Наш брат - Зло

Герлінг-Грудзіньскі Густаў


Ferragosto

Зь дзёньніка

Запіс ад 15 жніўня 1977 году у маім дзёньніку, уночы: Ferragosto (найвышэйшы пункт лета 15 жніўня) — гэта cкарот ад Feriae Augusti, вакацыяў, усталяваных дэкрэтам імпэратара ў 18 годзе ад нараджэньня Хрыста; такім чынам, жнівеньскае паганскае сьвята (у пазьнейшым каталіцкім календары — Унебаўзяцьце Найсьвяцейшай Панны Марыі) налічвае дзьве тысячы гадоў.

Той, хто падчас Ferragosto пазірае з высокіх belvedere на нерухомы Рым, хто ў старым Рыме кідаецца ў абязьлюдзелыя вулкі з асьлеплымі вокнамі дамоў, павінен ведаць, што ў цяністым, задушным і ліпучым упале чатырох сьценаў, за жалюзі, нешматлікія гаротнікі, што засталіся гэтай парою ў горадзе, мрояць пра самагубства. Гэта пацьвярджаюць статыстычныя зьвесткі, якія, з пэўным драматычным перабольшваньнем, гавораць пра раптоўны, нічым не абмежаваны "параксызм самазьнішчэньня" сярод тых, хто не хацеў альбо ня мог уцячы зь места".

Рапарт квэстуры

У мінулым, 1995 годзе, "параксызм самазьнішчэньня" быў асабліва моцны. Уночы з 15 на 16 жніўня зрабілі сабе сьмерць дзевяць асобаў. Рапарт рымскай квэстуры, зроблены падафіцэрам для асаблівых даручэньняў Тарантына й падпісаны капітанам Флявіа Карбанары, зьмяшчаў поўны сьпіс і досыць павярхоўнае апісаньне ахвяраў di codesta notte maledetta, "гэтай клятай ночы". Падафіцэр патлумачыў, нашто ўжыў гэты выраз, ня вельмі дарэчны ў бюракратычнай мове паліцэйскіх рапартаў. Тэмпэратура сягнула за сорак градусаў, за дзень адбылося мноства выпадкаў "сардэчнай недастатковасьці" ў шпіталях і некалькі сьмяротных завалаў у горадзе.

Сьпіс самагубцаў пачынаўся з сужэнскай пары сталага веку. Villino, маленькі дамок з прысадаю на ўскрайку раёну Праці (Via degli Scipioni, 67). Этторэ Палямбіні, пэнсіянэр, былы настаўнік фізыкі ў ліцэі, 74 гады. Жонка Эльвіра, хатняя гаспадыня, 72 гады. Зрабілі сабе сьмерць у шчыльна замкнёнай кухні, пусьціўшы газ. Устрывожаны газавым смуродам, ананімны ранішні мінак затэлефанаваў у квэстуру. Выбілі шыбы дручком, які знайшлі ў садзе. Сьмерць надышла а трэцяй уночы (падафіцэра й двух шарагавых суправаджаў дзяжурны лекар квэстуры). Паміж сужэнцамі на падлозе ляжаў здохлы чыюк. Падобна на тое, што здох ён раней, бо яго вынялі з клеткі. Падафіцэр назваў здарэньне "трагедыяй самоты" й нават дадаў, што, магчыма, сьмерць чыюка падштурхнула бязьдзетнае сужэнства да "жахлівага кроку". Капітан простым алоўкам паставіў на палёх маленькі пытальнік.

На другім месцы ў сьпісе фігураваў monsignor Маўрыцыё Цубіні, высокі ўраднік адной з ватыканскіх дыкастэрыяў, жыхар вялікай камяніцы насупраць сьвятога Пятра (Via Porta Cavalleggeri, 113). Яму было 40 гадоў. Раным-рана да яго зьявіўся пасыльны з ватыканскай дыкастэрыі з важным дакумэнтам для падпісаньня. Пасыльны ўстрывожыўся, бо ніхто не адказваў на званок ля ўваходу ў жытло. З ватыканскай управы патэлефанавалі ў квэстуру. Монсэньёра знайшлі мёртвага (й голага) у ваньне, з плястыкавым мяшком на галаве, завязаным на шыі. Хутчэй за ўсё, Цубіні страціў прытомнасьць, абсунуўся ў ваньне, напоўненай вадой і затхнуўся, але мяшок утрымаў на паверхні ягоную галаву, з шырока раскрытымі вачамі й жахлівай грымасай на сінім твары. Камяніца была цалкам спусьцелая, аднак у суседнім доме паліцыянты знайшлі вартаўніка з жонкай, якія жылі ў памяшканьні ў сьцяне з замкнёнай брамай. Так, яны ведалі монсэньёра, ад пэўнага часу той вяртаўся з ватыканскай управы злосны, раздражнёны, ледзь стрымліваўся (а раней жа быў вельмі ветлівы з жыхарамі свайго і вакольных дамоў). Жыў з маладым студэнтам Марка, сваім пляменьнікам. Тут жонка вартаўніка шматзначна прымружыла вока й засьмяялася. Вартаўнік таксама рагатнуў. Дзесяць дзён ці два тыдні таму Марка зьехаў. Бачылі ранкам, як сядаў з валізаю ў таксоўку. З таго дня зьмяніліся паводзіны монсэньёра. Ягоны найбліжэйшы сусед, заможны крамнік, у ноч перад ад’ездам на мора чуў празь сьцяну нястомнае кружэньне па пакою й няспынны папяровы шолах. Нябожчык не пакінуў ні аркушыка. Падафіцэр рызыкнуў западозрыць гомасэксуальную сувязь. І тут капітан пакінуў свой пытальнік простым алоўкам.

