Іншы сьвет

Герлінг-Грудзіньскі Густаў


Частка другая - Голад

З маіх лягерных назіраньняў вынікае, што кабеты значна цяжэй пераносяць фізычны й сэксуальны голад, чым мужчыны. У гэтым выпадку простае правіла лягернага жыцьця сьцьвярджае: ламаючы супраціў жанчыны фізычным голадам, ты задавальняеш адначасова абедзьве яе патрэбы. Я кажу пра гэта бязь ценю цынізму. Калі згадкі пра ўсё тое, што адбывалася ў Эўропе падчас апошняе вайны, увогуле маюць нейкі сэнс, то трэба, каб мы на хвіліну забыліся аб прынцыпах звыклае маралі, якой жылі нашыя дзяды й бацькі ў другой палове ХІХст. і ў першых дзесяцігодзьдзях стагодзьдзя, якое, здавалася, ажыцьцяўляе на нашых вачох пазытывісцкі міт прагрэсу. Артадаксальныя марксісты сьцьвярджаюць, што абсалютнай маралі няма ўвогуле, бо ўсё, што дзеецца з чалавекам, абумоўленае ягоным матэрыяльным станам. Гэта азначае, што кожная эпоха, кожная краіна й грамадзкая кляса ствараюць сваю ўласную мараль і што ўсе тры чыньнікі ўтвараюць нешта, што называецца няпісаным кодэксам чалавечых паводзінаў у дадзеным месцы на зямлі. Нямецкі й савецкі досьвед пэўным чынам пацьвярджаюць гэтае дапушчэньне. А менавіта, высьветлілася, што ніжняй мяжы трываласьці чалавечага цела, па-за якой мы прывыклі разьлічваць на моц характару або сьвядомае дзеяньне духовых каштоўнасьцяў, не існуе ўвогуле; інакш кажучы — няма такой рэчы, якой чалавек не зрабіў бы з голаду й болю. Гэтая „новая маральнасьць” ня ёсьць ужо кодэксам паводзінаў чалавека, але кодэксам умелага абыходжаньня з чалавекам і, узброеная сёньня асабліва вострымі ікламі, сваёй традыцыяй сягае яшчэ ў дзяціныя часы гішпанскай Інквізыцыі. Давайце ня будзем занадта пасьпешліва абмінаць гэтага факту. Агульнае ў абедзьвюх гэтых плынях адно: усьведамленьне, што чалавек, пакінуты сам сабе — бязь веры ў абвешчаную сыстэму духовых вартасьцяў або навязаную сыстэму вартасьцяў матэрыяльных, — ёсьць звычайнай купай гною. Генэтычная рэвалюцыя Лысенкі як бы адлюстравала тэндэнцыю каталіцкага касьцёлу, гэта ўвогуле роднасныя зьявы. Там чалавек гіне ў віры грэху й асуджэньня, калі на яго не сплыве сьвятло надзвычайнай ласкі, а тут чалавек павінен быць такім, якім яго зрабілі штучна створаныя жыцьцёвыя варункі; аднак і тут, і там ён бязвольная рэч у чыіхсьці рукох, а ад пачатковага фармуляваньня мэты жыцьця чалавека на зямлі залежыць толькі адно: ці на купе гною вырасьце жаданы вынік біялягічнай гадоўлі, ці блаславёная кветка чалавечае душы. Я асабіста не належу ні да людзей, якіх жахлівыя ваенныя падзеі прымусілі зьвярнуцца да „новай маральнасьці”, ані да людзей, якія бачаць у іх адзіны доказ таго, якой крохкай істотай ёсьць чалавек у лапах Сатаны. Я шматразова пераконваўся, што чалавек чалавечны ў людзкіх варунках, і ўважаю за жудасны нонсэнс нашай эпохі спробы судзіць чалавека за ўчынкі, якія ён зьдзейсьніў у нечалавечых варунках — быццам ваду можна было б мерыць агнём, а зямлю — пеклам. Справа, аднак, у тым, што кожны, хто хоча аб’ектыўна апісаць савецкі лягер, мусіць спусьціцца ў найглыбейшыя правалы пеклу й не шукаць насуперак рэчаіснасьці людзей там, дзе з дна лецейскай вады на мяне глядзяць твары памерлых і, магчыма, яшчэ жывых таварышаў, перакрыўленыя драпежнай грымасай зацкаваных зьвяроў, іхныя вусны, сьсінелыя ад голаду й пакутаў, шэпчуць: „Гавары ўсю праўду, якімі мы былі, да чаго нас давялі”.

