Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Сяйво вачэй

Купаўся ў геройскіх днях і Анціп Сабасцянавіч Барысік; дзядзька трызніў прамінулымі ліхалеццямі, быццам той гарадкоўскі адчайнік Мікалай Ілліч Канецкі, які здабыў перамогу над гітляроўцамі сваёй крывёю. Розніца між войнамі-відзежамі гэтых людзей была адно ў тым, што геройства Мікалая Ілліча Канецкага спачатку нарадзілася ў агульным сэрцы ўсяго людства страшнай праўдаю і тады ўжо ўраніла сэрца мужчыны, а мужныя дні Анціпа Сабасцянавіча Барысіка выюрыліся толькі ў ім самім; усё наўкола сталася выпадковасцю і маною, і толькі сам ён, як ніхто і нішто ў гарадку, быў праўдаю нялітаснай, адзінай.

Усялюдскае сэрца чакала гэтае праўды – так здавалася Анціпу Сабасцянавічу Барысіку; ён ішоў прама ў гарачыя сэрцы гарадкоўцаў, будзіў тую гарачыню сваімі зданкамі пра адвагу і неўміручасць: мужчына, пасееўшы вочы ў далечы, апавядаў ці то дзецям у школе, ці то сваякам за чаркаю, ці то проста выпадковым знаёмнікам пра жорсткія людагубныя баі. Ягоныя вочы пры тым не плылі двума маленькімі караблікамі ў тумановую несканечнасць; вочы сеяліся, яны былі зернем, якое, упаўшы ў спад'зяменне словаў, заляцеўшы ў пазакаменне гукаў, загубіўшыся ў празрыстае вадацечы гаманы, пускала карэнне, вырастала, размалёўваючы тым ростам нечась ды чась, нерух ды рух, небыць ды быць...; гарадкоўскае (дый не толькі) разварушэнне ценяў у гэтых засяваных вачах як бы тварылася аднова, ад першага гуку, першага слова, першага гавору, якія былі перадусім і з якіх зачалося выспавядавне ўсіх астатніх вачэй-зёрнаў; Анціп Сабасцянавіч Барысік перасяваў свет нанова, маючы невытлумную хоць пераасвяціць гарадкоўскую гісторыю сваёй боскай істасцю.

Яго часта запрашалі да школы, прасілі распавесці бывальшчыну-легенду, і Анціп Сабасцянавіч Барысік сеяў свае вочы на твары гарадкоўскіх дзетак; і твары каласіліся цікаўнасцю і захапленнем: мужчына маляваў ускалось невядомага і даўняга свету грамадзянскае вайны, ён казаў аб прастрэленай будзёнаўцы свайго сябра, аб шабельным цалаванні з псамі-атаманамі, у часе якога Анціпа Сабасцянавіча Барысіка зранілі; ён казаў пра выразаныя белагвардзейцамі зоркі на грудзях ягоных таварышаў-чырвонаармейцаў, пра геройствы і геройскія смерці камісараў, і слёзы-росы выбягалі на ягоны твар ды на ўзніўленыя пачуцці-твары ягоных слухачоў; ён казаў пра хваробы, нястачы, пра тое, як у лядзяным купелішчы ратаваў бёрны, казаў, як прудзіў вошы над дымам і як хварэў на тыфус...

– Мы выстаялі, каб усім улыбаліся сонца з небам, – паўтараў Анціп Сабасцянавіч Барысік, і разам з голасам вытрахаўся з яго старавечны і крывавы пыл свабоды, роўнасці і братэрства; пыл, па-сапраўднаму не патрэбны нікому і, магчыма, таму яшчэ больш дарагі для ўсіх разам і для нікога ў асобку, яшчэ больш вабны, святы і ненавідны; і мужчына паўтараў: – І не будзе пашчады дайжа і чуць-чуць тым, хто проці чалавечаства ўсяго!

