Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Зыгарадзь

Начальнік з гарадкоўскае рамонтна-будаўнічае арганізацыі Уладзімір Віктаравіч Клешч некалі сшатнуўся з абыклае бітае сцяжыны нуды і жыццёвае прынукі, і яму заахвоцілася торыць сцяжыну самому і самому пануківаць жыццё; ягоная пад'ярэмная душа-здзейца пачала біцца ў вузкай зыгарадзі нейкае мёртвае завядзёнкі і ламіцца на волю яшчэ пакуль непавыплаканай і непавысмешванай творчасцю; яму падумалася: “Чалавек жа – то ж зусім і не свіння, і не сволач якаясь-то. Навучыць яго трэба, каб быў шчаслівы. Дык жа я вас навучу, чалавечыкі вы мае. Хай і ў вас шчасце будзе!”

І Уладзімір Віктаравіч Клешч, зламаўшы зыгарадзь, зацурчэў творчасцю. Мужчына пачаў прыдумляць для рабочых рамонтна-будаўнічае арганізацыі светлае і яснае шчасце, запісваючы прыдумкі ў дыхтоўным, ашытым чырвонаю ірхою нататніку; ён пайшоў на самае донне сваіх словародных глыбіняў, з якіх уся чалавечая мудрасць-турма, зварыўшыся ў гарачых пачуццях, выбягала моўным узварам у шырокі свет; “...трэба пісаці мне і пісаці, і вучыці ўсіх, каб не асвінелі зусім і рылам зямлю не перавярнулі і каб не асвалачыліся...” Уладзімір Віктаравіч Клешч агарнуўся мастацтвам; час і вечны абсяг гатаваліся ў ягоных грудзях; у грудзях варыліся гарадкоўская гісторыя, забудзь і, увогуле, усё ўчорашняе – чаго ніколі не было і што было; і кіпелі ў ім сённяшнія няма і ёсць; і клёхалі ў ім клёхам уся заўтрашняя нябудучыня і ўсё, што яшчэ будзе “...дам жа я вам шчасця, чалавечыкі вы мае нешчаслівыя... навучу...” Зачыніўшыся ў сваім кабінеце, мужчына схіляў таўсты разумны твар нізка над сталом і дробнымі літарамі кропіў на паперу свае велічныя думкі.

Чаго толькі ні выплывала з глыбіняў: і матчыны пяшчотныя вочы, і радасць маладога палёту, і бадзёры звон угрэтага, раскляпанага ў кузні жалеза... І ён пісаў часцей ды болей. Яму гэтак падабалася кропіць паперу, што ён часам забываўся на сябе і сам ператвараўся ў гурбу крукаватых пырскаў і адкроп'яў; ён паланіўся вечнасцю і смяротнасцю паперы і прыдумляў афарызмы. То былі шчырыя і шырокія шляхі-выслоўі, яны гарачылі мужчыну, і ў іхніх літарах і гуках аграмадным жывым чарвяком паўзла ў будучыню надзея на лепшы свет.

Хутка начальнік узяў у арганізацыю на працу мастака Ігара Мадзейку і загадаў яму тварыць са шляхоў-выслоўяў маляванне. “Няхай чытаюць, чалавечыкі гэныя няшчасныя, – думаў ускрылены Уладзімір Віктаравіч Клешч, – калі шчасця ім няма ці мала”. Першае мудраслоўе, якое намаляваў белым па чырвоным малады мастак, Уладзімір Віктаравіч Клешч павесіў на сцяне ў сваім кабінеце, у сябе над галавою; гэта было слова ў гонар жанчыне, і яно вялізнымі літарамі-сланамі вісла на знячэўленыя вочы наведнікаў. Уладзімір Віктаравіч Клешч прыдумаў яго позна ўночы, прачнуўшыся ад раптоўнага натхнення; ён падхапіўся і пабег на кухню, каб запісаць. Гэтак з пасівелага начальвікава віхра намалявалася ў ягоным кабінеце: “Мы далжны абяспечыць шчаслівую старасць нашай красуне-жанчыне! Інача хто жа тады будзе нашай мацер'ю? У. В. Клешч”.

