Наш брат - Зло

Герлінг-Грудзіньскі Густаў


Багаславёная, сьвятая

За год мае стасункі з самай буйной газэтай поўдня Італіі “Суд" так пашырыліся і ўмацаваліся, што рэдакцыя вырашыла пашырыць і рамкі маёй першапачатковай “спэцыялізацыі". Маёй “спэцыялізацыяй", якой і я, і газэта дагэтуль пільна прытрымліваліся, была палітычная праблематыка Ўсходняй Эўропы й Расеі. І вось галоўны рэдактар запрасіў мяне на каву ў свой кабінэт і з парогу сказаў: “Вы пісьменьнік і ня можаце кіснуць у гэтым вузкім, усё вузейшым загончыку. Я маю для вас прапанову, напачатку прынамсі часткова зьвязаную з вашай радзімай і з Эўрапейскім Усходам".

Ён паклаў перада мной дэпэшу з інфармацыйнай агенцыі, па-журналісцку складную, якую, падаецца, ня выкарысталі іншыя газэты.

— Падзеі, як бачыце, адбываюцца ў мястэчку Мацэра, якое ляжыць высока над Патэнцай. Толькі адзін аўтобус ідзе раніцай у Мацэру з Патэнцы, дзесяць кілямэтраў па стромкай і даволі выбоістай дарозе. Начаваць вам давядзецца ў Патэнцы, мы ноймем вам пакой у добрым гатэлі, каля аўтобуснага прыпынку. Агледзьцеся, няма чаго сьпяшацца. Як мне здаецца, справа вельмі далікатная і нават датклівая, больш надаецца на аповесьць ці на цыкл рэпартажаў. Калі вас зацікавіць прапанова, то пашукайце даступныя зьвесткі ў Нэапалі і паведамце нам, калі замовіць гатэль ў Патэнцы.

“Пошук даступных зьвесткаў у Нэапалі" быў няпросты. Пасьля першай і адзінай спробы выявілася, што неабходная кароткая паездка ў Рым. Інфармацыйная дэпэша, якую я прачытаў шматкроць (урэшце вывучыўшы на памяць), уяўляла сабой кароткае паведамленьне, падобнае на чыста абскрэбаны шкілет жывога стварэньня.

Маладую дзяўчыну, Марыяну К., родам зь вёскі пад Кельцамі, перад выбухам югаслаўскай грамадзянскай вайны запрасіла ў Гораждзе сястра, што некалі пасьля ІІ cусьветнай вайны выйшла замуж за басьнійскага доктара, зь якім пазнаёмілася ў Нямеччыне. У сям’і было дзьве дзяўчынкі-блізьняткі, значна старэйшыя за Марыяну. Доктар і ягоная жонка (таксама доктар) загінулі на вуліцы ад куль сэрбскіх “выбаровых стральцоў". Тры дзяўчыны — дзьве дачкі доктаркі ў веку каля 30 гадоў і ейная сямнаццацігадовая сястра — трапілі ў рукі сэрбскіх салдатаў падчас “этнічнай аблавы". Іх замкнулі ў бараку для жанчын, прызначаных на ўцеху сэрбскіх жаўнераў, і чатыры месяцы штоноч гвалцілі на месцы або ў салдацкіх кватэрах. Дочкі басьнійскага доктара й яго польскай жонкі скончылі жыцьцё самагубствам (адна была цяжарная) адразу ж пасля звальненьня са “службы". Марыяна была таксама цяжарная, але вырашыла нарадзіць дзіця — па ўласнай волі й закліку каталіцкага манаха зь місіі ў Сараеве. Гэты сьвятар з дапамогай сваіх братоў у Патэнцы забясьпечыў ёй выезд у Італію. Ксёндз зь мястэчка Мацэра пад Патэнцай прыняў яе да сябе ў плябань і папрасіў сваю старую маці даглядаць яе. Рашучасьць, зь якой яна зьбіралася нарадзіць дзіця гвалту, зь якой кожную вольную хвіліну праводзіла ў касьцёле на малітвах, моцна зьдзіўляла ці ня ўсіх жыхароў Мацэры, прыхільнікі называлі яе Beata ці нават Santa.

Аднак не набожныя жыхары Мацэры выдумалі прыдомак да ейнага імя. Ён зьявіўся спачатку ў безыменнай нататцы бюлетэня біскупства ў Патэнцы; адтуль нататку перадрукавалі на больш паважных старонках бюлетэня арцыбіскупства ў Нэапалі. Такім чынам, гэты прыдомак набыў адценьне амаль афіцыйнае, ва ўсякім разе яго ўхваліў арцыбіскуп-кардынал.

Я ведаў у Нэапалі аднаго ксяндза, “кавалера пяра" (як ён сябе называў), графамана, які марыў надрукаваць свае жудасныя “рэлігійныя" вершы, але быў няздольны сягнуць вышэй за апісаньні касьцельных сьвяткаваньняў у бюлетэні арцыбіскупства. Пасля доўгіх роспытаў ён выдаў “рэдакцыйную таямніцу": і нататку ў бюлетэні біскупства ў Патэнцы, і перадрук у бюлетэні арцыбіскупства ў Нэапалі арганізаваў “высокі" й “годны" чалавек з Ватыкану. Неахвотна, просячы захаваць таямніцу, ён назваў і ягонае прозьвішча. Я не мог нават і марыць стаць перад суровым абліччам гэтага чалавека, апранутага ў пурпур, але выпадкова даведаўся, што ягоны асабісты сакратар ксёндз В. — мой чытач. Гэта спрасьціла справу. Узамен на абяцаньне падпісаць кніжку В. згадзіўся спаткацца ў кавярні каля брамы Сьвятой Ганны.

Малады ксёндз В. зрабіў на мяне цудоўнае ўражаньне: ён быў рухавы, шмат ведаў, меў жывы розум; спатканьне ён пачаў зь цікавых заўваг пра маё пісьменства. Потым я падпісаў прынесеныя кніжкі. Урэшце я нясмела сказаў: “Я таксама маю просьбу". Спачатку ён даволі грозна нахмурыў бровы, аднак я зразумеў, што гэта такі чыноўны рытуал. І сапраўды, пасля далікатных роспытаў, крыніцы ягоных ведаў адкрыліся, і ён зь несхаваным задавальненьнем граў ролю інфарматара “такой вядомай і шаноўнай асобы".

Адзінае, што ён ведаў дакладна: яго начальнік выслаў рэкамэндацыі біскупу Патэнцы і арцыбіскупу Нэапалю, заахвочаны кімсьці больш значным у каталіцкай ерархіі. Ксёндз В. ня ведаў, хто быў інсьпіратарам, ці прынамсі зрабіў выгляд, што ня ведае. Перад разьвітаньнем ён адчуў патрэбу кампэнсаваць маё сур’ёзнае (як ён меркаваў) расчараваньне. Выдавала на тое, што ў маладой цяжарнай палячцы, якая вырашыла з мацярынскай любоўю нарадзіць на сьвет дзіця гвалту, Ватыкан бачыў un preclaro esempio della virtu crіstiana, “найясьнейшы прыклад хрысьціянскай цноты". Ледзьве вярнуўшыся з Рыму ў Нэапаль, я прыняў прапанову рэдактара “Суду" і паведаміў дату майго выезду ў Патэнцу.

