Абстрэл цягнуўся ўсю ноч — то крыху слабеючы, нават прыпыняючыся, то разгараючыся з новаю сілай. Білі найбольш мінамёты. Іхныя міны з прарэзьлівым віскам рэзалі паветра ў самым зэніце, віскат набіраў сілу — і неўзабаве абрываўся рэзкім аглушальным выбухам. Праўда, білі болей у тыл, па недалёкай вёсцы, туды ішло цераз неба страхавітае міннае скуголеньне, і там пыхалі бліскавіцы выбухаў. Тут, на дзірваністым пагорачку, дзе зьвечара акапаліся аўтаматчыкі, было трохі зацішней. Але гэта, мабыць, таму, — думаў памкамузвода Мацюхін, — што аўтаматчыкі занялі гэты бугор, лічы, у прыцемку, немцы тут іх, мабыць, яшчэ ня згледзелі. Але згледзяць, вочы ў іх відушчыя, оптыка таксама зоркая. Да паўночы ён хадзіў ад аднаго аўтаматчыка да другога — прымушаў акопвацца. Тыя, аднак, ня дужа налягалі на свае лапаткі, забегаліся за дзень і цяпер, наставіўшы каўняры шынялёў, болей ладкаваліся кімарнуць. Але, мусіць, адбегаліся. Наступленьне, здаецца, выдыхалася, за ўчарашні дзень узялі толькі вунь тое дашчэнту разьбітае, спаленае сяло і на гэтым бугры заселі. I нават начальства перастала падганяць: за ноч да іх ніхто не зьявіўся — ні са штабу, ні з палітаддзелу, таксама, мабыць, уходаліся за тыдзень, наступаючы. А галоўнае — выдыхлася артылерыя: ці куды перакінулі, ці забракавала снарадаў. Учора пастралялі крыху палкавыя мінамёты і сьціхлі. У восеньскім полі і захмараным небе адно віскаталі і з трэскам ахалі нямецкія міны, здаля, ад ляска, джагалі іхныя кулямёты, з участка суседняга батальёна ім часам адказвалі нашыя “максімы”. Аўтаматчыкі ж пераважна маўчалі. Па-першае, было далекавата, а па-другое, бераглі патроны, якіх таксама засталося ня Бог ведае колькі. У самых гарачых — па адным дыску на аўтамат. Памкамузвода думаў, падвязуць ноччу, ды не падвезьлі, мусіць, адсталі, заблукаліся ці перапіліся тыя тылы, так што ўся спадзёўка цяпер на саміх сябе. Таму, што будзе заўтра — аднаму Богу вядома. Раптам папрэ немец, што тады рабіць? Па-сувораўску адбівацца штыхом ды прыкладам? Але дзе той штых у аўтаматчыкаў, ды й прыклад надта кароткі.
Не зважаючы на восеньскую сьцюжу, пад ранак кімарнуў у сваёй ямцы-акопчыку і памкамузвода Мацюхін. Не хацеў, а во не стрываў. Пасьля таго, як лейтэнанта Клімоўскага аднесьлі ў тыл, ён цяпер камандаваў узводам. Лейтэнанту здорава не пашанцавала: асколак нямецкае міны добра-такі крамзануў яго ўпоперак жывата, выпалі кішкі, невядома, ці ўратуюць лейтэнанта і ў шпіталі. Летась Мацюхін быў паранены ў жывот, але не асколкам — куляй, таксама натрываўся болю і страху, але неяк выкараскаўся ад кашчавай. Тады яму ўвогуле пашэнціла, бо параніла побач з дарогай, па якой якраз ішлі парожнія машыны. Яго ўвалілі ў кодаб, і праз гадзіну ён быў ужо ў санбаце. А калі вось так, з вываленымі кішкамі, цягнуць цераз поле, штораз падаючы пад выбухамі...
Таму Мацюхіну трывожна і клопатна, усё трэба дагледзець самому, камандаваць узводам і бегаць па выкліках да начальства, дакладваць, апраўдвацца і слухаць нэрвовыя начальніцкія мацюгі. I, тым ня менш, стома перамагла неспакой і ўсе ягоныя клопаты, старэйшы сяржант задрамаў пад віскат і выбухі мінаў. Добра, побач ужо акапаўся малады ўвішны аўтаматчык Казыра, памкамузвода загадаў яму назіраць і слухаць, спаць — ні-ні, ні ў якім разе — іначай бяда. Немцы таксама спрытныя ня толькі ўдзень, але і ўначы. За два гады вайны Мацюхін нагледзеўся рознага.
Неўпрыцям заснуўшы, Мацюхін адчуў сябе нібыта дома, быццам ён задрамаў на прызьбе ў нейкай дзіўнай зьнямозе; можа, п'яны, і быццам суседзкая сьвіньня сваім сьцюдзёным лычом тыкаецца ў ягонае плячо — ці ня хоча схапіць за яго зубамі. Ад непрыемнасьці памкамузвода прачнуўся і адразу адчуў, што за плячо яго сапраўды хтось тузае — будзіць, ці што.
— Што такое?
— Гляньце, таварыш памкамузвод!..
У шэрым сьвітальным небе над акопчыкам хілілася танклявая постаць Казыры, які ўзіраўся, аднак, ня ў бок немцаў, а ў тыл, яўна там чымсь зацікаўлены. Трываючы ранішнюю дрыжаку ў целе, Мацюхін прыўстаў на каленях і згледзеў непадалёк цёмны грувасткі абрыс аўтамабіля з коса настырчаным верхам; там жа ціха і стрымана варушыліся людзі.
