Макатразмы

Макацёр Сідар


Цераспалосіца

Усведамленне
У светлы шлях, надзейны бераг
Ракі няспыннай прагна верыў.
А гэта быў духоўны нерат —
Жыццё аддадзена хімерам.

Лінія
— Левай! Левай! —
Бухалі бубны.
А завароты кідалі ўправа.
Так пракладалі
Шлях адзіна правільны
Золатасярэдзінныя
Будні.

Па дыямату
Канула ў Лету Парпія.
Па дыямату скок-прагрэс.
— Вядучаю сілаю буду я! —
Сказала пані Эс.

Час
Падключаны
да зманлівай сістэмы —
цяпер бязгрэшны, без віны —
на непакорных
кідаў анафемы
і правіў баль
у самога сатаны.

Повязь вякоў
— З адной ракі
цякуць вякі.
— А толк які?

Венцаносец
Быў пад вянцом —
Хадзіў тарцом.
Прапаў вянец —
Апаў тарэц.

Гоншчык
Каціўся да фінішу паўснам уздагон.
На душы былі слёзы і была кроў.
Матляў галавою прыблудны гном.
Ад славы да ганьбы — адзін крок.

Іронія лёсу
Шчалкапёры гулі роем:
— Быць яму вякоў героем!
Звычную пакінуў базу,
Які жах: герой наш — блазан.

Вяшчун
Праніклівы,
таемнымі наказамі
нагружаны,
а сеў у лужыну.

Дыялог
Паміж ідучымі на дно:
— А дзе сірэны?
— Не відно.

Напрамак
— Яшчэ нам далёка ісці.
— А куды?
— Кудысьці.

Заўсёды наперадзе
Літгільдыі перадавая дама
Герояў неба славіла і БАМа.
Ды з гулам часу памяняла крэн:
Прыціснуў даму бізнесмен.

Рынак
— Шокатэрапія? Для дужых.
Рынак шалее бравадай.
— Што ж для мяне, мой дружа?
— Тавар дэфіцытны — спагада.

Еўрапеец
Зайшоў у краму ўжываных рэчаў.
Бы ў казку чароўную ўтопаў.
Купіў штаны (з Ганса),
(з Джэймса) пару фрэнчаў,
паўтузіна кашуль (з Морыса).
Еўропа!

Гібельная звычка
Мы ўсё ахвотна бэсцім
І страхі наганяем, —
І ўжо старое шэсце
Явіцца новым раем.

Амок
Цёмныя сілы лунаюць над намі —
Здрада і мафія, змова, „Art-B”;
Усе з расчаперанымі посткіпцюрамі,
І кожнаму прыхадню лобам бі.

Змаганцы
Калапс! Хана! Даем дзёру! —
Б’юць трывогу марадзёры.
Тут і нашы вешчуны
Рэдкім робяць у штаны.

Гнуткі
Яго ляпілі абставіны,
З торнай не збіўся сцежкі,
І на дыбкі пастаўлены —
Прэстыжныя браў прамежкі.

Рысачок
Скакаў Яська ветрагонны
Па гісторыі крутых зломах.
Нёс надзею, будзіў сонных —
Здабыў тытул ашалома.

Ідэя і рэальнасць
Чалавек —
тварэння вянец?
Каб!
Як ні вярці твор,
як ні круці —
Раб.

Homo sapiens
Гучыць горда! Знаток зоркі
З малпай голай вадзіў рэй.
Ну й лізун ты, дзядзька Горкі,
Ну й манюка, карыфей!
Горды Гук толькі і знаў,
Колькі здужаў — рабаваў.

Устойлівы
Не зважаў на гаману:
— Усіх самну.
Наконт рабунку
Меў сваю думку:
— Калі для мяне —
Канец гамане.

Схамянуўся
Пасля арацыі
Палаў у гарачцы:
— Ну й маху даў:
Замала шэфа ўзвялічаў!

Гангрэнавы
Гнояць яго! — гудзе і гудзе
Недаўменнай грамадзе.
Абрыдла слухаць, бо не слабак,
Сам у гнаенні адменны мастак.

Ціхоня
Пакрыўджаны,
таіў гнеў.
Не кусаў сабе
локці.
Чакаў моманту —
умеў
мазануць дзёгцем.

Хват
Цёмначчу, гвалтам, без супыну
Браў, як малодку, уздым вяршынны.
Кажа, усеўшыся на Парнасе,
Што гвалт суцішыцца па часе.

Паўліны
Дайшлі да нас са словам новым
Апосталы перабудовы —
І мы ўподбежку за імі
Галёкаем на ўзор паўлінавы.

З вырачанымі вачыма
Навыдумлялі! Чорт ведае чаго.
Дух продкаў! Вечна адраджаецца...
Вымудры! Міф. Ні следу яго:
Усё цячэ, усё мяняецца.

Паразіты
На высокім і святым
Карчавалі свае гоні
І пускалі курадым
Уладары і ветрагоны.

