Паганскае кола

Дарафейчук Ірына


Успамін

* * *
Я лёгка магу ўсё спачатку пачаць,
І выцягнуць з сэрца джала.
Вось толькі...
Каму тыя вершы аддаць,
Што я для цябе пісала...


* * *
А я стаць Лёсам тваім хацела.
А ты... Ты поіш мяне атрутай:
Бярэш нічога не вартае цела,
Душу пакінуўшы некранутай.

Я п'ю атруту тваю.
Сьмялею.
Я зноў паддамся твайму падману.
Я стану жорсткай, халоднай стану,
Але – ня плачу. І – не хмялею.
Ты думай лепш, што я звар'яцела,
Бо мне ад болю нідзе не падзецца:
Ты ўсё адно не бярэш майго сэрца...
Тады нашто табе маё цела?


* * *
Ратуй мяне ад здрады і адчаю,
Ратуй ад цішыні і адзіноты...
У голасе маім чужыя ноты,
Я з гэтых нот вянок табе сплятаю.

Ратуй мяне ад прывіднасьці слова,
Ад памяці – нячулай ды халоднай.
Прыкінуўшыся гордай і свабоднай
Я да цябе прыйшла невыпадкова.

Напятая, як нітка ў звонкіх кроснах,
Маўклівая да амярцьвеньня твару,
А ў сэрцы – незгасальныя пажары
І боль – тужлівы, змрочны, невыносны.

І з болю я вянок табе сплятаю,
Бо ў голасе маім чужыя ноты...
Ратуй мяне, ратуй ад адзіноты,
Ад цішыні, ад здрады і адчаю...


* * *
Ты запросіш мяне на вальс.
Будзе музыка біцца ў вокны...
Скажаш: "Я запрашаю Вас,
Бо вясна яшчэ так далёка..."

Бо над гэтым шалёным сьветам,
Колькі злосным вятрам ні дзьмуць –
Застанецца Паэт Паэтам,
Як Каханьня не адбяруць.

Снег ідзе не ў апошні раз
І бяссоньне грукоча ў дзьверы...
Ты запросіш мяне на вальс
Ў сьне халодным уласнай кватэры.

Ноч ратуецца ад бяссоньня –
Мы ёй можам дапамагчы,
Бо руцэ маёй так спакойна
На надзейным тваім плячы.


* * *
Вазьмі мяне з сабой у цішыню,
У сіні вечар,
Дзе я табе ніколі не зманю,
Дзе дрэвы лечаць,

Дзе камяні, сагрэтыя за дзень,
Цяплом сустрэнуць,
Дзе ні машын не будзе, ні людзей,
Ні сьлёз, ні стрэлаў.

Дзе сьпее некранутая раса
На павуціньні,
Дзе жоўты лес, блакітна-белы сад
І вечар сіні.

Мы будзем жыць у казачным дамку
Ля соннай плыні,
I што наканавана на вяку –
З усьмешкай прымем.

А потым... Потым нас засыпле сьнег,
І ноч застыне...
І ты мяне аднойчы ў дзіўным сьне
Адну пакінеш...

Зьмяняе лета звонкую вясну,
Згарае восень...
Вазьмі мяне з сабой у цішыню.
Ці возьмеш?


* * *
Што шаптала я ў роспачным сьне:
"Ноч..." ці "мама..." ?
Ты таксама баісься мяне...
Ты – таксама.

Я ж тваёй адзічэлай вясьне –
Варагіня.
Ты таксама баісься мяне,
Як другія.

Цені зданяў на змрочнай сьцяне,
Свойскіх, хатніх...
Ты таксама баісься мяне,
Як астатніх.

Сонца мала мне ў нашым вакне, –
Насьцеж дзверы,
Ты ўсё роўна баісься мяне.
І – ня верыш.


* * *
Сыйду
Са сьцежкі
Без усьмешкі.
І адпушчу сваю бяду
Манеткай – на арла ці рэшку –
Ў ваду.

Няма
Ні здрады,
Ні спагады,
Ні слова добрага няма.
І ты мяне ня бачыць – рады...
Дарма...

