“Ня бойся госьця, які сядзіць, а бойся таго, што стаіць”, — гэтая прыказка разоў колькі прыходзіла ў галаву гаспадара, пакуль ён стаяў каля дзьвярэй кватэры, праводзячы спазьнелага госьця. Ужо яны разы тры паручкаліся, і гаспадар разы тры памыкаўся расчыніць дзьверы, а госьць усё ня мог скончыць думку, а як сканчаў, тут жа за яе чаплялася наступная, ня меней абавязковая або цікавая. Выглядаў ён на прыкметным падпітку, хоць яны выпілі якіх па тры кілішкі пад каву, відаць было — чалавек у пэўным узрушэньні, гаварыў з эмоцыямі і быццам шчыра, нават узьнёсла, прыпыніць яго ў гаспадара не хапала рашучасьці.
— Паверце, мы як пачулі, дык унутры бы перавярнулася што. Жонка кажа: ты павінен тэлефанаваць, падтрымаць чалавека, усё ж несправядлівасьць жахлівая, як так можна ў наш час?
— Што ж... Значыць, можна, — вяла пагаджаўся прафэсар Скварыш, думаючы аб адным — як бы скончыць размову.
— Ну. I галоўнае — усе маўчаць. I на катэдры, і ў друку. А ў вас жа столькі вучняў! Адных асьпірантаў...
— Што рабіць...
— Во я й думаю: пад'еду вечарком, як пацямнее. Дык вы ўжо не крыўдуйце, што не патэлефанаваўшы...
— Ды не, нічога...
— Ага. Бо патэлефануеш — самі разумееце... Што цяпер скажаш па тэлефоне?..
Ці не ў чацьверты раз паціснуўшы гаспадарову руку, госьць урэшце пераступіў парог, і Скварыш зь вялікай палёгкай зачыніў за ім дзьверы. У душы прафэсара была мешаніна пачуцьцяў — прыкрасьць ад гэтага запозьненага візыту блыталася з удзячнасьцю за словы, здаецца, поўныя шчырага спачуваньня. Усё ж падобна было, што Красьнянскі гаварыў шчыра, сапраўды хацеў суцешыць яго і абураўся на несправядлівасьць улады. Але вось поўнай задаволенасьці ад таго не было, штось перашкаджала, муляла, утварала нутраны дыскамфорт ад усёй гэтай сустрэчы.
Застаўшыся адзін, Скварыш выключыў верхні сьвяцільнік у вітальні, вярнуўся ў кабінэт, дзе на нізенькім століку пры канапе стаялі два кубкі зь недапітай кавай, паўбутэлькі “Белага аіста”. Скварыш усё перажываў сустрэчу. Красьнянскі ня быў ягоным любімым асьпірантам, не вылучаўся ні асаблівымі здольнасьцямі, ні біяграфіяй. Наогул, пра яго Скварыш ведаў няшмат — ну, нарадзіўся недзе на Палесьсі, ці не на Тураўшчыне, служыў у войску, працаваў на мэталаапрацоўчым заводзе, скончыў вечаровую школу. У асьпірантуру прыйшоў не з камсамолу і, здаецца, без валасатай рукі. Жонку ягоную ён бачыў аднойчы, як у выхадны спаткаў на праспэкце ўсю іх сямейку з дачушкай, — так, нішто сабе, хоць і не прыгажуня, але даволі мілавідная маладая асоба. Ішлі, елі марожанае, жонка ветліва, нават трохі лісьліва павіталася, мабыць, Красьнянскі пасьпеў ёй шапнуць, што гэты цельпукаваты таўстун з партфэлем і ёсьць ягоны навуковы кіраўнік дысэртацыі. За апошнія гады праз Скварышавы рукі прайшло іх нямала, будучых кандыдатаў навук; былі здольныя, былі так сабе, трапляліся й ня надта. Адносіны зь імі Скварыш стараўся захоўваць з усімі роўныя — і са здольнымі, і з тымі, што ня надта, нікога асабліва не вылучаючы ні ў якім сэнсе. Тыя, што абараніліся, “аступеніліся”, неяк паволі аддзяляліся, ішлі ў сваё жыцьцё. Іншыя ад'яжджалі ў блізкія ці далёкія гарады, дзе знаходзілі працу, сьпярша пісалі, часам тэлефанавалі, прысылалі паштоўкі зь віншаваньнямі пад рэвалюцыйныя сьвяты. Але з часам тыя сувязі глухлі, засыхалі, патрэба ў зносінах меншала, пакуль не зьнікала зусім. Мусіць, так было б і з Красьнянскім, калі б з навуковым кіраўніком яго ня здарылася няшчасьце. Самае страшнае няшчасьце, горш за якое можа быць толькі калецтва ці сьмерць. Ды тое й была сьмерць — хіба не фізычная — грамадзянская. Але ад яе нядоўга дайсьці і да фізычнай, Скварыш адчуваў гэта пэўна.
Верхняе сьвятло з кабінэта праз расчыненыя дзьверы падала ў вітальню і часткай у большую залю, дзе касой плямай ляжала на стракатым дыване, мякка ступаючы па якім, Скварыш прайшоў да цёмнага вакна, паўзіраўся праз шыбіны на падворак. Унізе пад цёмнымі кронамі таполяў слаба адсьвечваў асфальт падворка ад адзінае лямпы ліхтара, бялелі вярхі некалькіх аўтамабіляў, прыткнутых нанач адзін за адным да бардзюра. Ён ведаў гэтыя аўтамабілі — два белыя “Жыгулі”, жоўты, зачуханы “Запарожац” і новая “Волга”, што належала нядаўняму адстаўніку палкоўніку. Часам там паяўляліся і незнаёмыя машыны — стаялі нейкі час і зьнікалі, калі-нікалі заставаліся на ноч, калі хто прыяжджаў на госьці да сваякоў у гэтым вялікім доме. Цяпер чужых аўтамабіляў, здаецца, не было відаць, не было і “Волгі” — мабыць, палкоўнік начуе на дачы. Скварышава жонка з унукамі таксама ўчора зьехала на дачу, а ён застаўся на гарадзкой кватэры, сказаў, ёсьць справа. Хоць справы ў яго не было ніякай, проста хацелася пабыць аднаму, на адзіноце са сваёй бядой. Ды во гэты візыт, які заняў увесь вечар і дашчэнту разбурыў ягонае адчуваньне адзіноты. Зрэшты, можа, і добра, што разбурыў, бо адзінота зь нейкай пары таксама ня стала паратункам, як не было ім і шматлюдзьдзе. Для прафэсара наставала пара, калі людзей ля яго ўсё меншала, а часам тыя і зусім зьнікалі, асабліва зь ліку сяброў, калегаў; адзінота вакол яго ўпарта шырылася, абкладвала яго тоўстым глухім пухіром. Тое было нязвыкла, нават палохала, і ён ня ведаў, як лепш — дома безь людзей ці дзе на людзях ня дома.
