Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Шалудзькаў вомірг

Сабачае шчырае вока, кінутае лёсам прама на гарадкоўскай вуліцы ў замораную душу маладога эканаміста з райсабеса Іллі Міронавіча Падалкі, рассвятліла хлопцаў спакутаваны нутраны змрок. Дагэтуль у глыбокім роце Іллі Міронавіча Падалкі сядзела злоснае і затрутнае збрыдзенне, якое спала і часам прачыналася ды скародзіла ягоны жывот-каўдук; такі ж гэты каўдук мой нядружны ні з чым, – гараваў Ілля Міронавіч Падалка і, намацаўшы даланёю свой худы, скручаны ў сук, пуп, трымаўся за яго, каб, не дай божа, не заскародзіла ў вонутрах ды не каламутнула там усё дагары дном. “...Так ён, пузідло гэты, замучыў, што аж у сабачча вока не дам рады паглядзеці...” У гэткія хвілі, поўныя душэўнае млосці, не тое што ў вочы шалудзькі Шарыка было брыдка і балюча паглядзець, але і ў кожную бліскаўку-жыццё, і ў кожную пыліну-адбожыну, і ў кожны вечар, і дзень, і сусвет...

Калі хлопец прыехаў у гарадок пасля вучобы ў інстытуце, ягонае вока адразу ж спатыкнулася з забражэлым у пазаканаўі смеццем, з адушным брудам маленькіх, ашчыканых гусямі вулкаў і з прапахлымі псіннем, вашывамі сабачымі зекрамі; у роце было брыдкавата, дзесь у зажывоцці тужліва варухнулася званітлівая барана.

Ілля Міронавіч Падалка здружыўся з райсабесаўскім галоўным эканамістам, чалавекам сталым і мудрым з выгляду, Цярэнціем Пракопавічам Залянкам; і ўжо на трэці дзень па хлопцавым прыездзе і іхнем знаёмстве Цярэнці Пракопавіч Залянка прапанаваў:

– Можа, у госці сходзім, га?.. Міронавіч ты! Іллюк!.. У мяне тут сябра ё – заўсёды да сябе ўпусціць, хоць ты прыйдзі ўначы. А сёння, ля, забава ў яго будзе – дваццаць шэсць гадоў як ажаніўся. То – гэтак, Іллюк ты: бяры гэна... тры рублі ды гулянішча справім.

Наважонам быў маленькі, як паўкачаргі, мужык з сінімі, бы ясназорыя лужыны, вачыма, са шчарбатым ротам і са скрыўленым (пэўна што чыёйсьці грубай кулачынаю) носам; клікалі яго Ванік Кукорка, працаваў мужык слесарам у водаканале; ён, сустракаючы госці, тыцнуў ківуком у крамяную, што рэпа, чырванашчокую і чырвананосую бабу ды растлумачыў Іллю Міронавічу Падалку, падміргнуўшы пры тым блазнаватым воміргам:

– Гэта не з ёю ў мяне дваццаць шэсць... Не падумайце, Міронавіч... У мяне, можа быць, пяршачка была, ды памёрла праз паўгады, як ажаніліся. Няшчасце, дый годзе. Рак... Бяда мне...

Цярэнці Пракопавіч Залянка, апрача Іллі Міронавіча Падалкі, прыцягнуў з сабою электрыка са стадыёна Эдзьку Кошку. Вочы ў Эдзькі Кошкі, саракагадовага мужыка, дрыжэлі марудна, як непадмазаныя, з запусцелым, адзінокім рыпам, усё роўна што думалі пустое. “Аж верне мяне ад гэтага Эдзькі, – грэбліва заўважыў сабе Ілля Міронавіч Падалка. – Дый Ванік той Кукорка, і баба ягоная – гэткія ж, як і ўсё астатняе. Ненавіджу я ўсё і гарадок”.

Піць было багата, і заедку не бракавала; Кукорчыха, яе клікалі Маняю, пасля першае чаркі яшчэ больш апалаўшы шчокамі і носам, паўтарала:

– Вы больш у мясо відэльцам парыце. Бярыце яго, ля, – крапчэй будзе.