На Затыбер’і, на Via Anicia, 15, паблізу Базылікі сьвятой Цэцыліі, месьціцца трохпавярховік з тэрасаю за нізкім мурам. Тэраса добра бачная з вуліцы, што й дазволіла паліцыянту на раньнім абыходзе ў шарую гадзіну агледзець голае цела, што зьвісала з бэлькавага выступу на паддашку. Паліцыянт паспрабаваў залезьці на дах, але брамка была замкнёная. Высадзіць яе не ўдалося. Паліцыянт пераскочыў празь нізкі мур у зьдзічэлы садок і заўважыў за домам дадатковыя сходы, што вялі на дах. Залез па іх на тэрасу. Голае цела на матузе, прымацаваным да выступа бэлькі, належала маладому мужчыне, ужо мёртваму. У куце тэрасы, узбоч каморкі, ляжала мёртвая голая дзяўчына з выразнымі сьлядамі ўдушэньня на шыі і з высунутым да паловы языком. Паліцыянт выйшаў з тэрасы праз адчыненыя дзьверы й на паўпаверху пабачыў расчыненыя дзьверы ў пакой. Зайшоў туды, патэлефанаваў у квэстуру. Пасьля зьбег сходамі на дол і там пачуў востры пах газу. Вартоўня была ў садзе, прыбудаваная да зьнешняга муру. Паліцыянт ледзь дабудзіўся соннага вартаўніка (самотнага). Пасьля таго, як былі выбітыя шыбы першага паверху, з вакна выскачыў, хіляючыся, кот, які невядома як выжыў. У кухні ляжалі целы двух старых людзей, ужо мёртвых.

"Наша каманда, — доўжыў свой рапарт падафіцэр, — прыехала на Via Anitia а сёмай раніцы. З дапамогай вартаўніка выяўлена наступнае: пара старых людзей на першым паверху, пэнсіянэры, вялі адасобленае жыцьцё, рэдка кантактавалі зь іншымі жыхарамі дому, занятыя выключна сваім катом. Вінцэнта Бэрнардыні, былы супрацоўнік падатковай інспэкцыі, 69 гадоў; жонка Амэлія Бэрнардыні, ужо 5 гадоў цяжка хворая на нэрвы, 71 год". І тут падафіцэр дапісаў: "трагедыя самоты". А капітан зноў пазначыў гэтую выснову маленькім, ледзь бачным пытальнікам на палёх.

Маладая пара на тэрасе была амэрыканскаю: Браян Райт, 30 гадоў і Нэнсі Фэрстан, 28 гадоў. Лекар сьцьвердзіў, што паміж удушэньнем дзяўчыны й самазгубай яе сябра прайшло каля шасьці гадзінаў. Адціснуты каля жанчыны ў пылу сьлед сьведчыў, альбо як найменш намякаў, што мужчына, перш чым засіліцца, доўга сядзеў ля задушанай. На нутраным баку сьцёгнаў у абодвух былі плямы засохлай спэрмы. Лекар не сумняваўся, што ўсё адбылося пасьля шматразовага сэксуальнага стасунку. У жытле памерлых, на стале, падафіцэр знайшоў дазвол італійскай Управы Аховы Помнікаў. Браян і Нэнсі, гісторыкі мастацтва з каліфарнійскага ўнівэрсытэту, жылі ў Рыме шосты месяц; былі ўпаўнаважаныя дасьледаваць фрэску Каваліні "Апошні Суд" у Базыліцы сьвятое Цэцыліі. У рапарце падафіцэра стаялі ледзь бачныя, зацёртыя гумкаю словы: "трагедыя каханьня". Падафіцэр рымскай квэстуры, відаць, паддаўся спакусе і ўплёў сваю ўражлівасьць у бюракратычную прозу рапарту, чаго не ўхваляў яго спраўны й строгі начальнік.

Восьмае й дзявятае самагубствы гэтай праклятай жнівеньскай ночы Ferragosto адбыліся за мурамі рымскага гета. "А шостай раніцы, — рапартаваў падафіцэр Тарантына, — у квэстуры зазваніў тэлефон. Цяжка было зразумець жанчыну, што тэлефанавала — яе рыданьні пераходзілі ў крык. Аднак удалося вылавіць з таго рыданьня адрас. Vicolo della Vecchia Sinagoga, насупраць Via del Portico Ottavia, 13, сёмы паверх. Група прыехала адразу. Стары зруйнаваны дом, чатыры крамкі ўнізе, бязь ліфту, лесьвічныя краткі ў дзірках і шчарбінах. На сёмым паверху ўжо былі адчыненыя дзьверы ў чаканьні паліцыі. Ля ложка самазабойцаў сядзела, захлынаючыся сьлязьмі, жанчына ў сярэднім веку. Рашэль Вітэрба, удава, маці двух дарослых дзяцей, сястра самагубцы, Вітторыа Фэрарэзэ, 75 гадоў, мэханіка. Той ляжаў сплецены на ложку з Мірыям Матэра, 65 гадоў, прыбіральшчыцай сынагогі. Яны атруціліся соннымі парашкамі, бутэлечкі ляжалі на падлозе разам з пустой пляшкаю з-пад віна. Зь бязладнага апавяданьня, перарыванага выбухамі плачу, вынікала, што сьведка Рашэль Вітэрба чакала аўтамабіля сяброў, якім мелася паехаць на цэлы дзень у Остыю. Спускаючыся са сваёй кватэры на паддашку (дзеці былі на вакацыях), Рашэль гучна пагрукалася ў пакоік на ніжэйшым паверху, дзе жылі ейны брат і Мірыям. Яе ўстрывожыла ціша за дзьвярыма. Таўханула іх усім целам, крохкі замок падаўся. Лекары й два паліцыянты ледзь разьнялі самагубцаў, якія спляліся й заціснуліся ў вузел. Доктар сказаў, што сьмерць настала пасьля паўночы. Памерлых паклалі на ложак. У іх былі белыя й спакойныя твары, абодва здаваліся маладзейшымі, чым былі. Апытаньне сястры памерлага не давала істотных вынікаў — тая плакала, галасіла, ірвала на сабе валасы. Давядзецца адкласьці размову. Зараз нічога не вядома". Капітан скончыў рапарт вялікім пытальнікам, які пасярод старонкі трохі размазаўся з-за дрэннага атрамантавага алоўка і выглядаў, як птах з крывою дзюбаю. Пад пытальнікам, на нізе старонкі, капітан дапісаў друкаванымі літарамі: "Належыць: гэтую зьяву, штогадовую, усё больш небясьпечную, даручыць прааналізаваць камісіі спэцыялістаў-псыхолягаў. Магчыма, з удзелам сьвятара. Выканаць хутка".

