Іншы сьвет

Герлінг-Грудзіньскі Густаў


Частка другая - Трупярня

Канцом зямной вандроўкі ў лягеры была Трупярня, вялікі барак, што месьціўся паміж кухняю й баракам для цяжарных кабет, — у яго накіроўвалі вязьняў, няздольных да працы, перад тым як канчаткова выкрасьліць іх са сьпісу жывых.

Сам вырак, які асуджаў на Трупярню, ня быў, аднак, канчатковым і празь некаторы час рэвізаваўся. Вязень адыходзіў у Трупярню на падставе заключэньня лекараў, калі пераставаў быць „работягой” і рабіўся „доходягой”. Але — прынамсі тэарэтычна— заўсёды існавала магчымасьць рэгенэрацыі арганізму, бо нават для маладых вязьняў аднаго адпачынку, бязь лепшага харчаваньня, было недастаткова, каб адрадзіць заняпалае жыцьцё. Трупярня азначала толькі вызваленьне ад пакуты працы, але не ад пакуты голаду. Наадварот, голад робіцца сапраўды грозным і прыводзіць на край вар’яцтва толькі ў бязьдзеяньні, калі досыць часу на тое, каб падрабязна адчуць пакуту голаду, каб напоўніць думкаю аб ім кожную хвіліну нерухомага ляжаньня на нарах. Таму тлум жабракоў, які штодзённа чакаў на кухні раздачы рэшткаў баланды з катлоў, пераважна складаўся з жыхароў Трупярні.

Найбольш дзіўнай рысаю Трупярні было тое, што спачатку яна мелася вяртаць зьнясіленых вязьняў у стан параўнальнай прыдатнасьці да працы, але практычна выконвала ролю, якую выяўляла ейная жаргонная назва, — моргу, перадпахавальнага дому. Порцыя ежы — прыблізна ў памеры „другога катла” — ні ў якім разе не магла паўплываць на тармажэньне працэсу адміраньня тканак, а тыповыя хваробы Поўначы — цынга й пэлягра — не вылечваліся сымбалічнай „антыцынготнай” салаткаю. Толькі вельмі моцны арганізм, зьнясілены працай, але не праедзены іржою хваробы, меў шанцы сабраць сілы й вярнуцца да жыцьця — аж да наступнага крызысу. Паўторная лекарская сэлекцыя (падобная да „выбаркі” старых і слабых „пад газ”, што праводзілася ў нямецкіх канцэнтрацыйных лягерох) дзяліла жыхароў Трупярні на „слабосилку” й „актировку”. Першую катэгорыю атрымоўвалі вязьні, якія яшчэ мелі нейкія надзеі вярнуцца на працу пасьля адпачынку ў Трупярні; ім давалі невялікі дадатак да порцыі, г. зв. „слабосильное питание”, і арганізоўвалі іх у „слабкоманду”, якую скарыстоўвалі на лягчэйшых дапаможных працах у зоне. Другая назва азначала невылечны дыягназ — практычна вырак павольнае сьмерці ў Трупярні; вязьні з „актировки” ўжо не былі прыдатныя ні для якой працы, не атрымоўвалі і ніякага дадатку да ежы. Ім заставалася толькі цярпліва чакаць канца.