— “Кацюша”?..
Мацюхін усё зразумеў і ціха, сам сабе вылаяўся. То рыхтавалася да залпу рэактыўная “кацюша”. I адкуль яе прынесла сюды? I чаму менавіта сюды, на гэты бугор, да ягоных аўтаматчыкаў?
— От цяпер зададуць немчуры! От зададуць! — радаваўся Казыра.
Іншыя байцы з бліжніх ямак-акопчыкаў таксама, відаць, заінтрыгаваныя нечаканым начным суседзтвам, павылазілі на паверхню. Усе зь цікавасьцю сачылі, як ля аўтамабіля стрымана варушыліся артылерысты, карпатліва ладзячы свой знакаміты залп. “Чорт бы іх узяў зь іх залпам!” — нэрваваўся памкамузвода, які ўжо ведаў кошт гэтых залпаў. Карысьць, хто ведае якая, за полем у тым ляску ня многа пабачыш, а клопату, глядзі, наробяць...
Між тым над полем і ляском, што ўжо зачарнеўся наперадзе, патроху пачало сьвітаць. Праясьнела хмарнае неба ўгары, дзьмуў сьвежаваты вецер, відавочна зьбіралася на дождж. Памкамузвода ведаў, што калі папрацуюць “кацюшы”, дык абавязкова пасыпле дождж. Урэшце там, ля машыны, мітусьня нібы прыціхла, усё, здаецца, замерла, некалькі чалавек адбегліся далей, за машыну, данесьліся глухаватыя словы нейкай артылерыйскай каманды. I раптам над галовамі ў паветры рэзка віскнула, загуло, засквірчэла, агняныя хвасты ўдарылі ў зямлю за машынай, цераз галовы аўтаматчыкаў пырхнулі і зьніклі ракеты. Воблака пылу і дыму, закруціўшыся ў белай віхуры, ахутала “кацюшу”, частку акопчыкаў і пачало расплывацца па схіле пагорка. Яшчэ ня сьціх гул у вушах, як там ужо закамандавалі — на гэты раз гучна, ня тоячыся, са злоснай рашучасьцю, да машыны кінуліся людзі, хутка паўскоквалі на яе падножкі, і во яна праз рэшту ўзьнятага залпам пылу пасунулася з пагорка ўніз да сяла. У той час наперадзе за полем і ляском грымотна загрукала — чарада раскацістага працяглага рэха данеслася з далечыні.
— О, даець, о даець немчуры праклятай! — зьзяў маладым курносым тварам аўтаматчык Казыра. Іншыя таксама, павылазіўшы наверх ці пастаўшы ў акопчыках, з захапленьнем узіраліся ў незвычайнае відовішча за полем, поўныя стрымана-страхавітай салдацкай радасьці. Адзін толькі памкамузвода Мацюхін, бы скамянелы, стаяў на каленях у неглыбокім акопчыку і, як толькі за полем абарваліся глухія выбухі, закрычаў, што было моцы:
— Ва ўкрыцьцё! Ва ўкрыцьцё, такую вашу матары! Казыра, ты што...
Ён аж ускочыў на ногі, каб вылезьці з акопчыка ды пазаганяць аўтаматчыкаў у іхныя схованкі. Ды не пасьпеў. Дзесь там, за ляском, шчоўкнуў адзіночны выбух ці стрэл, і ў небе рознагалоса завыла, заскуголіла... Ураз, адчуўшы небясьпеку, аўтаматчыкі, бы гарох па стале, сыпанулі ў свае акопчыкі. I неба закалацілася, завыла, загрукацела... Першы залп нямецкіх шасьціствольных мінамётаў лёг трохі зь пералётам, бліжэй да сяла, другі — бліжэй да пагорка, а затым усё навокал перамяшалася ў суцэльным месіве выбухаў. Адныя рваліся бліжэй, іншыя далей, увесь пагорак ператварыўся ў дымна-агняны вулкан, які ўвішна таўклі, капалі, пералапачвалі нямецкія міны. Так цягнулася доўга, здавалася, бясконца доўга. Аглушаны, засыпаны зямлёй, Мацюхін курчыўся ў сваім акопчыку, з жахам чакаючы, калі... Калі ж... Але тое “калі” ўсё не наставала, а выбухі таўклі, калацілі зямлю, якая, здаецца, трэскалася, разломвалася на ўсю глыб, гінучы сама і цягнучы за сабой пагібель на ўсё астатняе.
Але во неяк пакрысе ацішэла...
Мацюхін засьцярожліва выглянуў — сьпярша наперад у поле: ці не ідуць? Не, адтуль, здаецца, яшчэ не ішлі. Затым ён зірнуў убок, на колішні ланцужок узводу аўтаматчыкаў, і ня ўбачыў яго. Увесь пагорак зеўраў ямінамі-варонкамі, быў завалены гліністымі выварацінамі, глыжы і зямля засыпалі ўсё навакольле, трава зьнікла зусім. Непадалёк пляската распласталася доўгая постаць Казыры, які не пасьпеў дабегчы да свайго акопчыка. Галава і верхняя частка ягонага цела былі засыпаныя зямлёй, ногі таксама, толькі на абцасах не стаптаных яшчэ чаравікаў паблісквалі высьлізганыя мэталёвыя касячкі.
Як яшчэ пацішэла і ветрам пачало зганяць у бакі высока ўзьняты пыл, Мацюхін вылез з акопчыка і пайшоў па пагорку. Трэба было палічыць, што ў яго засталося ад учарашняга ўзвода аўтаматчыкаў...