Наш брат - Зло

Герлінг-Грудзіньскі Густаў


Сьведка нялюдзкага стагодзьдзя

Густаў Герлінг-Грудзіньскі (1919-2000)

Густаў Герлінг-Грудзіньскі — выдатны польскі пісьменьнік эўрапейскага фармату. Я адчуваю, што, прачытаўшы гэтае сьцьвярджэньне, нават тыя беларускія чытачы, якія цікавяцца польскай літаратурай і культурай глыбей, толькі недаверліва сьцепануць плячыма. Сапраўды? Нейк мы ня чулі раней.

Гадоў 10-15 таму і ў Польшчы мала хто чуў прозьвішча Герлінга-Грудзіньскага, ня кажучы ўжо пра тое, каб прачытаць нешта зь ягонай творчасьці. Бо Герлінг-Грудзіньскі амаль паўстагодзьдзя пісаў і выдаваў свае кніжкі на эміграцыі, і ягоная сапраўдная, нічым не абмежаваная сустрэча з польскім чытачом адбылася толькі ў 1990-х, у апошнім дзесяцігодзьдзі ягонага жыцьця. Польскія крытыкі называюць Герлінга-Грудзіньскага Вернутым Пісьменьнікам (Pisarz Odzyskany), нападобе таго, як у польскай публіцыстыцы і гістарыяграфіі называюцца заходнія і паўночныя тэрыторыі, якія пасьля ІІ Сусьветнай Вайны адышлі ад Нямеччыны да Польшчы — Вернутыя Землі (Ziemie Odzyskane). З прыходам Герлінга-Грудзіньскага да польскага чытача польская літаратура вярнула сабе вельмі важную тэрыторыю.

На лёс Герлінга-Грудзіньскага свой моцны адбітак наклалі два таталітарызмы ХХ стагодзьдзя: камуністычны і фашыстоўскі. Будучы пісьменьнік нарадзіўся ў 1919 г. у Кельцах. Да выбуху нямецка-польскай вайны 1 верасьня 1939 г. ён пасьпеў закончыць два курсы польскай філялёгіі ў Варшаўскім Унівэрсытэце. Перад вайной ён таксама пасьпеў дэбютаваць у прэсе як літаратурны крытык. У кастрычніку 1939 г. ён разам зь сябрамі заснаваў бадай ці ня першую ў акупаванай гітлераўцамі Польшчы падпольную арганізацыю. Шукаючы кантактаў, наведаў Львоў, Люблін і Горадню. Хацеў прабіцца на Захад, каб там уступіць у польскае войска. У сакавіку 1940 г., падчас спробы пераходу савецка-літоўскае мяжы, Герлінг-Грудзіньскі трапіў у лапы НКВД у Горадні. Пасьля побыту ў турмах у Горадні, Віцебску і Волагдзе, яго засудзілі на 5 гадоў лагеру. Герлінг-Грудзіньскі адбываў свой тэрмін у лагеры Ерцава ў Архангельскай вобласьці. Пасьля двух гадоў у савецкіх турмах і лагеры яму ўдалося выйсьці на свабоду. Палякам (перадваенным грамадзянам Польшчы) у Гулагу, якія пажадалі ўступіць у польскую армію генерала Уладзіслава Андэрса, што тады арганізавалася ў Савецкім Саюзе, аб’явілі ў 1942 г. амністыю. Герлінг-Грудзіньскі вырваўся з Гулагу пасьля пратэстацыйнай галадоўкі.

Разам з арміяй Андэрса Герлінг-Грудзіньскі эвакуяваўся на Блізкі Ўсход, потым удзельнічаў у баёх польскіх жаўнераў у Італіі. За мужнасьць, праяўленую ў крывавай бітве за гару з кляштарам Монтэ Касына, яго адзначылі найвышэйшым ордэнам польскага войска — Virtuti Militari. Пасьля дэмабілізацыі Герлінг-Грудзіньскі застаўся ў Рыме, дзе разам зь Ежы Гедройцам заснаваў Літаратурны Інстытут і часопіс „Культура” — дзьве інстытуцыі-сьветачы польскай эміграцыі на Захадзе. Першы нумар „Культуры” выйшаў у Рыме, потым часопіс і інстытут „пераехалі” разам зь Гедройцам у Парыж. Герлінг-Грудзіньскі супрацоўнічаў зь Гедройцам і публікаваўся ў „Культуры” да паловы 1990-х.