Аналіз Камісіі псыхолягаў

Капітан Карбанары дамогся свайго, праўда, не на тым узроўні, на які спадзяваўся, але й гэта пацешыла ягоныя амбіцыі. Прапанова з квэстуры, падтрыманая адпаведным дэпартамэнтам міністэрства ўнутраных справаў, прывяла да стварэньня камісіі з трох асобаў. Псыхолягі з рымскага ўнівэрсытэту, Марыя Тэрэза Вэрачэ й Джанкарла Партэла, падрэ Антоніа Бэртоні, духоўны асыстэнт з калёніі для наркаманаў пад Лядысполі. Квэстура са свайго боку прызначыла трох малодшых падафіцэраў, якім даручылі зьбіраньне матэрыялаў і сьведчаньняў для Камісіі. Супольныя пасяджэньні мусілі адбывацца штомесяц у квэстуры і павінныя скончыцца не пазьней як праз паўгады. Цякучую аналітыку камісія абавязалася дасылаць капітану Карбанары. Для выпрацоўкі высноваў камісіі давалася два дадатковыя месяцы. І натуральна, яе чальцы атрымлівалі штомесячны заробак зь бюджэту міністэрства.

Дзіўным было запрашэньне ксяндза з калёніі для наркаманаў. Зь першай хвіліны працы было ўсталявана, што дасьледаваньне будзе разглядаць самагубства як хваробу ("хвароба суму па сьмерці ці зачараваньня сьмерцю"). Камісія паставіла за мэту выявіць, чаму найвялікшая напружанасьць хваробы прыпадала (і ўзмацнялася з кожным годам) у дзень піку лета. Падрэ Бэртоні — наркаксёндз, як яго жартам называлі — выказаў сумнеў у такой пастаноўцы пытаньня. Яго асьцярожна падтрымала прафэсарка Марыя Тэрэза Вэрачэ. Аналіз пачалі ад самазабойства сужэнства Паламбіні ў villino ў раёне Праці. Падрабязнае апісаньне трагедыі падрыхтаваў прафэсар Джанкарла Партэла на падставе матэрыялаў, здабытых тройкай падафіцэраў з квэстуры.

Матэрыялы, галоўным чынам, дакумэнты з квэстуры й аповеды суседзяў, паведамлялі, што самагубцы з Праці некалькі дзясяткаў гадоў жылі ў адным і тым жа дамку-villino (спадчына ў сям’і мужа) амаль цалкам адасоблена. Муж Этторэ выходзіў ранкам у блізкі ліцэй, дзе ня меў сяброў сярод калегаў, вяртаўся дадому на позьні абед, а ад шостай да восьмай даваў урокі фізыкі ў лябараторыі, абсталяванай у вежачцы на даху villino. Жонку Эльвіру бачылі адно падчас кароткіх ранішніх паходаў у крамы, што месьціліся на алеі Cola di Rienzo. Потым яна ўжо не выходзіла з дому. Сужэнцы ніколі не выпраўляліся ані ў цэнтар Рыму, ані ў мясцовыя кінатэатры. Яны не маглі мець дзяцей, пра што суседзі даведаліся ад нетактоўнага лекара. Нягледзячы на гэта, яны стваралі ўражаньне людзей, задаволеных жыцьцём. Гэтае задавальненьне перарасло ў нешта большае, калі ў пяцідзесяцігадовым веку яны вырашылі ўдачарыць трохгадовую дзяўчынку з родных мясьцін Эльвіры ў Люканіі. Слова амаль, ўжытае вышэй, датычыць зьмены у іхным жыцьці, якая надышла са зьяўленьнем прыёмнай дачушкі. Невялікай, але ўсё ж зьмены. Яны выходзілі часам з маленькай Разэтай на прагулянку, а калі яна падрасла й яе можна было запісаць у школу, названы бацька, настаўнік ліцэю, пакінуў даваць урокі й цалкам прысьвяціў сябе навучаньню Разэты; прыёмная маці займалася ейным выхаваньнем, вучыла граць на фартэпіяна. Выхад настаўніка на пэнсію супаў з замуствам Разэты. Ёй было 18 гадоў, яна пакахала з узаемнасьцю значна старэйшага за сябе мужчыну, які адразу па шлюбе забраў яе ў Аргентыну. Там яму абяцалі грашавітую працу. На момант самагубства прыёмных бацькоў Разэта была маткаю трох дзяцей і ўлетку акурат плянавала прыехаць у Рым, каб "унукі" пазнаёміліся са сваімі "дзедам і бабай". Здавалася б, што чаканьне прыезду гасьцей з Аргентыны абяцаюць добрыя часы для жыхароў villino ў Праці. Але гэта на паверхні, а хвароба таілася недзе ў глыбіні.

