Панароўе

Анталогія апавядання


Трызна

Грозно бо бяше и жалостно тогда видети, зане трава кровью пролита, а древеса тугою к земле преклонишася.

(„Задоншчына”)

Па такім ранку, шэрым ды імглістым, што здараюцца пад канец лета, пра ўвесь дзень судзіць можна: як заўтра імжа долам лажыцца — дзень пагожы стане; калі ж туман верхам пойдзе — быць дажджу пасля поўдня.

Ён, стары дзесяцкі Яцук, мяркуючы пра настаўшы дзень, паволі брыдзе з грыдніцы цераз дзядзінец. Падстаўляе сваю здратаваную мазалямі ды рысамі чэрствую далонь пад падаючую імжу і кіруецца ў бок лесвіцы, што вядзе на пляцоўку старажавой вежы.

Юрась ля стайні глянцуе глінкаю і аўчынкай медную акоўку збруі. І так медзь у тумане ззяе сонечнымі блікамі, а ён усё трэ і трэ. Які ж гэты Юрась за апошні час ладны стаў: высокі, плечы ўшыр раздаліся, здаровы румянец барвіць шчаку, бы першы прымаразак спелую каліну. Мяккі пухкі волас над вуснамі і па барадзе зачарнеў. Статны з яго муж будзе, па бацьку, відаць, пайшоў!

— Дзядзь, чаго ж на вежу лезці, і так на два сажні нічога не відаць,— заўважае яму Юрась.

І голас-то ў яго мужны: глыбокі і цвёрды. А ці ж даўно гэта ён, Яцук, з уцехі, тройчы пускаў у круг свой каваны рог турыны, частаваў сяброў-грыдзяў хмяльным мёдам ды настойкамі, калі вестка з цвердзі, з Суража, прыйшла, што яго дачка Мілошка павіла воя-ўнука. Дамоў на дзень-два вырвацца хацеў, бо сын жа быў недзе ў палку з князем. Але дзе ж яму, тадышняму валадару Нарвы, крэпасць пакінуць: полая вада ішла — трэба было дубовыя калоды з пушчы гнаць, каб сцены крэпасці падправіць ды падняць на некалькі вянцоў вышэй...

Ніяк ужо дваццаты год ідзе, як было тое, а ўсё здаецца, быццам гэта ўчора.

— Бач, унуча,— гаворыць як бы са сваімі думамі-ўспамінамі Яцук,— старыя ногі самі, па звычцы, на лесвіцу нясуць. Не мала ж ужо — гадоў трыццаць так, з дня ў дзень, хаджу. I, скажу табе, шмат чаго ўбачыў, нават і ў такой каламуці.

— Э, там! — недаверліва азваўся Юрась.— Яцвяга і пры сонцы цяжка ў кустах прыкмеціць. А то...

— Ну-ну,— спыняе ён унука, узыходзячы на пляцоўку вежы, што сажняў на пяць узвышаецца над варотамі крэпасці, прыкрытая счарнелымі ад дажджоў і сонца асінавымі драніцамі.— Гадоў шэсць таму, гэта як твае пастрыжыны былі, а я не то што ўдзень, а ўночы цэлы ізгон яцвяжскі прыўважыў.— Яцук ведае, што колькі ўжо разоў гаварыў пра гэта

Юрасю, але не шкодзіць, здаецца, яшчэ лішні раз напомніць пра тое.— Скочылі мы тады на коней ды стралой да броду. Вось тут, па плыцізнах,— і ён, выхіліўшыся з-пад дашку вежы, паказвае рукой туды, дзе праз малочную муць імглы паблісквае Нарва,— секанулі мы іх. Заднія то адразу павярнулі, хвасты паказаўшы. А ўсё ж мы некалькі жыўцом узялі, а чалавек шэсць вунь, на тым беразе, і па сёння пад крушняй спачывае...

Што гэта?.. Няўжо? Забыўшыся пра ўсё, ён упіваецца зрокам у процілеглы бераг, і ў прорве паміж зваламі імглы, на пясчаным рачным адкосе... Не можа быць! Гэта хіба пад старасць трызненні мучыць сталі... Варушацца... Яны, так, яны: у бабровых ворсістых башлыках, лісіх, відаць, нарутках, прыкрытыя шчытамі. І многа ж іх, дзесяткаў шэсць на беразе і яшчэ прыбываюць з лесу...

