Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Цягнік у вечнасць

Ціхая, як мышынае шамшэнне пад падлогаю, здагадка прыпаўзала танюткім хвосцікам у галаву да Мішы Зубача; хвосцік варушыўся трохі, і Міша Зубач памалу шараваўся аб яго і прадчуваў смачную думку. Калі ж хлопцава душа набягала гарэлкаю, дык хвосцік той таўшчэў, як сала, і вырастаў у ладнага карася; вось тады чаканая думка падала на язык упечаным, крышку гізаватым смакам і тачыла Мішу Зубача аж да сверці ў седаўцы; аж замлявала ўсё ззаду і ўсярэдзіне, гэтак хацелася глытнуць тую дражнюшчую наязь; дык жа і схаркнуць трохі хацелася, каб пачаставаць ёю ўсіх гарадкоўцаў; і ён глытаў, каб наесціся калі-небудзь; і ён харкаўся, каб усім яна пабачылася і запомнілася, каб ніколі і нікому не забылася яна.

Напіўшыся, Міша Зубач шаптаў-здагадваўся ўпарта: “Во нарабілася: начальнік я! Начальнік! А не якісь-то вашысцік!..”; а далей ён грамчэў і грамчэў: “Начальнік я, маць тваю! Не магу я быць вашысцікам! Я – начальнік!” Міша Зубач працаваў у міліцыі, у сяржантах, і калі хмялеў, дык пыхі меў нават больш, як ёсць яе ў вялізазным мяху гарадкоўскае гісторыі, напхатым дарэшты, што аж не завязаць, ганарыстымі Веранікамі Аркадзеўнамі Базар; як усё роўна ён генерал ці амаль генералава жонка – і гэткая пыха таксама была ў п'янога хлопца; “...каб жа вас усіх чэрці дрэньчылі! Не свалачуга я, а велькі пан! Не парцянка я і не хрэн сабачы! А гэткі я, што чыста прадсядацель у калхозі! Я – начальнік, маць вашу!..”

Гэтаксама яму падумалася і тады, як некалі ўлетку ён ды са сваімі былымі кашнікамі – здымшчыкам з мясцовае газеты Пецікам Качэбрыкам і заатэхнікам з тутэйшага калгаса Вовікам Пупкевічам – панапіваліся гарэлкі. “Добра ўсім нам, што мы начальнікамі парабіліся, – думаў Міша Зубач. – Цяперка што захочыцца, тое і будзем рабіці...” Хлопец распавёў сябрукам пра сваю смачкату ў роце; ён, трапянуўшы шчаслівымі пагонамі, пялёхнуў прама з гарачага прагнага рота:

– Аж не верыцца, што гэтак нарабілася – што ўсе мы начальнікі. Пецік, ляньце на яго – у газеце здымшчыкам і здымае, каго захоча... і здымае... а я ж міліцанер! А ты, Ваўчо, гадуеш быдла! І ўсе да цябе па мяса ідуць!.. Начальнікі мы, а не нейкая там адрыжка! Харошыя мы з вамі, браткі! Мы – харашысцікі!..

Спачатку сябрукі не дужа давалі веры Мішу Зубачу, але ён казаў гатак доўга і напорыста, а гарэлка брала за мазгу гэтак пакручаста, што, мала пабарукаўшыся са сваім абыклым паразуменнем сябе і свайго месца пад сонцам, хлопцы згадзіліся з Мішам Зубачом. Павыпіваўшы, што было, яны начным часам пайшлі з песнямі шукаць дабаўкі. Пара была тады гэткая, што за гарэлку каралі, але Міша Зубач, падахвочваючы дзецюкоў, біў сябе ў грудзі:

– А што яны нам зробяць, га? Я жа сам міліцанер!.. Іці іх маць!.. Мы – харашысцікі!..

І хлопцы не баяліся, яны ішлі з цемры ў цемру, ганарыліся адно адным, любілі адно аднаго і гарлапанілі ў высокія зоры:

Глядзі жа, Ванька, какія кловуны,
І голас, как у алкашоў!..

Гэтак з песняю яны неўзабаве дапяліся да чыгуначнае станцыі. Там і тыцнуўся Міша Зубач у маленькі самотны цеплавічок, які стаяў сярод ночы і чыгуначных разбегаў ды гудзеў сабе ў вусы, што лянівы жук з кучы.

