Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Гасціны

Няма гэткіх берагоў, што не тонуць у акіяне далучынаў. Нізкія берагі Андрэя Андрэевіча Андрушкі, загадчыка гарадкоўскае канторы па ўліку і якасці, патанулі праз сон. Сон то гасціны ў смерці – некалі, яшчэ да свайго апошняга патопу, гэтак падумалася ссівеламу за пяцьдзесят гадоў жыцця мужчыну; «во табе і сон: ляжыш, вочы заплюшчыўшы, і цябе няма, быццам аніколі цябе ніхто не нараджаў і ты аніколі не дыхаў, адно зрэдку якаясь-то думка якімсь-то відмам пальецца ў вочы ды ў сэрца і пацячэ»...

Мужчына надоўга задумаўся пра спаннё; кожнага вечару смерць падала на вочы нячутна, як цень на пясок, і душыла затрывожаную душу гэтак жа нечувана, чыста пятля ваду; Андрэй Андрэевіч Андрушка паміраў, не заўважыўшы, што памёр – гэта было яму не дужа даспадобы. Ён захацеў злавіць у кулак смерць; штовечару кладучыся спаць, ён марыў пра гэтае; слухаў сам сябе, ціха дыхаючы і навастрыўшы таемную думку, каб працяць ёю чорную небыць; але і дыханне, і пільная думка, і ўсенькі свет патаналі па часе ў мёртвасці, і Андрэй Андрэевіч Андрушка, пагубляўшы ўсе прыкметы свае быўнаты, небалесна і нячуйна раставаў у бяздумніцтве.

Адно сполахі начных відмаў вярталі яго ў жыццё; але яно было жыццём іншага, памёрлага ўжо Андрэя Андрэевіча Андрушкі, і тыя высветкі пазажыццёвага жыцця быцежыліся болей не ў мужчыне, не ў ягоным разварушаным розуме, а наадварот, – як з'яснялася наранку, па абудзе – мужчына, памёршы сном, існаваўся ў зусім іншым, гарадкоўскім сусвеце; тыя іншыя краі былі, напэўна, раем і пеклам ягоных сноў. Разважаючы пра тое, Андрэй Андрэевіч Андрушка захварэў на забабоны; ён пачаў разгадваць пабачанае, заўважаючы ў ім падказку з тагасветнае явы. Ягоны твар варушыў губамі, чытаючы запомненую з ночы смерць-жыццё і гадаючы пра сваю будучыню; калі ягоныя снавідмы былі страшкія, ён спяшаў пра іх распавесці да апоўдня каму-небудзь – Андрэй Андрэевіч Андрушка верыў, што ў тым разе пабачанае не спраўдзіцца ў дзённых дзеях.

Каторае ночы ён угледзеў смерць – яе не было, гучаў адно голас. Над запаленымі свечкамі, над морам агнявых кропелькаў лётала пустота; яна і прашаптала, але не звычайным голасам і не пустым, а гэткім яўным і выразным, што ён ішоў як бы не з пустэчы засветавае, а з жыццёвае сутнасці ўсяго жывога: «Ну, нямашака мяне, смерці тваёй, ці чуеш ты, адно голас мой ёсць». Смерць вілася над свечкамі празрыстым ветрам, і голас ейны быў ейнымі крыламі, а свечкі гарэлі век. «I жонка твая, Яня, не памрэ, не бойся ты, а толькі без голасу ляжа ў труну, а самая ж – жывая, і голас ейны не прападзе назусім, будзе ён ёй яшчэ зычнейшы, у відмах ейных ды тваіх, у краю тым лепшым...» Андрэй Андрэевіч Андрушка прачнуўся; раніца ў акне цемрылася прызімнай восенню, і трэ было збірацца ў кантору. Ён гэтак задумаўся пра смерць (якой няма, а насамрэч ёсць толькі заўсёдны дарэмны бег-дагон за смерцю), што забыўся распавесці да апоўдня каму-колечы пра начныя страхі. І Яня, якую ён моцна кахаў і з якою пражыў усю сваю вечнасць, памерла: увечары, седзячы перад тэлевізарам, яна схапілася за сэрца, твар ейны пацёк хвалямі, вочы паплылі самі па сабе, без розуму – адным болем...

Сівыя валасы Андрэя Андрэевіча Андрушкі гэтак выбеліліся, што зрабіліся празрыстыя, чыста пусты дзень; твар ужаліўся пакутлівым позіркам. Мужчыну не хацелася жыць без жонкі, і ён памёр разам з Яняю – умарочыўся праз сваё гора і жыў, быццам спаў; мужчына аніяк не мог запыніцца ў горы, стагнаў усімі сваімі нікчэмнымі касцямі, бо ягонае сэрца разламілася нарозна, і хвалі гароты неслі бедака як далей у засеяную горкім палыном заядуху нязнанасць. Андрэй Андрэевіч Андрушка бесперастанку вінаваціўся перад сабою, перад адзінаю дачкою, паненкаю ўжо, Волькаю, перад каханай жонкаю і перад усім астатнім: маўляў, прысніў я Яніну смерць, аж не распавёў нікому, прамаўчаў – ведаў я пра смерць, учуцце меў, і не абярог; не было ўсцехі, ён зусім звечарэў, агас і выстыў, як згарэлае неба.

