Насуперак розным дапушчэньням, уся сыстэма прымусовай працы ў Расеі — уключна са сьледзтвам, побытам у турме й жыцьцём у лягеры — скіраваная хутчэй не на пакараньне злачынцы, а на яго гаспадарчую эксплюатацыю й поўнае перараджэньне. Катаваньні на сьледзтве выкарыстоўваюцца не як прынцып, а як дапаможны сродак. Вядзецца ня толькі пра тое, каб вымусіць абвінавачанага падпісаць выдуманы й фіктыўны акт абвінавачаньня, але пра тое, каб цалкам разбурыць ягоную асобу.
Чалавек, якога будзяць штоночы — цягам доўгіх месяцаў, а часам і гадоў, — пазбаўлены на час сьледзтва ўсялякай магчымасьці справіць найпрасьцейшыя фізыялягічныя патрэбы, гадзінамі трыманы на мулкім крэсьле, асьлеплены скіраванай проста ў вочы лямпачкай, змучаны падступнымі пытаньнямі й нястрымным crescendo выдуманых абвінавачаньняў, раздражнёны садысцкім выглядам цыгарэтаў і гарачай кавы на стале — гатовы падпісаць усё. Аднак вядзецца не пра тое. Вязьня можна лічыць „прэпараваным” да апошняга толькі тады, калі ягоная асоба распадаецца на дробныя складовыя часткі: паміж асацыятыўнымі сувязямі паўстаюць прабелы, думкі й пачуцьці адасабляюцца ў сваіх ячэйках і бразгочуць, як у сапсаванай машыне, трансьмісійныя пасы, якія лучылі сучаснасьць зь мінуўшчынай, абсоўваюцца з прывадных колаў і спадаюць на дно сьвядомасьці, усе падважнікі й перадачы інтэлекту й волі заядае, стрэлкі ў вымяральных прыборах, як ашалелыя, скачуць з нуля да максымуму й назад. Машына круціцца далей на павышаных абаротах, але працуе ня так, як некалі, — усё, што нядаўна здавалася абвінавачанаму абсурдам, робіцца праўдападобнай, хоць яшчэ й не праўдзівай, рэччу, пачуцьці зьмяняюць колеры, напружаньне волі зьнікае. І тое, што пісаў лісты родным за мяжу, ужо можа быць здрадай інтарэсам пралетарыяту, і тое, што быў нядбайны ў працы, можа быць сабатажам сацыялістычнага будаўніцтва. Для сьледчага надыходзіць вырашальны момант. Яшчэ адзін прыцэльны ўдар у здранцьвелы стрыжань супраціву — і машына спыніцца. Чалавек, як пад наркозам, на долю сэкунды завісае ў пустцы, нічога не адчувае, ні пра што ня думае, нічога не разумее. Трэба дзейнічаць хутка, як пры штучным нэрвовым шоку ці пры пераліваньні крыві, калі на імгненьне сэрца пацыента перастае біцца. Невялікае прамаруджваньне — і пацыент абудзіцца на апэрацыйным стале й узбунтуецца або зламаецца й апусьціцца ў вечную апатыю. Цяпер, цяпер або ніколі! Вочы сьледчага шукаюць адзінага, падрыхтаванага менавіта для гэтай хвіліны рэчавага доказу, рукі хапаюць яго як лянцэт. Яшчэ пару гадзінаў таму гэты аргумэнт мог бы падавацца слабенькім, хаця, у адрозьненьне ад іншых, не пазбаўлены пэўных падставаў, і цяпер у спустошаным уяўленьні абвінавачанага вырастае да гіганцкіх памераў. Лянцэт патрапіў у патрэбнае месца й імкнецца глыбей. Хірург сьпешна выцінае сэрца й перастаўляе яго зь левага боку на правы, дастае пашкоджаныя платы мазгавой кары, прышчапляе кавалкі скуры, зьмяняе крывацёк, нанова зьвязвае парэзаныя нэрвы. Праз хвіліну чалавечы мэханізм, затрыманы ў нулявым пункце й раскладзены на найдрабнейшыя часткі, будзе складзены зноўку, але ўжо інакш: пустоты паміж асацыяцыямі напаўняюцца іншымі сувязямі, думкі й пачуцьці будуць дакладна дапасаваныя да іншых ячэек, трансьмісійныя пасы будуць перадаваць не мінуўшчыну да цяперашняга, а цяперашняе да мінуўшчыны, інстынкты й воля зьменяць накірунак, стрэлкі вымяральных прыбораў назаўжды застыгнуць на максымуме. Абвінавачаны ачомаецца ад здранцьвеньня, паверне спакутаваны, але ўсьмешлівы твар да свайго дабрадзея і, глыбока ўздыхнуўшы, скажа, што цяпер разумее ўсё, што дагэтуль памыляўся ўсё сваё жыцьцё. Апэрацыя ўдалася, пацыент паўстаў нованароджаны. Толькі яшчэ раз, пасьля вяртаньня ў камэру, ён стане над парашаю й, аддаючы стрыманую некалькі гадзінаў мачу, адчуе на лобе кропелькі поту, а ва ўсім целе — палёгку й расслабленьне, і завагаецца, ці сасьніў, ці сапраўды перажыў рэінкарнацыю. Апошні раз у жыцьці ён засьне з гэтым пачуцьцём пакутлівай няпэўнасьці, назаўтра пасьля паўдня прачнецца пусты, як выедзены арэх, і саслабелы пасьля нялюдзкага напружаньня ўсяго арганізму, але з радаснай думкай, што ўсё нарэшце перажыў. І калі ён пачне хадзіць паміж нарамі, не абзываючыся ні да кога, можна быць упэўненым, што ён ужо робіць першыя крокі ў іншым сьвеце — пацыент ачуньвае, ягоныя раны рубцуюцца, а сьвядомасьць зрастаецца наноў.
