Паважаныя партыі, партыі, якія маюць амбіцыю валодаць светам або, прынамсі, ладным гэтага свету кавалкам, пасяляюцца наогул у манументальных, грандыёзных гмахах, найлепей у цэнтральным пункце горада, ля галоўнай вуліцы. Спаглядаючы з-за высокіх, прыцямнелых вокнаў на шматлюдныя тратуары, партыйныя людзі наладжваюць штодзённы, зрокавы кантакт са сваімі выбаршчыкамі. З крокаў — шпаркіх або няскорых, з жэстаў, з позіркаў ловяць патрэбы, адгадваюць спадзяванні, ацэньваюць удачы і няўдачы звычайнага чалавека. За таўшчэзнымі мурамі прымаюцца пастановы, якія вядуць ананімны натоўп у найлепшым напрамку. А потым партыйныя людзі апускаюцца ніжэй, у маленькія піўныя, у залежнасці ад светапогляду — або да пана
Зэнка, або пана Валодзі, дзе за куфлем піва разважаюць аб сродках і кааліцыянтах, заўжды неабходных для развіцця прынятай пастановы.
Каб зэканоміць на лішняй хадзе між кабінетамі, дзе нараджаюцца слушныя ідэі, і піўнымі, дзе тыя ж ідэі з папяровага быту пераўтвараюцца ў цалкам рэальнае існаванне, Партыя кучаравых пасялілася там, дзе ў цёплы, бязветраны чэрвеньскі вечар упершыню пабачыла свой свет. Месца называецца „Бар у Алеся” і яно добра вядомае тым, хто мае жаданне заглянуць сюды, як і тым, хто шырокім колам стараецца абмінуць гэты храм нестандартнага спажывання часу.
Значыць, Партыя кучаравых нарадзілася. А зачацце адбылося цалкам звычайна, і калі нехта спадзяецца паслухаць тут пра палавыя зносіны, пра дамска-мужчынскія гульні, словам — пра ўсё тое, што супярэчыць агульна прынятым хрысціянскім каштоўнасцям, той адыдзе з нічым. Людзі падымаюцца з праху традыцыйным, усім зразумелым спосабам, а вось партыі вылупліваюцца на свет іначай.
Сядзелі мы „У Алеся” — Тадзік Навіцкі, Валя Курапатка і я. Чэрвеньскі адвячорак, цёплы і бязветраны, наліваў нам у парожнія куфлі шаўкавістую радасць жыцця, перамешаную з задуменнасцю над яго непаўторнасцю і нядоўгатрываласцю. І нам захацелася зрабіць штосьці добрае і вялікае, што будзе між людзьмі нават тады, калі чэрвеньскі вечар пераўвасобіцца ў кастрычніцкую слоту, набрынялую холадам і парывістым ветрам.
Словам — хацелася ўдасканаліць і выратаваць свет.
Праўда, на добры пачатак маглі б кінуць залатоўку або і дзве гэтай утаптанай у тратуар, схудзелай румынцы. Маглі б дапамагчы пераправіцца на другі бок вуліцы пагорбленай бабульцы, калі яна стаіць і бяссільным зрокам углядаецца ў бясконцую чаргу машын. Маглі б, таксама, падняць з тратуара дзядзьку Антося, п’янага як шавецкі панядзелак, калі ляжыць там ніц, званітаваўшы пад сябе ўсё, што ў Алесевым бары найлепшае. Маглі б, прынамсі, выцягнуць яго з непрыстойнай мазі. Маглі б. Аднак усе тыя добрыя ўчынкі, па сутнасці, кароткачасовыя ды іх уплыў на вобраз свету не мае рэальнага значэння. Румынка, атрымаўшы дапамогу, заўтра з’явіцца з чародкай малалетніх дзетак; бабулькі будуць клыпаць з тратуара на тратуар, быццам бы тое клыпанне было апошняй мэтай іхняга жыцця. А Антось? А дзядзька Антось будзе ляжаць тут і заўтра, і паслязаўтра, а калі месца апарожніцца, значыць, сціплая дзяржаўная пенсія пацярпела паражэнне ў канфрантацыі з дашчэнту прыватным, узбуялым апетытам гэтага ж дзядзькі.
А нам хацелася перайначыць свет з далёкім разлікам.
— Адзінка свет не перайначыць, — Тадзік ікнуў у парожні куфаль.
— Адзінка — абсалютны нуль, — праўду, прыдбаную ў школьныя гады, падкінула Курапатка.
Гэтыя праўды, добра ўсім вядомыя, як і вядомы факт, што канчаткова яны абанкруціліся і выратаваць свет не ў сіле. Новы час патрабуе новыя ідэі, і я, паглыбіўшыся ў ёмістыя кішэні мазгавое матэрыі, стараўся тыя ж ідэі адшукаць, ахвяраваць іх свету і сябрам. Аднак новае нараджаецца памаленьку і не бязбольна.
