Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Смешная смерць

Але і папасмяяліся людцы, як пахавалі прапаршчыка Кудлача. Гэта была самая смешная смерць у гарадку. Распавядаючы адзін аднаму пра яе, гарадкоўцы дохлі на ўсе жываты. Смех з прапаршчыкавае смерці — то смех, які абавязкова зачэпіцца за Кудлачовых дзяцей, потым унукаў, потым праўнукаў... і бясконца сыдзе ў гэты род, і да скону будзе кіснуць у морачных галовах гарадкоўцаў, адвальвацца ад іхных рудых здзеклівых зубоў. Гэткае ўжо тут жыццё.

Увогуле, каб Кудлач не пакахаў медсястру Тоньку, чарнявую ляльку з ружовымі шчокамі, і не пабраўся з ёю, дык мо і цяперачы б цягаўся па гарадку жывейшы за жыццё. Аж пакахаў і ажаніўся.

Тонька нарадзіла яму двух сыноў. Кудлач летуценна глядзеў на хлопчыкаў і выпраменьваў са сваіх вачэй струменьчыкі любові. Бутузы раслі мацакамі, і бацька ціха думаў: «Будуць, як і я, абаронцы Айчыны».

Па часе ён адно мацней пакахаў Тоньку, гэтак, што ажно дзіваваў. «Але я нейкі прыпараны,— думаў Кудлач,— кахаю яе, нібы больш нікога на свеце няма. Толькі яна». 3 гэткай думкаю было добра ісці са службы дамоў, есці, класціся спаць, вітацца са знаёмымі... Думка гэтая кожнага дня і кожнае хвілі дзяўблася ў галаве, і таму гарадкоўскае паветра здавалася прапаршчыку нейкае пустое і ўсхваляванае; пустоцце тое глытаеш неспакойна — а яго ўсё мала, а яно ўсё тае ў роце.

А потым паветра зрабілася сырое і цяжкое, набрыняўшы паняверкаю; яно ўдыхалася волкай роспаччу, і Кудлач разгублена выхукваў яго з сябе. Ён выганяў паветра, але насуперак усім намогам жыў ім. То здарылася, калі прапаршчык запасочыў Тоньку ў здрадзе. Некалькі разоў яна прыйшла дамоў п'яная, з цыгарэтнымі пахамі і — позна. Кудлач зазлаваў.

— Я заб'ю цябе, курва ты! — крыкнуў ён да яе. — За здраду! І за ўсё астатняе! І за тое, што я раптам паветра заненавідзеў, таксама расстраляю!

А яна на тое адно посмехам адказала ды словамі:

— Не крычы на мяне, бо я не з твайго атрада! Я з іншага гарнізона! Я, можа, з шалёнае дывізіі аўтаматчыца!.. — I, нецвяроза зарагатаўшы ў шэры вясковы твар мужу, пайшла спаць.

Кудлач занудзіўся. Ён стрымаўся, не стаў біць Тоньку, хаця паветра зрабілася балючае і задушнае. «Няхай жыве, курва,— супакойваў паветра прапаршчык. — Пачакаем. Пабачым, што далей будзе». А далей, праз які тыдзень ці два, надарылася ноч, у якой Кудлачу задыхалася жахлівымі здагадкамі. Ён падхапіўся з ложка, апрануўся і пабег у восеньскую цемру, у свежую і прыемную імжу, якая змывала з прапаршчыка апошнія спадзяванні.

Тонька была ў шпіталі, на дзяжурстве. Ён ціхом наблізіўся да шпітальнага акна, што гарэла сярэдначы, і глянуў у святло. Ён убачыў, як за шклом нядымна згараюць дзве постаці: ягоная жонка цалавалася з маладым доктарам Цемруком. Ад прапаршчыка ўсё адкрышылася, адно гуд у вушах застаўся. «Ах ты, дзераза! — падумаў ён. — Я ж цябе ўкашу!» Ён пабег назад дахаты. Тамака, на падворку, у халоднай глебе каля пунькі, была таемна завораная ягоная крыўда. Ён схапіў рыдлёўку і спешна адкапаў тую крыўду. Яна была як лёд — халодная і закіпала ад дотыку. Прапаршчык заткнуў яе за пояс і паляцеў зноўку ў шпіталь. «Вох ты, салома на сцелішчы! Зараз ты дыбарам паўстанеш! Гэта ж столькі я свайго жыцця з табою змарнявіў!» — думаў небарака.