Ванік Кукорка, глупаста ўсміхаючыся крывым носам і сінімі вачыма, патакваў жонцы:

– Ага. Крапчэй будзе, мясо – то сама лепей. Не думайце вы, што нам, можа быць, шкада. Няпраўда гата.

Мяса было, сапраўды, не абы-якое – смачнае, і госці яго навурыліся як падняцца.

– О дык мясо, – хваліў Цярэнці Пракопавіч Залянка, – ясі, а яно тае, і не наясіся, і мало... Мусі, нешта ж маладзенька. Падсвінак, мусі.

Але то быў не падсвінак; а мо баранчык? – не, мо трусік? – не, мо козачка? – ды не; і не птушка, і не нутрыя, і нават не пацук. Ды што ж тады? Ванік Кукорка з таго мяса таямніцу прыдумаў – не прызнаваўся.

– Ой, і мясо ж! – казаў Цярэнці Пракопавіч Залянка. – Ужо ж у бруху поўна, а яно ўсё роўна тае, і ўсё роўна мало...

– Праўда што, – пагаджаўся з начальнікам Ілля Міронавіч Падалка. – Мо алень? Не? А то я еў аленя неяк раз... Аж гэтое яшчэ лепей. О то мясо!.. Ямо гэтак, што як быццам нас у кіне паказваюць.

А Эдзька Кошка – ягоныя вочы трохі падмасліліся ад гарэлкі, але ўсё адно варушыліся млява, без намогі, як тапельцы, – прамовіў, набіраючы відэльцам са слоіка хрэн:

– Укусна ўсягды з'есці, каб з хрэнам. Дужа элеганцко, калі хрэнам у нос б'е...

А галоўна, што во дзе мясо – зусім мы не п'яныя, а выпілі ж мора. О то заедак!..

Але гарэлка ўсё ж паўлазіла свінскім рылам у душу; людзей закачала, на Маню напала ікаўка, сцены ў хаце паплылі. Цярэнці Пракопавіч Залянка ды Ілля Міронавіч Падалка схапіліся аберуч за Ванікаў язык і хацелі выцягнуць з мужыковых нетраў адказ наконт мяса; Эдзька Кошка атапрэў вачыма назусім, але ж яны ад таго жывейшыя не сталі, а пахіліліся блізка да талеркі і моўчкі апалі бляклым позіркам на з'едкі; Маня ікала ды нямала; Ванік Кукорка, абапершыся паглядам кудысь на пазасценне, страшна загарэўшыся сінім, захлюпаным гарэлкаю вокам, прамовіў:

– Ну, добра. Скажу ж вам, чыё то мясо. Але пабажыцесё, што адчайвацца не будзеце.

Мужыкі пабажыліся; Ванік Кукорка, згараючы страшным сінім вокам, дуравата падміргнуўшы ім Цярэнцію Пракопавічу Залянку, запытаўся ў таго:

– Вы ж, Пракопавіч, мусі, памятаеце майго Спартака?

– Якога яшчэ Спартака? – не адразу дапетрыў Цярэнці Пракопавіч Залянка.

– Ай, Пракопавіч! Сабака ж то мой – брахаў гэтак, усё роўна што старая баба кашляе...

– Ну, дык і што? – насцярожыўся Цярэнці Пракопавіч Залянка.

– А што – што, – варыліся жудасцю сінія вочы. – А і нічога! Спартак гэта!

Цярэнці Пракопавіч Залянка і паверыў і не; твар ягоны прыдушыла трывога; госці трохі, усяго некалькімі выпадковымі думкамі, працверазелі; начальнік прамовіў:

– Не можа быць... Гэдака мясо!..

І Эдзька Кошка не даў веры (ягоныя вочы раптам аджылі ды заскакалі, што два дурні):

– Не паверу я табе, Ванік!.. Гэдака мясо ўкусна!.. А Спартак жа твой – лічы, падлам быў ужо...

А Ілля Міронавіч Падалка прастагнаў маленькай надзеяю:

– А я ўсё ж думаю, што гэта алень...

Хлопец пачуў, як дзесь у ягоным пазапупенні штось круцянулася сюд-туд, а тады павярнулася на рэвалюцыю; “зара заскародзіць ужо, чакаці ўжо нядоўга”; хлопец – рукою свой пуп мацаць.

