Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Голад

Прафесар Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі меў прызвычайку панесці што-небудзь з сабою з гасцей. Нейкая атлума наладала на яго, і змагацца з ёю ён не ўмеў – дык і браў у кішэню штось з ядкога; няшмат, праўда, хаця і не мала, але абавязкова што-небудзь смачнае. Таемны голад, голад не круглага жывата, а голад унутранага першароднага жывёльнага ладу-душы знужаў прафесара і павяртаў яго на тое, каб узяць, прысабечыць самае лепшае; гэтак насцярожана забірае сабе чужое памёрлае сэрца магутны цар-птах.

Чалавек ён быў нядрэнны. У душы ягонае не круціліся ніякія віры і не было ніякіх падводных таямніцаў ды чортавых плыняў; з твару ён выдаваў ва сапраўднага гарадкоўца – гэткі ж быў рабаваты; і такі ж прасцюга быў прафесар, як і ўсе. Аднак ён жыў не ў гарадку, а ў сталіцы. Яшчэ ў даўнім юнацтве ён пакінуў гарадок і з'ехаў начным цягніком у Цюмень; адтуль трапіў у сталіцу і зрабіўся прафесарам – вялікім знаўцам прыназоўнікаў і прыставак; тым часам у гарадку ўсе ягоныя крэўнікі памерлі, і ён зрэдку, разы два ці чатыры на год, прыязджаў у бацькоўскую хату, каб пагасцяваць у свае памяці.

У гарадку Ёсіпа Станіслававіча Кульбіцкага шмат хто ведаў; і хто яго ведаў, той яго дужа паважаў за навуковую абазнанасць, хаця трохі і пасміхаўся з ягоных дзівацтваў. Ёсіпа Станіслававіча Кульбіцкага ганаравалі і часта запрашалі ў госці, і ён не адмаўляўся. Добра паеўшы ў гасцях і папіўшы прафесар пачынаў чуць у сабе сваё неадольнае п'янае атлуменне – той покліч іншавечных голых і валасатых людзей-жывёл-продкаў, які зваў ухапіць па-правадырску самы смачны кавалак ежы.

“Ай, смаката, дый годзе, – думаў Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі пра свае гасціны і пра багаты стол, – а есці ж болей не дам рады”. Ён, схіліўшы галаву над талеркаю, поўзаў вачыма па ежыве, як муха, і думаў: “Не, не з'есці мне болей, не ўлезе ўся ў мяне смаката гэтая”. Урэшце ён выжаброўваў з глыбіні сваіх п'яных і старадаўніх пачуццяў выснову: калі ж ужо зусім у жываткі не лезе смакоцце, дык, можа, хаця ў кішэню яго пакласці. І прафесар, прычакаўшы хвілі, калі ля стала заставаўся ён адзін, налятаў царом-каршаком на прысмакі, піхаў іх у кішэні, баязліва азіраючыся, як усё роўна стыдаўся таго, што ён драпежны птах на нябожчыку. У Алены Жыгі ён павёў дарагія цукеркі з лікёрам; быўшы ў хаце Веранікі Аркадзеўны Базар, ён запіхаў ва ўнутраную кішэню, да пашпарта, кілбасіну, а ў нагавіцы ўціснуў ладны кусавал паляндвіцы; у Максіма Пятровіча Крывулькі ён злямціў сушанага ляшча, схаваўшы яго за пояс пад свой жывот-мячык; у кагосьці пацягнуў яшчэ нешта.

Аднойчы напіўшыся ў лекара Юркевіча, ён спракудзіўся; набіраючы ў кішэні мандарыны, ён не заўважыў, як у пакой увайшоў гаспадар, а калі заўважыў, дык было позна ўжо. Ад нечаканасці Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі прысеў; ён быў і так не дужа вырослы, а зрабіўся яшчэ меншы – аж схаваўся за бутэлькамі, што стаялі на стале; з высакароднага птаха ён ператварыўря ў шкадлівага ката, і ягоныя вочы страшліва і вельмі здагадліва напружыліся, як быццам пабачылі перад сабою раз'юшаны венік; прастаяўшы гэтак некалькі гадзінаў ці гадоў, ён нарэшце прыдумаў, што сказаць; з ягонага тлустага рота вывалілася нецвярозая жванка:

– Гэна... А парсючок мой злосны... Галодны ён сядзіць... Дык я яму з'едкаў трохі набраў...

Лекар Юркевіч ведаў, што ў Ёсіпа Станіслававіча Кульбіцкага няма аніякага свінства, але не пакрыўдзіўся, што той схлусіў; ён думаў: усе яны, навукоўцы, з дзівосамі нейкімі, і не крыўдаваў.

А Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі ўзрадаваўся, што на яго не злуюць. Каб і ўперадзь не хадзіла па гарадку пра яго аніякіх перагадаў і не радзілася крыўды, ён пачаў казаць усім гаспадарам, да якіх прыходзіў у госці, тое, што і лекару Юркевічу, – пра галоднае парасятка; развітваючыся, Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі высакародна разгортваў свае ўладарныя крылы, запускаў кароткія пальцы-кіпці ў недаедзеныя харчы, наладоўваў кішэні і казаў між тым як бы жартам:

–– ...А парсючок мой злосны... А гэта во мне і майму парасяці...

Ён больш не палохаўся, як шкадлівы кот, і смяяўся са свайго жарту, быццам і сапраўды было смешна; і гаспадары смяяліся, уважаючы прафесарскія паводзіны за дзівацтва, думаючы: дзіўныя яны людзі – прафесары гэтыя. А Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі прыносіў дахаты свой здобыч, выкладаў яго на стол і – сам, як кабанчык, – чухаючы сыты жывот, задаволена рохкаў.

