Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Падарожжа дадому

0, как чутко, о, как звонко
Здесь шаги мои звучат!
Легкой поступью ребенка
Я вхожу в знакомый сад...
Слышишь, сказки шелестят?
После долгих лет скитанья
Нити темного познанья
Привели меня назад...
М. Валошын

Тым залатым ключом, што адмыкае зямлю і неба, ёсць боская душа ўсялякае істоты: і зацёртая ў жорнах вечнасці душа крыхотнае пясчыны, і пеністая ад знямогі, свабоды і растаптання душа раба, і нязломная, карэністая душа паднебнага дрэва; думаючы пра гэтае, Васіль Лямешка выходзіў на вечаровы Нёман, дзе змрочлівай парою было багата чыстага часу, не сатканага ў цяжкое думніцтва і ў хуткія рухі-ўвокамігі, а ўсяго толькі насваванага на санлівую забудзь спачылае ночы. Васілю Лямешку было шчасна валодаць гэтым цёмным, неўспатрэбленым часам і шаптаць ім свае шчырасці ў высокі морак; словы цяклі па небе маленькімі аперанымі душамі; гэтак ліецца і патанае ў нячаслівым, жаданым і страшным выраі любімая сонечная птушка.

Васіль Лямешка быў у гарадку самай кароткай, самай нез'яснёнай і самай нячутнай хвілінаю, і яго, напэўна, увогуле не было (ці можна казаць, што непрыкметны, як цень у шэрую гадзіну, дым – гэта чалавек? Аднак чаму ж не паспрабаваць сказаць, што чалавек – гэта празрысты дым у часе сутоннае пары?); хто яго бачыў, той не мог успомніць, якімі брадамі бегла ягоная гамана, як і не ўспаміналася ягонае аблічча ды ягоныя сляды на гарадкоўскім бруку; ён застаўся ва ўспамінах людзей, мусіць, адно чуццём ніколі не чутага паху, і каб не Лёнік Вашко, ён, магчыма, увогуле б ніколі не пачаўся і не скончыўся. Таму цяпер, кажучы пра яго, будзьма лічыць, што мы згадваем адно не чытаную нікім, пазавечную і нічыйную казку.

Начныя панаднёманскія блуканні назусім адвярнулі галаву Васілю Лямешку і залюлялі ягонае сэрца; ён гэтак глыбока ўнурыўся ў думкі, што, адамкнуўшы душою-ключом усе пабліжныя загадкі, пачаў канчацца ў гарадкоўскім веку; адно зрэдзьчасу, а мо заўсёды і штовек, яго вяртаў у зямныя ачавіды голас Лёніка Вашка. Той, шчарбатае гарадкоўскае гора, з'яўляўся на ганку душэўнага бязмежжа акурат у самыя бяспамятныя-салодкія-жудасныя хвіліны, калі Васіля Лямешку ўжо амаль на самае дно ўдыхала якая-колечы невядомая зорка.

– А што ты гэтак думаеш, Вася, як усё роўна што памёр? – казаў вяртальныя словы Лёнік Вашко; у яго, апрача жыццёвае смачнае пакуты, выбягалі са шчарбіны таямнічыя, трохі напалоханыя неадольным касмічным усеіснаваннем адгалоскі. – Дык вось што, Вася! Ты лепей во пра што падумай-тка, ля: што раней было – курыца ці, можа, ейнае яйка? Скажы-тка мне праўду?

