Ёсць яна, ёсць (!) — прастора маральнай устойлівасці, у якой жывуць малюнкі разважлівых эмоцый і нараджаюцца адпаведныя гэтым малюнкам словы, і ў выніку з’яўляюцца запісы, пазбаўленыя непатрэбнага зместу.
Менавіта з прасторы маральнай устойлівасці прыйшло да нас нацыянальнае хараство, і прыйшлі тыя творцы, для якіх непарушны закон: спачатку неабходна стаць чалавекам, а потым ужо паэтам, пісьменнікам...
Палоннік гэтае прасторы, Уладзімір Сіўчыкаў напісаў кнігу “Высакосны год”, якой характэрна вабнасць дакладных занатовак, а таксама ўвага да сціплага, простага і чалавекалюбнага.
Кніга дастаткова тужлівая па інтанацыі, але ў тузе, як аднойчы заўважыў яе аўтар, жыве “нязведаная слодыч...”
І разам з тым душэўны склад “Высакоснага года” святочна-бачлівы.
Паэт успрымае будзённае жыццё, як свята, якое дадзена дзеля асалоды, працы і мастацкага асэнсавання.
Адсюль і разуменне: творчасць павінна быць менавіта святочна-бачлівай (г.зн. — дапытлівай).
Уладзімір Сіўчыкаў ведае, што творчасці шкодзіць шматслоўе і ўпэўнены, што ў спасціжэнні жаданага дастаткова некалькі радкоў.
Ён па-майстэрску выкарыстоўвае сціслую вершаваную форму і, цудоўна адчуваючы гукавую пластыку трох- і пяцірадкоўяў, пакідае ў чытацкай памяці яскравыя знакі запамінальнае красы:
Пралескі сумнаНовая кніжка Уладзіміра Сіўчыкава — своеасаблівы каляндарны сшытак, слоўны памінальнік, лірычна-прыватны дыярыуш, маляўнічы дзённік:
Пярэсты мятлікУладзімір Сіўчыкаў умее выштукоўваць узоры стылявой абачлівасці і кампазіцыйнай дыпламатычнасці.
Складнасць мыслення — выяўная рыса гэтай кніжкі.
Яна створана мастаком, якому ўласцівы шляхетны стыль паводзін, самавіты выгляд, паважнасць у гаворцы і маўчанні, этычныя адносіны да людзей, вера ў нацыянальнае хараство, шанаванне фамільнай прыгажосці, захапленне ўніверсальнасцю беларускай прасодыі, выбудоўванне свайго жыцця паводле сумленных правілаў...