Падрэ Бэртоні першы папрасіў слова. "Дзе ж тут, — запытаўся ён з далікатным адценьнем іроніі, — самагубства як хвароба, тым больш хвароба тугі па сьмерці? У хвіліну шчасьця двое старых, самотных людзей — няверных Богу й нявызнаных ні ў якай рэлігіі, а значыць, тым болей самотных — рыхтаваліся да радыкальнай перамогі над сваёй самотай". Прафэсарка Вэрачэ падтакнула ксяндзу. Прафэсар Партэла запярэчыў: хто ведае, ці не балесьней яны адчувалі сваю самоту, чакаючы ў госьці сям’ю ня ўласную, а прыточаную; і гэта ў той момант, калі здохла ў клетцы іхнае сапраўднае дзіця. Прафэсар не пераканаў ксяндза й сваю каляжанку: спадарыня Вэрачэ нават падкрэсьліла "штучнасьць" ягонага "вельмі нацягненага інтэрпрэтацыйнага аналізу". Камісія пакінула на пазьней чыньнік Ferragosto ў "трагедыі самоты" (ўсё ж прышчапілася гэтае азначэньне з рапарту квэстуры); аднак камісія дапусьціла, што самагубства ня ёсьць вылучна хваробаю і не абавязкова палучанае з роспаччу (нягледзячы на сьцьверджаньне К’еркегора).

Адразу сталася ясна, што самагубства монсэньёра Цубіні не дае падставаў да нейкіх спэкуляцыяў ды гіпотэз з-за браку верагодных і "аб"ектыўных" сьведчаньняў і аргумэнтаў. Апроч таго, ксёндз Бэртоні адразу выйшаў з дыскусіі, і псыхолягі ўважылі ягоныя паводзіны. Сьвятар не хацеў уваходзіць у інтымныя справы сьвятара. Яму наўпрост прапанавалі вярнуцца ў лягер пад Ладыспалі, аднак ён адмовіўся і ўвесь час сядзеў за круглым столікам, унурыўшыся. Здавалася, ён падрэмвае, але потым камісія неаднойчы пераконвалася, што ён уважліва слухаў.

Ватыканская дыкастэрыя, дзе працаваў монсэньёр Цубіні, катэгарычна адмовілася ад камэнтараў. Болей за тое — там не хавалі абурэньня, пабачыўшы сьледчых падафіцэраў. Не было іншага выйсьця, як грунтавацца на паказаньнях парт’е ды ягонай жонкі. Тыя пацьвердзілі папярэднія паказаньні, але, нягледзячы на прыродную балбатлівасьць, гэтак уласьцівую ўсім ахоўнікам і парт’е, адмовіліся заглыбляцца ў падрабязнасьці. Малады Марка паходзіў з Кома, таму тамтэйшая паліцыя атрымала загад паразмаўляць зь ягонай сям’ёй. Выявілася, што па выезьдзе з Рыму Марка не паехаў да свае сям’і ў Кома. Ягоныя сьляды згінулі, найверагодней, хлапец уцёк за мяжу, прыхапіўшы зьберажэньні свайго духоўнага каханка.

Затое пад лямпаю на начным століку монсэньёра знайшоўся аркушык з адным толькі сказам: "Прашу Найвышэйшага дараваньня". А з-за кніг на верхняй паліцы выпаў нататнік у палатнянай вокладцы. Гэта быў інтымны дзёньнік монсэньёра, такі інтымны, што падчас чытаньня яго ўслых падрэ Бэртоні заткнуў вушы. На ягонае шчасьце, прафэсарская пара абмежавалася чытаньнем пары фрагмэнтаў. Гэтага хапіла, каб выракаваць, што прычынаю самагубства быў псыхалягічны зрыў мужчыны, выкліканы жарсьцю без тармазоў. Пытаньне, чаму монсэньёр зрабіў сабе сьмерць акурат у піку лета, хаця ягоны маладзён кінуў яго напачатку жніўня, адклалі на потым.

Пра амэрыканскую пару з Затыбэр’я, на Via Anicia, патрабавалася інфармацыя са Штатаў. Сьледчыя квэстуры зь відавочным гонарам прадставілі "сапраўднае дасье", пасьля чаго іх папрасілі выйсьці, бо правілам камісіі сталася рада ўтрох, без дадатковых удзельнікаў.

Дасье, на выгляд тонкае й сьціплае, было сапраўды вычарпальнае. Падрабязны ліст з амэрыканскае амбасады ў квэстуру ўтрымліваў дакладныя зьвесткі. Браян Райт, 30 гадоў, і Нэнсі Фэрстан, 28 гадоў, паходзілі з Канзас-Сыты, былі дзецьмі вельмі заможных бацькоў. Яны выхоўваліся разам, хадзілі ў адну школу, з дазволу бацькоў іх лічылі "заручонымі" ад раньняга юнацтва (16 гадоў яму, 14 — ёй). Яны разам (ён пачакаў, пакуль яна скончыць школу) запісаліся ў Бэрклі на факультэт гісторыі мастацтва й на курсы італьянскай мовы. Мянушка "заручоных", прыклееная ім у Канзасе, засталася і ў Бэрклі. Яны былі неразлучныя, супольным было ўсё: лекцыі, хатняя навука, выезды на вакацыі да бацькоў; за выключэньнем пакояў у студэнцкім інтэрнаце, але й гэта зьмянілася, калі яны зьнялі кватэру. Вучыліся яны вельмі добра, факультэт гісторыі мастацтва даў ім магчымасьць гадавых стажаў у Італіі. Пасьля атрыманьня дыплёму й перад выездам у Італію яны гучна пабраліся ў Канзас-Сыты. Аднак ніхто зь іх не зьмяніў дашлюбнага прозьвішча. Першым этапам іхных стажаў быў Рым, дасьледніцкая праца ў Базыліцы сьвятое Цэцыліі над "Апошнім Судом" П’етра Каваліні. Праз паўгоду яны павінныя былі пераехаць у Сыену.