3 бегам часу па ўсёй арганізацыі закрасавалі начальнікавы мудрыя кумачы. Перад уваходам у кантору цераз усю сцяну прапаўзла пяросвітка: “Товарищи, трудитесь с отдачей! Родина вам заплатит хорошо и полностью за всё, что вы ей сделали! В. В. Клещ”. На мехдвары, прама на паветцы, намаляваліся чырвоныя словы: “Если Родина ждёт вашего качества, то сильно подумайте об нём! Качество всем нужно! В. В. Клещ”. У сталярным цэху галасілі, аж перакрыквалі віскат электрапілы, надпісы: “Родина начинается с хороших, ответственных товарищей н хорошей столярки! Зачем же нам Родина без товарищей, окон н дверей, или чтобы сквозняк дул? В. В. Клещ”, “Чудо-богатыри, ваши чудеса меня удявляют! В. В. Клещ”. У гэтым жа цэху з думаю пра будучыню Уладзімір Віктаравіч Клешч загадаў вывесіць наказ, які гэтак равянуў, што віскат электрапілы ачах і ператварыўся ў камарыны спеў; начальнік наказваў: “Труженики! Заботьтесь о подрастающих! Дети – это хрупкие и наивные яички будущего: из них вылупятся могучие орлы! Не подавите же яйцы с самого детства! В. В. Клещ”.

Уладзімір Віктаравіч Клешч распадаўся на штукі ад натхнення; ён хадзіў па арганізацыі, перачытваў мудраслоўі, і гарачы, як з кавальскае печы, вецер залятаў у ягоную душу, раздзімаў у ёй агняны творчы жар; шырокі, таўсташчокі твар мужчыны ахінаўся думным дымам распаленае душы, і твар траціў шточаснае зямное аблічча і, апрануўшыся ў празрыстую світку душэўнага думніцтва, мыслярыў не гаворам, а граннем, нутроным, слоўным музыкарствам, выкідваючы з вачэй мудрасць, сполахі высокага птушынага розуму і выбухі ціхае, неадчэпнае музыкі звар'яцелага музыкі; “я дам вам шчасце і яшчэ дабаўлю, чалавечыкі вы... ешце ўсмак...”

Людзі з начальнікавых маляваных думак не падалі на зямлю і не біліся аб яе галавою, але паўдуркаватыя прыхапы смеху, неразумныя пырскі сліны, смяхотная беспаветраная задуха пераварочвалі кішкі ў іхніх жыватах; падаў хіба што толькі мастак Ігар Мадзейка, калі ператвараў занатоўкі Уладзіміра Віктаравіча Кляшча ў вялікія белыя кветкі на чырвоным палатне; хлопец дрыжэў, чмыхаў, трэсся над словамі начальніка і над сваім малярствам, а тады, як сцерпу рабілася менш за пакусаныя кулакі і катавальную сутарж у жываце, ён кідаў квачык, валіўся на падлогу, качаўся па ёй доўгім, неспатольным стогнам, раздзіраў карчаватымі, як у драпежнае птушкі, пальцамі свой няўдзержны, ашалелы пуп, дрыгаў нібы перад смерцю ножкамі, біўся галоўкаю і вытрасаў з пячонкі гарушчыя рыданні. Рыдаючы і стогнучы, Ігар Мадзейка гэтак расквеціў арганізацыю краскамі начальнікавае душы. што ані жывога месца нідзе не засталося; бясконцая чарада Кляшчовых сказаў-шчасцевак чапілася за сцены і вочы; шмат чаго наварыў мужчына, аж на тысячагадовую вячэру згаладзелых гарадкоўскіх гарапашлівых галоваў: “Толькі я вам дам шчасце! У. В. Клешч”.

“Няхай лепш будзе голад або хвароба, чым вайна! У. В. Клешч”.

“Жыць – Родзіну смяшыць! У. В. Клешч”.

“Пусть здравствуют наши чудесные парикмахеры! Они обстригают нас! В. В. Клещ”.

“Мясо из села – успех успешного строительства! Успешное строительство – успех мяса нз села! В. В. Клещ”.

“Красота спасёт мир! В. В. Клещ”.

“Из пустотелого кирпича построим надёжное жилище! В. В. Клещ”.

“Кожнаму маладому дадзім на рабоце па адным месцы, а ўсім старым паўстаўляем зубы! У. В. Клешч” і г. д.

Калі ў арганізацыі ўсе прыстойныя месцы былі апранутыя ў адозвы, Уладзімір Віктаравіч Клешч вырашыў прыўкрасіць гарадкоўскія вуліцы; гэтак на вуліцы, што легла краем арганізацыі, з'явілася апавестка ў падтрымку Веранікі Аркадзеўны Базар: “Падтрымаем маніфест В. А. Базар: выйдзем на праспекты і плошчы супраць засілля ў духоўнай сферы! У. В. Клешч”.

