Смак жыцця
Вершы, апавяданні
Анішэўская Алена
wiersze białoruskie — беларускія вершы
Надзея
Дождж заліваў
палеткі і сады,
патрэсканымі вуснамі
зямля глытала воды.
А на галінцы калыхаўся
мокры шпак,
цярпліва ён
чакаў пагоды.
Ну, як жа тут
пароўну шчасцем абдзяліць?
Не цяжка ў гэтым
нават Небу памыліцца —
калі адны хацелі б ваду піць —
другім гарачы прамень
сонца сніцца.
Аднак жа ўсё мінае на зямлі,
і кожнай з’яве
час назначыў хтосьці.
Няхай жа не сумуе
мокры шпак —
і да яго загляне
сонца ў госці.
Пакідаю гоман
Пакідаю гоман і шум,
канферэнцыі і сходы,
уцякаю ад гэтага я
на зялёнае ўлонне прыроды.
А прырода гэтай вясной
бушуе як ніколі,
травы ў пояс узраслі,
зашумела ўсё ў наваколлі.
Дзень, мо два па палях пахаджу,
дакрануся рукамі да жыта
і бярозе свой сум раскажу
і вярнуся з душою разбітай.
Канферэнцыі, гоман і шум,
многа слоў, што мяне не кранаюць.
Целам тут неабходна мне быць,
а душою ў палі я ўцякаю.
Бяссонне
Восенню ранняй бываюць
крыштальныя дзіўныя ночы,
па дню працавітым лягаеш,
не спіцца — не плюшчацца вочы.
Па небе коціцца месяц
даспелым такім памідорам,
на сценцы ў пакоі павесіў
сатканыя срэбрам узоры.
Далёка мой горад сягоння,
аб ім не сумую — ані,
у сонцам нагрэтых далонях
апошнія летнія дні.
А месяц праменні цярушыць
на белую просціны гладзь
і падаюць спелыя грушы —
ці ж можна ў такую ноч спаць?
Закаханы месяц
Ледзь-ледзь прыкметны
месяц-маладзік
гуляе з хмаркай сінявокай,
то выплыве паверх яе,
то адвярнецца круглым бокам.
Здалёк ёй заглядае ў вочы,
кліча на млечную дарогу.
Яна ману яго прарочыць —
чуе няўмольную трывогу.
І мілы ёй яго залёты
ліпнёвай ночкай неглыбокай,
яна какетлівая надта,
з яго не зводзіць свайго зроку.
І будуць так ганяцца шпарка,
пакуль не разлучыць сонца іх
і сорам заружовіць хмарку
і знікне дзесь вясёлы маладзік.
*
І хто ж гэтак нізка павесіў
Месяц над стрэхаю хаты?..
Шэпчуцца лісці таполі:
— За комін чапіў ён, рагаты!
А ў хаце дзяўчыне не спіцца —
У садок адчыніла акно.
Усё сэрца чагосьці баіцца,
Кагосьці чакае яно.
Ёй шэпчуць старыя таполі:
— Чаму не кладзешся ты спаць?
Бач, месяц за комін схаваўся,
Мо ў хованкі хоча гуляць?
У садку
Яблыні...
Старыя яблыні, бы дзве сястры-старэчы.
Яны тут сведкі ўсіх падзей бацькоўскага двара.
Цвітуць ужо так скупа
і, дарэчы, суседзі кажуць:
— Зрэзаць іх пара.
І мне шкада іх, як расстацца з імі?
Яны як цёткі родныя, мяне вітаюць кожнаювясной.
Нашто пілою скарачаць жыццё ім?
— Канец ужо не за гарамі
іх...
і мой.
Вішня
Вішанька родная ў белым адзенні,
Маладухай сёння стала ты,
Пчолкі-дружкі наўкола танцуюць;
Забучэлі нат два чмялі.
Бачу, вяселле гучна спраўляеш —
Ветрык йграе вясельны марш;
Неўзабаве ужо й зацяжарыш,
У добры час, у добры час!
Летняй раніцай нальюцца
Спелай чырванню твае плады.
З жоўтым гліняным збанам
Прыйду да цябе тады.
Вясеннія роздумы
Было калісь —
І ўжо не вернецца...
