Маленькі сшытак Лявона Вашка

Выпуск другі

Вашко Лявон


ДУМНІЦТВА - літаратурна-крытычныя артыкулы - Мітарамантызм і гістарычная рэчаіснасць

Cтанаўленне беларускай гiстарычнай свядомасцi адбываецца праз трансфармацыю ў лiтаратурнай творчасцi самой гiстарычнай беларускай iдэi. Ад фальклёрна-міталагiчнай праз рамантычнаміталагiчную яна прыходзiць да сакральнанацыянальнага раалiзму, заснаванага на міталагiчнай беларускай спадчыне. Разгледзім гэтае на прыкладзе творчасцi Янкi Купалы. Ужо на самым пачатку ягоная творчасць адрознiваецца ад беларускага мітарамантызму папярэдняга часу (мітарамантызм мы разглядаем як лiтаратурную плынь, адметнай рысаю якой зьяўляецца мастацкая рамантычна-фiласоўская iдаалiзацыя фальклёру). Купала пашырае беларускi міталагiчны рамантызм уласна беларускасцю – нацыянальнай iдэяю; у ранейшай бо паэзii гэткае iдэi няма, ранейшы мітарамантызм грунтуецца на абстрактнай iдэi сацыяльнае свабоды, але не на канкрэтна азначаных нацыянальных iдаалах. Згадайма дзеля параўнання графа Бандзiнэлi з ягоным фiласоўска-рамантычным адчуваннем свабоды:

Хоць галодзен – я свабодзен,
Дзе мне цягне – там бягу.
На свабодзе прападу,
А да пана не пайду.
(“Ваўкалак”)

Міталагiзм графа Бандзiнэлi пераважна традыцыйна фальклёрны i, разам з тым, ужо – не. У вершы “Ваўкалак” прадстаўлены тыповы персанаж беларускага фальклёру – ваўкалак, якi “лётае” ўздоўж сяла “чортам”, лазiць да гавядаў “ракам”, ведае чалавечую мову i ўмее размаўляць з сабакамi; пры гэтым Бандзiнэлi дэталiзуе тыя акалiчнасцi, акцэнтуе на iх ўвагу, што самое па сабе зьяўляецца стылiзацыяй. Але разам з тым паэт i творча пашырае гэтую спадчыну, што можа гаварыць пра пэўнае iдэйнае развiццё традыцыйнага фальклёру: Бандзiнэлеўскi ваўкалак прываблiвае чытача да сябе сваiм рамантычным памкненнем да волi праз сацыяльны пратэст. Чараўнiцтва, праз якое чалавек быў ператвораны ў ваўкалака, як бы не зьяўляецца вынiкам чорнага вядзьмарства, караю, а ёсць пэўным чынам ўрокi-узнагарода – вызваленне з ярма абыдзённых умоўнасцяў, нейкiх наканаваных жыццём абавязкаў. Міталагiчны рамантызм Янкi Купалы псiхалагiчна iншы: 1) Купала надае першаступенную ролю мадэрнiзацыi фальклёру, 2) шмат у чым ягоная паэзiя ёсць натуральнае, дыялектычнае адмаўленне фальклёрнай спадчыны як стылю i мёртвай традыцыi i тым самым свядомы выхад па-за межы спрадвечнай народнай культуры, i самае галоўнае, 3) ягоная творчасць – сакральная, яна ёсць свядомае тварэнне беларускага свету i беларускай гiсторыi. Калi для Бандзiнэлеўскага ваўкалака свабода – наўмыснае адмаўленне ад дабрабыту, што магчымы адно ў вынiку службы на пана, i нязломнае процiпастаўленне сытаму, але паняволенаму iснаванню, уласных матарыяльных нястачаў, якiя кампянсуюцца маральным задавальненнем праз адчуванне свае волi, дык Купалаўская рамантычная фiласофiя выяўляе нястачы, жабрацтва, дрэнны матарыяльны стан як вынiк няволi, а дасягненне дабрабыту бачыць у свабодным жыццi (напрыклад, верш “Хто ты гэткi?”).

У графа Бандзiнэлi ваўкалак i ягоная воля – вынiк нейкага чарадзейства, незалежнага ад галоўнага персанажа; Купала бачыць дасягненне волi не ў чарах абстрактнага мага, а ва ўнутраных душэўных сiлах самаго беларуса; калi трэба, дык ён, беларус, сам будзе сабе магам i чарадзеем:

Як хвор ды бедзен – сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнiк!
(“Мужык”)

У дакупалаўскай паэзii няма той глыбiннай, фiласоўскай рамантызацыi міту як нацыянальнай беларускай мiнуўшчыны; Янка Купала абнацыянальвае міт, сакральна пераўтварае яго ў гiсторыю беларуса; ён звяртаецца да роднага краю-міту са словамi:

Вольны вецер напеў вольных песень табе:
Бор зялёны узняў дружным гоманам,
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлiлi сiлам зломаным.