Патэнца — вельмі брыдкі горад. Цікава, што ў Італіі гарады сярэдняй велічыні альбо вельмі прыгожыя, альбо страшэнна брыдкія, як быццам істота італьянскай прыгажосьці прызнае толькі экстрэмальнасьць. Прыцягальнасьць Патэнцы, а хутчэй ейных досыць далёкіх ваколіц — у постаці мадрыгаліста й забойцы XVI ст. Карла Гезуальда, князя Вэносы. На думку знаўцаў (у тым ліку й Олдаса Гаксьлі), ён быў адным з самых цудоўных кампазытараў-мадрыгалістаў, на думку крымінолягаў — меў мала роўных сабе па жорсткасьці. Высачыўшы ў алькове сьвайго нэапалітанскага палацу здраду прыгожай і маладой жонкі, ён загадаў слугам ня толькі забіць, але й пасячы каханкаў на дробныя кавалкі. Ён зьбег ад нэапалітанскай юрысдыкцыі ў родны маёнтак Вэноса, на захад ад Патэнцы. Кніжкі пра яго, партрэты, малюнкі, выявы сцэны злачынства, паэмы народных cantastorie, дыскі з мадрыгаламі — гэта асноўныя сувэніры для турыстаў. І, напэўна, адзіная падстава пахваліць горад.

Гатэль знаходзіўся сапраўды вельмі блізка ад аўтобуснага прыпынку, але я прыехаў у Патэнцу занадта позна, каб ехаць у Мацэру, адзінае, што я зрабіў — патэлефанаваў у плябань. Маці ксяндза, а потым сам ксёндз не хавалі задавальненьня, пачуўшы, што я паляк: “Нарэшце яна здолее паразмаўляць на роднай мове".

Яна і сапраўды ведала толькі пару сэрбскахарвацкіх выразаў, а за двухмесячны побыт у Італіі вывучыла тую асаблівую італьянскую гаворку “тугавухіх" замежнікаў — мешаніну ламаных слоў і бездапаможных жэстаў. Яе радасьць пры маім зьяўленьні была такая нястрымная, што яна схапіла мяне за руку, дакранулася вуснамі да маёй шчакі і паўтарала: “Мой Божа, дзякуй табе, Божа", — быццам я быў яе родзічам. У пэўным сэнсе й быў. Яна паходзіла з тых краёў, што й я, ейны бацька быў лясьнічым у раёне Загнаньска, пасярэдзіне дарогі ад Кельцаў да Сухаднёва.

Мы сядзелі ў добра зацененай альтанцы ля плябані, быў канец жніўня, яшчэ ня скончыўся пал solleone. Спачатку яна маўчала, гладзіла маю руку, час ад часу выцірала насоўкай сьлёзы і ўсё шаптала сваё: “Мой Божа, дзякуй табе, Божа". Яна была, як мне пасьля вітаньня сказаў на вуха ксёндз П’етра, на пятым месяцы цяжарнасьці (дадаў таксама, яшчэ больш ціха: “Мы клічам яе Beata, Santa, але яна гневаецца на гэта"). Ейнае паўгадзіннае маўчаньне дазволіла мне агледзець яе.

У тварах палячак часьцей, чым у іншых кабет, сустракаецца мілая й прыцягальная звычайнасьць. Яны не прыгожыя й ня брыдкія, яны, як кажуць, прыемныя. Хто ведае, можа менавіта з такіх і павінны пісаць мадонну — без рэнесанснай саладжавасьці або жахлівай гатычнай драматызацыі. Калі я глядзеў на Марыяну, што абапіралася на слупок альтанкі (яна больш любіла стаяць, чым ляжаць на шэзлонгу), я згадаў “Цяжарную Мадонну" П’ера дэля Франчэска з капліцы ў Мантэрчы: старэйшую, але з тварам па-сялянску прыемным, вельмі правільным у рысах і зь вельмі простым выразам праніклівых вачэй. А можа, такую асацыяцыю выклікаў факт, што Марыяна мела дакладна такую ж, як на карціне польскага мастака, пашыраную на жываце сукенку з парай шырокіх гузікаў, якая падкрэсьлівала ейны стан так, быццам роды былі ўжо блізка (а я ведаў, што яна яшчэ толькі на пятым месяцы). У гэтым апісаньні я абмінуў, аднак, самую важную рысу: і з твару, і па фігуры яна была падобная да дзяўчынкі, што асабліва ўражвала ў складзе яе вуснаў, якія час ад часу мімалётна крывіліся ў грымасе плачу, лёгка трымцелі; тады яе вочы зацягваліся вільготнай імглой.

Адразу ж, як яна схамянулася й загаварыла, мы пачалі ўзгадваць родныя краі. Ясна, што ейная памяць была жывейшая, сьвяжэйшая пасьля кароткага расстаньня: прайшло ўсяго паўтара года ад яе выезду зь лесьнічоўкі ў ваколіцах Загнаньску. Перад маімі вачамі пасьля гэтулькіх гадоў замігцелі вобразы, быццам за тоўстай замутненай шыбай. Але ўрэшце паўмёртвая памяць ажыла, і я ўсё спрытней пасьпяваў за маёй маладой суразмоўніцай. Мы зьбіралі ягады й грыбы ў густых загнаньскіх лясох, палохалі зайцоў на палянах і прасеках, лавілі ракаў пад каменьнем і вялікіх рыбаў у рэках; уздоўж чыгункі, каб не заблукаць, ішлі да старога цёмнага бору ў Тумбліне; яна ведала наш цёмны стаў у Бярозаве, бо езьдзіла туды з маткай у Міхнеў і ва Ўздолы, дзе жылі іхныя родзічы, якія таксама працавалі ў адміністрацыі дзяржаўных лясоў. Яна была так радая гэтым вандроўкам, такая шчасьлівая! І можа, менавіта гэта тлумачыць і часткова апраўдвае маю памылку: я запытаўся, чаму яна не вяртаецца дадому, каб там нарадзіць дзіця, замест таго каб гасьцяваць у добрых, але чужых людзей, зь якімі да таго ж цяжка паразумецца з-за моўнага бар’еру. Раптам яна пачырванела, адвярнула галаву й моўчкі паклала рукі на жывот. Я зразумеў сваю сапраўды недаравальную нетактоўнасьць і хуценька вярнуўся да нашай настальгічнай, радаснай вандроўкі. Яна крадком глядзела на мяне з удзячнасьцю. Як я мог не здагадацца, што яе рашэньне нарадзіць не зьмяніла пачуцьця незажыўленай ганьбы? А ганьба, вядома, мацней за ўсё адчуваецца сярод найбліжэйшых людзей. Адвячоркам я вярнуўся ў Патэнцу і, не вячэраючы, лёг у ложак, смакуючы горыч сораму. Напэўна — слабое суцяшэньне! — я падсьвядома здагадваўся, што прапанова рэдактара газэты была адным з тых чыньнікаў, якія адкрываюць двухсэнсоўнасьць (каб не сказаць болей!) журналістыкі. Але толькі цяпер я ўсьведамляў гэта дастаткова выразна. Было відавочна, што я мог гаварыць з маёй маладой суайчыньніцай пра ўсё, за выключэньнем таго, што яна перажыла ў Гораждзе. Я мусіў паводзіць сябе так, каб адкінуць яе няшчасьце ў нябыт. Я мусіў быць для яе крыніцай палёгкі, а не напругі. Мне нельга было адкрыцца, зь якой мэтай я прыехаў з Нэапаля; на шчасьце, ксёндз П’етра прадставіў мяне як паляка, якога нэапалітанскае арцыбіскупства папрасіла наведаць суайчыньніцу.