Даводзілася клікаць на дапамогу Алесеву барменку — раз, другі і трэці — аж мазгі, сяк-так прылашчаныя і памякчэлыя, прамовілі чалавечым голасам:
— Трэба нам заснаваць партыю.
— Нам трэба незалежная партыя, — удакладніла думку Валя.
— Не правая і не левая, — рассудзіў Тадзік.
— Нам трэба партыя кучаравых, — сказаў я, паглядаючы на залатыя кудзеркі Алесевай памочніцы. — Хаця б вось такіх.
На ружовай сурвэце паспелі мы яшчэ напісаць кароткую аб’яўку:
„Сёння пачала дзейнічаць Партыя кучаравых. Сядзіба — тут. Чакаем спонсараў, членаў і сімпатыкаў. Подпіс. Тэлефон”. Сурвэту павесілі ў добра відочным месцы і з-за недахопу фінансавых сродкаў падаліся ў рээміграцыю. Сказаўшы больш зразумела — пайшлі дамоў.
Прэсавыя водгукі
З белай раніцы пазваніў тэлефон. У пошуках крыніцы нахабнага галасу мая рука, няўпэўненая і дрыготкая, скінула на падлогу будзільнік, акуляры, бутэльку з-пад мінеральнай вады, напаткала эбанітавую трубку і, вяртаючыся навакольным шляхам, абмінаючы коўдру, падушку ды нагавіцы, якія невядома чаму апынуліся на маёй галаве, данесла гэтую ж трубку да вуха. Трубка азвалася голасам Майсеевай скрыпачкі.
— Алё? Гэта сядзіба Партыі кучаравых? Я — рэдактар незалежнай беластоцкай газеты. Скажыце, калі ласка, якія галоўныя тэзісы вашай партыі?
Якая сядзіба? Якая партыя? — падумалася мне ў першы момант. Баляваў чалавек усю ноч, а цяпер вось шукае больш п’янага за сябе!
— Вы будзеце дзяліць ці аб’ядноўваць грамадства? — трубка не адступала.
Быццам з-за белага туману паплыла да маіх вачэй знаёмая ружовасць сурвэты. Разгортваючы густую імглу, з прорвы здэфармаванага часу
выбраўся на свет і Тадзік і з абліччам чалавека, натхнёнага высакароднай ідэяй, яшчэ раз прыклеіў ружовую аб’яву на сцяне Алесевага бара.
— Алё! Ці вы мяне чуеце?
— Чую, чую...
— Значыць, як: ці дзеліце, ці аб’ядноўваеце?
— Спачатку будзем дзяліць, а потым — аб’ядноўваць.
— А які ваш погляд на беспрацоўе?
— Праца толькі працавітым, бабы — бабнікам, а віно — вінаватым, — каб апярэдзіць наступныя пытанні, я выкінуў з сябе ўсё, што якраз паспела прыдумаць не зусім яшчэ спраўная галава.
— Вінаватым у чым? — не зразумела трубка.
— Напішыце, як вам падыходзіць, — сказаўшы гэта, я адкінуў трубку і зваліўся ў незакончаны сон.
Апоўдні хтосьці пастукаў у дзверы. Праўда, тады яшчэ я не ведаў — поўдзень гэта, раніца, а мо адвячорак? — і толькі разглядаючы канфігурацыю промняў на ваконным шкле, стараўся здагадацца: пакідае нас стары дзень ці сустракае новы?
Грукат у дзверы паўтарыўся. Хтосьці даваў знак, што жыве і чакае, значыць — трэба адракацца ад касмічна-метэаралагічнай шарады, падняцца ды глянуць — хто і навошта патрабуе маю асобу.
— У горадзе — вайна, — два звычайныя словы паспеў сказаць Тадзік і амаль нежывы зваліўся на падлогу.
— А ў гэты раз хто? Новыя саюзнікі ці старыя? — нахіліўшыся над ляжачым, я стараўся выціснуць з яго нейкую, прынамсі, элементарную інфармацыю. Тадзік ляжаў, аднак, бы той марафонскі бягун, які прабег кавалак свету, сказаў, што сказаць яму загадалі, а потым упаў і дзеля несмяротнасці сканаў, бы той апошні ідыёт.
Ляжаў Тадзік хвілін пяць. А потым — расплюшчыў вочы, ажыў — праўдападобна ягоны маршрут быў значна карацейшы за сорак кіламетраў. Вярнуўшыся да натурай прадбачанага стану, падсунуў пад мой нос газету: На, чытай!