Час паміж сканчэньнем сьледзтва й завочным выракам, пасьля якога звычайна надыходзіць хуткі выезд у лягер, даецца абвінавачанаму, каб ён прыстасаваўся да новай сытуацыі. Інстынкт падказвае яму, што ня варта кідацца ў размовы зь вязьнямі, якія яшчэ не перажылі Вялікай Зьмены — швы на ягоных ранах яшчэ занадта сьвежыя. Падсьвядома ён найбольш баіцца тае хвіліны, у якой новая рэчаіснасьць можа распасьціся ад аднаго ўдару, як картачны дамок, а нейкі атавістычны, завалены друзам старога сьвету голас штурхне яго да дзьвярэй камэры са сьціснутымі кулакамі й роспачным крыкам: „Я схлусіў, схлусіў! Я ўсё адмаўляю! Пусьціце мяне да сьледчага, я хачу да сьледчага! Я невінаваты, невінаваты!” Калі шчасьлівы лёс дазволіць яму ўнікнуць гэтай хвілі — гэтай жахлівай хвілі, калі стары мозг яшчэ досыць моцны, каб зразумець, што новае сэрца б’ецца інакш і ня там, дзе раней, — вязень можа абыякава й спакойна ляжаць цэлымі днямі на нарах, чакаючы транспарту ў лягер. У тым стане самнамбулічнага здранцьвеньня ён бачыць у халодным муры сваёй турмы вузкую шчыліну, празь якую льецца бледнае сьвятло апошняй надзеі. Ён пачынае марыць пра лягер. Адразу нясьмела, а потым усё гучней невядомы голас — каштоўная рэліквія даўняга жыцьця, адзінае сьведчаньне таго, што было й магло быць іначай, — цягне яго да ілюзіі вольнага існаваньня ў лягеры, сярод людзей, якія ж ня ўсе забыліся пра мінулае. Цяпер ён разьлічвае на дзьве рэчы: на працу й на літасьць. Не пра літасьць да сябе ён марыць— тое, што ён перажыў, ён у прынцыпе лічыць перамогай. Аднак ён цьмяна адчувае, што каб ацалела повязь, якая лучыць яго зь мінулымі часамі, калі ён быў іншым, то ён мусіць разбудзіць у сабе літасьць да таварышаў у нядолі, спачуваньне да чужых пакутаў, адзінае пацьверджаньне таго, што, зьмяніўшыся, ён не перастаў быць чалавекам. „Ці можна жыць бязь літасьці?” — начамі пытаецца ён сам у сябе, круцячыся з боку на бок і неспакойна паціраючы лоб, быццам намагаючыся прыгадаць, ці адчуваў ён некалі тую ж балесную абыякавасьць, як цяпер, калі нарадзіўся наноў. Ці можна жыць бязь літасьці?
Лягер навучыць яго, што можна. Спачатку ён будзе дзяліцца апошняю скарынкай хлебу зь вязьнямі, блізкімі да галоднага шаленства, будзе пад руку праводзіць з працы хворых на курыную сьлепату, будзе клікаць на дапамогу, калі ягоны таварыш адсячэ сабе два пальцы на „лесоповале”, будзе таемна насіць у Трупярню баланду й галоўкі селядца; праз пару тыдняў, аднак, ён зразумее, што робіць гэта не зь бескарысьлівага поклічу сэрца, але з эгаістычнага загаду розуму — ён спрабуе ўратаваць найперш сябе, а потым іншых.
*
Немагчыма бяз гэтага ўступу зразумець гісторыю Міхаіла Аляксеевіча Кастылёва, новага вязьня, якога пасьля прыбыцьця з „лагпункта” ў Маставіцы скіравалі ў нашую брыгаду.
Ён быў непадобны да савецкіх вязьняў і да нас, палякаў. Увогуле, сьледзтва па справах палякаў, якія патрапілі ў лягер пасьля анэксіі Ўсходніх Крэсаў у 1939 г., абмяжоўвалася толькі прымусовым падпісаньнем фіктыўнага акту абвінавачаньня, таму яно хутчэй імкнулася знайсьці падставу для ўстановаў, што займаліся рэкрутаваньнем таннай працоўнай нявольніцкай сілы й дэпалянізацыяй новазанятых земляў, чым перавыхаваць будучых грамадзянаў Савецкага Саюзу. Сьледзтва ў бальшыні выпадкаў вялося пасьпешліва й хаатычна, з чаго можна вывесьці, што расейцы ўважалі рэкрутацыю ва ўсходняй Польшчы за прафіляктычную апэрацыю ў пераходны пэрыяд і, насуперак уласным фанабэрыстым заявам, відавочна лічыліся з магчымасьцю перамоваў на пасьляваеннай міжнароднай канфэрэнцыі. У перакананьні савецкага ўраду Ўсходнія Крэсы былі паводле пакту Молатава—Рыбэнтропа рашуча ўключаныя ў склад Расеі, але іхныя польскія жыхары мелі быць аж да канца вайны нечым кшталту закладу, які эксплюатуецца й пускаецца ў ход, як маёнтак даўжніка, абложаны сэквэстрам. Лішне казаць, што калі б вайна прыняла іншы характар і расейцы маглі б беспакарана назіраць збоку, чакаючы канчатковай перамогі немцаў, гэты „заклад” перайшоў бы ва ўласнасьць іншага „трымальніка”, а паўтара мільёна жыхароў усходняй Польшчы распачалі б сваю сьледчую й лягерную вандроўку наноў, ужо праз рукі ўмелых „перевоспитателей”.
У тую хвіліну, як Кастылёў прачнуўся ад свайго двухгадовага здранцьвеньня, ён усьведаміў дзьве рэчы: яго ашукалі, і як менавіта яго ашукалі. Вышэйапісаная тэорыя сьледзтва ня ёсьць толькі маёй, ex post выбудаванай тэорыяй на тэмат выхаваўчай сыстэмы савецкіх турмаў і лягероў альбо псыхалягічнай інтэрпрэтацыяй жыцьця й сьмерці М. А. Кастылёва, але ягонай уласнай аповесьцю, якую ён шматразова паўтараў і дапаўняў. Як ганчак, якога спусьцілі на патрэбны сьлед, Кастылёў дакладна прасачыў усе драбніцы свайго зьняволеньня, сьледзтва й жыцьця ў лягеры і навучыўся гаварыць пра іх спакойна, пераканаўча й абазнана; у гэтыя хвіліны ён быў падобны да сухотніка, які з удаванай абыякавасьцю рэгіструе сымптомы й разьвіцьцё ўласнай хваробы. Таксама ня я выдумаў тэорыю ўратаваньня чалавечнасьці празь літасьць, а потым — праз добраахвотнае пакутніцтва. Ён пазнаёміў мяне зь ёю сам, калі я дапытваўся ў яго, зь якою мэтаю ён празь дзень паліць сваю руку ў агні. Ягоная манэра гаварыць наводзіла на думку, што Кастылёў быў блізкі да нейкай асаблівай рэлігійнай маніі, успадкаванай ад шматлікіх пакаленьняў расейскіх містыкаў, або да мяккай шызафрэніі, якая разьвівалася ў ім незаўважна для яго самога. Ён распавядаў спакойна, дакладна й інтэлігентна, з такой тыповай для псыхічна хворага чалавека ўніклівасьцю, якая не дапускае пярэчаньняў; такі чалавек, пераканаўшы слухача ў пасылах, пераконвае яго таксама і ў высновах. Я не выключаю ніводнай з гэтых двох магчымасьцяў (рэлігійная манія або мяккая шызафрэнія), але яны ня стрымліваюць мяне ад таго, каб распавесьці ягоную гісторыю. Так ці інакш, сяброўства з Кастылёвым істотна адбілася на маіх савецкіх перажываньнях, а ягоная сьмерць не прайшла незаўважнай і для астатніх вязьняў лягеру ў Ерцаве.
