Іншы сьвет

Герлінг-Грудзіньскі Густаў


Частка другая - Начныя крыкі

У нас, бітых людзей — казалі яны — адбітыя вантробы:
вось чаму мы крычым па начох.
Дастаеўскі, „Нататкі зь мёртвага дому”

Нягледзячы на тое, што сьвятло гарэла ў бараках ад змроку да сьвітанку, мы мелі вельмі выразнае адчуваньне набліжэньня ночы.

Пасьля працы й вечаровай баланды вязьні мелі яшчэ 2–3 гадзіны адпачынку. Яны бавілі іх па-рознаму: цыравалі зношаную лягерную вопратку або пісалі лісты на драўляных куфэрках; іншыя выбіраліся ў адведкі да знаёмых; маладзейшыя ішлі да жаночага бараку; стаханаўцы, якія мелі права карыстацца лягерным „ларьком”, накіроўваліся туды, каб пераканацца, ці не зьявілася на пустых паліцах конская кілбаса — адзіны прадукт, які выстаўляўся ў зоне на продаж прыкладна кожныя тры месяцы; хворыя рыхтаваліся да візыту ў амбуляторыю, а брыгадзіры сьпешна рабілі апошнія запісы для „нормировщика”. Ва ўсіх гэтых дзеях была адзіная агульная рыса: яны бяздарна капіявалі жыцьцё на волі. Часта для праніклівага назіральніка гэта выглядала як танец ценяў, якія пазычалі жэсты, імкненьні й навыкі з колішняга жыцьця, тым больш ушаноўваючы форму, чым меней у ёй было зьместу. Часта можна было пачуць, як вязьні казалі: „Пасьля вячэры я заўсёды гуляў у шашкі”, альбо „Мая жонка заўсёды скардзілася, што я заміж таго, каб спаць, цягаюся па чужых селішчах. Вось звычка дык звычка, засталася на ўсё жыцьцё”. Насьледаваньне свабодзе было падсьвядомым, але безь яго жыцьцё ў лягеры было б невыносным, і ніхто, каго вёў інстынкт самазахаваньня, хто бараніўся такім чынам ад безнадзейнасьці й роспачы, не задумваўся, жыве ён у сьвеце сапраўдных зьяваў або ілюзіі. Можна спрачацца, ці быў гэты спосаб натуральнай формай паводзінаў людзей, якія большую частку свайго жыцьця правялі на волі, або штучным інстынктам самазахаваньня мёртвых пры жыцьці нявольнікаў, але адно застаецца несумнеўным: нельга зразумець няволі, не вымяраючы яе свабодай, нават скрыўленай і здэфармаванай.

Гэтае апісаньне датычыць толькі нешматлікіх вязьняў, якія, патанаючы, як і іншыя, у бездані лягеру, спрабавалі, аднак, выбавіцца зь ейных віроў і глыбіняў адчайнымі рухамі рук. Бо бальшыня — істотная бальшыня, да якой у пачатку й пад канец свайго побыту ў лягеры належаў і я, — калі й сыходзіла з нараў пасьля вячэрняга супу, то хіба па тое, каб запоўніць пустку ў страўніках літрамі кіпню, які стаяў у куце кожнага бараку. Працэс раскладаньня тут быў годны зьдзіўленьня: нерухомасьць і ацяжэласьць прысьпешвалі сьмерць, а ненатуральнае ажыўленьне аддаляла яе на няпэўны час. Можна было быць упэўненым, што вязень, які, тонучы, не зрабіў ніводнага руху, але наадварот, ліў у сябе ў прыступе галоднага шалу непатрэбны баляст кіпню, аднойчы пойдзе на дно, як камень, і назаўтра сьвітанак выкіне на водмель нараў ягонае жахліва апухлае й налітае цела. Калі ж абміне яго сьмерць, падобная да выбуху надзьмутага пухіра, ён распухаў паступова, потым вяртаўся да свае ранейшае формы, каб нарэшце легчы ў Трупярні ля гэткіх, як ён, людзкіх шкілетаў, абцягненых скурай. Цікава, што выгляд вязьняў, якія ад сьмерці бараніліся хаця рухавасьцю, быў цалкам адваротны: пару гадоў захаваўшы параўнальна добрую фізычную кандыцыю, яны аднойчы пачыналі пухнуць і паміралі ад галоднага ацёку тады, калі спрацаванае сэрца ўжо не магло даставіць кроў па такіх падоўжаных артэрыях.

