Паганскае кола
Дарафейчук Ірына
Гуканьне вясны
* * *
Ўсё, што мы не ўратавалі, прайшло.
Толькі скардзімся ды марым аб цудзе...
А як першай ночы ў нас не было,
То, напэўна, і апошняй ня будзе.
* * *
Ты заўсёды будзеш
Любіць мяне,
Бо я разумею цябе лепш,
Чым хто іншы.
Ты заўсёды будзеш
Не любіць мяне,
Бо я ведаю пра цябе больш,
Чым ты хацеў бы.
Мне заўсёды надзейна і лёгка
Побач з табой,
Таму я заўсёды буду
Любіць цябе.
Я ніколі не скажу табе
Пра гэта,
Таму я заўсёды буду
Не любіць цябе.
Мы заўсёды будзем разам,
Таму што
Душа знаходзіць душу
Без дазволу.
Мы ніколі ня будзем разам.
* * *
Дзіця малое – ўсхліпну
Над радасьцю і згубай.
На ўсё - адна малітва:
Любі мяне, мой любы.
Драбнеюць, гаснуць словы,
Лёс выскаляе зубы –
На ўсё адна замова:
Любі мяне, мой любы.
Пад позіркам зьнямею:
Ты ж не ратуеш – губіш...
Я праклясьці сумею:
Любі мяне, мой любы!..
* * *
Ты ўрэшце рэшт раскажаш мне аб тым,
Каму належаў той няўлоўны профіль,
Што ты намаляваў на мокрым шкле,
Не пажадаўшы мне раскрыць прычыну
Яе зьяўленьня між табой і мной...
Я ўрэшце рэшт перажыву сваё
Няўдалае каханьне да партрэта
Ці да няяснай цені на сьцяне
Маёй непатрывожанай кватэры,
Ў якую толькі ты пасьмеў зайсьці...
Мы ўрэшце рэшт сумеем уцячы
Ад тых, што побач. І зажыць прыгожа,
Нягледзячы на рознасьць адчуваньняў
І прадчуваньняў... роўную нулю...
Ды гэта будзе ўжо другая казка...
* * *
Алесю Пушкіну
Дарога прывядзе да Бога,
Калі аднойчы Богам дадзена.
Твае надзея і трывога –
Як лёсу сонечнае прадзіва,
Як цішыня, як дапамога,
Як Слова, што калісьці спраўдзіла.
Пакіне, можа быць, аднога,
Але пакуль яшчэ ня здрадзіла
Дарога.
З чаго б яна табе ні складзена –
Заўсёды прывядзе да Бога,
Каді аднойчы Богам дадзена
Дарога.
* * *
Адкажы на пытаньне манэткай – арол або рэшка.
Лёс ня песьціць нязручных: ізноў запытае пра нешта
Едкі голас чужы, ад якога душа халадзее.
Сьвет яшчэ не крануты тваёй недасяжнай усьмешкай,
Я зайздрошчу яму: ён наперадзе мае надзею…
ЖЫць складана і лёгка: выпростваесься або кленчыш.
Голас лёсу скараецца перад упэўненым словам,
У цябе ёсьць Магчымасьць таксама. І невыпадкова
Не хапае цяпла. Адчуваеш – запальвай агеньчык.
Ох, якія шалёныя вочы ў шляхоў чалавечых!
Вось і думай: баяцца дарогі, ці крочыць. А зрэшты,
Адкажы на пытаньне манэткай. Арлом або рэшкай.
* * *
Гайдалася дзяўчынка на арэлях,
І вочы зьзяньнем сонечным гарэлі.
Сьмяялася, сама сабе сьпявала,
Дажджынкам першым шчокі цалавала.
Да неба дакрануцца захацела –
Ўзьляцела, адарваўшыся ад цела...
Гайдаліся арэлі каля сьцежкі.
Ляцела зь пераможнаю усьмешкай
Над бэзам, над дваром, над цішынёй,
Над возерам, над лесам, над вясной...
А цела не заўважыла сьпярша,
Што адляцела вольная душа.
Нязвыклае да адзіноты, цела
І не адчула, што асірацела.
І з твару не сышла яшчэ усьмешка...
Гайдаюцца арэлі каля сьцежкі.
І кропляю апошняй перасьпелай
Сьцякае дождж на белы бэз.
На белы...
РАЗУМЕНЬНЕ
I.
