Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

(ад 17 верасня 1939 г.)

Пясецкі Сяргей


3 лютага - 9 снежня 1943 года

Таварышу І.В. Сталіну.

3 лютага 1943 года.

Фальварак Буркі.

Мушу я, аднак, гэтыя свае Запіскі зноў Сталіну прысвяціць. Такі ўжо мой лёс!

Зблыталася ўсё ў мяне ў галаве, і не ведаю, што рабіць. Мне было ўжо цалкам добра, і верыў я, што заўсёды так будзе. А цяпер адчуваю, што надыходзяць для мяне благія дні.

Нядаўна пані Юзэфа моцна прастыла і не магла паехаць у мястэчка на гандаль. А трэба было абавязкова купіць шкло для лямпы і цвікі. Акрамя таго патрэбны былі і лекі для пані Юзэфы. Таму я вымушаны быў сам гэтыя справы ўладзіць. Растлумачыла яна мне ўсё дакладна, дала грошы і цыдулку для аптэкара.

Дарога была вельмі дрэнная. Невядома, як ехаць: на санях ці возам. У цяснінах снег ляжыць. А там дзе дарога вышэй ідзе, змёрзлую зямлю бачна. Таму я сказаў пані Юзэфе:

– Лепей я пешшу ў мястэчка пайду. Нічога цяжкага несці не трэба, таму хутчэй усё зраблю пешшу, чым на санях ці возам.

Яна згадзілася. Апрануў я новае паліто, узяў брызентавую торбу для рэчаў і пайшоў. У мястэчку вельмі хутка ўсё зрабіў і скіраваўся дадому. На палове шляху мне вельмі піць захацелася. Убачыў я паблізу дарогі мужыцкі двор і ўвайшоў на падворак. Бачу: побач з хлевам нейкі мужчына, у кажушку без рукавоў, дровы сячэ. Наблізіўся я да яго, павітаўся вельмі ветліва і гавару:

– Ці не дасцё мне, гаспадар, вады напіцца.

Ён да мяне павярнуўся. Паглядзеў я яму ў твар і адчуў, як мне ў галаву кроў ударыла, а потым адразу ў ногі пайшла. Адразу пазнаў, хто ён такі! І падумаў сабе: “Зараз я напэўна загіну!” Хацеў нават уцякаць, але ногі мае здранцвелі і быццам у зямлю ўраслі. Бачу я: у яго сякера з рук выпала і вочы быццам збялелі. Гэта значыць, што і ён мяне пазнаў.

Быў гэта той самы маёр НКВД, які некалі мяне ў Вільні дапытваў па справе тэрмасу і пысу мне набіў належным чынам, каб я болей нічога такога не натварыў. Пэўна, ён падумаў, што зараз я з ім за тое службовае біццё пысы паквітаюся. Я ж сабе нешта зусім іншае падумаў: “Калі ён ужо тут, значыцца, кепскія мае справы! Гэта значыць, што НКВД тут дзейнічаць пачаў!” У гэты момант ён схапіў мяне за руку і гаворыць:

– Таварыш, дарагі! Прашу нікому не казаць, хто я такі. Вы таксама афіцэр, як і я, таму мусіце мяне зразумець і за тую прыкрасць, якую я вам зрабіў, не гнявіцца. Такую службу я меў, якая вымушала мяне фармальна справы кліентаў вырашаць. Думаеце, што мяне ў пысу не білі?… Яшчэ як білі!… І пры гэтым зусім без прычыны. А дзеля біцця вас я ж дзяржаўную падставу меў.

– Таварыш маёр… – кажу я.

Але ён мне гаварыць не даў і рукамі на мяне замахаў:

– Тссс… – гаворыць. – Пссс. Ні слова, што я быў маёрам! А яшчэ да таго ж маёрам НКВД!… І мяне такім чынам загубіш, і сябе!… Я тут як звычайны салдат і ў мужыка як рабочы працую. Бо яны афіцэраў і наш НКВД ненавідзяць страшна! А як да звычайнага радавога дык вельмі добра да мяне ставяцца.