Тры багатыры на раздарожжы
Адзін кіруе у сонечнае Нікуды, па інерцыі.
Другі ў Засень, папусціўшы лейцы.
Трэці то ў Засень, то ў Нікуды,
Паблытаў лейцы і хады.

Часовыя
У раскацістым віры
Раслі мыльныя пухіры.
Аж лопнулі ў час-пік.
З гучнай помпы — ціхі пшык.

Маладая Беларусь
Перамагаючы ў сабе трывогу,
З аглядкаю на сцюжы і вятры,
Намацвае сваю дарогу.
— Жыве! — крычыць да хрыпаты.

Ля парожняга пастамента
Хто арла, а хто хабэту
Цягне на пустамант гэты.
Адумайцеся! Сімвал наскі —
Пальцам пханыя каўбаскі.
Галасуем! Не маню.
Хто за свінню?

Цёмнае насланне
Паддаўшыся ўплыву застойнай фрустрацыі,
Мы ўсё разважаем аб гібелі нацыі.
Ужо блізка да тога прывіднага глуму
Сярод гаманкога гарадскога тлуму.

Пераможцы
Напіналі бацькі жылы —
У ладкі білі, не тужылі.
Выцягнулі бацькі ногі —
У ладкі б’юць ад перамогі.

Пратэст
Прыйшлі дашкольнікі,
прыйшла эліта
дзіцячага дома.
У руках плакат:
„«Зорка» без гномаў!”

Пачынаецца на хэ...
Увагнаўшы бліжняга ў калапс,
Ханжа ўзбагачваў амплуа:
— Мой стары дружа,
Жыві, ды не тузай дужа.

Ратнік
Я не вінаваты,
Што жыву на раты.
Вінавата база —
Пустая, зараза.

Шчыры беларус
Манкуртам быў нявед чаму —
Ішоў крыжовым курсам;
Павесіў лапаць на сцяну —
Стаў шчырым беларусам.

Сябру
Вядзеш ты гутарку мядовую,
А я ў думках уюн’ю —
Якую новую, чарговую,
Падложыш хутка мне свінню.

Крот-Кратовіч
Крот-Кратовіч не астыне,
Ён работаю гарыць.
Пакуль ногі не адкіне,
Пад табою будзе рыць.

Магільшчык
У сакрэтнай гамане
Капаў яму для мяне.
Апусціў трухло на дно,
Бачыць: я і ён — адно.
Мацярыцца над капцом
Здань, налітая свінцом.

Безвыходнасць
Пытаўся ў волата слабак:
— Як адчапіцца ад сабак?
І мовіў волат слабаку:
— Я сам у сабачым тупіку.

Эйфарыйцы
І ўдзень, і ўначы
Таўкуць семя таўкачы.
А яно крычыць: — Ура!
Жыве наша Макатра!

Аракул
Суседскім бытам незямным,
Прароцтвамі заняты,
Ён на падворышчы сваім
Вырас на Герастрата.

Кемлівы
Лізнуўшы акраец даўніны,
Натужна, як той Сізіф,
Будуе падмурак вышынны
Пад собскі нязбыўны міф.

Вечны
Са старажытных Афін,
Улева і ўправа ад Грынвіча,
Пануе трыбунны Графін.
Слава табе! Графінічы.

Куды ні кінь, усюды клін
Усё жыццё адна мана,
Кругаварот надзеі страчаны.
А на развілку сатана
Хвастом матляе. Страшна.

П’едэстальскія
На адмаўленні ўсіх і ўся настоены,
Зняважваючы мёртвых і жывых,
На п’едэсталы рвуцца буяны,
І одапісцы векавечаць іх.

Птушка
Упадабаў паўлін nobliwy
Падцірацца зрэбнай „Нівай”.
Яркія запэцкаў пер’і
Больш кіпцямі, чым паперай.

Ушанаванне свінні
У свінні нораў, каб свінячыць.
І лыч, каб рыць, у яе борзды;
Таму хачу яе адзначыць:
— Дрот у ноздры!

Ніўцам
Незалежных хлопцаў з „Нівы”
Мірановіч разлянівіў.
А я труцень ці араты —
Мне самому цьмянавата.

Мроя белавежскага дацэнта
Дацэньваю я вашы звягі,
Усходнесценныя яцвягі.
У маёй мроі эка-прагрэс:
Зносім сцяну і садзім лес.
І завіруюць на вашым суме
Еўраазадкамі таўстасумы.

Ніхто не забыты
На курганах дрэмлюць вякі,
Сваю спынілі тут хаду.
Падыме вас, каб суд вяршыць
Ваяр карэнны М. Гайдук.

Меншае зло
— Не хачу, але мушу
Высцебаць тваю душу.
— А мне не спешна ў рай,
Грэшнае цела сцябай.

Спозненая выснова
Туды-сюды,
Пакуль малады.
Пройдуць гады —
Ні туды, ні сюды.

Знямога
Кліч да новых боек скрозь чую,
А я ў снах учарашніх начую.
Ногі ў здрадную вязнуць дрыгву,
На той бераг дайсці не магу.
Злая кошка сэрца скрабе:
— Усё дарма, не ўцячэш ад сябе.