Паганскае кола
Дарафейчук Ірына
Дзяды
* * *
Восень зноў перацярусіць лісьце –
Як гады бязьлітасна ідуць...
Мне нясьцерпна, што й цябе калісьці
Ля высокіх сосен пакладуць...
* * *
Мы матулям нашым дзеці
І у сталасьці – таксама.
І дарогі – ўсе на сьвеце –
Пачынаюцца ад мамы.
І спагада, і пяшчота,
І адчай пякучы самы,
І спакусы, і турботы
Пачынаюцца ад мамы.
Мы бяда яе і радасьць,
І надзея і трывога...
І пячаткай цені лягуць
Ля знаёмага парога.
Нам чужое сонца сьвеціць,
Неба рознае над намі...
Ды дарогі – ўсе на сьвеце –
Нас вядуць назад, да мамы.
* * *
Хачу, каб ноч была маёй сяброўкай,
А дзень чамусьці нам перашкаджае.
Так на сьвітаньні сонца хмурыць броўкі –
Эгаістычна цемру памяншае...
Навучаная чорнай адзінотай,
Кароткае сваё каханьне ўпотай
Ахвярнаму агню аддам бяз жалю...
А ты загавары мой боль
Нясьпешнаю гаворкай,
Таемнай горкаю журбой,
Адвертай крыўдай горкай.
Няхай пацэліць ноч у скронь
Іскрыстай зоркай першай,
Няхай... Сьцякае мне ў далонь
Агонь самотных вершаў.
* * *
Свой лёс перасіліць наўрад ці сумею. Але
Па сьцежках зарослых нясу яго, як каралева,
Бо мне яшчэ вераць і кветкі, і птушкі, і дрэвы,
І ў полі каменьне, і шэрыя крылы залеў.
Здарожаны вечар прысядзе ў жыцьця на мяжы,
Ды я не баюся вачэй яго – шэрых сутоньняў,
Бо ў пушчы сьсівелай мяне яшчэ
ведаюць-помняць
Пралескі, дубы і калючыя лапы ажын.
І ссыплюцца зоркі зь нябёсаў, і скончыцца дзень,
І лёс мой знямогшы загіне і зноў уваскрэсьне.
А мне дапамогуць і рэчкі, і зоркі, і песьні,
Бо я ім свая, не знайшоўшы сваіх між людзей...
* * *
Я хацела убачыць
Твой горад тваімі вачамі...
Я блукала па вулках,
Што нават імёнаў ня маюць.
І сустрэў мяне горад
Балючым і мужным адчаем –
Цішыня ў ім халодная,
Горыч у ім незямная.
І на стромкіх праспектах
Пад прывіднымі ліхтарамі
Памірае надзея
Жыць велічна, годна, высока.
Гэта толькі над полем
Паўвечара сонца згарае,
А над горадам – гасьне,
Зрабіўшыся вогнішчам вокнаў.
Я хацела убачыць
Твой горад прыгожым і сьветлым,
Я хацела любіць...
А зрываюцца з вуснаў праклёны.
Бачу сотні вачэй
І ніводнай – ніводнай! – усьмешкі,
Бачу сотні вачэй –
То пажадных, то злых, то шалёных.
Да сьцяны прыхінуся,
І думка чамусьці агорне
Што ня ўбачымся больш
Мы на вуліцах гэтых ніколі.
Ён баіцца спакою,
Твой стомлены прывідны горад,
Ён баіцца мяне,
І цярпеньня майго, і любові...
Я чарую над ім:
Я зьнішчаю стандартныя гмахі,
Я змываю дажджом
Пыл і бруд, і калючыя словы,
Узнаўляю забытыя
Колеры, гукі і пахі –
Вось ён, горад з паштоўкі,
Як цацка са стужкай ружовай...
Я прымружу павекі,
І толькі тады зразумею,
Што ня гэта галоўнае,
Што мітусіцца ня варта.
Гэты горад – ён твой,
Ён заўсёды жыве, як умее.
Я люблю гэты горад.
Учора.
І сёньня.
І заўтра.
* * *
Хлопчыкі гуляюць у вайну,
Звонка, шчыра, весела гуляюць,
I вядуць палонных пад сьцяну,
I палонным проста ў твар страляюць.
Пыл над сьціхлай вуліцай ляціць
I спакой такі дрыготка-тонкі,
Што пад руляй цацачнай вінтоўкі
Сонца прыгаломшана маўчыць.
Хлопчыкі гуляюць у вайну,
Хлопчыкам ня хочацца спыняцца.
Біць сваіх – ужо не ў навіну,
Ды й чужыя больш тады баяцца.
I няхай ня бачаць ноччу сноў
Мацяркі – і нашы, і чужыя...
Ад праклёну кроў ня стыне ў жылах:
Ваша справа – гадаваць сыноў.
Хлопчыкі гуляюць у вайну,
Хлопчыкам ніхто не растлумачыў
Бітву – як за ўпэўненасьць цану,
Плату за няўменьне жыць іначай.
Хлопчыкі баяцца цішыні:
Вынаходзяць бомбы і ракеты.