Засведчыў я маёру, што ўсё гэта належным чынам разумею і што ён можа быць упэўнены, што я таямніцу ягоную, адпаведна, захаваю. А што тычыцца маёй пысы, канкрэтна ягонымі рупленнямі пашкоджанай, дык я яму шчырую праўду паведаміў, што я гэта палічыў нават за гонар. Тады маёр зразумеў, што я чалавек, які працягвае заставацца сацыялістычна свядомым, і таму супакоіўся.

Хацеў я з ім болей пабалакаць, бо ён павінен як энкавэдзіст шмат цікавых рэчаў аб сучаснай сітуацыі ведаць. Але ён даў мне вады для піцця і выправадзіў з надворка на дарогу. Там спытаўся ў мяне:

– Дзе ты жывеш?

Мяне гэтае пытанне як шпілька ўкалола. Але я мусіў усё ж такі праўду яму сказаць.

– Цудоўна! – узрадаваўся ён. – Блізка жывем. Усяго тры кіламетры шляху. Таму зараз мы лепей размаўляць не будзем, а спаткаемся так, каб нас ніхто не мог убачыць. Лепш за ўсё ў суботу ўвечары пасярэдзіне шляху. Там ёсць доўгая цясніна і побач высокая бяроза стаіць. Вось у тым месцы ў суботу ўвечары, калі зробіцца зусім цёмна, буду вас чакаць. А цяпер ідзіце дадому. Пра мяне – нікому ні слова.

Пайшоў я далей. Вельмі нудотна і страшна мне зрабілася. Жыў я ціха, спакойна і думаў, што заўсёды так будзе, а калі што зменіцца, дык толькі да лепшага. Ажно тут, як камень на галаву, гэты маёр НКВД зваліўся. І якога чорта я туды па ваду пайшоў! Пачуваўся так паскудна, быццам быў выкліканы ў НКВД па палітычнай справе. Так, дрэнныя мае справы, і здаецца мне, што нічога з маіх планаў на лепшае жыццё не атрымаецца. Нядаўна яшчэ марыў, што заўсёды буду ў пані Юзэфы працаваць, а можа, нават да якой-небудзь мужыцкай сям’і прыжанюся і сам калі-небудзь гаспадаром стану. А цяпер канец! Калі нават і не застрэляць мяне, дык у лагер сашлюць. А ў найлепшым выпадку буду ізноў усё жыццё малодшым афіцэрам пайка чакаць і баяцца кожнага слова.

Калі прыйшоў дадому, пані Юзэфа спыталася ў мяне:

– Чаго такі засмучоны?… Збляднеў зусім… Можа, зноў немцаў спаткаў?

– Не, – кажу. – Штосьці горшае за немцаў мне напаткалася. Ваўка я вялікага ўбачыў і вельмі спалохаўся.

– Адзін воўк не страшны, – сказала яна. – Горш, калі зграю ваўкоў напаткаеш. Але зараз іх тут шмат не павінна быць.

А я ёй так адказаў:

– Дзе ёсць адзін воўк, там і шмат іх можа знайсціся. Цяпер, уласна, іх пара.

Так скончылася маё шчаслівае жыццё, і згінуў назаўсёды мой спакой.

7 лютага 1943. Нядзеля.

Фальварак Буркі.

Учора ўвечары я пайшоў на спатканне з маёрам. Гэта зусім блізка ад нашага фальварку. А бярозу, што расце на краю цясніны, добра бачна здалёк. Я штодзень на яе глядзеў, і не дрэвам звычайным яна мне падавалася, але шыбеніцай.

У цясніну я ўвайшоў не з боку дарогі ў мястэчка, а з боку лесу. Наш уласны гаёк якраз з тым лесам мяжуе. Таму я магу да цясніны так дайсці, што нікога не сустрэну, бо ўсе дарогі абміну.

Калі знайшлі адзін аднаго ў цясніне, было ўжо зусім цёмна. Думаў я, што першы прыйшоў, але маёр ужо мяне чакаў. Сядзеў на вялікім камяні, мне ж на іншы, меншы памерам, указаў і сказаў:

– Сядай!

“Так, – падумаў я сабе, – акурат на то выглядае, быццам я на допыт ў НКВД трапіў”.

Усеўся я і пачаў цыгарку з самасейкі круціць. Маёр таксама запаліў. Потым спытаўся ў мяне:

– Як табе ўдалося з нямецкіх лапаў выдрацца?

