Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Далучыны

Час смерці, калі шэраму з твару настаўніку па мове і літаратуры Сцяпану Сямёнавічу Рымкевічу замест гамонкіх словаў заставаліся адно халодныя водгукі памяці, называўся далучынамі. Гэтую назву прыдумаў сам Сцяпан Сямёнавіч Рымкевіч. Пасля, праз ужо шмат снягоў і касавіцаў, далучыны ператварыліся з пакутлівае памяці ў вызваленне ад болю, а тады, у дзень страшнае прыдумкі, калі настаўнік апынуўся на стромкім беразе зімовага Нёмна, ён, гледзячы разадранымі ранамі на мёртвую, загіпсаваную спіну ракі і на хаўтурную завею, плачма ўявіў, як з гэтага берага падымаюцца ў краіну-вышыню душы людзей, травінаў, камянёў, снежных пацярушынаў, наднёманскае гліны і ўсіх іншых разумных стварэнняў; “ляцець няблізка, аж за неба, – хліпаў яшчэ больш шэрым і непрыгожым, чымся заўсёды, тварам настаўнік, – праз звон сузор'яў, праз вітанні багоў, праз распылены болем паўсюдны дух ляцеці трэба кудысь ці то ў вырай, ці то ў нікуды”; чароды птушак-нябожчыкаў нарадзілі ў настаўніку яшчэ глыбейшы плач, чымся той, з якім ён прыйшоў на Нёман. Падняўшы позірк да самага верху завеі і верху ўсяго светатвору, ён са слязьмі чакаў: можа, упадзе на яго таемным знакам нябожчыцкае пёрка – няхай не назаўсёды, няхай на палову імгнення, але ж упадзе...

Гаротны настаўнік ніколі не падабаўся сам сабе – продкі пакінулі яму ў спадкі дробныя мышыныя вочы на шырэзным твары, вялізны нос на круглых шчоках, змаршчакаватую шэрань на скуры..; калісь яму хацелася нарадзіцца зноўку, лепшым, ладнейшым, прыгажэйшым – якімсь царэўным зверам, але не самім сабою; толькі дзве жанчыны з любасцю глядзелі ў ягоны твар – маці, яна памерла сто завеяў таму назад і ўчора, і Соня, яна памерла толькі во. Смерць жонкі зусім вычварыла Сцяпана Сямёнавіча Рымкевіча; ён яе моцна кахаў, і калі яна памерла, ягоная шэрань яшчэ горш учарнела, і твар нагадваў здаля лясныя выгарыны; ягоныя вочы змалелі назусім, шчокі павіслі, што пустыя мяхі, твар загінуў у бядотных роздумах. Настаўнік забыўся пра сябе і сваё брыдчэнне; яму было ўсё ані.

Смерць жонкі і прывяла яго на нёманскі бераг; яна памерла нечакана, быццам жыццё для ее было ўсё роўна што лёгкая апранаха; жанчына скінула яе хутка, аж сама не заўважыла – прыйшла дахаты пасля заняткаў (яна таксама была настаўніцаю), села ў крэсла, абаперлася на прыслон і растала назаўжды. Сцяпану Сямёнавічу Рымкевічу не верылася, што можна гэтак, мігам і назаўжды, растаць, ён паміраў пры дамавіне і мокрымі вачыма не адрываўся ад нежывой жанчыны, стараючыся яе запомніць як мага болей; ён плакаў, баючыся слязы, праз уздзерж, і толькі пасля пахавання і памінкаў, калі застаўся сам-насам, дык пайшоў на Нёман; там рыдаў, глядзеў уверх, праважаючы апераную жончыну душу, падстаўляючы рукі завеі і шапочучы:

– Ай, Сонечка-птушачка, уляцела ты ад мяне. Чаму, га? Хіба ж добра тут без цябе будзе?

На развітанне яму ўпала ў даланю маленечкае пёрка і ў паўміга знікла; “мая ты бедная Сонечка, – зарыдаў усім сваім смуткам настаўнік, – пёркам ты са мною развіталася”.

