Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Наўцова ростань

У калгаснага старшыні Аляксея Аляксеевіча Макаўца бывала ахвоцце спяваць дзіўнаватую папеўку; ён любіў выпускаць яе з рота разам з адкрылкамі свае шчырае душы і спяваў ці то ціха, курняўкаючы сабе пад нос, ці то гучна, равучы вясновым быкам, каб дрынцелі гарадкоўскія шыбы. Ягоныя спеўныя ўзнёслыя адкрылкі заўжды пачыналіся з аднолькавае нязменнае блазноты; твар ягоны дурэў ад тых словаў ціхуткім ванітлівым смехам і думаў: надта ж весела жыці з песняю і лёгка, а без песні – сумна; «...песня нам памагае строіць і любіць...»; і мужчына вёў багатым, пакоцістым голасам заўсёдную нягодніцкую запагудку; бадзёра і пуста наставіўшы на сусвет вялізныя прышалелыя вочы-заліхваты, ён пачынаў грымець: «Іых! Пайшлі ў танцы...» і далей; а тады ўжо, аб другім радку і пасля, язык сылаў усяляк, без павіннага абавязу: і калісьці прыдуманымі самім жа мужыком складанкамі, і калісыці пачутымі ім ад людзей вершасловамі, і калісьці забытымі ўсялюдствам, і таму перароджанымі з мыслярства ў кроў, таратушнымі выгалосамі. Ён яшчэ ў юнацтве прыляпіўся да гэтага свайго папеву – калі ж увогуле не ў маленстве – і пражыў з ім аж да магілы; ён харчаваўся гэткай песняю і натхняўся ёю.

Часта прыбалбанеўшы ад гарэлкі, Аляксей Аляксеевіч Макавец браўся за гармонік і навяваў на паветра радаснае гранне; ён спяваў і ў сяброўскім агуле, і сам-адзін, і на вуліцы над Нёмнам, і ў хаце, і гэтак жа, бывала, у калгаснай канторы на гарадкоўскім ускрайку. Ён разважаў: «Калі параўнаці проці маўчання, дык з песняю жа ў сто разоў шчаслівей жывецца». Перад тым, як завесці на людзях сваю вясёлую, што калядны блін, спеўную рагатню, Аляксей Аляксеевіч Макавец, натапырыўшы на слухачоў вялізна-рэпісты чырвоны твар, святочна, як на канцэрце, абвяшчаў грымотаю:

– Родная-я!.. Народная-я!..

І яшчэ болып гарлаціста і ўрачыста дадаваў:

– Лапатная-я!.. Басяцкая-я!..

І гукаў-зыкаў усімі падможнымі скрытымі галасамі-небадзёрамі:

– З...нская-я!.. Г...цкая-я!..

I, не знайшоўшы ў сабе дужэйшае змогі за тую, што была ў ім, набіраў поўныя грудзі гарадкоўскіх пеўняў і галопаў імі:

– «Пайшлі-і ў танцы-ы! Два-а з...н-цы-ы!»

І пры канцы ўжо дык і пеўняў было яму мала, і ён усімі зямнымі згалосамі віскацеў з сябе:

– Пяе-е: гармані-і-іст! Аляксе-е-е-ей Аляксееві-і-іч-ч! Макавец-ц-ц!

І тады ўжо рэзаў; музыка і спевы раздзімалі Аляксея Аляксеевіча Макаўца, што пыл, і ён злетуценьваўся, вылётаў з самога сябе цераз раскрытыя, разгароджаныя грудзі й ператвараўся ў хвілінную паэтную вечнасць. Ён спяваў, ён спяваў, ён спяваў нейкім няўцямным для гарадкоўскага розуму сэнсам, пакідаючы тому розуму адно драбязкія намёкі на патаемныя адгады, і не быў ні чалавекам, ні смехам, ні планетаю – усяго толькі сняговіўся ды раставаў душою-адптушынаю ў якойсь празрыстай постаці, у нейкім рагатлівым ручайку, у нейкай забытай і засоранай на закідках зямной кулі... I гарадок праходзіў праз зап'янелую чырвань і ягоныя заліхвацкія і ад песні няважкія ды сляпыя вочы; праходзілі людзі з поўнымі жыватамі конскага храпу і конскага рогату, праходзілі гарадкоўскія кпіны і пакрыкі-злобнікі; праходзілі праз ягонае спеўнае спусценне гарадкоўскія думкі: «сядзіць, ля, з мордаю чырвонай, Аляксеевіч гэты, рыло сабе наеўшы, і песнямі сваімі буяніць...»,«ой жа, і смешно ж пяе, гэты Аляксеевіч – хоць ты паваліся ды падохні...», «алі і ганяе гармонікам туд-сюд, аж ты конікам скачы...», «Аляксеевіч той, скацінка, грае ўсякія трасцаплясы, і брыдко, і ўсё роўна не ўцярпеці – гэтак хочацца рагатнуці...», «алі ж і гарманісты, наш Аляксеевіч, – як завядзе, дык аж блохі полькаю ідуць...» І Аляксей Аляксеевіч Макавец, дрыготна смеючыся песняю і спяваючы смехам, заземна, як у чмут, пазіраючы пустымі і шалёнымі сляпучкамі, рассяваючыся радаснымі і задуменнымі зубамі, рэзаў-счмыхваўся з сябе, са сваіх грудзей.