– Хлопцы! За мною! – прычапіў Міша Зубач заклік да п'яное цемры і гарадкоўскае гісторыі. – Зара ў Ліду паедзем! – і, каб гарадкоўская гісторыя не сцёрла п'яныя крокі і здагадкі Мішы Зубача, каб яна ўманаліціла кожны ягоны салодкі каўток велічнае сліны, ён прытаўраваў да вечнасці і цемры свой векапомны, пераможлівы голас: – А што яны нам зробяць, га? Мы ж начальнікі, маць іх за сцягно!.. У Ліду, хлопцы!.. Па піва!..

Ён палез на жука, Пецік Качэбрык – за ім; Вовік Пупкевіч забаяўся, хлопец крыкнуў праз гуд:

– А можа, лепей дахаты пойдзем, га? Надта ж далёка тая Ліда!..

– Давай сюды! – клікаў Міша Зубач. – Не баіся ты! Не шалудзіўцы мы! Не ўсяляка мы падла, а харошыя хлопцы! Начальнікі!

І Вовік Пупкевіч згадзіўся і палез следма. Развадным, без жонкі і дзяцей, цеплавіком, што заўсёды з наюшаным цяглавіннем чапіўся на станцыі да разгубленых вагонаў, а тады ганяў іх узад-уперад, чыста певень курачку, кіраваў Рысік Сом. Убачыўшы поўна госці, мужык спанталыжыўся і палахліва папытаўся:

– А чаго то вы, хлопцы?.. Што вы хочаце?

– Зара я табе аб'існю чаго! – прарыпеў вечкам ад труны Міша Зубач, нахмарыўшы грозную кукарду на фуражцы. – Вязі нас, падла, у Ліду, пакуль мы цябе тут не збузанілі ўтраёх!

– Якая Ліда!.. Хлопцы!.. Вы што!.. – пачаў запірацца Рысік Сом.

– Вязі ў Ліду, рыла ты стандартнае!.. – жвірова рыпеў Міша Зубач і грозліва варушыў асінымі пагонамі. – Бо скасцяшым зара! Прама тут во, на месцы, і адвернем табе лыч! Давай газуй!.. Начальнікі мы, а не дзярмо!.. Шнэля!..

“Ну, як начальнікі, – падумаў спалоханы Рысік Сом, – дык тады паехалі”; і ён свістануў на развітанне з гарадком ды памалу зацерушыў у Ліду.

– Шнэля!.. Шнэля!.. – крычаў Міша Зубач пад постук колаў. – Беларусіш ты партызанін!.. Не гніды мы!

Ікаючы гестапаўскай беламорынаю на губе, яму патакваў Пецік Качэбрык:

– Ня будзё шнэля і гут – будзё тады павешайць на вяр'ёўка!

Пупкевіч жа Вовік сарамліва, ціхім, як ніцы позірк, голасам папрасіў у Мішы Зубача:

– Мішка, скажы яму, партызаніну гэтаму, каб яшчэ трошкі пасвішчэў, га? І Міша Зубач загадаў:

– Чуеш, юда! Свішчы ў трубу! Каб табе ўсё дупло высвістала! Мы – начальнікі! Прадсядацелі мы, можа быць!

І Рысік Сом свішчэў і гнаў наўскач свой чмыхаты цеплавічок, думаючы: “Алі і начальнікі! Во натрапіў, каб іх пазадушыла! Цяперка вазі іх усюды і ўсю ноч!”

А потым Міша Зубач галасіў:

– Начальнікі мы! Начальнікі мы! Начальнікі мы!.. Дарма што ў школе нам чатыры ставіць не хацелі!.. Мы – любачкі і харашысцікі!

А Пецік Качэбрык спяваў дрыжлівай блюзнерскай папіросінаю ў роце:

У мяне быў адзін друг грузін!
Так той у сямідзесятым годзе піў вабшчэ бянзін!

А Вовік Пупкевіч прасіў з ціхай прымільнасцю ў голасе:

– Мішка, а няхай ён яшчэ трошкі пасвішча, га, партызанін гэты...

