Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Лебядзіныя чароды

Паўліне

Калі змерлі апошнія калматыя сабакі з адвіслымі языкамі і ржава-лагоднымі вачыма (гэтак Сцяпан Гаплік казаў пра свае ранейшыя адзінокія думкі), трыццацігадоваму хлопцу падумалася лебядзінаю чародаю. Ён пакахаў ухутаную ў даўгія валасы дзяўчыну (хутка пасля таго і пачаў думаць пра гарадок не сабакамі, а лебедзямі). Птахі страсалі на ганьбавіны не той, не сабачы, а, мабыць, прызначаны не для гарадкоўскае гісторыі пух, і пух гэты без патрэбы ганяла ветрам па засмечаных вулках.

Ганьбавіны ўпаўзлі ў гарадок яшчэ тады, калі Сцяпана Гапліка і заваду не было. «А што, увогуле, было?» — пытаўся ў сябе Сцяпан і пускаў лебедзі ў мінулае, проці загуслага ганьбавіннага часу. Хлопец злятаў разам з чародамі і бачыў з вышыні, як аграмадныя дрэвы ніцелі, прысядалі і ўрэшце чарвякамі ўпаўзалі ў зямлю, і хаты паразбураліся — іхныя падмуркі разляталіся каменнем па палях,— і гарадок варушыўся, дыхаў наадварот, развальваўся, ператвараўся ў маленькае прызабытае гісторыяй і не патрэбнае ёй селішча, і людзі паўставалі з магілаў, аджываліся, жылі і малелі ды знаходзілі сабе смерць у чэравах сваіх матак.

Сцяпану падумалася, што нараджэнне — то таксама смерць, адно ў іншым кірунку. І гарадкоўская гісторыя — гэта не звычка ўцякаць ад смерці, а прыход да смерці. Калі, вядома, думаць лебедзямі насуперак ганьбавінаў. Спачатку яму зрабілася вусцішна, што ўсюды — смерць і што ён, падняўшыся з малых, ані на крок не адышоў ад пустоты. Ажно потым яму спадабалася бесперастанку мёрці, чуць заўсёдны прысмак спакою; зрабілася нат пацешна: куды ні ступіш — паўсюдна нябыт. Ён адчуў вялікую прыемнасць у ганьбавінах — у штодзённым гібенні гарадка, у пагібелі ўсяго гарадкоўскага, якая кожнае хвілі больш шырока і больш чорна, чымся імгненне таму назад, разяўляла пашчу. Хлопец заўважыў у паміранні адзіны паратунак; усхвалявана палюбіў гэтае паміранне, якое рушыла паўз гарадок па нёмнішчы навакольнымі жыццямі; праплывала сабе жыццямі, хвілінамі і стагоддзямі знекуль у некуды.

Раней, як думаў калматымі сабакамі, ён не бачыў выбаўлення ў ганьбавінах; смерць здавалася яму пачварнай бабаю, яшчэ жахлівейшаю за гарадкоўскую прыкалечаную нейкім злосным богам галгаянку Адэлю. Калі Сцяпан сустракаў на вуліцы Адэлю і бачыў, як яна куляецца па маставіне пераламанымі, перакручанымі рухамі, як ад кожнага кроку выгінаецца, бы гума ў вогнішчы, ейны твар, ён адчуваў у каленях і локцях жах; хацелася ўцячы, як хутчэй прамінуць няшчасную жанчыну.

Смерць сцюдзіла сэрца яшчэ горш. Смерць была шчаснай бабаю. Яна вішчэла ад задавальнення, калі збірала гарадкоўцаў у табун, страшыла іх, ганяла па вулках узад ды ўперад, прымушаючы тварыць гісторыю. Непрывабныя былі ганьбавіны ў гарадку, страшкія з твару, з лютасцю ў вачах.

Сцяпан змеціў, што і гарадкоўцы думаюць сабакамі. Бегаючы табуном, душачы адзін аднога, яны кашляюць куслівымі трызнамі — брэхам ды якатаннем. Вось тады ён і закахаўся. 3 дзявочых валасоў чамусь не вытрахаліся думкі-сабакі, а позірк ейны быў такі звычайны, які ў гарадку, відаць, ніхто ў сабе ніколі не запальваў. (Сцяпан зазлаваў, што гарадкоўцы глядзяць на свет, як на паповы сані, хаця і сам пазіраў навокал пахавальна, з журбою.)

