„Домом свиданий” мы называлі новаадбудаванае крыло бараку каля вартоўні, у якім вязьні праводзілі ад аднаго да трох дзён са сваякамі, якія прыбывалі ў каргапольскі лягер з усіх бакоў Расеі. Ягонае тапаграфічнае становішча ў лягеры было нават сымбалічным — у яго ўваходзілі праз вартоўню, а выходзілі за зону на вольную зямлю; драты, што атачалі лягер, перарываліся дакладна на тым месцы, у якім Дом Свиданий тонкай перагародкай прымыкаў да дзяжуркі начальніка варты й вялікай старажоўкі для канваіраў. Таму можна сьмела сказаць, што дом, у якім вязьні сустракаліся з найбліжэйшымі людзьмі, знаходзіўся на памежжы волі й няволі; пераступіўшы — атрымаўшы пропуск і афіцыйны дазвол на спатканьне — рысу дома, паголены, вымыты й сьвяточна ўбраны катаржнік трапляў проста ў абдымкі, працягнутыя да яго са свабоды.
Спатканьне зь сям’ёй праходзіла па нечувана складанай і заблытанай працэдуры, як з боку вязьня, гэтак і з боку ягоных блізкіх на свабодзе. У прынцыпе — калі мяне не падманвае памяць, — спатканьне дазвалялася раз на год, аднак на практыцы бальшыня вязьняў беспасьпяхова дамагалася яго па тры або нават па пяць гадоў. Роля вязьня была тут абмежаваная; ён мог праз год пасьля арышту падаць у Трэці аддзел заяву з двума дадаткамі — лістом ад сям’і, зь якога б ясна й недвухсэнсоўна вынікала, што хтосьці са сваякоў хоча яго адведаць, і сьведчаньнем лягерных уладаў пра беззаганныя паводзіны ў лягеры й на працы. Гэта азначала, што вязень, які прэтэндаваў на спатканьне з жонкай або маткай, мусіў трымацца прынамсі на ўзроўні другога катла, або поўнай нормы, і ад гэтага прывілею былі ўвогуле адлучаныя жыхары Трупярні. Ліст ад сям’і ня быў простай фармальнасьцю. Там, дзе зьвязы паміж вязьнямі й вольнымі людзьмі былі ня кроўныя, але свабодныя, паводле выбару сэрца — я маю на ўвазе шлюбы, — націск на тое, каб былі парваныя ўсе сувязі з „ворагам народу” быў такі моцны, што сустракаліся людзі, якія яго не вытрымлівалі. Колькі гэткіх лістоў я чытаў у лягеры, у якіх жонкі паведамлялі мужам, „што болей так жыць ня могуць”, і прасілі вызваліць іх ад шлюбных прысягаў! Часам прашэньні аб спатканьні спыняліся на мёртвай кропцы, нягледзячы на тое, што пачатак быў добры й шматабяцальны. І толькі праз год або два высьвятлялася, што нехта там на волі „перадумаў” і адклікаў прашэньне. Калі-нікалі за парогам прыбудоўкі вязьня чакалі не трапёткія ад любові й жальбы абдымкі, але змучаны погляд і просьба дараваць і зьлітавацца. Час такіх спатканьняў скарачаўся да гадзінаў, патрэбных для таго, каб абмеркаваць лёс дзяцей, а сэрца такога вязьня курчылася, як ссохлы арэшак, што бездапаможна боўтаецца ў цьвёрдай лупіне.