У любым выпадку, у тых варунках жыцьця й працы, якія былі створаныя вязьням у лягеры, нават найсьціплейшая дысцыпліна адпачынку вымагала вялізных высілкаў волі або такіх спакусаў, якія былі б мацнейшымі за сьмяротную стому пасьля адзінаццацігадзіннай працы на холадзе й у голадзе. Для бальшыні вязьняў вяртаньне на зону й такое жаданае праз цэлы дзень ляжаньне на нарах было ілюзійнай і згубнай формай аднаўленьня арганізму.

Увечары барак, спусьцелы хіба ў некалькіх месцах, уяўляў сабою асаблівае відовішча. На некаторых нарах вязьні ляжалі нерухома, толькі сьцягнуўшы боты, і бяздумна ўглядаліся ў суседзяў насупраць, ашчаджаючы нават найменшы рух; на іншых нарах утвараліся маленькія групкі суразмоўцаў, якія ляжалі ў бязладных пазыцыях, і менавіта яны надавалі бараку выгляд шпіталю, дзе нават у гадзіны, вольныя ад лячэбных працэдураў, гавораць сьцішаным шэптам; госьці зь іншых баракаў зьбіраліся наогул ці ля печы, ці на нарах сваіх гаспадароў і, адзіныя цалкам апранутыя, выглядалі як здаровыя людзі, што адведваюць хворых знаёмых. Пастаяннае сьвятло некалькіх лямпачак завастрала гэты вобраз, рабіла яго цалкам рэалістычным, але не непрыемным. Было ў ім нешта ад спакою, ад палёгкі, ад спацелай стомленасьці й ад смутку прымусовага адасабленьня. Атмасфэра бараку набывала суцяшальны выгляд начлежкі. Бляск агню, што гарэў у пячурцы, матава адбіваўся ў гладзі шыбаў — белых звонку, крысталічна чорных знутры. Гледзячы ад дзьвярэй, можна было напластаваныя на нарах лахі прыняць за разварушаную пасьцель, а анучы, што сушыліся на гліняным камінку печкі й на матузах, працягненых паміж бэлькамі, — за сьвежавыпраную бялізну. Такім чынам, ня выгляд бараку быў страшны. Страшным быў выгляд ягоных жыхароў, калі ідзеш ад дзьвярэй і ловіш па дарозе позіркі, у якіх цень сьмерці — як у шпіталях для невылечна хворых — разьвінаўся на крылах ночы. Бо вязьні, якія пасьля вяртаньня з зоны рэдка сыходзілі з нараў, мелі вельмі вострае адчуваньне набліжэньня ночы й чаканьне яе адзначалі прысьпешаным біцьцём сэрца.