Ягоная сяброўка чаплялася позіркам за свет адрозна ад усіх — бы таполя за неба пухам. Яна не складвала па частках гарадок у вочы, а, наадварот, аддавала гарадку свой пагляд. Да дзяўчыны паспрабаваў закінуць вуды Сцяпанаў калега — румяны, як пернік, малады настаўнік-фізік Віктар Пятровіч Заяц, і Сцяпан быў змушаны парваць Віктару Пятровічу Зайцу кашулю, расшчапіць яму нос і выпусціць стуль лішніцу кіпня. Фізік, укрыўджаны і збіты, высыпаў на Сцяпана процьму ганьбавінных думак, клычастых і куслівых.

Віктару Пятровічу Зайцу таксама падабаўся спакойны, як цёплае неба, позірк дзяўчыны. Ажно яму нічога не засталося, як, сліну пракаўтнуўшы, рукі спусціць. Ягоныя думкі, якія спрабавалі папялёхацца ў дзявочым позірку, яшчэ больш асабачыліся; іх падхапіла ганьбавінная зграя, і яны ўсёй гайнёю — мільёнам мільярдаў наматаных адно на адно сучак і сабак — пакаціліся па гарадкоўскае гісторыі.

А Сцяпан раптам адчуў у сабе птахаў. Яму захацелася выпусціць іх з клеткі, ажно думкі-сабакі паўсталі перад выйсцем. Сцяпану зрабілася брыдка за сваіх сабак; ён пагнаў іх дрынам, але яны не сыходзілі прэч. Клаліся наводдаль, вінавата махалі хвастамі і аддана пазіралі ў Сцяпанаў рот. Ён не падпускаў іх блізка, але лебедзі ўсё адно баяліся вылётаць з-за прэнтаў.

Ён заненавідзеў сабак, а яны паналавілі ў Краноне1 і папрыносілі хлопцу сваю сляпую, мяккую, з вострымі, бы ў вужакаў, язычкамі нашчадзь. Сцяпан знёс шчанюкоў на бераг і кінуў назад, ва ўчарнелы і непаўнарэкі апошнімі гадамі Кранон. Плынь хутка панесла згасанне шчанюкоў і назаўжды пахавала іх за лукавінаю, тамака, дзе гарадкоўская гісторыя пе-ратваралася проста ў час. Але зверы зноўку паналавілі на нёмнішчы шчанюкоў поўныя жываты; сучкі трапіліся гэткія дзетныя, што хутка вакол Сцяпана зверанятаў панарабілася лікам не злічыць. Губіць іх не было сэнсу; хлопец не паспяваў запіхваць іх назад, у час, і сабачаняткаў назбіралася як маку — пярэстых, рудых, чорных, вясёлых, задуменных, дапытлівых, байчастых, дурнаватых... Тады вырашыў пазбыцца сабак іншым чынам — назаўжды засаніць іх у сабе самой жа гарадкоўскай гісторыяй. Дзеля гэтага яму спатрэбілася намагчыся, каб не паўставаць супраць ганьбавінаў. «А што, калі не я думкі нараджаю,— падумаў Сцяпан,— а яны мяне. Яны з мяне лепяць гэткага ж сабаку, як самі. А я нічога не магу зрабіць. Вось дык непарадак». Ён адчуў, што звычайных высілкаў, каб пазбегнуць сабачага рабства, мала. Трэ не спрачацца са сваімі думкамі, не брыдзіцца пагібелі, а проста прымусіць сваю асобу загінуць.

І тады ён перакінуўся ў псіну — сам зрабіўся гэткай жа лінючай, шалудзівай думкаю. Выкінуў з галавы ўсе спрэчкі, стаў на карачкі і рыкнуў нейкія злыя словы. Плойма, што была вакол, ашчэрылася. Яна не шанавала болей Сцяпана, ёй не спадабалася, што ён хоча праслізнуць паўз яе. Сабакі пачалі клычыць хлопца, але ён неяк прадраўся праз іхныя іклы туды, дзе было болей пустоты, дзе думкі мякчэлі, кусаліся ласкава, а потым увогуле зветрываліся; кудысьці па-за сябе пратачыўся — у той пустцы гусцела, куляшылася нейкая цёмная пляма, і хутка ён нарадзіўся зноўку, толькі не сабакамі, а — лебядзіным лётам.