Да ліста з амбасады былі далучаныя нататкі трох падафіцэраў, зробленыя пасьля візыту ў амэрыканскі шпіталь, разьмешчаны ў Рыме. Гэтым адкрыцьцём сьледчыя квэстуры вельмі ганарыліся, бо пайшлі ў той шпіталь вобмацкам, па нейкаму натхненьню. Аказалася, што Браян і Нэнсі прыходзілі ў амбуляторыю штомесяц. Нэнсі, замаркочаная тым, што ня можа зацяжарыць, праходзіла адмысловы курс гінэкалягічнага лекаваньня. Браян, які ў юнацтве перахварэў на сухоты й цалкам іх залячыў, меў звычку "правяраць" свой арганізм у знаёмага доктара. Апошні візыт адбыўся 12 ліпеня, тым разам Браян папрасіў chek-up. Яму ўзялі кроў на аналіз, а 13 ліпеня ён прынёс вынікі астатніх аналізаў, зробленых у блізкай лябараторыі на Затыбэр’і. Браян выйшаў зь лябараторыі зьнішчаны. Нататкі сьледчых не пакідалі сумневу: у лябараторыі ім паведамілі, што Браян меў пачаткі AIDS. Падобна, ён быў бісэксуальны.

Ксёндз Бэртоні, уважаны як "наркаксёндз" за спэцыяліста ў роднаснай сфэры AIDS, спрабаваў рэканструяваць парадак здарэньняў на Via Anicia. Ён скарыстаўся словам "амок" для апісаньня духовага стану маладога амэрыканца. "Гэта стан, — тлумачыў ён, — які ламае ўсялякую ўладу розуму і спрыяе нараджэньню агрэсіі". Прафэсарка Марыя Тэрэза Вэрачэ, у згодзе са сваім унівэрсытэцкім калегам, спакусілася "напісаць сцэнар", гіпатэтычны, ясная справа. 15 жніўня Браян і Нэнсі ляжалі ў пакоі аголеныя, прымаючы разам або па чарзе душ. Як сьцямнела, яны выйшлі на тэрасу з матрасамі. Каля дзясятай гадзіны Браян некалькі разоў з дзіўнай жарсьцю авалодаў спалоханай і пакорлівай Нэнсі. Каля паўночы, калі каханкі шалелі ў начной сьпёцы Ferragostо, Браян зноўку авалодаў Нэнсі, якая гэтым разам паспрабавала супраціўляцца. Тады ён сашчапіў рукі вакол ейнай шыі. Потым, быццам учадзеўшы, сядзеў некалькі гадзінаў ля ейнага цела. Ачуняўшы на сьвітанку, павесіўся.

На гэтым пасяджэньні камісія зьвязала Ferragosto з шаленствам. Ксёндз Бэртоні папрасіў, каб далучылі слова "амок".

"Амэрыканская трагедыя" спалучала забойства й самагубства, "трагедыя самоты" на першым паверху дамка на Via Anicia аказалася ідэнтычным спалучэньнем, толькі з адваротнымі ролямі. Гэта давяло дасьледаваньне целаў, якое правёў капітан Карбанары. Жонка спачатку ўсыпіла Вінцэнта Бэрнардыні соннымі парашкамі, а потым зацягнула на варэльню, дзе ўжо быў адкрыты газ. Амэлія легла ля Вінцэнта, а ката ўпусьціла паміж унутранымі й зьнешнімі шыбамі. (На час зімы Бэрнардыні паставілі падвойныя шыбы.) Гэтым і тлумачылася дзівоснае ўратаваньне ката.

Камісія мела абмежаванае поле для аналізу. Бо размова йшла пра кабету, хворую на нэрвы, таму можна было толькі дапускаць, што менавіта невыносна сьпякотная ноч вяршыні лета разбудзіла ў ёй прагу забойства. Сужэнцы, бацькі адзінага сына, які працаваў і жыў зь сям’ёй у прамысловым п’емонцкім мястэчку Бэла, былі ідэальнай сям’ёй нават падчас пастаннага росту хваробы жонкі. Так цьведзіў рапарт квэстуры, падмацаваны паказаньнямі сына. Жанчына ў кароткіх прасьвятленьнях розуму баялася, што яе аддадуць у псыхіятрычны шпіталь. Калі самагубства сям’і Бэрнардыні й было "трагедыяй самоты", дык толькі ў тым сэнсе, што жонка не хацела памерці адна і не хацела пакінуць на сьвеце самотнага мужа, відавочна не давяраючы апякунскім якасьцям сына.

У любым выпадку, у сваім аналізе камісія не магла адказаць на адно пытаньне: у якой ступені Ferragosto адыграла ролю сілы, якая цалкам замуціла сьведамасьць хворай на нэрвы жанчыны. Ніхто з камісіі не сумняваўся ў сувязі гэтых двух чыньнікаў: хваробы й Ferragosto.

Дасьледаваньне, збор паказаньняў і плёткаў у рымскім гета прывялі да таго, што афіцыйная справаздача набыла рысы навэлі.

Чальцы камісіі аднагалосна назвалі гэтую навэлю "Рамэа і Джулія часоў пагарды". Даволі дзіўнае спалучэньне Шэксьпіра й Мальро было ідэяй усёй камісіі. На тварах трох яе чальцоў адбіўся гэтак званы "творчы гонар".