Трымціць рука ад трывожнага лёскату трашчоткі. І ўсё ж не верыцца яшчэ, ці гэта на самай справе яны. Нешта пякуча ўпіваецца ў руку вышэй локця, і рука бязвольна выпускае трашчотку.

— Яцвягі!.. Братцы, яцвягі,— крычыць ён дзікім голасам. Злосна фуркочуць стрэлы, уядаюцца ў сцены, дашак, слупкі пляцоўкі. Ужо лежачы плашмя на памосце, ён бачыць, як высыпалі з грыдніц на дзядзінец воі, як адрываецца з-пад лесу грамада коннікаў і мкне цераз брод да брамы крэпасці. Перасільваючы боль, ён крычыць:

— Браму! Браму падпірайце-е!.. Юрась было скочыў на лесвіцу, відаць, да яго хоча ўзлесці. І ён халадзее з жаху:

— Куды ты? Назад! Праніжуць цябе, як глушца... І Юрась паслухаў, бяжыць разам з іншымі да брамы. Створкі брамы счэпліваюць жалезнымі крукамі, паспешна закладаюць у засаўкі дубовыя друкі. Сярод дзядзінца ўжо стаіць валадар крэпасці Міхаль.

— Маладыя браму самі гаціце, а стральцы да бойніц хутчэй! — крычыць ён і сам кідаецца з лукам і калчанам да бойніцы над брамай.

Стральцы з калчанамі стрэлаў, лукамі, доўбнямі ды мячамі паспешна ўзбіраюцца на падмосткі крапасной сцяны і разбягаюцца да прыадчыненых створак бойніц. Напружваюцца, чырванеюць іх твары, спешна штахаюць цяцівы лукаў, ляскаюць кушы, свішча каменне, выпушчанае з прашчаў... Значыць, паспелі, не ўпусцілі ў крэпасць. О, вялікі Сварожа, дзякуем табе за літасць над намі! Дзякуй табе, добры Сварожа...

Пячэ і церпне рука. Рукаў набрыняў крывёю. Страла прайшла навылет праз мякіш вышэй локця і затрымалася пяром. Трэба як мага хутчэй, пакуль не запухла, пераламаць брэхву стралы і выцягнуць яе. Каб памог хто. Не, ім цяпер не да таго. Мус самому. Звяло сківіцы, сплывае халоднымі кроплямі пот з чала, ліецца ў вочы, а ўваччу мітусяцца ружовыя іскрыстыя кругі. Не паддаецца брэхва, відаць, з грабу высек яе пракляты язвец. Та-а-ак, пераламалася ўсё ж такі. Ну, цяпер трэба яе выцягнуць, зубамі. Трашчыць рука, боль молатам б’е ў скроні. Паволі, надта ж паволі выходзіць яна, ядавітая. Кроў цурком сцякае па пальцах, а рука зусім здранцвела, быццам чужая. О-ох! Выйшла, уся выйшла...

Ужо закручваючы і заціскаючы рану разарваным рукавом кужэльнай кашулі, прыглядаецца да гэтага пашчапанага зубамі, закрываўленага кавалка дрэва. Колькі ж іх прашывала яго рукі, сцёгны, нават вуха, і ўсё ж такі духу не дасталі. І гэтая таксама, але хіба ж будзе і тая, суджаная, бо не паміраць яму сваёй смерцю...

Праз шчыліны вежы відаць, як спачатку паасобку, а потым групамі адскокваюць яцвяжскія коннікі ад крапасных сцен. Той-сёй з коней б’ецца пад ездаком, становіцца на дыбкі, іржэ — значыць, панёс у сабе стралу нашую. А вось цягнуць яцвягі і свайго родзіча. Забіты, відаць, так яму і трэба...

Ну, адбіліся мы.