У 1947-52 Герлінг-Грудзіньскі жыў у Лёндане, працуючы ў польскай газеце „Wiadomoњci”. Жыцьцё ў Лёндане было пазначанае матэрыяльнымі нястачамі; тамака памерла ягоная першая жонка. У 1952-55 Герлінг-Грудзіньскі працаваў у польскай службе Радыё Свабодная Эўропа ў Мюнхэне, а потым пасяліўся ў Нэапалі, у доме сваёй другой жонкі, дачкі агульнашанаванага італьянскага філёзафа Бэнэдэта Крочэ.

У 1952 годзе, у перакладзе на ангельскую мову і з прадмовай славутага брытанскага мысьляра Бэртранда Расэла, выйшаў найбольш вядомы твор Герлінга-Грудзіньскага — кніжка „Inny њwiat. Zapiski sowieckie” (польскае выданьне „Іншага сьвету” выйшла ў Лёндане двума гадамі пазьней; у Польшчы кніжка выйшла ўпершыню ў 1989 г.). „Іншы сьвет” прынёс Герлінгу-Грудзіньскаму міжнародны розгалас, кніжку пераклалі на шмат моваў. „Іншы сьвет” — гэта высокамастацкі запіс пісьменьнікавага досьведу ў савецкіх турмах і лагеры, адна зь першых кніжак пра Гулаг у сусьветнай літаратуры (Герлінг-Грудзіньскі амаль на чвэрць стагодзьдзя апярэдзіў сусьветна вядомы „Архіпэляг ГУЛаг” Аляксандра Салжаніцына).

Фактычна, Герлінг-Грудзіньскі быў першым пісьменьнікам такога высокага рангу, які дэталёва паказаў сыстэму маральнай і псыхічнай дэградацыі чалавечай асобы ў Гулагу. Кніжка мела вялікі чытацкі посьпех, але выклікала і шмат засьцярогаў з боку крытыкаў левага ўхілу на Захадзе, якія паўяўна ці яўна сымпатызавалі савецкаму камунізму. Маўляў, кніжку напісаў паляк, ну а вядома, якія ў палякаў адносіны з расейцамі. Герлінгу-Грудзіньскаму давялося шмат выцерпець ад левай прэсы як у Італіі, гэтак і ў іншых краінах Захаду, за свой непахісны і бескампрамісны антыкамунізм. Выйшла так, што пісьменьніка, які змагаўся з фашызмам са зброяй у руках, левая заходняя прэса зрабіла ледзь не носьбітам фашыстоўскіх ідэяў і крайнім правым рэакцыянэрам. Паводле сьведчаньняў ягоных сучасьнікаў, Герлінгу-Грудзіньскаму да канца жыцьця засталася псыхічная траўма, вынесеная са шматлікіх прэсавых і іншых палемік з сапраўднымі і ўяўнымі палітычнымі апанэнтамі. Да канца жыцьця Герлінг-Грудзіньскі адчуваў сябе пісьменьнікам незразуметым і недацэненым, нават у 1990-х, калі ягоныя творы сталіся абавязковым чытаньнем у польскай школе, а шматлікія польскія і замежныя ўнівэрсытэты прызналі яму ганаровыя дактараты.