Тое, што не было чужых аўтамабіляў унізе, трохі яго супакоіла, хоць, падумаў ён, машына магла ўжо і ад'ехаць, пакуль ён разьвітваўся з Красьнянскім. Але калі той не патэлефанаваў папярэдне, яны маглі і зяўнуць. А можа, яны ўладкаваліся дзе ў іншым месцы, далей на падворку, дзе цень ад таполяў быў гусьцейшы, а сьвятло ліхтара не дасягала далёка. Неяк вясной Скварыш выйшаў з кватэры прайсьціся перад сном, вечар быў слаўны, ён далекавата зайшоў у задуме — аж за будоўлю на суседняй вуліцы, і вяртаўся наўпрасткі, задворкамі. I ў канцы падворка натрапіў на незнаёмую машыну, звычайныя шэрага колеру “Жыгулі”, і, мабыць, прамінуў бы яе ў прыцемку, калі б адтуль не пачуўся ціхі прыглушаны голас: “Аб'ект удаліўся на той бок, спыняю назіраньне”. Скварыш пахаладнеў, зразумеўшы ўсё, і хуценька пайшоў прэч, уцягнуўшы галаву ў плечы. Збоку, блізка за газонамі сьвяціліся дзясяткі вокнаў зь фіранкамі, безь фіранак, і нават адчыненых у гэты пагодны вечар, нехта там, мабыць, і не здагадваўся, што яго падслухоўваюць. Ды й як здагадаесься?
Скварыш ня стаў тузаць штору, занавешваць вакно, так было зручней — яго тут, у змроку, не маглі бачыць знадворку, ён жа што-колечы бачыў. У расплывістай пляме сьвятла пад ліхтаром нячутна сьлізганула жаночая постаць з сумкай, павярнула ў крайні пад'езд; зь сярэдняга пад'езда выбег мужчына з сабачкам — абое зьніклі насупраць пад таполямі на газоне. Адтуль жа, з-пад таполяў, чуўся малады прыглушаны голас і сьмех. Скварыш ня бачыў адсюль, але ведаў: там, у альтанцы, ля дзіцячай пясочніцы зьбіраліся нанач дзецюкі, часам зь дзеўкамі — па-маладому забаўляліся далёка за поўнач. Але, мусіць, ня толькі забаўляліся. Аднойчы адзін зь іх, мабыць, добра паддаўшы, прайшоў каля шэрагу сонных аўтамабіляў, пакідаючы на кожным адмеціну — арматурнай жалязякай. Так, без усялякай мэты, дзеля свавольства. А можа, ад клясавай нянавісьці да іхных уласьнікаў. Скварыш яшчэ пастаяў ля вакна, паўзіраўся з восьмага паверху ўніз, пасьля — у зьвечарэлае неба, дзе над плоскімі дахамі блізкіх дамоў засьвяцілася і журботна вісела адзінокая зорка. Міжволі ён імкнуўся адсюль, з уласнай кватэры, кудысьці туды, на волю, бо тут ён бяз рэшты страціў спакой, душэўны камфорт, а гэты візыт Красьнянскага разварушыў яго, зьбіў з тропу, і як ён ні супакойваў сябе, супакоіць ня мог. Чаго прыяжджаў асьпірант, што меў на мэце? Ці сапраўды, каб паспачуваць, сагрэць чалавечай цеплынёй у трудны твой час? Ці...
Менавіта гэтае “ці” балючаю стрэмкаю засела ў Скварышавай душы, не даючы як-небудзь супакоіцца перад ноччу.
Ён яшчэ не адышоўся ад вакна, як у вітальні затрашчаў тэлефон, і Скварыш аж здрыгануўся. Пасьля напяўся, зьнерухомеў — не, трубку ён, вядома, ня зьніме. Цяпер ён баяўся тэлефона, ужо другі месяц не размаляў па ім — з таго часу, як яго паклікалі на бюро райкаму. Памятнае праклятае бюро, яно падкасіла жыцьцё, увесь лёс павярнула ў невядомы страхотны бок, разам з партыйным білетам адабрала, здаецца, волю да жыцьця, пакінуўшы толькі вось гэта — тайныя страхі, чаканьне невядомага, мабыць, яшчэ горшага. Пэўна ж, горшага. Бо на выключэньні яны ня спыняцца; даўно вядома, што яны дзейнічаюць па законах зграі: калі хтось закульгаў і ня можа гарцаваць нароўні з усімі, дык яго трэба расшкуматаць і зжэрці — выбракаваць, каб не псаваў усёй зграі. Законы зграі, мабыць, адныя й тыя ж, што ў зьвяроў, што ў людзей. Тысячагадовая эвалюцыя віду тут мала што значыла і ў тых, і ў гэтых.
Але ж гэты Красьнянскі... Ну чым ён, Скварыш, мог выклікаць у яго такое спачуваньне, прымусіць да рызыкі — гэтага вечаровага наведваньня і гутаркі на мяжы рызыкі. Канечне, Скварыш ужо быў вучаны й ня надта раскрываўся ў адказ на ўвогуле разумныя, але й небясьпечныя пасажы асьпіранта. Асабліва наконт Афгану. Але і зусім адмаўчацца было неяк, ён мусіў то кіўнуць галавой, то пагадзіцца дзе адным словам, дзе толькі намёкам на згоду. I толькі калі асьпірант загаварыў пра колішнюю лекцыю Скварыша, дзе ён выказаў некаторае сумненьне наконт палітыкі калектывізацыі, прафэсар заўважыў, што ён зусім ня ў сэнсе адмаўленьня, а хутчэй канструктыўнага асэнсаваньня — вядома ж, у рамках палітыкі партыі, хіба з трохі інакшым аспэктам. Красьнянскі ж быццам не пачуў таго і горача даводзіў пра шматмільённыя закупы збожжа за рубяжом як наступства тае калектывізацыі. Вядома ж так, думаў Скварыш, каму тое не вядома, але навошта пра гэта гаварыць? Хіба ён не разумее, гэты гаварлівы асьпірант, што прафэсар ня можа яму адказаць у той самай меры адкрытасьці, мусіць адмоўчвацца? А калі разумее, дык што гэта? Вельмі ўжо падобна на правакацыю, небясьпечную, нават страшную для чалавека, выключанага з КПСС.
А калі не? А калі ўсё тое ад наіўнай шчырасьці, элемэнтарнай чалавечай спагады? Усё ж Скварыш быў неблагі прафэсар, студэнты яго любілі, ён ведаў гэта і даражыў сваёй рэпутацыяй, часьцяком адчуваючы прыязнае стаўленьне да сябе. Бо стараўся не крывіць душой, ня надта даказваць тое, што было і без таго зразумела кожнаму. Не шчыраваў — ні за Леніна, ні за Брэжнева, хацеў быць памяркоўным марксістам, наколькі тое было магчыма ў гэты пракляты час. Ды не ўдалося...
Тэлефон зноў празваніў раз і другі — мусіць, нехта ўсё ж ведаў, што ён дома, але Скварыш усё роўна не падышоў да тэлефоннай тумбачкі, хоць і затрывожыўся яшчэ болей. Замест таго ён ціхенька пратупаў у кабінэт, наліў з бутэлькі ў сваю чарку і кулянуў, не закусваючы. Дзіўна, але надта не цягнула і выпіць, хоць для таго былі ўсе ўмовы — ня трэба было ні рыхтавацца да лекцыі, ні ўранку ехаць у інстытут. А выпіўшы, як во цяпер, ён не п'янеў, галава была цьвярозая, дэпрэсія не міналася, можа, нават большала. Каньяк, які ўвогуле ён любіў, цяпер здаўся рэзкім, нясмачным, амаль агідным. На гэты раз ён сеў пры стале на канапе, утаропіўшыся невідушчым зрокам у круглыя плямы на бліскучай паверхні, думаў. Надта яго бянтэжыў гэты візыт Красьнянскага, адчуваў: тое ня так сабе, мабыць, за тым нешта тоіцца. А што — здагадацца было няцяжка. Красьнянскага падаслалі.