У захадах аб спатканьні ініцыятыва належала вольным людзям. Зь лістоў, якія паказвалі мне вязьні, я зрабіў выснову, што гэта былі клопаты выключна цяжкія, і нават небясьпечныя. Рашэньне ў справе спатканьня са сваяком належала не ГУЛАГу (Главное управление лагерей), які зьяўляецца чымсьці кшталту адміністрацыйнай дырэкцыі лягеру й ня ўмешваецца ані ў выракі, ані ў абвінавачваньні, якія кладуцца на нявольнікаў прымусовай працы, — але галоўнаму пракурору СССР, а на практыцы— найбліжэйшаму аддзелу НКВД па месцы жыхарства просьбіта. Цяпер трэба ўважліва прасачыць заклятае кола, у якое патрапляў вольны чалавек, які меў дастаткова ўпартасьці, каб пасьля таго, як натрапіў на перашкоды, не адмовіцца ад свайго намеру. Права на атрыманьне спатканьня меў толькі той, хто сам мог пахваліцца абсалютна беззаганным палітычным мінулым і давесьці, што нідзе ў крыві не хавае контррэвалюцыйнай заразы. Нават ня ўлічваючы таго факту, што ў Расеі няма чалавека, які б адважыўся з зусім чыcтым сумленьнем увайсьці ў кабінэт сьледчага, і што ў гэтым выпадку пасьведчаньне аб палітычным здароўі патрабавалі чыноўнікі, якія толькі й маглі яго выпісаць, — ня ўлічваючы, паўтараю, гэты відавочны нонсэнс, — мы натрапляем на нонсэнс яшчэ больш жахлівы, бо наяўнасьць у сям’і вязьня, „ворага народу”, ужо сама па сабе ёсьць дастатковай падставай, каб хтосьці, хто зь ім жыў гэтулькі гадоў, таксама не пазьбег палітычнай чумы, паколькі палітычныя злачынствы НКВД лічыць заразнай хваробай. Прыйшоўшы, такім чынам, у НКВД па пасьведчаньне аб здароўі, пацыент тым самым апасродкавана даводзіў, што, хутчэй за ўсё, ён сам заражаны. Аднак дапусьцім, што старанны аналіз крыві ня выявіў у арганізьме ніякіх зародкаў інфэкцыі, — тады пацыент атрымліваў засьцерагальную прышчэпку й на неабмежаваны час ішоў у карантын. У карантын? Навошта? На тое, каб, маючы нарэшце бясспрэчнае пасьведчаньне здароўя, адначасна атрымаць дазвол на трохдзённы непасрэдны кантакт з хворым, чыё самое існаваньне толькі што здавалася заразным на адлегласьці пары тысячаў кілямэтраў? Садыстычны парадокс гэтай сытуацыі, які найчасьцей ушчэнт адбіваў ахвоту да спатканьня, палягае ў тым, што родзіч з волі падчас праслухваньня ў НКВД мусіў рабіць усё, каб давесьці, як моцна завялі й абяскровіліся ягоныя стасункі са сваяком у лягеры. Калі так, то навошта ён прадпрымае далёкае й дарагое падарожжа, каб яго пабачыць? З гэтае пасткі няма выйсьця. Людзі, якія выбіраюцца на спатканьне ў лягер з намерам рашучага вызваленьня ад гэтага жаху жыцьця ў паўняволі, у атмасфэры нястомных падазрэньняў і з плямай суадказнасьці за чужыя грахі на лобе, атрымаюць дазвол бязь цяжкасьцяў. Іншыя або адмаўляюцца ад свайго намеру, захоўваючы веру моўчкі, альбо адважваюцца на апошні, адчайны крок — выяжджаюць шукаць пратэкцыі ў Маскву. Гэтыя апошнія, аднак, мусяць памятаць, што, калі яны вернуцца зь лягеру ў родныя краі, ім ня так ужо лёгка будзе абараніцца ад помсьлівасьці мясцовага НКВД, якую яны абмінулі па дарозе ў турму. Лёгка адгадаць, колькі ў такіх умовах знаходзіцца ахвотнікаў да спатканьняў.
Натуральна, паўстае пытаньне, навошта гэтыя жорсткія перашкоды й цяжкасьці, калі кантынгент прымусовых работнікаў ужо дастаўлены ў лягеры, а за дарогу на спатканьне чалавек плоціць з уласнай кішэні? Можна на гэта адказаць трыма дапушчэньнямі, зь якіх як найменш адно або ўсе слушныя. Па-першае, НКВД шчыра верыць у сваю місію аховы палітычнага здароўя грамадзянаў Савецкага Саюзу; па-другое, імкнецца адгарадзіць вольных людзей ад умоваў жыцьця ў лягерах прымусовай працы і — калі гэта магчыма — схіліць іх да разрыву сувязяў са зьняволенымі роднымі; нарэшце, па-трэцяе, хочуць даць сур’ёзны козыр у рукі лягерным уладам, якія гадамі выціскаюць зь вязьняў рэшткі сілаў і здароўя, падманваючы іх надзеяй хуткага спатканьня са сваякамі.