Аднак у абарону жанчын трэба было б дадаць, што лягерная мараль — як, зрэшты, кожная мараль — стварыла сваю ўласную крывадушнасьць. І, напрыклад, нікому не прыйшло б да галавы вінаваціць маладога хлопца, які для паляпшэньня свае долі стаў каханкам старой лекаркі, але прыгожая дзяўчына, якая з голаду аддалася брыдкаму старому з „хлебарэзкі”, была, зразумела ж, „блядзьдзю”. Ніхто не лічыў за „прастытуцыю” натуральнае права амаль усіх інжынэраў і тэхнікаў штомесячна плаціць за пасаду даносамі ў Трэці Аддзел, але кабета, якая хадзіла за зону да начальніка, была „прастытуткай”, да таго ж найгоршага разбору, бо ламала салідарнасьць вязьняў у дачыненьні вольных людзей. Было натуральна, што новапрыбылы вязень аддаваў рэшткі сваёй вольнай вопраткі, каб атрымаць паслабку пры налічэньні нормы (ад якой залежаў памер лягернай порцыі) і падзеле працы, але некаторыя не маглі перажыць таго, што бедная дзяўчына, якая ўгіналася пад цяжарам сякеры ў лесе, першым жа або другім вечарам аддавала ўсё, чым валодала— уласнае цела. Гэтая крывадушнасьць, зрэшты, найчасьцей тлумачылася пазалягернымі нормамі ў грамадзтве. Вязень, які ўкраў у свайго таварыша хлеб, напэўна, загінуў бы ад нажоў „урак”, якія ўвогуле былі найвышэйшымі судзьдзямі й заканадаўцамі ў справе лягернай этыкі; але сярод палякаў быў вядомы пэўны ксёндз, што хаваў сваю душпастырскую годнасьць пад лахманамі вязьня й за споведзь і адпушчэньне грахоў браў 200 г хлебу (на 100 г меней, чым стары ўзбэк, які варажыў па руцэ), ходзячы па сваёй парафіі ў арэоле сьвятасьці. Калі я задумваюся пра вытокі гэтай складанай і цяжкай для разуменьня зьявы, то прыходжу да высновы, што ў кожнай большай людзкой супольнасьці існуе падсьвядомае імкненьне цягнуць „на суд грамадзкай думкі” засьпетых на гарачым ахвяраў, каб гэтым танным коштам выбеліцца самому. Кабеты цудоўна надаваліся на гэтую ролю, бо рэдка мелі шанцы гандляваць чымсьці іншым, ніж уласным целам, а апрача таго, з волі ў лягер перанеслася маральная аблуда, паводле якой кожны мужчына, які бярэ жанчыну падчас першых гадзінаў флірту, звычайна лічыцца чароўным спакушальнікам, а кожная кабета, якая аддаецца новаму знаёмаму, лічыцца лярваю. Для расейцаў, звычных да „шлюбу за 5 рублёў” і капуляцыі, спраўлянай накшталт фізыялягічных патрэбаў у публічных прыбіральнях, гэта не было такой ужо істотнай праблемай і хутчэй служыла прадметам кепікаў наконт раўнапраўя жанчын у новым ладзе, але вязьні-замежнікі (не выключаючы камуністаў) неаднойчы заломвалі рукі над „агульным упадкам маральных каштоўнасьцяў у Расеі”. Так ці інакш, але праўда ў тым, што голад ламаў жанчыну, а калі ён ужо яе ламаў, то не было мяжы на той нахільнай плоскасьці, па якой яна кацілася на самае дно сэксуальнай прыніжанасьці. Некаторыя спадзяваліся ня толькі палепшыць сваю долю або набыць моцнага апекуна, але й на мацярынства. Ня трэба разумець гэта занадта сэнтымэнтальна. Уся справа ў тым, што цяжарных кабетаў вызвалялі ад працы за тры месяцы да родаў і на шэсьць месяцаў пасьля нараджэньня дзіцяці. Шэсьць месяцаў — гэта быў тэрмін, прадугледжаны для выкармліваньня дзіцяці да таго стану, у якім яго можна было адабраць ад маткі й зьвезьці ў невядомым кірунку. Мацярынскі барак быў заўсёды поўны цяжарных кабет, якія паважна несьлі перад сабой нябачныя вазкі сваіх вялізных жыватоў, сьпяшаючыся ў кухню па суп. Затое пра пачуцьці, сапраўдныя пачуцьці, гаварыць цяжка, бо каханьнем займаліся на вачох іншых вязьняў або, у найлепшым выпадку, на складзе старой вопраткі, на прапацелых і сьмярдзючых лягерных лахманох. На доўгія гады застаецца ад гэтага ўспамін, падобны да выграбаньня мулу з апусьцелай саджалкі, глыбокая агіда да сябе й да жанчыны, якая здавалася некалі такой блізкаю.