Анціп Сабасцянавіч Барысік, асяваючы парты і дзетак мудрым семем вачэй, казаў і пра вайну з гітляроўцамі, пра павешаных падпольшчыкаў, пра спаленых у вёсцы людзей, пра суворыя рэйды разведчыкаў, пра атаку і аб прастрэленым камандзірскім партбілеце...

Былі дні, калі Анціпу Сабасцянавічу Барысіку дужа сеялася – а ў школу ніхто не прасіў, і ніякіх знаёмцаў пад бокам не было; дык тады мужчына высяваўся на сваю жонку і дзяцей – двух сыноў; поўныя прыгаршчы мужнасці падалі на крэўнікаў, але ўзыходы былі іншыя, не гэткія, як у школьнікаў, не захапляльныя – жонка каласілася злосцю, а сыны – і яны прайшлі праз вайну з гітляроўцамі – абыякавіліся пустацветам. Жонка злавала на яго: ну, няхай іншым ты кашы падплятаеш, але – навошта ж мне, ці хіба я дурная? А сыны дык і не злавалі, а толькі ўбездум глядзелі скрозь бацькавы словы, як бы не бачылі іх, і слухалі штось іншае.

Насамрэч Анціп Сабасцянавіч Барысік ніколі не ваяваў – ні ў грамадзянскую, ні з гітляроўцамі; жонка ж ведала пра тое, таму і злавалася з ягоных баек; таму і сыны квеціліся дзічкамі-хвічкамі. Першы подзвіг, на які спасобіўся Анціп Сабасцянавіч Барысік, быў у тым, што ў часе гітляроўскае акупацыі мужчына любіў выйсці на ганак свае хаты і, каб ніхто не чуў, ціха прашаптаць упартымі губамі ў адзінокае гарадкоўскае неба:

– Хай толькі вернуцца нашыя... Дык мы за ўсё паквітаемся!

Другі подзвіг Анціпа Сабасцянавіча Барысіка быў такі, што ён данёс участковаму Байдзе пра тое, як айцец Гаўрыіл у часе нямецкае акупацыі нібыта адмаўляўся хрысціць у праваслаўе дзяцей. На вайну ж мужчына не пайшоў, бо далі яму бронь з завода. Дык чаму б было і не пасердаваць жонцы, як ён панасплятаў усялякіх пабаек, чаму было яго ёлупам не абазваць? І яна не шкадавала для мужыка брэху.

Аднак мужчына не верыў ні жонцы, ні тым зласлівым ратам, што аплёўвалі яго нейкай струхлелай праўдаю, а верыў больш сабе і праўдзе сваёй; гэтая вера перамагала зласлівыя раты, якіх у гарадку панавыбрэхвалася нямала, з ладную сабакарню – шмат хто ведаў Анціпа Сабасцянавіча Барысіка ад маленства і не мог яму дараваць манючання; але ж магутная вера ў праўдзівасць сваіх асабістых засевак і ў бяздарнасць агульнага пустасею настолькі праўдзіла жыццём гарадкоўскія цені-адмаркі, настолькі ўганяла ў рост спароджанае Анціпам Сабасцянавічам Барысікам зерне, што ніякія зласлівыя іклы не маглі заесці-заскародзіць насмерць мужчыну, і яго запрашалі ўсяго часу да школы і часта клікалі ва ўсялякія ганаровыя прэзідыумы (а калі не клікалі, дык Анціп Сабасцянавіч Барысік і сам мог падняцца на сцэну ды сесці на ганаровым месцы); жыццё гэтага чалавека сталася штодзённым спраўджаннем уласнае казачнае праўды.

Пастарэўшы, зрабіўшыся руінамі, перамадзеўшы амаль усіх сваіх аднагодкаў, Анціп Сабасцянавіч Барысік яшчэ больш улёг у пражыванне-сяйво, у расквечаную неспакойнымі, парассяванымі па жытцы вачыма трызну; ён пачаў прыдумляць гэткія неверагодныя гісторыі, што не паверыць у іх было немагчыма. Выступаючы перад школьнікамі, ён распавядаў пра тое, як ледзь не ўзяў жыўцом Гітлера, або пра тое, як уначы, пад кулямі ворага, занёс на рэйхстаг чырвоны сцяг, або пра тое, як уратаваў бакінскіх камісараў... Аднойчы ён набраў у грудзі паболей паветра і прызнаўся ў тым, што... бачыў самога Ілліча.