Распавёў я яму, як мяне пакінулі ў Вільні і як я потым туляўся, як звер па лясах, пакуль тут прытулку не знайшоў. Толькі аб дакументах сваіх і аб новым прозвішчы яму не сказаў. Лепей каб ён таго не ведаў, бо невядома пакуль, што яшчэ можа здарыцца ў будучыні. Можа, я з тымі дакументамі буду вымушаны куды-небудзь уцякаць з гэтых краёў і іншай схованкі шукаць.

Спытаўся я ў яго, як ён застаўся, бо ведаю, што ўсё НКВД уцякло своечасова. А ён гаворыць:

– Я ў павеце быў, у службовай дэлегацыі, калі немцы на горад налёт зрабілі. Думаў, што гэта англічане. А назаўтра зранку прыехаў у Вільню і ўжо нікога з нашых не заспеў. Не ведаў, куды і як ехаць, што рабіць? На шчасце, меў я цывільны гарнітур і дакументы арыштаваных палякаў. Таму апрануўся па-цывільнаму, свае дакументы спаліў, а пашпарт і метрыку аднаго з арыштаваных сабе ўзяў. Потым пехатой з гораду выйшаў. Думаў, можа дзесьці да нашых далучуся. Але нідзе нікога не знайшоў. Доўга туляўся, пакуль палякі не далі мне прытулку. Усю зіму ў іх быў, а ўвесну 42-га сюды прыйшоў, бо тут гаспадару ўласны чалавек для дапамогі па гаспадарцы патрабаваўся. Стары ён. Сыны ягоныя некуды зніклі, таму сам не можа працу адолець, хаця гаспадарка малая. Толькі адна старэйшая дачка пры ім і ўнук малы. Я ўжо амаль год у іх жыву.

Даведаўся я ад маёра, што па польскіх фальварках і хутарах шмат нашых салдатаў хаваюцца.

– Што з намі цяпер будзе? – спытаўся я ў яго.

– Усё добра будзе, – адказаў ён. – Немцы ледзьве трымаюцца. Калі ні ў гэтым годзе, дык у наступным канец ім настане. Нашы таксама слабыя, але Англія і Амерыка магутныя арміі выставілі. У гэтым годзе удараць на ўсю моц. Таму Германія, пэўна, не вытрымае. Занадта доўгі трымае фронт.

– Значыцца, нашы зноў сюды прыйдуць?

– Канешне, прыйдуць.

– Што тады будзе з намі? Савецкія ўлады могуць палічыць нас за дэзерціраў.

Маёр на гэта адказаў:

– Аб гэтым трэба загадзя падумаць і так справы наладзіць, каб мы не дэзерцірамі, а героямі барацьбы за вызваленне Расіі ад захопнікаў сталі. Для гэтага ты мне і будзеш патрэбны. І я табе таксама прыдамся, а пакуль што мусім уважліва назіраць, што ў гэтай мясцовасці палякі робяць. Ведаю, што па лясах ужо ёсць іх партызанскія атрады. А як цяплей стане, дык іх яшчэ болей будзе. Гэта для нас можа быць вельмі карысна. Таму ты болей па мужыках хадзі, з імі балакай, выпытвай у іх і зважай на ўсё. А ў кожную суботу будзем тут сустракацца і радзіцца. Калі ж здарыцца нешта вельмі пільнае і істотнае, дык да мяне прыходзь, пакажыся толькі, тады ўвечары я сюды прыйду. Дарога блізкая. Але цяпер найістотнейшая справа – назіраць за настроямі тутэйшага насельніцтва і партызанскім рухам. Такім чынам мы можам вельмі карысную для Савецкага Саюза работу выканаць. Прыдасца гэта тады, як немцаў адсюль выганяць.

– Лічыце, што Польшчы тут не будзе… такой, якая была да 1939 года?

– Ясная рэч, што не будзе. Не для таго мы велізарныя страты панеслі і вайну вядзем, каб панам іхняе панства адбудоўваць!

