Паганскае кола
Дарафейчук Ірына
Спроба паганства
* * *
Я сплятаю кола.
Кола з галінак ды кветак,
якое потым узьдзенуць на шост
і спаляць на купальскім вогнішчы.
Кола – вянок на галаву
для гэтай чарадзейнай ночы.
Пад ранак я пушчу яго па вадзе,
закіну ў тое ж вогнішча,
ці проста аддам самаму прыгожаму дубу.
Я асьцярожна перабіраю пальцамі
крохкія сьцяблінкі кветак,
нібы сплятаю ў кола душы –
душы адзінадумцаў і сяброў –
дзівоснай прыгажосьці вянок.
Кола – бубен на калядных ігрышчах.
Ён весела скача ў маіх руках
і кола сонца сьмяецца ў нябёсах,
прадчуваючы павелічэньне дня.
У кола закручваюцца дні:
вечары і поўдні, сутоньні і ранкі –
кола майго жыцьця.
Кола – карагод на беразе рэчкі.
Загукальныя песьні
далёка плывуць па вадзе.
Вясна ўжо на падыходзе з асаблівымі,
толькі ёй уласьцівымі,
надзеямі, трывогамі, каханьнем.
Чапляю нянавісць за каханьне,
абыякавасьць за боль, пяшчоту за сум.
Сум далучаю да каханьня,
зьвязваю душой і зноў трымаю ў руках кола –
кола пачуцьцяў.
Кола – перавясла для жытніх каласоў.
Жняя, перавязаўшы чарговы сноп,
стомлена разгінаецца,
і над зямлёю ляціць яе голас.
Ляціць да другой жнейкі, да трэцяй...
І ўрэшце вяртаецца,
зьнітаваўшы ў кола
ўсё сьпякотна-напружанае паветра,
што дрыжыць над сьпелым полем.
Вы запярэчыце: кола робяць зусім не так!
Ні даўней ні тым больш – цяпер...
Магчыма, ваша праўда.
Магчыма. Але я ня буду спрачацца.
Я ствараю кола.
ПАГАНСКАЕ КОЛА
1. ПЕСЬНЯ
Як павольна пялёсткі
выпроствае першая кветка,
Так павольна выпростваўся
голас з глыбіняў душы
І замоўклі наўкол
чараўніцтва таемнага сьведкі
Паміж злом і дабром
на халоднай і звонкай мяжы.
Голас рваўся, мацнеў,
узьлятаў неслухмянай завеяй,
Рассыпауся дажджом
і бурліваю рэчкаю цёк...
Чуеш, як ён трымціць? –
не пужай яго, гэта Надзея.
Чуеш, як ён грыміць? –
не гані яго, гэта Жыцьцё.
2. ГУКАНЬНЕ ВЯСНЫ
Я зраблю цябе птушкай – імкліваю звонкаю птушкаю,
У засіненым небе спакоем і воляй загушкаю.
Ты і ў летнюю сьпёку, і ўвосень і сьцюжай зімоваю
Адгукнесься на голас мой чыстай вясноваю моваю.
Я зраблю цябе кветкай – празрыстай халоднаю кветкаю,
Першай весьняй адлігі і першай праталіны сьведкаю,
Медуніцай у лузе, пралескаю ў гаі бярозавым,
Залацістаю, белай, блакітна-ружоваю – рознаю.
Я зраблю цябе песьняй над лесам, над полем, над рэчкаю –
Непаўторнаю песьняй, шчымліва-прасьветленай, вечнаю.
Каб халодная ноч абярнулася сонечнай раніцай,
Каб, гукнуўшы аднойчы, пачуць што вясна адгукаецца.
3. КУПАЛЬЛЕ
Крочыць навобмацак месяц па небе,
Ноч захінае усьмешкаю вусны,
Зорка самотная – ў срэбры ці ў зрэб'і –
Хоча падацца распуснай.
Пераклікаюцца цені ў гушчарах:
То зарагоча там хтосьці, то ўсхліпне.
Кветка паўночная дзіўныя чары
Поўнаю жменяю сыпле.