Акуляры, шчаслівым выпадкам, стрымалі ранішнюю сустрэчу з падлогай, я мог карыстацца імі надалей, на тое хаця б, каб даведацца пра актуальную сітуацыю ў горадзе. А справы выглядалі так: „Учора ўзнікла новая партыя — Партыя кучаравых. Узнікла з мэтай падзяліць спакойнае грамадства на дзве супрацьлеглыя сілы. Нашых богабаязных жонак і дочак кінуць на волю распусным бугаям, а лепшыя штукі адправяць за мяжу, вядома — не за адно слова „дзякуй”. І калі, дарагія суродзічы, запоўняцца арыентальныя гарэмы нашымі славянскімі нявінніцамі, ніхто — ні Бог, ні гісторыя не даруюць нам такі сорам!
Партыя кучаравых рыхтуе яшчэ іншае злачынства. Разглядаюцца праекты, каб усякай масці злачынцаў, зладзеяў і забойцаў у будзённыя дні частаваць напоем маркі „Швейк”, а ў дні святочныя, у дні душэўнага аднаўлення прымаць гэтых нягоднікаў імпартным віном! Як можна здагадацца, пачастунак прадбачваецца за кошт сумленнага падаткаплацельшчыка”.
— Так страляюць з правага фланга. А з левага таксама не маўчаць. Чытай во, чытай, — распасцёр Тадзік іншую незалежную газету.
„Партыя кучаравых у сваіх шматлікіх праграмных выступленнях абяцае занятак толькі і выключна працавітым. Тады пытаем вас, панове: а што з іншымі? Якая будучыня перад звычайнымі, добрасумленнымі жыхарамі нашага горада? Перасяліць лянівых у далёкія краіны? Кінуць іх у абдымкі бяды і голаду? А мо адразу тых гультаёў расстраляць?! Панове Біндзюк, Лапаеў, Какаліцкі ды іншыя грамадзяне — не ёсць нашым намерам палохаць вас! Калі, аднак, возьме ўладу Партыя кучаравых, пачынаючы з наступнага дня вы можаце шукаць сабе месца на гарадскіх могілках”.
Іншыя газеты пра нашу партыю не пісалі. Мо не ведалі пра яе існаванне, а можа, звычайна, не лічылі сябе незалежнымі?
Аднак і такая невялікая прапаганда зрабіла сваё. Людзі прыходзілі, неслі свае клопаты і радасці. Мы вельмі рады былі бачыць іх. І Алесь — таксама.
Гарэм
Летні час няспешна калыхаўся на захад. Збіраў з тратуараў яркія малюнкі і, як лішняе смецце, згортваў іх у паўзмрочныя падвалы горада.
Гэтаксама згортваюцца ў забыццё людзі, рэчы і здарэнні, калі нябачна канчаецца ахвяраваны ім добры час.
А мы — усё яшчэ заставаліся ў цэнтры здарэнняў. Нашы думкі давалі кшталт бесцялесным справам, а людзі адпраўляліся на жыццёвыя шляхі з нашым праклёнам або блаславеннем.
— Я не хачу ў гарэм, — жанчына родам з часоў ранняга Гамулкі прыпынілася побач і, пераступаючы з нагі на нагу, углядалася ў нас адцвіўшым блакітам надзеі і разгубленасці.
— Якое „не хачу”? Няма „не хачу”, ласкавая пані. Мы ўжо апланавалі вас аднаму шэйху. Абяцалі, падпісалі адпаведныя дакументы і не будзем рабіць з рота халяву.
Жанчына збялела. Яе ўпарадкаванае жыццё, яе справы, раскладзеныя па шуфлядах згодна з іерархіяй важнасці — усё раптам пераварочвалася дагары нагамі! Здавалася, хвіліна яшчэ і ўпадзе яна на калені, каб з гэтай, спакон вякоў знаёмай пазіцыі, бараніць сваю будучыню. Аднак не ўкленчыла. Адступіўшы крок назад, дзесьці з кутка, з летняга паўзмроку выцягнула на святло ці не апошні свой аргумент.
— А ў мяне ёсць яшчэ і муж. Во, глядзіце.
— Так, так. У яе ёсць яшчэ і я, — аргумент заявіў сваю прысутнасць. Тадзік аналізаваў якраз свежападстаўлены куфаль. Яму здалося, што ўзровень беспрадуктыўнай пены значна перавышае ў ім нормы прыстойнасці і дылема „ўносіць рэкламацыю ці не ўносіць” поўнасцю займала ягоную ўвагу.
— А так, дарэчы, ведаеце вы, што такое — шэйх? Нафта. Пальмы. Пляж. Даляраў — бы вады ў Семяноўцы...
— Даляры... Даляры ж не ўсё. Ёсць яшчэ і сорам...
— І нязручнасць, — выцягнуты на святло муж трымаў фасон. Не адыходзілі, тапталіся ў месцы, стараючыся вычуць свой лёс з нашых непранікальных твараў.
