Жыццё Навума Вісліка — то змаганне з хваробамі.
У гарадку ніхто ніколі не бачыў чысцютка-белае паперы, гэткае, як колер на твары ў Навума Вісліка. Снег, які во толькі ляцеў і спыніўся ў сумёце, мабыць, цьмянейшы за Навумава цела. (Дык а што казаць пра паперу, якую прывозілі ў драўляных вагонах здалёк, адкульсьці з Цюмені?)
Часта Навумаў твар — даўгі нос, вялізны рот з шырокаю ніжэйшаю губою, чорныя валасы і каламутныя чорныя вочы — усміхаўся. То быў самы непрыгожы ўсмех у гарадку, бо ўсе, хто глядзеў на Навума Вісліка ў гэты час, прыходзілі да аднолькавае высновы: гэтак смяецца смерць. Ненатуральна гэта, калі на твары, дзе ні кропелькі поту, ні крывінкі аніколі, раптам з радасці шчэрацца на ўвесь свет буйныя зубы.
Гледзячы на Навума, людзі думалі: «Небарака. Нядоўга яму засталося жыць». Ён і сам пачуваў сябе заўсёды блага: ці то нагу яму круціла, ці то сэрца калола, ці то ажно выцінала яго ўсяго трасца — тыдня не было, каб не нажыў якога-кольвек ліха. Ды ён быў з тае шматпакутнае кагорты людзей — але яны і раздражняюць сусвет! — якія ўсяго часу хварэюць, аднак урэшце жывуць даўжэй за самых здаровых асілкаў.
— Гэта ў мяне нацыянальная рыса. Каб хварэць і не паміраць,— часта жартаваў Навум Віслік паводле свайго жыдоўскага жыцця, калі яны ўсёй сям'ёй сядалі вячэраць.
Яны — гэта пяць чалавек. Сам Навум Віслік, ягоная жонка, тры сыночкі. Калі выраслі, сыночкі з'ехалі з гарадка. А малыя былі вельмі падобныя да бацькі: з бурацінавымі насамі, з ратамі ад вуха да вуха, чорнагаловыя жабкі, адно скура не ад прашчура, не белая, і не жабчыная, а свая ўласная — блякла-жоўтая.
Навум Віслік ад маладосці рабіў у друкарні. Ён працаваў галоўным чынам па начах, друкуючы мясцовую газету. 3 пакоя, дзе ён рабіў, была бачна гарадкоўская плошча, на якой калісьці стаяў помнік генералісімусу.
Добра памятаў Навум Віслік той час. Менавіта тады, як стаяў генералісімус на плошчы свае апошнія месяцы, зазнаў друкар сапраўдны жах. Мабыць, аднойчы ў жыцці ягоная белая скура на твары ператварылася раптам у празрыстую, быццам вада ў крыніцы, адно ручаём з барады не збегла. (I гэтак добра — жывы застаўся.)
Таго часу разгружаць вагон з папераю, які прыйшоў, напэўна, з Цюмені, набегла шмат люду. Шпулі шэрае газетнае паперы цягнулі да друкарні, падстаўляючы хто плячук, хто руку. Генералісімус сабраўся памерці, і кожнага дня выходзіла мясцовая газета, у якой друкавалася інфармацыя паводле здароўя правадыра. Вось і прывезлі паболей шпуляў (хто ведае, колькі ён яшчэ працягне?). Тры тыдні не было спакою Навуму Вісліку. Ягоны твар знямогла бялеў сярод нагрувашчванняў цюменьскае паперы. Мужчына зусім мала спаў, і каб не Ясік Кухар, які пры друкарні рэзаў паперу ды зрэдку падмяняў Навума Вісліка, дык беднага жыда закапалі б раней за генералісімуса. А во скончылася сусветная паніхіда, дык уся друкарня вальней дыхнула, а Навум Віслік з Ясікам Кухарам вырашылі з нагоды жалобы зрабіць па чарцы.
Селі яны пасля працы за друкарскай машынаю ды напіліся. Ясік Кухар гэтак захмялеў, што пачаў гаварыць штосьці не вельмі разумнае. Навум Віслік глядзеў на яго і думаў пра родных дзетак, усміхаючыся праз сваю дзіўную звычку канінымі зубамі. Яму хацелася пайсці дахаты, каб прытуліць трох маленькіх даўганосікаў, пацалаваць кожнага ў велізарны рот, прамовіўшы пры тым што-кольвечы ласкавае. І раптам Ясік Кухар перайшоў на нямецкую мову.
— Юда! — закрычаў ён на Навума Вісліка. — Гутан так! Юда, юда, айн, цвай, драй!
Навум Віслік спалохаўся — вось калі ягоны твар ператварыўся з белага ў празрысты. Ён не ведаў, што Ясік Кухар заўсёды, як вып'е лішку, дык гарлапаніць па-нямецку. Жыду чамусьці падумалася, што перад ім шпіён нямецкае або яшчэ якойсьці імперыялістычнае разведкі (ці фашыстоўскі недабітак, ці дыверсант?). Ды не ворага злякаўся Навум Віслік, а таго, што раптам яго ўбачаць з контраю разам (калі разлівалі па чарцы, соўгаўся па плошчы ўчастковы Байда).
— Ціха, Ясю, не крычы. Не трэба,— папрасіўся п'яным голасам Навум Віслік.
А той яшчэ гучнейшы ўсчаў лямант:
–– Аўсвайз!.. Юда, хандэ хох!..
Ён яшчэ выкрыкваў нейкія словы, ды Навум Віслік выбег на плошчу і, дужа пахіліўшыся наперад, хістаючыся з боку ў бок, пабег паўз помнік генералісімусу дахаты. Было боязна пра штосьці думаць і шукаць якіесьці прычыны.
У чым яны?
Яго апанавала новая хвароба, невядомая і жахлівая? А мо прычына ў стомленасці? У гарэлцы? А можа, страх у гэтым гарадку нараджаецца праз любоў? Любоў да сваіх дзяцей, якая робіць чалавека палахліўцам?
3 плошчы ён патрапіў у вузкую вулку. Ногі ставалі няроўна, і ён бег ад плота да плота і колькі разоў пакаціўся. Дужа хацелася дабегчы да дзетак, абняць сваіх непрыгожых, як сам, жабак і ўсяго дня распавядаць ім якія-небудзь казкі пра шчаслівую долю.