Панароўе

Анталогія апавядання


Дзядуля

На могілках, што ціха і жаласна шумяць лесам акацый, бэзу і вішань, ля старой каменнай агарожы, у куточку, куды наўрад ці заходзіць нават у памінальны дзень стары бацюшка- непаседа, невялікая, абсунуўшаяся магіла і на хуткую руку зроблены тонкі сасновы крыж.

Гэта магіла дзеда Андрэя. «Добры быў чалавек!» — кажуць адны.-- «Царства яму нябеснае ды спакой вечны...» — успамінаючы дзеда Андрэя, кажуць другія.

Спакой... Ці быў ён у яго тут,на зямлі?

Усе зналі яго. Ды як не знаць, не ведаць яго: ён тут вырас, ажаніўся, двух сыноў-арлоў; выгадаваў: Аляксандра і Генрыха.

Сядзе іншы раз на ганачку і сынамі, што дровы пілуюць, любуецца.

— Прыгожыя ў нас хлопцы, Вольга! Сашка — уся твая кроў! І чуб твой, і вочы... Чорныя! За іх жа я цябе і пакахаў, ты ж памятаеш, нябось...

Андрэй маўчыць хвіліну, другую, потым, як бы апраўдваючыся, кажа:

— А што я пабармачу калі, ці галасней часам крыкну — усё гэта, каб не сурочыць, не распесціць хлопцаў нашых. Вельмі ж ужо прыгожыя яны ў нас, маці!

Вочы яго свецяцца, гараць ціхай радасцю, і ён ласкава гаворыць далей:

— Добрых нявестак прыждаць нам толькі, дый усе нашы справы тут. Ну, зразумела, — як быццам адказваюч на пытанне жонкі, кажа Андрэй, —- калі трэба будзе — радай добрай паможам, калі трэба — плячом.

Андрэй доўга яшчэ марыць, звяртаючыся да жонкі з бесперапыннымі пытаннямі, на якія тая то адказвае смеючыся, то маўчыць, прыслухоўваючыся да смеху сыноў.

— Паглядзі ты на Генрыха! — кажа, паказваючы кіўком галавы на шыракаплечага, кучаравага, стройнага хлопца, што падпявае вясёлую песню. — Царэвіч пісаны, га? Кажуць, Сцяпанава Марына дарожку да яго сэрца працерла... Што ж, дзеўка што трэба, з розумам... Ды і ён, дай Божа ўсякаму. Што, грэх, кажаш, любавацца, радавацца?.. Ох, мілая, а каму ж яшчэ іх хваліць-любіць, калі не бацьку роднаму!

*

Не дачакаў Андрэй радаснага дня — вяселля сына. Вайна абрушылася на іх — сонных, перапалоханых, ашаломленых водблескамі пажара недалёкага горада — бегатнёй на вуліцы, крыкамі жанчын, плачам разбуджаных дзяцей... Усё мянялася з маланкавай хуткасцю. Дзве гадзіны на зборы і — бывай родны кут! Для многіх гэта было апошняе развітанне. А потым траскучая гамонка немцаў, цягнік, што ўсё ішоў ды ішоў на захад, праца ў баўэра над Одрай...

Зразумее хто-небудзь, дапаможа, калі сыноў тваіх забяруць на ваенны завод?... Каму раскажаш, што бачыў ты іх апошні раз? У кожнага свайго гора, што вады ў час вясенняй паводкі.

Пайшлі яны, пакланіўшыся нізка, пайшлі назаўсёды...

Фрау Зігерыст смяецца:

— «Катлеты» рускім пячы пайшлі сыны твае?

Памерла Вольга. Ад тыфу ды ад тугі па сынах. Адзін застаўся Андрэй. Пасівеў, згорбіўся, прыціх... Ён рэдка гаварыў цяпер з людзьмі, і худая, шырокая рука з агрубелымі ад працы пальцамі шпарка цягнулася да вачэй і выцірала скупую мужчынскую слязу... Дзе ж вы, сынкі - сокалы, дзе ж ногі вашы ходзяць, дарагія вы мае? Можа спіцё ўжо даўно сном вечным у чужой зямельцы!... Ох ты, доля, доля горкая!