Тое, што ён “пад каўпаком”, Скварыш зразумеў яшчэ да выключэньня, можа, нават зімой, як атрымаў аднойчы ліст з-за мяжы, з Кембрыджу. Пакет быў з добрай паперы, але адзін ягоны канец, відаць было, адклейваўся, бо заклеены быў надта старанна і гэтак жа старанна запрасаваны. Тады ён стаў узірацца на іншыя канвэрты і згледзеў, што з адваротнага боку ўсе яны былі нібы калісьці намочаныя й старанна высушаныя. Мусіць, тое ж тычылася і ягоных тэлефонных размоваў — на катэдры, дома: перапады ў гучаньні, староньнія шчаўчкі кантактаў — чаго раней не было. Ён амаль перастаў пісаць лісты знаёмым, толькі рэдчас паштоўкі. Па тэлефонах гаварыў каротка і самае неабходнае. Але менавіта тады заўважыў, што да яго па тэлефонах зачасьцілі — знаёмыя і малазнаёмыя, і зусім чужыя людзі. Іншыя гаварылі далікатна, часам кранаючыся рызыковых тэмаў, іншыя ж наўпрост пыталіся, як ён ставіцца да злачыннай гібелі нашых хлопцаў у Афганістане, да таго, што абмежаваны кантынгент нашых войскаў за столькі гадоў ня можа даць рады агідным наймітам імпэрыялізму — афганскім душманам. Як мог, ён выкручваўся, стараўся не гаварыць пэўна, але некаторыя патрабавалі пэўнага адказу. Было няёмка, агідна, хацелася вылаяцца і кінуць трубку.
Цяпер гэты Красьнянскі...
I быццам жа харошы хлопец, так шчыра дзякаваў за сумленьне, якое цяпер ня часта праяўляецца ў людзях, казаў, што правільна ён гэта — пра Афган. У яго самога, Красьнянскага, нядаўна ў Афганістане загінуў стрыечны брат, прывезьлі ў цынкавай труне, хавалі ўсім калгасам, маці самлела, труну не адкрылі, забараніў ваенкамат, і як уведаеш, хто там — можа, зусім і ня іх хлапец. Скварыш ужо чуў пра такія выпадкі, калі хавалі чужых замест сваіх, вайскоўцы чамусьці блыталі, нават у такой справе не было парадку. Але цяпер, думаў ён, тое, можа, і ня надта важна. Тая вайна несправядлівая ва ўсіх сэнсах, нават паводле марксізму-ленінізму, а тыя, хто яе ўсчаў, рана ці позна будуць названыя злачынцамі і праклятыя. Але што з таго радасьці яму, Скварышу, пакуль вось праклінаюць таго, хто пасьмеў пра іх заікнуцца. Яго выключылі з партыі, здаецца, хутка выганяць з працы. Хоць ён і падаў апэляцыю і ўжо напісаў нямала папер, “аб'ясьніцельных”, даказваючы, што нічога падобнага не гаварыў і нават ня думаў. Што ён цалкам і поўнасьцю падтрымліваў і падтрымлівае зьнешнюю і ўнутраную палітыку партыі, інтэрнацыянальную дапамогу братняму афганскаму народу. Да агіды лісьліва і вернападдана. Было брыдка ўспомніць, як ён на бюро райкаму, дзе яго выключалі, фальшыва апраўдваўся, і тое яму, мабыць, кепска ўдавалася, райкамаўцы наўрад ці верылі яму. Неяк ён не стрымаўся, закалацілася сэрца, прыйшлося пры тых самаўпэўненых маладых функцыянэрах даставаць валідол, рукі трэсьліся, бубачкі лякарства пасыпаліся на калені, паскакалі ва ўсе бакі па бліскучай падлозе. Малады мардаты сакратар на хвіліну прыпыніў свой допыт і, нібы падсумоўваючы, сказаў: “Шкада, ня хочаце вы раззбройвацца перад партыяй”. “А я й ня ўзбройваўся. Я нічога ня маю супраць маёй партыі”, — сказаў тады ён і сам зьдзівіўся ненатуральнай лісьлівасьці свайго голасу. Сакратар толькі крыва ўсьміхнуўся, седзячы за сталом пры шасьці тэлефонах на тумбачцы. “А ў нас ёсьць матэрыялы, якія сьведчаць якраз наадварот. Напрыклад, у сакавіку вы сьцьвярджалі, што наш абмежаваны кантынгент у Афганістане зьнішчыў каля аднаго мільёна афганцаў. Адкуль вам вядомая гэтая хлусьня?” Яны ўсе, колькі іх было там, можа, чалавек дваццаць, што расьселіся каля даўгога стала і пад сьценамі, варожа ўтаропіліся ў яго. А ён маўчаў, пакутна згадваючы, каму ён гаварыў пра тое. Адкуль сам ведаў гэтую лічбу, памятае пэўна — тое казала радыё “Свабода”, якое ён начным часам слухаў, што-колечы разьбіраючы праз глухі трэскат глушылак. Агідным, пісклявым голасам ён пачаў адмаўляцца, гатовы быў пабажыцца, што нічога падобнага не гаварыў, хоць менавіта тады раптоўна ўсё прыпамятаў. Але як можна было прызнацца. Доўга сядзець нерухома Скварыш ня мог, прыгнятала начная цішыня, ён ня мог знайсьці сабе ўтульнага месца і пайшоў туляцца па невялікай трохпакаёвай кватэры. Забрыў на кухню, уключыў сьвятло. Мог бы зварыць сабе кавы (усё ж занятак), але кавы ён выпіў тры кубкі, мабыць, на сёньня годзе. Расчыніў халадзільнік, паўзіраўся ў сякі-такі запас харчу — кавалак каўбасы ў рудай паперы, бутэлька кефіру, некалькі плоскіх бляшанак кансэрваў, — нічога ў яго не выклікала апэтыту, жаданьня зьесьці. Што-небудзь варыць, натуральна, ён не хацеў, не хацеў нават сасмажыць яешню, якую ўвогуле любіў і еў з задавальненьнем, калі яе смажыла жонка. Разьбітае шкло ў дзьвярах на кухонны балькон каторы раз напомніла пра непарадак, але цяпер ён падумаў, што шкло ўставіць ня хутка. Было не да таго. Ён асьцярожна расчыніў дзьверы і выйшаў на балькон, паклаў рукі на яшчэ цёплыя ад дзённага сонца парэнчы і здрыгануўся: на суседнім бальконе з асьветленай ззаду сьпінаю ў гэткай самай позе стаяў і курыў сусед. Скварыш адхіснуўся, хуценька вярнуўся на кухню і прычыніў дзьверы. Цяпер ён не хацеў бачыць нікога, ні з кім размаўляць; усё здавалася, што ў яго занадта цікаўна ўзіраліся і ўжо напэўна ўважліва слухалі. Ці падслухоўвалі. Цікава, падумаў Скварыш, ці была чутная на бальконе іхная гаворка ў кабінэце ды асабліва ў вітальні каля дзьвярэй. I ці даўно ён стаіць там, гэты сусед у майцы.