Пасьлязаўтра з раніцы я вырашыў растлумачыць маё становішча рэдактару “Суду". Перад тым як заснуць, мяне перасьледавала карцінка, якую я ўбачыў у Мацэры. Групка старых людзей (з Мацэры й Патэнцы?), мужчын і жанчын, прыйшла ў альтанку каля плябані, іх прывёў туды незнаёмы мне, вельмі малады ксёндз. Яны краналі далонямі жывот Марыяны, пасьля чаго цалавалі яе й пабожна складалі далоні. Дзяўчына літаральна ўцякла з альтанкі і ў страху забылася разьвітацца са мною. А я раптам згадаў паўднёвы звычай дакранацца да труны з мошчамі сьвятога і пасля цалаваць пальцы.

Мяне зьдзівіў сваёй тонкасьцю рэдактар “Суду", якога я лічыў клясычным журналістам, гатовым паляваць на любую сэнсацыю безь якіх-небудзь маральных згрызотаў, by hook and crook, як кажуць ангельцы. Ён выслухаў мяне, не перапыняючы, нягледзячы на тое, што я даволі доўга тлумачыў. Калі я скончыў, у слухаўцы запанавала доўгая ціша. “Я цудоўна разумею вас, — сказаў ён нарэшце, — на вашым месцы я зрабіў бы гэтаксама. Але, калі ўжо заплацілі за гатэль наперад, то я раю вам выкарыстаць гэта да канца й штодзённа наведваць вашую суайчыньніцу. Я проста гэтага патрабую". Я быў расчулены і даў яму гэта адчуць.

Я пакляўся пазьбягаць усялякіх, хаця б найменшых алюзій на тэму сэрбскіх перажываньняў Марыяны й ігнараваць яе цяжар, гэта праўда; але пад той праўдай хаваецца іншая: усе мае думкі безупынна круціліся вакол тэмы, кранаць якую я сабе сурова забараніў. Таму я глядзеў на яе напаўдзіцячы твар, гаварыў занадта шмат і занадта жартаўліва, каб толькі выклікаць яе ўсьмешку й іскрынку весялосьці ў вачох; а ў гэты ж час я быў думкамі далёка, там. Нельга было даць гэтаму рады, мой погляд час ад часу несьвядома скіроўваўся да яе жывата. Я цешыўся толькі тым, што яна ня бачыць, не адчувае маёй дваістасьці, я даў ёй адчуваньне блізкасьці й сымпатыі, нягледзячы на ейную мінуўшчыну й цяперашні стан. Мяне цешыў кожны дробны знак, што яна пачынае давяраць мне і разгінаецца пад цяжарам, які несла.

З газэт я ведаў, што кабетам, якіх вызвалялі з сэрбскай “этнічнай" няволі, стваралі спрошчаныя ўмовы, каб зрабіць спарон — калі яны таго хацелі; калі інстынкт жыцьця ў іх быў дастаткова моцны, каб дзень за днём ня прагнуць самагубства. Што пераважыла ў Марыяны? Набожнасьць, набытая ў роднай хаце, усмактаная з мацярынскім малаком? Ці непераможны імпульс мацярынства? Непераможны, нягледзячы на абставіны зачацьця, нягледзячы на стаптаньне хрысьціянскага прынцыпу, што дзіця мусіць быць плодам каханьня, а не нянавісьці. Я ня меў нават упэўненасьці, што яна здольная да нянавісьці — з гэтым сваім дзіцячым тварыкам, з вачамі, празрыстымі ў сваёй чысьціні. А можа, да мацярынства яе схіліў каталіцкі манах зь місіі ў Сараеве, можа, ён падаўся ёй заменьнікам ейнага бацькі? Можа, занадта крохкае дзіцячае сэрца ня здолела супраціўляцца яго патрабаваньням? На якой мове ён гаварыў зь ёй? Не было адказу на гэтыя маўклівыя пытаньні, якія множыліся ў маіх думках. Адное цягнула за сабой наступныя і наступныя, не было ім канца, і я браў у далоні яе рукі, прыцягваў яе да сябе, як пакрыўджаную й зьнямелую дачку. Я пачаў рабіць гэта больш сьмела, калі яна аднойчы сказала, што ня хоча перапісвацца з роднымі. Відавочна, што добраахвотнае сіроцтва дапамагала ёй перанесьці цяжкія выпрабаваньні.

Мой тыдзень заканчваўся, абавязкі клікалі мяне дадому, у апошні дзень я паехаў у Мацэру вельмі раньнім аўтобусам, каб пасьпець на зваротны аўтобус а першай гадзіне і на цягнік у Нэапаль а другой.

Марыяна яшчэ спала ў сваім пакойчыку, тут жа, каля альтанкі. Мяне крыху заняла маці ксяндза Пятра, пачаставала кавай у альтанцы. Яе сын пасля раньняй імшы прымаў вернікаў у сталовай на плябані, якая штораніцы ператваралася ў “офіс". Адтуль даносіліся прыцішаныя галасы, пробашч выразна дбаў пра цішыню. Дбала і ягоная матка, але па-свойму, з тыповым для старых людзей заклапочаным тварам носьбіткі нейкай таямніцы. Таямніца, то бок трывога, датычылася, натуральна, Марыяны. Здаралася, што дзяўчына — як сёньня — прачыналася вельмі позна, ранішнія гадзіны сну былі дзіўныя, Божа, якія дзіўныя! Больш, чым да сну, яны былі падобныя да доўгага помараку: яна ня рухалася, была вельмі бледная — белая як пасьцель, здавалася, што яна ня дыхае; рукі Марыяна сплятала на жываце, як памерлая й падрыхтаваная да пахаваньня. “Доктар з Патэнцы супакоіў мяне й сына, каб мы не баяліся, але ці можна верыць дактарам? Колькі расказваюць пра іхныя памылкі! Вось вы самі паглядзіце, я толькі прыадчыню дзьверы, дастаткова шчыліны".