Памятаю, як у першы вечар па прыезьдзе ў лягер я вярнуўся з амбуляторыі ў барак і спыніўся, уражаны выразам твару старога, які сядзеў ля печы напалову распрануты й грэбаўся жалезным прэнтам у агні. Ягоныя зморшчаныя, абвіслыя шчокі спадалі амаль да вылінялай барады, агаляючы вялізныя палымяныя вочы вар’ята. Я ўжо ня здолею сёньня ўзгадаць, які дакладна быў выраз гэтых вачэй, але й цяпер не магу пазбавіцца ад уражаньня, што я зазірнуў у вочы чалавека, мёртвага пры жыцьці, чалавека, які ведае, што памёр ужо даўно, хоць ягонае ссохлае сэрца яшчэ б’ецца ў пустым мяху цела. Была ў іх ня роспач набліжэньня сьмерці, але безнадзейнасьць жыцьця, якое тлее насуперак усяму. Добра казаць пра надзею тым, хто яшчэ чагосьці чакае ад будучыні; але як натхніць надзеяй чалавека, занадта слабога, каб уласнаю рукою пакласьці канец сваім пакутам? Як пераканаць у той адзінай прывілеі вольнай волі чалавека з прыроды рэлігійнага, які нават у сваіх пацерах аб блаславёнай сьмерці чакае яе як найвышэйшага дару нябёсаў? Усё скончылася, усё ляснула, засталася толькі найжахлівейшая пакута жыцьця ў пустцы, а вось жа тая рука, якая прызначаная, здавалася б, каб спыніць непатрэбнае біцьцё сэрца, раптам кідае качаргу й крэсьліць як вогненным мечам шырокі знак крыжа ад зморшчанага чала да складак жывата, перацягненых тонкім пасам. Сапраўды, ёсьць у жыцьці некаторых вязьняў нешта загадкавае й неспасьцігальнае: здаецца, яны маюць апошнюю надзею, што ў рэшце рэшт іх заб’е безнадзейнасьць, і, моўчкі трываючы нялюдзкія пакуты, яны выкрасаюць мізэрную іскрынку надзеі, якую дае думка пра сьмерць. Іхная рэлігійнасьць, такім чынам, ня ёсьць рэлігійнасьцю людзей, што вераць у мітычнае ўратаваньне душаў, спакутаваных зямною вандроўкаю, але ёсьць удзячнасьцю рэлігіі, якая абяцае вечны спачын. Гэта рэлігійныя самагубцы, Хрыстовыя шанавальнікі сьмерці, якія вераць у вызваленчую моц скону, а не ў загробнае жыцьцё. Сьмерць у іхным разуменьні вырастае да памераў найвышэйшага дабра, якое толькі й варта чакаць, калі ўсё астатняе падманула й здрадзіла. Вязьні зь мёртвымі вачыма, у якіх палае незвычайны бляск, ненавідзяць сябе й іншых толькі за тое, што насуперак самым дарагім надзеям усё яшчэ жывуць. „Мы павінныя памерці, — ня раз чуў я ад іх. — Мы, людзкі гной, павінны памерці для ўласнага дабра й Божае славы”.

Потым я трохі бліжэй спазнаў гэтага чалавека. Стары чачэнскі горац працаваў на базе, перабіраў бульбу. Толькі аднойчы, калі я падараваў яму кавалак салёнай „трески”, ён трохі распавёў пра сябе, недаверліва кідаючы з-пад кусьцістых броваў позірк, які ў сьвятле дня зьмяняўся з вар’яцкага на дзікі. Да астатніх, не выключаючы найбліжэйшых суседзяў па нарах, ён ставіўся варожа.

Калектывізацыя адабрала ў яго невялікую гаспадарку на схілах Каўказу — некалькі моргаў ворнай зямлі й пашы. Яго арыштавалі ў 1936 г., калі ён адмовіўся выдаць мех пшаніцы й забіў двох бараноў з калектыўнага статку, які даверылі ягонай апецы. Мяса ён закапаў у зямлю. Сям’ю, што складалася з жонкі й трох дзяцей, саслалі ў невядомым накірунку, ён ужо не даведаўся пра іхны лёс. На сьледзтве ён упарта адмовіўся адкрыць схованку мяса й не аддаў мяшка пшаніцы. Яго скатавалі так, што і ў 1941 г. на ўсім ягоным целе праступалі сінія плямы, але, пераканаўшыся, што гэта ёсьць адзіная даступная яму форма помсты за зьнішчэньне ўсяго жыцьця, ён да самага канца ня выдаў зь сябе ні слова. Пасьля апошняга допыту яго непрытомнага адцягнулі ў камэру, а празь некалькі дзён — калі стала відавочна, што ён хутчэй памрэ, чым скажа, дзе схаваў мізэрныя парэшткі ўласнае маёмасьці, — яго адаслалі зь 15-гадовым выракам спачатку ў Котлас, а ў 1939 г. у Каргапаль.

— Што мне засталося, — пытаўся ён, — апрача сьмерці? Сям’і ў мяне няма, у калгас не пайду, бо я стары, гор ужо ніколі не пабачу... Штодня малюся аб хуткай сьмерці.