А вецер гоніць цёплую вясну,
Няўжо ўсё роўна, дзе ўкарэнішся,
Усё роўна, дзе жыву я, дзе памру?
А мо не так...
Ці тою ж я дарогай
Пайшла шукаць жыццё-быццё?
Свайго я раздала даволі многа —
Узамен хацела шчырасць-ласку ўзяць —
Бы неразумнае дзіцё.
Таго не раздаюць
ў наш век імклівы.
Разумныя грабуць усё —
шчаслівыя,
Калі накопяць
Паверх сябе.
Няхай і так —
Ім не адчуць,
Што ўжо вясняны вецер
Прынёс з палёў сырое пах
зямлі
І дзесь ў далёкай вёсцы дзеці
Па лужынах пускаюць
лодкі-караблі.
Над Нараўкаю лотаць зацвіла
Так жоўта-жоўта —
Хоць ты з яе яешні напячы.
Мне не ўсё роўна, дзе жыву я,
Дзе ў неабудны адыду спачын.
Люблю да болю…
Люблю да болю зелень маладую,
Ірдзенне жоўтых зорак у траве.
Ступнямі босымі ў зямлі ўбіраю сілу,
Хай жыватворна трункам бурліць у галаве.
Як кожнаю вясной, няведамая сіла
Мяне прагнала з гарадскіх палат,
Каб тут, у бацькоўскіх палетках,
душою адпачыла
І зразумела, што да шчасця трэба так няшмат.
Вось верабей спусціўся з неба,
Чырыканнем вясёлым вітаецца са мною,
У адказ частую яго крошкай хлеба,
Старыя яблыні паю сцюдзёнай вадою.
Сусед стары, бацькоў маіх равеснік,
Увайшоў у двор, у вокны заглядае:
— Ізноў прыехала, вось добра! —
І пра жыццё у горадзе пытае.
Няма ўжо бацькоў, але з пашанай
Стараюся захоўваць іх сляды.
Здаецца мне, што дзесь з за свету нават,
Яны ўсцерагуць нас ад бяды.
Люблю да болю зелень маладую,
Ірдзенне жоўтых кветак у траве,
Вясну на бацькаўшчыне ўсім сэрцам чую,
Здаецца — маладосць шуміць зноў у галаве.
Лета
Цвіце высокая тавула — лек на рэўматызм.
Бліжэй, на поплаве — крываўнік белы.
Авёс зялёны штосьці шапаціць
І цешыцца, што ўсё яшчэ няспелы.
Пакуль касілка ўкоціцца сюды,
Закопціць дымам на палетку,
Пацешыцца кароценькім жыццём
Паспее ўсё, што нарадзілася улетку:
— Зялёны конік — страказа,
Кузачка ў кропкі, жоўты матылёк,
Чарвяк у палоскі з рожкамі двума
І чмель, што ўбачыўшы мяне,
Ад сполаху замоўк.
А колькі красак у траве!
Назваць імёнаў іх, на жаль, не ўмею;
Ледзь вочы павярнула ўбок,
А там загоны жыта спеюць.
Зачараваная стаю і думка ў галаве —
Шкада, што хутка праміне ўсё гэта.
Нідзе так, як у полі і ў траве,
Не ўбачыш, як бушуе лета.
Развітанне з летам
Прыліпшы да акна ў вагоне,
Співаю зрокам сум палёў,
Лета ляжыць ужо ў адхоне.
Калі памерла? Хто ізноў
Паспеў нацешыцца ім ўдосталь,
Каму ласкавае было? Ах, лета!
Пачакай хвіліну —
Чаму так хутка працвіло!
Цягнік маланкаю імчыцца
— лета дагнаць? Магчыма толькі ў сне.
Цягнік жыцця, ты не спяшайся,
Нешта належыцца і мне!
Яшчэ чакаю прагна шчасця,
Яшчэ не выпіла да дна
Лёсам налітага мне ў чарку
Горка-салодкага віна.
*
Дазволь на хвіліну забыцца,
Што восень стаіць ля варот.
Няхай у галаве закружыцца
Ад патаемных пяшчот.
Хай разам сплятаюцца рукі,
Шуршыць пад нагамі лісцё;
Маўчанне маё ёсць парукай —
З табою пайду праз жыццё.