Я разумею, што гэтак нельга,
Толькі ня ведаю, што рабіць:
Вольная птушка – у вольным небе! –
Крылы складае. Ня хоча быць
Вольнаю птушкай у небе вольным
I, абляцеўшы апошні круг –
Радасьцю, сумам, пяшчотаю, болем –
Падае ў рукі гаспадару...
Ластаўкай, чайкай, ручною сініцай,
Быццам дзяўчынка, што з моста ў ваду...
Любы мой, я не хачу табе сьніцца,
Я да цябе і жывая прыйду...
Я разумею, што гэтак нельга,
Што вар'яцею. І мне шкада
Вольнае птушкі, што каменем – з неба,
Сумных вачэй, што схавала вада,
Сноў, ні табою ні мною ня поўных,
Сэрца самотнага без берагоў,
Дня бязь сьвітанку, і ночы бяз поўні,
І цішыні без дыханьня твайго.
II.
Я разумею, што гэтак нельга –
Трэба спыніцца. І памаўчаць.
Так і дарозе халодна бяз сьнегу.
Так – і руцэ без твайго пляча...
Цяжка адрозьніць: наяве ці ў сьне я?
Дзень праляцеў? Ці хвіліна? Ці год?
Я разумею... І – не разумнею
Ад разуменьня і болю свайго.
III.
Любы мой, толькі баяцца ня трэба.
Птушцы палёту заўжды нестае:
Зь цёплых далоняў – у вольнае неба
І з вышыні – у далоні твае.
Гэтак вясна асыпаецца сьнегам,
Гэтак зьнікае між намі сьцяна...
Я разумею, што гэтак нельга,
Я не хачу, каб было інакш...
ТЭЛЕФОННЫ РАМАН
Тэлефонны раман – несапраўдны раман...
А.Жыгуноў
Тэлефонны раман – непапраўны раман...
Т.Хмарка
1.
Гудкі ў тэлефоннай трубцы
Аплакваюць мой адчай:
Зорка самотная – любы –
Не прыхіне да пляча,
Вуснаў маіх ня зловіць,
Не пацалуе ў лоб,
Проста ня скажа слова,
Што ўратаваць магло б.
Трубку ізноў здымаю –
Дробна рука дрыжыць...
Сэрца, ты ж не стрываеш,
Ты хоць сабе ня йлжы.
...Я зачыняю дзьверы –
Ноч у вакно цячэ...
Чым табе сонца мераць
Без дарагіх вачэй?..
Гудкі ў тэлефоннай трубцы
Адлічваюць мой спакой,
Рука машынальна круціць
Лічбаў п'янкі напой,
І голас пранізліва-нудны
З трубкі павольна пяе:
ВАМІ НАБРАНЫ НУМАР
НЕ ІСНУЕ.
2.
Не існуе твая палкасьць адчайная,
Не існуе твой спакой раўнадушны,
Не існуюць галасы і маўчаньні,
Не існуюць нашы горкія вусны,
Мары нязьдзейсьненыя запаветныя,
Цэркваў самотных тужлівыя вочы,
Сны цягнікоў, што імчацца над безданьню,
Стомленых колаў прыцішаны пошчак...
Цёмныя ночы і ранкі халодныя,
Дні з разьвітальна-шчымлівым адчаем...
Мы – адзінокія, злыя, свабодныя –
НЕ існуем, НЕ жывем, НЕ кахаем...
3.
У адну і тую ж ваду
Двойчы не увайсьці...
Не ўвайду.
Ноч сплывае ў Мора Начэй,
Дзень імклівай рэчкай цячэ.
Позіркам цябе правяду
У адну і тую ж ваду,
У адно і тое ж жыццё,
У адно – маё –пачуцьцё.
Зноў хачу твой голас пачуць,
Трубку падыму – і маўчу…
У адну і тую ж бяду –
Умудруся – двойчы ўвайду...
4.
Як ты жывеш? – спытаесься з журбою.
Не адкажу, стамлёна прамаўчу я,
Бо не жыву, а гавару з табою...
Шкада, што ты ня чуеш.
Каб не было нам так на сьвеце горка,
Лаўлю за хвост няўлоўную удачу
І застаецца на далоні пёрка...
Шкада, што ты ня бачыш.
А лёс мой звонкі – не каса аб камень,
А можа толькі сонечныя трубы,
Што будзяць сэрца за трыма замкамі...
Шкада, што ты ня любіш...
5.
Гудкі нібы пялёсткі абрываю:
Ня любіць... Любіць...
Апошні раз твой нумар набіраю...
Падымеш трубку?..