Рэдкія выпадкі вяртаньня са „слабосилки” да жыцьця й працы нават і з гэтага падзелу пакідалі фікцыю, але жыхары Трупярні — увогуле ўсьведамляючы той факт, што плывуць у адной лодцы, нягледзячы на штучны падзел — вельмі стараліся быць залічанымі ў першую катэгорыю. У прынцыпе, тут вялося ня гэтулькі пра той дадатак да ежы, колькі пра вырак сьмерці, які ўтрымоўваўся ў слове „актировка”. Ня гэтак лёгка было зьмяняць страту рэшткаў надзеі на поўны спакой і бязьдзейнасьць. Ніхто, думаючы аб бараку, да якога раней або пазьней вялі ўсе дарогі лягернага жыцьця, не наважыўся б параўнаць яго са шпіталем. Ён стаяў трохі збоку, самотны, засыпаны сьнегам, з вокнамі, што пазіралі цьмяна, быццам вочы сьляпога, і зь белым мэтлухам дыму, што лунаў, як капітуляцыйны сьцяг; пакінуты надзеяй і абмінаны жывымі — я акрэсьліў бы ягонае становішча гэтак: ён ужо ня ў лягеры, ён ужо за дратамі. Па той бок вечнай волі… Але ў гэтым апошнім падарожжы яго не суправаджала нават пачуцьцё літасьці. „Барахло, сьмецьце, — казалі пра Трупярню ў зоне, — дарэмна ядуць хлеб. І для нас, і для іх было б лепш, каб ім скарацілі пакуты”.

Я ішоў са шпіталю ў Трупярню трохі зь іншымі пачуцьцямі, чым мае таварышы. Пяцідзённы побыт у шпіталі не паўплываў на маю апухласьць і не загаіў раны на нагох — наадварот, нэрвовая палёгка пасьля галадоўкі цяпер адкрыла арганізм для новага прыступу цынгі — але памяць пра перамогу была яшчэ дастаткова сьвежай, каб падмацаваць ужо было сатлелую надзею. Трупярня здавалася мне найлепшым выйсьцем у сытуацыі, у якой без тэмпэратуры я ня меў права ляжаць у шпітальным ложку, а з пэрспэктывы ўжо, можа, блізкага вызваленьня я лічыў за лепшае бязьдзейна ляжаць на нарах побач са сьмерцю, чым сутаргава хапацца за жыцьцё пры працы. Гэтак пэўным чынам я ішоў да пракажоных, прыкрыты нябачным панцырам ад праказы. І зноў, як некалі, я адчуў нешта кшталту сораму, што лёс усё выразьней сьпіхвае мяне з дарогі, якую перада мной вытапталі тысячы апухлых і гнойных ног савецкіх вязьняў.

Дарога вяла паўз амбуляторыю, прыбудоўку да тэхнічнага й мацярынскага баракаў. Я часта прыпыняўся, кладучы на сьнег клуначак з усім маім лягерным набыткам і разглядаючы зону. Унізе, асьветлены марозным сьнежаньскім сонцам і акапаны высокімі сьнежнымі валамі, стаяў колішні мой барак, і я ведаў, што ў яго я ўжо ніколі не вярнуся. Дзьве цяжарныя кабеты павольна ішлі ў бок амбуляторыі, прытрымліваючы пукатыя жываты чырвонымі ад марозу рукамі. За дратамі, як вокам кінуць, цягнулася белая пустка, аблямаваная на даляглядзе тоўстай рысаю лесу. Перад уваходам у Трупярню я затрымаўся яшчэ, каб перакінуць клуначак на другое плячо й перавесьці дыханьне. У тую ж хвіліну з майго колішняга бараку выйшла брыгада грушчыкаў і скіравалася ў бок лазьні. Колькі ж часу мінула, калі я хадзіў вось гэтак зь імі, колькі ж новых, незнаёмых твараў заняло месца тых, чые прозьвішчы яшчэ заставаліся ў людзкой памяці! Калі брыгада падыйшла да Трупярні, нехта пазнаў мяне, махнуў рукою й весела крыкнуў: „Здравствуй, дружок! Подыхать?”

