Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Смехі чыстніка

Смехазубае аблічча Давыда Грышкевіча было заўжды абпляванае крывымі кпінамі гарадкоўскіх ратоў. Гарадкоўцы стараліся як болей насмяяцца з Давыда, бо ён поўзаў на вуліцах, седзячы ў вялізным, як тлусты хрушч-гнаявік, грузавіку; у вантробах гэтага грузавіка збіралася ўся гарадкоўская дрэнь, якая драмала багнюшча пад зямлёю і бачыла ў сне, як яна вылазіць з замагілля і збягае з гары ў рэчку, каб там растапіцца і памерці.

Давыд Грышкевіч чысціў гэтае гідкае падзем'е, дык з яго таму і кпілі. А ён быў рады, калі жук – бліскучае пуза набіраўся гарадкоўскае дрэні на поўную губу, а тады, напёршы харчу ў бачысты бочак аж па самае горла, бзыкаў хмараю чорных мухаў ды поўз на вуліцах кудысьці за гарадок; і гарадкоўцы пляваліся на Давыда Грышкевіча крывымі, трохі прытручанымі гарчыцаю ашчэрамі. Людзям было смешна, што гэны з чырвоным, парэпаным тварам мужык заняты такім дужа рэдкім умельствам; вязе, ля, поўнае пуза друхла і яшчэ, дурань, рады і смяецца, – думалі гарадкоўцы; а Давыд Грышкевіч, седзячы ў грузавіку, з нейкае толькі яму вядомае прычыны смяхліва адплёўваўся назад, на гарадкоўцаў; ён гіргітліва высыпаў на іх свае квадратныя зубы, якія блішчэлі ад вуха да вуха пагардаю ды спачуваннем адначасна.

Адно Сярожык Бародаўка, маленькі, кату па пяту, хлопчык, не заядаў Давыда Грышкевіча смехам. Ён аж задужа сур'ёзна глядзеў на смярдзюшчы грузавік; з думнай прагавітасцю пазіраў, як у цікавую кніжку, – гэтак задуменна і сур'ёзна больш ніхто і ніколі не глядзіць на хрушчоў-гнаевікоў. Хлопчыку было цікава з таго, што галодная машына выпустошвае прыбіральню ці астойнік; навокал усе бяруць насы ў кулакі і ўцякаюць туды, дзе паболей ветру, а Сярожык – не, наадварот, пад самы валляк лезе, пад самае каўтанне. Ён пасябраваў з Давыдам Грышкевічам і разам з ім ездзіў па гарадку ды рассыпаў смяхунскія зубы; гэтак хлопчык гадаваўся пры Давыду, а Давыду было шчасна, што расце яшчэ адзін майстар у гарадку; «вось дастане Сярожык дарослага веку, – марыў мужык, – дык хоць можна будзе тады спакойва падохнуць».

І гарадкоўская дрэнь астойвалася дзесь у нетрах і не ўцякала ў рэчку, а хлопчык паціху грузіў сабе на плечы свае гады. Ягоныя аднагодкі марылі пайсці ў вялікае жыццё не абы-кім – хто лётчыкам, хто кулямётчыкам... Сярожык жа на пытанне, кім ён хоча быць, адказваў сарамлівымі і разгубленымі губамі:

– А што мне зробіцца? Буду вунцека гаўнавозам.

У школе ён напісаў пра гэтае сачыненне на тэму «Мая будучая прафесія». Сярожык Бародаўка напісаў: маўляў, добра працаваць на машыне, што дастае з-пад зямлі дрэнь; «...прыедзеш сабе да прыбіральні, уставіш ёй у дупку дуду, і смокчаш, і смокчаш, пакуль выбераш усё начыста...»; «...каб не было гэткае незвычайнае машыны, дык гарадок заваліла б усялякім нікому не патрэбным дабром, і дрэнь пабегла б у рэчку, і ўсё навокал засмярдзела б...» Настаўніца-маладуха Нэля Пятроўна Родзіч вызверылася на Сярожыка за ягонае сачыненне і паклікала ў школу бацьку, Сцяпана Бародаўку. Той узлаваўся, калі даведаўся, пра што напісаў ягоны сын, закрычэў на Сярожыка, што ажно шыбы ў класе зазвінелі, а Нэля Пятроўна Родзіч аж разяўлена прысела.