У тую хвіліну, калі сваяк, што прыбыў на спатканьне зь вязьнем, стане ў сядзібе Трэцяга Аддзелу, які апякуецца гэтым лягерам, ён мусіць падпісаць абавязальніцтва, што пасьля вяртаньня да месцу жыхарства ні адзіным словам не абмовіцца пра тое, што пабачыў па той бок свабоды; такі ж абавязак падпісвае вязень, выкліканы на спатканьне, абяцаючы — тым разам ужо пад пагрозай найвышэйшых „мер наказания” (улучна са сьмяротным пакараньнем), — што ня будзе ў размове кранаць тэматаў, зьвязаных з умовамі ягонага й іншых вязьняў жыцьця ў лягеры. Можна сабе ўявіць, як гэты загад абцяжарвае навязаньне непасрэднага й інтымнага кантакту паміж людзьмі, якія праз гады расстаньня сустракаюцца ў такіх незвычайных акалічнасьцях. Што застаецца ад стасункаў паміж двума людзьмі, калі выкрасьліць абмен узаемным досьведам? І вось вязьням нельга ні словам абмовіцца, а іхным блізкім з волі ані словам запытацца, што зь імі адбывалася з хвіліны арышту. Калі вязень зьмяніўся да непазнавальнасьці, калі схуднеў, сьсівеў, заўчасна састарэў або выглядае як жывы труп, яму можна толькі ў агульных словах і намёкамі згадаць, што „трохі хварэў, бо клімат гэтай часткі Расеі яму не падыходзіць”. Накінуўшы заслону маўчаньня на гэты — хто ведае, ці ня самы важны кавалак ягонага жыцьця, — загад штурхае яго да ўжо прамінулых часоў, калі ён быў вольным чалавекам, зусім іншым, калі адчуваў сябе й мысьліў ня так, як цяпер, і ставіць яго ў невыносную сытуацыю таго, хто толькі слухае, — яго, хто ў першую чаргу павінен гаварыць, і нават крычаць. Ня ведаю, ці ўсе вязьні трымалі слова, якое давалі перад спатканьнем, хаця кошт, які давялося б заплаціць за адкрыцьцё таямніцы, прымушае думаць, што так, усе. Блізкасьць роднага чалавека, які прыехаў на адведзіны ў лягер, магла б даваць гарантыю, што ён ня здрадзіць, але хто ж заручыцца, што ў пакоіку, прызначаным на супольны побыт падчас спатканьня, няма падслухоўвальных апаратаў або што да шчыліны ў тонкай перагародцы не прыпаў вухам супрацоўнік Трэцяга Аддзелу? Ведаю толькі, што з Дома Свиданий часта даносіліся адгалоскі плачу, і маю досыць падставаў, каб дапусьціць, што менавіта гэтае бездапаможнае й сутаргавае рыданьне выдавала зь мізэрных людзкіх парэшткаў, апранутых у чыстае лягернае ўбраньне, усё, чаго нельга было вымавіць словамі. Я думаю, што нават і гэта трэба ўважаць за пэўны плюс спатканьняў. Вязень ніколі не адважыцца заплакаць у прысутнасьці сваіх таварышаў, а з частага плачу праз сон у бараку я ведаю, якую палёгку ён часам прыносіць. У любым выпадку, па той пустэльні, якую паміж двума людзьмі ўтварала пячатка на вуснах вязьня, яны рухаліся навобмацак, як каханкі, якія, страціўшы падчас доўгага расстаньня зрок, пераконваюцца баязьлівымі дотыкамі рук ва ўзаемнай прысутнасьці аж да таго часу, калі, вывучыўшы на памяць новую мову сваіх пачуцьцяў, мусяць зноў разьвітацца. Таму часьцяком пасьля вяртаньня з Дома Свиданий вязьні былі задуменныя, расчараваныя й яшчэ больш прыгнечаныя, чым перад спатканьнем.