У 1973-93 гг. пісьменьнік апублікаваў у парыскай „Культуры” пяць тамоў своесасаблівага твору пад загалоўкам „Дзёньнік, пісаны ноччу” (назва твору мэтафарычная — маецца на ўвазе „ноч таталітарызму” над Цэнтральнай і Усходняй Эуропай, а не канкрэтны час сутак; „Дзёньнік” насамрэч пісаўся днём). Агульна кажучы, „Дзеньнік, пісаны ноччу” ўключае аўтарскія разважаньні над палітычнай сытуацыяй у Польшчы ў прыватнасьці і Эўропе ў агульнасьці, роздумы на літаратурныя тэмы, а таксама апавяданьні, якія потым выходзілі ў асобных зборніках. „Дзёньнік, пісаны ноччу” — вельмі арыгінальная форма літаратурнага-публіцыстычнага нататніка, прыдуманая Герлінгам-Грудзіньскім.

Супрацоўніцтва Герлінга-Грудзіньскага зь Гедройцам разладзілася ў палове 1990-х, на тле разыходжаньня ў ацэнцы польскай посткамуністычнай трансфармацыі. Герлінг-Грудзіньскі лічыў памылкай польскай дэмакратычнай апазыцыі гэтак званую палітыку „тоўстай рыскі” — якая ў 1989 г. „адкрэсьліла” камуністычнае мінулае краіны ад новай дэмакратычнай Польшчы, не шукаючы вінаватых за злачынствы камунізму. Паводле Герлінга-Грудзіньскага, у Польшчы належала правесьці дэкамунізацыю, якая не дазволіла б посткамуністам вярнуцца да ўлады пад шыльдай сацыялдэмакратаў. Герлінг-Грудзіньскі ніколі не паверыў, што былыя камуністы пад кіраўніцтвам Аляксанда Квасьнеўскага і Лешака Мілера пераўтварыліся ў сапраўдных сацыялдэмакратаў. Пачынаючы з 1996 г., Герлінг-Грудзіньскі публікаваў далейшыя старонкі „Дзёньніка, пісанага ноччу” ў штотыднёвым дадатку да польскай цэнтрысцкай газэты „Rzeczpospolita”.

Апошняя дэкада жыцьця аказалася вельмі пладавітай для пісьменьніка. Як быццам адчуваючы сябе звольненым ад абавязку пільнага назіраньня за палітычнымі абставінамі посттаталітарнай эпохі, Герлінг-Грудзіньскі скіраваў сваю ўвагу на фабулярную творчасьць. На схіле жыцьця ён выдаў каля паўтузіна зборнікаў з апавяданьнямі і адзін міні-раман.

Калі б пашукаць нешта вельмі агульнае, што пасавала б да ўсіх (ці амаль усіх) фабулярных твораў Герлінга-Грудзіньскага, дык можна сказаць, што яны рэфлексуюць аўтарава сузіраньне сьвету як сцэны для безупыннага змаганьня Дабра са Злом. Зло ў трактоўцы пісьменьніка явіцца як быт аўтаномны і неспасьцігальны. Героі Герлінга-Грудзіньскага шукаюць у гэтым безупынным і няясным змаганьні свайго індывідуальнага лёсу на сьцежцы да сьмерці. Таямніца быцьця адкрываеца чалавеку толькі зрэдку, у кароткія хвіліны містычнага адчуваньня Бога, або захапленьня натурай, або сапраўднага каханьня.

Па характары пісьма Герлінг-Грудзіньскі — „традыцыяналіст”. Даволі лёгка распазнаюцца ў ягонай творчасьці крыніцы інсьпірацыі ды ягоныя літаратурныя майстры: Стандаль, Эдгар По, Герман Мэлвіл, Натаніэл Готарн, Генры Джэймс, некаторыя іншыя. Пісьменьнік нярэдка выбудоўвае свае „мэтафізычныя дэтэктывы” на падставе запісаў са старых хронікаў і пераказаў, дапісваючы ім сучасныя разьвязкі і эпілёгі. Гэта выдатная літаратура, і я спадзяюся, што беларускі чытач атрымае сапраўдную асалоду ад гэтай першай — і будзем спадзявацца, не апошняй — кніжкі Герлінга-Грудзіньскага па-беларуску. Я вельмі рады, што мне першаму выпаў гонар рэкамэндаваць гэтага пісьменьніка беларускай публіцы.

Прага, кастрычнік 2003.