Панароўе

Анталогія апавядання


Белавежа, Белавежа...

Сёння

Заўтра Андрэй паедзе ў Белавежу. Гэта будзе выключны дзень у ягоным цяперашнім жыцці. Калісь Андрэй ездзіў многа. Аднаго лета ён ездзіў амаль цэлы тыдзень без перапынку. Спаў у цягніку або на вакзалах. Пабываў тады ў многіх гарадах Сілезіі.

Бачыў многа людзей, мільён, а можа і больш. Бачыў свет, дзе не было сялян, дзе ўсе жылі ў гарадах, дзе ўсе елі тое, што купілі ў магазінах. Гэта быў дзіўны свет — зусім не такі, як Андрэеў. Андрэй ведаў, што ён існуе, але ніколі не думаў, што будзе ім захапляцца. Цудоўны свет!

Андрэй бачыў мільён людзей і ніводнага знаёмага. Людзі не звярталі на яго ўвагі, гаварылі сваёю моваю, былі заняты сваімі ўласнымі справамі. Як добра і свабодна жыць сярод такіх людзей! Калі Андрэй хацеў пагаварыць, пытаў пра нейкую вуліцу або наракаў разам з усімі на ўладу, на даражню, хаця і ўлада і даражня былі яму зусім абыякавыя.

Цяжка было крыху гаварыць па-польску, губы не складваліся так, як трэба. Але Андрэй хутка пераадолеў гэту труднасць. Праз два дні ён ужо з любатою і дзіцячым захапленнем гаварыў “я” замест “так” і “кай” замест “не”.

Але гэта было даўно. У старым жыцці Андрэя. Цяпер ён зноў жыве ў краі, дзе амаль няма рабочых, дзе людзі п’юць малако, якое самі надояць, а хлеб ядуць з мукі, якое самі намелюць. Кожны дзень ён бачыць мо паўтысячы людзей, з чаго амаль палавіна гэта ягоныя знаёмыя. Ён гаворыць ім “добры дзень” і стараецца паказаць сваю лепшую старану. Ён зноў ненавідзіць тую мову, якою стараюцца гаварыць усе навокал. Андрэй не захапляецца тут жыццём. Ён жыве ў брыдкім пакоі на паддашшы, чытае многа кніг, піша лісты, малюе крыху, кахае разы тры ў тыдзень, есць і п’е, позна кладзецца спаць і гэта амаль усё. Яму жывецца добра, як ніколі дагэтуль. Ён нікога не чакае, ніхто не спадзяецца на яго. Нікуды не ездзіць. Ён хоча так жыць далей. Аб даўнейшым сваім жыцці хоча забыцца зусім. Тым болей, што заўтрашні дзень будзе выключны — Андрэй апіша яго.

Паслязаўтра (з запісак Андрэя)

Учора я ездзіў у Белавежу. Гэта не быў ніякі “выезд па справе”. Проста не мог астацца дома, не хацеў, дакладней кажучы. Не хацеў сустрэцца з адным чалавекам. Паехаў у Белавежу...

Дзень пачаўся для мяне вельмі рана, у пяць гадзін. Я хуценька памыўся, апрануўся, пабрыўся халоднаю вадою (гэта заўсёды давала мне свежасць) і не спяшаючыся пайшоў на вакзал. У Белавежу заехаў каля сямі гадзін. Развіднелася. Было холадна, пуста і ляніва. Надвор’е: лёгенькі мароз сцяў зямлю, ветру амаль не было; сонца таксама не было; неба мела шэры колер; усюды было спакойна і ціха.

Найперш я аглянуў станцыю. Яна прыгожая. Новая і вельмі сучасная. У нас няма зусім будынкаў, якія былі б новыя і прыгожыя.

Апрача некалькіх цэркваў.