Кастылёву было 24 гады, калі па загадзе партыі ён пакінуў політэхнічны ўнівэрсытэт у Маскве й паступіў у Марскую Акадэмію ва Ўладзівастоку. Сам ён паходзіў з Варонежу, рана страціў бацьку й з маладых гадоў быў прывучаны клапаціцца аб утрыманьні маці, якая пасьля сьмерці мужа засяродзіла на сыне сваю нерастрачаную любоў дачасна аўдавелай кабеты. Для маладога Кастылёва любоў да маткі была адзіным трывалым апірышчам у навакольнай рэчаіснасьці. Спачатку, праўда, ён быў у камсамоле, а потым у партыі, але ягонае асабістае жыцьцё ўвесь час вырывалася з рамак палітычнай адукацыі й шукала паратунку ў абдымках маці. Бацька, паміраючы, загадаў яму захоўваць вернасьць маці й „великому делу Октябрьской революции”. Кастылёў занадта глыбока зь дзяцінства ўрос у атмасфэру камунізму, каб дапусьціць, што ў сьвеце існуе нешта трэцяе. Таму й не завагаўся — нягледзячы на тое, што, як ён сьцьвярджаў, яго заўжды вабіла літаратура, — калі камсамол заклікаў яго паступіць у політэхнічны інстытут у Маскве; ён не ўпіраўся таксама, калі яго, маладога інжынэра-канструктара, партыя выслала ў Марскую Школу ва Ўладзівастоку.
У гэтым месцы, перш чым распавядаць далей, трэба коратка растлумачыць, на чым палягаў камунізм Кастылёва. Найперш — на выхаваньні. Матка, простая й, хутчэй, рэлігійная кабета, няшмат разумела з таго, што казаў ёй муж, але з-за піетэту перад ягонай памяцьцю і з-за інстынктыўнага пачуцьця сямейнай бясьпекі яна заахвочвала ў сыне рэвалюцыйныя настроі. Гэтага хапіла хіба на позьняе дзяцінства й раньнюю маладосьць. Калі Кастылёў запісваўся ва ўнівэрсытэт, ён ужо быў такі вывучаны, што захацеў пайсьці на крок далей і агарнуць розумам прынцыпы веры, якой дагэтуль ён быў паслухмяны сэрцам. Ён пазнаў клясыкаў марксізму, старанна прачытаў Леніна й Сталіна, браў жывы ўдзел у партыйных сходах і выпрацаваў такі погляд, што ён, як інжынэр-камуніст, будзе ў Расеі, якая „даганяла й пераганяла Захад”, нечым кшталту місіянэра новай тэхнічнай цывілізацыі. Падчас самотнага жыцьця з маткай, калі, вяртаючыся са школы, ён бачыў яе суровы профіль за шыбай аднапавярховага дамка ў Варонежы і ў паўзмроку нахіляўся зь лёгкім уколам болю да яе сшэрхлых ад цяжкое працы рук, ён выпрацаваў у сабе патрэбу пакуты дзеля чужога шчасьця. З „политграмоты” ён даведаўся, што сапраўдныя пакуты існуюць толькі на Захадзе, таму загарэўся думкаю аб сусьветнай рэвалюцыі. Важным у фармаваньні ягонай асобы быў факт, што сярод атакаў савецкай прэсы й прапаганды на капіталістычны сьвет Кастылёў склаў прысягу весьці вызваленчую барацьбу за свабоду прыгнечаных эўрапейцаў не ў імя нянавісьці, а ў імя любові да незнаёмага Захаду.
Нялёгка зразумець, якім дзівам гэты малады хлопец, які да выезду на вучобу й носу не высоўваў за межы роднага Варонежу й за парог убогага пралетарскага жытла, здолеў стварыць такі яскравы вобраз Захаду. Відаць, ён быў ад прыроды больш схільны да энтузіязму, чым да нянавісьці, і ягонае ўяўленьне паглынала з партыйнай „политграмоты” толькі вобразы афіцыйна кананізаваных „прагрэсіўных барацьбітоў”— тым сьвятлейшыя, чым больш чорным было грамадзкае, палітычнае, рэлігійнае й звычаёвае тло, на якім яны дзейнічалі. Савецкія выхавальнікі яшчэ недастаткова разумеюць, як функцыянуе юнацкае ўяўленьне; выразныя постаці сьвятых зазвычай адбіваюцца ў ім глыбей, чым разьзеўраныя вакол іх пякельныя ночы. Было сьмешна й адначасна трагічна назіраць у сакавіку 1941 г. за Кастылёвым, які трымцеў ад захапленьня й хваляваньня ад самога гуку імя Тарэза. Ён лічыў яго адзіным сапраўдным пераможцам у Вялікай Францускай Рэвалюцыі, хоць адначасна й ня вельмі разумеў, чаму ён так слухаецца таго, хто „здрадзіў Кастрычніцкай Рэвалюцыі”.
Малады Міша не марнаваў часу. У вольны ад вучобы ў політэхніцы й палітычных заняткаў час ён чатыры гады займаўся францускай мовай і вывучыў яе так, што мог свабодна чытаць. Ва Ўладзівастоку ён якраз пачаў шмат чытаць і выпадкова натрапіў на дзёньнік падарожжа Ганчарова вакол сьвету „Фрегат „Паллада”. Гэтае „путешествие” скіравала ягоныя юнацкія мары на больш рэальныя шляхі: Кастылёў пачаў вучыцца з падвоенай энэргіяй, апанаваны непрытомнай прагай падарожнічаць. Несумнеўна, ягонае жыцьцё складалася вельмі дзіўна. Ён перажываў дзяцінства ўжо ў дарослым веку, быццам кампэнсуючы заўчасную сталасьць свайго маленства.
На другім годзе ў Марской Акадэміі Кастылёў натрапіў ва Ўладзівастоку на прыватную бібліятэчку, дзе можна было браць кнігі, а ў ёй знайшоў некалькі добра патрыманых францускіх кніжак: Бальзака, Стэндаля, „Школу пачуцьцяў” Флябэра, „Споведзь сына веку” Мюсэ й „Адольфа” Канстана. Ён не чакаў ад іх нічога незвычайнага— хацеў толькі трохі „папрактыкавацца ў мове”. Сьвет, які яны перад ім адчынілі, пераўзыйшоў усе ягоныя спадзяваньні — ён быў падобны да казкі. З таго часу Кастылёў быў у стане сталага ўздыму. Ён чытаў начамі, занядбаў навуку, прапусьціў пару партыйных сходаў, замкнуўся ў сабе й адвярнуўся ад найбліжэйшых прыяцеляў. Ён шмат разоў спрабаваў мне потым патлумачыць, якое пачуцьцё выклікала ў ім гэтае адкрыцьцё францускай літаратуры.
