Панароўе

Анталогія апавядання


Чарадзейскае шкельца

Кароў пасвіць было куды лягчзй, чым авечак. Кароў гналі на Моргі або на Зады: там быў лес, да таго ж пастухоў было многа. З авечкамі было горш. Для іх прызначана было Чортава поле: шырокае і пустое, ніводнага дрэўца тут не было. Пасярэдзіне поля былі толькі дзве ямы. Сяляне называлі іх цагельняй. Старэйшыя тлумачылі, быццам калісьці тут была цагельня, яшчэ пры дзядах-прадзедах. Не думаю, каб гэта была праўда. На Чортавым полі ніколі нічога добрага не магло быць. Там, дзе ходзяць авечкі, ніякая жывёла пасвіцца не можа: авечкі выгрызаюць усё амаль з карэньчыкамі і страшэнна брудзяць пашу.

На Чортавым полі адчуваў я ў дзяцінстве нейкі нявыказаны, проста нечалавечы сум. Цяжкая туга сціскала дзіцячае сэрца, падыходзіла цвёрдым камяком пад горла, выціскала слёзы.

Пад вясну пачалі ў хаце раіцца, ці не зрабіць мяне авечым пастухом. Усё лета трэба будзе прабываць на Чортавым полі. А для мяне і адна гадзіна, праведзеная там, была вечнасцю.

— Не буду! — закрычаў я на ўсю хату. — Авечым пастухом не буду!

Усе пакаранні, якімі ў хаце пагражалі: аддаць цыганам, адаслаць у рэкруты, выдаць у прыступы — здаваліся мне глупствам у параўнанні з абяцаннем прыставіць мяне да авечак.

І таму, затупаўшы нагамі па гліняным таку, я закрычаў яшчэ галасней: .

— Не буду!

Усе былі здзіўлены. Дзядзька Андрэй аж з табурэткай адвярнуўся ў мой бок і прагаварыў:

— Бач ты, што ён даказвае. А чым жа ты хочаш быць -- можа панам? '

— Зараз я яму дакажу яго панскасць, -- сказаў бацька, дэманстратыўна распярэзваючы дзягу.

І не ведаю, ці вытрьмаў бы я ўсё лета на Чортавым полі, каб не гэтае шкельца. Было яно зачараванае. Апынулася ў маёй кішэні невядома як і адкуль. Аднойчы я проста ўклаў руку ў кішэнь і -- выняў шкельца. Падобнае яно было на тыя, якія вешаюць ззаду фурманак або машын, толькі не цэлы кружок быў, а нейкая адна трэцяя. Варта было, аднак, прылажыць яго да вока, а другое вока закрыць рукою, каб убачыць цуды-цудныя. Было там рознае: усе звяры, якіх бачыў я калісьці ў кніжцы, што маці прьнесла ад папа паглядзець, быў лес, людзі з доўгімі вусамі, коні з людскімі галовамі, было яшчэ мноства іншых рэчаў, якіх я і назваць не мог. Была і каралева, пра якую чытаў нам пан Хмялеўскі, калі я хадзіў у школу.

Шкельца можна было аглядаць бесперапынна, і ніколі яно не надакучвала. Заўсёды было ў ім нешта новае. Хапіла, гледзячы ў шкельца, ледзь-ледзь яго паварушыць, а ўсе карціны змяняліся, каралева ператваралася ў тыгра, а коні -- у салдат, што ішлі ў атаку. Колькі ж цудаў убачыў я за тое лета! Хутка яно праляцела. Аглядаючы чырвонае шкельца, я зусім забыўся пра тугу Чортавага поля.

Надышла зіма. Найбольш любіў я садзіцца ля печкі і глядзець праз шкельца на агонь. У шкельцы было зноў усё асабліва прыгожым.

— Што ён увесь час тырчыць ля печкі з нейкім шклом? — сказала аднойчы бабуля, вырываючы з рук мой скарб. Паглядзела ў яго і сказала:

— Э, праз яго нічога не відаць...