І яны ляцелі па колаходах у цемру, свісталі, гукалі, спявалі...; і цёмнае летняе паветра, што залятала ў цеплавік праз прачыненае акенца, таксама свістала, гукала, спявала; і свістала, гукала ды спявала ўся разлюляная хлопцамі мудрасць-наваколіца-немаўля.

А потым Міша Зубач крычаў:

– Тыр-р-р-р!.. Каб цябе ваўкі!

І яны спыняліся. А потым ён крычаў:

– Но-о!.. Пайшоў!.. Трасцу тваёй матары!..

І яны ішлі. А потым ён крычаў:

– Куды!.. Стой!.. Пайшоў назад!.. Ваўкарэзіна ты!..

І яны ішлі назад. А потым ізноў уперад. А потым зноўку стаялі...

А потым хлопцы сцішыліся, абняліся і, загайдаўшыся ад руху, задумаліся пра сваю шчаслівую ўладарніцкую долю. Яны моўчкі ляцелі над зямлёю крыластым начальніцкім вепруком-рылам і, тулячыся адзін да аднаго, натхняліся ад свайго імклівага руху; яны прагна, захоплена наталяліся салодкім смакам улады; адно зрэдку, аблізаўшы смачныя губы, Вовік Пупкевіч пытаўся ў Мішы Зубача:

– Мішка, а з Ліды мы куды паедзем, га?

І Міша Зубач адказваў смачнымі словамі:

– Да дзевачак.

– А ад дзевачак куды? Скажы жа, Міша?..

– У Цюмень... Па жалуды...

– А з Цюмені? Га?

– У Ліду. Па піва...

І яны зноўку змаўкалі і ў моцных абдымках моўчкі варылі сваю велічную страву: “Мы – начальнікі, а не быдла або нейкія там сабачыя азадкі!”

Аднак Ліды яны не дасталіся. На наступнай станцыі шлях ім перакрыў чырвоны міргач. Рысік Сом спыніў машыву, і цеплавік атачылі з усіх бакоў міліцыянты. Участковы Байда, трымаючы на ланцугу аўчарку Цэзара, крыкнуў:

– Давай-тка выляжай па адным! Хопіць ужо егздзіць!

Хлопцы паздаваліся.

Праз тое катанне Мішу Зубача выперлі з сяржантаў і з міліцыі, і ён пайшоў рабіць грузчыкам на заводзе; Пеціка Качэбрыка і Вовіка Пупкевіча з працы не пагналі, але ж горкае поліўкі хлопцы ўсё роўна папаелі. Суда над імі не рабілі: усе ж свае людзі – разабраліся па-свойску; хлопцы, як гэта часцяком бывае, даводзіліся нейкімі далёкімі крэўнікамі нейкім іншым далёкім крэўнікам, і на гэтым крэўніцкім пытанні ўвесь суд і заглух. Дый ці было за што судзіць? “А чаго то нас судзіці, што мы забілі каго ці злодзеі?..”, “інцярэсна дайжа: ані губы нідзе не разбілі... судзіці яны нас хочуць!..”, “знайшлі за што судзіці – бясплатна праехалі кілометар і паўметры, дык цяпер не просцяць ніяк...” Крыўду на несправядлівы суд, які ніколі не адбыўся, Міша Зубач яшчэ сяк-так цярпеў. Цяжэй яму было на сэрцы з таго, што больш ён не сяржант. 3 гэтае прычыны хлопец часта і цяжка грыбеў пакрыўджанымі губамі і думаў: “Упаў я! Павалілі мяне, гады, і ногі аб мяне выцерлі! Не вачальнік я болей!” У часе гэткіх бедаванняў яму шчымліва прыгадвалася шчаслівая ноч у разгайданым цеплавіку, калі ён, моцна абняўшыся з сябрамі, зачапіўшы за свае плечы поўны цягнік уладарніцкага неспатольнага смаку, ляцеў па пакорлівых колаходах у неўміручую і царэўную вечнасць самаволі, самапанавання і свайго ўласнага богаўладдзя, у тую век-вечную, нязломную-нязбурную, змураваную з непахісных глыжоў-адбожынаў вечнасць, якая, паводле няўцямнага закону чалавечабожае недасканаласці, скончылася імгненна, праз паўкрокі і паўхвіліны пасля таго, як ён у яе ступіў.