Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Мах крыла

Нейкае кароткае, кволае і нязломвае крыло ўзвышала над гарадкоўскім духовым замурзавеннем шчырыя душы Здзісіка Інбарчыка і Паўліка Нюхаўца: пасля таго, як у гарадку пачалося народаўладдзе, мужыкі паступілі ў гэтае крыло, і яно памкнула іхнія знявераныя душы ў чыстыя высокія аблокі, у якіх, па ўсім відаць, было больш, чымся ў мурзатым нізе, праўды, святасці і сумлення. Часцяком мужыкі, абняўшыся па-брацку, моўчкі сядзелі дзе-небудзь, пазіралі ў далёкія вышыні, марылі пра выбаўленне народа з путаў і маны ды рыдалі ціхом, без голасу і слёзаў, ад невыноснага і паўсюднага бруковага бруду; іх наведвала ў гэткую пару адная на дваіх светлая думка, і яны абодва думалі-спадзяваліся аднолькава: трэба намака вунь у той чысціні гартавацца! няхай нас чысціня пачысціць! няхай яна нас амые!

Аднак гэтае ўзвышанне-мара сталася ім урэшце зніжкаю да тых жа брудных стагоддзяў зямнога ярма, з якіх яны браліся вымкнуць. Налучылася ж тое тады, як нейкае вясны прыйшлі ў гарадок чарговыя народаўладныя выбары ў Вярхоўны Савет. Вастраносы і вастравокі твар Здзісіка Інбарчыка зрабіўся хітры і пачаў паварочвацца да неба не летуценнямі ў зморшчынах, а таемным змоўніцтвам у вачах. Здзісік Інбарчык падумаў, падымаючыся вачыма ў пазаверхнюю чысціню і святасць: “Трэба намака і ўнізе вычышчацца, а не толькі ў небе... І няхай жа гэны чысты небаверх уніз спаўзе, да нас, каб назаўжды ніз быў верхам надалей...”; Здзісік Інбарчык зладзюжна змоўнічаў вачыма, і ягоная душа натхнялася тым змоўніцтвам; “...балюча мне за ўсіх, бо ўсім вычашчацца трэба...”; “...і трэба цяпера мне пастарацца, каб хунце прыйшлі капцы...”; “...а народ жа наш – оей-оей! – цёмны, як чорны пень уночы, то трэба адбяліць.. ”; “...дурны наш народзік, як калгаснае цяля, і траба яго навуміць...”; “...хачу я ўпасці разам з небам на гэтае парасячае гарадкоўскае бруха і нарэшце вычысціць ад дзярма ўсе народзікавы кішкі...” І Здзісік Інбарчык вырашыў абірацца ў дэпутаты; “...больш за ўсё на свеце хацеў бы я, каб наш дурны народчык за горла не ўзялі прайдзісветы або заатэхнікі... малюся я за гэтае...”

Высокія спадзевы гэтак завастрылі вочы Здзісіку Інбарчыку, што яны ажно вылюцелі ды злосна ўпічыліся ў паўсюдную брудноту; вочы ненавідна, як усё роўна што ў Ілліча ў кастрычніцкую ноч, працялі кожную смецінку і кожную смуродзінку; “...усё я вычышчу... аж языком выліжу, каб блішчэла...”; свае вострыя вочы Здзісік Інбарчык панёс да Паўліка Нюхаўца. Той, нарабіўшыся за дзень на заводзе, ляжаў у хаце на канапе і песціў позіркам шчаслівыя і чыстыя высі. Здзісік Інбарчык прамовіў да сябра ціха і пранікнёна, голасам гэткім жа, што і вочы – быццам бы на шпільку нашліліў:

– Ужо ж хутка, брат!.. Выбіраці ўжо хутка трэба... Трэба, брат, нам выбіраці, пакуль народ яшчэ не ў магіле!..

Паўлік Нюхавец, нашпілены на сябруковы словы, затрымцеў усей і ўзяўся полымем; ён горача ўскрыліўся светлымі вышынямі і, ўрачыста, хвалюючыся з-за імклівай гарадкоўскай гісторыі, прамовіў у адказ:

– Браце ты мой!.. А ўжо ж хутка мы... Ты і я... дэпутаты!.. І я, і ты...

