Прасейванне імглы
Руско Барыс
Частка трэцяя
ІІІ
Няўлоўнае
Глухія дзверы
і сляпыя вокны,
і мост развадны застыў у паўдарозе,
а ў вушах хор царкоўны,
а на зрэнках пляма
а ў тозе імглістай Яно,
як павеў,
вышэй і вышэй,
і ўсё датыкаю,
і ўсё лаўлю,
і ўжо ў далонях,
ды не, няма...
як выбрык блазна ў вышыні.
З розумам
Ці лёгка адысці
ад сябе
і ад свету
і быць без сэрца
і без роспачы.
Ці лёгка пагасіць
агонь
і сонца,
і скінуць ношу
з плячэй
і думак.
Ці лёгка забіць дзверы
ў мінулае
і збудаваць сцяну
на жывым целе,
і крыж узнесці
па над усё.
Ці лёгка чалавекам быць
у віры зла
і бегчы з розумам
за гарызонтам.
Марш Мендэльсона
На парозе ў белым вэлюме
марш Мендэльсона.
А вэлюм з валакна імглы,
а твар, як кветка,
што заўтра згасне.
Благаславенне спее паволі
ў халодных далонях,
з акна хвілін сцякаюць ціха
слёзы маці.
Напамін
Не забівай незакончаныя формы —
можаш забіць дабро.
Не забівай неаперанае птушаня —
можаш забіць арла.
Не забівай невыказанае слова —
можаш забіць непаўторнасць.
Не забівай людскія ўваходы ў сябе —
можаш забіць хвіліну радасці.
Не забівай пчалу, што збірае нектар —
можаш забіць насалоддзе зямлі.
Не забівай, бо можаш забіць самога
сябе.
Непаслухмянасць
Гавару,
а ўсё маўчыць,
як маўчаць думкі
непачатыя.
Прашу,
а ўсё глухое,
як глухая ноч
на краі свету.
Заву,
а дзверы зачынены,
і ўсё спіць,
як спіць розум
вычарпаны.
Крычу,
а крык мой нямы,
і ўсё паўзе ў свае бакі.
Адчыненыя дзверы
Прыходзяць,
а дзверы адчынены.
Малююць твары,
і карціны,
цела наколваюць
і пішуць вершы,
лічаць на костачках
і ў памяці,
голыя
і ў рукавічках,
а святыня поўная
і пустая,
а дарога простая
і вітая,
а думкі белыя
і чорныя,
і кроўю мыецца
закон
і беззаконне.
Адыходзяць,
а дзверы адчынены.
Фатаграфія
Застылы свет.
Вокаімгненная жывая хвіліна.
Час-віхар, як уздыблены конь, замятае ўсё.
На паперы цень праўды неацэннай.
Гэта я паўвеку назад.
Не веру. Не веру, што я калі-небудзь быў дзіцём.
Не веру, што жылі Тыя,
што ўсміхаюцца цяпер на фатаграфіі.
Не стукай
Не стукай у іржавую браму.
Ніхто не жыве там.
Ніхто.
Цені даўно спаўзлі з касцей.
Нават павуцінне палопала ў швах.
Толькі кагорта пацукоў згаладалых
Вышчэрвае вочы да кускоў падла.
Не стукай!
Пачакай новых парасткаў —
Тлеюць пад дном звалкі.
Прамінанне
На згорбленых плечах ліст кляновы
вясёлкай слязіцца.
Да мінулай вясны з восені не вернешся.
Да мінулай вясны,
да галінак гнуткіх,
да братоў зялёных
з восені не вернешся.
На згорбленых плечах ліст кляновы
вясёлкай слязіцца.
Да мінулай вясны з восені не вернешся.
Да мінулай вясны,
да голага шэпту,
да ўсмешак цёплых
з восені не вернешся.
На згорбленых плечах ліст кляновы
вясёлкай слязіцца.
Да мінулай вясны з восені
не вернешся.
На Вуліцы
Калі завірухай шуму
завеяна Вуліца,
хаваюся ў палатку слоў
сабраных у пушчы.
І пахам соснаў трапеча Вуліца,
і беллю бяроз,
ялінай хмарыцца
і вербамі ніцымі.
І я ў абдымках дуба
на прыпынку аўтобусным.
І нам па дарозе.
Пачатак
Нічога не знайду ў загубе.
Уцякае ўсё,
нават цвердзь пад нагамі.
Свае кіпцюры нясуць да кармушкі.
Разумнік-месяц падказвае нешта,
а вочы ў нераце цемрадным вязнуць.
— Будзь жа сабою, — усё паўтараю, —
хоць падкалоднаю змяёю,
калодай хоць
у халодным ложы,
хвілінным ложам хоць...
З чагосьці пачынаецца пачатак.
Між комінамі
Чаму ў гэтым месцы
столькі суму —
вочы,
як макавае зерне,
згубіліся ў атрутным
пустазеллі.
А на карцінах
высахлыя твары,
сухотныя думкі
блукаюць у рамках,
плывуць ракою
ўверх брухам рыбы,
на небе не аблокі —
турэмная крата
лунае ў клубах дыму.
А варвар добры
расці дазволіў
плакучай іве.
Шрамы
Па шрамах
дабяжыш
да вяршка бізуна
і ўбачыш
акрываўленыя плечы,
і енк пачуеш
расцятых вуснаў,
і дзікасць ката труслівага
прыкмеціш,
і дабрадушнасць
распарадчыка,
што чорным
атрамантам
піша
прысуд чырвоны.
Гнуткая дуга
Гнуткая дуга — жыццё.
Нібы вясёлка,
узнімаецца і падае
між полем і лесам.
А па той бок люстра
плечы.
Якія мае?
Так многа люстраў
у зрэнках лёсу?
Від з турыстычнай базы
Здалёку лепей відаць
смутак чакання,
бірузу пацалунка,
неабдымнасць прысутнасці,
пагоню ўцёкаў.
І лепей відаць форму ўладання
і матыў страты,
і перавернутую піраміду магчымасці,
і смех з немачы паўтарэння.
І відаць роспач над прорвай
з падсцілу год
і рыкшу, што вязе данікуль
самога сябе,
і сцяну, што адгароджвае ўсіх і ўсё,
і душу, што жабруе
цукерка жыцця.
Зблізу лепей відаць даму,
што ўцякае —
у мяккай сукенцы,
у пальчатках да локцяў,
босую ў разгубленасці.
У досвітак
Будзь блізкі мне,
як воблака небу,
як крыло птушкам,
як слова мове.
Будзь блізкі мне,
бо ў западні голай
нават скала
крышыцца ўшчэнт.
Будзь блізкі мне, свеце —
згорнуты бутоне вясны.