Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Поўны загаловак артыкула

З'явіцца зніадкуль (а мо і не з'явіцца, а так проста ценем памроіцца) – накававанасць, якая выпала на долю нехлямяжага, спавітага смуродам і брудным адзеннем мужыка. Бачна было, што яго не маглі нарадзіць жанчына з мужчынам – бо чалавек здатны нарадзіць рыбіну або птушку, ажно як ён можа ажывіць свой цень на плоце? Бачна, што ён не ўпаў з неба разам са сняжынамі – у яго не было крылаў, каб адтуль зрынуцца; і ён быў бруднейшы ад свінскае жывёлы – з нябёсаў жа заўжды мяцеліць чысцінёю. І з зямлі ён не падняўся – не меў ён карэння, каб расці. Таму гарадкоўцы думалі, што яго раней проста не было, а тады во выйшаў з нейкага ценю на плоце і пасунуўся па вулках галоднай вошкаю. На самай справе ўсё выглядала яшчэ прасцей: ні з якога ценю ён не выходзіў, а ўсяго толькі прысніўся сам сабе, лежачы пад ігрушкаю ў нейкім страчаным для багоў сусвеце. Вось так несамавіта, немастакоўска намаляваўся на гарадкоўскім пярэстым палатне маленькі, закарэлы, абвешаны дзірчастымі лахманамі і рэдкім валоссем малады дзядок, чалавек без чыесьці любові, радасці ці самоты; і сам па сабе, і сам без сябе; во доля, дык доля – заснуць і нарадзіцца.

Ён соўгаўся па гарадку, прытуліўшы да сябе бліжэй крукаватую левую руку, ці то зламаную калісьці ў папярэднім жыцці, ці мо невыгінашчую ад самага ўтварэння ўсяго сусветнага вашарства, і па-сабачы зглядаўся на поўныя харчу шчокі гарадкоўцаў; яму падавалі кавалкі мяккага ежыва, а ён глынаў іх з галодным задавальненнем і ніколі не казаў дзякуй; з усяе чалавечае мовы ён ведаў толькі два словы, а каб што, апрача іх, прамовіць, дык яму нібы замуравала; з-пад нажабраваных, яшчэ не праглынутых кавалкаў высыпаліся замест дзякуй гэныя словы, пажавана і спешна.

– Абы ціха... – прамаўляў ён усхваляваным абліччам; ён і вітаўся гэтак, і разважаў, і сварыўся, і спяваў – толькі двума словамі; яму і мяно далі, што тая ягоная гамана, – Абыціха.

Калі не было чаго пакласці ў рот, ён сілкаваўся цішынёю. Мужык навучыўся яе вылоўліваць нават з-пад грымотных цягнікоў, калі хаваўся ад дажджу пад мостам цераз Нёман; злавіўшы ў грукотах драбнюткую адколіну цішыні, ён хіліўся долу і спускаў вочы ў дрымоту, а калі не хацелася спаць, дык радасна танчыў, пляскаў здаровай рукою па калене і шчасна спяваў:

–– Гы... Абы ціха.... Абы ціха...

Не было ў гарадку гэткіх людзей, каб хто закрыўдаваў ці зазлаваў на Абыціхавы словы; нават участковы Байда не хацеў яго за што-небудзь арыштаваць ды распачаць супраць яго следства; і мужык, мабыць, быў патрэбны ў гарадку толькі таму, каб ніколі і нікому не быць патрэбным.

Улетку ён жыў на Нёмне, і яго асядалі разам з камарамі дзеці; яны распытвалі пра ягоную невядомую ні яму, ні камусьці яшчэ мінуўшчыну на гэтым свеце, пра ягоных матку ды бацьку, пра ягоных братоў ды сёстраў, а ён разгублена лыпаў вачыма і абыціхаў; калі ж дзеці надакучалі, ён увогуле замаўкаў і падаваўся да гарадкоўскіх выпівакаў, што збіраліся ў гурты на беразе; яму налівалі віна, і Абыціха п'янеў, смяяўся ржавым рыпам прама ў вочы сонцу, а тады, упаўшы, занурваўся ў п'яное храпаценне; прачынаўся сярод пустых бутэлек і задаволена курняўчыў сабе пад нос свае запаветныя словы – адзіную справу, якую Абыціха рабіў у жыцці, дык гэта збіраў і здаваў бутэлькі.

Узімку Абыціха спаў у якім-колечы цэху на заводзе. Ён знаходзіў цёплую шчыліну ці купу пілавіння, залягаў і адлоўліваў з пошуму заводскіх машынаў цішыню. Зрэдку ён крыўдаваў, што яму не выпала пабачыць у жыццёвым сне прыгожыя палацы, сваіх бацькоў ды дзядоў, цёплы ўтульны ложак з каханкаю і вялізную гару прысмакаў, а прыснілася ўбоства, і тады малады дзядок хліпаў, размазваючы брудную цекласць па шчоках, адчайна крычаў «абы ціха!» і скуголіў.

Яму ўсё болей хацелася мыслярыць усялякімі разумнымі думкамі, і ён усё болей разважаў пра знікомасць у свеце, пра крохкае шкляное неба і пра сонца, якое растае і растае; і ўсё болей ён чапіўся да гарадкоўцаў са сваім мыслярствам, высновы якога трапна змяшчаліся ў звычайным Абыціхавым дваслове. Але гарадкоўцы жылі са свайго розуму і не хацелі жыць з Абыціхавага; усе гэтак пазвыкліся з ягонай філасофіяю і з самім мужыком, што як бы яго і не было; нават участковы Байда, сустрэўшы Абыціху на вуліцы, забываўся на яго зірнуць.

Таму, як мужык раптам знік з гарадка, не адразу гарадкоўцы ўспомнілі пра тое, што Абыціха некалі быў; а калі ўспомнілі, дык пачалі гадаць, дзе ж падзеўся бязродны апушчэй. Нехта казаў, што бяздомнік заблукаў у свеце і не знойдзе дарогі да гарадка, нехта прыдумаў, што ён растаў разам са снегам, а камусьці здавалася, што яго змыла дажджом; былі і меркаванні, што ён назаўжды з'ехаў начным цягніком у Цюмень; а нехта аніяк не мог успомніць, ці быў Абыціха ў гарадку, ці яго ніколі не было... На самай жа справе Абыціху надакучыў нікчэмны сон, і яму захацелася прачнуцца ў сваім колішнім даўна-далёкім, забытым багамі краі. Тады чалавек-вошка неўпрыкметку закапаўся ў купу пілавіння на заводзе і, рвучы размаляванае гарадкоўскае пярэстае палатно, назаўжды пакідаючы гарадок і жыццё, заварожана і нецярпліва прашаптаў на развітанне:

–– Абы ціха... абы ціха...