*

Прыйшоў май 1945. Вярнуўся Андрэй у сваю вёску, на пажарышча. Вярнуўся не адзін. Побач з ім бегла чарнамазае, кучаравае хлапчанё з вялікімі, як кавалачак ліпеньскага неба, сінімі вачыма.

Пабудавалі Андрэю ўсёю вёскай маленькую хату ля старога раскідзістага вяза, і стала хатка гэтая любімым месцам, куды ў вольны час ішлі дарослыя і адкуль не выходзілі дзеці.

Шмат разоў распавядаў Андрэй аднавяскоўцам гісторыю чарнамазага хлопчыка, што жыў разам з ім. Аб ім, аб Міраславе, ён мог гаварыць і гаварыць, многа і доўга.

«Ехаў я ўжо дамоў, з Германіі, значыць... На адной станцыі, дзесьці яшчэ каля Познані, убачыў я гэту чорную, кучаравую галоўку. Ён стаяў і глядзеў на мяне, быццам хацеў штосьці сказаць, аб чымсьці папрасіць, але баяўся, не давяраў... Цягнік прагудзеў, і ў натоўпе я забыўся пра яго. Ад'ехалі мы трошкі, — закурыўшы, працягвае Андрэй, — гляджу я, а ў кутку сядзіць гэтае самае дзіцянё, ды ізноў не спускае з мяне сваіх сініх вачанят. Гляджу на яго, гляджу ды ўсё думаю: адкуль жа цябе, хлапчанё ты маё, я знаю? І як кальне штосьці ў сэрца, як заламоча ў грудзях, як схопіць за горла — гэтак жа ў майго Генрыха вочы блішчэлі! Яго вочы, валасы яго! Генрых, сыночак!... Саша! Дзе вы, дзе ж вы,сыночкі!

— Чаго плачаш, дзядуля?— чую раптам, як нехта пытае мяне па-польску. Падняў галаву, а гэта ён стаіць каля мяне. Слова не магу выгаварыць, слёзы, як гарох, коцяцца.

— Чый жа ты будзеш, хлопчык? — пытаю ў яго. Ён крыху памаўчаў, а потым, ускінуўшы доўгія чорныя, як смоль, расніцы, ціха кажа:

— Дай хлеба!

— Хлеба, дзетачка, у мяне няма. Хочаш, яблык дам?

Ён еў, а я ўсё думаў: як жа мне гэта зрабіць? Куды звярнуцца? Ды ці гэтак можна? Узяць з сабою — нельга... А што, калі аддаць яго салдатам? Яны яго потым у дзетдом адправяць. І сэрца баліць, шчыміць, жме, з сабой вазьмі, кажа. Аднак розум другое падказвае...

Выйшлі мы на нейкай станцыі, вады нібы набраць. Я ўзяў яго за ручку, да капітана падыходжу.

— Дзіцё, — кажу, — адно едзе, нікога няма ў яго, ці нельга яго ў дзетдом?

— Адвядзіце, — адказвае ветліва капітан,— вунь у той дом, там якраз такіх прымаюць. Прывёў я яго, пацалаваў на развітанне. Ён маўчыць ды нейкім такім позіркам глядзіць на мяне, што плакаць хочацца!

Сеў я, еду далей. Зноў прыпынак. Выйшаў я вады набраць, іду назад, а ў дзвярах — ён! «Дай, — кажа, — дзядуля, руку, памагу!..”

Тут мне старому дурню банка з рук — бац на зямлю, а.ён плача: «Каму ты хацеў аддаць мяне, дзядуля? Чаму мяне праганяеш? Вазьмі з сабою! Вазьмі, дзедка! Я ўсё рабіць для цябе буду!..»