Дзіравы Лёнікаў рот распаўзаўся ад чакальнае ўсмешкі; то было ў яго найпершае пытанне, якое ён насіў у сваёй кішэні разам з іншымі нерассмакаванымі семачкамі і якое любіў часта даставаць ды бясконца лускаць, робячы ўсім задачу, у тым ліку і Васілю Лямешку. І ўжо амаль здымлены на празрыстасць Васіль Лямешка вяртаўся са сваіх палётаў, завінаючыся ў бязглуздыя Лёнікавы загаданкі. Ён спрабаваў разважаць, адказваць, і Лёнік Вашко нястомным шчанюком зацята і з дураватай гульнёю-злосцю хапаў яго за пятку: а і не! няпраўда! як жа курыца раней ад яйка можа быці? ты ж мне няпраўду кажаш! як жа ж яна магла вылупіцца, Вася, калі ж яйка дагэтуль не было?; або: ай, няпраўдачка дык няпраўдачка! маніш ты мне, Вася, як заўсёды: ці ж можа быці яйка наперад курыцы? смех! ты ж падумай, ля, сваёю балдавешкаю! Тады Васіль Лямешка прызнаўся ў іншым: у адначассе ўсё сталася – і курыца, і яйка; усё было разам. Лёнік Вашко спачатку і думкі не займеў, што б гэтае адказаць, аж потым адшукаў словы:

– Дзіўны ты крот, Вася. Усё закопваешся, а праўды казаці не хочаш... Ну, няхай яна, кура тая святая, узялася адразу ж з яйкам пад пахаю. Але ж з нечага ж паўстала?.. Адкульсьці ж прадзяўблася?.. А ты мне ўсё маніш... Як жа яна вылузалася, калі ж яйка – не раней ад яе, а разам з ёю, га?

Васіль Лямешка задумаўся яшчэ болей; ён зразумеў, што Лёніку Вашку было важна не гэтак, каб ісціны дастаць, а трэ была прычынка, каб зачапіцца ды павадзіцца; Лёніку Вашку проста любілася сабачыцца.

– Алі Лёнік! Няма мне як ад цябе адкаснуцца! Аж цяжка! Не магу я памерці праз твае пытанні... – прамовіў Васіль Лямешка роспачна.

Дык Лёнік Вашко наваліўся новымі выпытамі: а нашто табе тая смерць, дурны ты Вася? думаеш, лепей будзе? ага, будзе! прычакаеш! можа, гэтак ёсць, што самае паганае тваё жыццё, з тваімі ж ганьбою і сорамам, і з вачыма сляпымі, і са здрадаю падлюшчай, тваёй жа, і з тваёй жа хваробаю якойсь – лепей, ля, за самую лепшую смерць? га?

– ...Можа, лепей жыці, га? Вася ты!.. Васіль!..

І Васіль Лямешка не даваў рады памерці. Жыццё з Лёнікамі Вашкамі ў вачах ды ў думках было і ланцугом вакол шыі, і нейкай няўцямнай і смешнай воляю; усе пяць пачуццяў Васіля Лямешкі, разапнутыя на пяцікрыжы, каналі і пакутліва і патольна; ён падумаў, што шлях у сусветную бяздонную душу – не дарога па небе, а сцежка па самім сабе; і душа-ключ адмыкала ўсё наўкола ў Васілёвым маленькім птушыным сэрцы; усё адчынялася ў грудзях-цянётах – і гарадкоўскі час-забытак, і патаемніца Нёмнавых каламутаў, і бязглуздыя ды трывожныя пытанні Лёніка Вашка, і душы ўсялякіх, дагэтуль нязнаных яшчэ, душаў, і вылітыя ў паўсюдныя быццё ды небыць казкі-небыванкі...

