Сад замкнёных гор

фантастычны раман

Мінскевіч Серж


часткі V - VIII

V

Нічыіх не бывае!

Дзяўчат зноў вывелі на пастамэнт-сцэну.

Бойка працягваецца!

Разумовая “машына” зеленавокай блёндынкі пачала даваць збоі. Крокі, выпады, рухі былі ўжо не такія адточаныя, упэўненыя, як спачатку.

А юная смуглянка мела сапраўды невычарпальны запал. Можа яна стамілася, але тэмпэрамэнт не стамляецца!

Яна нечакана для ўсіх падбегла да краю і крыкнула ў натоўп:

– Хлопцы, калі звалюся, падтрымаеце!

– Так!

– Падтрымаем! – забасілі галасы.

– Давай! Давай! Рытм! – зноў крыкнула смуглянка і некалькі разоў пляснула ў ладкі.

Сотні, тысячы далоняў падхапілі шалёны тэмп.

На самым ускрайку рухоткая смуглянка пачала танцаваць старажытны танец. Яе прыродны келіх імкліва затрапятаў, здавалася, вакол яе хвалюцца паветра, якое раскрытымі ратамі лавілі мужчыны гораду.

– Ідзі сюды, жардзяйка. Глядзі! Я на самым краі! – яна танчыла і сама запалялася сваімі зьвіўнымі, як полымя, рухамі.

Бліскучае ад алею, юнае цела насамрэч выглядала пялёсткам жывога агню, над якім зьзялі дзьве чорныя іскрынкі вачэй.

– Ідзі да мяне, жардзяйка! Табе варта толькі дакрануцца!

Юная смуглянка псыхалягічна перамагла сваю спаборніцу, і тая частка публікі, якая падтрымлівала яе, трыўмфавала.

І ўсё больш і больш хмурнеў бургамістар, ён жа паставіў на блёндынку.

З каменным тварам тая падышла да смуглянкі, рэзка выпрастала рукі... Але смуглянка адскочыла і чамусьці пабегла на супроцьлеглы край пастамэнта.

– Яна спалохалася! – усклікнуў бургамістар і трошкі прыўзьняўся на насілках. – Давай, Адэльжа! Дагані яе! Выштурхні чортаву блазьнючку!

Зеленавокая блёндынка, павінуючыся, кінулася за юнай дзяўчынай.

Вось-вось белыя кулакі дастануць смуглую сьпіну. Але юная смуглянка зьнянацку падсаджваецца, амаль падае пад ногі разьюшанай блёндынцы, тае губляе раўнавагу, пералятае за край пастамэнта і, зрабіўшы высокае сальта, апускаецца на бэтонную зямлю. Ляжыць, не варушыцца. Да яе падбягае варта, неяк прыводзіць у прытомнасьць...

А ўзрушаная абаяльная смуглянка ўзьнялася і ўскочыла і ўзьняла рукі да гараджан!

Перамога!

Засіпелі дудкі і сурмы аркестра.

– Слава Руаце!

Фантаны кветак узьняліся ў паветра і пакрылі пастамэнт жывым кілімам.

– Слава пераможцы, пекнай Руаце!

Мяне апанаваў страх.

Чорная пятля абмяжоўвала зрок і сьвет...

Там, у пятлі, разьзяваліся тысячы ратоў, у якіх трэсьліся белыя, жоўтыя, чорныя зубы. Здавалася яны грызьлі паветра... разам з маім жыцьцём.

Перамога!

Прыгожая перамога азначала пачатак маёй сьмерці.

Юная дзяўчынка з букетамі кветак зрабіла круг гонару і да яе падышоў худы паліцмайстар, у руках ён трымаў вянок чорных руж.

– Калі ласка, ціха. Жыхары горада! Паводле закону Цэнтральных Скрыжаваньняў пераможца робіцца караючай рукой правасудзьдзя. Ціха! Але пераможца можа адмовіцца ад сваёй перамогі і ўзяць сабе асуджанага. У такім выпадку перамога, гэты вянок славы і большая частка ганарару перадаецца яго спаборніку. Таксама нагадаю, што стаўкі, якія рабіліся на пераможцу, у такім выпадку прайграюць, а стаўкі яго спаборніка выйграюць! – крыкнуў паліцмайстар, а потым незаўважна нахіліўся да Руаты.