— Я хваравіта тужыў па чымсьці неакрэсьленым, — распавядаў ён, гладзячы здаровай рукой касьцісты, аголены лоб, — я ўдыхнуў іншае паветра, як чалавек, які задыхаўся ўсё жыцьцё й нават не падазраваў пра гэта. Зразумей, я кажу не пра рэаліі; бо, зрэшты, ва ўсім сьвеце людзі кахаюцца, паміраюць, забаўляюцца, інтрыгуюць і пакутуюць. Я маю на ўвазе атмасфэру. Усё, што я чытаў, быццам адбывалася ў субтрапічным клімаце, у той час як я ад нараджэньня жыў у зьледзянелай пустэльні... У Маскве я таксама бачыў іншае жыцьцё, але яно мела ў сабе штосьці кшталту сэктанцтва й не пералівалася на вуліцы церазь берагі закрытых гатэляў...
— Міша, — запярэчыў я проста з упартасьці, — гэта ж толькі літаратура. Ты нават не падазраеш, колькі на Захадзе жабрацтва й пакутаў...
— Ведаю, ведаю, — трос ён галавою, — гэтае ж самае сказаў потым сьледчы. Калі я й адчуў калі-небудзь, што такое свабода, дык гэта менавіта тады, калі чытаў францускія кніжкі ад старога Бэргера. Я быў як карабель, паланёны льдамі, таму не дзівіся, што я паспрабаваў вырвацца зь іх у цёплыя воды.
Кастылёў часта ўжываў ня надта ўдалыя літаратурныя параўнаньні, але гэтае было выключна трапнае. Вялікі, мажны, з галавою, нахіленаю, як жалезны таран, і кулакамі велічынёю з кавальскі молат, ён сапраўды быў падобны да ледаколу.
Гісторыя Кастылёва, не зусім ясная для мяне тады, калі я яе слухаў і назіраў, сёньня робіцца зразумелай, як расшыфраваны палімпсэст. У чытаньні старога тэксту важна было не паддацца на інтэрпрэтацыю Кастылёва і ўбачыць трагедыю так, як яна адбілася ў ягонай памяці ў першай, неўсьвядомленай форме. На жаль, Кастылёў сам быў дасьледнікам і, перш чым дапусьціць да дасьледаваньня свайго жыцьця іншых, самастойна правёў ягоны аднабаковы й падрабязны аналіз. Ён быў, напрыклад, перакананы, што „адрадзіўся” дзякуючы падраным францускім раманам, а я асабіста лічу, што прачытаў ён іх запозна і, на жаль, па-француску. Наколькі я ведаю, усе „адкрытыя” Кастылёвым кніжкі былі перакладзеныя на расейскую, і, калі адкінуць невыносныя марксісцкія камэнтары, іх можна было вольна чытаць у танных выданьнях „Госиздата”. Але лёс хацеў, каб Кастылёў прачытаў іх па-француску ў веку, калі спозьнены й нязжыты бунт мае ў сабе ўжо нешта хваравітае й маніякальнае; ён уявіў сабе, што яго ашукалі, што ад яго схавалі „ўсю праўду”. У яго было да Захаду стаўленьне нэафіта, які вінаваціць у аблудах старое веры падман і падступнасьць зайздросных сьвятароў. Ён адыйшоў ад партыі, частку віны за служэньне фальшывым багам, не вагаючыся, усклаў на маці. Неяк у дыскусіі з калегамі, забыўшыся, выкрыкнуў: „Вызваліць Захад! Ад чаго? Ад таго жыцьця, якога мы ў вочы ніколі ня бачылі!” Запанавала мёртвая цішыня, але гэты дробны інцыдэнт часова быў забыты.
У 1937 г. уладальнік прыватнай бібліятэчкі, стары паволскі немец Бэргер быў арыштаваны, а праз пару тыдняў пацягнуў за сабой Кастылёва. Першы допыт, здавалася б, мусіў давесьці, што ўдзел Кастылёва ў справе Бэргера быў выпадковы. Называючы людзей, якія наведвалі бібліятэчку, стары немец не забыўся таксама й пра „высокага, плячыстага навучэнца Марской Школы”. Нягледзячы на тое, што Бэргера загнала ў вязьніцу Вялікая Чыстка, у ягонай справе былі сапраўдныя правіны, якія прыцягнулі б увагу і нармальнай паліцыі. Не было сумневаў: кіраўніцтва „Дальстроя” на Калыме за пасярэдніцтвам старога немца выменьвала золата на валюту й прадметы раскошы зь японскімі фабрычнымі маркамі.
Скатаваны да страты прытомнасьці, наноў біты пасьля адліваньня халоднай вадою, з вачыма, якія ледзь бачылі праз пласты засохлай крыві, з вуснамі, апухлымі ад разьбітых дзёснаў і хісткіх зубоў — Кастылёў не прызнаваў за сабой віны з упартасьцю, якая расла разам з ростам катаваньняў. Які складаны й непрадказальны мэханізм — арганізм чалавека! Гэта праўда, што ў ім існуе пэўная мяжа трываласьці, але, пераступіўшы яе, можна аднолькава чакаць як заламаньня, гэтак і бунту, які ёсьць формаю страты адчувальнасьці in extremis. Стан сталага атупеньня, выкліканы прарывам першай лініі фізычнага супраціву, і разьбіваньня ўсіх цэнтраў, якія разам з болем падавалі загад не паддавацца, звычайна канчаецца паралюшом волі й пераломам хрыбта, які робіцца гэткім жа непатрэбным, як паламаны стрыжань у анучнай ляльцы; але калі-нікалі бывае так, што здранцьвелы ад біцьця арганізм машынальна паўтарае апошняе, што запала ў сьвядомасьць, якая адчайна абараняецца. Кастылёў памятаў толькі адно: ён упарта цадзіў скрозь сутаргава сьціснутыя зубы: „Я не вінаваты, ніколі ня быў шпіёнам”. Ён самлеў — гэтым разам надоўга — калі апошні раз крыкнуў „не”, адчуў, як ад канвульсіўнага сьцісканьня сківіцаў раптам згінаюцца пярэднія зубы, і, задыхаючыся, выплюнуў іх разам з хваляй цёплай крыві й ванітаў, якая прарвалася празь сьціснуты рот і лінула на сьцяну, як нафта са сьвідравіны. Ён адчуў нейкую палёгку й апусьціўся ў цемру. Гэта яго ўратавала. Калі ён апрытомнеў праз пару дзён у турэмным шпіталі, ён быў ужо памыты й загіпсаваны.