Сьвет, цяплом мужчынскім не сагрэты,
Не даруе велічнай хлусьні.
Не даруе згвалчанай вясны,
Руні, што ня здолее падняцца...
Хлопчыкам даўно не васямнаццаць,
Хлопчыкі аглухлі ад вайны...
* * *
Навошта гораду Тэатр ?..
Натомленыя стогнуць колы...
Самотны, роспачны, вясёлы –
Навошта гораду Тэатр?
Навошта гораду Душа?
Навошта гораду Сумленьне?
І нас пужаюць сёньня цені,
Непазнавальныя сьпярша.
Ды гэта ж нашых думак рой...
Мы так хавалі іх няўмела,
А там – на сцэне! – зразумела,
Хто з нас нягоднік, хто герой.
Навошта гораду Сьвятло,
Што не хавае нашу праўду?
Навошта боль, каханьне, здрада,
І ўсё, што з гэтым ажыло?
Навошта нам сьвятло вачэй,
Святло усьмешак, сэрцаў, словаў?
Мы вас пусьцілі... выпадкова!
Ідзіце з горада хутчэй!
Ваш лёс – вада, а не віно,
Ваш конь – спажыва нашым птушкам,
І ваша дзея – папялушка
На сьвяце страўнікаў і ног...
Рассыплецца пачуцьцяў жар
На безьліч дробненькіх жарынак...
Ганіце гэтых пілігрымаў!
Навошта гораду Тэатр?..
* * *
Калі-небудзь
заб'юць
мяне –
Адзінотаю, здрадай, болем –
калі-небудзь...
Або – ніколі
Цень самоты не прамільгне...
Калі-небудзь...
Які цяжар –
Вечна жыць і ня бачыць Неба.
Нада мной вісіць "калі-небудзь",
Як ад будучыні мяжа.
Калі-небудзь мяне заб'юць,
І з-пад ног абарвецца глеба.
Сёньня.
Заўтра.
І – калі-небудзь.
З кожнай чаркі патроху п'ю.
Цень самоты не абміне.
Кожны дзень я лячу ў бяздоньне...
Калі-небудзь заб'юць мяне.
Калі-небудзь...
Яшчэ ня сёньня.
* * *
Ня вогнішча дагарае,
Ня зорка губляе сьлед –
Багі мае паміраюць,
Ламаецца мой Сусьвет.
Ляжыць – немагчыма старая –
Рука на маім плячы...
Багі мае паміраюць
І нечым дапамагчы.
Ня з памяці сны сьціраюць,
Ня словамі гояць раны –
Багі мае паміраюць
Няўмольна, наканавана.
Як сонца за небакраем,
Як ноччу раса ў траву –
Багі мае паміраюць,
А я чамусьці жыву,
І толькі – ля самых ускраін
Сумненьня –
Трывожна зьвініць
Усхліп,
Што багі паміраюць
І некім
Іх
Замяніць...
РАГНЕДА
Гісторыю спраў вялікіх твораць людзі...
Л.Геніюш.
Гісторыю твораць людзі –
сплятаюць яе з учынкаў.
...Ёсьць штосьці, што болей важна,
ды я не магу успомніць,
Якога колеру вочы
былі у гордай дзяўчынкі,
Лёс якой Уладзімір
трымаў на сваёй далоні.
Я ўспомню толькі, што неба
рассыпалася на зоркі,
Што гронкі халодных зорак
на пыл растапталі коні,
Што пыл з-пад капытаў слаўся
туманам палынна-горкім,
Што горыч сьляпіла вочы
І што не было пагоні...
І што, не было пагоні?
Зусім не было пагоні?
І хлопчык з вачамі зьвера
багоў не пракляў адчайна?
Ды толькі...
Ніхто не азваўся.
На вуліцах вузкіх і сонных
Спакойна было і мёртва.
І нават багі прамаўчалі.
Плыла цішыня гнятліва
Над Ладай, Дажбогам, Родам,
Сьляпучай маланкі джала
Пярун не ўздымаў нязгодна...
Багі прадчувалі можа,
што гэты – з далоньню цьвёрдай –
Іх ськіне з высокай стромы
ў Дняпра трапяткія воды…
* * *
Прасілі не відовішчаў, ня хлеба,
Прасілі праўды, хоць былі галоднымі...
На колькі сноў назад вярнуцца трэба,
Каб зноў прачнуцца вольнымі ды годнымі?
Апранутыя ў аксаміт і зрэб'е,
Свой лёс па сьвеце раськідалі сьцежкамі.
На колькі слёз назад вярнуцца трэба,
Каб сустракалі нас ізноў усьмешкамі?
Прасілі праўды, бралі ў рукі стрэльбы,
Зямля крывёю нашай шчодра зьлітая
На колькі зла назад вярнуцца трэба,
Каб у чужынцаў не выпрошваць літасьці?
О Бацькаўшчына!.. Ўжо ня ўспомніць неба,
Што мы былі Багамі і аратымі...
На колькі год назад вярнуцца трэба,
Каб быць перад табой невінаватымі?