Развіталіся мы, і пайшоў я дадому. Вельмі сумна мне зрабілася. Зразумеў, што мушу я назаўжды ў Расіі застацца, і што вялікае шчасце будзе, калі яшчэ жыццё сваё ўратую. Цяпер адна ў мяне надзея: гэты маёр. Бачна, што ён вялікі спрытняга і можа мяне ўратаваць. Зрэшты, і сябе абараніць мусіць. Цяпер я мушу за ўсім навокал уважліва сачыць і пра ўсё маёру дакладаць. Не атрымалася ў мяне стаць самастойным гаспадаром, таму трэба паклапаціцца хаця б пра тое, каб у Расіі кулю ў карак не атрымаць альбо не трапіць у лагер.

25 ліпеня 1943 года.

Фальварак Буркі.

Даўно я не пісаў, бо жаданне пісаць знікла. Не магу зразумець таго, што на свеце дзеецца. Папросту нейкая вар’ятня зрабілася!

Некалі пані Юзэфа расказала мне, што немцы за Смаленскам, у мясцовасці Катынь, магілы знайшлі, у якіх целы 10.000 забітых4 польскіх афіцэраў. Дадала, што немцы сцвярджаюць, быццам ахвяраў гэтых знішчылі рускія. А расійскі ўрад гэтыя злачынствы адмаўляе. Я ёй адразу сказаў, што гэта, напэўна, нямецкая работа, бо не можа быць у сацыялістычнай дзяржаве, якой кіруе вядомы ўсяму свету сваёй надзвычайнай дабрынёй і справядлівасцю Сталін, маглі зрабіць такое злачынства. Але яна сцвярджае, што гэта, хутчэй за ўсё, савецкая работа. Бо немцы, зразумела, мільёны людзей знішчылі, але ваеннапалонных не забіваюць і трымаюць іх у спецыяльных лагерах.

Калі я ў суботу спаткаўся з маёрам, дык спытаўся ў яго, хто тых афіцэраў у катынскім лесе пазабіваў? А ён мне на гэта адказаў:

– Вядома: наша работа. І вельмі добра, што абясшкодзілі іх назаўсёды. Гэта былі нашы ворагі, і нічога добрага мы ад іх чакаць не маглі. Трэба было б іх усіх у Польшчы панішчыць і толькі малых дзяцей пакінуць, каб па-нашаму выхаваць. Бо з дарослымі толькі клопат заўсёды мець будзем. Польскі народ увесь подлы. Заўсёды супраць Расіі бунтавалі, розныя паўстанні і рэвалюцыі ладзілі. І ніколі не мелі пашаны да дзяржавы, закону і ўлады.

Можа, ён і мае рацыю. Ён лепей за мяне ў гэтых справах разбіраецца. Дзеля гэтага ж спецыяльную адукацыю атрымаў.

Падчас апошняга спаткання маёр сказаў, што з немцамі зусім дрэнна і, мусіць, яны нядоўга вытрымаюць. Што мы можам хутка спадзявацца на вялікія змены. Сказаў ён мне наведваць часцей мужыкоў, заводзіць знаёмствы сярод моладзі і ўважліва сачыць за тым, што яны робяць. Сказаў мне таксама, што знайшоў яшчэ трох нашых салдатаў, якія ад войска адсталі і хаваюцца ў мужыкоў. Мае з імі сталыя стасункі, але яны не ведаюць, што ён маёр НКВД. Сказаў мне таксама, што ён мае намер у будучыні, калі немцы будуць уцякаць, пачаць супраць іх дыверсійную дзейнасць, каб дапамагчы Чырвонай Арміі перамагчы ворага. Гэта была б вялікая заслуга перад Расіяй. Не вельмі ўсё гэта мне спадабалася, але я ні ў чым з ім не спрачаўся. Самі разумееце: маёр НКВД!

23 верасня 1943 года.

Фальварак Буркі.

Тыдзень таму даведаўся я ад малодшага сына Малугі, Андрэя, што ў лесе, які мяжуе з нашым гаем, знаходзіцца атрад польскіх партызанаў. Аказалася, што ён з імі сувязь падтрымлівае і час ад часу ўночы правіянт ім возіць. Гэта мне вельмі не спадабалася, бо могуць немцаў раззлаваць, і тыя аблаву зробяць. А таму і мы, паколькі жывем побач з тым лесам, будзем мець цяжкую адказнасць. Мае рацыю маёр, які гаворыць, што палякі ўсе бунтаўшчыкі і ніякага шанавання да ўладаў не маюць.