Ён зноў вярнуўся ў кабінэт. Прыбіраць зь нізкага століка нічога ня стаў, стомлена апусьціўся ў крэсла за пісьмовы стол. Уключаная настольная лямпа асьвяціла вольны ад папераў кавалак стала... Надта мутарна было на душы ў прафэсара, вялікі сумнеў тачыў яго ўсё болей — дык проста ці не заходзіў Красьнянскі? А што, калі ў гэты час ён ужо сядзіць у КГБ і апісвае іхную тут гутарку? Ці, можа, запісаў усё на магнітафон і заўтра аднясе ў вядомы дом на праспэкце? У такім выпадку, адзін паратунак — апярэдзіць самому. Інакш яму пэўны капец — і працы, і кар'еры. А то і жыцьцю. Але зноў жа
— як напісаць? А калі тое яму толькі здаецца, а Красьнянскі ўсё — па сваёй чалавечай шчырасьці, па дабрыні...
Праклятае становішча, яго адчуваў Скварыш кожнаю мазгавой зьвілінай, кожным кончыкам нэрваў. Усё здавалася: трэба нешта прыдумаць, нешта зрабіць, набрысьці на якое выйсьце. I ён думаў, напружваў мазгі, а выйсьця не знаходзілася. Ці яго не было наогул? Але ж такога не могло стацца, усё ж павінна быць нейкае выйсьце.
Ён зноў пачаў блукаць па кватэры, паласатай дарожкай пратупаў да зачыненых на два замкі, абабітых цыратай дзьвярэй, павярнуўся назад. Зь вялікага календара на сьцяне ад Новага году звыкла ўсьміхалася яму прыгожанькая японка, ніжай чарнелі два шэрагі лічбаў летняга месяца. Чорная пара, праклятыя месяцы, падумаў прафэсар, колькі яны задалі турбот, перажыванак, пакутнай няпэўнасьці. Калі парткамісія ЦК, куды ён зьвярнуўся, зацьвердзіць ягонае выключэньне, дык будзе канец. Кранты! Няўжо такое магчыма?
А чаму б і не?
Выключылі ж з партыі дацэнта Куліковіча, неблагога разумнага чалавека, вэтэрана вайны, толькі за тое, што той выступіў на сходзе супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну і ня ўзяў сваё выступленьне назад, калі яго паклікалі ў гаркам. Не павініўся. Зрэшты, выключылі нават не за гэта, а быццам знайшлі, што, будучы ў нямецкім палоне, ён ня надта добра сябе паводзіў. Раскрылі тое менавіта пасьля ягонага выступленьня на партыйным сходзе, а раней быццам таго ня ведалі. I згарэў дацэнт. Казалі, пасьля таго ўладкаваўся грузчыкам на агароднінавую базу, іншай працы ў горадзе яму не знайшлося. Пасьля некуды зьехаў. А можа, зьвезьлі.
У вітальні ляжаў мяккі санлявы прыцемак, трохі адбліскваў паркет ля кабінэту і ён пачаў тупаць сюды-туды — пяць крокаў ад дзьвярэй да люстэрка і столькі ж назад. У тапках на дарожцы было зручна і зусім ціха. Цікава, ці дазваляюць у турме хадзіць у тапках, унутрана паморшчыўшыся, падумаў прафэсар. У яго даўно былі хворыя ногі, і дома ён заўжды стараўся карыстацца тапкамі. Але пра турму ён, вядома, дарма падумаў. Ня трэба загадзя каркаць на сваю галаву.
Хадзіць так — узад-уперад — нават спадабалася, усё ж гэты занятак ад чагось адцягваў, даваў працу нагам. I ён прыпамятаў, як некалі малым хлопчыкам упершыню ўбачыў у заапарку мядзьведзя, што ў сваёй клетцы гэтак жа тупаў сюды-туды. Тады ён аж пашкадаваў касалапага небараку, мабыць, таму дужа мутарна, і ён гэтак цэлыя гадзіны тупае й тупае. Цяпер сам ці ня ў гэткім становішчы. У клетцы. Толькі яму ці паспачувае хто? Апроч хіба гэтага асьпіранта Красьнянскага.
Задаў яму клопату Красьнянскі.
Усё ж, мабыць, трэба напісаць. Ня можа таго быць, каб гэты асьпірант, зь якім у яго не было ніякіх адносін, апроч чыста службовых, так ужо растаў ад спачуваньня да яго бяды і прыехаў адно суцешыць зь іншага канца гораду. Каб паспачуваць толькі. Сьпярша прафэсар падумаў, што ён па якой патрэбе, можа, папрасіць грошай ці пахадайнічаць перад кім? Ці наконт кватэры (такіх просьбаў ён меў ці ня кожнага месяца)? Але не. Нічога не прасіў Красьнянскі, так і сказаў: толькі каб давесьці сваю чалавечую падзяку за праўду і сумленнасьць. За праўду? Добрая, вядома, штуковіна праўда для таго, хто яе спажывае, калі яна зьвернутая да нас. Але наша праўда... Во і тады ён выдаў два словы праўды, якія, здаецца, спляжаць яму ўсё жыцьцё. Трэба ж было... Сапраўды, ён забыўся, што можна было што-нішто сказаць аднаму, але ня больш. Калі ж цябе пачулі больш за аднаго, дык твая справа трэснула. Гэта пэўна.
Увогуле, справа была ў бутэльцы — праклятай бутэльцы, здаецца, армянскага, якую яны выпілі ўтрох. Выпівалі ня першы раз, пасьля парыльні. Увечары некалькі чарак няблага спрыялі сасудам, распаранае цела, апаласнутае ў басэйне пры саўне, нібы абнаўлялася, маладзела, зьнікала назапашаная за тыдзень стома; лёгкі і спрытны рабіўся розум. Тая размова адбылася па дарозе да прыпынку тралейбуса. Яны закурылі, Бокач нешта памянуў пра Афган, яму штосьці няпэўна адказаў Волахаў, і тады ён, Скварыш, прыпамятаў начную перадачу “Свабоды” і зь неўласьцівай яму жвавасьцю пераказаў яе. Вядома, усё праз каньяк ды парыльню, інакш бы, напэўна, ён змоўчаў. Бокач з Волахавым неяк хмурна паслухалі яго, на хадзе зацягваючыся цыгарэтамі, а ён яшчэ дадаў пра злачыннасьць тае вайны, за якую калісьці прыйдзецца некаму адказваць. Цяпер ламай галаву, хто зь іх двух стукнуў. Удала стукнуў, нічога ня скажаш, узяліся за яго як мае быць. А з тых двух ніводзін і не патэлефанаваў, ні слова болей не сказаў яму. Бы ня чулі й ня ведалі, што зь ім робіцца.
А можа, яны стукалі ўдвох? Хіба такое немагчыма? Што з таго, што сябры, што Бокач і Скварыш некалі вучыліся разам, а Волахаву дачку ён уладкоўваў у інстытут — прасіў за яе дэкана, улагоджваў злую экзамэнатарку Папрышку, якая рэзала спрэс па фізыцы. Паступіла дзеўчына, а яе бацька стаў ягоным сябрам, колькі бутэлек зь ім выпілі — на сьвяты, у саўне, на рыбалцы. Мабыць жа, не павінны ён яго гэтак прадаць? Але і Бокач не павінны. Усё ж стары, шматгадовы сябра, некалі, яшчэ як былі бедныя студэнты, езьдзілі ўлетку да ягонага бацькі на Віцебшчыну, купаліся ў возеры і пілі адмысловую бацькаву самагонку. Не павінны Бокач яго прадаць. Ды вось прадаў. Хто з двух, мабыць, не дазнаесься ніколі.
Цяпер гэты Красьнянскі.