У Трупярні мяне сустрэлі цікаўныя погляды з абодвух шэрагаў верхніх і ніжніх нараў. Я кінуў клунак на стол і пачаў шукаць Дзімку. Я знайшоў яго ў самым рогу, на ніжніх, як звычайна, нарах (разам са сваім пратэзам ён займеў і неахвоту ўзлазіць наверх, хаця й лічыў, што ляжаньне над іншымі вязьнямі цудоўна выпраўляе самаадчуваньне), ён спакойна драмаў зь вечнаю драўлянай лыжкай у рукох. Ён зьмізарнеў з часоў свае „актировки”, але пасівелая, пастрыжаная ў клін барада надавала ягонаму твару выраз адчужанасьці й спакою. Я абудзіў яго, лёгка дакрануўшыся да плечука. Некаторы час ён мяне не пазнаваў, балесна напружваючы мутныя ад сну й бескалёрныя, як ледзяшы, вочы, але потым адразу ж усхапіўся з нараў, і ягоны твар распагодзіўся ўсьмешкай. Сорамна сказаць — я ня бачыў яго ад часу, калі, забраўшы з нашага бараку свае лахі, ён паціснуў мне на разьвітаньне руку перад тым, як адыйсьці ў Трупярню. „Сынок, — сказаў ён амаль скрозь сьлёзы, — я чуў пра ўсё. Молодец! Хлеб табе аддалі за восем дзён?” — трывожна запытаўся ён, шукаючы поглядам мой вузельчык. Якім жа шчырым было ягонае абурэньне, калі ён дазнаўся, што ў дзень заканчэньня галадоўкі стос хлебу з маёй камэры паводле загаду Самсонава быў зноўку адпраўлены ў „хлеборезку”. Аднак Дзімка не спытаўся пра прычыны майго прыбыцьця ў Трупярню. Усё адгадаў тым шостым пачуцьцём, якое старым вязьням дазваляе чытаць па тварах таварышаў, як у разгорнутай кнізе.

Паблізу ад лежбіска Дзімкі знайшоўся й інжынэр М., які нядаўна адведваў нас пару разоў у шпіталі, але ўнікаў размоваў пра галадоўку. Дзякуючы ягонаму такту гэтая справа была цалкам забытая, пакідаючы ўсім шасьці палякам роўны ўдзел у надзеі. Было нешта прыгожае й пераканальнае ў гэтым самаадданым жэсьце салідарнасьці, які быў прыняты без аднаго слова тлумачэньня. М. таксама быў у бараку навічком, бо нядаўна яму яшчэ дазвалялі, нягледзячы на залічэньне ў „слабосилку”, жыць у агульным бараку. Цяпер ён ляжаў на верхніх нарах, і я пазнаў яго здалёк па доўгіх нагах, абвязаных анучамі й значна высунутых за край дошак. Я пацягнуў яго за нагу, і ён усхапіўся з задуменьня, — а можа, малітвы? — і пасадзіў мяне на нары каля сябе. Так я стаў жыць у Трупярні на трох вузенькіх дошках, бо мой сусед справа — настаўнік з Новасібірску, які некалі выдзяляў ваду ў лазьні, — не жадаў мне саступіць хаця б на мілімэтар болей месца.

Апоўдні вярнуўся ў Трупярню Садоўскі. Казалі, што раніцай і вечарам ён выпраўляецца на кухню жабраваць і вяртаецца з пустым кацялком, што, зрэшты, цалкам не азначала, што з пустым страўнікам. Бо Садоўскі быў у той стадыі голаду, калі ня мог нават данесьці да бараку гарачыя зьліўкі з катла, а выпіваў іх стоячы, апякаючы сабе вусны.

У рэдкія хвіліны яснасьці розуму Садоўскі гаварыў і распавядаў, як некалі, цікава й выразна, аднак бывалі дні, калі ён нікога не пазнаваў, нерухома сядзеў на лаве пры стале, гледзячы ў непрытомнай упартасьці ў адну кропку, стоены й гатовы ўчапіцца кожнаму назоле ў горла. І з гэтай вар’яцкай задумы вырываў яго толькі бразгат кацялкоў за вакном, які азначаў час раздачы ежы. Паміж ім і Дзімкам ішла ў Трупярні ціхая, але зацятая вайна, бо абодва лічыліся самымі заўзятымі жабракамі на кухні й, пэўна, неаднойчы пераходзілі адзін аднаму дарогу. Дзімка ставіўся да інжынэра зь несхаванай непрыязнасьцю, бяз дай прычыны надаючы ёй палітычны характар; стары бальшавік быў цяпер далёкі ад дыялектычных прынцыпаў, якія некалі прыводзілі яго на край лягічнага самазьнішчэньня, і калі ўвогуле й гаварыў, то толькі для таго, каб успамінаць. З маім прыбыцьцём у Трупярню стасункі паміж імі выправіліся настолькі, што часта вечарамі, упрасіўшы М., мы ўчатырох сядалі за агульны стол гуляць у шахматы або гутарыць. Але ніколі мне не здаралася бачыць, каб яны размаўлялі паміж сабой сам-насам, і ніколі яны не ішлі на кухню разам зь іншымі жыхарамі Трупярні.

