Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Бог і баглай

Малады хлопец Халюк Угода незалюбіў бога немаведама з чаго; нейкая нутраная, прыроджаная, ад самога бога, мабыць, была ягоная нелюбоў. Хлопцава душа загарэлася нязгодаю са спрадвечным парадкам, якім паабрастала ўсечалавечая памяць. Убагнавенне людскога розуму было настолькі мёртвае і непатрэбнае жыццю, што Халюку Угоду здавалася, нічога лепшага не застаецца, як раскачаць прыстаялае балота, гэтак яго скаламуціць, каб яно аж рэчкаю паплыло. І ён пайшоў у наругу з гэтым астойным векам, завашыўленым нікчэмнай дрэмнай вераю, і з тым век-вечным богам, які загус у ацеслівую гразь людскіх збалочаных галоваў. Хлопца захаплялі ўсхваляваная разбуда ўласнае велічы і маленькая, кароткая сціха ў душы, калі Халюк Угода спрэчыў гарадкоўскім пуставернікам: няма аніякага Бога, і не было ніколі, і ніколі не будзе, стаўбанюгі вы ўсе! Яму рабілася прыемна ад страху ў душы; калі і быў дзесь насамрэч бог, дык ён гінуў у Халюковых словах, курчыўся ў іх ад болю, сцякаў крывёю; і хлопцава душа гарэла стосонцам, але не зырка і не светла, а чорным агнём; і не гарачым духам яна гарэла – у душы хлопцавай было страшна, пажар быў сцюдзёны, лядзяны.

Ён вават на бацьку і на маці зазлаваў праз іхнае верніцтва; яны хадзілі ў царкву і верылі наконт тройцы і божага суда.

– Знайшлі вы сабе кума – бога, – аднойчы наругаўся на бацькоў Халюк Угода. – Глядзіце, хаця сабе лабы не паразбівайце, а то ж крыўда: бога на небе ні кроплі – а лабы трашчаць.

Каб напрыкрасціць бацькам, ён пачаў здзекавацца з багародзіцы; пальцам тыцкаў на покуць і паўтараў, гледзячы ў гаротныя вочы Марыі:

– Хлусня! Хлусня! Няма яго, не было і не будзе...

Бацькі ў тым часе сварыліся на Халюка; а маці яго папрасіла каторага дня:

– Халючок, ты як хочаш жыць нарозна з Богам, дык і жыві. Бог сабе, а ты сабе. Ты як не дужа верыш, дык і не трэба. Але тады паціху не вер, каб цябе і не чуваць было. А здзекі твае ай як не хочыцца слухаць.

– Добра, мама, – паабяцаў Халюк Угода. – Буду ціхом бога вашага пустога ненавідзець.

Аднак сцюдзёнае полымя распалялася ў Халюку Угоду, як у таго рака жаданне патрапіць у вар; у хлопцу разгараўся прывечар, і чорнае полымя кроўю зацякала ва ўсе куткі душы, паланела тамака вусцішным гарам, і ад гэтае вусцішы рабілася цікава жыць і спрэчыцца; і было ўсё цікавей і цікавей. Калі ў гарадку прыспеў час пустошыць царкву на суботніку, дык Халюк Угода першы паклікаўся. Хлопцы запалілі цяпло і панакідалі ў яго гару верніцкага начыння. Халюк Угода быў спрытнейшы як хто, ён і малакучу падпальваў, і браў сабе на плечы што цяжэйшае, каб несці ў агонь, і насіў аж да поту. Гарадкоўцы, хто прыйшоў таго дня паўзірацца на спаленне, хадзілі туд-сюд ля царквы ды божкалі, а хлопцы шчыравалі ды шчыравалі. А тады маці Халюкова – яна таксама хадзіла ды божкала – кажа да сына:

– Халючок! А крыжык гэты во не палі, га? Аддай-тка лепей мне, га? Хаця я на яго памалюся.

Крыж той, што нёс у агонь Халюк Угода, быў невялікі, драўляны, з драўляным жа Хрыстом; хлопец гарэў у чым вышэйшым стане свае палымянае нянавісці. “Даўбешкі ў іх, а не галовы, – думаў Халюк Угода пра гарадкоўскіх багамолаў. – Няма бога, няма чорта – то навошта ж гэтае ламаццё? У-у, стаўбанюгі! Раскашкаю я іхняе балота!; ён гэтак раз'ятрыўся праз свае думкі, што адказаў матцы:

– На во табе, мама, крыж, – і напал яго аб калена разам з Хрыстом. – Бяры, маліся, адно лоб сабе не пабі. – І кіне яго да матчыных ног.

Усе аж пастылі ад ягонага сцюдзёнага агню. “Ай, баглайшчык, – нехта казаў, ходзячы па гарадку, – будзе яму зверху бяда”. На тое і выйшла: пайшоў Халюк Угода ад жонкі, дзяцей, маці ды бацькі на вайну з гітляроўцамі, а вярнуўся бязногі – акурат па каленах абрэзана.

Пасля гэткае параны ён зрабіўся ціхмяны; ягоны люты агонь ачах, і жыццё было нецікавае і нястрашнае. Ён больш нічога не баяўся, і не жадаў паразбаўтаць гарадкоўскае балота, і не браўся павярнуць свет у няверства. Але і ў бога ён па ранейшаму не верыў; стаўся ён да гэтага часу кутам без цяпла і холаду; ягоны пажар агас, пажарышча дагарала, і жыў ён скрываўленым болем, куксамі сваімі. Зрэдку прылятаў на попел вецер, і старое перагарэлае вуголле аджывалася; і ён з сердаваннем бурчэў бязнога, калі, бывала, маці, ці бацька, ці жонка, ці так нехта дакаралі: маўляў, не верыў, дык вер цяпера, адчыкрыжыла ж табе ногі нездарма, знак такі табе ад Бога – ёсць ён, аначыцца, ёсць, маліся! Тады Халюк Угода згадваў свае нязгасныя пажары, калі душа ятрылася лютым шчасцем; ён пачынаў чуць у сабе водсветкі таго даўняга пажару і, запаліўшыся ўсім сваім вуголлем, адказваў:

– А каб і быў той ваш бог, каб я і дзень, і ноч на яго маліўса – дык ногі ён мне назад не прыробіць. Пусталобыя вы ўсе, балота вы дурное. Няма бога і не будзе ніколі, дурылкі вы...

I ён дагараў, няголены, з забітымі вачыма, задушаны жыццём; у гэтыя хвілі дагарання яго апаноўвала найвялікшая асалода, і ён, раздаўлены чарвяк, пляваў на збалочаныя мазгі гарадкоўцаў і на гарадкоўскага век-вечнага бога.

– Не паверу я ў яго ніколіі... – крычаў ён злосна на крэўнікаў. – Лепш буду на ўчастковага Байду ксціцца, чымся на бога вашага, цурбаке вы!

І толькі начамі, калі ў снах ягоныя ногі прырасталі назад, да пянькоў, Халюк Угода разгублена стагнаў, падаў на калені, схіляў голаў, утрапёна хрысціўся і знішчана плакаў.