На тым далучыны не скончыліся. Сцяпан Сямёнавіч Рымкевіч паўсюдна шукаў і знаходзіў памяць: і ў снезе, і ў сваіх думках, і ў вачох сыноў; Соня жыла ў сынах, смяялася, гаравала, размаўляла – і настаўвік усё болей і болей помніў і кахаў і, бывала, хаваючыся ад вачэй, прытуляўся да чаго-небудзь тварам і плачліва дыхаў ды дрыжэў; плакаў з таго, што ёсць толькі памяць, а Соні няма.

Нейкага дня, увесну, на самым перадпачатку крыгалому, калі наўкольнае ўледавенне скончылася ў душах паўсюль, адно на Нёмне тапырыўся хрыбет-адзімак, Сцяпава Сямёнавіча Рымкевіча прама з урока паклікаў да сябе дырэктар школы Максім Пятровіч Крывулька. Дырэктар быў белы, ён стаяў над сталом неварушка і мёртва, што як бы і не ён, і гаварыў дрыжачымі рукамі: маўляў, бяда, Сцяпан Сямёнавіч, мацуйцеся, даражэнькі, сын старэйшы ваш праваліўся на рацэ, бяда, гора... Толік трапіў у адталае рачное вока і знік; разам з хлопцамі ён дурэў на рацэ; яго знайшлі праз некалькі дзён, калі Нёмнава спіна заварушылася, пабіла лёду косці, і вясновы шарош памкнуўся крывым рэчышчам прэч з душы. Сцяпан Сямёнавіч Рымкевіч ашпэціўся яшчэ горш, як тады, у часе жончынае смерці; ягоны непрыгожы шэры твар сцяўся ад болю, як знямелая ягада, і настаўнік не тоіў слёзы, а плакаў, як ніколі не плачуць мужчыны, голасам, поўнаю, без краёў душою. Ён схіляўся над сынам і стагнаў-галасіў:

– Не ўлятай, Толічак. Мамка ўляцела, і ты зара... Не ўпільнаваў я цябе. Навошта ты ляціш? Што там добрага? Уставай, не ляжы...

Але Толік уляцеў, скінуўшы з далёкага неба ў бацькаву даланю развітальнае паўімгненнае цёплае пёрка. “Засталося, ля, ад сына – пёрка пагаслае ды мая душа задушаная, – высыхаў настаўнік. – Дзе той вырай? Дзе тое шчасце?” У сыне, у Толіку за другім разам памерла ягоная жонка.

Застаўшыся з малодшым сынам Жэнікам, Сцяпан Сямёнавіч Рымкевіч пачаў марыць пра дабрыню ў гэтым свеце і шчаслівыя дні; “трэба Жэніка аберагчы, бо толькі адзін ён цяпер – Соня ды я”. Аднак няшчасны прысмак у роце марочыў настаўнікавы мары і ператвараў ягоныя маленькія вочы ў дзве сырыя незагойныя болькі. Можа, неба шчаслівейшае, чымся змораная душа? Ён шукаў у небе вырай; прыходзіў на Нёмнаў бераг і доўга глядзеў на паветра сваімі болькамі. Але неба было гэткае ж няшчаснае, з пагібельным сумам у думках, як і ўсё наўкола; няма выраю, як ты ні біся, і таго салодкага нікуды, куды злятаюцца ўсе летакі, таксама ж анідзе не ўбачыць. “Дзе вы, мае любыя? Соня, Толічак? – думаў у паветра настаўнік. – Чаму ж так брыдка ўсё – я ёсць, а вас няма? Прыляціце вы назад да мяне ды да Жэніка, бо я ж да вас не магу – дзе мне крылы ўзяці?” І ён несуцешна рыдаў, як быццам жонка ды сын ляжалі ў труне перад ім усё яшчэ неаплаканыя; Сцяпан Сямёнавіч Рымкевіч назаўжды заболіўся памяццю. Ён палюбіў апошняга свайго сына гэтак, як любяць свой апошні дзень; ён даражыўся сынам, як тым днём, і думаў: “Вось бы калі-небудзь памерці замест Жэніка, а ён хай бы жыў заўсёды”.

Але Жэнік у хуткім часе пачаў чануць. як кволы ручай у спёку. Ён моцна захварэў і, зліхтужаны, перасохлы, хапаючыся сваімі маленькімі васьмігадовымі ручкамі з жыццё, жаліўся бацьку:

–– Не хачу я памерці, тата. Страшна: буду ляжаці, як мамка або Толік, белы ўсей і не дыхаць.