І сапраўды, у назве было нешта незвычайна трапнае, характэрнае для нашай гаротнай эпохі. У 1042 годзе Вітторыа Фэррарэзэ было 27 гадоў, а Мірыям Матэра 17. Іх каханьне, бязьмежнае й ненасытнае, было аздобаю гета. Нават калі яны разлучаліся на кароткі час (Вітторыа выбіраўся з гета, нягледзячы на суровыя ўрадавыя забароны), ім здавалася, што разлука вечная; яны сустракаліся як па доўгім расстаньні. Абедзьве сям’і выступалі супраць самавольных заручынаў. Вітторыа быў адзіным сынам заможнага купца, а Мірыям — дачкою аўдавелага грушчыка, які не ўяўляў сабе, што дачка яго пакіне. Вітторыа пасьпеў яшчэ скончыць тэхнікум да прыняцьця расавых абмежаваньняў і ў вачох жыхароў гета быў "мысьляром" (гэта праўда, ён быў сапраўдным "кніжным робакам"); а Мірыям, непісьменная дзяўчына, з 16 гадоў служыла прыбіральніцай у сынагозе. Яны кахалі так, быццам былі прызначаныя адно для аднога з нараджэньня (пры значнай розьніцы ва ўзросьце). Яны былі каханкамі, не зважаючы на традыцыйныя звычаі ды вымогі старых.

У 23 гады Вітторыа стаў камуністычным дзеячам. Калі сытуацыя абвострылася, партыя пастанавіла, што ён мусіць уцячы. Пад канец 1942 году яго перакінулі ў Геную ды пасадзілі на савецкі карабель. Яго арыштавалі ў Харкаве за "контррэвалюцыйную дзейнасьць" і саслалі ў Варкуту. Вызвалілі ў 1954 годзе па "амністыі Малянкова". Але ў Рым ён, "рэабілітаваны", вярнуўся толькі ў 1960 годзе.

Мірыям сталася ахвяраю нямецкага "хапуна" ў рымскім гета 16 кастрычніка 1943 году. Працаздольных немцы вывезьлі ў Асвэнцым. Яна здолела ўнікнуць газавай каморы, у Рым вярнулася ў 1945 годзе. У роднае гета патрапіла толькі таму, што ёй апекаваліся ацалелыя вязьні. Падобна было, што яна зьнямела, прынамсі, за тры наступныя гады Мірыям не прамовіла ні слова. Аднак відавочна, што яна памятала сваё мінулае жыцьцё, бо хутка па вяртаньню зноў пайшла працаваць прыбіральшчыцаю ў сынагозе. Яе кармілі, як жабрачку, дзе папала, жыла яна ў каморцы закатаванага бацькі-грушчыка. Пашкадаваўшы гаротную й нямую жанчыну, лекар з гета накіраваў яе на дасьледаваньне ў шпіталь у Авэнтына, дзе сам падпрацоўваў. Там спраўдзіліся ягоныя найгоршыя прадчуваньні: у канцлягеры Мірыям залічылі да досьледных пацукоў й назаўжды скалечылі ейную жаноцкасьць. Праўда, яна пачала гаварыць, але быццам ня памятала свайго каханага. Між тым, калі ён вярнуўся з Расеі ў 1960 годзе, Мірыям з плачам кінулася да ягоных ног — да ног старога, змарнелага, хваравітага чалавека. Яны пасяліліся ў ягоным ранейшым жытле. Пасьля сьмерці бацькі Вітторыа, хоць і не з такім размахам, працягнуў ягонае гандлёвае прадпрыемства; бацькаву спадчыну падзяліў зь сястрою. Мірыям магла й не працаваць у сынагозе, але працавала, ня слухаючы ўгавораў свайго сябра. Іх зноў бачылі ў гета, прытуленых адно да аднаго і заўсёды маўклівых. Яны ціснуліся адно да аднаго так канвульсіўна, як іх і знайшлі па самагубстве.

Аўтары паліцыйнага рапарту ня ўтрымаліся, каб не дапісаць напрыканцы пары нязграбных, хаця й шчырых, словаў узрушэньня. Прафэсарка Марыя Тэрэза выцерла хустачкаю вільготныя вочы. Здрыгануўся голас прафэсара Партэла, які чытаў рапарт.

Спробы аналізу распачаў ксёндз Бэртоні, які нечакана абвесьціў, што, на ягоную думку, тут не хапае матэрыялу для аналізу. "Сапраўды, гэта была кранальная навэля, — сказаў ксёндз, — яе псыхалягічныя карані недзе ў нязнаных нам землях. Хто з нас здолее ўявіць лёс камуніста з рымскага гета, перасьледаванага ў краіне, якую ён лічыў сваёй ідэальнай Айчынай? Хто наважыцца адхіліць заслону драмы маладое дзяўчыны, драму раптоўнага пераходу ад юначага каханьня да скалечанай сталасьці?" І камісія вырашыла: у гэтым выпадку маўчаньне — адзіная альтэрнатыва непранікальнасьці матэрыі і бясьсіласьці мовы.

"Аднак мы ня маем права, — ціха, амаль нясьмела, абазвалася прафэсарка Марыя Тэрэза, — забыцца пра галоўнае пытаньне нашых разважаньняў. З 1960 году Рамэа і Джулія рымскага гета штоноч, на працягу многіх гадоў, маглі перарэзаць стужку свае пакуты, якую я б назвала бясплодным каханьнем, роспачнымі абдымкам адапхнутых жыцьцём гаротнікаў. Чаму ж гэты скачок у прорву, у вечны сон быў справакаваны лёсам або Богам толькі ў гэтую праклятую ноч з 15 на 16 жніўня?"

Апошняе пасяджэньне камісіі скончылася рашэньнем, што і гэтае здарэньне, хаця й без належнай аналітычнай аздобы, будзе ўлучанае ў працу над заключэньнем.

