынесенага выдалікатненым обер-кельнерам. Было ўжо за поўнач. Салідны рэстаран, дзе не засталося ўжо гасцей, апрача гэтых чатырох дзівакоў, даўно ўжо зачыніўся б. Але Мардэр паказаў афіцыянтам, што яны атрымаюць прыстойныя чаявыя, калі затрымаюцца крыху больш звычайнага. Вялікі сатырык, пільнае, няўсыпнае сумленне сапсаванай цывілізацыі, цяпер дэманстраваў свой талент лагоды і дабрадушлівасці. Ён расказваў анекдоты з жыцця прускай ваеншчыны і са славянска-яўрэйскага быту. Час ад часу пазіраў на Нікалету, каб сказаць:

-- Шыкарная дзяўчына! Дысцыплінаваная асоба! Сёння гэта такая рэдкасць!

Альбо разглядваў Гёфгена і бадзёра крычаў:

-- Гэты так званы Гендрык -- тыпаж, пашукай такога іншага! Каласальны феномен! Такі па мне, павінен сказаць вам!

Гендрык не перабіваў яго -- хай хваліцца, хай гарэзуе і ззяе. Ён не зайздросіў ягонаму вяршэнству. У яго не было аніякай ахвоты канкурыраваць з ім. Хай сабе Мардэр пануе за сталом: Гендрык шчыра смяяўся з яго жартаў. У гэтай сітуацыі Гендрык меў сваю пяшчотную і дзіўную асалоду: побач з раскручаным Тэафілам ён сам здаваўся прыціхлым і далікатным -- а гэта ўдавалася рэдка. Такім ціхім і выхаваным ён павінен быў здацца і Барбары, якой наўрад ці падабалася Мардэрава шумната. Гёфген адчуваў, што выпрабавальны позірк Барбары з цікаўнасцю і сімпатыяй скіраваны на яго. Ён ведаў, што спадабаўся дзяўчыне. Самыя радасныя надзеі нарадзіліся ў яго ўсхваляваным сэрцы.

Разышліся позна. Гендрык пайшоў дамоў пеша. Яму хацелася падумаць пра Барбару. Пачуццё чыстай закаханасці было для яго абсалютна новае, да таго ж яно памацнела ад дарагіх напояў. "У чым яе сакрэт? -- думаў Гёфген. -- Думаю, у абсалютнай прыстойнасці. Яна самы прыстойны чалавек з усіх, каго мне давялося пабачыць. Яна самы натуральны чалавек з усіх, каго я сустракаў. Яна магла б быць маім добрым анёлам".

Ён спыніўся сярод вуліцы, цемра была пяшчотная, духмяная. Ужо ж бо амаль лета. А ён і не заўважыў, як прайшла вясна. Сэрца яго спалохалася шчасця, пра якое і не падазравала, да якога не было падрыхтаванае папярэднім пяшчотным вопытам.

"Барбара будзе маім добрым анёлам".

Сустрэчы з прынцэсай Тэбаб на другі дзень ён чакаў з жахам. Ён павінен быў папрасіць сваю настаўніцу танцаў на некі час спыніць урокі. Да гэтага рашэння яго падвяло новае, вялікае пачуццё да Барбары. Але ён загадзя пакутаваў пры думцы, што больш не ўбачыць Джульету, і дрыжаў, прадчуваючы ўспышку яе шалу. Ён спрабаваў растлумачыць ёй перамену сітуацыі ў самым спакойным тоне, але голас яго дрыжаў, і сцярвозная ўсмешка не ўдавалася, наадварот, ён то бялеў, то чырванеў, і вялікія кроплі поту збегліся на лобе. Джульета бушавала, гарлала, што не дасца, каб яе выкінулі як нейкую такую, што яна гэтай фройляйн Нікалеце, праз якую ён пайшоў на такое нахабства, вочы выдзярэ. Гендрык падрыхтваўся адразу зведаць плёткі і ўмольваў яе супакоіцца, бажыўся, што фройляйн фон Нібур тут ніякага дачынення не мае.

-- А хто мне казаў, што я сэнс твайго жыцця, і ўсякую такую бздуру? -- лютавала прынцэса Тэбаб.

Гендрык закусіў губу, спрабаваў перапрасіцца.

-- Ты мне хлусіў! -- ягліла дачка правадыра. -- Я заўсёды думала, што ты хлусіш сам сабе, але ты хлусіў мне, -- божа, ніколі не ведаеш, якім подлым можа быць чалавек!