І сапраўды, у паўзмроку, у пакоі з закрытымі жалюзі, я ўбачыў трывожнае відовішча. Я стараўся злавіць зрокам хаця б мінімальнае трымценьне на шыі, хаця б торгат скуры ці жылкі, углядаўся ў шырока адкрытыя вусны, у далоні, скрыжаваныя на жываце, у вочы, закрытыя цяжкімі павейкамі. Было штосьці страшнае ў гэтым сьне без дыханьня.

Дзяўчына прыйшла ў альтанку дакладна апоўдні, калі на вежы касьцёлу ўдарыў звон. Яна села насупраць мяне на лежаку, яшчэ не прачнуўшыся як сьлед. Упершыню я заўважыў у яе штосьці кшталту дваістай рэакцыі. То яна гладзіла ў задуменьні свой жывот з усьмешкаю шчасьця ці задавальненьня, з усьмешкаю ўсіх цяжарных; а то правай далоньню быццам адпіхвала свой плод, рысы ейнага твару на імгненьне завастраліся ў грымасе нелюбові, нежаданьня і, можа, нават пакуты. Нам засталося мала часу на разьвітаньне, яна ўстала зь лежака ды свабодна, бязь ценю нясьмеласьці абняла мяне са слязьмі й паклала галаву на маё плячо. Памятаю, я суцяшаў яе тым, што ксёндз П’етра мае на плябані тэлефон. І што падарожжа з Нэапалю да Патэнцы займае ўсяго 4 гадзіны.

Пасля дзьвюх кароткіх размоў я зразумеў, што яна ня любіць тэлефон, больш за тое — ён яе чамусьці палохае. За трэцім разам яна загадала матцы ксяндза Пятра перапрасіць мяне, бо яна стамілася й ня мае сілы падысьці да апарата ў канцы калідора. Я стаў пісаць ёй, яна адказвала хутка й прыгожа, почыркам і стылем добрай вучаніцы, якая вывучала каліграфію. У кожным лісьце яна пыталася, ці хутка я прыеду. “Я хацела б хоць трохі паразмаўляць на роднай мове. Па-італьянску не навучуся ўжо хіба ніколі, хаця ксёндз Пётр Скопала і ягоная маці, пані Малгажата, вельмі цярплівыя й добрыя".

У другой палове кастрычніка ўтварылася шырокая фортка ў маіх занятках, я лёгка мог выкарыстаць яе для візыту да Марыяны й ейных апекуноў. Аднак я адцягваў гэты візыт, адкладаў выезд з дня на дзень, пакуль мяне не падштурхнуў пакет ад рэдактара “Суду". Я атрымаў яго позьнім вечарам, адразу ж прачытаў і раніцай ужо сядзеў у цягніку да Патэнцы.

Гэта было вуснае, запісанае сябрамі міжнароднай Камісіі абароны правоў чалавека, сьведчаньне саракагадовай басьнійкі, бязьдзетнай удавы, якая нават назвала сваё імя, прозьвішча й адрас у Гораждзе, але я не хачу тут публікаваць гэтыя зьвесткі. Яна некалі была, як сьведчылі сябры камісіі, вельмі прыгожая, аднак цяпер перад імі стаяла старая жанчына. Яна прыйшла да іх па ўласнай волі, ніхто яе не запрашаў і не заахвочваў; і ад першых сказаў было відаць, што яна хоча любой цаной сьведчыць, не абмінаючы ніякіх жахлівых і саромных падрабязнасьцяў, лічачы сваё сьведчаньне падвойнай карай: катам і сабе самой за тое, што была бязвольнай ахвярай, няздольнай да акту роспачы й адвагі. Другое было нават мацнейшае, часам здавалася, што аўтарка гвалціць сябе, быццам гэта было адзіным, што ёй яшчэ ў жыцьці засталося. Але — што гэтак жа зьдзіўляла — яна вытрымлівала здаровы й халодны парадак апавяданьня.

Яна была ў ліку жанчын, забраных у Гораждзе “этнічнай" сеткай, закінутай сэрбскімі жаўнерамі. Фармальнай мэтай гэтай акцыі было “папраўленьне расы", а на самай справе, натуральна, вялося пра стварэньне салдацкага бардэлю. Кабет трымалі ў замкнёным бараку, куды салдаты прыходзілі ўночы, выбіралі партнэрак і на вачох астатніх задавальнялі свае мужчынскія патрэбы. Спачатку ўпартых наложніц зьбівалі аж да крыві. Потым упартасьць і супраціў саслабелі, на іх месца прыйшла тупая пакорлівасьць. У сярэднім кожную кабету на працягу ночы гвалцілі шмат разоў па трое салдатаў. Потым жаўнеры захацелі большай “інтымнасьці", яны забіралі кабет у казармы. Урэшце ў бараку ўстанавілі тэлефон, і абраных кабет выклікалі й праводзілі да “адрасата" з дапамогай аднаго зь пяці вартаўнікоў “унутранай службы". Праз чатыры месяцы жыхарак барака адпусьцілі. Тады ўжо, на думку аўтаркі сьведчаньня, траціна зь іх, а можа і болей, чакалі дзіця. Так, яна чула пра самагубствы, але ня ведае дакладных лічбаў. Пераважным было імкненьне да абортаў. Яна сама з трохмесячнай цяжарнасьцю адразу ж пайшла да знаёмага гінэколяга.

Яе сьведчаньне налічвала каля 70 старонак машынапісу й было перакладзенае (для ўжытку сусьветнай прэсы) на ангельскую, францускую, нямецкую й італьянскую мовы. Ад рэдактараў “Суду" я атрымаў італьянскі экзэмпляр з допісам: “здадзена ў рэдакцыйны архіў". Натуральна, я замаўчу падрабязнасьці, якія шчодрай рукой з прагай зрабіць сабе балюча расьсеяла ў сьведчаньні аўтарка. На маю думку (якая ўсё часьцей ігнаруецца й высьмейваецца, як у газэтах, часопісах і на тэлебачаньні, гэтак і ў літаратуры), існуе пэўная мяжа таго, што можна людзям сказаць пра людзей.

Рэдактар дакумэнту, сябра Камісіі, якому далі яго для шліфаваньня, відавочна, меў нейкія літаратарскія амбіцыі, бо надаў сьведчаньню эпіграф: Para eso habeis nacido — “Для таго вас пусьцілі ў сьвет". Гэта была назва афорта Гойі з “Los desastres de la guerra", якая ўяўляла сабою завалы трупаў і сьведку масакры, які глядзіць на іх і ня можа ўтрымаць ванітаў.