Паўлік Нюхавец гэтак усхваляваўся ад гісторыі і вышыні, што ссушэў з голасу, забыўся на ўсё і, заплюшчыўшы вочы, упаў у выскаць; вышыня валодала ім, як пасцеленай у глыбокай далячыні птушкаю; яму падалося, што вышыня – гэта сэрца птушак і ўсяго істага. Але Здзісік Інбарчык, нібыта казаў вечную ісціну, працягваў пранікнёва і падступна нашпільваць – і гэта Паўліка Нюхаўца на гарадок апускала; спачатку Здзісік Інбарчык прашаптаў сваімі вострымі губамі-дзюбаю пра тое, што аж крыўдна яму з несправядлівасці і з месцаў, бо іх – месцаў, – як заўсёды, не хапае; пасля ён секануў шапоткім языком-нажом, што, маўляў, нікуды мы не пойдзем, Паўлік, разам; а тады ён зашамацеў ля самага Паўлікавага горла ікламі-голкамі: неба мо і з намі, Паўлюча ты, ды ад нашага наваколля толькі аднаго дэпутата трэба выбіраці.

– То што? - запытаўся Паўлік Нюхавец, як быццам нічога не цямячы ў вострым хітрашэпце.

– Камусьці адному ісці трэба. А не разам, Паўлік ты. Паўлік Нюхавец з выглядам, быццам яшчэ горш нічога не цяміць, запытаўся:

– Каму ж?

Хаця Здзісік Інбарчык даўно ведаў адказ на гэтае пытанне і з панталыку яно яго не збіла, ажно твар дзядзькаў пабурачыўся; і мужык прашаптаў вострай чырванню:

– Я магу пайсці назло ўсім. Буду ўсіхныя правы адстойваць... – “адчысціць, адшмараваці наш народ трэба. Шчога не зробіш – трэба мне ісці...”

Паўлік жа Нюхавец занудзіўся: “Чаго то ты? а я што – значыцца, ужо і не чалавек? што я – хамут, ці што?..”; крыўда гэтак размалявала ягоны твар, што аж з-пад вачэй натап загукала. Ён прамовіў з-пад слёзных вачэй:

– Дык жа і я, Здзісю, не ўломак. І я ж магу за людзей стаяць, чыста танк. І за правы буду я біцца, як звер... – “...не лепшы ты ад мяне. І я ж хачу... Як звер!..”; ён гэтак моцна любіў высі і гэтак глыбока ў іх паласкаўся, што яму не верылася: “...не лепшы ты, Здзісю, не лепшы, як я... Я вышэй за цябе лётаю...”

Здзісік жа Інбарчык пачаў тлумачыць – чаму ён, а не Паўлік Нюхавец; каб менш было спрэчыва, ён шчырасцю натачыў сваю вастрыню на твары, сумленнем накляпаў сваю дзюбку, праўдаю паправіў разцы ў вачах і збрахаў:

– Ты, галоўнае, Паўлік, не заплач і не паваліся мёртва. А то я гляджу, ты з твару пабялеў... Маёй віны няма ні ў чым. Гэтак нашая галоўная рада ў сталіцы прыдумала: мяне трэба, а не цябе! – за гэтым сваім брэхам ён ані паружавеў, наадварот, ссінеў бела, як быццам мана ягоная была пакутлівай праўдаю і выпіла з сэрца ўсю кроў, і, не міргаючы, сказаў: – І трэба іх слухаці, Паша, бо яны начальнікі для цябе і для мяне. А я ж не вінаваты, што гэтак уладзілася, Паўлік ты. Каб жа яны сказалі на цябе, дык я бы маўчаў. Чэсна слова!

“Ага! Маўчаў бы! Усю нюхаўку мне бы пабіў чыста, гэтак бы маўчаў! – думаў сабе Паўлік Нюхавец. – А дзе яшчэ і за нагу падвесіў бы, каб мог, фашысцюга! Я ж па вачох чытаю!”; і мужык адказваў голасам гэткім, як слёзы:

– Не ўломак я... І я ўмею... Як танк... – “...а што мне твая рада?..”; “...хіба рада тая, каб яе падняло ды не апусціла, ведае, хто з нас вышэй да неба лётае?..”; “...я ў сто разоў лепшы ад цябе і ад тваёй рады...”; “...гэтак у небе лётаць, як я, твая рада не дасць рады...”; “... у тысячу разоў я лепшы за тваю раду ды цябе і як звер буду стаяць за людзей!..”

А Здзіслаў Інбарчык спрабаваў штось давесці:

– Я ж інжынерам раблю, Паўлік, а ты ўсяго – рабочы. Дык давай мяне галасаваці, га?