Тады хлопец і падаўся са сваімі думкамі насуперак ганьбавінам. Ён палюбіў гарадкоўскую запусту. Заўважыў у ёй не злосць і гісторыю, як раней, а паступовае знікненне сабак. «Вось памруць псы,— цешыўся Сцяпан,— і свет зробіцца лебядзіны». Гэткая думка адамкнула хлопцавы вочы; ён усё змераў адно зрокам — без развагаў, без сэнсаванняў, без нічога. Тое, што бачыў, і было знаццём. Ягоны рот блазнавата разявіўся, валасы заварушыліся на галаве неспакойнай ніваю. На твары бетховенскай музыкаю ўсхадзіўся вецер. Хлопец нават забыўся пагаліцца — пайшоў блукаць па гарадку, заімшэлы і раскудланы.

Якое ж простае і мудрае знаццё было навокал! Людзі вымяталі запусту з падворкаў — зграбалі атрэсіны ў купы і падпальвалі. Лісце здымлівалася і ахутвала гарадок усхваляваным пахам — яшчэ тым, з дзяцінства.

Сцяпан кіраваў у старыя двары з гнілымі дошкамі ў няроўна прытуленых адна да адной пуньках, з прыкалечанымі лаўкамі пад дрэвамі; ішоў кудысьці. У дварах, на вяроўках мокра пахла праная бялізна. Сям-там, сярод гломазду, мружыліся і ласкава лезлі ў прымарожанае восеньскае сонца цёплыя каты. Проста на зямлі спалі абаранчыкамі праставатыя дварнякі, на лаўках корпаліся ў сваей мінуўшчыне карчыстыя бабы. Нават у гэтых пустых падворках разбэрсвалася апошняе развіццё. Сцяпан ішоў далей, на Нёман. Людзі, што сустракаліся яму, хіталі сваімі сабачымі галовамі, віталіся. Зважаючы на дзіўны, выкінуты з гісторыі Сцяпанаў выгляд, сустрэчнікі гадалі: а ці не прышалеў раптам настаўнік? Ён упадабаў і сустрэчнікаў, бо і яны ўжо сканчаліся. Як і ўсё ў гарадку, яны ішлі па божай дарозе. І ўчастковы Байда, які стаяў пры плоце і ўдумліваўся (з недаверлівым, запасочным позіркам) у ганьбавінне, таксама палюбіўся Сцяпану.

Сцяпан расказаў пра свае пачуцці дзяўчыне. Яна паверыла, што гэтак можа быць. Яна сама спрабавала думаць лебедзямі і — атрымлівалася. Яна таксама задумалася насуперак часу; і яны разам хадзілі праз запусту ды старыя двары да Нёмна. Людзі пазвыкліся з іхнымі дзіўнымі, не з гарадкоўскага сусвету абліччамі, і больш ніхто не думаў, што настаўнік і ягоная сяброўка прышалелі. Папросту іх уважалі за дзівакоў. Ім было добра разам на Нёмне. Яны зглядаліся на час, што праплываў паўз іх і злізваў ганьбавіны; як было соладка адчуваць паступовую пагібель! У гэткія хвіліны Сцяпан заплюшчваў вочы і ўнураў свой непрыгожы, з тысячатварым адбіткам сялянаў-прашчураў, голаў у сцюдзёную раку, мыўся ў ёй, змываў з сябе прыкарэлыя кавалкі гарадкоўскае гісторыі. Дзяўчына бачыла, як ягоны твар зносіла лебедзямі, і твар паміраў насуперак ганьбавінам у далёкіх тварах нікому невядомых і нікому непатрэбных сялянаў, а іх твары мёрлі ў яшчэ большай даўніне — у здзіўленых і маўклівых тварах забытае славяншчыны. І калі Сцяпан выгінаўся лебядзінай шыяй ды паварочваўся да дзяўчыны, яна не сумнявалася, пра што той ведае. Пра тое ж маўкліва ведалі Нёман, гарадок, сусвет: чымся хутчэй ганьбавіны зжаруць гарадок, тым хутчэй залапоча крыламі лебядзінае існаванне, без смерці, без сабачых галоваў у сэрцы, без гісторыі... Не трэба журыцца, проста трэба чакаць ды гадаваць пер'е...

1 Кранон — антычная назва Нёмна.