Я прыехаў у Патэнцу рана, крамы й бары ўжо паадчыняліся, знайшоў сьціплы гатэль, таксама недалёка ад аўтобуснага прыпынку да Мацэры. Нейкі псыхалягічны блёк не пускаў мяне адразу ж выехаць у Мацэру. Надвор’е было восеньскае, звычайны на поўдні кастрычнік, змрочны, душны й дажджлівы. Не было сэнсу цягацца па горадзе, гэтай гарачай турэцкай лазьні. Я прыняў у гатэлі падпсаваны душ і сеў у крэсьле каля вакна, стомлены падарожжам. Вакно выходзіла на малую вулку. Зь дзіўнай палёгкай я прыглядаўся да рэдкіх мінакоў. Я шукаў спосаб супакоіць нэрвы, змучаныя чытаньнем у цягніку.

Яшчэ раз я пераканаўся, якое ўбогае нашае ўяўленьне. Да прачытаньня рапарта, дзякуючы жыцьцёваму досьведу й максымальнаму рэалізму, я меў нейкае ўяўленьне пра сэрбскую “этнічную чыстку", але насамрэч яна была значна больш жорсткай і брыдкай. Рэчаіснасьць рабіла абсалютна неверагодным выгляд Марыяны. Ці магчыма, перажыўшы ўсё, што яна перажыла, заставацца такой, якой я яе пазнаў — дзяўчынкай, моцна ўрослай у сваё дзяцінства, духоўна (здавалася мне) некранутай? І ці магу я забыцца на сваё новае, страшнае веданьне, гледзячы на яе й размаўляючы зь ёй? Ня будзе вялікага перабольшаньня, калі я скажу, што вельмі баяўся спатканьня з Марыянай.

Я зьявіўся на плябані апоўдні, выклікаючы радасьць усёй тройкі. У вачох ксяндза й ягонай маткі я ўбачыў цень клопату, у вачох Марыяны — чыстую радасьць. Яна якраз выбіралася на кантрольны візыт у амбуляторыю (Мацэра ганарылася добрай санітарнай службай), і я без ваганьня згадзіўся яе суправаджаць замест пробашча. Мілы культурны доктар, дзіця Мацэры, быў задаволены вынікам агляду. Ён прадбачыў роды ў сьнежні і перасьцерагаў, што можа разьвіцца родавая гарачка (Марыяна, якой я пераклаў яго перасьцярогу, кіўнула галавой). Ён рэкамэндаваў, апрача таблетак і сіропаў, прагулкі й дзьве гадзіны сну ўдзень. Якраз надарыўся й выпадак для прагулкі. Яна мяне ўзяла пад руку й прытулілася з даверлівасьцю дачкі; жыхары Мацэры разглядалі нас, напэўна, як бацьку й дачку, што туляцца адно да аднаго зь сямейным даверам. Марыяну ўвесь час віталі й віншавалі мінакі, і гэта зьмяншала для яе прыемнасьць прагулянкі, якую цалкам запоўніў ейны голас. Яна была як ніколі гаваркой. Мяне не дзівіла гэтая гаварлівасьць пасьля вымушанага посту маўчаньня. Я быў рады і за яе, і за сябе: за сябе, бо тое, што я перажываў, вымагала майго маўчаньня.

Мы вярнуліся дадому да зьмярканьня, ксёндз і ягоная матка нагадалі Марыяне пра абавязак дзьвюхгадзіннага “ляжаньня". Яна пакорліва ўвайшла ў свой пакой і зачынілася. Мы сядзелі ўтраіх у кухні, папіваючы нямоцнае віно. Цень клопату, які я бачыў на тварах гаспадароў адразу ж па прыбыцьці на плябань, меў падставу. Прыцішана, амаль шэптам, яны расказалі, што іх выхаванка часам (не заўсёды) гаворыць штосьці падчас пасьляабедзенай дрымоты. Гаворыць на роднай мове, якую яны не разумеюць. Нельга быць упэўненым, што гэта бессэнсоўнае трызьненьне, нейкія словы, нейкія сказы, якія выплываюць на паверхню плыткага сну. А раптам яна гаворыць штосьці, чаго не асьмельваецца сказаць ім наяве? А раптам гэта нейкія жаданьні? Аднойчы ксёндз ціха ўвайшоў да яе ў пакой і глядзеў на яе. Яго зьдзівіў яе зьменены твар, пазбаўлены звыклай пяшчоты; яго ўразіла таксама, што яе словы гучалі маркотна й горка. Можа яны перабольшваюць, можа гэтая іхная турбота непатрэбная, але яны хацелі б, каб я паслухаў тое, што яна гаворыць, пры першай жа магчымасьці. Бо зараз — вы чуеце, як ціха? — нічога, дзякуй Богу, не каламуціць яе спакойны сон.

Праз два дні зьявілася гэтая “магчымасьць". І так раптоўна, што гаспадары падскочылі з фатэляў, глянуўшы на мяне ўмольна й запытальна. Я ўвайшоў на дыбачках у ейны пакой (упершыню!), не адпускаючы клямкі. Пакой быў прыцемнены жалюзі, на голай сьцяне насупраць дзьвярэй, над яе ложкам, вісеў здымак папы, за ўзгалоўем ложка стаяў высокі круцыфікс, а пад ім — даволі высокі падкаленьнік. Яна ня толькі гаварыла, ня толькі выкідала зь сябе нейкія словы, але й крычала, няголасна, быццам душачы ў сабе выбухі плачу. І мяркуючы па яе завостраным твары, выбухі нянавісьці. І ў гэты час, у цалкам расшпіленай сукенцы, яе ўзьняты жывот выглядаў так, быццам праз хвіліну раскрыецца. Я нахіліўся над ёй, намагаючыся дакладна злавіць словы. Калі б мяне хто ўбачыў у гэтай позе, то яго б зьдзівіў, напэўна, выраз майго твару: я перакананы, што гэты твар аблівала кроў румянцу й адплывала, саступаючы месца бледнасьці. “Ах, гэта зразумела, — сказаў я гаспадарам, што насьцярожана чакалі мяне за зачыненымі дзьвярамі, — яна час ад часу ўспамінае жахлівыя падзеі ў Югаславіі". Гаспадары ўздыхнулі разам, як па камандзе.

Паслязаўтра ранкам мяне выклікалі ў Нэапаль, і я быў рады гэтаму. Я дамовіўся з гаспадарамі, што зноў прыеду каля дзясятага сьнежня, доктар прадбачыў, што роды будуць у другой палове месяца. Мне прапанавалі пасяліцца ў плябані, у малым, але мілым пакойчыку каля пакою Марыяны.

Першыя дні дома, вечарамі, пасьля заканчэньня спраў, я то сядзеў над нататкамі, прывезенымі з Патэнцы (я рабіў іх у цягніку), то кружляў па пакоі, як дзікі зьвер у клетцы, у прыступе раптоўнага раздражненьня.