.......

Паплыла, пацякла з светлай казкай жыцця
Полем, лесам, гарой i далiнаю...
З свойскiх кветак-пралесак – карона твая,
Ўся сама – ясната лебядзiная.
Зiхацiш i гуслярскаю песняй звiнiш,
Узнiмаеш мiнуўшчыну даўную...
(“Маладая Беларусь”)

У прыведзеных радкох традыцыйны міт-фальклёр рамантычна ператвораны ў вобраз спрадвечнай, гiстарычнай бацькаўшчыны беларуса; жывёльны i раслiнны свет, астральныя сiмвалы, прыродныя зьявы, ланшаўт, веснавыя палявыя работы, вусная народная творчасць – iначай кажучы, асобныя кампаненты традыцыйнага народнага міту i традыцыйнай народнай падгiстарычнай раальнасцi – маюць у вершы сакральнае значэнне: яны, абуджаючы старажытнаміталагiчную асацытыўнасць, вытвараюць якасна iншы, пазафальклёрны свет – рамантычны вобраз гiстарычнай Беларусi. I адштурхоўваючыся ад гэтай гiстарычнай мiнуўшчыны, намаляванай пры дапамозе асацыятыўнаміталагiчнай творчасцi, Янка Купала, зноў жа, тымi ж асацыятыўнаміталагiчнымi сродкамi штукуе беларускiя гiстарычныя сёння i заўтра, звяртаючыся да сваёй рамантычнай ідаальнай Бацькаўшчыны:

Высылай, рассылай на край свет пасланцоў,
Як з гнязда сакалiнага сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хай грымяць весткай добраю ўвокала.

.......

Падымайся з нiзiн, сакалiна сям’я,
Над крыжамi бацькоў, над нягодамi;
Занiмай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад мiж народамi!..
(“Маладая Беларусь”)

Аднак у гэтым творчым пераўтварэннi фальклёрнага матарыялу ўжо можна скмецiць i першыя спробы адысцi ад міту ў бок гiстарычнага раалiзму; па сутнасцi, тыя спробы ёсць далейшае мітаразвiццё: на падставе сакральнавытворнай мiнуўшчыны творыцца мітычная гiсторыя-сучаснасць. У гэтым жа вершы “Маладая Беларусь” Янка Купала ўжо рафляксуе на пэўныя, як бы ўрэчаiсненыя праявы свайго міту, скiроўваючы патас паатычных радкоў насуперак “сумежнаму дакучнаму суседу” – факту як бы гiстарычнаму, насамрэчнаму. Гэты адыход Янкi Купалы ад мітычнага рамантызму ў бок мітычнага раалiзму выразна праявiцца пазней, у ягонай публiцыстыцы i паэзii паслякастрычнiцкага часу. Адбудзецца якасная трансфармацыя гiстарычнай iдэi; сакральная творчасць у рознiцу ад багатага на рамантызм ранейшага мастацкага міталагiзму, дзякуючы якому зьявiлiся такiя шадэўры, як “Курган”, “Гусляр”, “Бандароўна” i iнш., будзе звернута ў бок праўдзiвай рэчаiснасцi – адбудзецца міталагiзацыя не мiнуўшчыны, а сучаснасцi. Красамоўным прыкладам можа служыць верш Янкi Купалы “На смерць Сцяпана Булата”, напiсаны паэтам у 1921 годзе. У гэтым вершы рамантычны міталагiзм як бы зьяўляецца сродкам вытварэння гiстарычнай беларускай цяпершчыны; навiдавоку ўсё тыя ж кампаненты старажытнага народнага міталагiчнага ўспрыняцця свету, якiя, аднак, заклiканыя ў творы не рамантызаваць нацыянальную мітычную мiнуўшчыну, а падкрэслiваць, выяўляць нацыянальны раальны свет сённяшняга дня. Пры гэтым Купала выкарыстоўвае прыём паралелiзму, дзякуючы чаму рамантычнаміталагiчнае праз процiпастаўленне канкрэтнагiстарычнаму засяроджвае ўвагу на раальных гiстарычных падзеях:

Ты хапаў за косы сонца,
Думаў думку аб пяруне,
Што дух збудзе ўсёй старонцы...
– Снi, таварыш, аб Камуне!