Восень хутка стране пазалоту,
Прыйдуць імглістыя дні —
Паселіцца ў сэрцы журбота,
Тады гэты дзень спамяні.
Пасля дажджу
Прайшоў вясновы дождж —
зямля сапрэла...
А на галінках бэзу
алмазная раса.
Ліловаю алеяю іду я
і дзякую Тварцу
— такая тут краса!
І хочацца спыніць хвілінку
і пядзяліцца з кімсьці блізкім
па душы
адною, мокраю, духмянаю галінкай —
побач мяне прайшоў
на жаль — чужы.
Прадвесне ’96
На поўнач адляцелі
чорныя вароны,
канец сакавіка — зіма за намі.
Па вуліцах сталіцы
працягваюць рукі
дзеці з бліскучымі вачамі.
А побач жабракоў і хворых,
што на лякарства міласціну просяць,
крычаць нахабныя рэкламы
і гандляры ліхі тавар разносяць.
На скрыжаванні у вядры зялёным
стаяць чырвоныя цюльпаны,
жанчына з тварам хваравітым
просціь: — Купіце, калі ласка, пані...
— Яны тут наляцелі як вароны! —
паказваючы жабракоў усклікнуў дабрадзей,
— але, вароны адляцелі —
а ім куды?
Бяду ў горадзе скрываць лягчэй.
Вяснянка
„Кросны даткала,
хату пабяліла,
вясну прыгукала,
па хвораст схадзіла”.
Так калісь спявала
песню-вяснянку
мая бабулька
— нібы калыханку.
Цяпер не трэба
па хвораст хадзіці,
няма тае хаты,
каб яе бяліці.
Непатрэбны кросны,
ужо не ткуць самі.
Усё, што ім патрэбна,
купляюць у краме.
Ужо ніхто не ставіць
жорнаў у сенях.
Дзе што асталося,
пазбіраў Майсеня.
Памяць аб народзе,
аб умовах быту,
у немых экспанатах
у музей закрыта.
Астры
Белыя, ружовыя, ліловыя
глядзелі сумна жоўтым вокам,
стаялі па калені у вадзе,
затоплены ў пластмасавым вядры глыбокім.
Відаць, што сёння ноччу толькі расцвілі
і марылі аб сонцы і пагодзе.
На досвітку сарваў іх хтось —
вось так сабе, збіраючы плады ў гародзе:
„Паміж галоў капусты і гуркоў
— цана на іх цяпер высока —
пойдуць і астры — грош ізноў,
прывабяць мо чыесьці вока...”
А мне шкада іх, у грудзях боль.
Чаму жылі яны так мала?
Яны ў вядры — бо ўсё таварам сёння стала...
Асенні трыпціх
Стала восень пад плотам,
Ногі падгаліла,
І кажа, што лета
Яшчэ не забыла.
Успомнілася промнем
Вераснёвага сонца
І бабіна лета
Запляло ваконца.
*
Грыбамі лес прапах —
Кастрычнік —
Яго пара з палітрай фарбаў
Лес абходзіць,
Дзе маляваць, дзе пахам зводзіць,
То напяваць асеннія напевы.
Як сумна мне, што гэтак мала
Узяла я ад вясны і лета,
Што мне было падаравана,
Мінула песняю прапетай.
*
Пакуль апошні ліст з бярозы
Сарве пануры лістапад,
Няхай не муцяць вачэй слёзы,
Вясна шчэ вернецца назад.
То нам з табою не вярнуцца
У май жыцця і белы сад,
Ідзем паспешна і трывожна
У наш жыццёвы лістапад.
Асенні сум
Сумуе асенні садок:
— так доўга чакаць вясны!
Галлё пад цяжарам пладоў
звісае да самай зямлі.
Стары гаспадар занямог
і яблык яму ўжо не ў смак.
Сабраць ураджаю не змог,
— асыплецца ўсенька і так.
А можа затужыць дачка
аб бацьку-старэчы сваім?
Прыедзе на дзень або два
і зробіць парадак ва ўсім.
І будуць чакаць вясны
садок і стары чалавек.
Сніцца ім будуць вясеннія сны
І так дажывуць разам век.