Дужа сьмелыя былі ягоныя думкі — і наконт Афганістану, і наконт Беларусі зь яе ўшчэнт лёкайскім парткіраўніцтвам. I наконт Брэжнева нешта закідваў. Перадражніў, як той называе сябе па тэлефоне: “Паважаны Леанід Ільіч слухае”. Слухаючы тое, Скварыш сядзеў, бы на іголках, так было яму не пад настрой, ён усё імкнуўся перавесьці гаворку на іншае, — пытаўся пра сям'ю, пра жонку — не памагло. Што жонка, што зь ёй зробіцца, быў адказ. Але вось гэтая гонка ўзбраеньняў... Далася тая гадзіна Скварышу, аж спатнеў увесь, пакуль зачыняў за Красьнянскім дзьверы.
Не, аднак жа, мусіць, ён яшчэ ня ў камэры-адзіночцы, каб так тупаць без канца па вітальні, і не мядзьведзь у клетцы. Усё ж у зальчыку было прастарней, Скварыш уключыў тэлевізар і выцягся на канапе. Як засьвяціўся экран зь нейкім старым чорна-белым фільмам, ён хацеў быў пераключыць канал на маскоўскі, ды паленаваўся ўставаць. Хвіліну спрабаваў зразумець сэнс пафаснага дыялёгу двух рабочых — маладога, даўгашыяга, са старым вусатым, — ды хутка страціў увагу, аддаўшыся ўсё тым жа сваім беспрасьветным думкам. Мабыць, трэба ўсё напісаць. Пакуль памятаў, пакуль што не забыўся. Бо забудзесься, а яны палічаць — утойваеш. Мабыць, у іх усё на ўліку — і словы, і думкі, і намеры. На тое яны спэцыялісты, у акадэміях вучацца. Мабыць, у іх ёсьць кандыдаты і дактары такіх справаў — тайных паліцэйскіх справаў, каб яны спрахлі, як сказалі б на вёсцы. Ды ня спрахнуць — яны дасканаляцца год ад году, даходзячы да мастацтва. Як з гэтым ягоным даносам. Данёс нехта адзін з двух ці, можа, абодва, і ён ніколі не дазнаецца, хто менавіта. I ён будзе абодвум паціскаць рукі і маўчаць, баяцца пакрыўдзіць невінаватага. Бо пакрыўдзяцца. Сам жа пакрыўдзіўся за адно толькі негрунтоўнае падозраньне. Але калі хто вінаваты, даносчык, дык, мабыць, пакрыўдзіцца яшчэ болей, і ты будзеш прасіць у яго прабачэньня. Між тым, на экране былі ўжо не рабочыя ў камбінэзонах, а трое дзяўчатак на беразе прыгожай летняй рачулкі, сярод маляўнічай сельскай ідыліі; на дзявочых галовах бялелі вяночкі з рамонкаў, дзяўчаткі трымаліся за рукі і, ідучы беражком, сьпявалі шчымлівую песьню. Тварык адной зь іх дужа напомніў кагось... Так, даўняе амаль трыццацігадовае знаёмства... Здаецца, імя яе было Валя. I ён быў нават трохі закаханы ў яе, у гэтую статную хахатушку, што неяк нечакана зьявілася ў іхнай кампаніі. Цяпер ужо цяжка і прыгадаць, хто прывёў яе — Бабкоў ці Сельмашынскі, два іхныя неразлучныя сябрукі, франтавікі-ардэнаносцы, кандыдаты ў члены партыі, хлопцы канчалі інстытут, сядзелі на дыплёмах і рыхтаваліся да прыёму ў члены. I менавіта ў той час органы завэрбавалі іх у сексоты. Але пара была пасьляваенная, яшчэ мела кошт франтавое сяброўства, і хлопцы амаль адначасна прызналіся адзін аднаму пра тую вярбоўку. Падзівіліся, вядома, але падзівіцца давялося яшчэ болей, калі першым заданьнем тых органаў Бабкову было нешта вызнаць пра бацькоў Сельмашынскага, а Сельмашынскаму — нешта дазнацца пра ягонага сябра. Сябры, вядома, згодна прасыгналілі, але тыя сыгналы папярэдне абгаворваліся і ўзгадняліся між імі, каб незнарок не нанесьці шкоды адзін аднаму. Мусіць, органы ўсё ж нешта западозрылі, і тады сярод іх паявілася Валя, вясёленькая такая хахатушка ў вэльвэтавым жакеціку. Яна неяк спрытна ўлезла між хлопцамі ды так павяла сябе ў адносінах да таго і другога, што тыя закахаліся ў яе абодва. А закахаўшыся, хутка паварагавалі, мабыць, ужо не ўзгаднялі свае сыгналы, пачалі пісаць інакш, чым раней. I сумна скончылася тое: абодва аднойчы зьніклі, і ніхто зь іх агульных знаёмых ня мог сказаць куды. А Валя неяк сустрэлася Скварышу ў цягніку Масква-Тбілісі, ехала з маленькай дачушкай, казала, туды пераводзяць па службе. А па якой службе, калі не сакрэт, пацікавіўся ён. Ды так, па вайсковай, па лініі мужа, сказала яна і адвяла позірк. Можа, і па вайсковай, падумаў ён, але навошта тады заклапочана адводзіць позірк? Ён і не заўважыў, як скончыўся фільм і на экране апантана замітусілася срэбра, тады ён устаў і ціскануў выключальнік. Час быў ня раньні, мусіць, трэба было ўставаць і пісаць. Усё, як было. Як, хто і што гаварыў. Хоць, зрэшты, амаль увесь час гаварыў Красьнянскі. Значыць, так і напісаць. Але ж то — данос на Красьнянскага? А што ён мог зрабіць, што яшчэ напісаць? Усё роўна той дасьць поўную справаздачу аб гэтай гаворцы. Няважна, у якой форме. Важна, каб тыя не падумалі, што ён нешта ўтойвае. Ня хоча раззбройвацца перад роднай партыяй. А так — калі ласка, ён паднімае абедзьве рукі, ён здаецца. Сам, добраахвотна. Карайце, калі хочаце. А можа, усё ж памілуеце? Праклятае гэта пачуцьцё надзеі на краі пагібелі, гэты рудымэнт пячорнага аптымізму. Ведаў жа, што не даруюць, спагоняць, як мае быць. А вось спадзяваўся... Ён ведаў, што менавіта схільнасьцю чалавека да надзеі на лепшае выдатна карысталіся немцы-фашысты. Выганяючы людзей на зьнішчэньне, яны клапаціліся, каб тыя ўзялі каштоўныя рэчы і цёплую вопратку і харчу на трое сутак. У лягерах зьнішчэньня іх сустракалі з аркестрам і перш-наперш вялі ў лазьню, на мэдагляд да кваліфікаваных спэцыялістаў, якія па адным стралялі ім у патыліцу. На ростамеры. Яны ўмелі зрабіць, каб людзі па-дурному спадзяваліся да самай апошняй хвіліны і паводзілі сябе адпаведна з уласнай надзеяй. Мусіць, так сябе паводзіць будзе і ён. Мабыць, ужо асуджаны, а ўсё чапляецца — за партбілет, за працу. Бо яны ж не гавораць, што заплянавалі яму. А яму хочацца як-небудзь выкараскацца з-пад іхнай навалы. А можа, а можа...