— А як — багаты гэты шэйх? Багацейшы за Васю Шэшаля? — Усё ж такі нябачны, петрадалярамі прыхарошаны д’ябал засеяў у бабінай галаве маленькае зярнятка граху і, наступаючы на спіну, далікатна, але і рашуча папіхаў яе ў абдымкі пякельных віроў.
— Вось табе і параўнанне! Шэшаль — у найлепшым выпадку! — можа гэтаму шэйху чаравікі глянцаваць.
— Значыць, калі б добра падысці, дык і нейкую кватэру можна было б з яго выціснуць? — пацікавілася кабета.
— Ну, хоць маленькую... Хай сабе і аднапакаёвую. Нам, ведаеце... Што нам трэба! А вось дачцэ — было б хай. Памятка такая. — Муж вудзіў думку асцярожна, каб не спалохаць. Падцягваў яе бліжэй, замацоўваў на здабытай пазіцыі.
— А ты маўчы! — натапырылася жонка. — Бачыў хто: нашай дачцэ — аднапакаёўку! І камяніца будзе. — Круцілася ў месцы, то крок наперад ступаючы, то крок назад, быццам чырвоны, распалены вугельчык прыпякаў ёй пяты.
Тым часам Тадзік дайшоў да высновы, што ўсё-такі няма сэнсу псаваць добрыя адносіны з гасцямі з-за невялікай іхняй памылкі і, вярнуўшыся ў рэчаіснасць, цяпер толькі глянуў на сваіх субяседнікаў. Стаў перад вачыма ладны, жывы кус гісторыі чалавецтва.
— Калі, ведаеце... — трэба ж было канчаць гэту дзіўную сустрэчу ды шукаць спосаб, які паспяхова адправіць гасцей туды, адкуль яны прыйшлі. — Шэйх гэты, так сказаць — вельмі ж непрыгожы! Ну, што я
кажу. Непрыгожы! Зусім ён брыдкі. А-гід-ны!
— А гэты бамбула, па-вашаму, дык прыгожы?! — паказала рукою кабета. І да мужа: — Ну, скажы сам: прыгожы ты?
— Рацыя. Куды мне там да прыгажосці, — муж вытарашчыў вочы, стараючыся адагнаць ад сябе апошнія доказы мужчынскай красы.
— Дык яшчэ, — Тадзік пачухаў патыліцу, — стары гэты шэйх. Ці не пад сотню набліжаецца?
— А тут што, маладосць? — жанчына зноўку махнула рукой. І да мужа: — Ну, скажы сам: маладзён ты?..
Пасля першай прэзентацыі муж і не паспеў паставіць вочы на сваё месца. Выкліканы другі раз да адказу, ад нечаканасці не ведаў ён: пярэчыць ці пацвярджаць.
— А доўга жывуць яны, гэтыя шэйхі? — у бабінай галаве вокамгненна нараджаўся наступны план, новы вобраз, дзе яна, як шчырая ўдава, нясе свой горкі лёс з плачам, з енкам, з поўнай пакуты цярплівасцю.
— Наогул не так і доўга. Асабліва багатыя — паміраюць раней. А гэты ваш... Як тут сказаць... Бачыце — абанкруціўся якраз. А такія абанкручаныя шэйхі, о-го-го, доўга яны мучацца на белым свеце. Бывае — дзве сотні і яшчэ адзін год цягнуць.
Пачуўшы такое, баба войкнула. Камяніца, у якую паспела ўжо амаль пасяліць дачку, раптоўна і з-за нас, цэгла за цэглай, сцяна за сцяной пачала ператварацца ў руіну.
— А я так і ведала, што ёсць тут нейкае ашуканства! Хопіць глянуць на вашы морды! Лепшае сваім прыхоўваеце. Падмазка, падкупка, хабар — вось яно, ваша крэда! Хадзі, стары, пайшлі!
Стары глянуў на нас позіркам, у якім было ўсё: расчараванне, спачуванне, нянавісць. І паплёўся ўслед за сваёй прадпрымальнай паловай.
На другі дзень з’явіліся ў горадзе погаласкі пра наш прадажны, з матчыным малаком высмактаны, характар.
Магіла
Біндзюк заўсёды быў інструктарам. Іншыя яго сябры ўзлазілі вышэй: ішлі ў кіраўнікі, у начальнікі, у дырэктары, каб там, засмакаваўшы ў бязмежнай прасторы, праваліцца ды апынуцца зноў у цеснай інструктарскай клетцы. А часам і яшчэ ніжэй.
Чалавечы арганізм кепска ўспрымае такія вандроўкі ўздоўж вертыкальнай лініі. Бунтуецца сэрца, страўнік азываецца непрыемным голасам, разбэшчваецца крывяны ціск, псіхіка западае ў дэструкцыю...