У яе раскацістым голасе і твары былі сапраўднае абурэнне і горкае расчараванне.

-- Але я за табою не пабягу, -- закончыла яна горда. -- Я табе не тая, што як сучка бегае за кабялямі, хай другая, калі такую знайшоў, хлешча цябе плёткай колькі табе ўлезе, -- калі ласка!

Гендрык быў рады, што яна не будзе бегаць за ім. Ён зрабіў ёй грашовы дарунак, яна, буркліва, прыняла яго. Але ўжо з парога яшчэ раз акінулася сваёй пераможнай усмешкай.

-- Толькі не думай, што мы ўжо так сабе і паквіталіся, -- сказала яна і весела кіўнула яму. -- Калі спатрэблюся, сам ведаеш, дзе мяне знайсці!

Тэафіл Мардэр з'ехаў пасля бурных, катастрафічных перамоваў з Оскарам Х. Кроге. Аўтар "Кнорке" дабіваўся, каб дырэктар натарыяльна заверанай паперай абяцаў яму, што п'еса будзе паказана сама мала пяцьдзесят разоў. Кроге, натуральна, адмовіўся даваць такую гарантыю, на што Мардэр спачатку прыгразіў яму пракурорам, а потым, калі пагроза не памагла, абвясціў кіраўніка Гамбургскага мастацкага тэатра абсалютным нулём без асобы, без дысцыпліны, -- ашуканцам, махляром, нікчэмным халтуршчыкам і тыповым прадстаўніком прасмердлай, асуджанай на здыхату эпохі.

На гэтыя знявагі нават такі згаворлівы чалавек, як Кроге, не мог рэагаваць спакойна. Сварыліся добрую гадзіну. Пасля чаго Мардэр y выдатным гуморы сеў у берлінскі экспрэс.

Гендрык, Нікалета і Барбара сустракаліся кожны дзень. Здаралася, што Гендрык бачыўся з Барбарай і без Нікалеты. Прагульваліся, каталіся на лодцы па Альстэры, сядзелі на тэрасах, наведвалі галерэі. Шмат балбаталі, зблізіліся, Гендрык расказваў Барбары, што лічыў ёй патрэбным адкрыць: ён патэтычна выказваў ёй свае перакананні, свае надзеі на сусветную рэвалюцыю і на місію рэвалюцыйнага тэатра. У драматычна прыхарошанай форме ён расказаў ёй гісторыю свайго дзяцінства, абмаляваў свой хатні побыт, бацькy Кёбеса, маці Бэлу і сястру Ёзі.

Пра сваё дзяцінства расказвала і Барбара. Гендрык зразумеў, якія дзве асобы былі да таго часу ў яе жыцці цэнтральнымі: любімы бацька і Нікалета, сяброўка, да якое яна ставілася з клапатлівай пяшчотай. Гэтая прагная да авантурных прыгодаў дзяўчына давала ёй ці мала прычын непакоіцца. Але самую вялікую трывогу Барбары прыносілі яе цяперашнія адносіны з Мардэрам. Барбара адчувала да яго агіду, Гендрык адразу адчуў гэта. Па яе незнарок кінутых пагардлівых намёках можна было зразумець, што Тэафіл, перш чым пазнаёміцца з Нікалетай, палка ўгоньваўся за Барбарай. А яна рэзка яго адшыла. І Тэафіл яе ўзненавідзеў, Тым больш яму пашанцавала з Нікалетай. Яна тлумачыла кожнаму, хто хацеў гэта чуць, вельмі выразна артыкулюючы, што Тэафіл Мардэр адзіны паўнацэнны, сапраўды сур'ёзны і значны чалавек, якім цяперашнім часам можа хваліцца Еўропа. Амаль кожнага дня яна доўга гутарыла з ім па тэлефоне, хоць Барбара давала ёй зразумець, наколькі балюча яна гэтага не ўхваляе. А Нікалета бліскучымі зычлівымі вачыма назірала за ўсім, што адбывалася паміж Барбарай і Гендрыкам. Ёй было прыемна, што Барбара, чый педагагічна-пяшчотны клопат крыху ўцяглівы Нікалеце, здаецца, сама ўблыталася ў сентыментальную прыгоду. Нікалета рабіла ўсё, што ад яе залежала, каб спрыяць іх адносінам. Яна казала Гендрыку, уваходзячы ў яго грымёрную:

-- Я радая, што ў цябе з Барбарай усё клеіцца. Вы паберацеся, яна ж сама не ведае, што з сабой рабіць.

