Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Крохкія пялёсткі

Парана, атрыманая на фронце ў баі з гітляроўцамі, нарадзіла ў Віктуку Кецку сон, якога раней не бывала; Віктук Кецка заснуў не ў сваёй, не ў прыроджанай крыві; ён засаніўся іншакроўем; ён заглынуўся чаромхавай кроўю.

Гэта была нават і не парана, а садно; ажно садно тое ўстрэміла горш за якуюсь уразу – яно ўсе вытраскі павытрахала з Віктука Кецкі; а што засталося ў ім пасля сляпое морачы – выходзіла з яго яшчэ колькі месяцаў звонам увушшу і пустой, нядумнай цяжынёю ў галаве. І яшчэ засталося ў аскабалках-паленінах паколатае душы, або нарадзілася ў іх, усхваляваная вытока новага чалавечабожага змыслу.

Віктук Кецка пайшоў на вайву зусім малады і, вярнуўшыся, пачаў дыхаць не дужымі грудзямі і не мужнасцю, а як кветка-чарэмшына – слабымі і чароўнымі пялёсткамі; ён пазіраў на гарадок і не пазнаваў ні яго, ні сябе – на хлопца нагарнулася ніколі яшчэ не зазнанае раней салодкае ачумленне; і ён трызніў соладка ды палохаўся сваіх трызненняў.

Хлопец паступіў у калгас, кантора якога мясцілася на гарадкоўскае ўскраіне, і набоем зваўся рабіць у жаночае брыгадзе на полі. “Дапусціце мяне да іх, да дзяўчатаў, га? – прасіўся гарачымі губамі Віктук Кецка ў старшыні калгаса Аляксея Аляксеевіча Макаўца. – Гэтак хочацца пры дзевачках быці, што аж душа рвецца на ганучкі, чыста старая панчоха... а болей я, Аляксеевіч, не ўмею растлумачыць – хочацца, і ўсё”. І Аляксей Аляксеевіч Макавец, рагочучы жарэбчыкам, адпускаў яго да жанчынаў.

3 імі хлопцу працавалася спрытней; “...ай, мае вы жанчынкі, – сумна і шчасліва ўсміхаўся ён ім і полю. – Люблю я вас, як сястрычак! цётачкі вы мае і бабулькі – бо ж і гэтак я вас люблю! і люблю яшчэ за тое, што ўсе вы мамачкі чыесьці і жоначкі!.. а я ж во адзін-адным мадзею! бязродна жыву я!..”

І ён усё мадзеў гэтак, а час усё мінаўся.

Аднойчы, ужо як быў у сталым дзядзькоўскім веку, мужык, незвычайна ўбраўшыся, прыйшоў у поле. Ён, захутаўшы галаву жаночай хусткаю, заўсміхаўся ў абедзве шчакі цёплымі і сціплымі зморшчынкамі.

– Ай, дзевачкі, – прамовіў ён, чырванеючы, – быў я вам брацікам, а цяпер буду сястрычкаю, ля!

Жанчыны засмяяліся дзікімі гускамі; дурны жарт – гэтак яны падумалі пра мужыковы словы, а клубястая Гэля Аруда дык і ўкпіла:

– Ай жа, ты нашая сястрычка! А брацік – што? ужо не пеўнік больш?

Аднак Віктук Кецка не шуткарыў; праз які дзень ці два ён прыйшоў не толькі ў хустцы, але і ў спадніцы.

– Не Віктук я болей, дзевачкі, – сказаў ён, чырванеючы ў няёмкасці. – Цяперачы клічце вы мяне Віктусею.

Ён пачаў купляць у гарадкоўскіх крамах усялякія жаночыя падкажушныя і падспаднічныя адзяванкі; “...дзева я... дзева... і можа быць гэтак, што і святая...”; уздзеўшы тыя адзяванкі на сябе, мужык блукаў па гарадкоўскіх вулках і ціха, шэптам, выпускаў на волю словы-заключоннікі:

– Віктуся я!.. Віктуська!.. А не нейкі тамака Віктук дурны!..

Каторага дня ён паспрабаваў уламіцца ў лазню да жанчынаў, і кабеты загалапанілі, забегалі па мыйне, хаваючыся за мачалкі ды лаганкі, а Гэля Аруда ўздрапежылася і, трасучы раз'юшанымі грудзямі, абварыла Віктука Кецку кіпнем.

