Макатразмы
Макацёр Сідар
Гасцёўня
Блізкасць высокага
Я сёння цар зямлі,
Я сёння з Богам роўны
Алесь Барскі
Мне напляваць на вас,
Да ідалаў чужых
Вашы малітвы!
Прыйшоў мой час —
І я стаў смелы,
І Аляксандраў меч
Наточаны да бітвы.
Свеце, замры!
Я сёння цар твой,
І як належыць — белы,
А гэта значыць — я святы,
І першы з першых на зямлі.
Звіні мой меч —
Мая надзея.
Узмах! —
І ворагам капцы.
Лясь-лясь! —
Забіў, каго пасеяў.
Што мне закон
І вашы догмы,
Калі я сёння стаў прарокам,
Калі я сёння з Богам роўны
І прэтэндэнт
На найвышэйшы чын
У аблоках.
Мікола-дзесяцкі
Мікалаю Гайдуку,
аўтару „Трызны”
Грамаду яцвягаў
за Сварожскім бродам
Мікола вітае
то мечам, то мёдам.
— Дзякуй табе, вою,
у час падняў трывогу,
полаўцы з-над Пульвы
ідуць на падмогу.
— У шчыліны цвердзі,
хто з мечам з’яднаны!
Сварожа! Сварожа!
Адвядзі паганых...
І стаялі насмерць
нарцы проці чэрні,
аж ізгон яцвяжы
пайшоў у свае верві.
Сварожа! Сварожа!
Прыўваж крамолу —
на трызну з сайгатам*
вярнуўся Мікола.
*Сайгат — трафеі.
Белая замова
іду белым горадам
Міра Лукша
У сукенцы белай
іду белым горадам
белыя крылы
на белай спіне
крылы мах-мах
сукенка трах
белыя пёркі
акрылі мяне
белгорад
у сонцы белым
рагоча
белыя словы
як белы зман
белую карту цела
ласкочуць
над белым сэнсам
белы туман
белыя ногі
белая кветка
белыя лёзы
з белым бінтом
на белы лес
белыя слёзы
на белы лёс
белы дом.
Ваяр Вася
Васілю Петручуку,
аўтару „Пожні”
Выйшаў ён на пожню,
Дзынкнуў медалямі
І прысеў, здарожаны,
На таемны камень.
Уваскрэслі героі,
Сумная кагорта.
— Ты нас, Вася, згноіў!
На якога чорта?
Ваяр усміхнуўся
Сваім думкам горка,
Аж пачырванелі
На пагонах зоркі.
Нашчадкам
Зашнурую свае вусны,
Замарожу сваё сэрца...
Віктар Стахвюк
Наўздзіў лоўкі. У час гнусны
Зашнураваў свае вусны.
І падсыпаў яшчэ перцу —
У халадзільнік здаўшы сэрца.
Іяан Чашнік
Яну Чыквіну,
аўтару „Кругавой чары”
Мне ўсё здаецца, што вось-вось
зыду з высокіх я нябёс,
ачышчу одапісцаў род
і новы дух спашлю ў народ.
Іду да вас я на ўспамін
з прычаснай чараю. Амін.
Блуканне па пакутах
Дзмітрыю Шатыловічу,
мемуарысту
І зноў я ў сяле родным.
Іду, як туз, сяродкам;
Ківок высакародны
Калгасным шлю сіроткам.
Не ў крыўдзе я на вас
(Ні ў сне, ні на яву),
А вы мяне ў свой час
Саслалі на Няву.
І тэрмін далі вы ж:
Пяць год — „ніверсіцет”.
Кляймо не ваша ці ж
Чырвоны партбілет?
Паверце, не кляну
Я нават той рэжым,
Што, учуўшы сатану,
Піхнуў мяне ў Рым.
Між Сцылай і Харыбдай
Каварнае ўлады
Караблікам прывідным
Праплыў я ў Эладу.
Палілі мяне сонцам,
І люты Бармалей
У кволай пласкадонцы
Пусціў на здзек у Бамбей.
Хоць цяжка йшла навука
І муляла казна,
Ў блуканні па пакутах
Я сэнс быцця спазнаў.
Віця Пуцяводны
Віктару Шведу,
заваёўніку „Зоркі”
Сніўся Віці дзіўны сон,
Быццам к зоркам ляціць ён.
Падрос, пастараўся,
На „Зорку” ўзабраўся.
— Запаветны быў той сон! —
Віця мне ва ўнісон.
— А раскіс. Распусціў нюні...
Адгадай лепей, Віцюня,
Нашто людзям дадзен нос?
— Чхаць на лёс.
— Малайчына!
Зух-хлапчына.
Сакрат Яновіч
(тут усё)
Рэліктавы
Сёрбаючы „Крынку”
На манкурцкім рынку,
Стаў да чэрні задам,
Паплёўвае ядам.
Збранзавелы
Прылёг на „Загоны”,
„Дзённікі” гартае —
Многапуддзе
дум ягоных
бронзаю картавіць.
Гегельянец
У трыяду Гегеля ўвайшоў Сакрат —
Наш пракурор, суддзя і кат.
З судовых аналаў
Прысуд на невука-стырновіча:
Мера вышэйшая — „Сцяна” Яновіча.