Людзі сталі цяпер багатыя, як ніколі. Гэтая бедная зямля не бачыла яшчэ такога багацця. Яна не здолела праглынуць яго. Яно яе задавіла. Людзі пакінулі веру для багацця. Яны не вераць у хараство, таму і будуюць шэрыя бункеры замест дамоў. Іхняя вера ў хараство выяўляецца часам у тых цэрквах, новых і прыгожых. Толькі што яны не будуюць іх, каб маліцца там. Яны будуюць іх, каб ганарыцца імі. Магчыма, яны будуюць іх для мяне і маіх сяброў. Мы, выхаваныя ў дабрабыце, магчыма, будзем мець і веру. Яна прыйдзе да нас разам з джазам, парнаграфіяй і машынамі “made in Japan”. Магчыма, мы пабудуем сабе прыгожыя дамы, станем прыгожа апранацца і купацца кожны дзень. Пойдзем маліцца ў цэрквы, якія збудавалі нам бацькі. Магчыма, тады мы зможам ажыццявіць цудоўнае слова “сацыялізм”. Але магчыма таксама, што гэта зробяць нашы ўнукі або праўнукі. Цяпер я таксама стаю перад царквой. Яе не збудаваў ані мой бацька, ані мой дзед. Яе збудаваў мой прадзед, але не сабе і не мне. Яна чужая. Яе чырвоная цэгла і ўсё яе багацце было не для людзей, абутых у лапці. Чужая гэта царква нам, мужыкам, як і ўся Белавежа. Нічога дзіўнага, што цяпер цягне яна нас — гэта зорка ясная на ніве нашага халопства. Бляск грошай ад яе б’е, грошай, якія прывозілі здалёк розныя “паны”. А цяпер цягнемся мы сюды і з правінцыі, і з сталіцы... Пакідаем сваё сялянства — і ў Белавежы мы таксама “паны”. Але яно цягнецца за намі, не хоча нас пакінуць...

Потым я аглядаў вятрак. Стары, невялікі вятрак, ён стаіць самотна на лузе, ля ракі Нараўкі. Невядома, адкуль узяўся, напэўна, не стаяў тут раней. Прыцягнулі яго сюды, мабыць, як памятку архітэктуры. Памятку нашай цывілізацыі — ха-ха. Сапраўды, ганарыцца нам трэба нашай архітэктурай беднаты і нэндзы. І мы ганарымся. Прынамсі так нам здаецца, бо хутчэй будзе гэта “цяга” сялянскіх сыноў да таго, што завецца родным. Яны вучацца ў вялікіх гарадах, яны пакінулі сваю вёску. Але не хапае ім чамусьці сумлення пакінуць так зусім сваю сялянскасць і сваю мову. Толькі што ў свеце, да якога яны імкнуцца, няма пакуль месца ні для гэтай сялянскасці, ні для яе мовы. Там яны шукаюць чагосьці, на што згодзіцца, магчыма, той вялікі свет. Выцягваюць вышываныя ручнікі і драўляныя лыжкі, спяваюць песні і вятрак прыцягнулі нават. Свет захапляецца “цудоўным фальклорам” простага народа.

Паабедаў я ў белавежскім рэстаране “Іва”. Рэстаран неблагі. Відаць, што не для нашых людзей яго рабілі, а для гасцей з замяжы. (Бачу, што з упартасцю маньяка вяртаюся я да таго самага матыву або гэты матыў вяртаецца да мяне, разліваецца кругом і творыць адурнелую рэчаіснасць). А рэстаран схамілі. Замест нямецкай чуваць польская, а калі хто падвып’е, дык і зусім мужыцкая мова. Толькі меню асталося як спадчына вялікіх намераў. Карыстаюся з таго і заказваю смажаніну з зубра. Добрая. Мляскаю, уздыхаю з любатою. Хамскі раблюся ад тае раскошы. Каб яшчэ больш вульгарным быць, піва купляю. Па-хамску п’ю яго, па-хамску мне яно адрыгаецца — ах, як добра быць хамам! Яшчэ, яшчэ, не шкадуй..

Дахаты вярнуўся я познім вечарам.