– Як то? – здзівілася маладая настаўніца Нэля Пятроўна Родзіч, якая прысутнічала ў класе на выступленні ветэрана.

– А во гэтак... – адказаў Анціп Сабасцянавіч Барысік; вочы ягоныя пасыпаліся наўкола бліскучымі агністымі зярнятамі, а пыл свабоды, роўнасці і братэрства загучаў у голасе даўнім, пазабытым амаль усімі поклічам рэвалюцыі. – ... Тады мы з хронту ехалі на хронт на поіздзі і акурат цераз Маскву. А я і паглядзі з вагона. А людцы! Бачу: Крэмль стаіць магучы! Шуміць над касцямі ворагаў рака Масква-рака! А Красна плошчадзь кіпіць страіцельствам! А людзей-людзей! Гляджу бліжэй: а во нехта ўспёр сабе на горб камель з таўстога боку і аж чырвоны праз натужку і аж прысядае. Прыглядзеўся я... А матка мая!.. Дык то ж Ілліч! Во гэтак мы і пабачыліся... Я ў поіздзі на хронт, а Ілліч мне насустрач з бервяном на плячы...

А нейкага разу Анціп Сабасцянавіч Барысік распавёў, як з “Аўроры” рабіў знакі для рэвалюцыі, а яшчэ ён распавёў, як ахоўваў “гінералісімуса”, а яшчэ ён распавёў, як атуліў сваімі грудзямі ад снайперскае кулі маршала Жукава і параніўся праз тое...; бясконцыя і нелічоныя былі тыя гісторыі, што мроіліся ў Анціпе Сабасцянавічы Барысіку.

Ён любіў сабраць вакол сябе ўнукаў і, спрабуючы парассяваць захапленне на дзіцячых недаверлівых тварах (у іхняе радзіне не было таямніцы, што Анціп Сабасцянавіч Барысік пра ўсё на свеце збрэша і не засмяецца), напінаўся, каб сказаць слабым, старэчым, спакутаваным ротам, магчыма, апошнія ў жыцці, развітальныя словы; а ці патрэбныя яны былі, словы тыя ягоныя і ягоная старасць? Ён прамаўляў з цяжкім і нядужым подыхам, з маленькай мужнай каласінкаю-слязою на шчацэ: маўляў, мы ж усё сцярпелі – і холад, і голад! і кроў сваю пааддавалі, каб жа толькі вам улыбаліся сонца з небам і каб вы былі са шчасцем! то, дзеткі мае, бярыце гаты наш, маўляў, бясцэнны дар і рабіце са шчасцем, што хочаце, і другім пакіньце! мы ж за ўсіх адмучыліся, маўляў, за ўсіх кроўю папасцякалі!.. І вочы беглі з душы, рассяваліся пакоцістымі падзеямі-малюнкамі; закарэньваліся вочы і раслі; вочы-насенне, вочы-адкалоскі, вочы-бязмежныя нівы трызнілі, пакуль жывыя, самай праўдзівай на свеце праўдаю, спаўняючы сусветную безведзь гаркавым і ўсё роўна смачным сокам уласнага жыцця; у мёртвасці ж вочы – усяго толькі запозненая, укамянёная ў чыюсьці памяць, расліна. І вочы, зачапіўшыся за апошняе павуцінне душы, баючыся старасці і будучыні-нябыту, усё роўна няўпынна беглі наперад, ва ўкаменавенне; вочы ўсёй шматгадовай знямогаю насуперак пагібельнае будучыні і насустрач ёй стараліся жыць, глядзець, сеяць...