Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Дзявочыя кветкі

Пахі вясновае квецені пагубілі памідорныя мары Валерыя Ігнатавіча Шчупака. Пахі гэтыя былі празрыстыя, што ядраная раніца, і іх выдыхала маладая настаўніца Нэля Пятроўна Родзіч. У целе дзяўчыны гулі дзівосныя сады, а краскі з усіх лугоў і сусветаў грэлі свае крыльцы пад веснім сонцам між дрэваў. Нэля Пятроўна Родзіч прыехала ў гарадок па размеркаванні, і Валеры Ігнатавіч Шчупак, сівы, падстаркаваты аграном на пенсіі, глянуўшы праз ейныя вочы на гэную райскую порасць, захваляваўся па-бацькоўску і згадзіўся ўзяць настаўніцу ў сваю хату кутніцаю. “I грошы трэба ж зарабіць, – думаў Валеры Ігнатавіч Шчупак, – і чалавеку добрае зрабіць”. “Ты, Гануся, глядзі, каб хаця вучыцелька не занудзілася пры нас”, – паўтараў тры разы на дні стары аграном сваёй жонцы. Ён думаў светлую думку: нельга, каб занудзілася дзевачка, Нэля Пятроўна нашая, бо нашто тады сады ў ейным целе і краскі ўсялякія ў позірку ў ейным...

І Нэля Пятроўна Родзіч сталася Шчупакам за дачку. Яны любілі яе за ейныя маладыя, дзівосныя сады, а настаўніца дапамагала старым у гаспадарцы за іхнюю дабрыню і яшчэ больш квітнела. “Яшчэ і тое добра, што яна кавалера не мае, – неяк падумаў з ціхай радасцю Валеры Ігнатавіч Шчупак, – ёй дык, можа, і плакаць з таго хочацца, а мне дык уначы спіцца-сапіцца, бо ніхто пад вокнамі не шастае”.

Але па вясне ў яе закахаўся настаўнік-фізік Віктар Пятровіч Заяц, хлопец-гара ў два метры і далей. Заляцацца ён не ўмеў, ды кахання свайго ўтаймаваць не ведаў як. “Ну і няхай кахаецца, калі можацца”, – падумаў Віктар Пятровіч Заяц. Ён пачаў надакучаць Нэлі Пятроўне, баючы ёй розныя гарадкоўскія плёткі, распавядаючы дурнаватыя жарты і ўсяго часу пры гэтым прыязна падміргваючы вялізным правым вокам. Але Нэлю Пятроўну Родзіч гэтае зусім не вабіла, і яна ўсё больш чула ў сабе некаханне да міргатага хлопца.

Аднойчы ўначы Віктар Пятровіч Заяц заўважыў, што не можа спаць. Ён падняўся з ложка і пакіраваў да Шчупаковае хаты. "Як бы гэта залезці да Нэлі Пятроўны ў ейны сад, – падумаў малады настаўнік. – Ні пра што больш не хачу разважаць”. Ён няўклюдна і грувастка палез на плот, аж увесь прагал разам са слупамі захадзіў, як чортаў хвост, сюды-туды. Па-за плотам ён падаўся цераз градкі да акна, за якім спала Нэля Пятроўна Родзіч, і, бы бульдозер, прайшоўся па Шчупаковых памідорах. Хлопец затарабаніў у акно, пачаў гукаць дзяўчыну. Яна абудзілася.

– Пусці мяне, Нэля Пятроўначка, у свой сад пабегаць трохі, – запрасіўся Віктар Пятровіч Заяц. – Дай ты мне, мая родная, у тваёй траўцы пакачацца...

Але Нэля Пятроўна некала: не і не. Урэшце пабудзіліся і гаспадары. Валеры Ігватавіч Шчупак падумаў, што ў хату лезе злодзей. Ён схапіў сякеру, накрычаў на Віктара Пятровіча Зайца і настрашыў, што засячэ. І хлопец панурыў галаву, цяжка падумаў пра сваё горкае каханне і падаўся, зноў жа бульдозерам, па памідорах, назад да плота і ў ноч.