Праз пару тыдняў пасьля майго прыезду ў лягер — калі я не памыляюся, у студзені 1941 г. — прыйшла этапам з турмы маладзенькая полька, дачка афіцэра з Маладзечна. Яна была сапраўды прыўкраснаю: тонкая й гнуткая, як колас, што хістаецца па ветры, зь дзявоцка сьвежым тварыкам і з маленькімі грудзьмі, што ледзь абмалёўваліся пад гранатавай блюзачкай гімназічнай формы. Журы, складзенае з „урак”, ацаніла маладую кабылку вельмі высока, і з тых часоў яе называлі — відаць, для завастрэньня свайго пралетарскага апэтыту — „генэральская дочка”. Дзяўчына, аднак, трымалася цудоўна: выходзіла на працу з годна ўзьнятаю галоўкаю й бліскавіцаю гнеўных позіркаў прашывала кожнага мужчыну, які насьмельваўся да яе наблізіцца. Вечарамі яна вярталася ў зону трохі больш пакорлівая, але надалей непрыступная й сьціпла годная. Проста ад вартоўні яна ішла на кухню па суп і ўжо не выходзіла з жаночага бараку пасьля зьмярканьня. Такім чынам, выглядала на тое, што яна не патрапіць так проста ў пастку начных ловаў, а магчымасьць зламаньня яе голадам ускладняў той факт, што яе накіравалі ў жаноча-інвалідзкую брыгаду № 56, якая на прадуктовай базе перабірала гародніну й латала мяхі. (Вязьні з 56-й ня мелі доступу да нашых крыніцаў крадзяжоў, але іхная праца была параўнальна лёгкай.) Я яшчэ ня ведаў лягеру настолькі, каб прадбачыць, як скончыцца гэтае ціхае змаганьне, але без ваганьня заклаўся на паўпайкі хлебу зь інжынэрам Паленкам, загадчыкам складу гародніны, што дзяўчына не паддасца. Уся гэтая гульня натхняла мяне, так бы мовіць, з патрыятычнага пункту гледжаньня — мне надта хацелася, каб бела-чырвоныя барвы ганарліва залуналі на флягштоку пераможнай цноты. Пасьля сямі месяцаў зьняволеньня кабеты мне былі не ў галаве, і я сапраўды быў схільны паверыць у грозьбы сьледчага: „Жыць будзеш, але пераспаць з жанчынаю не захочаш”. Выкарыстоўваючы сваю пазыцыю грушчыка, які сябраваў з „уркамі”, я павёў нячэсную гульню ў дачыненьні да Паленкі й, прадставіўшыся дзяўчыне студэнтам з Варшавы (каб унікнуць абвінавачаньняў у мэзальянсе), прапанаваў ёй фіктыўны шлюб, які ў рамках лягернай этыкі ўратаваў бы яе на пэўны час ад лапаньня своеасаблівым ius primae noctis. Я ўжо ня памятаю, што яна мне адказала, але гэта мусіла быць нешта кшталту „як Вы сьмееце”, бо я прагуляў. Паленка запатрабаваў яе ў склад гародніны й пільнаваў, каб ня крала сапсаваных моркавак і салёных памідораў з бочак. Прыкладна празь месяц пасьля нашага закладу ён прыйшоў вечарам у наш барак і моўчкі кінуў на мае нары падзёртыя жаночыя майткі. Я гэтак жа моўчкі адрэзаў яму паўпайкі хлебу.

З таго часу дзяўчына цалкам зьмянілася. Яна ўжо не сьпяшалася, як раней, па суп у кухню, але, вярнуўшыся з базы, гойсала да позьняй начы па зоне, як непрытомная котка падчас марцаваньня. Яе меў хто хацеў: пад нарамі, на нарах, у падсобках тэхнікаў, у складзе лахманоў. Сустракаючы мяне, яна заўсёды адварочвалася, сьціскаючы вусны. І толькі аднойчы, калі я выпадкова прылавіў яе на бульбяной базе, на бурце з брыгадзірам 56-й, гарбатым скурчаным Ляўковічам, яна выбухнула спазматычным плачам і, вяртаючыся вечарам у зону, усё яшчэ выцірала сьлёзы маленькімі кулачкамі. Я сустрэў яе ў 1943 г. у Палестыне. Яна ўжо была зусім зьнішчаная. Пакутная ўсьмешка на зморшчаным твары адсланяла шчарбіны ў спарахнелых зубах, а брудная зрэбная кашуля аж лопалася ад дзьвюх вялізных, як у карміліцы, абвіслых грудзей.