Заключэньне камісіі псыхолягаў

Пра заключэньне камісіі псыхолягаў, на жаль, можна сказаць, што яно было заключэньнем толькі з назову. Выклікаюць спачуваньні намеры чальцоў: яны спрабавалі штосьці даць квэстуры й дэпартамэнту міністэрства ўнутраных справаў узамен за патрачаныя на іх грошы. Часам гэтыя намеры выглядаюць нават сьмешнымі, як у выпадку з замоўленай адмыслова ў лекараў экспэртызы на тэмат зьменаў у арганізме пад уплывам "узрастаючай крывой спякоты". Між тым іхнай задачай было апісаць псыхалягічныя зьмены людзкой асобы, на якую ўзьдзейнічае нябачны ўплыў вяршыні лета, Ferragosto, а не фізычныя, вядомыя з даўніх часоў выпадкі шаленства, зьвязаныя з задухай (у старых рымскіх кроніках часта сустракаюцца напамінкі пра голых вар’ятаў, што выбягалі ў ноч Ferragosto з дому ды беглі ў бок Тыбру, каб ахаладзіцца ў амаль перасохлай улетку рэчцы, укусы прыбярэжных пацукоў вярталі іх да прытомнасьці). Псыхалягічныя акцэнты былі ў заключэньнях камісіі скупыя й крохкія: пустка бязьлюднага гораду й бязьлюднай камяніцы; рэфлекс погляду на прамінулае жыцьцё і падвядзеньня рахунку, рэдкі ў нармальных акалічнасьцях; неакрэсьлены страх, выкліканы рэзкім аслабленьнем (асабліва ў сталых людзей); эфэкт "глухога рэха" ўласных галасоў, страшны, калі паўстае патрэба выклікаць дапамогу. Усе гэтыя псыхалягічныя націскі не пазбаўленыя рацыі, але вельмі няпоўныя.

І надалей бракуе адказу на галоўнае пытаньне, пастаўленае перад камісіяй замоўнікамі: чаму гэтая эксплёзія адбылася ў ноч Ferragosto? На тле млявых і дастаткова бляклых высноваў нечакана моцна прагучала рэпліка ксяндза Бэртоні: "Занатуйце, што ніхто, за выключэньнем няшчаснага ватыканскага монсэньёра і, магчыма, Мірыям з рымскага гета, не адчуваў жывога зьвязку з Богам; я не раблю з таго занадта далёкіх вывадаў, аднак думаю, што сярод усіх вашых высноваў мая найбагацейшая і найбольш заглыбленая ў рэчаіснасьць людзкога жыцьця".

Замоўнікі не хавалі ад членаў камісіі ад самага пачатку, што вынікі яе працы павінныя даць квэстуры, дэпартамэнту ўнутраных справаў і асэсорыі Гарадзкое Рады прынамсі накід папераджальных сродкаў; што, інакш кажучы, грозны фэнамэн, што суправаджае Ferragosto, можна вывучыць і ўтаймаваць рэдукцыі. З гэтага пункту гледжаньня члены камісіі прызналіся ў поўнай бездапаможнасьці. "Думка пра самагубства, — дадала прафэсарка Вэрачэ, — ёсьць кветкаю, якая вельмі доўга расьце ў чалавечай душы — ад зернетка да квітненьня". Ксёндз Бэртоні дадаў: "Атрутная кветка душы, пакінутай Богам, расьце паволі, і ніхто, апроч Бога, ня здольны яе выкараніць".

Зь дзёньніка аўтара, запіс ад 16 ліпеня 1972 году

"Шмат гадоў таму надарылася мне правесьці ў бедным рымскім гатэліку ўзбоч палацу Тэрміні кульмінацыйны, сьвяткаваны італійцамі дзень 15 жніўня, Ferragosto. Горад быў бязьлюдны, сьпякота жахлівая. Я ляжаў голы ў мокрым ложку, часам спаўзаў зь яго, каб падставіць галаву пад кран і заглянуць у цёмны калодзеж двара. Зрэдзьчасу адзіны згук падаваў дыхавічны ліфт: калі нейкі праежджы салдат прыводзіў дзяўчынку з Тэрміні. Нават каханьне за сьцяной адбывалася ціха й сонна, бяз крыкаў і рыпеньня спружын. Ня здолею ўжо цяпер аднавіць расклеенага й лянівага бегу маіх думак; яны паўзьлі туды-сюды праз абшары мінулых гадоў, і паступова брынялі шаленствам (паводле К’еркегора, шаленства — галоўны твар роспачы). Каля шостай вечара я адчуў штосьці немагчымае для апісаньня, дзірку ў часе, помпу адхлані, што ўсмоктвала мяне. Я кінуўся да вакна, ад здранцвеньня мяне абудзіў боль у руках, сутаргава заціснутых на клямках жалюзі. Адразу ж потым вуліцы каротка зашумелі, горад на хвілю ажыў, у суседняй камяніцы хтосьці няголасна засьпяваў, наколькі хапіла воддыху ў лёгкіх, папулярную песеньку. У паўночнай радыёпраграме паведамілі, што alle sei della sera circa, каля шостай вечара чатыры асобы адпрэчылі ўласнае жыцьцё ў розных раёнах Рыму.

Нямы сусьвет

Памятаю, што адбылося потым. Пасьля паўночнай радыёпраграмы я апошнім высілкам волі патушыў начнік і заснуў цяжкім сном, як самлеўшы. Прачнуўся а другой. Уся падлога ў пакоі была чорная ад прусакоў. Такое часьцяком здараецца ў старых рымскіх камяніцах: гарачэча гоніць прусакоў зь перагрэтых муроў, яны праціскаюцца ў пакоі паміж ліштвамі, зьбіраюцца на падлозе, ствараючы быццам чорную, дрыготкую посьцілку. На сьвітаньні прусакі вяртаюцца туды, адкуль павыпаўзалі, і пакой зноўку здаецца адносна чыстым.