І сапраўды, штовечар стары чачэнец зьядаў сваю баланду, гробся ў агні жалезным прэнтам, часам сядзеў, укрыўшы твар у жылістых далонях, зноўку залазіў на нары, коратка прамаўляў малітву й засынаў. І дзіўная рэч: менавіта ён, „чалавек біты”, „з адбітым нутром”, ніколі не крычаў па начох; толькі часам ціха енчыў ад болю, пераварочваючыся з боку на бок, або шэптам трызьніў пра Бога й сьмерць...

*

Аднак не пра такіх, як ён, думаў я, пачынаючы гэты разьдзел. Я думаў пра тых, хто баіцца сьмерці, у чыіх вачох гэты страх малюецца як страх перад ноччу. Толькі пад канец побыту ў лягеры я ўсьвядоміў, зь якіх пачуцьцяў складалася гэтая штодзённая агонія чаканьня.

Вязень, які прыходзіў на працу ў зону, быў упэўнены, што з кожным днём свайго побыту пераскоквае ў стане свайго здароўя й фізычнай спраўнасьці цэлыя гады й набліжаецца да сьмерці з хуткасьцю, якая выключае ўсьведамленьне паміраньня. Сьмерць у лягеры — менавіта таму, што парушала правы часу, што пагражала няспынна, а ўдарала нечакана й зьнянацку, — набывала рысы мэтафізычнай непрадказальнасьці, ставала па-за часам нашага жыцьця, выбівалася з рытму нашага біялягічнага існаваньня. Вязень ішоў у амбуляторыю й там даведваўся, што зь ім усё ў парадку, аднак жа ён адчуваў, што калі й ня хворы на пэўную хваробу, якая мае сваю назву й сымптомы, то дыхае ўсё ж зь цяжкасьцю, ходзіць пад сябе, плача без прычыны, калі хоць на хвіліну апынаецца адзін, дрыготкімі рукамі дакранаецца да сэрца, сьціснутага ў абцугах болю, спатыкаецца й падае на роўнай дарозе, пухне жахлівым чынам, марна адганяе ад вачэй агністыя плямы. Ад цалкавітага вычарпаньня арганізму няма іншых лекаў, апрача лепшага харчаваньня й даўжэйшага адпачынку; але амбуляторыя не была кухняй, а ў Трупярню адсылалі толькі вязьняў зь невылечнай хваробай сэрца, сухотамі, цынгою ў апошняй стадыі й вострым авітамінозам, які суправаджаўся гніеньнем усяго цела. Можа, гэта й было перабольшаньнем, але кожны вязень штовечар засынаў з думкаю, што сьмерць забярэ яго гэтай ноччу ў сьне. Баяўся гэтага нападу, баяўся памерці, ня ведаючы, калі, як і навошта памірае.

Другім матывам нашага страху перад сьмерцю, схаванай пад чорнай маскаю ночы, было тое, што ў нармальных умовах аслабляе яе жудасную ўладу — супольнасьць. Кожнага з нас мучыла ўсьведамленьне, што тут вось побач ляжаць людзі, гэтак жа сама безабаронныя й аддадзеныя на падступны ўдар ворага. Чаму так было — не магу сказаць. Дапускаю, што нас разьдзяляла гэтая бездапаможнасьць. Можна, адчуўшы раптам поціск сьмерці на горле, паклікаць на дапамогу здаровых людзей, але як узрушыць сэрцы, якія з глухім грукатам роспачна спрабуюць дабіцца да брамы наступнага дня, не палохаючы й не паралізуючы іх зьнянацку дарэмным крыкам? Дэфо апісвае ў „Journal of the Plague Year” людзей, якія абмінаюць адно аднаго ад страху перад чумою. Мы рабілі тое ж самае, але безь відавочнай прычыны. Можна было амаль паверыць, прыглядаючыся да нас уначы ў бараку, што сьмерць заразная. Мы баяліся заразіць ёю іншых, носячы пад скураю ейныя пачаткі. Гэта была чыстая гульня ўяўленьня, але такая моцная й пераканальная, што з надыходам ночы кожны вязень хаваўся на пару гадзінаў у цьвёрдую шкарлупіну сну. Быццам нават цяжкім уздыхам не жадаў нагадваць пра сваё існаваньне сьмерці, што падкрадалася да суседніх нараў. Кожны з нас рабіў падобным чынам, але кожны з жахам думаў, што ёсьць саўдзельнікам і адначасна ахвярай гэтага маўклівага паразуменьня зачумленых. І цяжка сказаць, што выклікала большы боль: думка, што ніколі нас ня выкліча з самазахавальнай летаргіі крык таварышаў, якія паміраюць, ці ўсьведамленьне, што гэтак жа сама ніхто не пачуе нашага крыку аб ратунку. Гэта, напэўна, быў самы яскравы прыклад салідарнасьці ў эгаізьме, які мне ўдалося перажыць. Ніколі ўголас не казалі пра гэта, але не было ў бараках вязьня, які б з гаркотай і трывогай не ўзгадаў бы хвіліны, калі без найменшага трымценьня з-пад прымружаных павекаў сачыў, як выносілі ўночы з бараку цела памерлага суседа.

