Панароўе

Анталогія апавядання


Каханне 2000

Міраслава Сцепанюк усё жыццё шукала вялікага кахання.

— Яно мела быць боскае, такое з электратокавым аргазмам. Каб пазней некалькі дзён у сярэдзіне і мазгах было верасова.

Свой эратычны рытм улаўляла на карцінах Шагала, і ў старых, падляшуцкіх песнях, што як птушкі выляталі з яе жывата. Міра ведала сваю чарадзейную моц і баялася сябе.

* * *

Раман Каравайчык усё жыццё шукаў верасовага фону для сваіх карцін-актаў. Залюбляўся некалькі разоў у тыдзень, без толку і патрэбы. П’янстваваў на дадатак як запарожскі казак і выварочваў столікі ў беластоцкім кафэ „Маршанд”.

— Міра раскахала мяне сваімі песнямі, — кажа мастак.

— Я запутаўса ў верасовы кайф яе голасу. Шалёныя карыя вочы.

Папраўдзе, Раман баяўся жанчын. Не бараніўся, калі зачаплялі яго мужчыны.

Без водкі — пацалаваць?

— Падышоў да мяне і пацалаваў, — расказвае Міраслава Сцепанюк.

— І не баяўся, ведаеш, што ўвогуле да гэтай пары не здаралася са мной у Беластоку. Праўда, быў ён выпіўшы — але які табе наш хлапец адважыцца, без гарэлкі, пацалаваць дзеўку? Беларус нават дзіцяці па-цвярозаму не асмеліцца зрабіць.

Міра ведае, што гаворыць. У сваім жыцці не адно бачыла і не адно перажыла.

Раман напачатку таксама трэліў нейкія баналы, пачутыя ў „Маршандзе”. Не ўяўляў, што з паненкай можна папросту.

— Jesteś jak pomiędzy deszczem i śniegiem, — сказаў ёй, хаця і сам не ведаў навошта.

— Czyli czymś... mokrym i zimnym, — зрэзала Міраслава, хаця ўлавіла рытм яго моцнага сэрца, той рытм, неабходны для электрычнага аргазму.

Па некалькі Матак Боскіх у дзень

Раман не любіць расказваць пра сябе. Ну, але Міра — мая добрая сяброўка. Ды і старшай дружкай была я ў іх на вяселлі.

— Раскахала і кінула мяне першага дня. Прапала як той снег з дажджом. Пазней казалі, што нехта шукаў яе ў Iнтэрнэце. Што быццам у Лондане — ці дзе сядзела? А я, як добры дурань, не мог асвабадзіцца ад верасовага колеру. Ад сінякоў пад вачыма. Ад піцця „вішнёўкі”, прывезенай з Гродна, якая папраўдзе была спіртам памешаным з варэннем і таксама выклікала верасовыя пахмеллі.

— А як там маляванне ішло? — пытаю Ромка. Мастак дае мне шклянку з настойкай-вішнёўкай гродзенскага разліву.

— Запі вадою, — кажа пра свой мастацкі ўзлёт. — Адны Маткі Боскія, па некалькі штук у дзень, маляваліся.

Верасовы кайф з галубамі

Міраслава вярнулася ў Беласток перад Калядамі.

Тут выглядалі яе бабка Вера, брат Толік і мама Лена. Разам ішлі на ўсяночную багаслужбу ў сабор св. Мікалая Цудатворца. Міраслава малілася ўсёй душой, так, каб пазней круглы год хапала малітвы, шаптанай разам з сям’ёю.

— Дзе б я не была, што б не бачыла, заўсёды марыла пра свайго хлопца. Такога, адсюль. Лагоднага і моцнага ў адным. Са свойскім рытмам. З-пад Саколкі або з пад Дубіч-Царкоўных.

Міра не пераносіла беластоцкай прэтэнцыёзнасці.