Ля бойніц воі аддыхваюцца, уціраюць успацелыя твары, гамоняць. Дзяўчаты, маладзіцы ды падлеткі моўчкі, але ўсё подбегам, носяць і падаюць на падмосткі да бойніц пучкі стрэлаў, падсыпаюць прашчнікам у карабкі каменне. Старэйшыя жанчыны, тайком уціраючы набегшую слязу, разрабляюць ля крапаснога калодзежа з гліны і вады хлюпастую жыжу, носяць яе цэбрамі і гладышамі на сцяну і ліюць на вонкавыя бярвенні, каб агонь не так лёгка яе ўзяў ды і ворагу ўзбірацца не так лоўка было.

— Дзякуй табе, Яцук, што ў час трывогу падняў, а то б...— гамоняць, усхліпваючы, жанчыны.— Але ж што далей з намі будзе? Скот ды коні то ўсе нашы прапалі. Калі і адсядзімся, дык зноў гады тры нашы скотніцы пуставаць будуць. Дзе што якое — усё пехта і пехта, ці ў Бельск, ці ў Гародню. Ні малака табе, ні воўны.— Лямантуюць, успляскваюць рукамі.

— І дало ж нам у такую рань дабро з цвердзі на выган пусціць...

Рознагалосы жаласлівы жаночы лямант пераходзіць у старадаўнюю песню-плач:

Сварожа, Сварожа! Прыкрый нас, няшчасных.
Сварожа, Сварожа! Ахіні дзетак нашых.
Сварожа, Сварожа! Узмоцні сілы нашы.
Сварожа, Сварожа! Ад нас звядзі паганых...

Воі, насупіўшыся, слухаюць, з-пад брыва сочаць праз шчыліну бойніц за ворагам.

Пасля няўдалага нападу на крэпасць знячэўку, яцвягі рассыпаюцца па выгане, арканяць коней, збіраюць у гурт быдла і авечкі ды кіруюць цераз брод на Нарве ў бок Блудаўскай пушчы.

— А мо сялікам і абыдзецца,— мяркуе ўголас прашчнік Мсцішка.— Не раз жа бывала, што, павярэдзіўшы, або вярталіся ў свае верві, або ішлі далей на Берасцень ці Дарагічын.

— Каб то ж! — уздыхае стралец Уней.— Тады б мы іх дазорылі: не вяртацца ім у іх Судовію з сайгатам. Не тое што на Супраслі, але і на Бабры насціглі б мы іх, паганых.

— Пашто ў згадкі пускаціся,— спыняе іх Міхаль.— Завялікая сіла іх тут прываліла, каб толькі па нашае брашно. Сотня іх, а то і болей,— штосьці горшае ў іх на мыслі. Борза трэ ў Крушву, Бельск ды Гарадок весць падаць. Як імгла ляжа — падпальвай! — звяртаецца ён да Унея, паказваючы на віццевы слуп, што ўзвышаецца сярод дзядзінца, увесь спавіты прасмоленымі саламянымі перавясламі.

— А ты, Юрась, ідзі да мяне,— загадвае ён і кіруецца ў грыдніцу.

Юрась лоўка саскоквае з падмостка бойніцы і бяжыць цераз дзядзінец у грыдніцу.

Згадкі нядобрыя халодзяць старое сэрца, а яно зусім пад горла ціснецца. Супакойся ты, стары, уйміся! Няўжо можа што-небудзь яму стацца? О, Сварожа! Цяжка караеш ты маю кроў, цяжка. Сынавы косці твае вятры-сухавеі недзе ў стэпах палавецкіх пылам крыюць, а цяпер ты хочаш згасіць адзінае сонца мае зморчнай старасці...

— Міхалю, Міхалю! Не пасылай дзіцяці, не пасылай, малю цябе,— а скупыя, пякучыя старэчыя слёзы так і ціснуцца ў вочы.— Зарэжуць яго, загубяць...— І ён, прысланіўшыся да касяка дзвярэй грыдніцы, засланяе далонню вочы.

— Чаго ты, дзядзь? — сунімае яго ўнук.— Не плач, не ўбівайся, прайду як-лень.

— Суйміся, Яцук,— гаворыць ціха Міхаль.— Нужа мяне прымусіла паслаць яго. Да стойбішча руднікаў як-небудзь дабярэцца, а там цераз Крушву ды ў Берасцень паскача. А нас тута, хто ведае, што чакаць можа.