Трупярня значна розьнілася сваім выглядам ад астатніх баракаў. На першы погляд яна нагадвала начлежню для бадзягаў і жабракоў і ў пэўным сэнсе ёю й была. Удзень частка вязьняў ішла на зону ў пошуках ежы або на лёгкія дапаможныя працы, а астатнія ляжалі на нарах, напаўголаса гутарылі, цыравалі вопратку, гулялі ў карты, пісалі лісты. Найбольш уражвала ў Трупярні сталая цішыня. Ніхто яе не патрабаваў і тым больш не рэгуляваў, але яе захоўвалі так старанна, быццам выконвалі няпісаную дамову. Вязьні размаўлялі між сабою шэптам і зьвярталіся адзін да аднаго далікатна — з той тыповай сарамлівай ветлівасьцю, якая з парогу кідаецца ў вочы ў шпіталях для невылечна хворых. Каб ня той факт, што шмат вязьняў не маглі стрымаць сваіх фізыялягічных патрэбаў, Трупярня магла б лічыцца найчысьцейшым і найакуратнейшым баракам у зоне. Папраўдзе, у нас не было ўласнага „дневального”, але кожны дзень вязьні па чарзе шаравалі падлогу, мылі сталы й лавы, праціралі анучаю шыбы ў вокнах, палілі ў печы й прыносілі ваду. Над некаторымі нарамі віселі выцінанкі з каляровай паперы, фатаграфіі з газэтаў і сямейныя здымкі ў сярэбранай фальзе з уваткнутымі зьверху засохлымі кветкамі. Было нас у Трупярні каля ста пяцідзесяці; барак быў ладны, добра дагледжаны, з водступамі паміж нарамі на кожным дзясятым лежбіску. Неаднойчы пасьля сьняданку мы вялі спрэчкі пра тое, хто сёньня павінен прыбіраць барак, бо ўдзень час цягнуўся проста пакутліва, здавалася, ён выцякае з нашых жылаў разам з крывёю. Толькі пад вечар, калі ў зону вярталіся вязьні са „слабкоманды”, а ў бараку запальвалася сьвятло, Трупярня на кароткі час ажывала й выбухала нечаканым жыцьцём. Ужо сам выгляд вязьняў, што гулялі паміж ложкамі ў шашкі альбо зьбіраліся паміж нарамі, дзейнічаў суцяшальна. Барак напаўняўся цяплом, адкрываючы нам раны, сэрцы й вусны. Сьвятло распырсквалася промнямі ад зіхоткіх на тле цемры белых люстэркаў шыбаў. Часам чуўся сьмех, галасы, што пераходзілі межы шэпту, а з дальніх нараў нясьмела зрываліся гукі губных гармонікаў і трапяталі ў паветры, як мятлушкі ў сьветлым коле лямпачак. Але разам з ноччу ў Трупярні зноў запаноўвала мёртвая ціша, каб раптам лопнуць пад завесаю сну, як нагноены верад, крыкамі й трызьненьнем, больш пранізьлівымі, роспачнымі й рэзкімі, чым у звычайных бараках. Трупярня танула ў душным цяпле выдыхаў, гарачкавым сьне й смуродзе экскрэмэнтаў.