У Ерцаве ўсе згадвалі іншы эпізод, не таму, зрэшты, што ён быў нейкі выключны або нештодзённы, але таму, што ягоная гераіня доўга, як на лягерныя ўмовы, супраціўлялася. Гэтым разам гаворка ідзе пра Таню, чорнавалосую сьпявачку маскоўскай опэры, якая заплаціла дзесяцігадовым выракам за пару незаплянаваных танцаў на балі замежных дыпляматаў. Як „палітычна падазроную” яе адразу скіравалі ў брыгаду „лесорубов”. Што гэтая філігранная дзяўчына з вузкімі, далікатнымі далонямі магла рабіць у лесе? Хіба толькі кідаць гольле ў агонь, калі б натрапіла на людзкага брыгадзіра. Аднак яна мела няшчасьце падабацца нізенькаму „урку” Ваню, таму вялізнай сякераю ачышчала ад кары паваленыя елкі. Ледзь цягнучы ногі за брыгадай рослых мужланаў, яна вечарамі прыходзіла ў зону і з апошніх сілаў рушыла ў кухню па свой „першы кацёл” (400 грамаў хлебу й дзьве талеркі найрадзейшага супу — ніжэй за 100% нормы). Было відавочна, што ў яе гарачка, аднак лекпом (памочнік лекара, нешта кшталту фельчара) сябраваў з Ванем і не даваў ёй вызваленьня ад працы. Гэта доўжылася два тыдні; потым, праз гэты рэкордны, як на лясную брыгаду, час, Таня прыцягнулася вечарам у брыгаду „лесорубов” і, ня гледзячы ў твар брыгадзіру, цяжка звалілася на ягоныя нары. У яе быў той шчасьлівы інстынкт, які дазволіў прыняць усё з гумарам, і яна стала чымсьці кшталту брыгаднай маркітанткі аж да хвілі, калі юрлівая лапа нейкага начальніка ня выцягнула яе за валасы зь ейнага становішча й не пасадзіла за стол лягернага рахункавода. Потым я пару разоў чуў, як яна сьпявала прыгожыя расейскія песенькі ў бараку „художественной самодеятельности” пад глухое мармытаньне „московская блядь”, што далятала ад брыгады „лесорубов”. Што было б, каб яна перастала падабацца свайму „начальніку” й вярнулася б да „рабацяг зь лесу”?

Голад, голад... Жудаснае адчуваньне, якое зьмяняецца нарэшце ў абстрактную ідэю, у соннае трызьненьне, якое ўсё слабей падмацоўваецца гарачкай існаваньня. Цела нагадвае перагрэлую машыну, што працуе на павялічаных абаротах і зьменшаным паліве, асабліва тады, калі з-за зьнясіленьня й напругі саслабелыя рукі й ногі нагадваюць сьцёртыя трансьмісійныя пасы. Дзе мяжа дзеяньня голаду, за якой людзкая годнасьць, што ўжо схілілася да ўпадку, зноў набудзе страчаную раўнавагу? Няма тае мяжы. Колькі разоў я сам, расплюшчыўшы гарачы твар на абледзянелай шыбе кухні, нямым позіркам вымольваў у ленінградзкага злодзея Федзькі хоць бы адзін апалонік „рэдзенькага”? А ці ж найлепшы мой сябра, стары камуніст і „соратник” маладых гадоў Леніна, інжынэр Садоўскі, ня вырваў аднойчы ў мяне з рук на апусьцелым памосьце ля кухні бляшанкі з баландаю, каб, нават не дабегшы зь імі да сходак, выхлябтаць па дарозе галодным ротам? Калі існуе Бог, хай бязьлітасна карае тых, хто ламае людзей голадам.