А вось Біндзюку не было прычыны хварэць. Ягоныя вандроўкі адбываліся па гарызантальных шляхах, і калі цярпеў ад гэтага падарожжа нейкі орган, толькі і выключна — сарамлівае месца ніжэй спіны. І гэта зразумела. Іначай жа муляе крэсла інструктара аховы здароўя, іначай — інструктара скупкі малака, а яшчэ іначай — інструктара будаўніцтва. Біндзюкова спіна, як і блізкая гэтай спіне сваячка — добра знаёмыя ўсім інструктарскім крэслам у нашым горадзе.
Прайшоўшы такі вось жыццёвы шлях, дабрыў Біндзюк да магілы.
— Як гэта магчыма? — спытаеце. — Чалавек зрабіў жа усё, каб уцячы ад хваробы і раптам апынуўся ў такім непрыемным становішчы?
А я скажу вам: прычыны ёсць. Праўда, да медыцыны яны ніякага дачынення не маюць, гэта чыста палітычныя прычыны, ды і магіла ж не такая, пра якую думаеце: копчык зямлі, уквечанае ўсё, з крыжыкам у галовах. Біндзюкова магіла — абкладзеная бетонам яма, зусім яшчэ парожняя і, калі б не навакольны краявід, можна было б лічыць яе звычайным, невялікім па памерах склепам на бульбу ці буракі.
— Тут вось будзем ляжаць. Месца прыгожае. Цэнтральная алейка, наўкол пушча, а паветра чыстае-чыстае... Ніякай серы, ніякіх двухвокісаў. Дыхай — на ўсе грудзі! — як актуальны інструктар аховы асяроддзя не мог Біндзюк абмінуць маўчаннем такі неабыякавы для сваёй будучыні факт.
— А суседзі?! Не якія — барані Бог! — п’яніцы?! — Біндзючыха не надта разбіралася ў складанай экалагічнай тэрміналогіі. У іерархіі неабходных для жыцця спраў добрую кампанію лічыла справай ці не найважнейшай.
— Суседзі — першы сорт. Як жа іначай. Па левы бок — Лапаевы, па правы — Сукачы, а ў галовах — начальнік Какаліцкі ва ўласнай асобе.
Спадабалася Біндзючысе суседства. Тысяча пяцьсот злотых за такое месца — зусім разумная цана.
Глядзела на мужа з захапленнем, а ў думках хваліла яго за разважнасць, за прадпрымальнасць, за ўсё тое, што ў вялікім свеце называецца адным словам: клас.
Прытуліўшыся, бы ў найлепшыя гады маладосці, прагульвалася спадарства Біндзюкоў, наведвалі знаёмых, разглядалі актуальныя напрамкі гранітнай архітэктуры. Завандравалі амаль пад капліцу. Усё-такі нейкая сіла спыняла іх, клікала. Мімаходзь вярталіся на гэтае — яшчэ не сваё, а ўжо і нечужое месца. Асцярожна, каб не перасяліцца без пары на другі бок, заглядалі ў бетонную яму. Унізе, на гліністай мяжы паміж двума светамі, паблісквала жоўтым вокам калюжына.
— Але памятай, я буду зверху, — ад думкі, што давядзецца — калі-небудзь класціся ў гліністую мазь, Біндзючысе зрабілася няёмка.
— Зверху-то буду я, даражэнькая, — запярэчыў інструктар. — Не на тое чалавек стараўся ўсё жыццё, каб пасля смерці нейкія бабскія маслакі тапталі яго ў балота.
Апошняе не сказаў ён уголас, бо і навошта выклікаць ліхое, асабліва на парозе новага жыцця...
— Ой, не гневайся. Я ж жартавала. Яно вядома: хто першы, той знізу будзе. Лёс вырашыць.
— А прычым тут лёс? Я зверху, і так мае быць! І канец дыскусіі. Інструктар зацяўся. У такіх выпадках усякае лагічнае тлумачэнне — зусім лішняе, і жонка, ведаючы пра гэта, адступілася.
Калі б не тое месца, калі б іншае сцэнічнае афармленне, справа, магчыма, скончылася б нічым. Тут аднак, хто ведае — ці не апошняя нагода раз прынамсі паказаць сябе? І Біндзючыха паказала.
— Думай, што хочаш, а я пад табою і так ляжаць не буду!
— Не будзеш?!
— Не. Твая віна — лягай знізу. А віна твая і твайго гультайства. Нават найлепшыя твае калегі гаварылі: месца гультаёў — тут!
— Калі ўжо дакладна, то не калегі, а тыя кучаравыя засранцы! Трымайся фактаў. Яны, во, будучыню нам рыхтуюць! — Біндзюк кіўнуў на бетонны дол. — А ты памятай: усё магу сцярпець, а ілгунства — не!