Аднак пад маскаю зьнешняга выгляду хавалася іншая рэчаіснасьць, якую можна было спазнаць, пажыўшы ў Трупярні пэўны час. Жабрацкі й валацужны лад жыцьця нават у турме патрабуе сваіх уласных законаў, падобных у карыкатурным выглядзе да правілаў, што кіруюць жыцьцём нармальных вязьняў. Напрыклад, зайздрасьць стрымлівалася ў звычайных бараках тым фактам, што ніхто ня мог зьесьці больш, чым зарабіў; узаемную нянавісьць трохі прытупляла праца, роспач часта сьціхала, утаймаваная стомаю. Усё гэта адпадала ў Трупярні. Час, нялітасьцівы валацуга час, і пустка бязмэтнага чаканьня напаўнялі барак атмасфэрай, у якой набрынялая злосьць ледзь не зрывала ўсіх гацяў штучнай ветлівасьці. Седзячы на нарах у прагнілых лахманох, з аброслымі тварамі й млява абвіслымі калодамі ног, вязьні падазрона прыглядаліся адзін да аднога, узаемна адсочвалі кожны рух, хацелі ведаць адзін пра аднога ўсё. Тыя, што паміралі, не маглі ня бачыць у вачох сваіх сутаварышаў пытаньня „калі?”. Людзі, што вярталіся да здароўя, вельмі жорстка хваліліся гэтым. У гэтым клубку амаль згаслых чалавечых жарсьцяў самым жахлівым было тое, што яны выяўляліся апошні раз так схавана й так адкрыта. Вярнуўшыся аднойчы ўвечары з зоны ў барак, я пабачыў настаўніка з Новасібірску — таго самага, які за каліва махоркі некалі распавядаў нам пра голых кабет у лазьні, — ён нахабна абапёрся на стаяк нараў, засунуўшы рукі ў кішэні й недапалак у ражок вуснаў, ды зьдзекваўся з двух невылечных пэлягрыкаў. „Жанчыны,— вішчаў ён пад сьмех з суседніх нараў, — ногі, сьцёгны, грудзі — шкода, што не для вас гэтая раскоша, браткі”. І незаўважна для сябе самога я паволі паддаваўся правілам Трупярні. Ніколі не забуду дня, калі мне ўдалося на пару гадзінаў уціснуцца на дапамогу ў кухню. Вечарам, калі я ўжо памыў катлы й дасыта наеўся на месцы (тым, хто працаваў на кухні, нельга было выносіць ежу ў зону), я раптам убачыў у абледзянелай шыбе вакенца спачатку твар Дзімкі, а потым Садоўскага, і дзьве рукі з кацялкамі, што выпіхвалі адна адну з шчыліны пад шыбкай. Адзін з кухараў зьнянацку спусьціў засаўку, і рукі жабракоў уздрыгануліся ад болю, але, ня выпусьціўшы кацялкоў, маланкава рванулі назад. Я глядзеў на тое, што адбывалася па той бок шыбы, зь непрыязнасьцю, амаль з агідай, хоць і сам зь нядаўняга часу пачаў хадзіць вечарамі ў кухню па рэшткі баланды. Памылкай было б лічыць, што толькі жабрак, які выбраўся з нэндзы, здольны зразумець нядолю сваіх колішніх таварышаў. Нішто так не адштурхоўвае й не выклікае супраціву, як вобраз уласнае долі, даведзенай да сваёй мяжы.