У „I Chose Freedom” Краўчанка распавядае, як адна зь ягоных прыяцелек пасьля доўгіх намаганьняў (узамен за абяцаньне супрацоўніцтва з НКВД) атрымала права на спатканьне з мужам у лягеры на Ўрале. У маленькі пакойчык на вартоўні ўвялі старога ў лахманох, у якім маладая кабета зь цяжкасьцю пазнала свайго мужа. Я веру, што ён пастарэў і зьмяніўся, але ня надта веру, што ён быў у лахманох. Натуральна, я не магу сьцьвярджаць катэгарычна, якія стасункі панавалі ў лягеры на Ўрале, і адказваю толькі за тое, што бачыў сам, што чуў і перажыў у лягеры над Белым Морам, але мне здаецца, што ўсе лягеры прымусовай працы ў Савецкай Расеі — хоць шмат у чым розьніліся паміж сабою — мелі адну супольную рысу: любой цаной яны імкнуліся захаваць у вачох вольных людзей выгляд нармальнага гаспадарчага прадпрыемства, якое адрозьніваецца толькі тым, што заміж звычайных працаўнікоў на ім выкарыстоўваюць вязьняў, аплочваючы іх і забясьпечваючы — ясная справа — трохі горш, чым калі б яны працавалі з уласнай ахвоты, а не пад прымусам. Нельга было схаваць фізычны стан вязьняў ад родных, што прыбылі на спатканьне, але можна было — часткова— схаваць праўду пра стаўленьне да іх у лягеры. Напярэдадні спатканьня кожны вязень быў абавязаны схадзіць у лазьню й да цырульніка, здаваў у склад старызны свае лахманы, а атрымоўваў на тры дні чыстую льняную кашулю, чыстыя кальсоны, новыя ватовыя штаны й бушлат, ня ношаную шапку-вушанку й валёнкі першага гатунку; апошняга былі пазбаўленыя толькі тыя вязьні, якія ў лягерным куфры здолелі захаваць да гэтага ўрачыстага дня старыя ўбраньні з волі або зарабілі іх — нячэсным чынам — ужо падчас знаходжаньня ў лягеры. Быццам мала было таго шчасьця, дык яшчэ й выдавалі яму хлеб і талёны на баланду на тры дні запар; увесь хлеб ён амаль адразу зьядаў адзін — каб раз і назаўсёды пад’есьці дасыта, — а талёны аддаваў таварышам-вязьням, разьлічваючы на ежу, што прывязуць сваякі. Пасьля заканчэньня спатканьня вязень аддаваў на вартоўні пад праверку ўсё, што атрымаў перад разьвітаньнем ад сваякоў, і ішоў проста ў склад убраньня, дзе скідваў фальшывае пер’е й надзяваў сваю даўнюю скуру. Гэтае правіла выконвалася досыць дакладна, хаця й яно не было пазбаўленае пэўных супярэчнасьцяў, якія з аднаго ўдару нявечылі старанны маскарад, інсцэнізаваны для вольных грамадзянаў Савецкага Саюзу. Бо зь першага ж ранку пасьля прыезду на спатканьне сваяк мог, адхіліўшы фіранку ў Доме Свиданий, пабачыць на вартоўні дзясяткі брыгадаў, якія вырушалі на працу па-за зонай, — гэтыя брудныя, пакрытыя гноем цені, абвешаныя падранымі лахамі, абвязаныя матузамі, якія, сутаргава заціскаючы ў рукох кацялкі, хісталіся ад холаду, голаду й фізычнага зьнясіленьня; трэба было быць паўдуркам, каб дапусьціць, што гэткі самы лёс абмінуў схуднелага небараку, якога ўчора прывялі ў Дом Свиданий у чыстай бялізьне й новай вопратцы. Гэты паганы маскарад быў часам ажно камічны ў сваім трагізьме й выклікаў багата кпінаў з боку таварышаў у бараку; мне пару разоў здаралася бачыць жывыя трупы, прыбраныя ў добрыя апранахі, якім не хапала толькі сплесьці на грудзях далоні й уціснуць паміж застыглых пальцаў абразок і грамнічную сьвечку, каб ён спачыў навекі ў дубовай труне й рушыў у гэтым сьвяточным строі ў апошняе падарожжа. Лішне казаць, што вязьні, беручы пад прымусам удзел у такім тэатры, адчувалі сябе няёмка ў сваім фальшывым уцялесьненьні, быццам іх бянтэжыла сама думка, што яны служаць заслонай, за якой лягер намагаецца на тры дні схаваць ад вольных людзей сваё праўдзівае аблічча.