– Бургамістар ня супраць, каб вы ўзялі сабе няшчаснага хлопца, – шапнуў ён і зноў паўтарыў публіцы “літары закона”.

Упала цяжкая цішыня! Сотні вачэй углядаліся ў твар юнай дзяўчыны.

– Руата! – сьвяточна прамовіў паліцмайстар. – У вас права выбару! У вас адной на ўсёй плянэце права караць і мілаваць.

Я адчуў подых надзеі.

Руата павольна падышла да шыбеніцы. Я адагнаў ад сябе страх: мужчына не павінен выкрываць свой страх перад жанчынай! Паглядзеў на яе шчыра і ясна. Яна першая адвяла погляд! Я адчуваў, што там, у чорнай бездані яе вачэй, нарадзілася жаданьне: мець свайго моцнага, сьмелага, прыгожага мужчыну...

Нарадзілася жаданьне!

Тонкія пальцы зь вінаградзінамі пазногцікаў, дзе з-пад скуранога далягляду ўзыходзіць пэрлямутравае сонейка, накінулі на мяне пятлю... Яе вочы апальвалі мяне. Яна выпрабоўвала мяне, чакала страху. Я ж нішчыў свой страх.

Капронавая луска агідна заласкатала скуру. Я праглынуў камяк сьліны.

Дзяўчына апошні раз пільна паглядзела мне ў вочы, зноў там у глыбіні мільганула цікавасьць і жаданьне...

Яна хутка адвярнулася.

– Толькі вам дадзена права караць і мілаваць, – прагугнявіў паліцмайстар.

Ён перахапіў погляд бургамістра і цёмна, густа пабарвавеў, амаль зьліўся колерам са сваім балахонам.

Смуглянка рэзкімі крокамі выйшла на сярэдзіну сцэны – чорныя вочы сачылі за тварамі людзей – потым паглядзела на бургамістра.

Перамога, ці маё жыцьцё.

Перамога, ці “так” бургамістру.

Юная, прыгожая, абаяльная дзяўчына яшчэ раз азірнула натоўп, імкліва падбегла да мяне і... выбіла нагой услончык.

Луска пераўтварылася ў дрот, здушыла горла, сьціснула пазванкі, разам з тым зьявілася асалода ў нагах.

Я памёр.

Пратнеце мне плячо! Зрабеце балюча!

Я памёр!?

Я ўсёй сваёй істотай, цяпер празрыстай і сьветлай, сатканай з маіх мінулых і новых думак, заўважаў... бачыў сябе ТАГО, які недарэчна хістаўся пад бэлькай, а паліцмайстар побач узнагароджваў дзяўчыну мэталічным вянком чорных ружаў.

Што я адчуваў? Усьведамленьне сьмерці, канца? Бездані?

Не – сумную ўсьмешку і палёгку.

Я лунаў над людзьмі. Сам Я, цалкам, адразу, над усімі...

А самае галоўнае, што зьмянілася – зьнік час!

Чым жа мы яго адчуваем?

Рухам?

Старэньнем?

Мы ўсе нясем важкую ношу часу! Груз сэкунд, хвілін, месяцаў, гадоў. І калі ён робіцца для нас непасільным, мы скідваем яго і ляцім... быццам пазбаўленыя катвігі паветраныя балёнікі.

***

Вясёлы натоўп, пастамэнт і я-не-я на капронцы аддаляліся. Але само аддаленьне таксама было незвычайнае, не прастора-часавае, мае думкі ўспрымалі прапарцыянальнае зьмяншэньне і, здавалася, па жаданьні, я мог карцінку рэчаіснасьці павялічыць, ці разьвярнуць пэўным чынам, ці расфарбаваць, ці закаруселіць, ці яшчэ надаць ёй шмат іншых рухаў, якія я сам ня ведаў, а толькі адчуваў, што здатны на іх.