Адзнач
Растаньні
Ды спатканьні
На скрыжаваньнях у няўдач,
І па мінулых абяцаньнях
Ня плач.

Бо дні
Трывожна,
Пераможна
Гараць, як матылькі ў вагні.
Змані аб шчасці.
Колькі зможаш,
Змані.

Бо я
Ня веру
У паперу,
А веру ў мудрасьць салаўя.
Бо я – травінцы, птушцы, зьверу –
Свая.

Вярну
Усьмешку
Зноў на сьцежку,
І разаб'ю трывог сьцяну...
І ты рукою дакранешся...
Да сну.


* * *
Усьміхнецца раніца,
Сноў разбурыць мрою –
Так усё ламаецца
Між табой і мною.

Дзень жыве – трымаецца
Думкаю адною:
Так усё ламаецца
Між табой і мною.

Вечар пачынаецца
Дробнаю маною.
Так усё ламаецца
Між табой і мною.

Кожны з нас падманецца,
Стане ноч сьцяною...
Так усё ламаецца
Між табой і мною...


Ф О Р М У Л

– Кожнаму даецца столькі,
колькі ён можа вынесьці.
Л. СОМ. (3 размовы).
Таго, што не зрабілася
успамінам,
проста не існавала.
Ул. АРЛОЎ. "Genius Loci"

1. ФОРМУЛА ЛЁСУ
3 розумам, з гонарам, з сэрцам,
Цвёрдым, адчайным, прыгожым –
Кожнаму столькі даецца,
Колькі ён вынесьці зможа.

Скардзіцца, плакаць – бяз сэнсу:
Як бы ні быў асьцярожны,
Кожнаму столькі даецца,
Колькі ён вынесьці зможа.

Болем душа адзавецца,
Ці не ўспаміны трывожаць?
Кожнаму столькі даецца,
Колькі ён вынесьці зможа.

Гэта ня Ўдача сьмяецца.
Формулу не пераможаш:
Кожнаму столькі даецца,
Колькі ён вынесьці зможа.

2. ФОРМУЛА ЖЫЦЬЦЯ
Я ўсё аддавала,
Жыла – як сьпявала.
Ўвесь сьвет сагравала,
Здавалася: мала.

Жыцьцю давярала,
Жыла – сьвяткавала.
Жыла – даравала,
Мой любы, ня мала?

Сяброў забывала,
Сябе забівала,
Жыла як згарала.
Ня мала?
Ня мала?..

3. ФОРМУЛА СЛАБАСЬЦІ
Ня хопіць слабасьці
Каб застацца...
Няхай вар'яцтва.

Каб не заплакаць –
Ня хопіць сілы.
Ну што ж ты, мілы,

Аддаў мне гонар
Пайсьці і зьнікнуць?
Пайду. Ня крыкну.

Як ні хацела б
Завыць па-воўчы –
Памру, а змоўчу.

Занадта гордыя
Мы для шчасьця,
І цьвёрдыя – для дзівацтва...
Ня хопіць слабасьці
Каб заплакаць.
Ня хопіць сілы – застацца...

4. ФОРМУЛА ЗДРАДЫ
Я здрадзіла адзінаму і дзіўнаму –
Каханьню, што сьляпіла нашы дні.
І кулямётам тахкае гадзіньнік
З напятай вечаровай цішыні.

Я здрадзіла трывогам і турботам,
Начэй пяшчотных поўням залатым,
Дням доўгім, што чакалі ночы ўпотай,
Адзінаму і дзіўнаму... А ты?..

Я здрадзіла тваім прыгожым словам,
Тваім вачам, і зоркам у вачах,
Упэўненым і правільным высновам,
Тваім далоням на маіх плячах.

Я здрадзіла тваёй нязломнай мэце,
Тваім трывогам і тваім агням.
Сваёй адвазе за цябе памерці.
Тваёй адвазе – гэткі дар прыняць...