Заўтра

Заўтра Андрэй прачнуўся рана, у пяць гадзін. У пакоі было яшчэ цёмна і вельмі холадна. Яму не хацелася ўставаць з пасцелі так рана і спяшацца на цягнік. Цяпер ён адчуваў, як нездарова бегчы навыперадкі з часам. Ён ужо так даўно не спяшаўся, што забыў, якое гэта непрыемнае пачуццё.

Калісь Андрэй не спяшаўся. Ён сабе не мог уявіць другога жыцця. Ён жыў, як казаў, “поўнымі грудзьмі”. Гэтыя словы, даволі прымітыўныя (ён ведаў аб гэтым, але любаваўся ў такіх ёмістых акрэсленнях; мала слоў, вялікі змест — гэта адзін з ягоных афарызмаў “для ўласнага карыстання”) зрабіліся Андрэю найлепшымі, каб сказаць нейкую праўду аб ягоным жыцці. Жыццё было таксама прымітыўнае. Ягоны прымітывізм, а мо і вульгарнасць выяўляліся найлепш, калі ён, змучаны поўным заняткаў днём, засынаў на каленях Вольгі. Яна, уся жадаючая цеплыні і пяшчоты, плакала ціхенька і гладзіла ягоныя валасы. Потым Андрэй раптам будзіўся, саромячыся за свой сон, прагна сыціўся ёю, сядзеў яшчэ паўгадзіны (гледзячы што пяць хвілін на гадзіннік) і адыходзіў да сваіх заняткаў. Падобна ж прымітыўна ён і ўставаў. Калі будзільнік званіў, Андрэй уцішаў яго гнеўным жэстам. Ляжаў яшчэ некалькі хвілін, цяжка прабіваючыся цераз сон, і раптам рашуча ўставаў. Яшчэ не разбуджаны да канца, з сляпымі вачыма, апранаўся, пырскаў сабе ў твар халоднай вадой. Да поўнай свядомасці даходзіў праз гадзіну. Вечарам піў чорную каву і сядзеў да позняй ночы. Спаў пяць гадзін і рана зноў паўтараў свой прымітыўны працэс. Але жыццё Андрэя зманілася. Тым цяжэй было яму сёння падняцца з ложка ў пяць гадзін раніцы.

Не спяшаючыся, Андрэй пайшоў на вакзал. Да ад’езду цягніка засталося яшчэ крыху часу. Андрэй перачакаў яго, схаваны за дрэвам. Ён не хацеў сустрэць знаёмых. У цягнік ускочыў у апошні момант перад ад’ездам. Людзей у вагоне амаль не было. Андрэй сеў у пустое купэ, у дарозе ўвесь час глядзеў за акно. Белавежскі вакзал прывітаў Андрэя цішынёю і спакоем.

Андрэй пайшоў аглядаць царкву. Ён доўга хадзіў кругом яе, здавалася, што хацеў дакрануцца, але баяўся (зусім як з Вольгай у першы тыдзень іх знаёмства). Урэшце рашуча падышоў да дзвярэй. На жаль, яны былі зачынены, і Андрэй, быццам заўстыдаўшыся, чагось хутка вярнуўся. (Аналогія з першым пацалункам Вольгі — але Андрэй быў заняты другімі думкамі і гэткая аналогія не прыйшла яму тады ў галаву).

Потым Андрэй бачыў вятрак, каля якога мітусілася група маладых людзей. Ён хацеў бліжэй прыгледзецца, што яны рабілі... Хлопцы пачалі штосьці весела яму крычаць. Андрэй перапалохаўся і хутка адышоў. Яму было сорамна за свой устыд перад гэтымі хлопцамі. (Потым Андрэй даведаўся, што яны — студэнты). Ён сустрэў іх вечарам у рэстаране — яны весела смяяліся.

Невядома чаму Андрэй упіўся. Калі вяртаўся вечарам дахаты, было яму весела. Ён спяваў сабе ціхенька, цешыўся, што не сустрэў таго чалавека.

Дома чакаў яго бацька. Бацька зусім не разумеў Андрэя.

1984