Адзіныя магчымасьці час ад часу падманваць голад былі ў грушчыкаў падчас зьніжэньня пільнасьці на прадуктовай базе й у расканваяваных вязьняў, якія выходзілі на працу па-за зонай па спэцыяльным пропуске. Аднак і за зонай вялося не найлепш. З вартоўні мы неаднойчы бачылі чэргі перад малым драўляным дамком ля ўваходу ў мястэчка. Уся варта й адміністрацыя лягеру мела права штодзённа купляць там апрача вызначанай нормы два кіляграмы чорнага хлебу й кавалак конскай кілбасы, а раз на тыдзень — паўлітра гарэлкі. У глыбіні мястэчка існавала яшчэ адна крамка, г. зв. „спецларёк”, але ён адкрываў свае таямніцы толькі дзесяці пайменна вызначаным найвышэйшым лягерным чыноўнікам. На чале гэтага сьпісу ішоў начальнік каргапольскіх лягероў, „капитан государственной безопасности” Каліцын, за ім — начальнік Трэцяга Аддзелу НКВД каргапольскіх лягероў, на трэцім месцы фігураваў начальнік забесьпячэньня каргапольскіх лягероў, Блюмэн, на чацьвёртым — начальнік лягеру ў Ерцаве, Самсонаў, а потым — шэсьць начальнікаў галоўных „лагпунктов”. Зь іх усіх найлепей памятаю Блюмэна, бо ўся прадуктовая база трэслася ад страху, калі ён прыходзіў на інспэкцыю. Гэтага тлустага кабана, зь вялізным залатым гадзіньнікам на запясьці правай рукі й незьлічонай колькасьцю пярсьцёнкаў на абедзьвюх руках, заўсёды апярэджвала нябачнае воблачка парфуму. Ён гаварыў мала й заўсёды адное й тое ж: „Надо честно работать, заключённые, это вам не курорт”,— але як жывы стаіць у мяне перад вачыма ягоны вялізны, набухлы твар, калі, асачыўшы моркаўку за пазухай у адной з работніц, ён разарваў на грудзях яе блюзку й кашулю й выхвастаў пульхнымі лапамі па абедзьвюх шчакох. Гэты факт быў на базе прадметам камэнтаваньня, зьмест якога няцяжка ўгадаць. Ніхто з тых, хто не перажыў савецкага лягеру, ня можа ўявіць памераў антысэмітызму ў Расеі, тым больш лютага й зацятага, чым больш асуджанага й зацісканага зьверху. Такім чынам, дзясятка тоўстых была дагледжаная й забясьпечаная трохі лепей, і неаднойчы наш дабрадушны канваір не патрапіў стрымаць цяжкога ўздыху, калі мы выгружалі „шампанское” або „конфеты” для „спецларька”. Мелі і яны — там, на свабодзе — сваю гіерархію, свае дробныя зайздрасьці й клопаты...

*

Толькі ў лазьні можна было на свае вочы пабачыць вынікі голаду, бо ў бараках вязьні спалі ўвогуле не распранаючыся. Малая хацінка заўсёды танула ў шарасьці, што ледзь сачылася праз брудныя шыбы, і ў клубах пары, што падымаліся ад вялікай дзяжы з кіпнем. Перад уваходам у лазьню на жалезных абручах вешалі бялізну й вопратку для выжарваньня вошай і ўзамен атрымоўвалі кавалачак шэрага мыла велічынёю з костку даміно. Выжараную вопратку, падвешаную жалезнымі кручкамі на доўгі прэнт, праз трыццаць хвілінаў прыносіў з дэзынфэктара стары поп і, апусьціўшы жэрдку, скідаў на падлозе ў сенцах. Прыемна было адчуць на чыстым целе цьвёрдыя пласты разагрэтага палатна. Іншай формы зьмены бялізны не было; мы хадзілі ў лазьню прыкладна раз на тры тыдні, і гэта былі адзіныя хвілі, калі мы мыліся па-сапраўднаму, не абмяжоўваючыся змочваньнем сьнегам загноеных вачэй, цьвёрдых, як шкарлупіньне, ноздраў і замуленых вуснаў. Худы й напаўголы настаўнік з Новасібірску — падобны да індзійскага ёга, ён прыглядаўся мутнымі вачыма да вязьняў — выдзяляў нам у лазьні па два цэбрыкі вады: адзін халоднай і адзін кіпню. Бледныя цені з запалымі жыватамі й грудзьмі, на тонкіх, пакрытых язвамі нагох, якія тырчалі, як дзьве паламаныя запалкі, са шпулькі клубоў, з геніталіямі, абвіслымі, быццам у прабітых мяшэчках, згіналіся пад цяжарам цэбрыкаў, адсопваючыся ў парнай задусе хацінкі. Настаўнік з Новасібірску быў тут у ролі еўнуха ў турэцкай лазьні, бо выконваў свае функцыі й тады, калі мыцца прыходзілі жанчыны. За шчопаць махоркі можна было распытацца ў яго, у каго прыгожыя грудзі й сьцёгны, а хто стары й плоскі, бы кавалак мэталю, які бязьлітасны мэханічны молат сплюшчыў гэтак, што галовы вырастаюць проста з страшэнна разьдзьмутых клубоў і ног, павыкручаных, бы сукаватыя дрэвы, і ці захавалі маладыя рэшткі дзявочага сораму й добрыя паставы.