Інструктар Біндзюк казаў праўду. З яго чалавечых слабасцей менавіта ілгунства было яму чужое’ і зусім агіднае. Ён ніколі б і не падумаў, што жанчына, якой аддаў трыццаць год свайго жыцця, свядома размінецца з праўдай! Яма, якою так цешыўся ў апошнія дні, здалася раптам чымсьці сумным і непатрэбным. Падсвядома здагадваўся, што жонка ўсё-такі застанецца пры сваім. Як жа тады класціся на ўсю вечнасць з кабетай, якая не табе верыць, а іншым — нейкім кучаравым, без гісторыі і без традыцыі?!
— Ну, тады шукай сабе асобнае месца! — не думаў нават, што калісьці давядзецца сказаць такія словы! Непрадказальнае бывае ж жыццё!
Была гэта апошняя гутарка паміж Біндзюкамі адзін на адзін. Далей размаўлялі з дапамогай суддзяў і адвакатаў, а перш за ўсё пракліналі Партыю кучаравых, якая варварскім спосабам разбурыла яшчэ адзін асноўны грамадскі твор.
Югаславія
— А заўтра тут будзе Югаславія, — адвакат Нязгула склаў прачытаную газету, зручней уціснуўся ў старое крэсла і знерухомелым вокам упіўся ў столь.
— Езус-Марыя! — войкнула пані Анельця і таксама ж прабегла вачыма за позіркам пана адваката. Можа спадзявалася ўгледзець там сербскія самалёты, як у зграбным, сталёва-алюмініевым страю, запоўніўшы неба злавесным гулам, спяшаюць бамбіць збунтаванае Косава? А можа пасыплюцца са столі брудныя, непаголеныя парашутысты, каб з дзікім крыкам уварвацца ў пакой і раз яшчэ дашчэнту знішчыць збудаваную цяжкай працай сякую-такую стабілізацыю гэтага дома?!
Аднак ніякія дантаўскія сцэны не парушалі спакой на белай роўнядзі. Праўда, можна было прыкмеціць нейкі рух, нервовую мітусню, аднак усё, што адбывалася там, адбывалася не па мілітарных прычынах, а па чыста біялагічных: муха ўзлазіла на муху, праяўляючы неабвержную цягу да прадаўжэння крылатага роду. Можна такое рабіць, час ад часу нават трэба, аднак трэба ж ведаць і месца, і час, не гаворачы ўжо пра павагу да гаспадароў. У другім выпадку вынік можа аказацца зусім нязгодным з ранейшымі намерамі. І тут вось непрыстойнымі паводзінамі мушыная пара падпісала сабе смяротны прыгавор. Сэрца пані Анельці, добрае і чуллівае, выхаванае ў прыстойнай хрысціянскай сям’і, не магло сцярпець такую яўную парнаграфію, і рука, ідучы за голасам гэтага сэрца, схапіла прачытаную газету і ляснула ёю ў столь. Ад мух засталося тое, што застаецца ад жыхароў харвацкіх і мусульманскіх вёсак пасля сербскага пераходу. Скасаваўшы распусту ў самым яе зачатку, пані Анельця пасвятлела, папрыгажэла, памаладзела на гадоў ці не дзесяць і, ганарыста выпінаючы грудзі, паплыла ў гардэроб падрыхтаваць пану адвакату яго святочны касцюм. Такія былі нядзельныя раніцы. Пані Анельця рыхтавала касцюм, пан адвакат апранаў яго і Трэцямайскай вуліцай маршыраваў на сустрэчу з Усявышнім. Мінаючы базар, сплёўваў тры разы ў бок натоўпу, які замест таго, каб аддавацца духоўным раскошам, мітусіцца сярод малых, цялесных справаў.
Чым пан Нязгула жыў у будзённыя дні — цяжка здагадацца. Вядома толькі, што адвакацкай практыкай не займаўся. Свабодныя хвіліны ахвяраваў палітычнай дзейнасці, удастойваючы сваёй асобай шэрагі нейкай маленькай правай партыі. Пра палітыку ведаў тое, што і іншыя грамадзяне нашай краіны, гэта значыць — усё.
Тым часам пані Анельця справілася са святочным гардэробам. Ачышчаны ад найменшай пылінкі пінжак спачыў на спінцы крэсла, там жа знайшлі сабе месца і нагавіцы, а з кашуляй, адпрасаванай і свежай, пані Анельця паявілася перад абліччам свайго дабрадзея. Пан Неўдалота сядзеў у крэсле так, як раней мы яго тут пакінулі, і толькі замест столі зноўку глядзеў у злавесную газету.
— Заўтра тут будзе Югаславія. А ўсё — дзякуй нацыяналістам.
— Езус-Марыя, — войкнула пані Анельця, бо гэта была добрая пані і яна заўжды войкала, асабліва пачуўшы слова „нацыяналіст” або „Югаславія”.
— Хочуць дзяліць мястэчка на сваіх і чужых, — ляснуў кулаком адвакат у раскладзеную газету.