Гендрык быў супроць такой манернасці ў гаворцы, але дрыжучы ад радасці, пытаўся:

-- Ты думаеш, Барбара не супраць?..

І Нікалета звонка смяялася.

-- Я веру!? Вядома, думае. Ці ж бо ты не бачыш, як яна ўся перамянілася? Не тлумі сабе галавы, золатка, яе нібыта спагадлівасцю. Я яе ведаю -- яна з тых жанчын, якія, калі маюць да каго схільнасць, заўсёды дамешваюць жальбу. Жаніся з ёю! Вам абаім гэта будзе разумная развязка. Апрача таго, гэта паспрыяе тваёй кар'еры. У старога Брукнера сувязі моцныя.

Пра тое Гендрык yжо і сам паспеў падумаць. Хмель кахання, які яшчэ круціў яму галаву -- прынамсі, так думалася, -- не мог цалкам выціснуць больш цвярозых меркаванняў. Тайны радца Брукнер быў чалавек вялікі і не бедны. Саюз з яго дачкою прынясе вой колькі ўсякіх перавагаў, апрача шчасця. Ці мае рацыю Нікалета ў сваім цынізме і катэгарычнасці? Ці ўзважыла Барбара магчымы шлюб з Гендрыкам Гёфгенам? Як далёка дастае яе цікавасць да яго? А раптам гэта толькі забаўка? Твар шальмаватай гарэзлівай мадонны быў непранікальны. Нічога не выдаваў і сакавіты, з залатым адлівам, глыбокі голас. Але што гавораць яе выпрабавальныя вочы, так часта скіраваныя на яго, Гендрыка, з цікаўнасцю, спагадай, прыязнасцю, можа нават, з пяшчотай?

Трэба спяшацца, калі хочаш дабіцца свайго: сезон канчаўся, блізіліся і апошнія прадстаўленні "Кнорке". Барбара і Нікалета з'едуць. І Гендрык рашыўся. Нікалета заявіла, што надумалася на вялікую прагулку з Рольфам Банэці. Барбара, значыцца, заставалася адна. І Гендрык пайшоў да яе.

Была доўгая размова, і скончылася яна тым, што Гендрык упаў на калені і заплакаў. У слязах ён прасіў Барбару злітавацца з яго.

-- Ты мне так патрэбная, -- усхліпваў ён, паклаўшы ёй галаву на калені. -- Без цябе я прапаў. Ува мне ці мала дрэні. Адзін я не змагу адолець гэта дрэннае, справіцца з ім, а ты ўмацуеш ува мне лепшае.

Гэтая пакутліва-нязграбная патэтыка ўвяла яго ў роспач. Бо разгублены позірк Барбары адкрыў яму, што рашучыя заявы Нікалеты былі альбо памылкай, альбо нахабнай хітрасцю: Барбара Брукнер ніколі не думала пра шлюб з акторам Гёфгенам.

Ён павольна падняў заліты слязьмі твар ад яе каленяў. Яго бледны рот уздрыгваў, мігценне вачэй, якія нагадвалі каштоўныя камяні, патухла, яны здаваліся аслеплымі ад гора.

-- Ты не кахаеш мяне, -- выціснуў ён, рыдаючы. -- Я нішто, з мяне нічога не выйдзе, ты не кахаеш мяне, я прапашчы чалавек...

Ён больш не мог гаварыць. Усё, што яшчэ меў сказаць, не сказалася, а пралепяталася.

З-пад апушчаных павек Барбара глядзела на яго валасы. Яны ўжо парадзелі. На макаўцы старанна прычасаныя пасмы прыкрывалі плешыну. Але цяпер гэтыя пасмы былі ў поўным беспарадку. Магчыма гэтыя ўбогія валасы і расчулілі Барбару.

Не дакранаючыся рукамі да яго мокрага твару, які ён, не расплюшчваваючы вачэй, падняў да яе, яна сказала вельмі павольна:

-- Калі табе гэтага так хочацца, Гендрык... Мы маглі б паспрабаваць... Маглі б паспрабаваць...

Пасля гэтага Гендрык ускрыкнуў, ціха, хрыпла, што прагучала прыглушаным пераможным лямантам.

Гэта былі заручыны.