На наступным допыце справа аб шпіёнстве саступіла месца агульнай размове на тэмат палітычных поглядаў Кастылёва. Было відавочна, што НКВД не хацела яго адправіць у такім стане назад у Марскую Школу і таму скіравала справу на іншы шлях. Не магло ўжо быць і размовы аб уратаваньні скалечанага твару маладога савецкага інжынэра, але можна было ўратаваць твар паважнай інстытуцыі, якая дваццаць гадоў чуйна стаяла на варце рэвалюцыі. Тэорыя савецкага права заснаваная на аксыёме, што невінаватых людзей няма. Таму сьледчы можа пасьля доўгага дасьледаваньня адкінуць першапачатковае абвінавачаньне. Але гэта ня значыць, што ён ня будзе спрабаваць шчасьця дзе ў іншым месцы. Падсьледныя вязьні знайшлі для гэтае адмысловае працэдуры цудоўнае вызначэньне. „Что тебе прицепили?” — пытаюцца яны ў таварышаў, што вяртаюцца з допытаў, а НКВД безь перашкодаў культывуе міт аб уласнай бясхібнасьці.
Няма патрэбы падрабязна апісваць тут сьледзтва па справе Кастылёва, бо ўся тэорыя дэзінтэграцыі й перастварэньня асабовасьці была пададзеная ў першай частцы гэтага разьдзелу паводле ягонага досьведу. Тэчку Кастылёва дасталі са справы Бэргера й аддалі ў рукі новаму сьледчаму. Малады інжынэр уздыхнуў. Падчас сьледзтва, якое зь невялікімі перапынкамі доўжылася ва ўладзівастоцкай турме амаль год, яго ўжо ні разу ня ўдарылі. Часамі начныя допыты нагадвалі гарачыя студэнцкія дыскусіі: Кастылёў бараніўся, атакаваў, доўга гаварыў, а па вяртаньні ў камэру рыхтаваўся да наступнага двубою, як адвакат да паседжаньня суда. Увесь гэты час сьледчы ветліва слухаў, толькі калі-нікалі кідаючы заўвагі й робячы нататкі. Для Кастылёва, ужо навучанага, што НКВД пры патрэбе скарыстоўвае й іншыя інструмэнты й аргумэнты, тыя тры першыя месяцы дазнаньня былі што ранішні сон пасьля начных жахаў. Ён нават своеасабліва палюбіў негаваркога, усьмешлівага сьледчага, які частаваў яго кавай і папяросамі, клапатліва пытаўся пра раны на галаве й уважліва схіляўся да яго, калі Кастылёў у хвіліну задумы сьцішаў голас. Першая фаза, аднак, здавалася, ні да чога не вяла. Кастылёў распавёў пра сябе ўсё, прызнаўся пра грэшнае каханьне да Захаду й пажадаў, каб ягоную справу перанесьлі з турмы на пленум партыйнай арганізацыі ў Марской Школе. Абвінавачаньне ў падпаданьні пад уплыў „буржуазнага лібэралізму” магло быць у найгоршым выпадку прадметам разгляду на пасяджэньні цэнтральнага студэнцкага камітэту, які працягвае або скасоўвае партбілет, а не адзіным пунктам сьледчых разборак у турме НКВД. Ягоны інквізытар, аднак, меў іншую думку й адразу перайшоў у атаку.
Дэкарацыя сьледзтва зьмянілася, як на перасоўнай сцэне. Кастылёва будзілі ўночы, праз пару гадзінаў адводзілі ў камэру, зноў будзілі на сьвітанку, выклікалі на допыты падчас абеду й гадзінаў, прызначаных на фізыялягічныя патрэбы, яму адмовілі ў дазволе на мыцьцё й штодзённыя прагулянкі. Не было ўжо й размовы пра папяросы й гарачую каву. Кастылёў хадзіў бледны, агаломшаны, з чырвонымі ад недасыпу вачыма, з запаленай ад незагоеных яшчэ ранаў галавою, у якой кроў шумела, як рэшткі кіпню ў бляшанцы. Бывалі хвіліны, калі ён, быццам сьляпы, абапіраўся аб сьцены калідору, ідучы ясным днём на допыт, або млеў на мулкім зэдліку ў сьледчым кабінэце. Удзень і ўночы ў пакоіку, у якім ён цяпер праводзіў па васямнаццаць гадзінаў на суткі, чорныя жалюзі, апушчаныя за кратамі, адгароджвалі яго ад часу, які праплываў за вокнамі, і аддавалі на спажыву падступных пытаньняў у распаленым коле лямпачкі. Калі-нікалі яму здавалася, што ягоная галава — падушка вялізнага памеру, напханая пакульлем і працятая тысячамі іголак. Ён адчуваў іх шматлікія балючыя ўколы і ў прыступе роспачы спрабаваў спыніць пакуты, зьдзіраючы бінты зь ілба, скроняў і шчок або затыкаючы рукамі вушы, у якіх уколы шпілек зьмяняліся вострым, мэталёвым, сыпкім гукам сталёвага пілавіньня, што падае на дно пустой чарупіны. Ён страціў пачуцьцё часу, у сьне яго зьнясільвалі сталыя палюцыі, ён напаўпрытомны зрываўся з нараў на гук свайго прозьвішча, водзячы навокал запаленымі вачыма.
Каб гаворка ішла толькі аб прызнаньні абстрактнай віны, ён, у прынцыпе, быў гатовы й пару разоў нават сам спрабаваў падсунуць гэтую думку сьледчаму. Але інквізытар, у якога раптам зьмяняўся твар, быццам зь яго падала маска, цяпер зноў жадаў фактаў. Хто належаў да таемнай арганізацыі ў Марской Школе? Каму Кастылёў распавядаў пра свае погляды? Дзе й калі адбываліся сходы? Якая была практычная мэта арганізацыі? Якія былі кантакты звонку? Хто быў кіраўніком? Кастылёў апошнім высілкам волі пярэчыў, але адчуваў, што, калі сьледзтва будзе доўжыцца, ён пачне выдумляць прозьвішчы й падзеі, каб хоць у фікцыі знайсьці ратунак ад грознай пусткі рэчаіснасьці. Гэтыя тры месяцы былі ў сваіх напружаньні й пакутах падобныя да кароткага эпізоду катаваньняў, калі разглядалася яшчэ справа Бэргера. Аднойчы ўночы сьледзтва набыло нечаканы паварот: Кастылёву далі падпісаць дакумэнт, што ягоная агітацыя ў Марской Школе ніколі ня мела акрэсьленых арганізацыйных формаў.
Сьледзтва пачалося наноў. Кастылёва выклікалі раз на тыдзень, а часам нават раз на два тыдні на вечаровыя допыты, падчас якіх галоўным прадметам прыязных размоваў стаўся для разнастайнасьці „лад жыцьця на захадзе Эўропы”. Тут гаварыў пераважна сьледчы — як раней, ветлівы, усьмешлівы й уважлівы — а Кастылёў слухаў ці задаваў пытаньні. Сьледчы распавядаў разумна й цікава, спасылаючыся на кніжкі, лічбы й факты.