Сцяпан Сямёнавіч Рымкевіч хацеў суцешыць сына, ды не мог; у яго слёзы беглі самахоць, і ён шаптаў да Жэніка:

– Не памірай ты, не трэба. Лепей я за цябе памру.

А потым праз які час, калі Жэнік высах на трэску і болей ніколі не смяяўся, адно зрэздку ўсміхаўся страшнай белай усмешкаю, гэтак, як немаведама з чаго ўсміхаюцца смяртэльнікі, Сцяпана Сямёнавіча Рымкевіча паклікаў да сябе лекар Юркевіч. Жэнік у тым часе ляжаў у шпіталі, і лекар Юркевіч, глытаючы сухім ротам камякі, прамовіў да няшчаснага бацькі: маўляў, рыхтуйцеся, Сцяпан Сямёнавіч, гаротны вы чалавек, да бяды – забірайце Жэніка дадому, яму бо не дапамагчы болей аніяк. Сямён Сцяпанавіч Рымкевіч пабачыў чорную морач; ён паваліўся, як ссечанае дрэва, а калі яго адлілі вадою, дык зарыдаў, схапіўшыся за галаву; ягоны непрыгожы твар зрабіўся топкай, безаблічнай дрыгвою.

Цяперачы ён плакаў дзень і ноч, як плачуць усе зямныя балоты адразу – Нёмнам; ліў на маленькага хлопчыка сваю ваду, развітваўся з ім і бесперастанку паўтараў:

– Хай бы мне замест цябе балела, алі быў бы я шчаслівы.

Калі Жэнік памёр, слёзаў ужо не хапала; бацька плакаў пры труне без вады, а проста зморшчаным, скрыўленым тварам. Пахаваўшы Жэніка, ён кінуў працу і хадзіў безвач па гарадку, як сляпы вандроўнік па кладках; ён прыходзіў дзень пры дні на гробішча і слухаў маўчанне трох родных магілаў; дыхаў пахамі адзіноты ў сваёй пяцісценнай хаце, пакінутай яму бацькамі-нябожчыкамі, чуў варушэнне гарадкоўскага руху-бегу, а сябе забываўся і забываўся, як быццам ён быў самая дробная і занядбаная рэч у гарадку.

Аб нейкае пары Сцяпан Сямёнавіч Рымковіч, ідучы стромым краем Нёмна, адчуў, што ягонае цела абрасло цёплым, яшчэ ніколі нязнаным адзеннем; ён раптам глянуў і ўбачыў: замест бруднага палітона, завэдзганых нагавіцаў і тры стагоддзі нясціраных горкіх думак на ім ззяла новае, бліскучае пер'е; ён узняў галаву: неба больш не было відаць, і адвечны птушыны шлях усяго існага падымаўся прама ад берага і браўся ўсё вышэй. “Трэба ляцеці мне, – падумаў Сцяпан Сямёнавіч Рымкевіч. – Чаго я тут буду стаяці, як гусак на мароз?” І ён падняўся дзіва-птахам над гарадком і, робячы над ім развітальны круг, убачыў, як гарадкоўцы, пазадзіраўшы галовы, разяўлена пазіраюць на яго, як участковы Байда нервова перамінае з нагі на нагу; а тады ўзяў міліцыянт ды закрычаў:

– Чаго ты, Сямёнавіч, залез аж на самае неба? Не дурэй! Ты ж немалады чалавек ужо! Давай спускайся на зямлю памалу!

“Чаго мне да іх апускацца? – падумаў настаўнік. – Мне ж трэба сваех даганяць, адбіўся я ад чарады. То буду спяшыці, а не кружляці тут кругамі”. І ён вырваў са свайго пёрыстага хваста самае прыгожае і самае вялікае шэрае пяро і кінуў яго гарадкоўцам на развітанне. “Бярыце сабе, а я паляцеў”; і, вольна махаючы крыллем, ён смела і хутка памкнуў непрыгожым шчаслівым тварам насустрач птушыным вышыням, следам за дарагімі крэўнікамі, ці то ў вырай, ці то ў нікуды.