І ўсё ж Трупярня спрыяла паглыбленьню сяброўства між вязьнямі, якія перад тым зналіся на зоне. Амаль год я жыў зь Дзімкам, як сын з бацькам, але толькі цяпер, падчас доўгіх гутарак у Трупярні, я бліжэй спазнаў гісторыю ягонага жыцьця. Ён быў маладзенькім папом у Верхаянску, калі выбухнула рэвалюцыя. Пару першых гадоў яго не чапалі, аднак потым ён сам скінуў расу й стаў канцылярскім работнікам. Блізу 1930г. ажаніўся й выехаў на поўдзень Расеі звычайным рабочым. Ён цяжка працаваў, на свой лад зблізіўшыся з камунізмам, і амаль цалкам забыўся пра мінулае. Дзімка быў адзіным знаёмым мне па лягеры чалавекам, які сьцёр з памяці трыццаць гадоў свайго жыцьця так старанна, што, здавалася, зь цяжкасьцю арыентаваўся сярод плыткіх і невыразных ценяў свае маладосьці. Ягоная дзіцячасьць паходзіла з факту, што ён быццам другі раз нарадзіўся ў 1925 г. Затое ягоная сталая мудрасьць пакрыёма запусьціла глыбокае карэньне ў замерлую мінуўшчыну. У ім таямнічым чынам зраслося два чалавекі, і ён сам ня ведаў, хто зь іх насамрэч сапраўдны. З маладосьці ў яго засталося сардэчнае, спачувальнае й інстынктыўна рэлігійнае стаўленьне да людзкіх пакутаў, але, калі ён усьведамляў гэта, то спалохана шукаў схованкі ў цынічных кпінах зь любой веры. Адзінае, што сапраўды мае значэньне, — і тут у ягонай душы гаварыў малады хлопец, сапсаваны заўчаснай барацьбой за жыцьцё, — гэта зьесьці як найбольш і спаць як найдаўжэй, „сохранить жизнь”, як ён казаў. Але як бальшыня атэістаў, ён нават не падазраваў, што акт ягонага рэлігійнага бунту быў па сутнасьці больш хрысьціянскі, чым тысяча цудоўных верапрыняцьцяў. Неяк увечары яго запыталі, калі ён канчаткова перастаў верыць у бога, і ён адказаў, што ў 1937 г., калі адсёк сабе на „лесоповале” ступню, каб пайсьці ў шпіталь і ўратаваць веру ў сваю ўласную волю й у сябе як у чалавека. З гэтага пункту гледжаньня ён быў яскравай процілегласьцю Садоўскаму, які да апошняй прытомнай хвілі ў Трупярні захаваў пагарду да чалавека й веру ў абстрактную сыстэму, збудаваную чалавечай думкаю. Дзімка быў арыштаваны ў 1936 г. за сваё забытае злачынства „папоўства” і належаў да старой, ужо амаль вымерлай партыі каргапольскіх „піянэраў”. Разам зь ім арыштавалі й саслалі ў Сярэднюю Азію жонку й дваіх дзяцей. Ужо пяць гадоў ён ня ведаў і, што яшчэ больш дзіўна — не жадаў нічога ведаць пра іхны лёс.