Але на які шосты дзень па Яне, а мо і раней, памёршы ў сне, Андрэй Андрэевіч Андрушка напаткаўся з жонкаю; ён зноўку пабачыў свечкавае ўтаўпенне; у вячыстым агні з'явілася Яня ды прамовіла голасам не сваім, але тым, што казала смерць, голасам сутнасці ўсяго жывога: «Ну і добра, што змаўчаў, не сказаўшы пра свой сон, бо не памерла я – жывая во, Андрэй ты мой». Андрэй Андрэевіч Андрушка ўсцяплеў і загарэўся радасным агеньчыкам; гора высахла, а сэрца грукала, як аб каменне шчасце, б'ючы глыжы на муку. «Аж прама не веру, што ты жывая, – заспявала сэрца. – Мая ты любая Яня! Я ж не пражыву, калі ты пойдзеш ад мяне!.. Навошта ж тады я, калі ж цябе няма!» І жонка прамовіла тым жа знаёмым голасам смерці: маўляў, дык і не пайду я нікуды, а толькі да цябе... І яны абняліся; а потым Яня растала; адно перад знікненнем яна паклікала Андрэя Авдрэевіча Андрушку на спатканне:

– ...На Нёмне, Андрэйка... Заўтра апоўдні... у дубах... і не рана, і не позна... і не кажы нікому, бо як скажаш, дык і пагібель усяму...

І Андрэй Андрэевіч Андрушка, вярнуўшыся з начных гасцінаў, нікому нічога не сказаў; ён верыў і не верыў у жыццё жонкі; ягоныя вочы расхмарыліся і перад тым, як плысці да канторскіх папераў ды табліцаў, з радасным намёкам зірнулі на дачку – але яна не зразумела, што хацеў сказаць бацька; а Андрэй Андрэевіч Андрушка распавесці пра ўсё ўголас не наважыўся – а калі ж сны гэта праўда? дык каб жа тады не загубіць іхнюю яву; «баюся я казаці пра сон свой, верыць я яму хачу». Ён паплыў па зацкаванай маразамі галаледзіцы на працу, па ўмарожаным у зямлю гарадку і па спаснулым у новай зіме, загасцёўленым смерцю жыцці; «нікому я не скажу, Янечка, – думаў мужчына, – ніхто не даведаецца пра нашую сустрэчу. Абы б толькі ноч была большаю праўдаю, чымся дзень».

Седзячы на працы, раз-пораз паглядаючы на гадзіннік, ён усё думаў: хто большы бог – ноч ці дзень? За пятнаццаць хвілінаў да паўдня ён падхапіўся і скіраваў на Нёман, у дуброву наўскрайку гарадка. Андрэй Андрэевіч Андрушка спяшаўся; ён падслізнуўся і паваліўся, і ўчастковы Байда – ён акурат праходзіў побач, – цягнучы да сябе паветра носам, прынюхваючыся, ці не п'яны Андрэй Андрэевіч Андрушка, падсобіў яму падняцца. «Не трэба мне спяшыці – рана таксама нельга прыйсці», – думаў мужчына і ўсё роўна спяшаўся, ішоў подбегам, слізкаўся на галалёдзе, падаў, падхопліваўся і яшчэ большым спехам ляцеў да дубровы.

Ён прыйшоў заранёў. Жонкі не было. "I чаго гэта я не дачакаўся патрэбнае хвіліны? – захваляваўся яшчэ болей, чымся дагэтуль, мужчына. – Няўжо не прыйдзе Яня? І ноч – гэта мана?» Навокал маўчалі здранцвелыя паркавыя лаўкі ў дубах, і дрэвы нічога не казалі, і мароз; таксама, як і гаротны муж, усе чакалі цуду. Андрэй Андрэевіч Андрушка, згараючы ад чакання, сеў на лаўку; «...прыйдзі, мая любая...» Яня не казалася, дубы і лаўкі знямелі горш за самую немасць, шарош на Нёмне спыніўся – сталі ўсе крыгі; і вада, як і крыгі, таксама не рушыла – усё застыгла, заснула, змярцвела. «Ну, дзе ж ты, Янечка?»

Часу ўжо зусім не засталося, і гадзіннік заварухаўся без усялякае патрэбы; Андрэю Авдрэевічу Андрушку забаялася страшным болем у душы; «можа, дзе за каторым дубам Янечка схавалася?.. Выйдзі да мяне, ластаўка... Няўжо ж ноч – падман? Ночы я веру болей, гасцінам, а дню – не буду ніколі...» Ён падхапіўся ў адчаі і хацеў быў бегчы між дубоў ды шукаць жонку, ажно каўзануўся на лёдзе, што быў пад нагамі, паляцеў і даўся патыліцаю аб лаўку.

Калі Андрэя Андрэевіча Андрушку знайшлі, ён сам уледавеў амаль што, як зямля пад нагамі ды дрэвы і лаўкі наўкола; ён спаў разам з гарадкоўскаю зімою, раскінуўшы рукі; удубянелая шапка валялася побач. Усе гадалі, чаго мужчына апынуўся ў адзінокіх дубах на Нёмне; хто ж ведаў, што яго туды прывяло каханне? І асірацелая Волька, схіліўшыся над бацькам, не хочучы верыць, што гэтак во бывае – сыходзіць спачатку маці, а за ёю следам бацька, – пяяла свой роспачны плач:

– Ай, татачка, як ўсё роўна што няпраўда, як быццам гэтак ніколі не здараецца – ляжыш ты ў сваім доміку і не варухнешся. А чаму ж ты гэтак радасна смяешся?! Скажы мне, тату, чаму ты так хораша ўсміхаешся, памёршы, га?!

Дый іншыя жалобнікі, не толькі Волька, не давалі адказу, чаму цераз усей твар нябожчыка адбілася шчырая ўсмешка. То назаўжды засталося ў гарадку таямнідаю. І ніхто не заўважыў ва ўсмешцы заснулага навек Андрэя Андрэевіча Андрушкі найвялікшае чалавечае шчасце – шчасце ад гасцінаў у тым далёкім раі, які прымроіла закаханае сэрца мужчыны.