Ён уварваўся ў шпіталь, бы ў варожы дзот. Пабег па калідорах, наскочыў на дзверы — яны былі замкнёныя, — выпасажыў іх нагою і ўбачыў на канапе жонку з доктарам Цемруком. Тады прапаршчык счакаў і паволі ўвайшоў у пакой — куды спяшыць, калі час нідзе не бяжыць і яго, увогуле, больш няма і ніколі не будзе?

— Дык вось, свінні вы, — сказаў прапаршчык і выцягнуў з-пад дзягі адкапаную гранату. — Паўзірайцеся на маю крыўду. Паглядзіце, як яна зараз забабэхае... А мне дык і жыць не хочацца, гэтак я ўгідзіўся... І дыхаць больш няма чым...

Сінія калені доктара Цемрука задрыжэлі, і канапа разам з імі, і гарадок. І ў Тонькі сэрца аціхла. Тонька адчайна зазвінела мільёнам словаў, запрасілася напрамілы бог, ды Кудлач адарваў кольчык ад гранаты і кінуў сваю крыўду на падлогу, прамовіўшы:

— Гладкае вам дарожкі... Здохнем утраёх!

Тут Тонька дала нырца ў старую, зробленую з карэльскае чачоткі шафу і зачынілася тамака. І доктар Цямрук не разгубіўся: паваліў на бок кушэтку і — за яе, адно голыя пяткі блісканулі. «Ай дык падлы! Пахаваліся! — глыбока ў прапаршчыкавай галаве праляцела думка. — Дык жа і мне тады трэба ратавацца!» Ён, было, падаўся назад, у дзверы, аднак не паспеў. Выбухнула. Прапаршчыкава крыўда дробнымі аскепкамі працяла яго ж самога. Ён паваліўся ніцам, нежывы.

А Тоньку і доктара Цемрука — ані не зачапіла. Яны павыпаўзалі са сваіх сховішчаў ачмурэлыя, без веры ў жыццё. Ажно хутка ачмурэнне мінулася, і яны кінуліся шукаць папоцемку, сярод бітага шкла і пасечанай тынкоўкі, пагубляную бялізну.

На выбух прыбеглі людзі: лекар Юркевіч ды некалькі хворых. Пакуль Тонька ды доктар Цямрук дрыжлівымі рукамі стараліся ўздзець на сябе нейкія апранахі, лекар Юркевіч паслухаў прапаршчыкаў жылабой. Сэрца ў яго маўчала: пра здраду ў каханні і нешанцунак ва ўсім. Нават у смерці не пашанцавала як след, маўчала сэрца. Ажно Юркевіч не даў рады спасцігнуць тое маўчанне. Ён проста засведчыў:

— Забіла... Ляжыць ды не дыхае...

3 гэтае во недарэчнае пагібелі і паказвалі гарадкоўцы свае дурнаватыя зубы, з'едліва кусалі імі памяць пра падманутага і пакаранага лёсам мужыка, да знямогі выціскалі з вантробаў неўтаймоўную, гаманлівую весялосць. Участковы Байда дык нават пахавання не дачакаўся. Не ўтрываў. Хадзіў ды рогат з сабою насіў, кажучы раз-пораз:

— Не насмяешся... Ай, падрыўнік хрэнаў. Сам покнуў, а жонка ды бугай — жывыя...

І каб не смерць, і не чужая бяда, ды не прапаршчыкаў бацька, ссохлы старушонак, які аслеп ад гора, дык смех наконт Кудлачовае згубы быў бы самы чысты і самы шчыры з усіх смехаў, што калі-кольвек гучалі ў гарадку. Не вомрачны быў бы смех, не ад помаркі ў душах.