А ўсё ж, можа, яны і ўлічаць ягоную шчырасьць, зразумеюць яе як абсалютную ляяльнасьць і як-небудзь спусьцяць усё на тармазах, думаў ён, ня надта падрабязна, але ўвогуле правільна апісваючы сваю размову з Красьнянскім. Вядома, болей — словы і фразы Красьнянскага. Пад самы канец, калі ўсё амаль дарэшты было выкладзена на паперы, бліснула ўпартая думка-сумнеў: а калі ўсё ж тое — ад наіўнае шчырасьці? Сапраўды, ад спачуваньня да яго, старога кніжнага дурня? Тады што ж... Ён жа загубіць чалавека. I яго сям'ю. I яго малую дзяўчынку, здаецца, Ірачку з марожаным на палачцы, сьцятай у маленькім кулачку... Во д'ябальшчына, во становішча! Што ж тады ён робіць?
Але што было яшчэ рабіць?
Скварыш адсунуў ад сябе тыя дзьве старонкі дробнага тэксту — мабыць, горшага ён не пісаў за ўсе свае пяцьдзясят гадоў. Подлыя старонкі, нічога ня скажаш. Вылез з-за стала, наліў чарку каньяку, выпіў. Наліў другую... Пакуль чуцьцё ўпарта патрабавала нейкае пэўнасьці, канчатковага рашэньня, якога ўсё не знаходзілася; кожны варыянт быў горшы за папярэдні. Хоць варыянтаў тых было ў яго два. I абое — рабое...
Між тым, настала глыбокая ноч. Дом сьцішыўся, перасталі гудзець ліфты, грукаць дзьверы. За сьцяной у суседняй кватэры ціхенька паплакала ды сьціхла дзіця, мабыць, заснула. Жыхары ў сваіх сотах-кватэрах вялікага дому пакрысе сьцішыліся, паснулі, толькі ў трубах водаправоду часам чулася нейкае тоненькае жалобнае скуголеньне. Скварыш зноў пачаў хадзіць па кватэры, падыйшоў да цёмнага вакна ў зальчыку. На падворку ўнізе неяк быццам ярчэй, чым зьвечара, сьвяціў на мачце ліхтар, ярчэй сьвяціліся кодабы аўтамабіляў між счарнелых кронаў дваровых дрэваў. Цяпер там было сонна і пуста. I гэтак жа пуста і стомлена-сонна рабілася на душы ў прафэсара.
Можа, цяпер было б лепш, каб дома, а не на дачы была яго жонка Леакадзія Адамаўна, было б каму сказаць слова, ня глухнуць у гэтую маўклівую ноч. Хаця, можа, і ня лепш. З жонкаю ён ужо даволі нагаварыўся аб сваім няшчасьці, жонка яму не спачувала. Толькі дакарала за ягоны доўгі язык, за дзіцячую даверлівасьць. За дурную наіўнасьць. Можа, і так, ён ёй не пярэчыў. Жонку ён добра ведаў, пражыў зь ёю жыцьцё, яны выгадавалі дачку, гадавалі ўнукаў, але...
Было невялікае “але” ў іхным жыцьці, якое заўжды ў далікатных выпадках прымушала яго прытармазіць, успомніць, змоўкнуць, каб не перасягнуць апошнюю рысу шчырасьці. За той рысай была небясьпека, ён адчуваў гэта, хоць фармуляваць яе пазьбягаў, нават баяўся. Маўклівае табу доўгія гады ляжала за той рысай.
Ён тады быў яшчэ даволі маладым чалавекам, толькі што сьпечаны кандыдат навук, жылі яны на прыватнай кватэры, вядома ж, без тэлефона. Неяк улетку прыйшла тэлеграма, што занядужала маці — упала, зламала нагу, просіць, каб прыехаў. Ён хутка сабраўся, паехаў, зайшоў у раённую бальніцу, уладкаваў туды маці. Назад паехаў дні праз тры, спазьніўся на рэйсавы аўтобус, дабіраўся спадарожнымі, і надвячоркам зь лёгкім партфэлем у руках кіраваў на сваю прыгарадную вуліцу. I тады ён убачыў жонку, якая неяк хуценька гаманіла з маладым чалавекам у блакітнай тэнісцы, усё азіраючыся па баках. Было гэта за якіх два кварталы, на скрыжаваньні дзьвюх вуліц, ля водаразборнай калёнкі. Леакадзія змалку была блізарукай, але акуляраў тады не насіла, і ня згледзела, як ён да іх набліжаўся. Пагаманіўшы трохі, яны хуценька разышліся — жонка, азірнуўшыся, павярнула за вугал на сваю вуліцу, а той, у тэнісцы, — у іншы яе канец, кірункам да цэнтру. Скварыш нетаропка дайшоў да калёнкі, жонкі ўжо ня стала відаць, а той яшчэ крочыў здаля, за які квартал ад яго. Непрыемна ўражаны, Скварыш павярнуў не за жонкай, а ў другі бок, за тым незнаёмым. Ён так ішоў за ім на некаторай адлегласьці, не набліжаючыся і не адстаючы. Бліжэй да цэнтру незнаёмец зайшоў у гастраном, купіў пачак цыгарэт, пасьля нядоўга тэлефанаваў з вулічнага аўтамату. У Скварыша было адно падозраньне, яно вяло яго з пэўнай настойлівасьцю і ўрэшце прывяло менавіта туды, куды ён і думаў. I дужа баяўся. То быў бакавы ўваход у будынак КГБ — непрыкметныя дзьверы бяз шыльды і вартавога. Чалавек у тэнісцы каротка зіркнуў у адзін бок, у другі — і зьнік за дзьвярыма. Скварыш няхутка дабрыў дадому. Жонка паставілася да яго, як звычайна, ён ні пра што ў яе не пытаўся, чакаў, што сама скажа пра сваё спатканьне ля водаразборнай калёнкі. Але не сказала. А неяк ужо напачатку восені, як ён вяртаўся зь ёй пасьля дзённага сэансу ў кіно, насустрач трапіў малады хлопец, і ў той самай тэнісцы. Толькі цяпер на ім быў надзеты пінжак. I жонка, як заўважыў Скварыш, каротка кіўнула яму, як знаёмаму. “Хто гэта?” — трохі пагадзя запытаўся Скварыш. “Ды так, — сказала жонка, — настаўнік адзін”. “Нішто сабе, — падумаў Скварыш, — настаўнік, а бегае ў КГБ”. Але тады ён змоўчаў і болей размовы з жонкай пра таго чалавека ў іх не было. Засталося толькі пытаньне, адказу на якое да канца сваіх дзён будзе баяцца Скварыш. Дык, можа, яно й лепш, калі цяпер ён адзін, і ягоным турботам ня будзе сьведак. Усё сам-насам.