Праўда, жаданьня не было!

Неадчувальны паветраны струмень узносіў мяне.

Я наталяўся свабодай палёту...

Там, наверсе, сярод чыстай плыні, раптоўна і ў той жа міг чакана, узьнікла яркае бела-празрыстае сьвятло. Яно не асьляпляла, наадварот, лагодзіла! І мяне напаткалі словы нашага старога вешчуна, а мусіць, то быў ён сам?

– Ты не памёр... Калі твой розум прыняў покліч сьмяротнай небясьпекі, у глыбіні тваёй падсьвядомасьці пачала раскручвацца бясконцая сьпіраль маіх замоваў, маіх думак, якія настаўнікі далі тваёй памяці пры навучаньні. Замовы пасьпелі абвіць тваё цела, зрабілі яго непашкодным і бязважкім. Вер мне, аніякая сіла на сьвеце цяпер ня зможа парушыць аніводнай тканкі, аніводнай клеткі, нават аніводнай вейкі твайго падпарадкаванага цяпер мне цела. Яно здранцьвелае, бязважкае, непрацінальнае, непашкоднае, цалкам падуладнае маім думкам. Няхай тваё Я лунае асобна, не імкніся зноў вярнуцца ў рэчаіснасьць. Не імкніся! Цалкам аддайся найвышэйшае Сьпіральнае Замове Замоваў, не перашкаджай ёй сваёй воляй... Пакуль тваё Я будзе ў надрэчаіснай плыні, уся схаваная энэргія тваёй падсьвядомасьці і энэргія маіх ведаў будуць ашчаджаць тваю матэрыяльную абалонку. Калі вонкавыя абставіны зробяцца больш спрыяльнымі, тваё Я вернецца.

VІІ

– Халё, Нетайч, падтрымай, час здымаць. А то засьмярдзіць. Вэнтыляцыя ў нас – сам ведаеш. До, што ад кірмашу ў мяне ў носе кузуркі родзяцца.

– На парсючнік?

– А што, у трубу? Мяса ёсьць мяса.

– Так то ж далёка цягнуць.

– Нічога, ён, малойца, яшчэ сьвежанькі і не такі ўжо цяжкі, – засьмяяўся шляхетны з твару, статны вартаўнік. – Давай, бяры яго за ногі.

Сам ён стаў на ўслончык. Моцныя пальцы пашырылі пятлю, капронавая аборка прапаўзла па падбародзьдзі і зачапілася за нос.

“Вось, дурань, носа ня бачыць”, – падумаў я...

– Ах, чорт, пагодзь, – ён цалкам зьняў пятлю.

– А-а-а, Упляйк, дапамагі, я ня можу!..– закрычаў Нетайч унізе.

Гэты слабак ня змог утрымаць маё цела, я ўсім тулавам наваліўся на статнага вартаўніка, і мы ўтрох разам з услончыкам паляцелі на падлогу.

– Хіба акуратней ня можаце! – злосна прамовіў я.

Вочы Ўпляйка і Нетайча вылезьлі з арбітаў.

Вартаўнікі рвануліся зь месца.

– Ну, не-е,– я пасьпеў зачапіць Упляйка, – разьвяжы.

Ён дрыготкімі рукамі сарваў зь мяне вяроўкі, вырваўся, але спатыкнуўся аб услончык і застагнаў.

Я аправіў вопратку, агледзеў месца свайго пакараньня – няўжо сапраўды бывае такое? – пераступіў небараку і пайшоў далей. Ня ведаю, як вартаўнік глядзеў мне ўсьлед, але падбегчы схапіць не наважыўся. Ды і я сам дрэнна разважаў – галава гудзелі, ныла і зьвінела адначасова.

Я ішоў...

Аднак з маім уваскрэсеньнем уваскрэс мой голад. Што б стары вяшчун у кутку майго розуму не мармытаў – есьці хацелася драпежніцкі.