У дзень, калі Міра выпадкова другі раз наткнулася на Рамана, кружачы па непрыбраных беластоцкіх вуліцах, падаў уперамешку дождж і снег.

— Цэлы дзень лёталі каля мяне хмары галубоў, — кажа сцішаючы голас.

Галубы заўсёды кружылі наб небам Міры, калі ў яе жыцці пачынаўся верасовы кайф.

— Я ведала, што нешта здарыцца. Уначы прысніўся мне белы анёл з вялікімі крыламі. Ён узяў мяне за руку і перавёў на другі бераг ракі. У маім сне зноў запахла прынарваўскімі, балотнымі лугамі.

Узяць яе пад нож

— Я не баюся калі з мяне насміхаюцца, — кажа Раман. — Калі на рагеві пабачыў Міру, запыніў яе неяк інстынктыўна, як воўк авечку. Зразу хацеў узяць яе пад нож. Можа за той пачатак, што так мяне, закаханага, праігнаравала?

А яна пачала чараваць, смяяцца тым сваім зорным смехам, насміхацца з мяне. Ну — але так, каб не балела. Пакарыла мяне сваёй жаноцкасцю. Палётам. Я адчуў, як у мае грудзі наліваецца верасовы подых дзяцінства. Закахаўся насмерць.

Раман не любіў Беластока з яго кліматамі і штучным захапленнем.

— Чалавек не ў змозе кахаць жанчыну, калі не любіць свайго месца.

* * *

Калі Міра хадзіла пазней вуліцамі Беластока, бачыла шмат прыгожага. Ноччу пабачыла месяц у верасова-блакітным арэоле. Раз, калі пераходзіла каля помніка Пілсудскаму, узняўся вецер і перанёс пад Мірыны ногі букет чырвоных ружаў у цэлафане, якія падарылі маршалку ўлады горада.

Сустракала нават людзей, з якімі без страху магла нагаварыцца на роднай мове. Бо раней, калі спатыкала нейкую сяброўку з Арэшкава і хацела загаварыць да яе падляшуцкім тэкстам, „вялікая беластачанка” разглядалася насцярожана па баках, сцішала голас і вымушала размову на польскай мове.

А калі быў Раман — усё памянялася. Раз нават прыкмеціла, сярод насценных зграфіці лозунг: „Wyluzuj się — Mów po prostu”. Міра ўявіла, што такі надпіс трэба спалучыць з ідыятычным, але моцным рэкламным афішам прэзерватыва: „No dobrze, wszyscy TO robicie”!

Адхацелася сексу з камп’ютэрам

— Калі я дакранулася да яго зубрынай мужчынскасці, мне зашчымела ў мазгах, — смяецца Сцепанючка, бо так мы называлі Мірку ў ліцэі. Адзін Бог толькі ведае, колькі бяссоных балючых начэй правяла Міра пад небам Нью-Йорка, Лондана, Дубліна, мроячы пра такога мужчыну, як Ромак. Тыя ўсе, якіх спатыкала ў шырокім свеце, мелі канкрэтныя пажаданні. А яна, дзеўка з падляшуцкай вёскі, жадала спазнаць таямніцу.

Каханне ачысціла Міраславу і Рамана. Адхацелася ім сексу з камп’ютэрам, ананізму, усякага д’ябальства, ад якога балела галава.

— Ромак навучыўся нават па-свойму са мной гаварыць. Праўда, у Беластоку яшчэ яму не выходзіць, ну, але калі прыязджае да мяне ў Лондан — рэжа як стары, — адзначае Міра.

— Што ты ведаеш? — кажу Міраславе. — Ён сам мне сказаў, што будзе вучыць вашых дзяцей беларускай мове. Можа яшчэ пры табе яму не выходзіць, ну... бо ж кахае насмерць! Ты паглядзі на яго — як накручаны — малюе свае акты.

— А я прабуджаюся раніцай і спяваю, — смяецца Сцепанючка.

2000