Са страхам і агідай ён перачытаў свае дзьве старонкі паганага тэксту-даносу. Менавіта даносу, бо як жа яшчэ можна было іх назваць, — тое Скварыш разумеў выдатна. Ён нічога там не прыдумаў, нічога не дадаў да таго, што гаварыў Красьнянскі, усё выклаў так, як яно й было. Праўдзівы быў да канца. Але чаго вартая тая яго праўдзівасьць, якой была ёй цана? Можа, парваць, спаліць і нікуды не хадзіць, — у каторы раз прыйшла няпэўная думка-намер. Але што будзе тады? Выкінулі з партыі, выкінуць з працы, адбяруць дыплёмы. Што адбяруць дыплёмы і званьні, то пэўна. Адабралі ж кандыдацкі дыплём у дацэнта Шавякова — за перараджэньне. У дысэртацыі абгрунтоўваў выгоды калектывізацыі, а пасьля ў лекцыях выказаў сумненьне наконт тых выгодаў. Далі дыхту дацэнту — не перараджайся! Не разумней. Заставайся ў жыцьці пнём і калодай — без вачэй і вушэй, тады будзеш адпавядаць усім навуковым званьням. Добра, Шавякоў меў гадоў трыццаць ад роду, быў хлопец дужы, мог працаваць грузчыкам на агароднінавай базе. А дзе будзе працаваць ён? Што ён умее, апроч як пераказаць устаноўкі марксізму-ленінізму, якому ён даўно і пераканана ня верыць. Але што рабіць, мусіш. Вучыць студэнтаў, прымаць экзамэны, несьці заведамую лухту, бо яна корміць, дае хлеба і да хлеба. I ўсё было добра, пакуль маўчаў, пакуль нічога — нікому, апроч таго афіцыйнага, праверанага і зацьверджанага, што ўжо амаль бяздумна і мэханічна балбатаў на лекцыях. А тут во не стрываў, вымавіў усяго дзьве-тры фразы на цёмнай вуліцы блізкім сябрам. I ўся яго шматгадовая ранейшая стараннасьць абрынулася ў тартарары. Калі гэта сапраўды правакацыя, наладжаная органамі праз асьпіранта Красьнянскага, іхны яму экзамэн, дык тыя дзьве старонкі памогуць. Павінны памагчы. Усё ж яны засьведчаць, што ён чалавек адкрыты, і ні ад партыі, ні ад КГБ нічога ня ўтойвае. Ну там нешта сказаў, можа, не зусім цьвярозы, можа, яго трохі перакруцілі, утрыравалі. Але ён не раззлаваўся на даносчыкаў і цяпер раскайваецца. Можа, выключэньне заменяць на “страгача”. “Страгач” — не сухоты, год паносіць, і здымуць. I зноў усё пойдзе, як ішло дагэтуль. Ціха і спакойна. Добра ішло. Хіба што з гэтага моманту прафэсар будзе навучаны. Тады ўжо сапраўды да канца жыцьця нічога — нікому.
А калі не? Калі Красьнянскі зусім па ўласнай ахвоце? Па сваёй дурноце, нарэшце. Тады яго выкінуць з кандыдатаў, адбяруць унівэрсытэцкі дыплём, спляжаць кар'еру. А то й пасадзяць. Як тады яму, Скварышу, жыць? Што скажуць пра яго ў інстытуце? Як паглядзіць у ягоныя вочы дачка?
Дачка была, можа, найбольшым клопатам у ягоным жыцьці, большай праблемай, чым нават жонка. Ужо немалая, студэнтка, што вырасла на ягоных вачах і на ягоных руках, яна, тым ня менш, таіла ў сабе неразгаданую загадку: якая яна? Тое, што адбывалася ў грамадзкім жыцьці краіны, вядома, не магло не кранаць яе, выдатніцу-школьніцу, а затым студэнтку, але ён дагэтуль ні разу ня чуў ад яе ні слова ўхвалы, ні слова асуджэньня. Нават незадаволенасьці. Усе гэтыя рэабілітацыі, рэпрэсіі, барацьба з касмапалітамі і безыдэйнасьцю, нават распорваньне ці звужэньне штаноў у хлопцаў, лаянка еўтушэнкаўскай паэзіі зьнешне ніяк не выяўляліся ў ягонай Людкі. Прынамсі, дома, пры бацьках, яна была да таго нібы глухая. Аднойчы ён рэзка загаварыў зь ёй пра камсамол, знарок правакуючы яе на адказ, і дачка толькі зіркнула на яго страхавіта-зьдзіўленым позіркам і не сказала нічога. “Божа, падумаў ён, — і яна? Ці яна асьцерагаецца яго, бацьку, ці сама ўжо там? У іх на кручку ў свае дзевятнаццаць гадоў? Няўжо і цяпер, у эпоху разьвітога сацыялізму, нічога не зьмянілася ні ў грамадзтве, ні ў псыхалёгіі яго членаў? Ну добра, баяўся ён, але чаго ўжо баяцца ім?”
Мабыць, баяліся, бо жыў страх.
Ён зноў пачаў хадзіць паласатай дарожкай — да дзьвярэй і назад. Мінаў час, а нешта ні ў галаве, ні ў душы не праясьнівалася. Урэшце ўсё абарочвалася найбанальнейшай сытуацыяй — каму прападаць? Або яму, або Красьнянскаму. У такіх выпадках прэч адлятала мараль, спрацоўваў адно інстынкт, жывёльны эгаізм, як біялягічны сродак выжываньня. Ведама, гэта кепска, гэта непрыгожа, гэта амаральна. “Але рабі, што трэба, і хай будзе, што будзе”, — шматзначна вучыў некалі Талстой, гэты вялікі мараліст стагодзьдзя. Хоць добра было Талстому вучыць, у яго была Ясная Паляна. А што ёсьць у яго, прафэсара Скварыша? Апроч зарплаты ды гэтых во катухоў — кватэры?
Не, мусіць, праўда ўсё ж за Пратагорам зь ягонай высновай аб чалавеку як меры ўсіх рэчаў, менавіта чалавек заўжды вызначае, як яму жыць. Замест чалавека таго ня можа зрабіць ніхто — ні Бог, ні д'ябал, толькі ён сам. Кепска, аднак, што ён, Скварыш, не належаў да ліку людзей, якія свой выбар робяць рашуча і беспаваротна. Але чалавек, пастаўлены перад фактам неабходнасьці такога выбару, страчвае свабоду. Ён чалавек несвабодны. Свабодным жа ён робіцца тады, як зьнікае сытуацыя, што вымагае выбару.