Чалавекам зусім іншага кшталту быў М. Нягледзячы на лахманы, ён выглядаў на арыстакрата й паводзіў сябе як арыстакрат. Вельмі высокі й тонкі, з пародзістым, выцягнутым тварам, з глыбока пасаджанымі вачыма, якія выражалі адразу і смутак, і годнасьць, ён рухаўся па бараку ў далікатнай задуме й размаўляў далёка ня з кожным. Вязьні яго адначасна і не любілі, і паважалі. Ён умеў трымацца збоку, нікога ня ранячы, але не пазьбягаў ніякай справы, якая б мела больш трывалае значэньне. Ён мог здавацца сьмешным кожнаму, хто яго ня ведаў бліжэй: незвычайна доўгія рукі й ногі цягнуліся за ім, як за лялькаю на матузах, а з носу й вачэй у яго бесьперапынна цяклі тонкія струменьчыкі, пракладаючы сабе дарогу па схуднелым твары да вуснаў. М. хварэў ня толькі на сэрца; больш балеснымі былі частыя прыступы мігрэні на фоне парушэньня дзейнасьці мозгу; падчас прыступаў ён сядзеў ля стала, паклаўшы на рукі галаву, са сьціснутымі павекамі, быццам спрабаваў любым коштам заснуць. Яго зьнясільваў таксама недаплыў крыві да канечнасьцяў, і было сапраўды цяжка глядзець, як ён марна стараецца абагрэцца ля печы, зьвіснуўшы над агнём, як уласны падоўжаны цень. Здаралася, што ён нечакана прыпыняўся ля нараў, абапіраўся аб бэльку, прыкрываў вочы й прыціскаў далоні да скроняў; тады я ведаў, што ён рыхтуецца адбіваць напад болю. Але я ні разу ня чуў зь ягоных вуснаў ані слова скаргі, і ён ніколі ня даў пачуцьцю голаду авалодаць сабою. Ён галадаў — мы добра ведалі пра гэта — але нават тое, што ўдавалася дастаць, зьядаў спакойна й з годнасьцю. Адзінай ягонай ціхай жарсьцю, перад якою ён быў безабаронны, было паленьне. Ня раз, азірнуўшыся вакол, ён падымаў зь зямлі недапалак і хуценька хаваў яго ў кішэні. Я ведаў таксама, што празь дзень ён адразае палову сваёй галоднай порцыі хлебу й прадае яе ў зоне за шчопаць махоркі. Пэўным чынам паленьне яго згубіла, бо яго, як і мяне, затрымаў у лягеры данос „нарядчика”, да якога ён часта хадзіў на перапал і... размовы. З поглядаў ён быў кансэрватарам, але насамрэч яго цікавілі толькі тры рэчы: Бог, Польшча й жонка. Расейцы арыштавалі яго ў адным з усходніх ваяводзтваў, дзе ён служыў высокім ураднікам міністэрства сельскай гаспадаркі, праз тры дні, як увайшлі ў Польшчу, 20 верасьня 1939 г., і асудзілі спачатку на сьмерць, а потым на 10 гадоў турмы. Яшчэ ў верасьні ў Баранавічах ён даведаўся, што жонку саслалі ўглыб Расеі, і з тых часоў, як апынуўся ў лягеры й атрымаў права штомесяц пісаць адзін ліст, ён марна намагаўся навязаць зь ёю кантакт. Ягоныя жахлівыя галаўныя болі ў вялікай ступені вынікалі, напэўна, з таго, што ў хвіліны самоты ён канцэнтраваў зрок свае памяці на адным прадмеце — вобразе жонкі. Але ўночы (я спаў побач зь ім на нарах) ён знаходзіў пэўную палёгку ў малітве. Я ніколі ў жыцьці ня ведаў другога чалавека, які б так прыўкрасна маліўся, як М. Узьняўшыся з нараў, ён прыкрываў твар далонямі й ціха шаптаў словы малітвы такім выразным голасам, набрынялым болем і сьлязьмі, быццам кленчыў перад распяцьцем, уражаны бязьмежным захапленьнем перад Тым, чыё раскрыжаванае цела ня выдала зь сябе ні слова скаргі... „За каго ты гэтак молісься?”— аднойчы запытаўся я, ня могучы заснуць. „За ўсіх людзей”, — спакойна адказаў ён. „І за тых, што нас тут трымаюць?” „Не, — адказаў ён пасьля задумы, — гэта ня людзі”.

Часам мы ўчатырох сядзелі пры стале. Дзімка вельмі любіў шашкі, і я зь ім гуляў, хаця мне трохі дакучала аднастайнасьць рухаў. Садоўскі і М. асьцярожна камэнтавалі апошнія падзеі на фронце, сочачы за нашаю гульнёй. Садоўскі, які з паходжаньня быў палякам (нарадзіўся ў Гародні, але выехаў з бацькамі ўглыб Расеі яшчэ да рэвалюцыі 1917 г.), не цярпеў М. за ягоную міжвольную „панскасьць” і рэлігійнасьць. Дзімка таксама коса глядзеў на М., але нягледзячы на гэта мы былі адной з самых шчыльна злучаных групаў у Трупярні. Неаднойчы, калі ў бараку запальвалася сьвятло й вязьні пачыналі сыходзіць з нараў да сталоў, пустое месца ў нашым куце стварала ўражаньне балючай дзіркі.