Гэтую адамкнутасць ён вылізваў нейкім дробным і нябачным розумам і, можа, нават і не розумам, а нейкай патаемнай мудрасцю; а можа, і не ёю, а шэптам рассыпанага пяску; калі ж ён мерыўся да ўсяго звычайным гарадкоўскім цямам, што здаралася часцей або заўважней, чымся жыццё, што калі-небудзь назвалася сам-нежывы – гэта жыццё расталае колечы зімы або проста жыццё-пазажыціна, – дык адамкнутасць чарсцвела і памірала, пакідаючы па сабе ўкаржэлае астанне-спраўджанне: снегавыя гурбы словаў і справаў, драўляныя гарадкоўскія завулкі, белае і чорнае неба над Нёмнам, вечна галоднае і ненасытнае памяцтва, Васілёвы зблукалыя ў начных зорках вочы. “...Усё на свеце праўда... а праўда – гэта казка... і кура гэтая са сваім прыплемкам – казка, кімсь ужо сказавая ці падуманая... і спраўджаная праз тое падуманне...”, – спрабаваў разумаваць гарадкоўскім цямам Васіль Лямешка, і ўсё адамкнутае ягонай душою, злітае з ёю і тады ўсмактанае ў розум быцежылася і камела; а курыца і яйка, нарадзіўшыя адно аднаго, рабіліся яшчэ горш яўныя і насамрэчныя, чымся былі дагэтуль; а Лёнік Вашко яшчэ горшым ветрам ляцеў у вочы: “...ізноў гэты Лёнік... алі!.. чыста скула на мулкім месцы...”; а Лёнік Вашко лез сляпіцаю ў вочы... За гэтым разам ён сыпануў у позірк не курасыпным просам, а сумётным суворым жвіром:

– А што ж, Вася! Пагавары жа ты са мною во пра што: зло заўсёды будзе на зямлі ці, можа, яно – толькі во зараз, ненадоўга? Га? І пра дабро ты мне што-колечы скажы. Ці пераможа яно калі? Надта ж хачу пачуці... Ты ідэю, ля, якую-небудзь прыдумай...

Васіль Лямешка вымушаны быў штось казаць і думаць; свет нараджаўся ў ягоных словах і подумах, а мо проста працягваўся; або, у адваротку, штось памірала ў словах і думках, касцела, рэчаіснілася, увідавочнівалася...; а Лёнік Вашко дзіркі ў галаве свідраваў і напускаў у дзіркі свайго рыпу; “...от, Васяра ты дурная!.. кажы, чаму свабода – гэта несвабода... і чаму несвабода – то акурат і ё свабода... скажы ж ты мне: мазга ў цябе бывае?..” І Васіль Лямешка шукаў мазгу; варта яму было ўнурыцца сваім дум'ём у якоесь бязмоўнае казачнае шамаценне і пакласці тое шамаценне на мову, як ягонае мыслярства адразу ж праўдзілася, малявалася жывым цяплом; а бяздумнае, бязбольнае і невытлумнае чуццё – жах – падказвала зноў жа праз намёк-увідавочанне, што зірні ў вочы гарадку са знадворнага, нябожчыцкага боку і ўбачыш, што жыццё гарадкоўскае, і гісторыя гарадкоўская, і шчарбаты Лёнік Вашко – то смерць, укаменавенне, хвіліна, завязаная на нетрывалы, развойны вузельчык; то хвіліна-курыца, якая пад пахаю грэе ў хрупасткай лушпавіне ўзапрэлыя, зняможаныя, самазагадкавыя ўсёрух і ўсёчын; хутка ўжо яйка трэсне і з яго вынікнуць тры спадзевы: надзея на зоры, і надзея на зорны пажар, і надзея сам-кожнага на ўласныя ўваскрасіны з нежыці. І Васіль Лямешка, адчуваючы сваю патлівую мёртвасць у гэтым угрэтым, распечавым яйку, б'ючы як сілы нагамі ў адушныя сцены, раптам, на якісьці міг вечнасці, пачуў сябе наўзверхнім тварцом гэтага паўсюднага відадумнага жыцця, ягоным царом і рабом, ягоным гноем і ягоным богам; і свет гэты быў божагнойным краем; усё ў гэтым вытанулым з нічога, застыглым абшары было богам – і шчодралюбства шалудзькі Шарыка, і ціхарэчны мудры Нёмнаў водар руху, і згукі магільнага жаўцяку...