Бяда яшчэ ў тым, што людзям занадта шмат трэба, мабыць, прыродай ім ня дадзена абмяжоўваць сябе, як дадзена жывёле. Яны Богам надзеленыя свабодай думкі, а ім яшчэ трэба і свабода слова, як некалі зьедліва заўважыў К'еркегор. Сапраўды, ці не занадта вялікая гэта раскоша ў таталітарным грамадзтве — свабода слова. Ва ўмовах дэмакратыі іншая справа. Там пра свабоду ня мараць, там ёю карыстаюцца гэтак натуральна, як дыхаюць паветрам. Тут жа нават памкненьне да яе — крамола, за якую непазьбежная расплата. Расплата ўсё тым жа — свабодай і лёсам. Д'ябальскае грамадзтва, д'ябальскі час! I калі ўсталявалася тое? Ці, можа, і не выводзілася? Можа, і праўда, што пагібель сучаснай культуры пачалася даўно. Ці ня ў ноч на 25 чэрвеня 1820 году, калі разумнік Гегель, гэты філёзаф таталітарызму, вырадзіў сваё знакамітае: усё рэальнае — разумнае. Унівэрсальнае апраўданьне тыраніі. Ня дзіва, што ягоны дэтэрмінізм аднолькава прыйшоўся даспадобы як ягоным землякам-фашыстам, так і расейскім камуністам. Зручная філязофія дваццатага стагодзьдзя... У санлявай сьвядомасьці Скварыша думкі ішлі чарадой, ня дужа лягічна чапляючыся адна за адну. Але з часоў Дэкарта вядома, што ў духоўным жыцьці разумныя думкі займаюць надта малое месца. Куды болей тых самых блытаных, санлявых і нелягічных, ад якіх мала сэнсу. Так, пустазельле, духоўная палова, асьцё, празь якое калі-нікалі, аднак, прарастае штосьці значнае і нават геніяльнае. Але калі няма страху. А можа, менавіта ў атмасфэры страху найболей напружана і працуе розум? Хаця б у пошуках выйсьця... Рэшту тае начы ён не хадзіў па кватэры, сядзеў у вяртлявым крэсьле за пісьмовым сталом, утаропіўшыся невідушчым позіркам у свае праклятыя радкі. Настольная лямпа ярка і звыкла асьвятляла кавалак заваленага паперамі стала, галава і твар Скварыша туліліся ў ценю. Так было зручна. Стома ад перажываньняў усё ж дапякла яго, ён стаміўся, але сон ня йшоў, і ён ня клаўся. Вялікія турботы прыгняталі яго — як зрабіць лепш? Каб без памылкі, ад якой не давялося б пасьля кусаць локці. Калі будзе позна. Але тая праклятая задачка, здаецца, увогуле ня мела рашэньня. Колькі над ёй ні біцца. Былі два варыянты, і абодва жахлівыя. Значыць... Значыць, марна было столькі ламаць галаву, думаць. Тым ня менш, думаў і ламаў галаву, — шукаў, перабіраў у паўсоннай сьвядомасьці магчымыя і немагчымыя, па сутнасьці, фантастычныя варыянты. I вельмі выразныя наступствы. Наступствы ўсе былі бязрадасна горкія і пачварныя. Ярка асьветленыя на стале старонкі ўсё болей рабіліся чымсь фантасмагарычным, прывідным, набывалі жахлівы зьмест, ён ужо баяўся да іх дакрануцца, каб не наклікаць новай бяды. Яны займалі ўсё большую ўладу над ім, ён апынуўся ў поўнай ад іх залежнасьці. Як было ад іх пазбавіцца? Мусіць, толькі адным спосабам — здаць туды, дзе была ў іх патрэба. I вызваліцца. Але тое ці не канчаткова заняволіць яго?.. Тое, што настаў ранак, ён адчуў па няпэўных гуках у суседняй кватэры, недзе ціхенька запяяў водаправод. Тады ён устаў, рассунуў шторы на шырокім вакне. Неба над дахамі ўжо на ўсю моц залівала сінеча сьвітанку, стала відней у кабінэце, і ён выключыў лямпу. Ісьці ў КГБ трэба было да дзевяці гадзін, каб не спаткацца з кім па дарозе, не тлумачыць нічога. Здаць, і — назад. Мабыць, там разьбяруцца, куды, каму. У які аддзел, якому маёру ці падпалкоўніку. Трэба думаць, гэта ў іх наладжана. Даносы не прападаюць. Ня тое што заявы ў гарвыканкаме.
Ён выйшаў у вітальню з рашучым намерам пайсьці, не адкладваючы, тым болей, што будынак КГБ быў няблізка. Пакуль дойдзе, настане ранак. Але калі паперы перадаваць празь дзяжурнага, мабыць, трэба канвэрт. Давялося вяртацца па канвэрт, на якім ён вывеў выразнымі літарамі: “КГБ БССР”. Заклейваць ня стаў, мусіць, так было лепей. А то падумаюць, што ў канвэрце плястыкавая бомба, і затрымаюць самога. Затрымлівацца там ён не хацеў нават на хвіліну. Ліфт незвычайна гулка грукацеў у ранішняй цішы пад'езда, пакуль ён спускаўся з паверху. Унізе ля доўгага шэрагу паштовых скрынак сутыкнуўся з суседам, адстаўніком-вайскоўцам. Той, у спартовых штанах і красоўках, мабыць, вяртаўся з ранішняй прабежкі і толькі зьдзіўлена акругліў вочы, пабачыўшы Скварыша. Скварыш нічога тлумачыць ня стаў, хутчэй сігануў ад парога да прыступак. Цяпер ён не хацеў бачыць нікога.
Спакваля прачынаўся горад, на пустых з ночы вуліцах усё большала таропкіх мінакоў. Бліжай да цэнтру, якраз на прыпынку, яго дагнаў першы тралейбус, і ён рухава ўскочыў у пусты прыбраны салён. Сядаць там ня стаў — як калісь у далёкім студэнцтве, прыткнуўся на задняй пляцоўцы і стаў пазіраць праз шкло. Нязвыкла было адчуваць сябе так, павернутым тварам назад. Але цяпер так было лепей.
З тралейбусу выйшаў за два кварталы ад знакамітага ў горадзе будынка, і тут рашучасьць пачала пакідаць яго. Чым бліжэй ён падыходзіў да бакавых дзьвярэй КГБ, тым рашучасьці заставалася ўсё меней. Ля дзьвярэй ён зусім замарудзіў крок, матавае шкло дзьвярных філёнак не давала згледзець, што там адбываецца. Але ён ведаў, што там стол і дзяжурны — неяк зімой зазірнуў выпадкам. Ля вушака на сьцяне чырванела невялічкая шыльда: “Прием посетителей круглосуточно”, яна абнадзейвала. Але менавіта ля самых дзьвярэй ён згубіў рэшту намеру і пратупаў міма. Дайшоў да рога будынка, завярнуў на іншую вуліцу і стаў. Што ўрэшце рабіць? Вельмі хацелася плюнуць на ўсё ды паехаць дадому. Можа, дапіць бутэльку і заваліцца на канапу. Хай яно ўсё гарыць ясным агнём...
Але, мабыць, гэта агнём не згарыць. Гэтае ўсё не гарыць у агні і ў вадзе ня тоне. Тое ён ведаў пэўна. Калі ён цяпер нешта ня вырашыць — рашуча і назаўжды — дык яго чакае незайздросная рэшта жыцьця. Значыць, хоча ці не, а трэба вяртацца.
I ён вярнуўся. Зноў нерашучым крокам наблізіўся да матавых філёнкавых дзьвярэй, на гэты раз трымаючыся бліжэй да гранітнага цокаля будынка. Каб не адступіць. Каб адступіць было неяк. I з ходу рвануў за доўгую адпаліраваную ручку дзьвярэй.
За сталом пры дзьвярах не было нікога, дзяжурны, — мардаты ўкормлены прапаршчык з партупэяй цераз плячо — апынуўся якраз насупраць — ад суму шпацыраваў па праходзе. Скварыш павітаўся. Той, здаецца, ні кроплі не зьдзівіўшыся раньняму наведніку, нават бы ўсьміхнуўся — маўляў, давай, заходзь. I Скварыш сунуў у ягоныя рукі канвэрт.
— Каму?
— Ды там разьбяруцца. Ад Скварыша.
— Гэта вы? Падпісана, да?
— Усё падпісана.
Каб разам спыніць тую размову, Скварыш, не разварочваючыся (бы надта сьпяшаў на працу, ці што), задам піхнуў дзьверы і апынуўся на вуліцы. Мляўкім крокам пайшоў па тратуары па-над самым бардзюрам, і жахлівая ява зробленага ўсё болей апаноўвала яго. Як жа так, навошта?.. А калі ён спудлаваў? Падставіў сумленнага чалавека? Што ж тады ён нарабіў?
Ды, мабыць, нарабіў...
На рагу будынка ён зноў спыніўся, паазіраўся на шкляныя дзьверы. Ну, што рабіць? Вярнуцца, узяць заяву назад? Але ці аддадуць назад? Мабыць, прапаршчык-дзяжурны ўжо рэгіструе яе ў якой тоўстай кнізе. А як зарэгіструе, дык ніякая сіла яе адтуль ня выпіша. Будзе захоўвацца вечна. Дзяржаўная тайна. Во — так!
Бедны, няшчасны асьпірант Красьнянскі.
Бедны, няшчасны прафэсар Скварыш...