Аднаго разу на вяселлі, куды яго запрасіў начальнік гарадкоўскае механізаванае калоны Ігар Аляксеевіч Рагач, Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі засунуў у пінжак, да свайго пашпарта, бутэльку гарэлкі і падумаў: “Што я тут буду пра сваё парасятка казаці ім, калі ж ніхто мяне і слухаці не будзе – п'яныя ўсе, як цапы. Пацюпаю я памалу ад іх, пайду сабе дахаты”. І ён пайшоў, але ж пры выйсці яго перастрэў жаніх, сын Ігара Аляксеевіча Рагача, Вася Рагач; Вася Рагач з запасокаю зірнуў на ўзгарбачаны на грудзях пінжак Ёсіпа Станіслававіча Кульбіцкага і запыніў мужчыну.

– А ну-тка ж пакажэце, – запытаўся Вася Рагач, – што гэта тама ў вас на грудзях тапырыцца?

Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі паказаў.

– Во выцягайла! – узлаваўся Вася Рагач, ён быў на добрым падпітку. – Гарэлкі ж на стале – хаця не ўтапіся, дык і ўсё роўна пасе, ля, выглядае, ля, каб дзе панесці. Алі не магу...

У адказ Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі вырашыў сказаць сваю звычайную адгаворку.

– Гэна... – сказаў ён, весела зарагатаўшы. – ...А парсючок мой злосны... Дык то мне і майму галоднаму парасятку...

Вася Рагач не ведаў, што Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі прафесар, ды яшчэ з дзівосамі, і жарт не насмяшыў хлопца і нават узлаваў яшчэ горш і абразіў. Ён выхапіў пляшку з кішэні Есіпа Станіслававіча Кульбіцкага і паставіў на стол.

– Зара я табе бэбахі павыпускаю, сволач ты! – прамовіў уюшаны жаніх. – На во! Табе і твайму парасяці! – і саўгане кулаком.

У Ёсіпа Станіслававіча Кульбіцкага пабегла носам кроў; яго і сапраўды разбабушыў бы Вася Рагач, каб не бацька, Ігар Аляксеевіч Рагач, які, убачыўшы бойку, скочыў сыну на плечы. Васева буянства сцішылі і нават растлумачылі жаніху, што на прафесара нельга злаваць, бо ён заўжды гэтак робіць; маўляў, гэткі ў яго дзівос. Ёсіпу Станіслававічу Кульбіцкаму, павініўшыся, вярнулі адабраную гарэлку, а да яе яшчэ дадалі заедку, выцерлі яму твар і завезлі яго дахаты машынаю. На прафесара па ранейшаму ніхто не засердаваў, і нават Васю Рагачу было няёмка, што дарэмна збіў дзівака-навукоўца.

Ніхто не ўзяўся суд над ім судзіць і тады, калі Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі, не здолеўшы ўтаймаваць сваё хцівае замарачэнне, у нецвярозым стане паспрабаваў украсці ў краме бутэльку з віном. Ён счакаў, калі прадаўчыха загаварылася з нейкай таўстой вялізнай бабаю пра нялёгкае жыццё, сагнуўся пад прывалак і з расчырвоненым, поўным пакуты за галоднае парасяці тварам пацягнуў са скрыні бутэльку. Але яго заўважыла загадчыца крамы Хвядора Вязёнка; яна таксама, як і Вася Рагач, не ведала, што Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі прафесар і што ён крадзе не таму, што злодзей, а таму, што дзівак; жанчына ўклешчылася ў прафесараў завыек, абазвала яго сукіным сынам і не адпускала, аж пакуль не з'явіўся ўчастковы Байда; Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі не адбіваўся ад жанчыны і ейных атрутных словаў, ён маўчаў, уваткнуўшы позірк у свой жывот, і пакрыўджана думаў пра Хвядору Вязёнку: “У-у, засцыха! Лепш буду маўчаці пра парасятка. Бо затаўчэ яшчэ горш, як той Вася”.

Участковы ж Байда быў знаёмы з прафесарам ды ганараваў Ёсіпа Станіслававіча Кульбіцкага і таму не арыштаваў яго і не стаў прыдумляць пратакол. Ён адно падумаў: “Дзіўныя яны людзі, навукоўцы: вуня побач каньяк стаяў, а ён самае парасячае вінішча папёр, як які алкаголік чыста...”

Сам жа Ёсіп Станіслававіч Кульбіцкі зрэдку ненавідзеў сябе за свае дзівосы; здаралася тое асабліва а першым часе, калі вяртаўся ў сталіцу; ну, хай бы грошы малыя атрымліваў, дакараў ён сябе, дык тады і крадзі, дык жа не –– вялікія; "...сорам, братка, бясконцы сорам... і жарт гэты, з парасяткам –– дурата..." Але пакаяўшыся перад сабою, ён усё роўна заставаўся дзіваком і, едучы чарговым разам са сталіцы дадому на пабыванку, чым бліжэй да бацькаўшчыны, тым болей чуў, як у ім, адкульсь з нязнанае патаемніцы, падымаецца голад першаісных прашчураў; і згаладнелая душа Ёсіпа Станіслававіча Кульбіцкага тады падспудна прагла болей і болей вайны між сумленнем і голадам за кожную дробку ядкога шчасця – за нейкую недарэчную бутэльку віна, ці за нейкі недарэчны кавалавалак мяса, ці за нейкае недарэчнае нябожчыцкае сарца або вока...