Гадзіньнік за жыцьцём не пасьпявае.
Спыню ягоны раўнадушны бег...
Я здрадніцай сябе не адчуваю.
Я адчуваю згвалчанай сябе.

5. ФОРМУЛА СПАКОЮ
Я спакойная. –
Толькі – патрапіць бы – зьняць – паліто...
Я спакойная. –
(Думаць – аб цёплым і сонечным нечым...)
На дваіх з ашалеўшым ад блізкага кайфу катом
Валяр'янкі бутэлечку вып'ем за вечар.

Мы ня будзем сьпівацца.
Мы толькі суцішым агонь.
Я спакойная. –
Сэрца – ужо – не дрыжыць – пад рукою...
Кот засьне ля мяне. І дыханьнем сагрэе далонь...
Я спакойная.
Чыстым сьмяротным спакоем.

6. ФОРМУЛА СЬМЕРЦІ
Ты мяне не пускаў ніколі
А ні ў шчасьце сваё, ні ў гора.
Закранаў цішыню рукою –
Адгукалася звонам зорным.
Ноч ізноў распускала крыльле –
Мы ня ведалі, ШТО рабілі.

Я нікога не дапускаю
А ні ў сны свае, а ні ў яву.
Цішыня на зямлі.
Такая,
Нібы сёньня – ў труну ды ў яму.
Заміраюць пытаньні ў горле –
Мы ня ведаем,
што ПАМЁРЛІ.

Цішыня не над намі вые.
Мы чужыя.
Мы – нежывыя.

7. ФОРМУЛА АДЗІНОТЫ
Апошні мой –
Першы! –
Пішы свае вершы.
Дары свае ўсьмешкі.

Далёкі мой, дальні,
Мы – горкія здані
Бяз сноў, без жаданьяў.

Самотны мой, горды,
На шчасьце ці гора
Давай пагаворым...

Халодны мой, чысты,
Знаёмыя рысы...
Здаецца, я трызьню...

8. ФОРМУЛА ШКАДАВАНЬНЯ
Якія дарогі – у Поўнач – вялі,
І шчасьце нам – так выпадкова...
Якімі пяшчотнымі рукі былі.
Якімі сапраўднымі – словы.

Як сьмела мы ў ноч адчынялі вакно,
І ноч адпускалі на волю...
Як гэта нядаўна было. Як даўно.
Як Лёс раўнадушна сваволіў.

Якія дарогі – у Поўнач – вялі,
Якія сузор'і сьвяцілі...
Як лёгка мы шчасьце на зьдзек аддалі.
Як лёгка мы Словы забылі.

9. ФОРМУЛА ПАМЯЦІ
А я заўсёды буду помніць,
Што ўжо аплаквала цябе.
Што Поўнач – гэта толькі поўнач
З кляймом паўмесяца на лбе.

Ты быў упэўненым бязь меры,
Самотным да адчаю быў.
Але ніколі мне ня верыў.
Таму – ніколі не любіў.

А я заўсёды буду помніць,
Што нежывой ужо была.
Што ноч – з усьмешкаю спакойнай –
Мяне аднойчы пракляла.

Зямля з-пад ног у дзіўным танцы,
І я – зусім ужо бязь сіл...
Хапіла б аднаго "застанься...",
Ды ты ж ніколі не прасіў...

РS. ФОРМУЛА ФОРМУЛАЎ
Мне столькі дадуць,
Каб узяць для сябе не пасьмела.
Ўвесь сьвет сагравала,
А шчасьця сагрэць – не сумела.
Ня хопіць ні сілы,
Ні слабасці для адзіноты –
Сама сабе здраджваю,
Грэх адпускаючы ўпотай.
Спакой – незямны.
Ад яго ні лягчэй, ні складаней...
Баімся – ня сьмерці,
Баімся бясшкоднага: зданяў.
Баімся ня сьмерці,
Баімся няўчасна памерці...
А ўсё вельмі проста,
Па формуле:
"Будзьце як дзеці..."
Нашто шкадаваць.
Шкадаваньне – такая навала.
Ўсё проста:
Таго,
Што ня ўспомніцца,
Не існавала.