На аркушах я занатаваў словы, выразы, вокрыкі, выслоўі, якія выляталі з паўсоннага трызьненьня Марыяны. Я не падаю іх тут, як не падаў раней фрагмэнты сьведчаньня басьнійскай удавы, запісанага сябрамі міжнароднай камісіі. І з той жа самай прычыны. Бо істотныя ня тыя ці іншыя лахманы Зла, якія выклікаюць жах і агіду, якімі любяць эпатаваць (і атручваць) гэтак званую “простую публіку" “паляўнічыя на голую рэчаіснасьць без прыкрасаў" ад журналістыкі і літаратуры. Істотным заўсёды было і застаецца надалей само ЗЛО.

Ня памятаю ўжо, якому пісьменьніку належыць сьцверджаньне, што літаратура — гэта нястомныя думкі пра сьмерць. Я дадаў бы — і пра магутнасьць зла. У тым ці іншым выпадку, літаратура намагаецца зразумець незразумелае, злавіць няўлоўнае, трохі, бадай, растлумачыць “ядро цемры". Але трымаюцца звычайна так, быццам выразная дэмаркацыйная лінія адзьдзяляе Жыцьцё ад Сьмерці, Дабро ад Зла. А для мяне важнае й складанае для пранікненьня было й ёсьць памежжа, гэтая, кажучы словамі Конрада, “смуга ценю", якая азначае нерухомасьць, мёртвае знаходжаньне сярод шалёных стыхіяў. Няма сьмерці, недаступнай для непасрэднага адчуваньня, па-за межамі жыцьця. Няма Зла, якое падкрадваецца спакваля, здаля, з-за межаў Дабра. Тут пануе закон осмасу1 .

Ці сапраўды пануе, ці адчуваем мы яго? На першы погляд, так, больш за тое, нам падаецца гэта банальным, але адно — ведаць пра яго, а іншае — убачыць. Як я пад вульгарнымі словамі і скрыўленым абліччам Марыяны бачыў яе чысты дзіцячы тварык.

Мы зноў распачалі карэспандэнцыю. Не зважаючы на мае кароткія адказы на нэапалітанскіх паштоўках зь відамі горада (шмат гадоў таму я знайшоў такое вырашэньне сваёй эпісталярнай бяздарнасьці), яна пісала лісты ўсё большыя і з усё большым смакам. Яна вырашыла расказаць мне пра сябе ўсё, ад самага-самага раньняга, захаванага ў памяці, дзяцінства да атэстата сталасьці, здадзенага ў агульнаадукацыйнай гімназіі ў Скаржыску. Яна апавядала, не шкадуючы занадта дробных і часам сьмешных падрабязнасьцяў свайго жыцьця, каб унікнуць самоты. Акрамя таго, яна ведала, што я пісьменьнік, і гэта было, відаць, стымулам “пісаць прыгожа", часам яе высілкі “пісаць прыгожа" былі аж занадта відавочныя. Незадоўга да родаў і майго прыезду ў Мацэру яна мімаходзь згадала пра свайго хлопца са скаржыскай гімназіі. Яна, аднак, жыла ў занадта суровым доме, пад занадта пільным і старанным наглядам бацькоў і загнаньскага ксяндза, каб тое ледзь заквітнелае пачуцьцё магло да чагосьці прывесьці. Зрэшты, пасля добрай атэстацыі на сталасьць яе ў якасьці ўзнагароды адпусьцілі да старэйшай сястры ў Босьнію.

Я доўга задумваўся над крыніцамі маёй прывязанасьці да Марыяны. Галоўная прычына, як я мяркую — простае спачуваньне яе няшчасьцю. (“Ці ты часам, — сказаў мне калісьці вельмі блізкі сябар, — не закаханы ў любы людзкі боль?") Яшчэ перад тым, як я зь ёй пазнаёміўся, я амаль з абурэньнем пачуў заклік касьцёлу да кабет у яе стане, каб рашыліся, па-хрысьціянску адважыліся нарадзіць дзяцей гвалту й нянавісьці, перамогшы спакусу вытруціць плод, адклаўшы на потым хрысьціянскую натуральную цягу да дзяцей каханьня. Марыяна ўзбуджала маю цікаўнасьць, бо была абыякавая, нават раздражнёная атмасфэрай “сьвятасьці", якой яе атачылі. Дык чаму ж яна вырашыла нарадзіць дзіця гвалту? Як перамагла ў сабе гнеў зганьбаванай, пазбаўленай годнасьці, зняважанай, бітай і мучанай кабеты? Нягледзячы на гэта, услухоўвалася ў сыгнал жыцьця, якое расло ў ёй і сьпела, кожным рухам падмінаючы яе ўласнае жыцьцё? Гэта зьдзіўляла, прыцягвала мяне. Не, яна не была для мяне ні “багаславёнай", ні “сьвятой", яна была шэдэўрам інстынктыўнай велікадушнасьці й дабрыні, дзіўных у яе ўзросьце. І яшчэ адно, чаго ў імя поўнай праўды нельга мне хаваць: ад хвіліны, калі я пачуў яе паўсоннае трызьненьне і ўбачыў яе зьменены твар, я палюбіў яе яшчэ мацней за спляценьне і барацьбу людзкіх супярэчнасьцяў. Я б не хацеў, каб яна была алеаграфічнай “чыстай сьвятой", я хацеў, каб яна была сьвятой рэальнай, гэта значыць — глыбока ўражанай.

Я стрымаў слова і дзясятага сьнежня пагрукаў у дзьверы плябані. Мяне пасялілі ў цесным пакойчку, каля пакою Марыяны. Цесната ня мела вялікага значэньня, бо зь першай хвіліны мне стала ясна, што я хачу ў сябе толькі спаць (і то гатовы сарвацца з малога ложачка на кожную просьбу суседкі). Удзень і гаспадары, і (употай) Марыяна чакалі майго сталага знаходжаньня каля яе ўзгалоўя. Спачатку я ня быў упэўнены, ці яна таго хоча, такая далікатная, алергічная на кожную лішнюю ўвагу да сваёй асобы. А потым я даведаўся, што гэта было ейнае жаданьне, якога яна не адважвалася выказаць наўпрост, а таму падкінула ідэю ксяндзу П’етра і ягонай маці, просячы, каб яны захавалі таямніцу. Яе апанаваў страх перад родамі. Цяжарнасьць была цяжкай, дзяўчына ледзь хадзіла па пакоі й з палёгкай вярталася ў ложак. Ейны зблажэлы, паараны вузкімі зморшчынкамі і барознамі твар часам набываў даўнюю сьвежасьць з цудоўным дзіцячым складам вуснаў. Я гладзіў яе далонь, а часам браў яе ў свае, яна не пярэчыла, а наадварот, усьміхалася з удзячнасьцю. Часам я гладзіў ейны твар і лёгка цалаваў шчокі, заўсёды выклікаючы гэтым ейныя сьлёзы. Яна прагнула ласкі, як змучаны вандроўнік прагне вады ў пустэльні. Мы размаўлялі пра наш родны край; я ніколі ня думаў, што столькі можна пра яго сказаць, затое ні разу й словам яна не згадала побыт у Босьніі, нават шчасьлівыя хвіліны перад вайной.