Ну, як было не ўзяць? Прыехалі мы сюды, у школу ён у мяне пайшоў... І жыць мне з ім куды весялей стала! Прыйдзе, бывала, са школы, усе навіны раскажа. «Мішка Вільчынскі, — кажа, — тры двойкі на чвэрць заграбастаў, а ў мяне, дзядулька ты мой мілы, усе пяцёркі, па рысунку толькі чатыры...» І так ужо стараецца, так, бедны, перажывае, хвалюецца!

Самі знаеце, жаночай рукі ў хатцы нашай няма, але ён заўсёды ў мяне быў чысты, апрануты, абуты, як трэба. Добра нам было, ой, як добра разам! Частавата ён, аднак, пра сваіх успамінаў, тужыў.

Аднойчы прыйшло пісьмо — яго адшукаў бацька. І паехаў мой Міраслаў, паехаў... Наплакаліся мы тут з ім і з бацькам, як бабы на пахаванні; «Да каго ж я цяпер адгукнуся, сынок, хто ж вады мне падасць, мілы ты мой?!» — думаў увесь час я.

А ўчора вось пісьмо атрымаў. Удваіх з бацькам жывуць цяпер, у Гданьску. «Прыязджай, — пішуць.-- Грошай на дарогу вышлем. — Купі сабе білет першага класа, дзядуля, мякка каб было, — піша малы. — Дом у нас велічэзны, мэбля ўся мяккая... Ты толькі, — напамінае ён мне, — Мурку, кошку нашу, вазьмі з сабой. Яе ў кошык палажы. Вось пройдуць дажджы, збяруся і паеду. А як жа. Назаўсёды паеду!... Ён жа адзін у мяне і застаўся... Куды ж мне яшчэ?»

Прыйдуць дзеці — і пачне дзед казкі расказваць. Дзеці — народ цікавы, пытанняў у іх шмат — паспявай толькі адказваць!

— Дзеда, ну адкуль ты столькі казак знаеш? Аб царэўне-жабе, аб золаце, што ў нашым лесе злы пан закапаў, аб шэрым ваўку...Га? Дзеда!

— Я іх, унучанька, — усміхаючыся, кажа дзед, — усе ў сне бачу, у сне! Да мяне, дзяцінка, каралева з залатым месяцам над галавой прыходзіць... Засну я, прыйдзе яна, прыгажуня, сядзе дый кажа: «Табе, дзядуля, трэба многа, многа казак ведаць! Ой, многа! Раскажы заўтра дзецям аб сіротцы Марысі...». Ну вось, прачнуся і вам расказваю... Вось як!

— Дзедка, пакажы нам яшчэ Міраслава...

Дзед Андрэй паволі ўстае, ідзе да стала, дастае здымак і, працягваючы дрыжачую руку, кажа:

— Вось ён... Кучаравы, чорны... Як Генрых... Як Генрых.! — шэпча ледзь чутна ён, і слёзы, адна за другой, коцяцца па маршчыністых шчоках.

*

Прайшлі доўгія асеннія дажджы, а стары Андрэй так і не паехаў у Гданьск. Стаў заглядаць у вёску начамі мароз, ад яго подыху вялі апошнія кветкі. Ціха і шэра, пустай і сумна стала на вуліцы, як на душы дзеда Андрэя. У адну з доўгіх, цёмных начэй пастукала ў хатку ля вяза сваім чорным крылом смерць. Пастукала ціха, бясшумна, увайшла без дазволу, прысела на край ложка, кранула рукою белыя як снег валасы, заглянула ў вочы...

— Заўтра збяруся, заўтра і паеду... А як жа!... Заўтра!...

*

А раніцай, як часта бывала, прыбеглі дзеці з букетам свежых асенніх кветак. Для дзядулі! Адчынілі ціха дзверы, палажылі, кветкі на крэсла і ціха, каб не разбудзіць дзеда, пайшлі назад, гаворачы:

— Ці-ха-а-а-а! Ціха! Дзядуля спіць! Можа каралева прыйшла да яго, казку расказвае...

1960