А пазней дні праз два я пайшоў у лес. Хацеў сухіх бярозак насекчы, каб плот падправіць. Калі праходзіў паблізу бункера, нехта крыкнуў мне па-польску: “СТОЙ!” Я спыніўся. Убачыў, што да мяне двое ўзброеных людзей набліжаюцца. Страшна мне стала. Не ведаў, што рабіць. А яны пытаюцца ў мяне:

– Ты хто? Чаго тут лазіш?

Я ім сказаў, што з’яўляюся рабочым з фальварка пані Юзэфы і прыйшоў сюды, каб бярозак насекчы. Але яны глядзелі на мяне вельмі падазрона. Адзін з іх пра дакументы мяне спытаў. Я сказаў яму, што дома іх пакінуў, але магу зараз жа прынесці, альбо няхай яны са мной да фальварка падыдуць і там паглядзяць.

Узгадаў я аповед Андрэя аб партызанах. Таму я ім гавару:

– Ці ведаеце Андрэя Малугу?

Адзін з іх сказаў:

– Я ведаю.

– Дык вось, – кажу, – гэта наш сусед. Яны мяне добра ведаюць. Я часта ў іх бываю. А вы пэўна партызаны. Андрэй мне казаў, што ў гэтым лесе ваш атрад стаіць.

Паверылі яны мне, але сказалі далей у лес не хадзіць і да бункера не набліжацца.

Вярнуўся я дадому і пра тую сустрэчу пані Юзэфе расказаў. А яна даўно ведала аб тым, што іх атрад у нашым лесе кватаруе. Нават задаволеная з-за гэтага. Гаворыць, што хутка поўныя лясы польскага войска будуць. І чым нямецкае адступленне бліжэй, тым большыя страты яны могуць ім прынесці і перамогу нашу паскорыць.

У суботу я пайшоў на сустрэчу з маёрам і ўсё гэта яму распавёў. Ён сказаў мне як мага больш падрабязнасцяў пра партызанаў даведацца. Растлумачыў, чаму гэта так важна.

– Зараз яны супраць немцаў, таму карысныя для нас. Але калі немцы адступяць, дык могуць быць і для нас небяспечнымі. Таму трэба загадзя даведацца, якія ў іх сілы, дзе дыслакуюцца, як узброены, як падтрымліваюць сувязь паміж атрадамі, хто імі кіруе, хто з мясцовага насельніцтва ім дапамагае?

Буду я вымушаны паболей з Андрэем пра гэтыя справы размаўляць, каб сабраць як мага больш інфармацыі для маёра.

Наогул зрабілася вельмі неспакойна. Пані Юзэфа гаварыла мне, што немцы адступаюць па ўсім фронце і што ўжо Смаленск пакінулі. Яна гэтым вельмі ўсцешана і гаворыць, што вайна хутка скончыцца.

14 лістапада 1943 года.

Фальварак Буркі.

Некалькі разоў я разам з Андрэем вазіў правіянт для партызанаў. Ездзілі мы ў лес па начах. Пасля кожнай такой выправы пані Юзэфа вызваляла мяне ўдзень ад працы, бо казала, што я мушу адаспацца і адпачыць. Яна сама мяне туды пасылае. Мусіць, ужо цэлы капец бульбы і шмат садавіны туды завезлі. Цяпер я ведаю шмат падрабязнасцяў аб партызанах і кожную суботу пра ўсё дакладаю маёру. Падчас апошняй сустрэчы ён мне сказаў, што не толькі я назіраю за дзейнасцю польскіх партызанаў, але ў яго ёсць вялікая сетка шпегаў з нашых людзей і польскіх камуністаў, якія і надалей трымаюцца расійскага боку. Адзначыў таксама, што назіранне за польскімі партызанамі зараз вельмі істотна, каб мець магчымасць пасля выгнання немцаў ачысціць край ад ненадзейных элементаў.

З размоў з маёрам я зразумеў, што нават і гаворкі няма, каб тут незалежная Польшча паўстала.