Аднае зьмены тону сьледзтва было б дастаткова, каб схіліць Кастылёва пасьля ўсяго перажытага да разумнага акту пакаяньня. Аднак вялося ўжо пра нешта большае. Кастылёў даў сябе пераканаць, верыў кожнаму слову свайго даўняга перасьледніка. Ён слухаў, ціха шэпчучы „ужас”, выпытваў падрабязнасьці, сам падсоўваў лягічныя высновы, пазнаёміўшыся з фактамі, — словам, у гэткай самай шчырай узьнёсласьці адкрываў фальш Захаду, як калісьці спазнаваў ягоную праўду. Магло б здавацца, што падскурны гной нарэшце сабраўся ў адным месцы, гатовы да разрэзу. Інквізытар, аднак, штучна зацягваў допыты, быццам жадаючы канчаткова ўпэўніцца, што раскаяньне грэшніка ня ёсьць толькі фальшывым манэўрам бясьсільнае ахвяры. Кастылёў быў гатовы адпакутаваць за ўсе хвіліны сваёй аблуды й слабасьці, бо паверыў наноў. Гатовы быў сваёй працай паказаць, што здолее прысьвяціць жыцьцё таму, што палюбіў.
— Ну, Кастылёў, — нарэшце сказаў аднойчы сьледчы, — сёньня сьледзтва заканчваем. Толькі падпішаш акт абвінавачаньня— і канец. Усё сыйшлося да аднаго: ты хацеў з дапамогаю варожых дзяржаваў скінуць лад Савецкага Саюзу.
Кастылёў скурчыўся й апаў, як ад раптоўнага ўдару. Кроў кінулася яму ў галаву, яшчэ хвіля — і крыкнуў бы голасна: „Хлусьня!” Аднак ён здолеў толькі прамармытаць у аслупяненьні:
— Скінуць з дапамогаю варожых дзяржаваў лад Савецкага Саюзу?
Не спускаючы зь яго вачэй, сьледчы палез у тэчку й кінуў на стол сьведчаньне, падпісанае трыма вучнямі Марской Школы, з адным сказам, падкрэсьленым чырвоным алоўкам.
— Чытай услых, — жорстка сказаў ён.
— Вызваліць Захад? Ад чаго? Ад жыцьця, якога мы ніколі ў вочы ня бачылі!
Ён паклаў картку на стол і апусьціў вочы. Узгадаў сваю гарачую прагу падарожнічаць, свае мары аб выезьдзе на Захад. Хто ведае, хто ведае... Усё здавалася лягічным — нерэальным, але пранізьліва лягічным. Перад ім быў слупок гэтулькі разоў правераных лічбаў! — заставалася толькі падкрэсьліць яго й упісаць выніковую суму. Папрасіў падаць акт абвінавачаньня й павольна напісаў на ім сваё прозьвішча.
— Ці можна напісаць маці? — ціха запытаўся ён. — Не пісаў ёй год.
— Заўтра ў камэры атрымаеш паперу й капэрту.
Па сканчэньні сьледзтва Кастылёў толькі на хвіліну вярнуўся ў сваю адзіночку па рэчы й быў перапраўлены ў агульную камэру. Там ён ляжаў на нарах, адгарадзіўшыся ад размоваў, і пазіраў у столь. Такім чынам, жах бяссонных начэй, дзён, поўных пакутлівай нэрвовай напружанасьці, скончыўся. Пасьля ледзь не гадавой бязьдзейнасьці, амаль гэткай жа невыноснай, як сьледзтва й катаваньні, ён хацеў нарэшце працаваць і вярнуцца да людзей. „Ці можна жыць бязь літасьці, — паўтараў ён сам сабе начамі, думаючы аб будучых таварышах, — ці можна жыць бязь літасьці?”
У студзені 1939 г. Кастылёва адаслалі зь дзесяцігадовым выракам у каргапольскі лягер і праз пару дзён побыту ў Ерцаве адправілі па „спецнаправлению” ў Маставіцу. Тады вязьні маставіцкага „лагпункта” залічылі яго ў „сьвятыя”; яшчэ доўга пасьля ягонай сьмерці ў „пересыльном” бараку з пашанаю вымаўлялі прозьвішча „інжынэра Міхаіла Аляксеевіча Кастылёва”. Як інжынэр, Кастылёў атрымаў трохі лепшыя ўмовы жыцьця й параўнальна лёгкую працу; ён раздаваў вязьням амаль увесь свой хлеб, заносіў у Трупярню талёны на суп, выкарыстоўваў тое, што яму можна было выходзіць за зону без канвою, каб часам прыносіць трохі тлушчу або гародніны для хворых. У брыгадах, якія падначальваліся яму на маставіцкім тартаку, налічаў вязьням нормы, вышэйшыя за сапраўдныя. Менавіта гэтая „туфта” яго й згубіла. Прададзены адным з брыгадзіраў, ён адміністрацыйным загадам начальніка каргапольскіх лягероў быў пазбаўлены на час адбываньня пакараньня права працы „по специальности” й адасланы ў лясную брыгаду. Тут ён хутка забыўся пра літасьць, бо сам меў патрэбу ў ёй больш за іншых. Фізычная праца зламала яго й прынізіла да такой ступені, што не было рэчаў, якіх бы ён не зрабіў за дадатковы кавалак хлебу. Ён зьненавідзеў таварышаў па лягеры й з таго часу лічыў іх сваімі натуральнымі ворагамі. Ён бы, можа, скаціўся яшчэ ніжэй, на самы край найвялікшага злачынства, якое можа зрабіць чалавек у лягеры,— злачынства даносу, — каб выпадак не падсунуў яму адной з кніжак, якую ён чытаў некалі на волі ва Ўладзівастоку. Кастылёў прачытаў яе наноў, плачучы, як дзіця, якое ў цемры знайшло руку маці. Так ён другі раз зразумеў, што яго ашукалі.
У сакавіку 1941 г. Кастылёў прыйшоў этапам у Ерцава з правай рукой на перавязі і быў залічаны ў нашую брыгаду грушчыкаў.
*
У бараку ўжо разьвіднела, але дваццаць пар грушчыкаў покатам спалі ў кутку, не здрыгануўшыся нават ад воклічу Дзімкі, які сьведчыў пра заканчэньне сьняданку. Пасьля суткавай працы й перад паўторным маршам на базу апоўдні нам дазвалялі прасыпаць „пад’ём” і браць сьняданак падчас перапынку на абед.