Урэшце таму і надакучыла Васілю Лямешку мыслярства – праз уласную ж заўсёдную быўнату; які ж ты бог, – крыўдавалася яму, – калі ты ніколі не зрынешся пад ногі богабораў, не загінеш пад іхнімі ботамі на гарадкоўскім бруку і не ўцячэш ад самога сябе; і яму закарцела, кончыўшыся ў гарадку, упасці ў пазаісную жыццяварную чорнасць бязвечча; краем тае ночы бесперастанку сягала ягоная думка-камяніца, ды глыбокі морак было не працяць, не скамяніць. Дзеля таго, каб сцячы без знаку ў таемную цемрадзь, яму спатрэбілася адмовіцца ад усялякага мыслярства дый усялякіх плоцкіх пачуццяў, трэ было забыцца на жонку, дзяцей, каханне, голад, вышуклівыя вочы ўчастковага Байды, сон, гарадкоўскі пах ганьбавінаў... і расчыніцца сваёй душою дзесь у пазажыціне, спачыць душою, загавець ёю. І ён ужо было загавеў, ажно яго зноўку ўхапіў за нагу Лёнік Вашко; шчарбель ачуўся, як заўсёды, у самую галоўную хвіліну-ўцякачку і, драпежна ўсміхаючыся, пачаў дабіваць-выштукоўваць ужо і так скамянелы на каменне свет: ён запытаўся ўзвярэпленым Сакратам дый разам з ім усімі парасцярэбленымі праз несціханае свярбенне філосафамі і іхнім з'едлівым думніцтвам:

– Вось што, Вася. Неспадзяванка ў гарадку. Не думаў я, што гэтак будзе... і знянацку. Што ж рабіці цяперачы, скажы? Га? Вася? Заядае нас бяда, і народ наш нехта чмуціць. Як нам выжыць у чмуры гэтым, калі ж усё перакашылася і не зразумець, дзе чые рукі і куды яны лезуць. Як жа нам цярпеці: дабро зара, ля, злюшчае, што авадзевь у спёку, а мо нават і авадзень, і шалёны шэршань разам? Га? А зло ж, Васечка, – аж казытна, гэткае бо, ля, добрае і мяккае? Што той Мурчык-пяшчоцік на печцы? Га? Што будзьма рабіці?..

Ну, не адкаснуцца было ад Лёніка Вашка; але Васіль Лямешка вырываўся з Лёнікавае тоні, як бабёр з-пад лёду – зубамі дзюрку выядаў; ён змушаў сябе дыхаць няўдышным паветрам і думаць няўдумным дум'ем; “душа – вось галоўны ключ, залаты”; чаму ж яна ліецца словамі, ператвараючы ўсё наяву, а не патанае сама ў сабе і ў душы яшчэ не апалалае ягонае, Васілёвае, зоркі? “Дойная я карова. І свет – дойная карова. А Лёнік гэты – во дзе даіла: і доіць, і доіць”, – падумаў Васіль Лямешка, і свет укаровіўся, ператварыўся ў вялізную пярэстую рагулю, якая няспрытна бегла, растрасаючы малако; і яшчэ ператварыўся свет у процьму Лёнікаў Вашкоў, якія, узяўшыся за цыцку, ці то вялі кудысьці тую карову, ці то, наўпроць, дужыліся яе затрымаць. “Заместа таго каб думаць, дык лепей бы музыкаю зайграць”, – мыслярыў Васіль Лямешка, і свет ператварыўся ў музыку, але ў музыку-думку і ў музыку-словы; аніяк не выбавіцца з думавіння! “От бы нічога не памятаць!” – і свет стаўся няпамяццю, але няпамяццю-камянём, няпамяццю-цяжарам.

І ўсё ж, пакутамі і слязьмі зайшоўшыся, Васіль Лямешка падняўся над каляіністай чаргою, якая бегла з гарадка ў жаданую небыць, і памкнуў разам з усімі і над усімі ў гарачыя вочы зорак.

– Во што дзіўна, Вася, – крычаў знізу Лёнік Вашко. – Чамусь зерне на муку можна пацерці, а тады ўжо назад, як ты тую муку ні куляшы, дык зерне не зробіш... Чаму ж, Вася, усё гэтак непапраўна? Га?