– Танк я!.. – пырсчэў Паўлік Нюхавец і думаў: “Дык што, як рабочы, дык ідзі і ў Нёман галавою? Ужо і не жыві, калі не інжынер? Цяпера я з-за прынцыпу не спынюся, касцямі я лягу за дэпутата і людзей!”

А Здзіслаў Інбарчык усё нешта даводзіў:

– Я ж маладзейшы ад цябе на шэсць гадоў. Табе, Паўлік, пяцьдзесят ужо, а мне ж, можа, яшчэ толькі сорак чатыры!..

– Алі!.. Чыста танк я!.. Зверам буду біцца!.. – распырскваўся Паўлік Нюхавец: “...ну, дык і што, што пяцьдзесят? Што ў зямлю лезці жывым, ці што? Можа, пяцьдзесят – гэта сама што разгар у чалавека!..”

Ён так і не сасланіўся на Здзісікавы торы-ўгаворы; ён вырашыў наперакор ісці, на сваё наторывацца. Глянуўшы ў святое неба, Паўлік Нюхавец убачыў раптам тое, чаго раней не заўважаў, – неба паўставала перад ім вялізарнай цёплай кароваю; карова ляцела міжзор'ем у свой шчаслівы каровінскі вырай, і разам з ёю, прыссаўшыся аберуч да аграмаднага, вядзернага вымя, ці то цялёпаўся прыхвосцем, ці то стырнаваў між аблокаў і планетаў, нібы які правадыр, маленькі і шчарбаты Лёнік Вашко. “Ай, а сісячкі дзве яшчэ ж і не занятыя – як усё роўна што мяне чакаюць”, – натхнёна падумаў Паўлік Нюхавец. Неба ж улюбёна паглядзела на мужыка разумнымі каровінымі вачыма і прашаптала: “Лепшы ты ад Здзісіка, далібог. Святлейшы ты ад яго. Падаі ж мяне, падаі ж”. І Паўліку Нюхаўцу ўзмарылася адаіць кароўку; ён вырашыў, што ўсегарадкоўскае ачышчэнне – то даенне вышэзнай і велічнай рагулькі; “усе ж, як я, даверху не паляцяць, то трэба з цыцкі даіці, каб было поўна дойла, каб людзі панапіліся чысціні і каб усё пачысцела...”; “...трэба на ніз чысціню – у бруднае, а не ўсяляка гадства ўверх – у чыстае...”; “...сука гэты Здзісік...”

Мужык панагуртаваў вакол сябе знаёмцаў, і тыя пайшлі па людзях збіраць для яго подпісы на вылучэнне ў кандыдата ў дэпутата; па начах, прачнуўшыся ад салодкага свярбення ў неспакойных грудзях, Паўлік Нюхавец тэлефанаваў Здзісіку Інбарчыку і, пабудзіўшы яго, грозліва рычэў у трубку:

– Дурыла ты! Пакачу я цябе на зямлю! Пабарукаю! Я ж лепшы, як хто! – і бразгаў трубкаю.

Здзісік Інбарчык кінуў вітацца з Паўлікам Нюхаўцом; калі ён сутыкаўся з мужыком на вуліцы, дык адварочваўся і не хацеў ні рукацца, Ні здароўкацца. Ён паехаў у сталіцу і паскардзіўся на мужыка ў галоўную партыйную раду; з рады ён вярнуўся з паперынаю, дзе стаялі подпіс партыйнага бацькі і пячатка і дзе загадвалася: Паўлік Нюхавец мусіць зняць сябе з выбараў. “Ага! Зара! Во толькі нагавіцы абтрасу – і пабягу, – падумаў Паўлік Нюхавец, калі Здзісік Інбарчык прынёс да яго загад. – А каб вас свінні забрыкалі і з вашаю радаю ды з партыяю разам!”; ён адказаў:

– А што мне твая рада, сваяк багаты, ці што? Я і сам умею думаць, без рады тваёй... І без тваёй партыі я не сляпы... Пабарукаю ж я цябе, і партыю тваю, і раду...

Тады Здзісік Інбарчык падпаіў рабочага з заводскае кацельні Зюніка Драбача і падгаварыў яго, каб ён паназбіраў для Паўліка Нюхаўца непраўдзівыя галасы; і той згадзіўся. Зюнік Драбач падплёўся да Паўлікавае шаціі па збору галасоў і левай рукою панаставіў абы-якіх падпіскаў – і за зяцёў, і за палюбоўнікаў, і за кумавых сватоў... І камісія, якая правярала праўдзівасць подпісаў, забракавала Паўліка Нюхаўца і не дапусціла яго да выбараў.