Пасля гэткае аславы пацягнулі Віктука Кецку па розных начальніцкіх ды лекарскіх кабінетах. На яго сварыліся і загадвалі яму розныя задачкі: чаму гэта ён збабіўся, як яно бывае і ці даўно?

– Што гэта, чаму і як, – невясёла адказваў Віктук Кецка, панурыўшыся, – я не ўмею расказаць, – хочацца, і ўсё, а словаў патрэбных не ведаю, а пачалося ж яно тады, яшчэ калі з вайны вярнуўся. – “...Віктуська я!.. дзева дзеўная і, можа, святая... усё роўна я не Віктусь дурны, хоць вы мяне закатуйце... у-у, гестапаўцы!..”; і на-перакор усім ён, каб не ўчулі, памалу шаптаў пакрыўджанай губою:

– Ні хрэна!.. Не зломіце вы мяне!.. Віктуся!.. Віктуся!.. Віктуся!..

У кабінетах яму строга нараілі, каб больш гэтак не прыбіраўся і каб не людскаваўся ў абы-чым, а ўкрыўджаная і абражаная Вераніка Аркадзеўна Базар таемным загадам па тэлефоне выдала гарадкоўскаму гандлярскаму начальству забарону: каб, хай бог крые, не прадавалі ў крамах што колечы жаночае для Віктука Кецкі; у мыйныя ж дні каля жаночага аддзялення яна прымусіла дзяжурыць участковага Байду.

“Усё роўна ж я буду сястрычкаю, – падумаў Віктук Кецка. – Не занудожыце вы мяне. Ні хрэна!” Ён больш не казаўся на людзі ў жаночых строях, але ўбіраўся ў іх тайком, у сябе ў хаце, круцячыся пры люстэрку.

Калі ж ён астарыўся і пайшоў на пенсію, дык у тым часе ў гарадку павярнулася на народаўладдзе. “Досць ужо хунту гэтую цярпець, – падумаў мужык. – Цяперака мы ўсе роўныя...” І ён у панчохах і спадніцы выйшаў з падполля.

Віктук Кецка пішчом улез у жаночае аддзяленне ў лазні. Спачатку, а першых разах, яго выганялі, але ён усё ж ушчаміўся ўнахабку. Голыя гарадкоўскія бабы адразу, яшчэ пакуль былі без прыцерпу, кпілі з небаракі, а тады забыліся, як і сам Віктук Кецка, што ён мужык, і нават недаверлівая, як ластаўка, Гэля Аруда калі-нікалі дазваляла, каб той пацёр ёй спіну.

Усе ў гарадку памалу пазвыкліся з ягонымі ненармальнымі сном і наканаваннем. І толькі ўчастковы Байда не даваў рады сцярпець Кецкава бабства; народаўладдзе прынесла адкульсьці з Цюмені новае, збрэшнае слова, і міліцыянт, сустрэўшы Віктука Кецку на вуліцы, ці то выжарэбліваўся знішчальным рогатам, чыста некалі старшыня калгаса Аляксей Аляксеевіч Макавец, ці то дрыжэў злосцю – і кідаўся тым слоўцам на разгубленыя, трохі вінаватыя вочы бабскага мужыка; гарачыўся міліцыянт сваімі словамі, сыпаў імі, маўляў:

– Алі не ўцярплю! Гэткая брыда! Трансіксуал ты – во хто! І мужык, і баба разам... Аёй-аёй!..

Заляны ад старасці Кецкаў твар яшчэ горай чарнеў з крыўды. Але, пакінуўшы Байду і ягоныя знявагі, твар часта разгараўся і шчаслівай думкаю: а і не! баба я! баба! Віктуся я! Дзева дзеўная!.. І дзесь падспудна, як бы не ў мужыку, а па-за ім, аднекуль зне, адчувалася пачуццё гонару і ўласнае выбранасці; ганарылася, што вайна, якая дала мільёнам подыхаў мужнасць і адчайную, суровую, багагнеўную смеласць, абрала, можа, толькі аднаго яго, Віктука Кецку, каб расквеціць у поўных лютае харкоты грудзях крохкія прыгожыя пялёсткі жаночамудрання; і хіба нельга хаця трохі, хаця каб было, ну, лічы, не па праўдзе, а проста з прыдуму, апець тую вайну, якая, паядаючы мужчынскае мяса, нараджае цнатлівую, бязгрэшную і мудрую дзеву-святляну, дзеву, што спрабуе асвятліць сваім цёплым хараством ачарнелыя гарадкоўскія вочы – было, што і гэтак разважалася колішняму ваяру Віктуку Кецку.