У тым жа часе мужчыну павяло ў глыбокую неадгадную-непраблытную філасофію; з твару ён пачаў нагадваць расшуганае ветрам дрэва; ён гэтак уварыўся ў сваім гарачым словароддзі, што штукаваў моўныя муры навобмацкі, пазіраючы не на заімшэлае каменне, а праз шурпатую яву, кудысь у цёмнае, неабрыснае пазамыслярства. І каторага дня ён нарадзіў вечны, непарушны мур, які Ігар Мадзейка ў рыданнях, стогнах і падучцы ўвідавочніў, умаляваўшы вялізныя белружы ў шырокую багрыстую стугу, ды павесіў перад мостам цераз Нёман. Доўгі і бясконцы сэнс выслоўя заблытанымі хадамі і пераходамі вёў у несканечнае падзяменне чалавечага думніцтва: “Каб усе людзі працавалі ўночы, дык ноч зрабілася б днём! У. В. Клешч”.

Хутка мужчына выснаваў з даўгіх, неразвойных ніткаў яшчэ больш глыбейшую, яшчэ больш тайную і яшчэ больш непарушную чарвячыну. Ён загадаў Ігару Мадзейку змайстраваць з гэтае ідэі дыхтоўны наўзвочны перакон і вывесіць яго на цэнтральнае гарадкоўскае плошчы; і Ігар Мадзейка, зморшчыўшы натхнёнае рабацінне на носе і сваю пакутную сутараж у душы, прыстараўся нейкім цёмным восеньскім вечарам.

А на раніцу, як развіднела, Вераніка Аркадзеўна Базар, седзячы ў сваім кабінеце, зірнула ў акно, на плошчу і схапілася за сэрца; Кляшчова філасофія раптам балюча заскаміла яе, і жанчына, каб хаця як ачомацца, горка выпіла шклянку вады. “...Віктаравіч гэты, гадзіна... контрык... завядзе ён нас, як Сусанін...”; цераз усю гарадкоўскую плошчу і ўсю гарадкоўскую гісторыю было напісана: “Учора нам было жыць хужэй, як сёння, сёння нам жыць хужэй, чым заўтра, а заўтра будзе хужэй, як паслязаўтра! І гэтак будзе ўсё хужэй і хужэй, аж пакуль не зробіцца зусім добра! Уладзімір Клешч”. Жанчына паклікала ўчастковага Байду і загадала зняць “гэтую дурноту”, а тады паклікала да сябе Уладзіміра Віктаравіча Кляшча і златашыла яму ўсей ягоны завыек ды адарвала яму ягоны хвосцік; яна загрымела громам і панаўтыркалася ў ягоныя грудзі процьмаю перуноў; яна загадала Уладзіміру Віктаравічу Кляшчу ўсе ягоныя кумачы зняць і “нямедленна”; “а іначай, як не кінеш прыдумляць усяляк і ўсяка, – сказала яна, – зляціш ты, Віктаравіч, і не падняцца табе будзе, як херувімчыку!” Уладзімір Віктаравіч Клешч гэтак жа, як і Вераніка Аркадзеўна Базар уранку, схапіўся за сэрца, потым наліў халадзёнкі з букача ў шклянку і зазваніў крышталем па зубах; ён налалохаўся і змярцвеў.

Уладзімір Віктаравіч Клешч мусіў загадаць Ігару Мадзейку паздымаць маляванне ў арганізацыі і па гарадку; мудраслоўе на мехдваровай паветцы давялося зафарбаваць; “не дае гэтая кошка драная, – думаў мужчына пра Вераніку Аркадзеўну Базар, – народ зашчасціць дарэшты”.

Маляванне, аднак, ён збярог, не спаліў у печы; ён схаваў яго на гарышчы ў сваёй хаце і зрэдку даставаў і натхняўся. Хаця яму і забаранілі прыдумляць, творчасць запыніць нельга было. У грудзях узварвалася і ўзварвалася, і Уладзімір Віктаравіч Клешч употай ад усіх працягваў мудрасловіць. Ён часта падхопліваўся сярэдначы і ішоў на кухню: там, узяўшы самапіску, ён багоміў якісь шэры шматок паперы, ягоную папяровую вечнасць, ягоную папяровую кволасць і смяротнасць...; і пісаў, пісаў, пісаў штось турэмна-мудрае, астрожнае, кайданнае і абавязковае для ўсіх людскіх душаў; “...нам патрэбны парадак! Без парадку нічога не зробіш, хіба што дзяцей! У. В. Клешч...”; і шаптаў, шаптаў, шаптаў, схапіўшыся апантанымі вуснамі за сваю адзінотную веру; “...чалавечыкі вы дурныя... толькі я дам вам шчасце... бо хто ж яшчэ вам яго дасць, як не я... зашчасліўлю я вас, далібог...”