– Ай, дурыла! – запалаў Сцяпан Бародаўка. – І табе не брыдка цяпера ў лыч сваёй настаўніцы паглядзеці, га? Нэлі Пятроўне сваёй? Што ж ты вочы спусціў, паўдурак?! – Ён хапіў сына за чуб ды завярнуў яму вочы з долу ўгору. – Глядзі, кажу табе, у рыла сваёй Нэлі Пятроўне, таўкач ты! На машыне ён хоча ездзіці і смактаці! На дохтара трэба вучыцца, а не смактаці! А не, дык лепей тады ідзі да нас на бойню, дык хоць мяса калі ўкрадзеш. А што ты са сваёй машыны дахаты прыпрэш, га? Баіцца ён, што дзярмо ў рэчку паплыве!..

Але Сярожык усё адно марыў, як яму хацелася. Сцяпан Бародаўка пачаў яго біць, каб хаця той не пайшоў у чыстнікі. Мужык пераконваў сына, што трэба вучыцца на дохтара або, калі навука не ідзе, у якім амбары асядаць, аж Сярожык не пагаджаўся. І бацька лупіў з яго скуру палосамі, а той плакаў, крычэў, круціўся на падлозе ад болю і ціха, неўпрыкметку ад Сцяпана, каб адно ціша чула ды ведала, шаптаў:

– Самака ты ідзі на дохтара!.. Я ж вунцека гаўнавозам буду!

Сярожык вырас і пайшоў на шафёра; дужа яму хацелася пачысціць яму; Давыд Грышкевіч пастарэў; «...ну, вося як ладна – змена паднялася...» – нейкага дня падумаў ён, схаліўся за сэрца ды, як і марыў быў калісь, паваліўся без духу; і Сярожык пайшоў на ягонае месца. Ён з любасцю лез у грузавік і поўзаў у ім па вуліцах; «...прыеду вунцека куды-небудзь. устаўлю дуду ў якоесь дупло і буду ганяці ды качаці...»

Ён у любові думаў пра сябе і сваю справу. Але, апрача любові, ён меў у торбачцы трохі з'едлівасці і драпежнага, кусашчага смеху. Было, Сярожык нясціпла гіргітаў, слухаючы, як бурчаць вантробы ягонага ненаеднага звера, і зважаючы на тое, як усе навокал заціскаюць насы ды ўцякаюць, уцякаюць у чысты, незапэцканы свет. «Няхай-няхай уцякаюць, – думаў ён пра гарадкоўцаў рогатам, – ім няхай смярдзіць, а мне няхай пахне». Ён п'янавата пацяшаўся з усяго, што было ўваччу, весялеў; седзячы ў грузавіку, поўз кудысьці, глядзеў у акно на гарадкоўцаў і рогатна, з вар'яцкай шчырасцю сыпаў на іх свае зубы. А гарадкоўцы выкручвалі са сваіх губоў з'едлівыя смехі; «О дзе дурань! – думалі яны. – Набраўся, як не трэсне, і не заціхае, аж на платы свой рогат намотвае! Дык як жа ж ты з яго не насмяешся!»; і яны заходзіліся вясёлым брэхам.

Іхні цям ніколі не дакранаўся да высновы, што была прасцейшая нават ад пратаколаў участковага Байды, якія ён часам пісаў на самагоншчыкаў; высноўка гэткая простая, што нябачная. Адно толькі Сярожык Бародаўка чмяліў яе сваем рахманым джалкам; урэшце тое ягонае кратанне дужа простае высновы і спеліла ў ім усялякія вышчарацтвы, і ён распырскваў смехі ды не мог спыніцца. Смешнае ж не ўмельства чыстніка, а тое, што паўсюль, увогуле, нячыста – мацаў хлопец высноўку і рагатаў з усяго: з калыбушчай жыжкі ў ямах, з зялёных і сініх агністых мухаў, з сараматных скарбаў гарадкоўцаў, з саміх гарадкоўцаў і з самога жыцця; «...то што, можа, яны яшчэ скажуць, што засіканыя штанэ не смяшнейшыя ад памытых?..»

З'едлівыя Сярожыкавы смехі, зразумелыя толькі яму, чамусыці не шкодзілі ягонай любові да свае справы; хаця і было яму смешна ў галаве і ў роце – у душы ўсё адно ўтульна; і ён сядзеў у сваёй утульнай душы адзінока і спакойна, як у кабіне марудлівага і паслухмянага хрушча, і выходзіў на свет толькі дзеля таго, каб папарваць жывоцік з наваколля, каб паплакаць з яго несціханым рогатам.