Аднойчы нехта ўкраў мой кавалачак мыла, і я міжволі шалёна пракляў яго на сваёй роднай мове. Сівы дзядок, што стаяў ля мяне над цэбрыкам гарачай вады, падняў на мяне лагодныя вочы й запытаўся, зь цяжкасьцю вымаўляючы кожнае слова па-польску:

— Можа, Вы ведалі Тувіма?

— Асабіста не, — адказаў я, зьдзіўлены гэтым незвычайным пытаньнем, — але зь вершаў...

— Ну, то памыйце мне плечы.

Калі я націраў ягоныя схуднелыя плечы, ён распавёў мне ўсё, бесьперапынна пакашліваючы. Прафэсар Барыс Лазаравіч Н. перад вайною скончыў расейскую гімназію ў Лодзі й пасьля рэвалюцыі выехаў у Расею. З тых часоў ён і памятаў маладзейшага за сябе Тувіма. І толькі потым даведаўся пра яго з польскай прэсы як пра выбітнага паэта. У 1925 г. сп. Н., у той час ужо прафэсар францускай літаратуры ў клясе прозы Інстытуту Брусава ў Маскве, прывёз з Лодзі маладзенькую дзяўчыну Вольгу, ажаніўся зь ёй, уладкаваў вучыцца ў політэхніку й праз пару гадоў знайшоў для новасьпечанага інжынэра-электрыка пасаду на адной з маскоўскіх фабрыкаў. У 1937 г. муж і жонка былі арыштаваныя й асуджаныя на 10 гадоў за ўтрыманьне літаратурнага салёну ў Маскве, дзе займаліся выключна польскай літаратурай. Пасьля трох гадоў расстаньня яны выпадкова сустрэліся ў адным з каргапольскіх „лагпунктов” і цяпер прыехалі разам (выпадак, якога не было ў хроніках савецкіх лягероў) у Ерцава.

Таго ж самага вечару я пазнаёміўся з Вольгай, маладой і прыгожай жанчынай, якая сачыла за сваім гаротным мужам вачыма, поўнымі смутку й нямой любові, а назаўтра мы трое сталі сардэчнымі сябрамі. Мілы дзядок нядаўна быў выбракаваны на сьмецьце й выкінуты з карткаю „першага катла” ў Трупярню; ягоную жонку ў Ерцаве скіравалі ў 56-ю брыгаду на прадуктовую базу, дзе яна латала мяхі й перабірала гнілую гародніну. Прафэсар Н. ня здолеў вытрымаць голаду й жыў думкаю пра ежу як найбольшую старэчую жарсьць свайго існаваньня. Я неаднойчы прыносіў яму з базы пару печаных бульбін або кавалак салёнай „трески”. Толькі праглынуўшы ўсё, што я яму соваў у рукі, ён паддаваўся на мае роспыты й распавядаў усё, што мяне цікавіла. У Інстытуце Брусава — які быў задуманы як школа будучых пісьменьнікаў з клясамі прозы, паэзіі, драмы й літаратурнай крытыкі — Н. выкладаў францускую прозу, галоўным чынам Бальзака. Ён апавядаў мне пра дзіўныя выкрутасы лёсу творчасьці Бальзака ў савецкай Расеі, што рухалася сярод бураў і навальніцаў па нястомна зьменлівых палітычных курсах. У першыя гады пасьля рэвалюцыі Бальзака ганаравалі як аўтара „Сялянаў”; у трыццатых гадох гэты энтузіязм загінуў пад скрыжаваным агнём марксісцкай крытыкі, якая распачала раптоўны штурм на ягоныя раялістычна-кансэрватыўныя „Акопы Сьвятое Тройцы”; адразу перад Вялікай Чысткай ён зноў стаў модны як непараўнальны пясьняр зарослых тлушчам нуварышаў з пабочнай гвардыі пануючага рэжыму. Памятаю яшчэ, што згаладалы стары заклінаў мяне са сьлязьмі ў вачох, каб я — калі выйду на свабоду, — чытаў толькі найвялікшага расейскага пісьменьніка Ганчарова, а асабліва ягонае „геніяльнае дасьледаваньне Сэрвантэса”. Аднойчы, на знак даверу й прыхільнасьці, ён прынёс мне нумар „Иностранной Литературы” й зь несхаванай агідай загадаў мне прачытаць артыкул нейкага ангельскага камуніста „Упадок и разрушение Британской империи”.