<…>

Малады доктар з Мацэры заходзіў кожныя два-тры дні, ён лічыў, што роды могуць пачацца кожную хвіліну. У амбуляторыі ён уладкаваў для Марыяны спэцыяльную палату й запрасіў добрага гінэколяга з Патэнцы, бо пра тое, каб завезьці яе ў патэнцыянскі шпіталь выбоістай дарогай, не было нават размовы.

Экзальтаваная гаварлівасьць ксяндза П’етра, ягоная “рэлігійная" алюзійнасьць (напрыклад, каляндарная, бо набліжалася Божае Нараджэньне), ягоная жэстыкуляцыя (пабожна складваў рукі і ўздымаў вочы ў неба) — усё гэта прыводзіла да таго, што з дня на дзень множыліся візыты “пілігрымаў" і з Мацэры, і з Патэнцы. Хоцькі-няхоцькі, я пачаў граць ролю даволі жорсткага ахоўніка Марыяны. Ніхто, апрача мяне й маці ксяндза, ня меў права пераступіць парог ейнага пакою.

Родавыя болі пачаліся 19 сьнежня, вечарам. Адразу ж яе перанесьлі ў амбуляторыю. Яна ўвесь час крычала. Я чуў на плябані яе крык, падобны да немага енку, і гэта была адзіная мая лучнасьць зь ёй. У амбуляторыю нікога не пускалі, гэты загад выдаў малады мясцовы доктар, відаць, па распараджэньні гінэколяга з Патэнцы, што праз паўгадзіны мусіў быць. Доктар прыехаў разам з біскупам Патэнцы, якога вітаў ксёндз П’етра. Я сядзеў у кухні з маткай ксяндза, мы моўчкі глядзелі адно на аднаго, устрывожаныя тым, што крык усё ўзмацняўся. Ён сьціх а дзевятай гадзіне, праз 15 хвілінаў у кухню ўвайшоў ксёндз П’етра. “Taglio cesareo", — мармытаў ён, што азначала — кесарава сячэньне. І выбег у касьцёл.

Нарадзіўся хлопчык, вельмі вялікі, а маці самлела. Яна нават не рэагавала на спробы прыкласьці ёй дзіця да грудзей. Ксяндзу дазволілі пяціхвілінны візыт у амбуляторыю. Ён нічога не хацеў пра яе расказваць, толькі ўвесь час хрысьціўся й шэптам маліўся.

Марыяна памерла праз суткі, ранкам, дваццатага сьнежня. Апоўдні адчынілі брамку касьцёлу. На шчасьце, нельга было занадта наблізіцца да мёртвай, якая была густа абстаўленая палісадам доўгіх і тонкіх сьвечак, і таму адпадаў страх, што тлум кінецца цалаваць труну. Марыяна мела спакойны, лагодны твар, які хутчэй нагадваў пра першую камунію, чым пра пахаваньне. Паміж пальцамі сплеценых далоняў ёй утыркнулі круцыфікс. Паміж грудзьмі паклалі авальны медальён з выявай Мадонны, дзіця забралі манашкі з Патэнцы. Жалобную імшу адслужыў дваццаць другога сьнежня біскуп Патэнцы, якому асыставаў ксёндз П’етра. Ён і прамаўляў над труною, засыпанай кветкамі й вянкамі. Я ня слухаў яго, мяне разьятрыў галоўны матыў — “un preclaro esempio della virtu cristiana". Было зімна, дзьмуў вецер, спадалі на вечка труны цьвёрдыя грудкі зямлі. Натоўп разьбегся, як статак зьмерзлых авечак. Я кінуў сваю грудку, абняў ксяндза П’етра й ягоную матку ды скалелы пацягнуўся на плябань па сваю торбу. Незнаёмы з Патэнцы завёз мяне на сваёй машыне на вакзал.

У сярэдзіне красавіка наступнага году мяне наведаў у Нэапалі малады доктар з Мацэры. Я ўсьміхаўся мімаволі, калі слухаў яго аповеды. Ён быў прапраўнукам флабераўскага аптэкара Homais, толькі што інтэлігентным і дасьціпным. Ня мог ён зразумець сьмерці Марыяны: усё было зроблена як належыць. А ягоны шаноўны калега з Патэнцы мучыўся думкай, што скажа патэнцыянскі біскуп ("Вы ж разумееце?"). Дзіця? Здаровы й моцны хлопчык, ім згадзіліся заняцца сёстры-ўрсулінкі з Авэліна. Ксёндз П’етра? Увесь час шукае цудаў ad maiorem Dei gloriam, распавядае, нібыта чуў адразу ж пасьля пахаваньня гукі з магілы, быццам Марыяна не памерла цалкам. Празь месяц адбылася эксгумацыя ў прысутнасьці ватыканскага monsignore і доктара з Рыма, і гэта ксёндз П’етра палічыў за чарговы слушны крок у працэсе бэатыфікацыі Марыяны. І ведаеце што? Ён ужо тыдзень як змаркатнеў, нічога не гаворыць, відаць, нехта зьверху прытармазіў ягоную актыўную дзейнасьць.

Актыўны й энэргічны быў і сам доктар з Мацэры, таму я ўздыхнуў з палёгкаю, выпраўляючы яго да станцыі мэтро.

Інтуіцыя падказвала мне, што я павінен убачыць ксяндза В., сакратара ўплывовага кардынала з Рымскай курыі. Шлях да новага спатканьня мне вымасьціў шчасьлівы выпадак, а менавіта — пад канец ліпеня выйшла мая новая кніжка па-італьянску, да таго ж адначасова каталіцкае выдавецтва на поўначы выдала кніжачку ксяндза В. пра сьвятога Францішка. Я яе купіў, прачытаў (вельмі добрая), напісаў да ксяндза В. ліст з камплімэнтамі і дадаў да гэтата асобнік маёй кніжкі з прачулым надпісам. Праз тыдзень прыйшоў адказ, ксёндз В. быў на сёмым небе, нават не спрабаваў схаваць сваёй эўфарыі. Прапанаваў спаткацца. Я запрасіў яго на абед у мілай кавярні каля Ватыкана сёмага жніўня. Ён прыняў запрашэньне й час.

Я ведаў, што ўдача маёй рызыкоўнай справы залежыць, галоўным чынам, ад таго, ці здолею я на хвіліну стаць акторам. Таму я сканцэнтраваўся спачатку на яго кніжцы й не даваў яму сказаць рэваншных хвалебных слоў пра маю. Мне гэта давалася тым больш лёгка, што я ўважліва вывучыў напачатку году вялізны гістарычны твор касьцёлу пізанскага ўнівэрсытэту аб праблеме “стыгмату сьвятога Францішка", твор, які імпанаваў эрудыцыяй і ўменьнем апавядаць. Натуральна, ксёндз В. яе таксама прачытаў, і таму нашая размова, вельмі шчодра акропленая віном, была турнірам эрудыцыі з маімі ўхвальнымі ўстаўкамі пра яго кніжку. За кавай і каньяком я вырашыўся зьлёгку прыўзняць маску. Я быццам выпадкова, без імпэту прыгадаў нашу папярэднюю размову. Ён уважліва паглядзеў на мяне, я не апусьціў вачэй, бо ведаў, што ён выпрабоўвае мяне й вагаецца. Аднак гэты паядынак, невыносна доўгае скрыжаваньне поглядаў, я вытрымаў да канца. Ён выпіў яшчэ адзін кілішак каньяку й задумаўся, нэрвова выціраючы лоб сурвэткай.