Назаўтра Валеры Ігнатавіч Шчупак ледзь не заплакаў, убачыўшы, што нарабіў Віктар Пятровіч Заяц. І хаця Нэля Пятроўна Родзіч апраўдвалася і казала, што яна супраць хлопца і ягоных залётаў, стары аграном падумаў сабе ціхом і хітра: “То які ж мне ад цябе дастатак: заплаціла, ля, дзесяць рублёў за гэты месяц, а бугайчык твой здратаваў мне агарод на дваццаць з лішкам. То што мне за выгада ад цябе ды твайго саду з кветкамі”. Уночы Віктар Пятровіч Заяц зноўку вярнуўся, і Валеры Ігнатавіч Шчупак не спаў, цікаваў з хаты, як настаўнік соўгаецца ўздоўж плота. “Ківаецца, ля, як парася пад ігрушаю, – думаў няшчасны гаспадар, – яшчэ во трохі, і зноўку палезе, падла, на плот”. Але хлопец болей не палез; паблукаў да раніцы і пайшоў. А гаспадар дык і не заснуў.

Віктар Пятровіч Заяц пачаў хадзіць штоночы; цёрся моўчкі пры плоце і толькі зрэдку гукаў у цёмнач: маўляў, Нэля Пятроўна ты, адкрый жа мне шлях у твой сад... Нарэшце аграном не вытрымаў.

–– Ты, Нэля Пятроўна, – сказаў ён дзяўчыне нейкага дня, – хаця і як родная мне ды Ганусі, але больш нам трываць няма змогі. У нас, можа быць, нервы згараюць праз твайго Віктара Пятровіча, дык і ніякае карысці з цябе не трэба, абы спакойна жыць.

На ўсіхную радасць, урэшце Нэлі Пятроўне Родзіч далі месца ў інтэрнаце, і яна пайшла ад гаспадароў. Валерыю Ігнатавічу Шчупаку зрабілася адзінока, але ўсё роўна нярадасна. “Хата вуня ў мяне пустуе, – думаў ён, – а грошай дык і небагата... Вось бы прывесці ў кутнікі кагось яшчэ, небараку якога, хай сабе і без нагі, абы агарод быў цэлы і нервы не гарэлі”. І ён знайшоў, як і думаў: маленькую няшчасную дзяўчыну з крывой нагою; праз ейныя вочы ён таксама змеціў кветкі і сады, але кветкі тыя былі ламаныя, сады тыя былі цярэбленыя... Дзяўчыну клікалі Ленка Кукліч, яна працавала санітаркаю ў шпіталі, і ейная крывая левая нага была карацейшая за прамую правую. Убачыўшы, як дзяўчына куляецца па вуліцы, нібы качка, Валерый Ігнатавіч Шчупак пашкадаваў яе па-бацькоўску і падумаў: “Да гэткае не палезуць агародам, не паб'юць грады з гэткаю. Няхай пажыве ў мяне бедная дзевачка, калі жыці ёй хочацца...”

Аж Валеры Ігнатавіч Шчупак памыліўся. У першы ж вечар, як яна асялілася ў Шчупаковай хаце, пад вокны панаехала матацыкламі цэлая хмара кавалераў; яны агутакалі раздзірлівымі галасамі, чыста мангола-татарскае нашэсце, невыносна раўлі сваімі матацыкламі і ездзілі ўзад-уперад на дыбках. “Во няшчасце, – думаў гаспадар. – Хоць ты плюнь на ўсё і “Лявоніху” заспявай, гэткае ліха ідзе". Тады яны спынілі свае матацыклы, загулі “Вінавата лі я” і, лезучы грамадою ў агарод, павалілі плот. Яны прайшліся па градках асфальтаўскім катком і стоўпіліся ля Ленчынага акна.

–– Вылажай, Ленка, га, – крычаў нехта з ночы. – Паедземака, ля, “Яваю” катацца.

–– Не сядзі ты тамака, як у астрозе, – крычаў яшчэ нехта, – як усё роўна што вецер на вуліцы ці гразь. Не сядзі ты тама, Лена...

А яшчэ нехта ўвогуле нічога не казаў, а вішчэў, як кот на кашэчых спеўках. А яшчэ нехта палез на яблыньку, затрашчаў і зрынуўся ўніз, паабламаўшы дрэву рукі. А яшчэ нехта вёў “Шумеў камыш, дзярэўя гнулісь...”.

–– Не пайду я з вамі, – са з'едлівым смехам адказвала Ленка Кукліч у фортку, –– што я буду з вашаю “Яваю“ езгдзіці, калі ж можа, яшчэ ці сяду ў “Жыгуля”... Ай, позна ўжо!.. Спаці хачу!.. – І гняўліва ашчэрылася на хлопцаў: – Спаці мне дайце, паўдуркі вы!

Валеры Ігнатавіч Шчупак падумаў сам сабе: “Во табе і крываножка!” Ён схапіў сякеру і забегаў па хаце.

–– Ідзіце адсюль усе, бо пасяку кавалкамі і ў Нёман пакідаю! – закрычаў ён у фортку.