Стары прафэсар шчыра палюбіў мяне, і нават асьмелюся сьцьвярджаць, што ўважаў мяне за свайго вучня — хаця я й ня мог навучыцца шмат чаму ў лягеры, я яго з пашанаю залічаю да настаўнікаў сваёй маладосьці. Бывала, што пасьля начной зьмены ён нецярпліва чакаў мяне на вартоўні, як выкладчык сэмінарыста, і, не даючы мне даесьці ранішняга супу, цягнуў мяне ў сонечныя дні да маленькай лавачкі ля дратоў. Мы сядалі побач — ён дрыжаў ад хваляваньня, а я быў напаўжывы ад стомы — і, пазіраючы на белы аркуш засьнежанай раўніны, палінаваны доўгімі шэрагамі дратоў і папрацінаны кожныя два мэтры скрыпічнымі ключамі слупоў, сьпявалі як па нотах наш ранішні калёквіюм. Я павінен быў павольна паўтараць усё, пра што даведаўся на папярэдніх лекцыях; калі я памыляўся, стары папраўляў мяне раздражнёным голасам, але калі мне ўдавалася прабрацца праз воўчыя ямы з пасткамі прозьвішчаў, фактаў і ягоных любімых выслоўяў, ён выстаўляў мне „отлично”, выбачаючы мне дробныя спатычкі з-за стомы й „ночного труда”. Часам, да маёй радасьці й гонару, нашыя ролі на лекцыях зьмяняліся, і прафэсар слухаў усё, што адбывалася ў літаратуры эўрапейскай і польскай падчас ягонага побыту ў няволі. Памятаю, як ягоныя вочы, патушаныя бясконцай барацьбою з голадам, на хвіліну запалалі, а на абвіслых шчаках зьявіўся цаглісты румянак, калі я апавядаў яму пра тамістычную тэорыю мастацтваў Марытэна, зь якой я пазнаёміўся ў Варшаўскім унівэрсытэце перад пачаткам вайны. Гэтая ідылія доўжылася каля трох месяцаў. У сакавіку 1941 г. прафэсара Н. этапам адаслалі ў Маставіцу — і ў самы раз, бо ў Ерцаве пачынаўся страшэнны голад, а на базе ўсё цяжэй было здабыць пару бульбінаў.