Дом Свиданий, калі разглядаць яго з боку дарогі, што вядзе ад вольнага мястэчка да лягеру, ствараў прыемнае ўражаньне. Ён быў збудаваны з тоўстых хваёвых бярвёнаў, перакладзеных пакульлем, крыты прыгожай дахоўкай і, на шчасьце, не атынкаваны. Тынкаваньне баракаў было праклёнам для лягеру: белыя сьцены хутка зацякалі вадою ад сумётаў і мачою, што вязьні адлівалі ўночы, пакрываючы сьцены жоўта-шэрымі плямамі, якія здалёк выглядалі, як хваравітыя лішаі на бледным і бяскроўным твары. Падчас летняга раставаньня тонкі тынк ападаў ад сьценаў, і хацелася праходзіць праз зону, не азіраючыся па бакох: дзіры, якія клімат выгрызаў у крохкай вапнавай паліўцы, нагадвалі нам, што той жа самы працэс адбываўся з нашымі целамі. Дом Свиданий быў, такім чынам, адзіным паратункам для нашых спакутаваных вачэй і небеспадстаўна (ня толькі з-за свайго выгляду) насіў назву „лагерной дачи”. Да дзьвярэй, што былі зь сярэдзіны зоны й якімі мелі права карыстацца толькі вольныя людзі, вялі салідныя драўляныя сходы, на вокнах віселі паркалёвыя фіранкі, а знутры на падваконьнях стаялі доўгія скрыні з кветкамі. У кожным пакоіку былі два чыста засланыя ложкі, вялікі стол, дзьве лавы, медны таз і конаўка з вадою, шафа для рэчаў, жалезная печачка й электрычная лямпачка з абажурам. Чаго ж яшчэ мог жадаць вязень, які гадамі жыў у брудным бараку, на супольных нарах, як ня гэтага ўзору дробнабуржуазнага дабрабыту, і ў каго сярод нас мара аб жыцьці на волі не выглядала як утульнасьць Дому спатканьняў?
Кожнаму вязьню прызначалі на час спатканьня асобны пакой. Аднак і сюды ўмешваліся турэмныя правілы, аддзяляючы прывілеі вольных людзей ад прымусу ў дачыненьні да злачынцаў, што адбываюць пакараньне ў лягеры працы. Сваяк з волі мог у любы момант пакінуць Дом Свиданий і пайсьці ў горад, але адзін; вязень мусіў увесь час сядзець у прызначаным для яго пакоіку або — калі меў на тое ахвоту — выйсьці, патрапіўшы пад рэвізію, на пару хвілінаў у зону. У выключных выпадках дазвол на спатканьне суправаджаўся пунктам, які абмяжоўваў перабываньне з роднымі толькі ўдзень; увечары вязень вяртаўся ў зону, а на сьвітанку зноў прыходзіў у Дом Свиданий. (Ніколі я ня мог зразумець, чым прадыктаваныя тыя напаўспатканьні; некаторыя вязьні меркавалі, што характарам злачынства, але ў практыцы гэта не знаходзіла пацьвярджэньня.) Затое ранкам, калі брыгады праходзілі ля Дома Свиданий на працу, амаль заўжды на вокнах адхіналіся фіранкі, і мы маглі на імгненьне ўбачыць твары нашых таварышаў і незнаёмыя твары з волі. Брыгады тады запавольвалі крок і трохі падвалоквалі ногі, каб гэтым маўклівым спосабам паказаць „людзям адтуль”, да чаго даводзіць жыцьцё за калючым дротам. Іншых знакаў нельга было падаць, як нельга было, ідучы ля чыгункі, махаць рукамі пасажырам, што праяжджалі на цягніках. Яшчэ трэба дадаць, што канваіры мелі загад адводзіць брыгады ўглыб лесу ад чыгункі, калі чулі водгульле цягніку, які набліжаўся. Затое вязьні ў вокнах Дома Свиданий досыць часта ўсьміхаліся нам і віталі, ласкава абдымаючы сваякоў, каб такім чынам нагадаць, што яны таксама людзі, маюць вось такіх добра апранутых родных і могуць даверліва дакранацца да вольных людзей. Аднак часьцей у згаслых вачох адбіваліся сьлёзы, а праз зблажэлыя твары прабягалі грымасы болю; невядома, што так узрушвала таварышаў, шчасьлівейшых за нас — ці нашая бядота, якую было лепей бачна праз шыбу чыстай і цёплай хацінкі, ці думка пра тое, што заўтра ці пазаўтра й ён, галодны й халодны, будзе брысьці ў брыгадзе на дванаццацігадзінную працу ў лес.