Ванік Кукорка пакрыўдзіўся; палаючы сваёй сіняй жудасцю, ён загаварыў падраненым праз сябрукоўскі недавер голасам:

– Ага! Чатыры алені! Можа, яшчэ скажэце, што я манюга?... Гавары жа ім, Маня – Спартак гэта!

– Але, – ікнула п'яная Маня сваімі чырвонымі шчокамі і носам. – Спартачок гэта.

У Іллі Міронавіча Падалкі зноў пад пупам круцянулася нешта, і восем разоў. Ванік Кукорка тлумачыў між тым:

– У нашага Спартачыны ўся спіна павыляжала. А аслёп ён дык яшчэ раней – стары, сабачыдло. То я яму і стрэліў у вуха. А тады гляджу: гэта ж столькі ў ім мяса! Спартачына ж, як добры дзядзя – стане на задні ногі, дык мяне перакрывае траха не ўдвая. Скажэце ж, Пракопавіч, вы ж бачылі.

– Ага, – пацвердзіў Цярэнці Пракопавіч Залянка сінімі тапельніцкімі губамі; ён збелянеў, быццам вымерз.

– То яго абадраў, а мясо не выкінуў. Галаву з хвастом на халадзец пакінуў, а гэтае во Маня ў печы спякла з часныком. А яшчэ ж і засталося, хлопцы! Дык пакруцім мы з Маняю на катлеты тое ці кілбасу напхаем... – і жудасная сіньва раптам балюча ўздыхнула ў знямелыя твары гасцёў. – А папаплакаў жа я, мальчыкі: ішлі слёзы патопам – гэдака шкадаваў!..

У жываце Іллі Міронавіча Падалкі біліся ўжо баі, а пуп ягоны накручвала на хрыбет. Цярэнці Пракопавіч Залянка гэтак збялеў, што спразрысцеў; ён усё роўна не хацеў даваць веры:

– Не можа быці!.. Сабакам жа не пахне!..

І Эдзька Кошка ніяк не хацеў паверыць; вытропваючы вачыма дурную польку, ён сказаў:

– Не паверу я, і ўсё! Хіба ж гэткая, можна сказаць, укусняціна – Спартак?

А Ілля Міронавіч Падалка прабулькацеў:

– А можа, гэта, хлопцы, усё ж алень...

Дык Ванік Кукорка засердаваў:

– Ага! Аж чатыры алені і з ласём гарбатым! Зара вы мне паверыце!

Ён падхапіўся, памкнуў некуды і хутка прыйшоў з сабачай шкураю ў руцэ.

– Во бачыце? То лапіна на лобе, – сярдзіта тлумачыў ён, – а во йдзе спіна павыляжала. Бачыце, га, лыса, як усё роўна што, ізвянеце, задне месцо? Спартак то! А яшчэ галава з хвастом ё. Нясі іх сюды, Маня!

І разбаграная Маня прынесла лаганку з абадранымі клычастай галавою і хвастом-вужакай ды, ікнуўшы, паставіла яе на стол і прамовіла следам за мужам сярдзіта:

– Не вераць яны намака, ля! Быццам мы манюгі якія!

І рэвалюцыя, пра якую гэтак доўга разважаў жывот Іллі Міронавіча Падалкі, перамагла; цяжкая, як торба з няшчасцем, барана скародзіла ягоныя жывоцікі з ад'жывоткамі; і ён, не ўцярпеўшы, затыкаючы рот адной даланёю, а другой улагоджваючы свой адубелы пуп, разліўся па хаце нястрымнымі каўдуковымі пакутамі. Хлопец выбег з хаты і падаўся прэч; ён пачуў, як з расчыненых дзвярэй ляціць асатанелы голас Цярэнція Пракопавіча Залянкі:

– Накарміў ты нас гнілымі кармамі! Я ж думаў, ты мне таварыш, а ты не таварыш, а – куча! Не люблю я цябе болей... Усю ты маю любоў абкекаў!..

І разгублены голас Эдзькі Кошкі ляцеў:

– Ну, як цябе любіць, Ванік ты!.. Гэтак Спартачка ўсмажыў, як чысто ў рэстаране! Алі ненавіджу!