Мушу аддаць яму справядлівасьць: з ажыўленага элегантнага суразмоўцы ён за імгненьне ператварыўся ў чалавека, глыбока і шчыра ўражанага, бязь ценю гульні. “Гэта трагедыя, страшная трагедыя", — паўтараў ён, і відаць было, як моцна яго гэта ўразіла, у яго абвісьлі мяшэчкі пад вачамі, і, нягледзячы на вэнтыляцыю, пот акрапіў ягоны лоб буйнымі кроплямі.

Я ня здолею аднавіць ягонага аповеду дакладна (ён час ад часу перарываў яго сухімі рыданьнямі й словамі: “Кідаю гэта ў вашую душу, як у глыбокую студню"). Таму я падаю шкадобліва сухі скарот “страшнай трагедыі". Эўфарычную навіну ксяндза П’етра наконт гукаў, што даносіліся з магілы на трэці дзень пасьля пахаваньня, зусім у іншай танальнасьці пераказала біскупаўская курыя ў Патэнцы ў адпаведную ватыканскую дыкастэрыю, што займаецца працэсамі бэатыфікацыі й кананізацыі. Там устрывожыліся, і ў Мацэру выбраўся рымскі прэлат у таварыстве доктара, што працаваў на апостальскую сталіцу. Яны зрабілі эксгумацыю, да якой не дапусьцілі нікога, за выключэньнем двух далакопаў з Рыму, якія прынесьлі прысягу. Адкрытае вечка труны адсланіла памерлую, якая перавярнулася на бок, з тварам, перакрыўленым у грымасе жаху, з шырока расплюшчанымі і так навечна застылымі вачамі, з расшчэпленымі далонямі, зь якіх выпаў круцыфікс. Медальён Мадоны быў заціснуты паміж перакручаным целам і сьценкай труны. Ускалмачаныя белыя валасы здаваліся даўжэйшымі, адрослымі, гэтак жа, як і пазногці. Марыяну К. пахавалі жывую, пагружаную ў такі глыбокі каталептычны сон, які здараецца вельмі рэдка і не распазнаецца без ускрыцьця цела або без удару нажом, які ўжываўся зь Сярэднявечча да пачатку нашага стагоддзя. Чым быў выкліканы гэты сон? Ксёндз В. чытаў заключэньне ватыканскага доктара, але мэдыцынская тэрміналёгія зрабіла яго гермэтычна закрытым. Трагедыя, у якой ніхто не вінаваты, і хутчэй, адзінкавая, чым рэдкая (ксёндз ужыў італьянскі выраз piu unico che raro), аднак працэс беатыфікацыі аўтаматычна й натуральна перапыняецца. Пакутніцкая сьмерць мусіць быць сапраўды сьмерцю. Ён хацеў сказаць, іншай сьмерцю.

Жнівеньская спёка лупіла як з гуты. Праходзячы мостам праз Тыбр, я згадаў даўнейшыя (пасьляваенныя) добрыя часы, калі рака не была яшчэ спаскуджаная і спацучаная, тады можна было сысьці на адной з прыстаняў і паплаваць у павольнай вадзе. За Тыбрам я цудам злавіў таксі, якое ехала з Тэрміні. Я не вярнуўся ў Нэапаль. У апошнія хвіліны я ўлез у цягнік з таблічкай Roma—Potenza.

Я праляжаў ноч у гатэлі, дыхаючы зь цяжкасьцю і ўвесь час баючыся за сэрца. Першым аўтобусам, а шостай раніцы, я паехаў у Мацэру. Мястэчка яшчэ спала, вулкі былі пустыя, і я змог незаўважаным прайсьці на могілкі. Магіла Марыяны была ўся засыпаная кветкамі (прывялымі), мяркуючы па выглядзе, прыбыў толькі сьвежы вянок са стужкамі, на якіх залатымі літарамі былі напісаныя два выслоўі Яна Паўла ІІ: “Часта мацярынства — гэта акт гераізму" і “Маці — гераіні нашага часу". На магільнай пліце з новага мармуру былі толькі імя й прозьвішча Марыяны з датамі нараджэньня й сьмерці, пад імі надпіс Madre di Jan, ніжэй — кароткае разьвітаньне залатымі літарамі — REQUIESCAT IN PACE.

Могілкі ў мястэчку Мацэра маюць са зваротнага боку браму, якая вядзе да сьцяжынкі, што зьбягае наўскос праз пагоркі да рабочага прадмесьця Патэнцы. Калісьці, на адным з нашых шпацыраў, я стаяў там з Марыянай, але мы баяліся крутога спуску на сьцяжынку. З гары было відаць жанчыну, якая падымалася ў Мацэру з кардоннай скрыняй на галаве, відавочна цяжкай, бо яна спынялася праз кожную пару крокаў. Гэта мне нагадала геніяльны эпізод вялікай Анны Маньяні ў няскончаным фільме Рассэліні “Stromboli". У горную родную вёску зь вялікага горада вярталася — з валізаю, перавязанай вяроўкамі, — прастытутка, якая шмат гадоў таму пакінула вёску. Яна ішла вельмі павольна, спынялася, твар яе змакрэў ад высілкаў, сьвяточная чорная сукенка была пакрытая плямамі поту. Сцэна абсалютна недасягальная, найвышэйшая ва ўсім сусьветным кінематографе, сучасная Галгофа. І я сказаў гэта Марыяне, яна зачырванелася й шапнула: “Не блюзьнерце". А потым, праз пару хвілінаў маўчаньня, ужо за брамай могілкаў яна дадала такім самым шэптам і яшчэ больш зачырванеўшыся: “Тое, што вы сказалі, прыўкрасна й праўдзіва".

Я саскочыў з маленькага абрыўчыка на сьцежку й намерваўся пехатой вярнуцца да Патэнцы. За ўзгоркам на даляглядзе сядала чырвонае сонца; раньняя сьвежасьць зеляніны, нягледзячы на гарачы жнівень; контуры дрэваў, попельная шэрасьць скалаў, на лугох клубкі начной імглы, уздоўж дарожкі бляск ручаёў — ах, Божа, які цудоўны Твой шэдэўр стварэньня! Аднак я глядзеў толькі пад ногі, сыходзіў у дол, як самаасьлеплены. Бываюць у жыцьці хвіліны, калі раніць да крыві, жорстка кпіць з нас багатая Прыгажосьць Сьвету.

Жнівень, 1994 г.