Я здолеў апрануцца, стоячы на ложку і з дапамогаю вады з конаўкі праклаў сабе дарогу да дзьвярэй. Зьбег на дол, пабудзіў соннага парт’е, які неахвотна адчыніў мне дзьверы на вуліцу. Мне не заставалася нічога іншага, як да ранку бязмэтна блукаць па вуліцах Рыму.

Цяпер, па другой гадзіне ночы, горад быў зусім пустэльны. Я дацягнуўся да Тыбру, спадзеючыся, што хоць нейкі павеў вільгаці з ракі дапаможа мне перавесьці дыханьне. Я рушыў уздоўж Тыбру, прысядаючы па дарозе на парапеты. Але ўрэшце, змучаны, вырашыў сысьці сходамі да ракі, абмінуўшы замкнёную прыстань. Хтосьці пакінуў ля ўваходу на прыстань дзіравую лодку. Я выгодна ўлёгся ў ёй.

Я ляжаў, углядаючыся то ў зорнае неба, то на бульвар па тым беразе. Ён быў цалкам пусты, ніводзін мінак не зьявіўся на ім. Пусты й нямы, ніадкуль не даходзіў ніякі згук, апроч лянівага плюскату вады ў высахлым карыце ракі і пацучынага шкробату ў сьмецьці.

Нямы Рым пабудзіў у маіх думках "нямы сусьвет" Паскаля зь ягоных "Думак". Я заўжды меркаваў, а ў гэтую ноч Ferragosto пераканаўся, што Паскаль быў адзіным філёзафам, які здолеў наблізіцца да нашага ўбоства і праўды "схаванага Бога".

Дзьве ягоныя думкі я стала трымаю ў душы. "Ад пекла да неба нас аддзяляе толькі жыцьцё, самая крохкая ў сьвеце рэч". І: "пазнаньне Бога без пазнаньня ўласнага ўбоства спараджае пыху, пазнаньне ўласнага ўбоства без пазнаньня Бога спараджае роспач. Пазнаньне Хрыста знаходзіцца пасярэдзіне, бо ў ім мы знаходзім і Бога, і сваё ўбоства".

Але размова тут ідзе пра "Бога схаванага", а часьцей і наўпрост "няіснага". За Ягонай "схаванасьцю" або "няіснасьцю" разнасьцежваецца "нямы сусьвет", абыякавы да нашага існаваньня, і мы асуджаныя на вечную бяздомнасьць.

А можа, не "за" ягонай няіснасьцю, а "перад" ягонай няіснасьцю, калі ўсё на сьвеце ёсьць заслонай, што закрывае Бога? Так ці інакш, мы загубленыя ў "нямым сусьвеце", пакінутыя на ўласныя сілы (ці ўласнае бясьсільле), кінутыя на "спусьцелую й жахлівую выспу".

Аднаўляючы ў памяці абрыўкі думкі Паскаля, я запытваўся: а калі пачуцьці, што прасочваюцца ў людзкія сэрцы, будуць так скандэнсаваныя, так напружаныя, што згасіўшы усялякае сьвятло, незваротна пагрузяць людзкія сэрцы ў гушчэчу цемры? Ня трэба быць філёзафам, каб мысьліць і адчуваць гэткім чынам, на найніжэйшым роўні экзыстэнцыі. І тут мне прыйшло да галавы, што менавіта гэта й адбываецца у некаторых людзей у ноч вяршыні лета, калі паражае "немата сусьвету" і гусьцеюць да максымуму заслоны, што хаваюць Бога, падсоўваючы пакутны жах яго няіснасьці. Чаму менавіта ў гэтую ноч, а не ў якую іншую? Гэтага я няздольны, і думаю, што ніхто ня здольны, патлумачыць. Аднак і надалей, хаця слаба, балелі мне рукі, якімі я адпіхваўся ад засмоктваньня ў чорную прорву вуліцы. Колькі людзей у тую ноч баранілася ад спакусы адыходу?

Я заснуў на схіле ночы, ужо падсьветленай надыходам дня. Прахапіўся, калі штуршок зрушыў маю лодку. Яе штурхнуў, мінаючы, чалавек, узброены вядром і вудаю. Ён азірнуўся на мяне, гучна засьмяяўся і крыкнуў: E finito il Ferragosto! І сапраўды, сьвітанак ужо хапаў Рым у свае абдымкі. Я сышоў з надрэчча на бульвар і, асьвяжэлы, аціхла радасны, пайшоў у кірунку Piazza del Popolo. Усё больш людзей выходзіла з адчыненых брамак. На пляц выехала нават некалькі аўто. Я дабраўся акружным шляхам да Pincio, дзе было яшчэ пуста, хаця вадавоз ужо пакрапіў алею. Pincio, сад, дзе нарадзілася маё каханьне! Я абапёрся ўсім целам на балюстраду, якая дазваляла мне заўжды абягаць захопленым позіркам Рым: Гішпанскі пляц, Condotti, Тыбр, сьвятога Пятра. Сонца распырсквалася, як вада з вадавозу. Вуліцы, бульвар і пляцы пачарнелі ад мінакоў; рэдкіх, але жвавых у бязруху мёртвага гораду. Я не прэтэндую на раскрыцьцё таямніцы Ferragosto. Яна застанецца вечным сакрэтам (недаступным для ўладаў, што мараць аб прафіляктыцы "параксызму самазьнішчэньня"). Для мяне вяршыня лета была, ёсьць і будзе, пакуль існуе сьвет, момантам змаганьня нашага жыцьця з нашай сьмерцю.

Красавік—травень 1996 году