І:

На магiлцы-валатоўцы
Зарунеюць кветак рунi;
Зайдзе сонца, ўзыйдзе сонца...
– Снi, таварыш, аб Камуне!

Рамантычная міталогiя робiцца дзейсным спосабам вытварэння новага, беларускага гiстарычнага быцця, якое грунтуецца на мітычнай спадчыне “тутэйшага” народу, спадчыне, сакралiзаванай мастаком, i якое творча развiваецца гэтым мастаком, пераўтвараецца ў мастацкую сучаснасць; міталогiю i раальнасць-гiсторыю Янка Купала спалучае ў вершы “Арлянятам”, дзе каштоўнасць, значнасць раальнага гiстарычнага сiмвалу падкрэслiваецца міталагiчным вобразам волата:

Вам на памяць Серп i Молат
Даравала доля,
Каб з вас кожны быў, як волат,
Не гнуў плеч нiколi.

Гэтае трывалае спалучэнне міталагiзму i мастацтваўтворнай гiстарычнай рэчаiснасцi прысутна ва ўсёй пачаткастагоддзевай маладой лiтаратуры. Асаблiва выразна гэтае даманструе творчасць Якуба Коласа, у якой апiчны малюнак беларускага свету адпачатна грунтуецца на фальклёрным міталагiзме. Асноўваючыся на iм, Якуб Колас не толькi творыць “анцыклапедыю беларускага жыцця”, паэму “Новая зямля”, але i самое гэтае жыццё. Міталагiчныя сродкi, да якiх звяртаецца Якуб Колас у “Новай зямлi”, “Сымоне-музыку”, “Казках жыцця”, зьяўляюцца рэчаiснатворным матарыялам беларускiх явы i гiсторыi, з дапамогаю гэтага матарыялу выясняецца рэчаiсны вобраз гiстарычнага беларуса. Пра гэтае сам Якуб Колас кажа ў сваiм прысвячэннi беларускай моладзi, напiсаным да паэмы “Сымон-музыка”, калi спрадвечныя фальклёрна-падгiстарычныя каштоўнасцi – “казкi вечароў” ды “песнi дудароў” – збiраюцца песняром, асэнсоўваюцца iм у “словах-вобразах, у песнях вольнаплынных” i “як доўг, як дар” вяртаюцца да “душою чулых” беларусаў; адбываецца гiстарызацыя рэчаiснасцi праз мастацкае мітарамантычнае спасцiжэнне мiнуўшчыны, адбываецца беларуская нацыяналiзацыя навакольнага быцця праз мастацкае суразмоўнiцтва духаабуджаных людзей.

Метамарфозы, характэрныя для далейшай творчасцi Якуба Коласа, могуць сведчыць пра якаснае пераўтварэнне ў свядомасцi гiстарычнай iдэi, якая з цягам часу з рамантычнай пераўтвараецца ў цалкам раалiстычнанаблiжаную да быцця i ўжо грунтуецца не на гiсторыi-міце, а шукае раальныя, фактычныя праявы беларускай сацыяльнай рэчаiснасцi. Гэтае адметна праявiлася ўжо ў “Сымоне-музыку”, дзе мітарамантызм выкарыстаны ў якасцi прыёму, з дапамогаю якога аўтар iмкнецца намаляваць насамрэчны, раальны сацыяльны вобраз Беларусi; прыгоды Сымона – то адысея-спасцiжэнне беларусам навакольнага свету, чужога, таемнага, “дарослага”; мітарамантычны вобраз маленькага хлопчыка адначасова i процiпастаўлены гэтаму свету i ў тым жа часе “ўлучаны” ў гэты свет: праз нястачы i пакуты Сымон, тыпаж цалкам міталагiчна-фальклёрны – музыка, пясняр, у пэўным сэнсе чарадзей – шукае свой шлях, самога сябе ў раальнай яве. Аб гэтым жа часе, перадравалюцыйным, сустракаюцца ў Якуба Коласа i вершы цалкам прысвечаныя канкрэтным гiстарычным падзеям, напрыклад вайне на Беларусi (“Ворагам”). Далей, па равалюцыi, усё больш i больш звяртаецца паэт да навакольнай рэчаiснасцi як да нацыянальнай раальна i адпачатна; мітарамантызм як бы трансфармуецца ў мітараалiзм.

Разгледзім гэтае на прыкладах. Калi на самым пачатку стагоддзя пясняр уяўляе беларускае гiстарычнае iснаванне як цемру, змрок, а вызваленне са змроку як беларускае гiстарычнае будаўнiцтва, дык у 1921 годзе ён пiша ў сваiм вершы “Пасля навальнiцы”:

Хоць грымiць яшчэ гром i зямельку трасе,
Хоць маланка жахлiва гарыць,
Над раўком-капяжом ў саламянай страсе,
Як сляза, яшчэ кропля дрыжыць;

Але глухне раскат, i маланка радзей
Палыхае ў гняўлiвых клубках...
Заспакойся ж, мой брат, i глядзi весялей,
Бо смяецца ўжо сонца ў палях!

