Панароўе

Анталогія апавядання


Надзея

Змярканне фіялетам разлівалася над зямлёю. Сцябаў вецер. Кідаўся то туды, то сюды, быццам бы ў абароне сонца рэштаю сіл стараўся развеяць упэўнена наступаючую ноч. Неба крывавіла. Па шыбіне прашальна прабег апошні прамень канаючага сонца і ўсё заціхла. Нешта таілася. Прытоена чакала...

Зграбныя стрэлкі гадзінніка тупалі па цыферблаце, заманліва адлічваючы час. Ён знаў смак чакання. Чаканне — азарт. Чым даўжэй чакаеш, тым чакаць хочацца. Аж нябачна знойдзешся ў бязвыхаднасці. Як у рулетцы: надзея і абрыў. Раней ці пазней, але ж наступіць. І толькі бязлітасныя ўспаміны, якія то б’юць, то ратуюць, але таксама балюча. Цярпі, моў, пакутуй — можа, апамятаешся. Нясцерпны боль. І тут ён пазайздросціў тым, якім ладкуецца. Яны ўспамінаў не маюць. Адганяюць іх як старэнькую маці, якая не пасуе да панскага асяроддзя. Яны забылі сваю біяграфію і хціва прыбліжаюць час, усё роўна, што толькі ім ён належыць. І так паўзуць па гарызонце часу. А ў пагаворцы: „Певень жыве коратка, ды весела”.

— Не! — спахапіўся. — Лепш не жыць зусім, чым жыць без свайго ценю.

З надзеяй глянуў у акно. Чорныя лапіны дрэў замяшалі зорнае неба, быццам бы хацелі вычысціць яго да ідэальнай празрыстасці. Рыхтавалі дарогу месяцу. Новыя ўладары навыклі паганяць ад пачатку. І так наўкол, як у манежы.

Здалося, быццам бы нешта стукнула. Ён надзейна кінуўся да акна, але навыклыя да святла вочы напаткалі толькі сцяну цемры. Разганяў яе шырынёй зрэнак — узіраўся, але толькі месяц жартоўна пасмейваўся. Вярнуўся. У думку стукалі ўспаміны, дабіваліся. Тупа ўзіраўся ў агонь, што патрэскваў у камінку. Адчуваў яго блізкасць, быццам бы да яго далоні ківаў: „Хадзі сюды, хадзі”. І ўсё закружылася, адышоў ад агню ў нейкім трансе, каб перажыць яшчэ раз тое... Тое, самае прыгожае ў сваім жыцці, што дало пачатак, паказала дарогу. Дало і пажартавала. Маеце, моў, шчасце, але вы і так шчасцем цешыцца не ўмееце. І каб усіліць боль, яшчэ раз і яшчэ прыпомнілася тое...

Адвячорак гасцяваў на зямлі. Смольны пах ішоў ад лесу. З усходняй услужлівасцю вітаў ён іх на парозе свайго замчышча. Спыніліся і слухалі, трымаючыся за рукі. Як дзеці. Жартавалі. Зелень маніла ў сваё зачараванае каралеўства. На высокім небе вітальна адна за адной запальваліся зоркі. Лес спяваў, памуркваў і прыманьваў араматнай пасцеллю. Пузаты месяц, адпіхнуўшыся ад верхавін дрэў, выплыў на поўнае неба і разлівіста заўсміхаўся. Спакусіў... Лясная паляна расчынілася перад імі сваім дзявоцтвам. Наўкол засланялі іх гонкія елкі — цёмна-таямнічыя спадыспаду, серабрыстыя на вярхах. І ціш, тая ціш, што чуваць, як плыве па венах твая ўласная кроў. Здавалася, што не толькі наваколле, але і свет спыніў сваё дыханне. Нічога-нічагуткі, адно толькі той кавалачак зямлі пасярод лесу, што іх прытуліў і зорнае неба над імі. Прыселі. Пачынала віднець...

Здалося, нехта азваўся. Ён з болем парваў ніць успамінаў і кінуўся да акна. Цемра. Гэта толькі цвыркун, што дзесьці за камінком знайшоў сабе прытулак. Манатонна праскрыпеў на сваёй скрыпачцы... Прыпомніліся словы маці: „Шчасліва тая хата, дзе цвыркун паселіцца”. Колькі ж такіх цвыркуноў ён чуў у сваім жыцці, а шчасце як маўчала, так маўчыць!

Падкінуў калодаў у гаснучы камінок. Затрашчалі смалістыя палены. Любіў гэты трэск і той цудоўны незабыўны пах, які нагадваў яму час дзяцінства. Тыя шчасныя хвіліны, калі бацька ў рэдкія моманты прысутнасці садавіў яго побач, ускудлачваў чорную чупрыну сына і баяў. Сёння ўжо і бацькі няма, а казкі разбаяліся. Адно агонь астаўся. Нібы не той, але так жа свеціць і грэе. Гарыць як каханне, але хопіць, што прыгасне — холадна робіцца і цёмна. Гарэў бы...

— Ты бачыш, — як рэха мінулага даляцелі словы сябра Ваські. Той да ўсяго падыходзіў з мужыцкай развагай і хітрасцю. Ніхто не мог парушыць яго практычнага падыходу да жыцця. Памёр ужо Васька, на жаль. — Жанчына не выбірае прафесіі мужа, але мужа. І то не заўсёды. Адна і тая ж жанчына можа быць жонкай лекара ў нейкім закутку, віртуоза фартэпіяна — і ездзіць па ўсім свеце. Можа быць жонкай хіміка і жыць пры нейкай там цукроўні, або жонкай пісьменніка і цікавіцца літаратурай. Мужчына ж да жонкі не ўмее дастасавацца. Хіба, што адурэе. Жанчына будзе жыць там, дзе мусіць жыць яе муж...

— Яно мо то і праўда, — зашаптаў, каб не спалохаць цішы. — Але жанчына думае па-жаноцку. Прытым пераканаўча, упэўнена...

Памятаў, добра памятаў, як за імянінным сталом, падбадзёрыўшыся чорнаю каваю, Надзя правакавала: „Няма на цэлым свеце такой жанчыны, якая б адбіла мне мужа!”

А такога не павінна гаварыць ніводная жонка, тым больш у прысутнасці маладзейшай ад сябе прыгажуні. Так стараўся апраўдваць свой развод з Надзяй. Пачалося ўсё жартам, а кончылася ў рэчаіснасці.

Узіраўся ў патрэскваючы агонь і здавалася яму, што выходзіць з яго Надзя з вясёлай усмешкаю. Бяжыць да яго на спатканне. Ужо працягваў да яе рукі, калі апамятаўся...

Самота — найгоршая катоўня. Няраз хацелася выбегчы ў ноч з сёмага паверха, але нешта трымала і крычала: Пакутуй! А можа сам сябе паўстрымоўваў. Смерць развязвае ўсё тое, чаго жыццё развязаць не можа. А ўсё ж такі паміраць не хочацца. Нават тады, калі б, здавалася, усё закончана. Нават тады дзесьці ў глыбі тлее надзея на новае. Кінь успаміны.... На спатканне з Богам ніхто яшчэ не спазніўся!..

— Пачакай, — нешта шаптала яму, — калі сказана, што прыйдзе, то прыйдзе.

За акном выразна чутна было крокі.

2000