І вылятаў пакрыўджаны голас Ваніка Кукоркі:

– Я ж так і думаў!.. А яшчэ заракаліся не адчайвацца!..

Хлопец пайшоў па вуліцы, вытрасаючыся навыварат. Ён дапяўся да свайго пакоя ў інтэрнаце і прахварэў у ім аж тры дні.

Ён паскардзіўся ўчастковаму Байду на Ваніка Кукорку, і міліцыянт параіў падаць скаргу ў суд. Хлопец гэтак і зрабіў; барана разбаранавала яго на барбасінае барахлавінне; ён здаваўся сам сабе аблезлай, злыселай Спартаковай шкураю; Ілля Міронавіч Падалка развучыўся есці, спаць, весяліцца; ён каўтаў думкі з болем і больш хацеў выплюнуць з сябе, чымся заглынуць штось пад пуп; “...чаму ж такі брыдкі і бязглузды гарадок і чаму мяне мама нарадзіла...”; хлопец ззелянеў усей.

Ён ззеляніўся яшчэ горш за зялёнае, калі да яго пачаў хадзіць Ванік Кукорка. Мужык, даведаўшыся, што на яго падалі ў суд, прыходзіў штодня на працу да Іллі Міронавіча Падалкі, сядаў перад ім, падміргваў страшным сінім вокам замірэнча і вінавата, блізка што сабака спракуджаным віхлястым хвастом, ды прасіўся; гаварыў доўга, бясконца і непатрэбнымі для якойсь душы словамі:

– Алі, Міронавіч! Я ж, можа, і сам еў не менш ад вас, то чаму ж вам пагана, а мне не... Я ж разумею, калі б я ўсіх панакарміў, а сам бы не еў – о тады і падавай у суд... А гэтак, як вы, не трэба рабіці...

– ...А я ж не думаў, Міронавіч, што вы гэткі далікатны! Нікому ж нічога і не зрабілася, толькі вам. Чаму ж яно гэтак? Га, Міронавіч?.. Такі ж ужо вы далікатны... а яшчэ прозвішча ў яго – Падалка...

– Міронавіч! Слухайце. А Цярэнці ж Пракопавіч большы начальнік, як вы, аж у суд мяне не цягне. Спачатку скрыўдзіўся, а назаўтра прыйшоў, і разам мы з ім пасмяяліся. А вы такі ўжо далікатны... а начальнік жа вы меншы...

– ...А што ж вам, Міронавіч, той суд дасць, га? Як быццам калі мяне пасодзюць, дык будзе лічыцца, што вы майго Спартачыну не елі. Усё роўна ж з'елі, судзі ты мяне ці не судзі...

– Навошта ж вам мяне губіці? Міронавіч вы! Мяне ж аштрафаваці могуць! А як жа мне сорамна будзе, і што пра мяне скажуць мае ўнучке... Давайце я вам лепш грашыма заплачу ці гарэлкаю...

Аднак Ілля Міронавіч Падалка не прабачаў; “...скарміў мне свайго шалудзіўца, а я ж не магу: усё ў кішках павыскароджвала...”; хлопцавы вочы на ўсё глядзелі з гідлівасцю; а на Ваніка Кукорку глянуўшы, яны зусім чарнелі ад ванітаў.

Дый ад Мані яны ванітавалі; жанчына нейкага дня прыйшла да яго на працу, зашморгала чырвоным носам, пусціла па чырвоных шчоках слёзы і прамовіла:

– Сорамна нам будзе, Міронавіч. Не судзіцеся вы проці нас, га. Вазьміце, ля, грошай лепей за тое, што Спартака нашага елі. Ці гарэлкаю вазьміце.

Ілля Міронавіч Падалка, скрывіўшыся, млосна адрыгнуў словы:

– А я ж і цяпера зялёнымі слінямі плююся... Зялёным усё з мяне гоніць, тхары вы! Не магу я дараваці!