Іых!
Пайшлі ў танцы два з...нцы,
Трасуць ў портках зачуханцы.
Адзін сядзе, другі ўстане –
А нам нюхай іхна с...нне.
Гоп-ца-ца!

Але песня калісьці канчалася, гармонік агасаў; спевы вечарэлі на чорную ноч; было, Аляксей Аляксеевіч Макавец нават і не думаў гэтай сваёй пагудкаю, нават і не курняўкаў ёю. Проста, рассыпаўшыся зыкамі і распаўшыся на шалёныя спагуканкі, ён і сам канчаўся з песняю, і тады з-пад прасыпанае папеўкі нараджалася яшчэ больш сталае і яшчэ больш сцёртае з чала і яшчэ больш паразганянае ветрам з грудзей чуйво – старапесенне; адкульсь здалёк, з засмужанае глухамані, яно ціха нагадвала посвіст пугі. І Аляксей Аляксеевіч Макавец аж псеў ад таго глыбокага запеснявення; яму няшчасцілася, і ён горка думаў, што калгасік ягоны – бедны, што калгасіку тому паразвярнулі качаргою ўсе ягоныя кішкі і што яму, калгасіку, знача, дужа балюча; «...я ж табе ўсё назад пазаварочваю...» І ён прыслухаўся да свайго свістапугага падсподу ды заварочваў усё, ды заварочваў...

Старшынёю Аляксей Аляксеевіч Макавец зрабіўся праз колькі гадоў пасля таго, як утварыўся калгас. Мужчына пазвоньваў баявымі медалямі, якімі яго ўзвагародзілі за мужнасць проці гітляроўцаў, і ў хвілівы падпесеннага чуйва, якія здараліся часта і вечна, усё гараваў праз калгасны заняпадак; ён узяўся адпалосваць ад калгаса ўсялякія навалу ды пошасць; старажытныя, паўісныя адгалосы ў ягоным пазадушэўі хвалявалі і падказвалі шляхі.

Спачатку ён адмяніў вартаўнікоў на полі; а тады, увогуле траха не ўсяго ўчастковага Байду вызваліў ад міліцыянцкага клопату ў калгасе ды адпусціў на самапас; Аляксей Аляксеевіч Макавец падумаў: «Брыдка мне вартаўнікоў трымаці і ў міліцыі плакаці. Навошта ж я тады ў разведцы ваяваў?» Ён сам пачаў пільнаваць поле дый усё астатняе; мужчына ніколі не складаў пратаколаў і не цягнуў злоўлевых ім злодзеяў у суд – старшыня слухаў сваю пугу-нутронку, і ана яму не раіла гэтак рабіць; пуга раіла іначай, і Аляксей Аляксеевіч Макавец самаруч караў: цягнуў з крадцоў жылы, ды гэтак, што хутка злодзеі пасканчаліся, а калі і здараліся, дык то былі хутчэй не злодзеі, а махляватыя выпадковыя і недасведчаныя пазычайлы.

Слухаючы ў падсподнасці сваю пугу і разважаючы пра тое, што зладзежнікаў больш няма і няма камусь хаця бы хрыбет зламіць, Аляксей Аляксеевіч Макавец узяўся за сваіх работнікаў. Першы, каму ён накухталяў поўны мех гузакоў, быў малады аграном Валеры Ігнатавіч Шчупак; потым начорна зматалыжыў ён заатэхніка Станіслава Карлавіча Качарэвіча; адзін раз, але ж затое колькі было сілы і болей, ён даў пад вока парторгу Савелію Мікітавічу Мамчуку; біўся ён люта і з брыгадзірамі, і з інжынерамі, і з шэраговымі працаўнікамі сельскае гаспадаркі.

Услухаючыся ў посвіст нутронае пугі, ён падумаў, што трэба мець яму і насамрэч якуюсь паганялку; ён загадаў конюху Барысу Шпаку, каб той зрабіў яе, і Барыс Шпак прыстараўся ды змайстраваў ладнага сцебача. 3 пугаю Аляксей Аляксеевіч Макавец хадзіў уподручкі; бывала, ён налятаў на баб, што ракам укопваліся ў поле, і гнаў іх барознамі, змушаючы рабіць самалётам, аж за далягляды, або налятаў ва падпітых даглядчыкаў скаціны, і тыя разбягаліся па аборы ў розныя канцы – хто верхам цераз цяля, хто карове пад цыцку, – або ганяўся за якімсь трактарыстам, прыдумаўшы, што той нібыта сеяў нягуста, або гразіўся златашыць да смерці канторскіх за іхняе гультайства, або даваў дыхту таму ж конюху Барысу Шпаку. Сёк ён у плечы нямала каму: і на ферме, і ў канторы, і на мехдвары, і ў амбары; і часта было: дзе патрапіў, там і біты. Старшыня гэтак прысучыўся да свае пугі, што хадзіў з ёю і на калгасныя сходы, і ў лазню, і нават на выклікі да Веранікі Аркадзеўны Базар.