А мае равеснікі зайздросцілі мне і любілі заглядаць у шкельца... Адзін толькі Рыгораў Грышка калісьці прылажыў да вока, глянуў на неба і сказаў:

— Глупства.. Праз яго і хмар не відаць.

На другі год, пад восень, шкельца маё знікла. 3 таго часу пачаліся ўсе мае няшчасці. Я быў перакананы, што шкельца ўкралі хлопцы. Не мог я, зразумела, гэтага ім дараваць. Пры кожным выпадку, а часам нават і без прычыны, кідаўся я на сяброў з кулакамі, імкнучыся адпомсціць за сваю страту. У выніку гэтага мне некалькі разоў расквасілі нос і, што горш, на ўсё жыццё задзіраю празвалі.

Калі я падрос і пачаў хадзіць да дзяўчат, паненкі любіць мяне не хацелі. «Вунь задзіра пайшоў...», .— шапталіся яны, калі я ішоў па вуліцы. Я чуў гэтыя шэпты і на сэрцы была цяжка -цяжка.

— Не ўдаўся ты нам, сынок, — сказаў аднойчы бацька. — Малым быў, то ўсё дзерся з хлопцамі. Ды і цяпер такі самы. Думаў, вырасцеш — паразумнееш, а з цябе чорт ведае што. Няма чаго хадзіць ды гуза шукаць: у суботу паедзем у сваты да Піліпавай Манькі.

Піліпава Маня жыла ў суседняй вёсцы. Гэта была здаравенная дзяўчына і вельмі ж непрыгожая. Я аднак ужо не верыў , каб нейкая прыгожая магла згадзіцца выйсці за мяне. І таму згадзіўся ехаць з бацькам у сваты да Піліпавай.

Калі Манька нарадзіла сына, мы назвалі яго Міколкам. 3 Міколкам я любіў сядзець летам ля хаты і гутарыць. Ён жа нічога не разумее, і ўсё яму можна расказаць. Я баяў яму аб маім дзіўным жыцці і аб гэтым шкельцы, ад якога ўсё пачалося. Каб жа яго ў мяне тады не ўкралі -- не біўся б я з хлопцамі, не празывалі б мяне задзіраю, любілі б мяне дзяўчаты, ажаніўся б я з найпрыгажэшай дзяўчынай з вёскі, шанавалі б мяне цяпер людзі, і я жыў бы сабе, прыпяваючы. А так...

Было гэта мінулай вясной. Мы аралі агарод. Я выцягнуў плуг са скібы, каб ачысціць з зямлі. І раптам... Аж у вачах пацямнела. Датыкаюся рукою — але ж так, тое самае чарадзейскае шкельца. З зямліцы выаралася. Я старанна абцёр яго і прыклаў да вока. I -- нічога не ўбачыў.

Яшчэ раз яго агледзеў. Але ж так, напэўна, тое самае. Тыя самыя невялікія бародаўкі і выбіты зуб з берагу. Пакуль даараў агарод, заглянуў яшчэ разоў пяць у шкельца. Аднак ні звяроў, ні людзей, ні іншых цудаў я цяпер не бачыў.

Выпрагшы коней, падыйшоў я да Міколкі і, засланіўшы яму рукою адно вока, да другога прыклаў шкельца. Той віснуў на ўвесь голас і рукамі ўчапіўся за мой вялікі палец.

— На, сам паглядзі, — сказаў я, падаючы яму сваё цуда. — Міколка, як то дзяцюк, пацягнуў яго ў рот і спрабаваў грызці.

Манька, якая мыла побач збанкі, аглянулася і загаласіла.

— Ну, зусім ужо здурэў стары, шкло нейкае дзіцяці дае, хоча, каб дзіця скалечылася.

Яна вырвала ў Міколкі шкельца і шпурнула за агарод, дзе летам расце крапіва.

Шукаць яго я не пайшоў.

1964