Супакойся, стары, суцішся.

На дзядзінцы ўжо валадар загадвае прашчніку Мсцішку і стральцу Балібору выхіліцца патайным ходам з крэпасці, быццам на адбой статка, яцвягам, каб Юрасю вольны адвод даць.

Тыя праціскаюцца цераз вузкі пералаз у сцяне і паўзуць, хаваючыся за нарвянскія лозы, бліжэй да броду. Там два яцвягі гарцуюць ля статка быдла, якое чамусьці не хоча ісці цераз ваду. Ад гурту адбіваецца лонская цялушка і падбрыквае берагам Нарвы ў бок Мсцішкі і Балібора. За ёю гоніцца яцвяжскі коннік. На гэта толькі чакаюць нараўляне. Балібор напінае цеціву, і страла мякка гразне ў яцвяжскіх грудзях. Прашыты стралою яцвяг некаторы час бязвольна хістаецца, прыпаўшы да конскай холкі, і неўзабаве ссоўваецца на здратаваны, чэрствы выган. Яго сябра спачатку было падаецца ў бок упаўшага, але, прыкмеціўшы ля кустоў нараўлян, паварочвае назад да сваіх, пешта крычыць і паказвае на прыбярэжныя лозы.

У грамадзе яцвягаў, што стаяць за бродам, заенчыла берасцяная труба, і на яе кліч збягаюцца з наваколля коннікі.

Яшчэ праз колькі хвілін яны асцярожна абкружаюць прыбярэжныя кусты. Тым часам нараўляне перабеглі ўжо пад крэпасць. Яцвягі, не знайшоўшы нікога ў кустах, падаюцца да свайго падстрэленага родзіча. Той жа ляжыць на лучны перастрэл ад крэпасці — з бойніц ураз сыпнулі стрэлы і каменне. Храпуць, іржуць ды дыбяцца параненыя коні, гарланяць яцвягі, адскокваючы назад ад крэпасці.

Твары нараўлян праясняюцца. Нават і яму палягчэла на сэрцы: вылазка ўдалася — Юрась напэўна ўжо здолеў значна аддаліцца ад крэпасці. І ўсё ж такі на вялікую ўцеху ранавата. З усяго відаць, што яцвягі рыхтуюць наступ на крэпасць. Адны з іх збіваюць з жэрдзя і сухастою плыты на Нарве і Нараўцы, другія звозяць са стагоў і абарогаў, што раскіданы воддаль крэпасці на нараўлянскіх лугах і палетках, снапы і вязкі сена. Ладуюць на плытах плывучыя стагі.

Мітусяцца абаронцы, падкідаюць смолі на палаючы ўжо колькі часу віццевы слуп, тоячы ў сэрцы надзею, што Крушва або Гарадок, а то і Бельск ўважаць іх бяду і на падмогу падскочаць.

О, Сварожа, хісткая гэта надзея!

Ворагі ўжо наладавалі тузін стагоў і цяпер, схаваўшыся за гэтыя шчыты — заслоны, пасоўваюцца ўброд з трох бакоў да крэпасці. Ні стралой іх дастаць, ці суліцай калупнуць: у саломе ды сене ўсё застрагае. І падпаліць стагі няма як: абклалі іх яцвягі сырой ялінаю — ад палаючай стралы ім не заняцца.

— Брацця мае і другі,— голас Міхаля дрыжыць і зрываецца,— калі смерць прылучыцца нам, то ўкупе супольную чашу прымем... Прыспела, брацця, нашая гадзіна за цвердзь родную і за сябе пастаяць, аддамо ж паганым воздар семярыцаю!

Цяжка слухаць лямант жанчын, калі яны, прыгарнуўшы малалетак-дзяцей, спаўзаюць у падземныя лазы-норы, каб там перачакаць страшную гадзіну. Што з імі будзе, калі крэпасць стане ў агні? У лазах ад дыму і агню задыхнешся, пакуль праграбешся пад крапасной сцяной на той бок. Але такая смерць лепшая, чым жыццё рабамі-калоднікамі, праданымі яцвягамі за мора Варажскае...