Ягоны чырвовы набычаны твар быў агорнуты гарадкоўскімі думкамі; думкі ляцелі прама ў сэрца і асядалі ў душы грудам нейкага непраяснёнага ўмыслу; калгаснікі ж думалі і думалі: «Алі ж і рыло ў гэтаго Аляксеевіча, чысто бурак! рдзель гэты мардзель, паўмамошвае ён нас усіх, скацінка, з кулакамі гэтымі ды з пугаю...», «во дзе ўпічышчо нам, Алаксеевіч той! пазаганяе ён нас, чырвона морда, у магілу...», «зара, ля, з жывых скуру злупіць пугаю сваёю, рыло гэтое, што знамё...», «а сцебане, дык балюча-балюча, як усё роўно што па жывым даў, зараза...», «і б'еццо, і б'еццо, дык мало што баліць, то ж яшчэ і крыўдно троху...» Калі ж гарадкоўскіх думак набягала поўная душа і таемны, непрачытны ўмысл падступаў да горла, радзілася песня; і Аляксею Аляксеевічу Макаўцу пелася-гугнявілася асалодліва і лёгка; і лёгка ды асалодліва грымелася, і ён, разгарнуўшы аж да порвы гармонікаву гарлавіну, пусцеючы шалёнавокім позіркам, вызваляўся з сябе, ляцеў кудысь кавалкамі, рассыпаўся, зветрываўся, рэзаў...

Іых!
Пайшлі ў танцы два з...нцы.
Ўверх падбрыківаюць яйцы.
Адзін свішча, другі д...шча –
А нам нюхай іх г...шча.
Гоп-ца-ца!

На старшынёвай пасадзе Аляксей Аляксеевіч Макавец прарабіў болып як дваццаць гадоў. Са сваімі пугаю ды гармонікам ён зрабіў калгас гэткі, што ў ягоных сусеках, як любіў паўтараць сам старшыня, «заместа галодных мышай завялося поўна грошай»; са сваёй пугаю і са сваімі спеўкамі Аляксей Аляксеевіч Макавец дамогся, што ягоны калгас стаўся мільёншчыкам.

Мужчына, мабыць, зрабіў бы калгас і мільярдшчыкам, ажно некалі пуга сцебанула і па старшыні; летняе ночы ён перастрэў на ўскрайку калгаснае нівы двух крадцоў; папраўдзе, то былі не крадцы, а інспектар з вобласці Адам Валяр'янавіч Мяцеля і маладая ўдоўка Каця Качановіч; яны прыйшлі на ніву, каб расу з жыта абабіць, і не думалі нічога красці. Ажно Аляксей Аляксеевіч Макавец не стаў валэндацца з высвятленнем намераў, прычьнаў ды імёнаў; і з ходу, нават без зачытання выроку, гарачыста прайшоўся сваёй пугаю ўздоўж і ўпоперак па Каце Качановіч; Адам Валяр'янавіч Мяцеля ў тым часе, скарыстаўшы момант, пакуль старшыня лупцаваў Кацю Качановіч, трухануў у бок гарадка. Аднак ад старога разведчыка ўцячы было не дужа лёгка; Аляксей Аляксеевіч Макавец, напхаўшы ў Кацю Качановіч поўныя духі ляманту, пабег следма за ўцекачом і пагнаў яго, як лася ў ловах – брэшучы і агутакаючы; старшыня злавіў Адама Валяр'янавіча Мяцелю на ўскрайняе вуліцы і гэтак панавыцягваў з яго жылы, што назаўтра інспектар змушаны быў пайсці да лекара Юркевіча, каб запраўдзіць пабоі.

А Аляксей Аляксеевіч Макавец пайшоў праз тое на пенсію. Ён і на пенсіі не адлучаўся ад пугі і гармоніка; жыў, сцябаўся, спяваў і памёр. Хавалі яго з аркестрам; прыйшло шмат людзей. І каб Аляксей Аляксеевіч Макавец мог вылезці з труны, ён пэўна што ўпісаў бы пугі гэтым занешчасліўленым панурым жалобнікам; прычына на тое мелася гэткая, што ай: хаця былога старшыню хавалі і з медным плачам, і з гарою вяночнае памяці, і з бочкаю шаноблівых развітальных словаў, ніхто не даўмеўся падкласці яму пад руку, пад адную ды пад другую, гармонік ды пугу. Гэтак і адправілі наўца на той свет, абакраўшы, асудзіўшы яго на вечнае тагасветнае няўздужжа ды на вечную самоту, асудзіўшы толькі на палову пякельнае пакуты і на палову райскага ўдолля. То было адное з самых гідкіх гарадкоўскіх злачынстваў, народжаных чалавечымі нездагадлівасцю, бессаромнасцю і бяздарнасцю: хіба ж можна зміраць і завальваць зямлёю тое, што з'яўляеццаа толькі паловаю ад адзінае гарачае і жывое душы; і ці ж можна зміраць і класці ў дол усяго палову адзінага халоднага і абыякавага нябожчыцкага цела.