Сьмерць у лягеры была таксама страшнаю й з-за свае ананімнасьці. Мы ня ведалі, дзе закопваюць памерлых і ці складаюць пасьля сьмерці вязьня хоць бы самы просты акт. Падчас побыту ў шпіталі я двойчы бачыў праз вакно, якое выходзіла на драты лягеру, сані, што вывозілі целы за зону. Яны выехалі па дарозе, што вяла на тартак, а потым збочылі ўлева, на закінутую сьцежку, якую шмат гадоў таму вытапталі брыгады „лесорубов”, і зьніклі на краі далягляду, адарваўшыся, як зьдзьмухнутая ветрам плямка, ад белай плашчыні сьнегу, каб патануць у бледна-блакітнай сьцяне лесу. Там скончылася сіла майго зроку, і там замыкалася дасягальная для нас рыса паміж жыцьцём і сьмерцю. Гэтае самотнае й тужлівае пахавальнае шэсьце, відаць, вяло некуды да закінутай лясной прасекі, якой ня ведаў ніхто, апрача нямога фурмана. Мы неаднойчы спрабавалі ў яго даведацца, дзе схаваныя нашыя лягерныя могілкі, але няшчасны ўкраінец толькі паціскаў плячыма, сумна ківаў галавою і, душачыся, здабываў са сьціснутага горла некалькі незразумелых гукаў. Тыя, хто лепей разумелі ягоную мову, казалі, што ён мае на ўвазе лесьнічоўку, пару гадоў таму збудаваную ў месцы, дзе заканчвалася першая лягерная дарога. Нам, аднак, ня верылася, хаця б таму, што зімою ні адна рыдлёўка не парушыла б там замерзлай зямлі, а ўлетку размоклая паляна трэскалася, як нагрэты каштан, усё глыбей уцягваючы ў правалы багны скасабочаную хацінку, аголенае карэньне дрэваў і драўляную каляіну для аўтамабіляў. Усьведамленьне, што ніхто ніколі не дазнаецца пра іхную сьмерць і месца пахаваньня, было для вязьняў адной з самых моцных пакутаў. Можна быць чалавекам нерэлігійным, ня верыць у жыцьцё пасьля сьмерці, але цяжка пагадзіцца з думкаю, што раз і назаўсёды будзе сьцёрты адзіны матэрыяльны факт, які працягвае існаваньне людзей і надае яму выразную трываласьць у чалавечай памяці. Гэтая форма страху перад сьмерцю, або, хутчэй, перад цалкавітым зьнікненьнем, набывала з гадамі ў некаторых вязьняў характар навязьлівай абсэсіі. Паўставалі ціхія шматбаковыя дамовы, што ў выпадку ўратаваньня аднаго з удзельнікаў накладалі на яго абавязак паведаміць сем’ям на волі пра дату сьмерці й прыблізнае месца пахаваньня парэшткаў; на сьценах баракаў зьяўляліся выдрапаныя на тынку прозьвішчы вязьняў: таварышы, што застаюцца жыць, мусілі дапоўніць надпісы ў адпаведны час крыжыкам і датаю; кожны вязень дакладна захоўваў рэгулярнасьць прамежкаў у карэспандэнцыі зь сям’ёй, каб раптоўны перапынак мог даць прыблізнае ўяўленьне пра час сьмерці. Усё гэта, аднак, не магло заспакоіць нашага жалю пры думцы, што савецкі лягер пазбавіў мільёны ахвяраў адзінага прывілею, які надаецца кожнай сьмерці — прывілею яўнасьці — і наталеньня адзінай прагі, якую падсьвядома адчувае кожны чалавек,— застацца ў памяці іншых.