Перад Божым Нараджэньнем усім шасьці палякам далі прачытаць і падпісаць кароткае паведамленьне: „Задержан в лагере по распоряжению Особого Совещания в Москве”, — гэтак гвалтоўна абарваўшы поўнае надзеяў чаканьне. Цяпер я пачаў глядзець на Трупярню іншымі вачыма. Выглядала на тое, што мне наканавана было застацца ў ёй надоўга, калі не назаўжды.

Божае Нараджэньне сьвяткавалася ў лягеры неафіцыйна й амаль кансьпіратыўна. Усе рэлігійныя сьвяты былі вельмі старанна сьцёртыя з савецкага календара, саступіўшы месца гістарычным гадавінам, зьвязаным з кастрычніцкай рэвалюцыяй і агіяграфіяй камуністычных сьвятых; на волі нядзелі былі замененыя афіцыйным „выходным днём”, які прынцыпова прыпадаў на панядзелак. Сярод малодшых вязьняў, ужо амаль цалкам выхаваных у бальшавіцкіх традыцыях, сустракаліся й такія, якія ня ведалі нават хрысьціянскіх паданьняў, што стаялі ля крыніцаў сьвятаў. Але старэйшыя вязьні хавалі ў памяці й сэрцы стары каляндар, пакрыёма й сьціпла кіруючыся ягонымі правіламі. Падчас першага Божага Нараджэньня 1940 г. мяне ўразілі ўрачысты выгляд бараку на куцьцю й вялікая колькасьць вязьняў з чырвонымі ад сьлёз вачыма. „Усяго найлепшага, — казалі яны, моцна сьціскаючы маю руку, — каб на наступны год на свабоду”. Гэта было ўсё сьвяткаваньне. Але хто спазнаў савецкі лягер, той ведае, што гэта было вельмі шмат. Бо слова „свабода” ў Расеі ня згадваецца дарэмна.

Божае Нараджэньне 1941 г. мы вырашылі адсьвяткаваць неяк выключна — менавіта таму, што мы віталі яго з пачуцьцём поўнай безнадзейнасьці. Увечары ў Трупярню прыйшлі астатнія чацьвёра палякаў, і перш чым мы пераламілі схаваны для гэтага выпадку акраец хлебу, пані З. падаравала кожнаму з нас хустачку з вышытым арлом, галінкаю елкі, датаю й манаграмай. Цяжка было ўявіць, дзе яна знайшла на гэта ніткі й тонкае палатно, а яшчэ цяжэй паверыць, што, нягледзячы на цяжкую працу на дрывотні, яна прысьвяціла гэтаму сама меней пяць вечароў. У любым выпадку мы краталі тыя хустачкі зь дзіцячай радасьцю (я сваю захоўваю дагэтуль) і дзякуючы ім на хвіліну забыліся, што ўся нашая сьвяточная вячэра складалася з кавалку хлеба й кубку кіпеню. Было нешта, што міжвольна ўзбуджала павагу да грамадкі людзей, што схіліліся над пустым сталом і плакалі па сваёй радзіме, бо жыхары Трупярні пачціва глядзелі на нас з нараў, а Дзімка й Садоўскі хуценька сыйшлі ў зону. Позна ўвечары размова пацякла трохі жывей, і нават цяпер я памятаю аповед Б., якога, як афіцэра рэзэрву польскіх войскаў, арыштавалі ў бараку назаўтра ж пасьля пачатку расейска-нямецкай вайны й пасадзілі ў цэнтральны ізалятар. Б. распачаў неахвотна (большасьць вязьняў адчувала гэты страх пры згадках пра сьледзтва й усё, што адбывалася ад арышту да выраку), але паступова разгаварыўся, быццам яму давала палёгку гэтае раскрыцьцё таямніцаў, якія вязьні звычайна стараюцца замаўчаць. Калі ён скончыў, Трупярня была ўжо агорнутая глыбокім сном.