Мужык сэрца сваё пад высцілачку пасцяліў з гора; ён хаваўся ў хаце, абдымаўся са сваёй нябёснай кароваю і плакаў слязьмі; ён шаптаў: “Лепшы я! Як звер усё роўна што ці танк! Вышэй я лётаю!” Паўлік Нюхавец падумаў мокрым ад крыўды, панурым носам: “Ну, добра ж! Як я не прайшоў, дык жа і гэты сукадзёр Здзісік не пройдзе. Не дам я яму ані паўкроку ступіць”. Спачатку ён папанапісваў гару ананімак у розныя ўстановы і да ўчастковага Байды пра тое, што Здзісік Інбарчык ходзіць ад жонкі да сучак. Потым ён пайшоў па гарадкоўскіх хатах падбухторваць людзей, каб галасавалі супраць Здзісіка Інбарчыка; мужык казаў:

маўляў, ён, гэты сукадзёр, каб яго пранцы патачылі, ходзіць да сучак, і жонку б'е цераз дзень, і гарэлку п'е, як цэбар, а тады паваліцца і са свіннямі спіць, і ў суседзяў куры пакраў, і не аддае людзям грошы пазычаныя...

Аднойчы Здзісік Інбарчык прыйшоў да яго дахаты ды запрасіўся:

– Не даві ты мяне за горла, га? Мы ж з табою з аднаго крыла і з партыі адной...

– То што, як з аднаго крыла ці партыі, дык і праўду не скажы? – зазлаваў Паўлік Нюхавец і падумаў: “Каб на тваю раду і партыю каты брахалі вечна! Знайшоў мне багатых сваякоў – партыю з крылом”; а Здзісік Інбарчык думаў з галавы ў нос лютым сапам: “Ай, каб жа мне ў рукі ўсю ўладу, дык павесіў бы цябе, падла, вяроўкаю за горла”.

І Паўлік Нюхавец шкодзіў далей; паабдымаўшыся з кароўкаю, ён выходзіў на вулкі, цягаўся па іх, аддзіраў ад плота лістоўкі, што заклікалі галасаваць за Здзісіка Інбарчыка; або кішанёвым цвіком выпорваў, выпорваў, выпорваў вочы партрэту-закліку; або кішанёвым алоўкам прымалёўваў партрэту будзёнаўку і будзёнаўскія вусы і падпісваў: “Ходзіць да сучак!” ці “Точаны пранцамі!” А Здзісік Інбарчык наступнага дня ляпіў новыя партрэты і лістоўкі, а Паўлік Нюхавец зноўку шкоднічаў...

Урэшце каторага дня абралі ў Вярхоўны Савет Вераніку Аркадзеўну Базар. Абодва мужыкі зарыдалі маўкліва; яны лічылі, што, каб у гарадку хаця якая чыстасць нябёсная была, Вераніку Аркадзеўну Базар нельга галасаваці. Пазіраючы ў высокі чысты верх, Здзісік Інбарчык думаў: “Алі ж і дурны наш народчык! Што цыбуля ў градцы. Цёмны ўсей ад нізу да верху, а мо проста сволач”. “А мо ён проста хворы? – пытаўся Паўлік Нюхавец у вялізазнай пярэстай, з аблокамі на баку, каровы, якая бегла цераз усю верхнюю сусвеціцу, і глядзеў, каб як хапануць рагулю за цыцку ды жымануць зверху ўніз трохі чысціні. – Можа, мне палячыці народ гэны трэба?” І яны мацней хапаліся за крыло; нават пасля ягонага нечаканага маху, калі ўся чыстасць і ўся каравая гразь скаламуціліся ў шчырых памкненнях да вышыняў, калі свет, перакуліўшыся, ссыпаўся гурбаю на неба і засмярдзеў, як ніколі, смеццем, ім мроіліся крылы і аблокі. І замест таго каб заненавідзець крылаты мах-куламесу, які, злучыўшы вышыню з нізіною ды так і не зрабіўшы гарадкоўскі ніз сусветным верхам, зніжыў верхасвецце да бруду, сораму і гнілога ганьбавіннага патыхання, замест таго каб плюнуць на ўсё гэтае і памерці ад тугі і сумноты, яны няможылі крылле, ляцелі па гарадкоўскае гісторыі кудысь наўздагад, прыдумлялі вершы і філасофію, хапаліся зубамі за нейкія водсведкі шчасця і марылі пра бясконцую і святую чысціню запэцканага крылом неба.