Гэта быў час, калі я яшчэ ніяк ня мог адолець фізычнае працы. Часта я спаў толькі па дзьве гадзіны на суткі каменным, цяжкім сном, падобным да страты прытомнасьці. Я абуджаўся й нерухома ляжаў на нарах сярод сонных таварышаў, асвойваючыся з думкаю пра новы працоўны дзень.
Менавіта таму, што я ўвогуле ня спаў пасьля „пад’ёму”, я й адкрыў таямніцу забінтаванай рукі Кастылёва назаўтра пасьля ягонага прыбыцьця ў брыгаду. Дзімка, крыкнуўшы, што на кухні скончылася выдача сьняданку, выйшаў, як звычайна, на зону. У бараку было пуста, толькі каля печкі сядзеў малады чалавек, чытаючы кніжку. Яшчэ ўчора нам сказалі, што ў брыгаду прыйшоў з Маставіцы новы вязень, які пойдзе з намі на працу, як толькі скончыцца ягонае звальненьне, калі загоіцца рука. Ён быў высокага росту, галаву меў вялікую ды касьцістую, быццам вычасаную з грубага каменю. Зь нізка вылепленага лобу зьвісалі кусьцістыя бровы, амаль засланяючы маленькія, запаленыя вочы, якія, бы два агеньчыкі, хаваліся ў галоднай пухліне твару. Толькі ніжэй у ягоным твары затаілася нешта, што надавала яму выраз незабыўнай інтэлігентнасьці, зьмяшанай зь нейкай шалёнай, зацятай упартасьцю. Вузкія, сутаргава сьцятыя вусны наводзілі на думку аб партрэтах сярэднявечных мніхаў. Памятаю, што я быў захоплены такім рэдкім спалучэньнем тонкай уражлівасьці з груба вычасанай, амаль брутальнай шорсткасьцю. Валасы, што адрасталі над ягоным ілбом, яшчэ больш падкрэсьлівалі каменнай разьбы рысы. Левай рукой ён амаль са сьвятарнай асьцярожнасьцю перагортваў старонкі кніжкі, а правай — нерухомай — прытрымліваў яе, каб ня ўпала. Калі ён чытаў, у куточках ягоных вуснаў блукала чароўная, нявінная, амаль дзіцячая ўсьмешка.
Празь некаторы час, пераканаўшыся, што ў нашым кутку ніхто не варушыцца, ён адклаў кніжку й здаровай рукою пачаў разьвінаць перавязку. Гэта доўжылася пару хвілінаў, ён падкінуў у агонь драўніны. Перад тым як канчаткова зьдзерці закарэлую анучу з раны, ён зноў зірнуў у нашым кірунку і, адкінуўшы галаву назад, раптоўна ірвануў. Здавалася, што ён пазірае проста на мяне, але ён глядзеў, ня бачачы, бо павекі сьціснуліся, вочы патанулі за падкурчанымі амаль да броваў шчакамі, а верхнія зубы да болю закусілі вусны. Так і не павярнуўшы галавы, ён наблізіўся да печы й навобмацак сунуў разьбінтаваную руку ў агонь. Празь ягоны скурчаны твар прабегла грымаса болю, вочы быццам усьвідраваліся ўглыб чэрапа, зубы адпусьцілі вусны й са скрыгатам сьцяліся, а на лобе выступілі буйныя кроплі поту. На працягу некалькіх хвілінаў я пасьпеў згледзець ня толькі зрэзаны лязом болю твар, але й руку — распухлую калоду, абцягненую злушчанай ад апёкаў скураю й аблітую сукровіцай, якая сквірчэла, бы алей, і падала маленькімі кроплямі на расчырванелыя ад жару цурбакі. Урэшце ён выцягнуў руку з агню, цяжка зваліўся на лаўку ля печы і, зьвесіўшы галаву між каленамі, левым рукавом абцёр пот з твару. Скончыўшы гэтае цяжкое выпрабаваньне, ён, здавалася, цяпер расслабляўся й супакойваўся, як вулічны фокусьнік, які, напяўшы цягліцы, вызваляецца ад путаў, якімі яго сьцягнулі, а потым падае на ходнік, млявы, як спушчаны балёнік.
Я зьлез з нараў і сеў ля стала, але ён заўважыў маю прысутнасьць толькі тады, калі я ўзяў прасякнутую сукровіцай, закарэлую анучу, каб дапамагчы яму забінтаваць руку. Ён зірнуў на мяне са зьдзіўленьнем і ўдзячнасьцю, аднак потым у ягоных змучаных, налітых крывёю вачох узьнік неспакой.
— Ты бачыў? — шапнуў ён.
Я моўчкі кіўнуў.
— Не данясеш?
Не, не данясу. Гэтулькі гадоў я сьцярог ягоную таямніцу, нягледзячы на тое, што празь месяц пасьля нашае сустрэчы яго ўжо ня стала. Бо спазнаўшы ягоную таямніцу, я заслужыў і ягонае сяброўства.
Гэта адбывалася, калі ня хібіць памяць, у сярэдзіне сакавіка 1941 г., а 15 красавіка цела Кастылёва вывезьлі за зону. Так што мы былі знаёмыя толькі месяц — замала, каб адказаць на сяброўства, але дастаткова, каб яго заслужыць. Кастылёў прывязаўся да мяне, як сабака, і — калі ў лягеры можна ўжыць такое выслоўе — мы былі неразлучныя. Бо насамрэч ці не на паўтары тузіны гадзінаў нас штодзённа разьдзяляла праца. Кастылёў фігураваў у сьпісе вызваленых і кожны трэці дзень вечарам хадзіў на агляд у амбуляторыю; не было сумневаў, што перад кожным такім візытам ён карыстаўся любой магчымасьцю „перабінтаваць” руку над агнём. Нягледзячы на тое, што ён ужо падрабязна распавёў мне гісторыю свайго жыцьця й растлумачыў мне крыніцы свайго добраахвотнага пакутніцтва, ягонае самазьнішчэньне мела гэтулькі ж супольнага з ахвярніцтвам, колькі й з вызваленьнем ад працы. На гэта бясспрэчна ўказвалі два факты. Па-першае, акалічнасьці, пры якіх у Кастылёва зьявілася гэтая ідэя. Аднойчы, сушачы на „лесоповале” ў Маставіцы над вогнішчам хлеб, ён упусьціў яго ў агонь і, згаладалы, без ваганьня засунуў руку ў полымя. Тым жа вечарам яму далі звальненьне ад працы на сем дзён — тады й склаўся ягоны плян. Па-другое, мела значэньне тое, якім чынам Кастылёў бавіў свой вольны час у бараку. Для мяне да канца нашага знаёмства было загадкай, якой ён не хацеў мне адкрыць, дзе ён здабывае кніжкі. Так ці інакш, Кастылёў чытаў днямі, чытаў уночы, сеўшы на верхнія нары ля лямпачкі, чытаў нават у амбуляторыі, чакаючы свае чаргі.