– Не дзеля таго мы змагаліся з Германіяй, – сказаў маёр, – каб вызваленую ад іх Польшчу іншаму нашаму ворагу аддаць. А палякі заўсёды былі, ёсць і будуць нашымі ворагамі.

У той жа час пані Юзэфа цалкам упэнена ў тым, што пасля перамогі над Германіяй Польшча будзе незалежнай. Сказала мне, што для мяне ў яе заўсёды месца знойдзецца. А калі захачу ажаніцца ў гэтай старонцы і тут застацца, дык зробіць усё, што здолее, каб мне новае жыццё аблегчыць. Але я на гэта ўжо зусім не разлічваю. Ведаю, што ізноў буду вымушаны ў войску служыць, а пазней мяне ў Расію вышлюць.

Шчасце, аднак, што я з тым маёрам сустрэўся. Ён мяне ўратуе. Бо сам бы я мусіў і ад нашых уладаў хавацца. А з дапамогай маёра зноў выплыву і буду легальным, а можа, і заслужаным грамадзянінам.

9 снежня 1943 года.

Фальварак Буркі.

Аказалася, што ў бункеры, у нашым гаі, партызаны склад зброі наладзілі. Некалькі іх там жывуць і вартуюць. А для сувязі з галоўным атрадам маюць тэлефон. Ведаю я ўжо шмат падрабязнасцяў аб іх і пра ўсё маёру дакладаю. Ён жа мне сказаў, што калі немцы будуць набліжацца, дык мы мусім уласны партызанскі атрад сфармаваць і ворагу сур’ёзна нашкодзіць, каб прыспешыць перамогу Чырвонай Арміі. Мне гэта не вельмі падабаецца, але калі ён так вырашыў, буду вымушаны ягоны загад выканаць. Але пакуль усё спакойна.

Працы ў гаспадарцы зараз мала, таму пані Юзэфа больш цяпер займаецца са мною польскай мовай. Я ўжо лёгка польскія кніжкі чытаю і нават пішу троху. Маёр мне сказаў, што веданне польскай мовы можа мне дужа прыдацца на службе, калі мы возьмемся за ліквідацыю і ўціхаміранне палякаў.

З сям’ёй Малугаў я зусім зжыўся, і яны лічаць мяне сваім чалавекам. Стары Малуга сказаў мне нядаўна, што пасля вайны, калі Антося захоча выйсці за мяне замуж, ён супраць таго не будзе. Дасць нам на новую гаспадарку каня і карову і дапаможа дом пабудаваць. А пані Юзэфа дадала, што вылучыць нам са свайго маёнтку 5 гектараў зямлі, за якую мы будзем сплочваць ёй вельмі доўгі адрэзак часу. Але здаецца мне, што з гэтых планаў нічога не атрымаецца, бо не ўбачаць яны вольнай Польшчы ніколі. А пры савецкай уладзе, калі ў мяне добра пойдзе, дык магу стаць важнай асобай. Тады з такімі хамамі, як Малугі, і знацца не буду. Іх жа, безумоўна, да калгасу далучаць.

Тым не меней, я ўсё часцей да Малугаў хаджу і лічуся ў іх нарачоным Антосі. Гэта для мяне вельмі зручна, бо я здабыў суцэльны давер ва ўсёй ваколіцы і даведваюся шмат цікавых рэчаў. Ведаю, напрыклад, хто з мужыкоў захоўвае зброю. Малугі таксама маюць тры карабіны і шмат амуніцыі. Яны спецыяльныя схованкі ў стайні зрабілі і там зброю хаваюць. А пані Юзэфа на гарышчы браўнінг мужа мае. Некалі дастала яго адтуль, пачысціла і зноў схавала. Аднак палякі гэтыя, бясспрэчна, небяспечныя элементы. Прычым ведаюць, што за такія справы ў цяперашні час пагражае ім смяротнае пакаранне. Аднак не падпарадкоўваюцца існуючай уладзе.

Маёр вельмі радуецца, калі я яму падобную інфармацыю аб навакольным насельніцтве прыношу. Гаворыць, што калі нашы прыйдуць, трэба будзе тут парадак навесці. Ведаю, што ў яго атрымаецца. Я ж ахвотна яму дапамагу.