Становішча вольных людзей, якія пасьля адоленьня шматлікіх перашкодаў нарэшце здолелі патрапіць у лягер на спатканьне, таксама не выклікала зайздрасьці. Яны адчувалі бязьмежнасьць пакутаў сваіх блізкіх, ня маючы магчымасьці ані даведацца пра іх, ані палегчыць; гады расстаньня выпалілі ў іх шмат жывых некалі пачуцьцяў, а прыяжджалі яны для таго, каб за тры дні абагрэць родных жарам свайго каханьня. Акрамя таго, лягер, хоць і адгароджаны ад прыбышоў з волі, кідаў і на іх свой варожы цень. Яны не былі вязьнямі, не былі „ворагамі народу”, але былі роднымі „ворагаў народу”. Можа, яны ахвотней згадзіліся б несьці цяжар пакутаў і нянавісьці, які трымалі на плячох іхныя блізкія, чым моўчкі трываць складаную й двухсэнсоўную сытуацыю „людзей з памежжа”. Лягерныя ўраднікі ставіліся да іх ветліва й прыстойна, але з пэўнай, несхаванай пагардай. Як можна паважаць жонку або матку таго жабрака, што вымольвае лыжку супу, грабецца ў сьметніку й ужо даўно страціў пачуцьцё ўласнай годнасьці? У бліжнім мястэчку іх міналі здалёк і зь недаверам. Адзін вязень апавядаў мне, што ягоная дачка сустрэла ў час спатканьня ў Ерцаве старую сяброўку, цяперашнюю жонку лягернага чыноўніка. Яны сардэчна прывіталіся, але ўжо праз хвіліну жонка чыноўніка баязьліва адхілілася. „Што за спатканьне! — крыкнула яна.— Але чаму ты ў Ерцаве?” „Ах, — адказала дзяўчына, — прыехала да бацькі на спатканьне. Понимаешь, какое несчастье? Но он совсем не виноват”, — хуценька дадала яна, быццам спадзеючыся, што, зламаўшы першы лёд, здолее здабыць для бацькі якуюсь палёгку ў лягеры. „Хорошо,— схаладнелым тонам разьвіталася жонка начальніка, — напиши жалобу в Москву, там всё разберут”.
Нягледзячы на тое што спатканьні былі такія рэдкія й даставаліся цяжка — а можа, менавіта таму, — яны адыгрывалі ў лягеры вялізную ролю. Я пераканаўся яшчэ раз, што калі чалавек ня мае ў жыцьці акрэсьленай мэты — а сканчэньне тэрміну было дастаткова неакрэсьленым і няпэўным, каб браць яго ў разьлік — то ён мусіць хаця б чагосьці чакаць. Лісты прыходзілі так рэдка й былі такія кароткія, што не маглі быць сур’ёзнай уцехай. Такім чынам, заставаліся спатканьні. Вязьні чакалі іх з трывогаю й радасным напружаньнем, часта нават лічылі час свайго выраку паводле тых кароткіх хвіляў шчасьця або чаканьня яго. Тыя, якія яшчэ ня ведалі тэрміну й часу свайго спатканьня, жылі надзеяй, штучна яе разьдзьмухвалі, пісалі прашэньні ў Маскву, мужна трывалі найцяжэйшую працу, як людзі, што сьціскалі зубы ў першапраходніцкіх выправах; вечарамі адведвалі сваіх шчасьлівейшых таварышаў, каб зноўку распытваць, як прысьпешыць гэтую чаканую хвіліну; у дзень, вольны ад працы, хадзілі здалёк разглядаць Дом Свиданий, быццам упэўніваючыся, што іхны пакой зарэзэрваваны й чакае толькі прыезду гасьцей, спрачаліся паміж сабою за пакоі; чысьцілі й цыравалі сваё цывільнае ўбраньне — адным словам, мелі занятак, а можа, нават і болей— ціхую жарсьць, якая бараніла іх ад безнадзейнасьці й роспачы, ад пачуцьця бессэнсоўнасьці існаваньня. У найгоршым становішчы былі самотныя вязьні й іншаземцы, але й яны маглі атрымаць нейкую карысьць ад спатканьняў, прымаючы ўдзел у радасьці й чаканьні іншых або расцэньваючы іх як адзіную крыніцу інфармацыі аб жыцьці на волі.