У каеэнным апэндыксе на ўскраіне горада гучалі рытмічныя рыпучыя гукі.

Карчма была напоўнена разнамаснымі людзьмі. Па адзеньні можна было меркаваць, што яны не належылі да вышэйшага саслоўя, надта шумна размаўлялі, амаль крычалі, узбуджанымі галясамі, дый на вушах не было шкляных званочкаў.

Уздоўж доўгіх сталоў, заваленых стравамі і пітвом, сядзелі мужчыны, жанчыны, моладзь. Некаторыя перад сталамі хісталі тулавамі, – танчылі, пад уласны акампанэмэнт – са сьціснутым губамі мармыталі сабе пад нос песьні.

Раптам проста на стол ускочыла ўжо не маладая, але даволі йшчэ прывабная жанчына.

Усё сьціхла.

– Мусім наканаванасьці, – гучна прамовіла яна.

Да стала падышоў бубнар. Спачатку марудна, а потым хутчэй і хутчэй ён пачаў біць у звонкі бонг.

Пад рытм жанчына пачала зьвівацца. Яе цёмна-каштанавыя валасы распусьціліся, хваляваліся, як чакалядныя струмені. Босыя ступні то мяккімі, то рэзкімі рухамі скідвалі са стала талеркі са стравай, кубкі з рубінавым пітвом.

Нечакана рытм рэзка паскорыўся. Лёгкая туніка, што была на жанчыне, зьляцела. Яна зьвівалася, зьдзіўляючы публіку неверагоднай гнуткасьцю.

– Мае рукі – зьмеі, мае ногі – зьмеі, – шаптала яна, вочы яе закаціліся пад павекі

Некалькі мужчын кінуліся да яе, стараючыся першымі дакрануцца, падхапіць на рукі. Яна спрытна адхілялася.

Жанчына, не губляючы рытм танца, вырывалася ад мужчынскіх далоняў, падобных да белых сквапных языкоў. Чуліся жарты, сьмех, крыкі.

Мужчыны штурхалі адзін аднаго, ледзь ня біліся. Нарэшце самы-самы, які падабаўся ёй высьлізнуў зь вясёлай мітусьні, перахітрыўшы сваіх канкурэнтаў, заскочыў на стол, падбег да жанчыны і пяшчотна, але моцна абняў. Яна абвіла яго і ўдзячна ўсьміхнулася.

– Вып’ем за іх! – зараўлі застольнікі.

– Вып’ем.

Першай узьняла свой залаты кубак юная смуглянка, якая сядзела ў сярэдзіне пакоя на высокім крэсьле. Над яе чалом красаваўся вянок з чорных ружаў.

Мужчына і жанчына пад добрыя жартаўлівыя парады ўзяліся за рукі і сышлі.

А бяседа працягвалася.

Я падышоў да сталоў. Ля іх было шмат вольнага месца. Многія бяседнікі валяліся ці качаліся на падлозе. На мяне ніхто не зьвяртаў увагі.

– Вып’ем, – гаркнулі чарговы раз.

Я хацеў і есьці і піць. Наліў сабе вялікі кубак і разам з усімі хутка выпіў.

Халодная пякучая вадкасьць працяла мае горла.

Цёплы прыліў пракаціўся па жываце.

Я, згаладнелы, схапіў вялізны кавалак мяса, запусьціў у яго зубы. Я амаль пасьпяваў глынаць і хапаць новую і новую страву.

Потым яшчэ адна дзяўчына танцавала на стале...

– Вып’ем, – закрычалі вакол, калі выявілася новая пара.

– Вып’ем, – загарланіў я.

Я выпіў другі кубак. Галава мая пераўтварылася ў воблака і кудысь паляцела. Мне захацелася яго дагнаць, я пабег, закрычаў: “Гэй, глупотнае, я тут, чаго зьлятаеш?” Я бег каленкамі па падлозе і калі зразумеў, што галявы ўсё роўна не дагнаць, вырашыў пажыць безь яе... і зваліўся на зямлю.