Тады ж, у гэтым жа годзе, паэт у вершы “У палях Беларусi” робiць бацькаўшчыне нечаканае i немагчымае для самага пачатку ХХ стагоддзя прызнанне:

Куды ні гляне маё вока,–
Ўсё поўна згоды, дабраты...
Ты маеш выгляды прарока,
Наш край пакуты, край святы!

I ўжо зусiм iншая танальнасць, i зусiм iншае ўспрыняцце беларускага нацыянальнага гiстарызму мы ўбачым у Якуба Коласа праз якiясь дзесяць гадоў; у гэтым часе адбываецца якаснае пераўвасабленне гiстарычнае iдэi ў мастацтве – рамантычная міталогiя, на аснове якой ствараецца нашымi мастакамi першая нацыянальная рэчаiснасць, замяняецца на канкрэтна-рэчаiснае адлюстраванне нацыянальнага быту; беларуская гiсторыя паўстае як факт канчаткова раалiстычны, праўдзiвы, а самая гiстарычная рэчаiснасць беларуса – як здзяйсненне ягоных колішнiх рамантычных мараў. Адсюль з нагоды беларускiх гiстарычных пераўтварэнняў i зайздросныя радасць, аптымiзм Якуба Коласа ў шмат якiх ягоных вершах (“Да 10-й гадавiны БССР”, “Калгасу “Слабада”, “Камсамольцам” i iнш.). Пры гэтым, апяваючы гiстарычную цяпершчыну беларуса, Якуб Колас процiпастаўляе яе колiшняй нацыянальнай цямрэчы народу (напрыклад, верш “Зямлi Савецкай”).

Гэткiя ж метамарфозы адбываюцца i з Янкам Купалам. У 1924 годзе, у рознiцу ад нашанiўскай пары, ён раптам прыкмячае ў навакольнай рэчаiснасцi станоўчыя, пераўтваральныя зрухi:

Масты старыя спалены –
Старыя ланцугi;
Паложаны падвалiны
Пад новыя сцягi.
(“Безназоўнае”)

А ў 1935 годзе ён, як i Якуб Колас, у захапленнi кажа пра беларускiя пераўтварэннi, зноў жа параўноўваючы новы аквiтны час з даўнiм беспрасветным лiхалеццем беларуса:

Чым ты была, Беларусь мая родная, –
Хiба ж не бачылi нашыя вочы?
Вечна абдзёртая, вечна галодная,
Сонца не ведала, а толькi ночы...
(“Беларусi ардананоснай”)

I ў гэтым жа вершы:

Дзе была вакол пустэча,
Як тая магiла,
Ўсталi фабрыкi, заводы –
Распублiкi сiла.

.......

Беларусь, мая радзiма,
Як жа расцвiла ты
За час гэты, за кароткi,
Як выгнала катаў!

Не злiчыць тваiх здабыткаў
I не змераць меркай...
Чалавек твой на свабодзе
Стаўся чалавекам.

Адкiнуўшы ўбок ідаалагiчныя i палiтычныя ўмоўнасцi, якiя сёння гнятуць нашую навуку, заўважым, што працытаваныя радкi сведчаць пра даволi значную адметнасць гiстарызацыi нацыянальнай свядомасцi – адметнасць, у вынiку якой раалii жыцця робяцца часткаю гiстарычнага міту, абміталагiзоўваюцца мастацкай творчасцю; гэтыя раалii беларускае мастацтва адпачатна ўважае як натуральны працяг беларускай гiсторыi, якiя яно, мастацтва, вытварыла сакральна на падставе міталагiчна-фальклёрнага рамантызму. Адбываецца якаснае пераўтварэнне беларускага мастацкага светатворства: у пошуках i тварэннi сваёй гiсторыi мастакi-лiтаратары прыходзяць ад мітарамантычнае мiстыфiкацыi-пошуку да мітараалiстычнае “фальсiфiкацыi”-канстатацыі нацыянальнай рэчаiснасцi.

Міталагiзацыя беларускае гiсторыi – важны фяномен гiстарызацыi нацыянальнае свядомасцi. Маладая беларуская лiтаратура з дапамогаю народных міталагiчных сродкаў, свае міталагiчнае асацыятыўнасцi сакральна стварае нацыянальны свет беларуса.