Таму ўвечары размовы на нарах набывалі гарачкавае напружаньне разьвітальнага шэпту, а празь дзьве альбо тры гадзіны— каля дзясятай — яны згасалі, толькі дзе-нідзе яшчэ ціха сычэлі, як прысак, паліты вадою. З гэтае хвіліны позьні наведнік бараку праходзіў паміж нарамі, ловячы на сабе погляды тых, хто ляжаў. Усё сьціхала, але сон яшчэ доўга не ішоў да вязьняў. Некалькі чалавек маліліся, седзячы на нарах, абапершыся рукамі на калені, апусьціўшы твар у далоні. Іншыя ляжалі нерухома, падклаўшы рукі пад галаву, і моўчкі ўглядаліся ў твары суседзяў. Бязладныя завалы людзкіх целаў, лахманоў і лежбішчаў, яшчэ хвіліну таму сабраныя ў кутох бараку, распаўзаліся па нарах, як пяшчаныя дзюны, падхопленыя раптоўным прылівам марскіх хваляў. Сьвятло, здавалася, цьмянела за клубамі махоркавага дыму, а дрэва, што дагасала ў камінку, тлела ўсё слабей, міргаючы то чырвонымі, то чорнымі водбліскамі. За вокнамі стаяла зьбялелая ад марозу ноч, разьлеглая на шыбах лядовымі кветкамі, высьлізганыя дошкі на сьцежках трашчалі ад крокаў апошніх мінакоў. Напружыўшы слых, можна было пачуць далёкі брэх сабак і стук буфэраў на ерцаўскай станцыі. Лягер паволі западаў у сон. Апоўначы ў бараках чуўся ўжо першы храп, а сьледам за ім зрываліся ціхія й пранізьлівыя енкі. Праз хвілю яны гучнелі, мацнелі й зьмяняліся працяглымі сухімі рыданьнямі. Раптам хтосьці крычаў, хтосьці зрываўся са сну й са скрыжаванымі на грудзях рукамі — быццам баронячыся ад нябачнага нападу, — сядаў на нарах, водзячы вакол вар’яцкім позіркам, і, раптам апрытомнеўшы, зноў клаўся ў сваім берлагу з жахлівым уздыхам. Дастаткова было прачнуцца па поўначы, каб адчуць сябе — як у сэрцы буры, што набірае моц, — сярод перарывістых сонных трызьненьняў, непрытомных крыкаў, у якіх імя Бога перапляталася зь імёнамі родных, спазматычнага рыданьня й пранізьлівых стогнаў. Вязьні кідаліся ў сьне, хапаліся за сэрца, біліся ў сутаргах плачу аб цьвёрдыя нары, закрываліся ад чагосьці шырока раскрытымі далонямі, аднастайна паўтаралі сваё „помилуй”. Адзін толькі Дзімка непарушна сядзеў ля памыйнага цэбрыку і, абапёршыся рукамі на выцягнены пратэз, абыякава глядзеў на клубок целаў, што заблытаўся ў сіло ночы, выцьвілымі вачыма, у якіх сухі прамень болю ўжо ня здольны быў высьвеціць ніводнае сьлязы.

Наш барак выплываў у бязьмесячнае мора цемры і, нібы карабель-прывід, уцякаў, штоночы цкаваны сьмерцю, несучы на сабе сонную каманду вырачаных.