Але хлопцы не пабаяліся, а завялі колькі горла: “...адна вазлюбленая пара ўсю ноч пяяла пад акном...”.

–– Ай ты, Ленка, усей мой ураджай збаёдалі! – закрыўдаваў Валеры Ігнатавіч Шчупак. – Кажы ім, каб ухадзілі!

– А што я ім скажу, – Ленка прамовіла таксама з крыўдаю, – калі ж я, можа, яшчэ пярвей за вас баюся.

– Выходзь, Ленка, кажу табе, – крычаў злосна нехта і чыркаў запалкі, – бо як не выйдзеш, хату падпалім! Ці чуеш?

Валеры Ігнатавіч Шчупак захадзіў разгублена пры печы.

– Во, Гануся, бядзішча – падпаляць зара, – прамовіў ён да жонкі, – хоць ты ад гора ў танцы па хаце ідзі, хоць ты полькаю скачы ад сцяны да сцяны...

Ён крадком вылез праз акно, дзе было цёмна і не раўлі матацыклетчыкі. Валеры Ігнатавіч Шчупак пабег па ўчастковага Байду; у аграномавых вушах гракалі “Шумеў камыш...” вялізныя крукі, а ў вочы лезлі віскатаннем пярэстыя і шэрыя каты, і мужык больш нічога не бачыў і не чуў, а ламіўся наўздагад скрозь цемру. Ён хутка вярнуўся разам з міліцыянтам. Хлопцы, убачыўшы ўчастковага, вобмельгам паселі на матацыклы і далі цягу, агутакаючы сваёй манголататаршчынаю. Але праз якую гадзіну яны зноўку прыехалі, пасля таго як участковы Байда парукаўся з Валерыем Ігнатавічам Шчупаком і прамовіў на развітанне:

– Я ж цябе, Ігнатавіч, тут пільнаваці ўсю ноч не буду. Я ж не магу сесці пры кожнай хаце і сядзеці праз усе суткі. Дзе ж я табе раздзяруся.

Хлопцы болей не палезлі ў агарод, але да світанку рыкалі сваімі матацыкламі і зяпалі “ІІІумеў камыш, дзярэўя гнулісь...”. На ранку Валеры Ігнатавіч Шчупак выправіў Ленку Кукліч з хаты. Развітваючыся з дзяўчынаю, ён пабачыў праз ейныя вочы, як у Ленкіным целе параспускаліся асаблівым ззяннем ламаныя кветкі.

–– Во так заўсёды, – у злосці прамовіла дзяўчына, – толькі аселішся, дык адразу выштаўхаюць. Алі несправядлівасць!

“А агарод мне дратаваці – то справядлівасць?” – думаў запытацца Валеры Ігнатавіч Шчупак, але змаўчаў, бо адказ ён пабачыў у дзявочае квецені – ламаныя кветкі гарэлі ненавідным, зласлівым агнём, былі дурнаватага, сляпога адцення і пахлі атрутаю. Пазіраючы на тое, як ягоная былая кутніца валюхаецца качкаю прэч па вуліцы, несучы пры сабе валізу са сваім рухмаццём, ён падумаў: “Што б гэта сталася з маёю хатаю ды маім агародам, каб праз вочы Ленчыны не выбівалася б увогуле анічога, аніякае квецені не было б? каб гэта нічога ў ейным целе не зацвітала?.. спалілі б мне хату чыста...”

Вось тады і прыгадаў ён пахі ядранага ранку, што ішлі ад квецені Нэлі Пятроўны Родзіч. “Якія ж яны не падобныя, ейныя пахі, сады і кветкі на Ленкавую порасць...” Яшчэ ён прыгадаў начныя блуканні Віктара Пятровіча Зайца, які прайшоўся бульдозерам па Шчупаковых памідорах. Цяпер Валеры Ігнатавіч Шчупак прыпомніў тое без злосці; “ай, не падобны Віктар Пятровіч да матацыклетчыкаў, ай, не падобны!” Чамусьці, аднаўляючы ў памяці квецень Нэлі Пятроўны Родзіч, ён больш не пашкадаваў аб тым, здавалася, далёкім здратаванні градкі. Мужык падумаў, што пагубленыя пад нагамі Віктара Пятровіча Зайца напаўнароджаныя памідоры – то ўнёсак старога агранома на ахвярнік сусветнага чалавечага кахання. І таму цяпер учынак маладога настаўніка ўявіўся аграному не як тупарылае свінства, а як някрыўдная, рахманая памылка, як вынік велічнага забыцця пра градкі, платы, агароды і як вынік велічнага ахвяравання гэтаю чужою драбязою дзеля ўласнага кахання.