VІІІ

Я ачуняў ад моцных крыкаў.

– Руата! Руата!

Юная абаяльная смуглянка ўстала.

– Вы просіце, каб я прамовіла: “Мусім наканаванасьці”?

– Руата! Руата!

Пунцовы румянец зазьзяў салодкімі сьпелымі яблыкамі на смуглых шчаках дзяўчыны.

– Выбірай з нас!

Яна ўстала на стале, усьміхнулася.

– Я ўжо магла б мець свайго хлопца.

Усе зарагаталі.

– Толькі вось бяда, – яна прытворна ўздыхнула, – ён жыць ня можа безь вяровачных арэляў.

Новы залп рогату разарваўся ў карчме.

Ад рогату і абразы я ў момант працьвярозеў.

Дзяўчына ганарліва павяла плячыма, чорныя вочы ўспыхнулі.

– Мусім наканаванасьці!

– А-аааа!– завішчалі ўсе.

Пошчак бонга заглушыў узбуджаныя глоткі.

Дзяўчына скінула сваю ружовую туніку.

Танец юнай смуглянкі быў пасткай, магнітам, вірам, забыцьцём, куды траплялі думкі, пачуцьці, жаданьні.

Адразу пяць-шэсьць маладых мужчынаў кінуліся да яе. Яны перакулілі суседні стол, зьбівалі з ног адзін аднаго, штурхаліся, барукаліся, але вельмі нехлямяжа, як сьляпыя шчаняты... Сапраўды, іх асьляпіла жывое полымя – Руата.

Яна наталялася барацьбой.

– Давайце! Хто ж мацнейшы?

Кожны імкнуўся згарэць!

Я ўстаў! Я быў абражаны да разьюшанасьці.

Я рынуўся ў сярэдзіну мітусьні, злосна раскідаў шчанюкоў і па праву пераможцы падышоў да Руаты.

Яна спыніла танец, ня ведаючы ў разгубленасьці, што рабіць.

Усе ахнулі і застылі ў нямой сцэне.

Не пазнаць мяне было немагчыма.

– Я той, хто ня можа жыць безь вяровачных арэляў...

Я глядзеў на яе шчыра, колка, працінаў пякучай вастрынёй сваіх вачэй. Я – пераможца над імі, над ёй, над усім горадам. Я жывы і моцны!

Дзяўчына авалодала сабою, зірнула-зіхнула на мяне:

– Хто б ты ні быў, жывы ці нябожчык, ты шчыра перамог. Я твая! Але, я ведаю, ты прыйшоў забіць мяне. Што ж, ты маеш на тое права! Нож! Дайце яму нож!

Ніхто не варухнуўся.

Яна ўшчыльную падышла да мяне. Я адчуў дакрананьне яе смочак, полымя ўварвалася ў мяне.

– Хочаш, задушы...

Я быў зьбянтэжаны. У мяне не існавала думкі яе забіваць.

Яна выцягнула шыю наперад, выказваючы сваю пакорлівасьць.

У яе вачах быў зьдзек, але за ім успыхвала зацікаўленасьць мною.

Зь вялікім намаганьнем я пагасіў у сабе вулькан.

– Сёньня ты будзеш не маёй, ты будзеш належыць паветру! – рэзка разьвярнуўся і пайшоў па стале.

Дзяўчына порсткай яшчаркай абегла мяне і, перакрываючы мой шлях, пачала танцаваць. Бубнар падхапіў яе тэмп.

Яна танцавала адмыслова для мяне, уся яе маладая жарсьць была сфакусавана на мне! Шалёныя, прагныя хвалі спакушальнага дзявочага цела, нібы кпілі: “Што ж ты...”

– Учора я выйграла цябе. А сёння ты выйграў мяне. Я належу табе, – яна сьмяялася мне ў вочы.

Я ахапіў яе за плечы, акуратна прыўзьняў і моўчкі паставіў за сабою. Потым саскочыў са стала:

– А-ну прапусьцеце! – крыкнуў у натоўп.

Я сышоў!