Калі ў гэты момант патрэскаліся ўсе шыбы ў рэдакцыйных вокнах, не трэба адразу думаць пра ўздзеянне незямных ці замагільных сіл. Чалавечыя магчымасці таксама ж бываюць нязведанымі і неабдымнымі.
— Але, хай сабе думаюць! О, не! Будзем змагацца, — трэснуў Нязгула яшчэ раз у газету, і ў гэты раз пасыпаліся ў далёкай рэдакцыі жырандолі, а самы вялікі аскепак прадзіравіў галаву рэдактара, адказнага за палітычную старонку.
З-за ўсяго гэтага наступныя весткі пра Партыю кучаравых паявіліся ў перайначанай, моцна заблытанай форме.
Думаю, можна дараваць няшчаснаму рэдактару. Кожны ж ведае, што з дзіравай галавы думкі ўцякаюць, не паспеўшы дацягнуццца да сталага, разважлівага ўзросту. Але гутарка тут не пра ананімнага рэдактара, а пра пана Нязгулу. Пойдзем следам за ягонымі крокамі.
Ступаючы на местачковы базар у святочную раніцу, пан Нязгула адчуваў агіду да самога сябе. Ягоная душа, згвалтаваная навакольнай грубай мітуснёю, пахлёбваючы і сёрбаючы носам, паслухмяна плялася за рэштай цела. Душа — самы разумны з чалавечых органаў, пэўна, і здагадалася, што змаганню за слушныя ідэі не абысціся без духоўных ахвяр і не перамагчы без дапамогі чыста фізічных рэквізітаў, такіх як вінтоўкі, танкі ці бамбавозы.
Перасоўваючыся ад ларка да ларка, ад століка да століка, пан Нязгула пільна ўзіраўся ў хаатычна раскінутыя копкі таннай, пакамечанай бялізны, там-сям запускаў далонь у горбы швэдраў, стараючыся вымацаць прыемную, сталёвую гладзь танкавага дула, уздуты, цяжарны жывот бамбавоза, ці — у найгоршым выпадку — драўляны прыклад калашнікава. Аднак рука, заглыбляючыся ў гурбы трантаў, раз-пораз вярталася з нічым, а прадаўцы на канфідэнцыяльна пастаўленае пытанне адказвалі: няма, не было, не будзе!..
А людзі ж кажуць: на базары, у рускіх, усё ёсць...
Значыць — змова. Значыць — змовіліся. Спазніўся. Усё даўно ў сербскіх руках!..
За базарнай агародкай азвалася скрыпка, гармонік падмацаваў мелодыю і, перамяшаўшы яе з вострым, крынічным голасам салісткі, кінуў у натоўп. З дапамогай гродзенскай капэлы левыя дэмакраты распачалі якраз выбарчую кампанію. Гэты неспадзяваны ўдар з левай канчаткова ашаламіў пана Нязгулу. Быў апошняй кропляй, кропляй, якая перапоўніла чару горычы. Яму стала ўсё адно.
Са шпаркасцю, якой і сам у сабе не падазраваў, падхапіў пан Нязгула з-пад плоту анямелую ад нечаканасці румынку і кінуўся ў ашалелы, дзікі танец. З румынскага заполку пасыпаліся на тратуар мізэрныя медзякі і, пабразгваючы, падскокваючы ў рытм музыкі, паразбягаліся па ўсіх напрамках.
Імпартнае віно
— Віном маркі „Рызлінг” тут частуюць? — спытаўся моцны, басісты голас. Бас належыў лысаму асобеню, які бесцырымонна вырваў нас з одуму над таямніцамі палітычный будучыні.
— У святочныя дні. І толькі — заслужаных, — адказаў Толік. Ён апошнім часам выконваў функцыю назіральніка незалежнай прэсы і з гэтай крыніцы чэрпаў інфармацыю пра планы, праграмы і актуальныя хады нашай партыі.
— Прабачце, не паспеў адрэкамендавацца, — лысы працягнуў руку і па чарзе знаёміўся з кожным з нас. — Прозвішча — Чатыры Забойствы. Імя — Сем Згвалтаванняў. У тым ліку — два калектыўныя. Пра дробныя крадзяжы няма, бадай, патрэбы ўспамінаць. Дык як будзе з гэтым „Рызлінгам”? — і, не чакаючы запрашэння, заняў парожняе месца і, усміхаючыся, перакананы ў дастатковасці сваіх заслуг, паглядаў нам у вочы.
— Сёння будзённы панядзелак і...
— Каму будзённы, а каму і не, — лысун перабіў Тадзіка. — Два годзікі адбубніў я ў Беластоку, ля вуліцы... як яго там.. Каперніка, о! Уяўляеце сабе? Два гады без віна, без жанчыны. А сёння ўжо на свабодзе, першы дзень. За добрыя паводзіны. Трэба ж лепшае свята?