Поўнаю жменяю – сны і чаканьні,
Поунаю жменяй – падманы...
Зорка самотная перад сьвітаньнем
Здасца камусьці жаданай.
4. ДЗЯДЫ
Вы таксама станеце Дзядамі –
Продкамі, сьлядамі на Зямлі...
Гэта ваша зломленая памяць
Кожнай ноччу цяжка мне баліць.
Гэта ваша згвалчаная песьня
Цішыню ня пусьціць на парог.
Хто не паміраў – той не ўваскрэсьне,
Хто ня плакаў – песьню не зьбярог.
І яе – маўклівую – забілі,
Словы здратавалі, зьнебылі
І – не зразумелі, ШТО згубілі
І КУДЫ – бязмоўныя – прыйшлі...
Чую крыкі, грозныя прамовы,
Бачу вочы, поўныя агню...
Памаўчыце!
Хто ня мае Мовы,
Той не абароніць Цішыню!
Разаб'ецца зломленая памяць
Восеньскім спамінам ці вясновым...
Вы таксама станеце Дзядамі –
Можа й вас памянуць добрым словам...
5. УСПАМІН
Лістападаўскім ранкам,
Прыцішыўшы крок,
Я сыйду са сцяжынкі у поўнач купальскую...
Дуб, якому пляла я купальскі вянок,
Мне махае рукою з дрыготкімі пальцамі.
Я прыеду сюды не затым, каб вярнуць
Тую ноч, што да неба шугала праменьнямі,
А за тым, каб у сэрца сабе зазірнуць
І убачыць, што там цішыні не паменела.
Я прыеду сюды. Мне дадуць "Добры дзень"
Рэчкі, даўняе рэха, дубы векавечныя...
Ад цяпла да цяпла, ад людзей да людзей,
Ад трывог да спакою вярнуся спрадвечнага.
Я прыеду сюды. Не старайся стрымаць.
Я табе на тваю раўнавагу цьвярозую
Адкажу, што стаіць на парозе зіма.
На парозе душы. І каханьня. І розуму.
Дні павольна але незваротна сплылі,
І вярнуць маё лета наўрад ці ты возьмесься...
Дакрануся рукой да настылай зямлі...
І адчую дыханьне купальскага вогнішча...
6. КАЛЯДЫ
Бубен сонца ляціць да нябёсаў
І адразу вяртаецца ў ноч
А пад вашым настылым вакном
Ходзіць вецер – вясёлы і босы.
І чарнюткае поле бяз хмар
Белым зернем мароз засявае...
Стукай, вецер,
А мы засьпяваем:
А ці дома ты, пан-гаспадар?
Зоркі сыплюцца зь неба ў прыгоршчы,
Жарты сыплюцца з вуснаў на сьнег.
Насьцярожаны твар у вакне...
Добры вечар!..
Мы рэдкія госьці...
Вы ня верыце?
(Як жа вам жыць?!)
Вы гаворыце: так не бывае...
Засьпяваем і песьня жывая
Дакранецца да стылай душы.
Мы надзелім вас сонцам і дожджыкам
Цёплым летам і шчодрай вясной...
Гэта песьня – пад в а ш ы м вакном.
Ці адчыніце в ы калядоўшчыкам?
7. СПРОБА ПАГАНСТВА
На скрыжаваньні ўсіх дарог,
Ці на купальскім чыстым полі
Сустрэнецца – як абярог –
Задумлівы сівы Сварог,
І ты ў яго папросіш долі,
Схіліўшыся да босых ног.
На скрыжаваньні ўсіх высноў,
Усіх трывог, усіх маленьняў
Папросіш волі для сыноў
А для дачушак – сьветлых сноў…
Не, ты ня станеш на калені,
Але папросіш зноў і зноў.
А шчасьце – не заўсёды дым.
І з Богам можна быць сябрамі,
Калі стаіце на адным.
Бо ён жывым сьвятлом сваім
Гарэў табе – ня толькі ў храме,
А ты – ня ўкленчваў перад ім.