Тады да яго пайшлі чарадою розныя знаёмыя і незнаёмыя людзі; яны вырасталі перад ім з нейкіх народных глыбіняў і жаласціва прасілі злітасцівіцца над Ванікам Кукоркам. Аднойчы хлопцу надарылася спатыкнуцца ў райсабесаўскім калідоры з суддзёю Мікітам Сідаравічам Шыкам, і Мікіта Сідаравіч Шык панура замырмытаў:

– Ай, нашто вам той суд! Адно смеху наробім з судом гэтым. Самі вы лепей разбярыцеся... Няхай яны лепей вам, Міронавіч, грашыма аддадуць або гарэлкаю. Што мы тут з-за сабакі канцэрт будзем ставіць.

А таго ж дня яго папрасіў і Цярэнці Пракопавіч Залянка:

– Хрэн з ім, Міронавіч, з Кукорыкам тым. Накарміў і накарміў. Ужо ж не паіначыш нічога. Дык і што? Іллюк ты, Гальяш, га? Памерці? Ты лепі, як я, – смехам лячыся, рагачы. І забірай з суда заяву. Хай ён нам, гаўнаед, за тое балён гарэлкі цягне.

І Ілля Міронавіч Падалка пайшоў у суд ды забраў заяву; “...угаворы іхнія цяжка мне глынаці... лягчэй, мусі, яшчэ аднаго Спартака з'есці ці дзесяць...” Дзіўна, але, як толькі ён парваў заяву, дыхаць зрабілася лягчэй; барана спынілася і болей не грэбла; нават трохі есці захацелася. І хлопец натхнёна і ўзрадавана панёс свой голад у сталоўку.

Праўда, з тым грэблівасць Іллі Міронавіча Падалкі не знікла; ён яшчэ доўга вярнуў нос ад гарадкоўскае брудноты, ад засабачаных Спартаковым прысмакам успамінаў, ад Ваніка Кукоркі, які, выпадкова сустрэўшы хлопца на вуліцы, кідаўся да яго, бліскаючы радасцю, горача гарэў страхотным сінім позіркам і казаў шчыра і ўлюбёна: маўляў, прыходзьце, Міронавіч, да мяне хоць уночы, заўсёды вас упушчу, бо самы найдаражэйшы вы мне сябар цяпера...

А потым пакута забылася; то надарылася праз колькі гадоў пасля, увесну, замызганым ад расталае гразі днём. Хлопец у тым часе ўжо ажаніўся, у яго нарадзілася дачка, ён прыжыўся ў цешчынай хаце і палюбіў маленькія садок ды гародчык вакол яе. Тым імгненнем, у якім ён раптам пазбыўся навечна свае ванітнае пакуты, было імгненне дзівоснае сустрэчы з шалудзькам Шарыкам; яны спаткаліся проста на маставіне і зачапіліся за вочы адзін аднаго. Штосьці не адпусціла позірк Іллі Міронавіча Падалкі, не павярнула агідліва ўбок, і ён знячэўку злавіў блазнаваты, не раўнуючы як у Ваніка Кукоркі, вомірг Шарыкава вока; чамусьці хлопца ўшміліла адчуванне, што гэты цёплы сабачы мірг – жаданы пропуск у асаблівую аселіцу-патайку агульнага паднебнага жыцця, у якой найдаражэйшым боскім дарам ёсць чуццё адмысловага чару, чару ад сна-песні ў навакольных недазруйнаванасці, нададасканаласці, недапрыгажосці. Атрымаўшы ад шалудзькі Шарыка пропуск у патаемны гарадкоўскі сточар, Ілля Міронавіч Падалка таксама вясёла і з путам у галаве падміргнуў у адказ шалудзьку Шарыку, і яны, радасна і па-змоўніцку зарагатаўшы адзін да аднаго – Ілля Мірановіч Падалка бязглуздымі пырскамі з рота, а струпявы сабачка каўтунамі на віхлястым хвасце, – размінуліся і кожны сваёй дарогаю панеслі ў сэрцах бясклёпачную, агалцелую любоў ды крывяністую і салодкую пакуту-схоўку (ціхіе пакуту-радасць і шчасце) з кожнае кучы гарадкоўскага смецця, з усялякае блыхі за каўняром і з залітага весняй гразёю дня, з пуставеддзя ў галаве, з чорных, брудных паскаў пад пазногцямі, з кожнае затохлае, смуродлівае памыйніцы і з кожнае псяюгі-спартачыны, з'едзенай натхнёным голадам...