У справе Кастылёва, мусіць, была нейкая нататка сьледчага, што рэкамэндавала ставіцца да яго больш паблажліва, чым да іншых вязьняў, бо, нягледзячы на тое, што на ім вісела злачынства „туфты”, яго пасьля выпадку на „лесоповале” выслалі ў Ерцава з накіраваньнем у брыгаду грушчыкаў на базе. Ня выключана, што перавод у Ерцава быў выкліканы спатканьнем з маці, якое Кастылёву паабяцалі яшчэ ў 1937 г. Яшчэ ў Маставіцы было вырашана, што старая Кастылёва прыедзе з Варонежу ў Ерцава ў першыя дні траўня й тры дні правядзе з сынам у Доме Свиданий. Міша жыў у такой эўфарыі пры думцы аб спатканьні, што не заўважаў небясьпекі, якая яго падпільноўвала. Ягоны статус — здаровага вязьня, у якога невядома чаму не гаілася рука, — быў у савецкай сыстэме прымусовай працы нечым выключным і недапушчальным. Таму я яму ўвесь час раіў, каб прынамсі да спатканьня з маці ён прыпыніў сваю працэдуру спаленьня рукі й хоць пару разоў схадзіў на базу. А потым — потым хай робіць, што захоча. Ён лагодна ўсьміхаўся на мае ўгаворы й зь дзіцячай упартасьцю адказваў:
— Ніколі, разумееш, ніколі ўжо я ня буду на іх працаваць.
На пачатку красавіка ў лягеры выбухнула зьвестка, што рыхтуецца этап на Калыму. Толькі сёньня, калі я прачытаў шмат кніг пра нямецкія канцэнтрацыйныя лягеры, я ведаю, што этап на Калыму быў у савецкіх лягерох чымсьці кшталту адпаведніка нямецкай „газавай сэлекцыі”. Гэтая аналёгія сягала далёка: як у газавыя камэры, на Калыму адпраўлялі вязьняў з высокаадсоткавай стратаю здароўя. У адрозьненьне ад Нямеччыны, іх пасылалі не на імгненную сьмерць, а на працы, якія вымагалі выключнай супраціўляльнасьці арганізму й фізычнай сілы. Таямніца гэтага крыважэрнага нонсэнсу палягала на тым, што кожны начальнік лягеру перадусім адказвае за свой лягер і мае вымовы або пахвалы за выкананьне вытворчага пляну, даведзенага ягонай рабочай сіле, таму, калі ён атрымоўвае загад вылучыць вязьняў для этапу, ён ахвотна пазбаўляецца ад выбракаваных і пільна ахоўвае спраўных. Так ці інакш, наш лягер застыў у жаху. У бараках сьціхлі размовы, на працы спыніліся нараканьні, амбуляторыя апусьцела. Набліжаўся дзень Страшнага Суда, і мы рыхтаваліся стаць перад грозным абліччам свайго Пана, пакорліва і ўмольна сочачы за бліскавічнымі рухамі ягонага мяча.
Нават і цяпер Кастылёў ня даў сябе пераканаць і разам з „нацменамі” з Трупярні рэгулярна кожныя тры дні быў пацыентам у амбуляторыі. 10 красавіка яму паведамілі, што ён у калымскім сьпісе й назаўтра ранкам мусіць быць у лазьні на „санобработку”. Ён мужна прыняў гэты ўдар, але аслупянеў. Толькі ціха прашаптаў:
— Матку ня ўбачу.
Не магу ўжо сёньня сказаць, што мяне схіліла да таго, каб тым жа вечарам пайсьці да начальніка лягеру ахвяравацца на этап заміж Кастылёва. Думаю, што галоўным чынам псыхічны й фізычны стан, у якім я тады знаходзіўся. Я быў на мяжы зьнясіленьня, і пэрспэктыва трохмесячнай бязьдзейнасьці — прыкладна гэтулькі працягвалася падарожжа на Калыму — мела ў сабе шмат кароткачасовых выгадаў; я быў яшчэ досыць малады, каб зьвязваць з гэтымі вандроўкамі на канец сьвету нейкія неакрэсьленыя эмоцыі й краязнаўчыя надзеі; урэшце — я ўцягнуўся ў сяброўства з Кастылёвым так глыбока, што ня мог пакінуць яго ў гэтым выпрабаваньні. Досыць, каб у кабінэце начальніка выкласьці намесьніку Самсонава сваю просьбу. Ён зірнуў на мяне са зьдзіўленьнем, але бяз гневу.
— Гэта лягер, — коратка сказаў ён, — а не сентиментальный роман.
Кастылёў, якому я распавёў пра свой няўдалы намер толькі пасьля вяртаньня з бараку начальніка, ня быў ані зьдзіўлены, ані шакаваны гэтым. Для яго гэта быў сапраўды „раман”, хоць, можа, і не такі сэнтымэнтальны, як гэта магло здавацца намесьніку Самсонава, — „раман” з трагічным заканчэньнем, пра якое ён ужо ведаў; і была апошняя спроба ўратаваць яго, на якую надумаўся я — ягоны „хороший друг с Запада”. Ён толькі паціснуў мне руку й выйшаў. Гэта магло быць нашым разьвітаньнем, бо далёкія этапы часам забіралі людзей наўпрост з лазьні на станцыю.
Назаўтра вечарам ля вартоўні мяне чакаў Дзімка.
— Густаў Іосіфавіч, — усхвалявана шаптаў ён, схапіўшы мяне за руку, — Кастылёў абліўся вядром вару ў лазьні. Ён у шпіталі.
Мяне ў шпіталь не пусьцілі, зрэшты, ужо не было чаго там і рабіць. Кастылёў паміраў у жахлівых пакутах, да канца не прыйшоўшы ў прытомнасьць. Гэтым разам яго звольнілі назаўжды. І хаця ён памёр інакш, чым жыў у той час, калі я яго ведаў і своеасабліва любіў, дасёньня ён застаецца для мяне сымбалем чалавека, які страціў усё, у што верыў, — я бачу яго зь перакрыўленым ад болю тварам, з рукою, што распальваецца ў агні, нібы вастрыё гартаванага мяча.
Відаць, старой Кастылёвай своечасова не паведамілі пра сьмерць сына, бо на пачатку траўня, вечарам, калі мы чакалі праверкі перад брамаю лягеру, стражнік паказаў нам яе на вартоўні. За шыбаю мы пабачылі яе дрыготкія рукі, якія гарнулі ў маленькі клуначак памяткі па Мішу, і зморшчаны, суровы твар, які курчыўся ад сухіх рыданьняў. О, каб гэта бачыў той, хто сваім самотным і роспачным шаленствам, сваёй дзіцячай і сьляпой цягай да волі даўно высушыў на яе вачох усе сьлёзы!