Той вушы заціснуў, каб не чуць і не думаць; бездум быў дзесь побач, і ён усё болей празрысціў Васіля Лямешку. А Лёнік Вашко крычаў яшчэ нешта:

– Вася? Га? Чаму ж соль салёная? Я па ёй языком вяду, а ён дубянее і дубянее?

“Навошта ж ты па ёй языком водзіш, дурыла?” – хацеў падумаць Васіль Лямешка, але не паддаўся, і схоч ягоны стаўся ўсяго паловаю думкі; і ён мацней прыдушыў свае вушы і яшчэ жаданей памкнуў кудысь у сонечны чорны рот; у роце тым, а мо і не ў роце, а ў самім Васілю Лямешку шамрэлі несказаныя казкі, варыўся ўсейны перадпачатак, цямрэлі санлівыя спадзевы агню і святлела зыркая туга ночы, а дзесьці выкулешвалася з пажарнававае часам трухі жыццядайнае зерне смерці...; побач з нядумным Васілём Лямешкам ляцела паважным жоравам яшчэ больш шчаслівая, чымся ў гарадкоўскім свеце, блыхастая душа шалудзькі Шарыка, а побач былі яшчэ і распырсканыя, пагубленыя ў мораакіянскае пене, кропелькі-душы Нёмнава спеву, і расцярушаныя душы-пясчынкі сусветнага дна ляцелі побач, і мёртважылыя душы старых, падзёртых праз упартую службу пляча ды сумлення, узнагароджаных час-пылам і цяж-потам пагонаў участковага Байды, вецярыліся тут жа двума лебядзінымі крыламі, а душы пагаслых бясконцых лёнікавашковых мудрагеленняў віліся наўкола нялічанымі камарынымі зграямі, беглі морам вясёлых вошак, скакалі аж да згубы ног, чыста блохі лявоніху, шчаснымі жывушкамі (па шчырасці, дык ад лёнікавашкоўства і тут спакою не было); усё скуляшонае з трухі, самазакінутае ў морак-возера, вярталася назад, і казкі нячутна і неспасціжна шамрэлі бліжэй і бліжэй...

А тады ўсё скончылася.

Зрэшты, можа, наадварот, пачалося. Бо збаяная толькі што казка пачынаецца акурат ад тае хвілі, калі Лёнік Вашко, шукаючы між гарадкоўскіх дрэваў небывальшчыну, падумаў пра Васіля Лямешку і тым самым урэчаісніў яго; “...смешны ты, Вася, нейкі... я ж цябе прыдумаў, сатварыў, можна сказаці, у нябёсы цябе, вужаку, узняў, а ты і слова мне прамовіці не хочаш... ну, дык і прападай, калі ж табе гэтак хочацца...”; гэтае ўрэчаісненне атрымалася ў Лёніка Вашка не знарок, а зноў жа, праз ягонае вяўрымслівае жаданне высыпаць процьму дарагіх для душы-ключа і бязглуздых для замкнутых неба і зямлі пытанняў; і Лёнік Вашко аб нейкае паўхвілі высыпаў усё, што было ў яго на паверхні і на дне, і, не пачуўшы ніякага пэўнага адказу, страціў свой бязглузды паўміг гэтак жа лёгка і небалюча, як страціў усю дагэтулешнюю і як страціць усю наступную пражытасць-імгненне. Ён адно са здзіўленнем паспеў пабачыць асалоду, з якой улятаў з гарадка той паўміг Васіль Лямешка. і здзівіцца: няўжо можна так хугка адмаўляцца ад затлумленых нёманскіх дзён і задуменных ночаў, ад жмені жоўгага рачнога пяску і ад уласнага багагавання, няхай нават багаванне тое, і пясок, і Нёман з плыннымі сонцам ды месяцам, і сам ты – ненасамрэчная быўнасць: усяго толькі морачнае богарабства ў вялізазным смерць-люстэрку казачнага шамрэння.