Хто толькі можа ўзняць прашчу або напяць цеціву лука — усе становяцца ля бойніц.

Плывуны-стагі ўжо на лучны перастрэл ад крэпасці.

Калі моцна сціснуць зубы і затрымаць дух, тады можна на момант перамагчы боль у руцэ і напяць цеціву лука. Але пасля таго як страла вылецела і лук уздрыгвае — трэба заплюшчваць ад болю вочы.

Некалькі яцвягаў адкацілася з-за стагоў далей ад крэпасці, на выган, відаць, раненыя. Пару ляжыць на рачных адкосах — забітыя. Але і ў крэпасці ёсць страты. Прашчніку Мсцішку страла прашыла шыю, і ён віецца на дзядзінцы, захлёбваючыся ўласнаю крывёю. На падмостку ля свае бойніцы ляжыць Уней, забіты стралой у вока напавал. Са стралой у грудзях прысеў і не падымаецца ўжо Мірон. А тыя ўжо пад сценамі. Едкі бела-жоўты дым клубіцца ў бойніцах, затапляе дзядзінец, слепіць і душыць — гэта яцвягі падпалілі свае стагі. Нараўляне надрыўна кашляюць, слепнуць у клубах дыму.

— Паддавайцеся! — крычаць яцвягі.

На самым версе сцяны дым не такі едкі. Там, лежачы плашмя, падлеткі спіхаюць на ворагаў калоды, ліюць вар. А тыя лезуць і лезуць.

Ціха, неяк сарамліва плача-стогне падлетак, калі прашчны камень разбівае яму твар або страла прашывае жывот. Яшчэ цішэйшы яго крык, як яму яцвягі скручваюць вяроўкай рукі і ногі ды, садануўшы нагою ў грудзі, спіхаюць на той бок сцяны, у вечную рабату.

Яцвягі на сценах...

Бяссільна перавесіўся ля бойніцы валадар Міхаль. Шматкі ружовай пены адрываюцца ад яго вуснаў і бязгучна распырскваюцца па бярвеннях сцяны. Страшна стогне Буд — страла ўелася яму ў рот і выйшла на патыліцы...

Гіне крэпасць, гіне!

— Не! Не дам ёй згінуць! Не дам...

Лук ужо мне не патрэбен. На дзядзінцы яшчэ тлее галаўня ўпаўшага віццевага стаўпа. У грыдніцы вызернутыя саламяныя пасцелі грыдзяў, стус адзежын і радзён загараецца адразу. Полымя перакідваецца на палаці, сцены, столь.

У свірне ў гліняных карчагах ільняны і канапляны алей. З разбітай пасудзіны ён ліецца мякка і плаўна, а падпалены — паўзе вогненнымі змеямі па ўсім свірне. На вышках у стайнях і скотніцах сухое сена...

Гарыць наша цвердзь. Палае, як урачысты стус пахавальны. Полымя выкідваецца з дзвярэй і акенец, паўзе па драніцавых стрэхах, перавальваецца на крапасныя сцены... Не дзіва — усё лета суш стаяла.

Яцвягі ўжо на дзядзінцы. Адны кінуліся да памяшканняў, але адскочылі стуль — усё гарыць. Разбягаюцца па дзядзінцы і падмостках. Здзіраюць з мёртвых зброю і адзежу, раненым соўгаюць пад шыйную ключыцу вастрыі сваіх кароткіх нямецкіх мячоў.

Раве, баронячыся, Буд. Не патрэбна ўжо, не. Трашчыць і рушыцца на яго і яго ворагаў палаючая старажавая вежа. Прыгожую трызну маеш ты, Буд. Заслужыў яе, хутка і ўлучна, без пагрэху, пасылаў ты стрэлы ў ворагаў нашых.

Яцвягі кідаюцца да брамы. Намагаюцца выважыць яе. Пашто? Над ёю ўжо тлее сцяна. Яны кідаюцца ў шчыліны бойніц, узбіраюцца на сцены, скачуць з іх прэч.

Але гэты вунь, рослы, з рыжай барадою, ідзе па мой дух. Добра, як добра! Юрасю, ты жывы, я ведаю — ты жывы і цэлы... О, Сварожа! Сварожа-а-ах...

1967