Першыя прыкметы вялікага голаду зьявіліся ў канцы зімы 1941 г., а ўжо вясною ўвесь лягер зьмярцьвеў і застыў у прадчуваньні сьмяротнага ўдару. Баланда на кухні ўсё радзела, хлеб усё часьцей не даважвалі, зусім зьніклі селядцы, якія часам дадавалі ў „трэці кацёл” (стаханаўскі), да неапісальнай радасьці старога Дзімкі. Вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць. Брыгады вярталіся з працы ўсё больш павольным крокам. Увечары ледзь можна было прапхацца па сьцежках праз купкі „курыных сьляпцоў”, што навобмацак блукалі па зоне, у пачакальні лязарэту чакалі — ужо падрыхтаваныя да лекарскіх агледзінаў — распухлыя калоды ног, пакрытыя гнойнымі язвамі цынгі, вялікія сані штодня прывозілі зь лесу аднаго ці двух „лесорубов”, самлелых ад зьнясіленьня. Голад не заканчваў свайго ўладаньня і ўначы. Наадварот, больш трапна й незваротна атакаваў сваёй востраю зброяй. Толькі адзін Іганаў, стары расеец зь цясьлярскай брыгады, маліўся да позьняй ночы, схаваўшы твар у далонях. Рэшта спала ў мёртвай цішы бараку гарачкавым сном агоніі, са сьвістам хапаючы паўадкрытым ротам паветра, неспакойна пераварочваючыся з боку на бок, шэптам трызьнячы й плачучы праз сон. У гэты час мне самому сьніліся эратычна-людажэрскія сны; каханьне й голад вярнуліся да свайго супольнага біялягічнага камля й вызвалілі з закануркаў падсьвядомасьці кабетаў, зьлепленых з крутога цеста, пакусаных у дзікіх оргіях,— яны сьцякалі крывёю й малаком, апляталі маю разгарачаную галаву рукамі, якія пахлі, як сьвежыя парасткі. Я прачынаўся ўвесь спацелы й учадзелы акурат у тую пару, калі ў адлегласьці двух кілямэтраў ад зоны ляцеў, як сьвятлістая страла, экспрэс з Масквы да Архангельску. Іганаў яшчэ маліўся, а Дзімка — дарма, што поп — глядзеў на яго зь нянавісьцю й пагардай, выстукваючы драўлянай лыжкай свае сьвецкія гадзінкі голаду на роўна выцягнутым пратэзе. Ужо два дні, як Дзімка пагадзіўся за дадатковую талерку баланды дапамагаць тром недалужным асэнізатарам і, кульгаючы, вяртаўся каля поўначы ў барак, мокры й прасьмердлы, як каналізацыйны пацук. Старая звычка яшчэ штурхала яго зазіраць у памыйны цэбрык, але на голым дне ўжо даўно не было ані галоўкі селядца. Аднойчы ён вярнуўся зь небывала таямнічай і радаснай мінай і, выцягнуўшы з-за пазухі кавалак крывавага мяса, доўга пёк яго на агніску. „Хай ён тут сабе моліцца, — сьмяяўся ціхенька Дзімка, калі мы зубамі разьдзіралі жарсткаватую пячонку, — а мы тым часам учацьвярох, хапс — бадзяжнага сабачку й зьямо”. „Натуральна, — сказаў я, таксама сьмеючыся, — псы Пана Бога пільнуюць на ланцугах Валадарства Божае й ніколі не забягаюць у лягеры”. У бараку, нібы ў грабніцы, сон выціскаў з двух нерухомых шэрагаў жывых трупаў усё больш слабыя ўздыхі, якія ціха булькаталі, як пухіры на паверхні атрутнага багенца.

Кажуць, што патрэба — маці вынаходніцтваў, але мне спатрэбілася аж два месяцы, каб зарыентавацца, што з мукі, зьмеценай пасьля разгрузкі вагону, можна згатаваць ляпёшку, якой цудоўна заклейваюцца дзіркі ў страўніку. З таго часу мы хадзілі на базу з бляшанкамі й падчас перапынку на абед, выставіўшы варту, мяшалі кійкамі на гарачай блясе лекі ад голаду. У другой палове траўня я ўдасканаліў гэтую тэхніку яшчэ больш, і за поўгадзіны да заканчэньня дзённай працы, перад вяртаньнем у зону, мясіў у кацялку вялікі кавалак цеста, каб потым тонкім і роўным слоем абляпіць у цямнейшым куце памяшканьня, дзе цыравалі мяхі, голыя грудзі пані Вольгі. Так, укручаная ў цеста, яна праходзіла ўсе праверкі пры вартоўні, калоцячыся ад думкі, што аднойчы стражніка ля варотаў лягеру, які, абшукваючы кабет, толькі мімалётна абмацваў іх, заменіць васпаватая стражніца Надзея Міхайлаўна. Па зьмярканьні мы сустракаліся на складзе старое вопраткі, дзелячы прыгатаваныя клёцкі на чатыры роўныя часткі: адна для загадчыка анучнага складу за „арэнду памяшканьня”, адна для Дзімкі й дзьве для нас. Бывае, што і ў лягеры можна ажыцьцявіць найсьмялейшыя мроі.

З Маставіцы тым часам прыходзілі сумныя зьвесткі. Вязьні, што праходзілі этапам празь „пересыльный”, апавядалі мне, што стары прафэсар памірае з голаду, ня мыецца й ня голіцца, не выходзіць з Трупярні, апрача як да раздачы ежы, каб пажабраваць на памосьце перад кухняй, часта перажывае прыступы галоднага шаленства. На брудным абрыўку паперы, які пані Вольга атрымала ад яго праз аказію за пару дзён да пачатку расейска-нямецкай вайны, мы вычыталі сказ, зь якога вынікала, што не зусім яшчэ распаўся ягоны розум.

„Скажи, пожалуйста, Густаву Иосифовичу, — пісаў ён, — что я понимаю теперь великолепно, каким хорошим соцреалистом был Кнут Гамсун”.