Гаварыў ён зусім лагічна і пераканаўча, як сапраўдны палітык. Я нават падумаў, ці не спатрэбіўся б ён нам, у прапагандзе, такі асобень, ды яго прычоска не надта сыходзілася з назвай нашай партыі...
— Можна было б зрабіць маленькае выключэнне. Фінансы на такія нечаканыя выдаткі мы ж прадбачылі, — азвалася Валя Курапатка. Як генеральная касірша, яна найлепей ведала нашы фінансавыя магчымасці.
— Ну, што ж... Хай будзе, — згадзіўся Тадзік. — Каляндар ёсць каляндар. Бываюць дзяржаўныя дні незалежнасці, чаму не быць і асабістаму дню свабоды?
Не чакаючы далейшых разважанняў пра будзённыя і святочныя дні, Валя падхапілася з месца і пабегла ў буфет.
— З імпарту ёсць толькі італьянскі „Чачасан”. Можа быць?..
— Ага, — даў згоду чалавек, які на працягу двух апошніх гадоў не сустракаўся ні з віном, ні з жанчынай. — I, калі ласка, сядайце сюды, бліжэй.
Валя прысела і працягнула яму руку:
— А чаму вы так афіцьійна ўсё „вы” і „вы”? Я — проста Валя.
— Чатыры Забойствы Сем Згвалтаванняў, — госць паўторна назваў свае прозвішча і імя.
— Э там, адразу — сем! — не паверыла Курапатка.
— Клянуся памяццю роднай маткі, якую сам, гэтымі вось рукамі прыкончыў у свавольныя гады маладосці! Не шэсць, не восем, а менавіта — сем. Пакуль што, — падміргнуў, заглядаючы нашаму скарбніку ў вочы.
— Хвалько, — засмяялася яна, але ў яе вачах зайгралі іскрынкі, якія часам гавораць больш, чым жанчына сама хоча сказаць. — Кажаш, гэтымі рукамі? — узяла інструмент злачынства ў свае далоні і пачала яго ўважліва разглядаць.
Мы тым часам паглыбіліся ў службовыя справы. Выбарчая кампанія ступала вялікімі крокамі, а нашы кандыдаты ўсё яшчэ заставаліся ў цяні як левых, так і правых канкурэнтаў. Хаця прагнозы не былі кепскія, а нават даходзілі да нас вельмі аптымістычныя весткі, лепей аднак хукаць на халоднае, чым потым франціць апечанымі пальцамі.
— Ой, я такая радая, — голас касіршы спыніў разважанні аб выбарчай стратэгіі. — Ці вы ведаеце? Ведаеце вы? — ад нечаканасці яна ўскочыла на ногі і з гэтай, вертыкальнай пазіцыі апавясціла нам радасную навіну: — Ён хоча ўступіць у нашу партыю!
Глянуўшы на расчырванелыя шчокі, на агонь, які неўтаймавальным полымем бушаваў у Валіных вачах, можна было адразу дадумацца, што наш госць займеў у ёй адданую, верную заступніцу.
— Вы хіба не разумееце... Наша партыя, гэта ж Партыя кучаравых...
— Пра што вы? Пра гэта во? — паказаў лысун на свой пабліскваючы чэрап і выскаліўся бессаромна. — Дзе лысы, а дзе і кучаравы. Статут не ўдакладняе.
— Статут мо і добра ведаеце. Аднак нам і бліжэй пазнаёміцца трэба, праверыць сябе... Палітыка — вялікая справа. Словам — усё ў свой час.
— Дакладна так. Трэба праверыць сябе і пазнаёміцца бліжэй, — Валя са здзіўляючай рашучасцю падтрымала прапанову. — Бяру гэты цяжар на сябе. А заўтра будзем працягваць размову.
Прыхапіўшы няпоўную бутэльку італьянскага віна, Валя і лысы кандыдат у Партыю кучаравых паплылі ў цёплы фіялет лета.
Так і стаіць мне ў вачах наша касірша: з лысым франтам пад ручкі, з пляшкай італьянскага віна ў далоні, а ўсё на фоне шаўкавістай летняй ночы...
Усякія пазнейшыя працэдуры, усе публікацыі ды росшукі не далі станоўчага выніку. Нават лепшыя празорцы, да якіх у той канчатковай роспачы звярнуліся мы па дапамогу, таксама развялі рукамі.
Партыя кучаравых адышла ў гісторыю. Забылі яе сябры і непрыяцелі, і толькі пан Нязгула, які ў падбеластоцкай псіхушцы паспеў перакваліфікавацца з адваката ў польнага гетмана, час ад часу пасылае нам інфармацыю пра дасягненні ў барацьбе з варварскай сербшчынай. З апошняга пісьма ведаем, што ён стрымлівае якраз вялікія варожыя сілы дзесьці пад Дубінамі. Стрымлівае мячом ды агнём і, дзякуючы ягонай адвазе, Гайнаўка спіць спакойна.
1999