Ніхто так, як ізаляваныя людзі, не патрапіць гэтак ідэалізаваць усё, што робіцца па-за межамі іхнага зьняволеньня. Было сапраўды цікава слухаць вязьняў, якія размаўлялі перад доўгачаканым спатканьнем пра волю, да маленькага кавалачку якой яны меліся дакрануцца. Магло здацца, што ніколі перад тым не было ў іхным жыцьці ані цяжкіх выпрабаваньняў, ані горкіх расчараваньняў. Воля была адзінай, благаславёнай, незаменнай. На волі інакш елася, спалася й працавалася, на волі ярчэй сьвяціла сонца, быў бялейшы сьнег і меней дакучаў мароз. „Памятаеш? Памятаеш?” — шапталі на нарах. „Ах, які я быў дурны, не хацеў на волі есьці чорнага хлебу”. „А я, — падхопліваў іншы, — кепска мне жылося ў Курску, хацеў у Маскву. Няхай толькі прыедзе мая жонка, я ўжо ёй распавяду пра той Курск, ох, распавяду”. Гэтыя размовы часта цягнуліся да глыбокай ночы на тых нарах, дзе ляжаў хтосьці, хто нядаўна вярнуўся са спатканьня. Канфрантацыя рэчаіснасьці й мары заўжды заканчвалася перамогай мараў. Невядома, што было прычынай — ці ўцялесьненая на тры дні воля не магла пахіснуць свайго сублімаванага вобразу, ці доўжылася занадта коратка, ці, урэшце зьнікнуўшы, як сон, пакідала пасьля сябе пустку, у якой зноў не было чаго чакаць — досыць, што вязьні пасьля спатканьняў былі раздражнёныя й маўклівыя. Я нават ня ўзгадваю тут пра выпадкі, калі спатканьне набывала трагічны кірунак і зьмянялася разводам. Цясьляр з 48-й брыгады Красьцінскі два разы спрабаваў павесіцца ў бараку пасьля спатканьня, падчас якога жонка папрасіла ў яго разводу й згоды аддаць дзяцей у дзіцячы дом. Прыглядаючыся да вязьняў пасьля спатканьня, я часам рабіў выснову, што калі надзея можа быць адзіным зьместам жыцьця, то яе зьдзяйсьненьне часам робіцца невыноснай пакутай.
Маладзейшыя вязьні дадаткова перажывалі перад спатканьнем з жонкай, і ад найбліжэйшых таварышаў па нарах не ўкрывалі сваіх сэксуальных праблемаў. Гады цяжкай працы й голаду падкасілі ў іх мужчынскую моц, і перад збліжэньнем з амаль чужою ўжо жанчынай яны адчувалі, апрача нясьмелага ўзбуджэньня, бездапаможную роспач і гнеў. Пару разоў мне здаралася чуць мужчынскія пахвалкі пасьля спатканьняў, але найчасьцей гэта былі саромныя справы, якія ўсе ганаравалі маўчаньнем. Нават сярод „уркаў” прагучала абуранае мармытаньне, калі канваір, які падчас начной зьмены разнастайваў сабе жыцьцё падслухоўваньнем адгалоскаў з-за тонкай перагародкі Дома Свиданий, са сьмехам распавядаў брыгадзе пра тое, што пачуў. Дзіўная рэч: у зоне панавала сэксуальная разбэшчанасьць, кабет лічылі прастытуткамі, каханьне — прагулянкай у прыбіральню, а цяжарных дзяўчат з бараку матак віталі кпінамі, — але Дом Свиданий заставаўся ў гэтым моры бруду, прыніжэньня й цынізму адзіным прыстанкам нармальнага пачуцьцёвага жыцьця, памяць пра якое лягернікі захоўвалі з часоў волі. Памятаю, якую радасьць мы ўсе перажывалі, калі аднаму зь вязьняў прыйшоў ліст аб нараджэньні дзіцяці, зачатага падчас спатканьня. Каб нам аддалі тое дзіця, яно было б нашым агульным, мы б кармілі яго, абдзяляючы сябе, перадавалі б яго з рук на рукі, хоць мы й зь лішкам мелі тут уласных байструкоў, зачатых на нарах — у зоне. І гэта было найважнейшым: што ў зоне, а ня ў Доме Свиданий — з вольнай кабетай, на чыстай пасьцелі... Такім чынам жыцьцё нас, мёртвых і забытых людзей, злучала тонкай ніткай з воляй, праз вузкую шчыліну выцягвала з труны, вечка якой душыла нас цяжэй, чым фізычныя пакуты.
Што яшчэ я магу сказаць пра Дом Свиданий? Хіба толькі тое, што я быў іншаземец, таму ніколі нікога не чакаў, і, можа, таму мае нататкі аб таварышах-вязьнях, у смутку якіх я міжвольна браў удзел, такія падрабязныя й аж да болю абыякавыя.